АДНАДВО́РЦЫ,

катэгорыя дзярж. сялян у Рас. імперыі. Складаліся ў 1-й чвэрці 18 ст. з патомкаў служылых людзей, паселеных царскім урадам у сувязі са стварэннем рэгулярнай арміі на паўд. і паўд.-ўсх. граніцах для іх аховы. Аднадворцы былі абкладзены падушным падаткам і 4-грыўневым аброкам. Пераважная большасць іх не валодала прыгоннымі, мела толькі ўласныя двары (магчыма, адсюль і назва аднадворцы).

На Беларусі аднадворцы ўтвораны на падставе закону ад 19.10.1831: дробная сельская шляхта была пераведзена ў аднадворцы з паліт. (за ўдзел у паўстанні 1830—31) і фіскальных меркаванняў. Былі асабіста вольныя; плацілі падатак, выконвалі рэкруцкую павіннасць на працягу 15 гадоў. Паводле ўказа ад 1.8.1857 аднадворцы на ўласнай і дзярж. зямлі аднесены да дзярж сялян, на панскай — да вольных людзей. Фактычна працягвалі існаваць як асобная група сельскага насельніцтва. У 1858 на Беларусі 44 810 аднадворцаў (1,6% сельскага насельніцтва). Пераважная большасць не мела сваёй зямлі. Па меры разбору шляхты колькасць іх расла: у 1867 у Мінскай, Магілёўскай, Віленскай і Гродзенскай губ. было 110 088 чал. Паводле закону ад 19.2.1868 аднадворцы пераведзены ў сельскія і гарадскія абшчыны, большасць іх злілася з сялянамі. Аднадворцы, якія жылі на панскай зямлі, не атрымалі права на яе выкуп, тыя, што жылі на дзярж., маглі выкупіць яе. Уласная зямля захавалася за аднадворцамі.

В.​П.​Панюціч.

т. 1, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́БАРЧАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць юрыд. нормаў, якія вызначаюць парадак выбараў кіраўніка дзяржавы і прадстаўнічых органаў дзярж. улады, а таксама права грамадзян выбіраць (актыўнае выбарчае права) і быць выбранымі (пасіўнае выбарчае права). З’яўляецца найважнейшай часткай выбарчай сістэмы і звычайна рэгламентуецца Канстытуцыяй дзяржавы і спец. законамі аб выбарах. Вызначае парадак вылучэння кандыдатаў, нормы прадстаўніцтва, парадак падвядзення вынікаў галасавання і інш. Выбары звычайна з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў іх і за каго галасаваць. У некаторых замежных краінах галасаванне на выбарах з’яўляецца грамадз. абавязкам, невыкананне якога цягне за сабой адказнасць (гл. Абсентэізм).

Крыніцамі выбарчага права Рэспублікі Беларусь акрамя Канстытуцыі з’яўляюцца законы аб выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у прадстаўнічыя органы розных узроўняў і інш. Забараняюцца якія-небудзь прамыя або ўскосныя абмежаванні выбарчага права грамадзян Беларусі ў залежнасці ад паходжання, сац. і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, полу, адукацыі, мовы, адносін да рэлігіі, часу пражывання ў дадзенай мясцовасці, роду і характару заняткаў. Асобы, якія перашкаджаюць грамадзянам свабодна ажыццяўляць выбарчае права, прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам. У выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, асобы, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. У галасаванні не прымаюць удзел таксама асобы, якія ў парадку, устаноўленым крымін.-працэсуальным заканадаўствам, утрымліваюцца пад вартай.

С.​У.​Скаруліс.

т. 4, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ДЗІ ВО́ЛЬНЫЯ,

катэгорыя сялян на Беларусі ў канцы 18—19 ст. Былі асабіста свабодныя, прававым і маёмасным становішчам набліжаліся да дзярж. сялян. За карыстанне зямлёй плацілі падушны аброк або адпрацоўвалі. Да сярэдзіны 19 ст. пераважная большасць Л.в. запрыгонена памешчыкамі. У 1840 тыя з іх, хто жыў на казённых землях, далучаны да абшчын дзярж. сялян, прыпісаныя да гарадоў увайшлі ў склад гар. абшчын. У 1858 на Беларусі налічвалася 14,6 тыс. душ Л.в. абодвух полаў. Напярэдадні сялянскай рэформы 1861 колькасць іх значна вырасла за кошт пераведзеных у гэту катэгорыю абеззямеленых панскіх сялян і склала на Беларусі і ў Літве каля 100 тыс. рэвізскіх душ. Паводле закона ад 25.7.1864 Л.в. 1-га разраду (пазбаўленыя зямлі памешчыкамі пасля выдання рэскрыпта Аляксандра II віленскаму ген.-губернатару У.​І.​Назімаву ад 20.11.1857) надзяляліся зямлёй з правам выкупу нароўні з панскімі сялянамі. Л.в. 2-га разраду (пазбаўленыя зямлі да гэтага тэрміну) на працягу 12 гадоў заставаліся арандатарамі з паніжэннем арэнднай платы на 10%. На пач. 1880-х г. на Беларусі і ў Літве іх было каля 87 тыс. рэвізскіх душ. У выніку барацьбы за зямлю Л.в. 2-га разраду згодна з законам ад 3.6.1882 атрымалі права яе выкупу ў Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губ. У Мінскай губ. пазямельнае ўладкаванне Л.в. было затрымана да 1903.

В.​П.​Панюціч.

т. 9, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЫНГТО́Н ((Washington) Джордж) (22.2.1732, Уэйкфілд, штат Віргінія, ЗША — 14.12.1799),

амерыканскі дзярж. і ваен. дзеяч; галоўнакаманд. амер. арміяй у Вайне за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83, першы прэзідэнт ЗША. З сям’і багатага плантатара-рабаўласніка. На пач. Сямігадовай вайны 1756—63 у званні палкоўніка камандаваў войскамі Віргініі. У 1759 выйшаў у адстаўку. Выбіраўся чл. 1-га і 2-га Кантынентальных кангрэсаў, выступаў супраць калан. палітыкі Англіі. 15.6.1775 прызначаны кангрэсам галоўнакаманд. узбр. сіламі ахопленых паўстаннем англ. калоній Паўн. Амерыкі. Паказаў сябе таленавітым палкаводцам і арганізатарам. Кангрэс неаднойчы даваў Вашынгтону шырокія, нават дыктатарскія паўнамоцтвы. У канцы вайны група афіцэраў арганізавала манархічную змову і прапанавала Вашынгтону карону, ён адмовіўся. У 1787 старшыня Канвента па выпрацоўцы канстытуцыі ЗША, якая з невял. змяненнямі дзейнічае і зараз. На аснове гэтай канстытуцыі Вашынгтон двойчы абраны прэзідэнтам ЗША (1789—97, адзіны ў ЗША прэзідэнт, які атрымаў галасы ўсіх выбаршчыкаў). У 1796 адмовіўся балаціравацца на прэзідэнцкі пост у трэці раз. Адзін з заснавальнікаў двухпартыйнай сістэмы ў ЗША. Прыхільнік паступовай адмены рабства. Паводле завяшчання Вашынгтона вызваляліся ўсе рабы, якія належалі яму асабіста. У знешняй палітыцы выступаў за захаванне ЗША нейтралітэту ў адносінах з еўрап. дзяржавамі. У гонар Вашынгтона названа сталіца ЗША — г. Вашынгтон.

Літ.:

Юзефович И.С. Джордж Вашингтон и борьба за независимость Америки. М., 1941;

Яковлев Н. Вашингтон. 2 изд. М., 1976.

Дж.Вашынгтон.

т. 4, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАВЫЗНА́ННЕ,

1) прыналежнасць да пэўнай рэлігіі; прызнанне асобай рэліг. вучэння якой-н. царквы. У краінах, дзе ажыццёўлена свабода сумлення, усім грамадзянам дадзена права свабодна выбіраць любое з веравызнанняў, арганізоўвацца ў рэліг. суполкі, выяўляць у набажэнствах і пропаведзях свае рэліг. перакананні. Рэліг. свабода, упершыню абвешчаная ў час Франц. рэвалюцыі 1789—99, з цягам часу пашырылася на інш. краіны. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожны грамадзянін мае «права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў».

2) Рэлігійнае аб’яднанне, якое мае сваё распрацаванае веравучэнне, культ і ўстойлівую арганізац. структуру. Падрабязна распрацаванае з дагматычнымі ўстанаўленнямі, выкладзенае ў спец. палажэннях веравучэнне наз. канфесіяй. У сучасным разуменні веравызнанне — прыналежнасць да пэўнай царквы ў веравучэнні і абраднасці. Звычайна тэрмін «веравызнанне» ўжываецца ў дачыненні да рэліг. кірункаў, якія маюць развітую багаслоўскую школу — хрысціянства, іудаізм, іслам, будызм. На Беларусі дзейнічаюць арг-цыі і абшчыны, вернікі якіх належаць да праваслаўнай, рымска-каталіцкай, грэка-каталіцкай, стараверскай, новаапостальскай цэркваў, евангельскіх хрысціян-баптыстаў, адвентыстаў сёмага дня, сведкаў Іеговы, іудзейскай, мусульманскай рэлігій і інш. Веравызнанні і іх дзейнасць ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законам Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях» (1992).

Ю.​В.​Бажэнаў, Г.​А.​Маслыка.

т. 4, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОБС ((Hobbes) Томас) (5.4.1588, г. Малмсберы, Вялікабрытанія — 14.12.1579 14.12.1679),

англійскі філосаф-матэрыяліст. Скончыўшы Оксфардскі ун-т (1608), працаваў гувернёрам у арыстакратычнай сям’і У.​Кавендыша (пазней герцага Дэваншырскага), з якой быў звязаны да канца жыцця. На фарміраванне светапогляду Гобса значна паўплывалі Ф.​Бэкан, Г.​Галілей, П.​Гасендзі, Р.​Дэкарт, з якімі ён быў асабіста знаёмы. Прырода ў вучэнні Гобса — сукупнасць аб’ектыўна існуючых фіз. цел, што розняцца велічынёй, фігурай, размяшчэннем у прасторы і рухам, які ўяўляецца як чыста мех. перамяшчэнне матэрыяльнага аб’екта і атаясамліваецца з усімі інш. формамі руху. Пачуццёвыя якасці ён разглядаў не як уласцівасці саміх рэчаў, а як формы іх успрымання. У сац. філасофіі зыходзіў з пастулата аб антыграмадскай, ці эгаістычнай, агрэсіўнай прыродзе чалавека. Таму ў грамадстве і дзяржаве Гобс бачыў перш за ўсё сродак пазнання прычын грамадз. войнаў і іх пераадолення, забеспячэння ўсеагульнага міру і бяспекі. Гобс абгрунтоўваў дагаворную тэорыю ўзнікнення дзяржавы з дадзярж. формаў існавання людзей, калі індывіды жылі раз’яднана ў стане пастаяннай «вайны ўсіх супраць усіх». У сваім этычным вучэнні развіваў ідэі пра супадзенне грамадз. абавязкаў і маральнага доўгу, прыродных законаў маралі і грамадз. дабрачыннасцей. Асн. працы: філас. трылогія «Асновы філасофіі» — «Пра грамадзяніна» (1642), «Пра цела» (1655), «Пра чалавека» (1658); «Левіяфан, або Матэрыя, форма і ўлада дзяржавы царкоўнай і грамадзянскай» (1651).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произведения. Т. 2. М., 1964.

В.​І.​Боўш.

Т.Гобс.

т. 5, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́РЫКАВІЧАЎ ЗНА́КІ,

асабіста-родавыя геральдычныя эмблемы князёў з роду Рурыкавічаў. Неслі функцыю гербаў, знакаў уласнасці. Вядомы з пач. 10 ст. У аснове мелі выяву двухзубца або трызубца, звычайна з дадатковымі элементамі, адгалінаваннямі, крыжыкамі і інш. Вял. князь кіеўскі Святаслаў Ігаравіч меў знак у выглядзе простага двухзубца, яго сын Уладзімір — трызубца, унук, тураўскі кн. Святаполк Яраполчыч — двухзубца з крыжам на левай мачце, Яраслаў Мудры — трызубца з кружком на сярэдняй мачце, полацкі кн. Ізяслаў Уладзіміравіч — трызубца з кружком на левай і крыжам на сярэдняй мачце. У далейшым Р.з. мелі шмат разнавіднасцей, большасць іх не атрыбутавана. Лічыцца, што знак сына меў у аснове знак бацькі з дадаткам або змяненнем пэўнага элемента. Р.з. змяшчаліся на стараж.-рус. манетах — златніках і срэбраніках, свінцовых пячатках, пярсцёнках-пячатках, зброі, злітках серабра, таварных пломбах. Р.з. мецілі сваю прадукцыю княжацкія рамеснікі. На Беларусі Р.з. вядомы ў 11—13 ст. на гаршках з многіх гарадоў, на рагавым кісцяні з Мінска, касцяной лыжачцы з гарадзішча Юравічы, на плінфе цэркваў Полацка, Гродна і інш. Мяркуецца, што ад Р.з. паходзіць герб «Калюмны» — адзін з дзярж. сімвалаў ВКЛ і некаторыя гербы княжацкіх і шляхецкіх родаў ВКЛ (Агінскіх, Пузынаў, Глінскіх і інш.).

Літ.:

Иоаннисян О.М. Родовые знаки древнерусских князей X—XIII вв.: (лит. и источники) // Геральдика. Л., 1983.

В.​С.​Пазднякоў.

Рурыкавічаў знакі. Генеалагічная табліца найбольш старажытных княжацкіх знакаў: 1 — Святаслава Ігаравіча, 2 — Уладзіміра Святаславіча, 3 — Святаполка Яраполчыча, 4 — Яраслава Уладзіміравіча, 5 — Ізяслава Уладзіміравіча.

т. 13, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАТО́НСКАГА КАМІ́СІЯ,

камісія, накіраваная ЦКК ВКЛ(б) для абследавання практыкі правядзення нац. палітыкі ў БССР. Знаходзілася ў Беларусі з 9.5 да 27.6.1929. Узначальваў старшыня ЦКК Кампартыі Украіны У.​П.​Затонскі. Зрабіла даклад, які ўключаў эканам. агляд, стан і перспектывы развіцця мястэчак, палітыка-асв. работу ў БССР, выдавецкую дзейнасць, пытанні беларусізацыі, стан прэсы, навук. думкі ў гуманітарнай галіне. Характарыстыкі камісіі вызначаліся катэгарычнасцю. Крытычна ацэньвалася «Гісторыя Беларусі» У.​М.​Ігнатоўскага за ідэалізацыю мінулага і папулярызацыю нашаніўскага адраджэння, навук. дзейнасць В.​Ю.​Ластоўскага, С.​М.​Некрашэвіча, Я.​Лёсіка, Б.​І.​Эпімах-Шыпілы і інш., выказаны крытычныя заўвагі ў адрас Я.​Купалы, А.​Дудара, М.​Зарэцкага. Пад жорсткую крытыку трапіў З.​Х.​Жылуновіч за грамадска-паліт. і эстэт. погляды, літ. практыку; негатыўна ацэнена і дзейнасць кіраўнікоў рэспублікі: старшыні ЦВК БССР А.​Р.​Чарвякова [за выступленне ў лют. 1920 на VII з’ездзе КП(б)Б у абарону нац. інтэлігенцыі], наркома асветы БССР А.​В.​Баліцкага (за правядзенне ў ліст. 1926 разам з Ігнатоўскім акад. канферэнцыі па бел. правапісе), наркома земляробства Дз.​Ф.​Прышчэпава і інш. Характарыстыка практыкі правядзення нац. палітыкі ў БССР увязвалася са станам сельскай гаспадаркі. Адзначалася, што кулацкае наступленне на ідэалаг. фронце Беларусі адчуваецца найб. моцна і змест яго прымае нац. формы. 27.6.1929 Затонскі выступіў на Бюро ЦК КП(б)Б з асн. вывадамі камісіі. Даклад быў накіраваны ў ЦК і ЦКК ВКП(б), у т. л. асабіста І.​В.​Сталіну. Вывады камісіі паслужылі важкай падставай для абвінавачванняў, якія былі прад’яўлены бел. навук. і творчай інтэлігенцыі ў канцы 1920-х г.

М.​П.​Касцюк.

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КАН (свецкае Мікіта Мінаў; 24.5.1605, с. Вельдэманава Перавозскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 27.8.1681),

царкоўна-палітычны дзеяч Расіі. У 1635 пастрыгся ў манахі ў Салавецкім манастыры, прыняў імя Н. З 1643 ігумен Кожазерскага манастыра. З 1646 архімандрыт Наваспаскага манастыра ў Маскве. У 1649 узначаліў Наўгародскую мітраполію. У час Наўгародскага паўстання 1650 падтрымаў цара. У 1652 абраны патрыярхам маскоўскім і ўсяе Русі. З 1653 пачаў царк. рэформу па выпраўленні богаслужэбных кніг на грэчаскі ўзор і ўстанаўленне аднастайнасці царк. службы. Змены тычыліся неістотных дэталяў богаслужэбнай практыкі: замест «Ісус» пачалі пісаць «Іісус», крыж клалі не 2, а 3 пальцамі, разам з 8-канцовым крыжам быў прызнаны і 4-канцовы і г.д. Рэформа выклікала абурэнне часткі духавенства на чале з Авакумам, Іванам Няронавым і інш., у царкве ўзнік раскол. Праціўнікі рэформы падлягалі жорсткім ганенням. Н. актыўна ўдзельнічаў у вырашэнні паліт. пытанняў: настойваў на прыняцці ў падданства Ўкраіны і вайне з Польшчай; дамогся, каб цар асабіста ўзначаліў армію, пачаў вайну супраць Швецыі. Ён імкнуўся выкарыстаць рэформу для ўзмацнення царк. арг-цыі і ўлады патрыярха, вызваліць царкву з-пад апекі свецкай улады. Гэта выклікала незадаволенасць цара Аляксея Міхайлавіча, і ў 1658 Н. выехаў у заснаваны ім Новаіерусалімскі Васкрасенскі манастыр у Падмаскоўі. Вял. царк. сабор 1666 пазбавіў Н. патрыяршай улады і саслаў у Ферапонтаў Белазерскі манастыр. У 1681 цар Фёдар Аляксеевіч дазволіў Н. вярнуцца ў Новаіерусалімскі манастыр, па дарозе Н. памёр і быў пахаваны як патрыярх.

Літ.:

Замалеев А.Ф., Овчинникова Е.А. Еретики и ортодоксы: Очерки древнерус. духовности. Л., 1991;

Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. М., 1991. Т. 2. С. 133—220.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯ́РЫ,

1) вышэйшы слой феад. грамадства ў Кіеўскай Русі, пазней — у Рускай дзяржаве. Былі васаламі князя, абавязанымі служыць у яго войску, маглі перайсці да другога князя. Мелі свае вотчыны і васалаў. У 17 ст. розніца паміж баярамі і дваранствам сцерлася.

2) Служылыя людзі ў Рус. дзяржаве, якія ўваходзілі ў Баярскую думу.

3) Ваенна-служылыя людзі ў ВКЛ. Паходзілі з баяр Полацкага, Тураўскага і Смаленскага княстваў, баяр і дружыннікаў вял. князёў літоўскіх. У 13—16 ст. большасць баяр атрымала саслоўныя прывілеі феадалаў. Частка з іх была прамежкавай групай паміж феадаламі і сялянамі. Пачынаючы з Гарадзельскага прывілея 1413, для абазначэння саслоўя феадалаў побач з тэрмінам «баяры» ў афіц. актах ужываўся тэрмін «баяры-шляхта» або шляхта. Большасць баяр былі васаламі гаспадара (вял. князя), частка — буйных феадалаў-князёў, паноў, буйных баяр. Значная колькасць баяр-шляхты мела па некалькі або зусім не мела феадальна-залежных сялян. Акрамя баяр-шляхты існавала значная група ваенна-служылых людзей, куды ўваходзілі не толькі нашчадкі дробных бел. і літ. баяр і дружыннікаў, але і прадстаўнікі вярхоў сялянства. Яны падзяляліся на баяр панцырных, путных баяр або проста баяр (часам іх звалі служкамі), слуг путных, слуг дамовых. Усе яны атрымлівалі надзелы зямлі пры ўмове нясення службы, гал. чынам вайсковай. Значная ч. баяр да канца 16 ст. аформілася як шляхецкае саслоўе. На Беларусі ад назвы сац. групы баяр замацаваліся тапонімы: Баяры, Малыя Баяры, Баяры Дзікушкаўскія і тыпу Баяркі, Баярск.

4) Катэгорыя сялян у ВКЛ у 2-й пал. 17—18 ст. За надзел выконвалі павіннасці, плацілі чынш. Не былі асабіста свабодныя, не служылі ў апалчэнні і, па сутнасці, з’яўляліся прыгоннымі. Да канца 18 ст. многія баяры пераведзены на становішча чыншавых і нават цяглых сялян.

5) У Румыніі — феадалы і памешчыкі. Як клас ліквідаваны паводле закону аб аграрнай рэформе 20.3.1945.

т. 2, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)