БІЯТРАНСФАРМА́ЦЫЯ (ад бія... + трансфармацыя),

1) у генетыцы — змена спадчынных уласцівасцяў бактэрыяльнай клеткі ў выніку пранікнення ў яе чужароднай ДНК; адзін са спосабаў абмену генет. матэрыялам у пракарыётаў (арганізмы з клеткамі без ядраў). Шырока выкарыстоўваецца для ўвядзення чужароднай ДНК і ў клеткі эўкарыётаў (арганізмы з ядзернымі клеткамі).

2) У фізіялогіі раслін — пераўтварэнне энергіі сонечнай радыяцыі, якая ўлоўліваецца зялёнымі раслінамі, у інш. віды (хім., мех. і інш.), пры гэтым частка энергіі страчваецца ў выглядзе цяпла.

3) У біяхіміі — біяхім. пераўтварэнне ядаў, што праніклі ў арганізм, у менш таксічныя рэчывы (абясшкоджванне, ці дэтаксікацыя) або больш таксічныя злучэнні, чым зыходнае рэчыва.

4) Антрапагеннае змяненне згуртавання (звычайна раслін), якое вядзе да ўзнаўленчай сукцэсіі (змены біяцэнозаў), напр., у выніку вытоптвання наземнага расліннага покрыва, высякання лясоў і інш.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫ КРУГАВАРО́Т,

паступленне хім. элементаў з глебы, вады і атмасферы ў жывыя арганізмы, ператварэнне іх у новыя складаныя злучэнні і вяртанне зноў у глебу, ваду, атмасферу. Штогод частка арган. рэчыва або поўнасцю адмерлыя арганізмы выходзяць з цыкла і акумулююцца ў зямной кары. Біялагічны кругаварот узнік адначасова з паяўленнем жыцця на Зямлі і з’яўляецца бесперапынным цыклічным працэсам размеркавання рэчываў, энергіі і інфармацыі ў межах экалагічных сістэм. Аснова біялагічнага кругавароту — утварэнне ў працэсе фотасінтэзу першаснай прадукцыі (расліннай), ператварэнне яе ў другасную (у прыватнасці, жывёльную) і яе распад. Актыўны рух арган. рэчыва ў экалагічных сістэмах ажыццяўляецца па трафічных ланцугах. Асн. роля ў біялагічным кругавароце належыць першасным прадуцэнтам (зялёныя кветкавыя расліны, мікраскапічныя планктонныя водарасці, хемасінтэзуючыя мікраарганізмы), кансументам (жывёлы) і рэдуцэнтам (сапрафітныя арганізмы, пераважна бактэрыі). Біямаса арганізмаў розных трафічных узроўняў у межах трафічных ланцугоў неаднолькавая; яна вышэй на ўзроўні прадуцэнтаў і змяншаецца на меры прасоўвання да кансументаў вышэйшага парадку. Найб. значэнне мае біялагічны кругаварот так званых біяфільных (неабходных для жыцця) элементаў — азоту, фосфару, серы. Існуюць таксама кругавароты кіслароду, вадароду, вугляроду і інш. хім. элементаў, якія складаюць частку агульнага біялагічнага кругавароту, што цесна ўвязаны з біягеахімічным кругаваротам рэчываў. Інтэнсіўнасць біялагічнага кругавароту вызначае колькасць і разнастайнасць жывых арганізмаў, аб’ём назапашанай арган. прадукцыі, якая можа быць выкарыстана для задавальнення патрэб чалавека.

Прынцыповая схема біялагічнага кругавароту.

т. 3, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАФА́ГІ [ад мана... + ...фаг(і)],

арганізмы, якім уласціва жыўленне адным відам расліннага або жывёльнага корму. Пашыраны пераважна сярод беспазваночных арганізмаў (многія насякомыя, некаторыя малюскі, ракападобныя, чэрві, паразіты). У фауне Беларусі М. з’яўляюцца, напр., вошы і інш. крывасмокі, пёравыя кляшчы, пухаеды, многія віды даўганосікаў, тлі і інш.

т. 10, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСІЛАБІЁНТЫ [ад ксіла... + біёнт(ы)],

арганізмы, якія жывуць у драўніне. Найб. характэрныя прадстаўнікі — сярод насякомых (дрэвагрызы, караеды), грыбоў (дрэваразбуральныя і дрэвафарбавальныя грыбы). Пры пэўных умовах шкодзяць лясной гаспадарцы, драўляным пабудовам. Супраць К. апрацоўваюць драўніну антысептыкамі, інсектыцыдамі. Аздараўленню лесу ад шкодных відаў жывёльных К. спрыяюць насякомаедныя птушкі (асабліва дзятлы).

т. 8, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАБІЯЛО́ГІЯ,

раздзел біяфізікі, які вывучае ўплыў знешніх магнітных палёў на жывыя сістэмы — клеткі, арганізмы, папуляцыі. Даследуе магн. палі, якія генерыруюцца самімі жывымі структурамі — сэрцам, мозгам, нервамі і інш. Распрацоўвае практычныя рэкамендацыі па выкарыстанні штучных магн. палёў у тэрапеўт. мэтах, дае іх гігіенічную ацэнку пры выкарыстанні.

т. 9, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯКЛІМАТАЛО́ГІЯ (ад бія... + кліматалогія),

раздзел кліматалогіі, які вывучае ўплыў клімату на здароўе і дзейнасць чалавека, развіццё жывёл і раслін. Склалася ў канцы 19 — пач. 20 ст. (працы А.​І.​Ваейкава ў Расіі, Дж.​Ацы ў Італіі, Б.​Лівінгстана ў ЗША, А.​І.​Кайгарадава ў Беларусі). Вывучае ўплыў стану атмасферы на жывыя арганізмы, даследуе рэакцыю іх на забруджванне асяроддзя, уздзеянне сонечнай радыяцыі, геамагнітнага поля і інш. Аналізуе сувязі паміж надвор’ем і кліматам, умовы і працягласць камфортнага надвор’я ў розныя сезоны і ў розных геагр. зонах, уплыў экстрэмальных кліматычных умоў на жывыя арганізмы. Даныя біякліматалогіі выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, горадабудаўніцтве, курарталогіі і інш. На Беларусі даследаванні вядуцца ў Гідраметэаралагічнай службе. Вызначана, напр., што ў Мінску бывае каля 166 дзён за год са спрыяльнымі для чалавека біякліматычнымі характарыстыкамі.

П.​А.​Каўрыга.

т. 3, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМІ́ЧНАЯ ЭКАЛО́ГІЯ,

галіна экалогіі, якая вывучае ўздзеянне фактараў касм. прасторы на жывыя арганізмы, а таксама распрацоўвае метады біял. даследаванняў і сродкі забеспячэння жыццядзейнасці зямных арганізмаў ва ўмовах касм. палёту (экалогія штучных біял. сістэм). Адна з асн. задач К.э. — стварэнне біякомплексаў, ці замкнёных экалагічных сістэм з аўтатрофнымі і гетэратрофнымі арганізмамі, неабходнымі для працяглых касм. палётаў.

Першыя звесткі пра ўздзеянні ўмоў касм. палёту на жывыя арганізмы (першыя кароткачасовыя — 8—10 хвілін бязважкасці), атрыманы ў СССР і ЗША у 1940—50-я г. на ракетах, якія дасягнулі выш. 500 км. Сістэм. даследаванні пачаліся з 1957 (палёт сабакі Лайкі на 2-м штучным спадарожніку Зямлі). Вывучаліся непасрэдныя і аддаленыя вынікі ўздзеяння фактараў касм. палёту на расліны і жывёл, што дало магчымасць абгрунтаваць рэкамендацыі па медыка-біял. забеспячэнні працяглых пілатуемых касм. палётаў.

т. 8, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯСПЕЛЕАЛО́ГІЯ (ад бія... + спелеалогія),

навука, якая вывучае жыццё ў пячорах, трэшчынах горных парод і інш. Асновы біяспелеалогіі створаны рум. біёлагам Э.​Ракавіцэ (1907), які даследаваў асаблівасці экалагічных умоў пячор, трэшчын і іх уплыў на жывыя арганізмы, заканамернасці эвалюцыі падземных біёт, размнажэнне, геагр. пашырэнне іх жыхароў і інш.

т. 3, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫКТАЦЭНО́З (ад грэчаскага oryktos выкапнёвы + koinos агульны),

сукупнасць акамянелых рэшткаў выкапнёвых арганізмаў у пэўнай мясцовасці. Уключае аўтахтонныя і алахтонныя арганізмы. У арыктацэнозе захоўваецца толькі невялікая частка былых біяцэнозаў. На тэрыторыі Беларусі найбольш вывучаны Арыктацэноз ардовікскіх, сілурыйскіх, дэвонскіх, мелавых, палеагенавых, неагенавых і антрапагенавых адкладаў. Даследуе арыктацэноз палеаэкалогія.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПРАБІЁНТЫ (ад грэч. kopros памёт, кал + біёнт),

дарослыя арганізмы або іх лічынкі, для якіх прыродным асяроддзем пастаяннага або часовага жыхарства і жыўлення з’яўляюцца фекаліі, гной і інш. Сярод беспазваночных К. — многія алігахеты, жукі (карапузікі, магільшчыкі, стафіліны, гразевікі, гнаевікі, гнаявыя вадалюбы, трупаеды, трупнікі), некаторыя мухі, кляшчы-арыбатыды.

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)