КАНТЭМІ́РАЎ (Ірбек Алібекавіч) (н. 2.6.1928),

расійскі цыркавы артыст. Нар. арт. Расіі (1980), нар. арт. СССР (1989). Майстар спорту, чэмпіён СССР па конным спорце (1948—52). У цырку з 1936. Коннік-джыгіт. З 1972 кіраўнік нумара «Джыгіты Асеціі Алі-Бек». Дзярж. прэмія Паўн. Асеціі 1981.

т. 8, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ВІЧ (Генадзь Уладзіміравіч) (н. 6.6.1926, в. Дусаеўшчына Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (1971). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.​І.​Глінкі (1967). З 1952 у Дзярж. нар. хоры Беларусі. У 1954—95 артыст хору Нац. акад. т-ра оперы Беларусі.

т. 13, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЗЬКО́ (Дзмітрый Васілевіч) (11.2.1920, г. Петрыкаў Гомельскай вобл. —20.12.1998),

бел. цымбаліст. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.​Глінкі (1955). У 1937—84 артыст Дзярж. нар. аркестра Беларусі, адначасова ў 1955—72 выкладчык і дырыжор дзіцячага аркестра нар. інструментаў Мінскай дзіцячай муз. школы №2.

т. 13, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Герман Віктаравіч) (н. 2.3.1946, г. Падольск Маскоўскай вобл.),

бел. артыст аперэты. Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыў Маскоўскае муз. вучылішча імя Гнесіных (1973). З 1973 артыст Растоўскага дзярж. т-ра муз. камедыі, з 1978 саліст Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Яго творчасці ўласцівы прыродныя артыстызм і пластычнасць, акцёрская інтуіцыя і тонкі густ, пачуццё гумару. Сярод роляў у спектаклях бел. кампазітараў: Шкаляр і Нямецкі камендант («Несцерка» і «Судны час» Р.​Суруса), Элестэр («Мільянерка» Я.​Глебава), Андрэй («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані), Суддзя («Калі заспявае певень» А.​Чыркуна), Майкл («Джулія» У.​Кандрусевіча); з інш. роляў: Боні, Зупан («Сільва», «Марыца» І.​Кальмана), Іпаліт («Фраскіта» Ф.​Легара), Фальк («Лятучая мыш» І.​Штрауса), Аякс («Цудоўная Алена» Ж.​Афенбаха), Сёмка («Бабскі бунт» Я.​Пцічкіна), Гары («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу), Алег Баян («Клоп» У.​Дашкевіча), Чараўнік («Чараўнік» Д.​Рансуінка).

А.​Я.​Ракава.

т. 7, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ВІЧ (Яўген Мікалаевіч) (н. 28.3.1940, г.п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. артыст балета, педагог. Засл. артыст Беларусі (1970). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1959), Мінскі ін-т культуры (1980). У 1959—79 саліст, з 1981 рэжысёр оперы Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1984 выкладчык Бел. акадэміі музыкі (з 1995 дацэнт). Танцу П. былі ўласцівы строгае следаванне патрабаванням класічнай формы, мяккая лірычная манера. Сярод лепшых партый: Альберт («Жызэль» А.​Адана), Зігфрыд, Дэзірэ і Блакітная птушка («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Рамэо, Прынц («Рамэо і Джульета», «Золушка» С.​Пракоф’ева), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Гармодый («Спартак» А.​Хачатурана). У опернай студыі Акадэміі музыкі паставіў оперы «Алеся» Я.​Цікоцкага, «Сельскі гонар» П.​Масканьі, «Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ і інш., кампазіцыю «Мая Кармэн» па оперы «Кармэн» Бізэ.

А.​І.​Калядэнка.

т. 12, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРМАЛА́ЕЎ (Юрый Міхайлавіч) (н. 7.6.1932, Масква),

артыст цырка. Нар. арт. СССР (1989). У цырку з 1944. З 1949 дрэсіроўшчык коней і наезнік. У 1960—75 выступаў з Л.​Котавай. Выконвалі конна-балетную сюіту «Штраусіяна», сюжэтную кампазіцыю «Руская бярозка». З 1985 кіраўнік цыркавога коннага атракцыёна аб’яднання «Саюздзяржцырк» (з 1992 «Расдзяржцырк»).

т. 6, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФЕРАНСЬЕ́ (ад франц. conférencier дакладчык),

артыст эстрады, які вядзе канцэрт. Выступае з самастойнымі, часцей камедыйнымі нумарамі. Упершыню з’явіліся ў 1860-я г. ў парыжскіх кафэшантанах і кабарэ. У канцы 19 — пач. 20 ст. выступалі пераважна ў т-рах вар’етэ, мініяцюр, з сярэдзіны 20 ст. таксама на муз. і кінафестывалях.

т. 8, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬХО́ВІКАЎ (Мікалай Леанідавіч) (7.9.1922, г. Таганрог — 8.6.1987),

рус. артыст цырка. Нар. арт. СССР (1980). У цырку з 1929. Выступаў пад псеўд. Ніка. У 1950—53 вучыўся на вакальным аддз. Маскоўскай кансерваторыі. Скакун на падкідных дошках, эквілібрыст на пераходнай лесвіцы, жакей, конны акрабат. Стваральнік і ўдзельнік конна-акрабатычнага атракцыёна «Руская тройка» (1971).

т. 1, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРЫ́ПАЎ (Хакім Карымавіч) (н. 17.9.1924),

узбекскі артыст цырка. Нар. арт. Узбекістана (1964), нар. арт. СССР (1980). Вучыўся ў Ташкенцкай кансерваторыі. З 1938 у групе «Джыгіты Узбекістана» пад кіраўніцтвам бацькі — Карыма З., з 1952 кіраўнік гэтага цыркавога ансамбля. Выступленні вылучаюцца тонкім выканаўчым майстэрствам, складанымі трукавымі камбінацыямі («Уральскія вяртушкі», «Абаротны доўгі абрыў»).

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СЕЎ (Пётр Андрэевіч) (29.12.1904, С.-Пецярбург — 30.3.1987),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Засл. арт. Расіі (1947), засл. дз. маст. Расіі (1966). Нар. арт. Расіі (1984). Скончыў Петраградскае харэаграфічнае вучылішча (1922). Адзін з арганізатараў групы «Малады балет» (1923). З 1922 артыст Ленінградскага т-ра оперы і балета, з 1935 саліст Вял. т-ра ў Маскве. У 1945—58 маст. кіраўнік балета Т-ра імя Кірава. У 1958—60 арганізатар балетнага т-ра ў Кітаі. З 1927 выкладаў у Ленінградзе і Маскве, у т. л. ў 1966—83 у Ленінградскай кансерваторыі (праф. з 1973). Сярод партый: Шчаўкунок, Дэзірэ («Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Асак («Ледзяная дзева» на муз. Э.​Грыга), Жэром («Полымя Парыжа» Б.​Асаф’ева), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.​Глазунова), Джэймс («Сільфіда» Ж.​Шнейцгофера); удзельнік прэм’еры «танцсімфоніі» «Веліч сусвету» на муз. Л.​Бетховена. Аўтар шматлікіх прац па праблемах балетнага т-ра.

т. 5, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)