МАЗІ́НІ ((Masini) Анджэла) (28.11.1844, Тэра-дэль-Соле, Італія — 29.9.1926),
італьянскі спявак (тэнар); адзін з буйнейшых прадстаўнікоў стылю бельканта 19 ст. З 1867 выступаў на сцэнах буйнейшых т-раў Італіі і інш. еўрап. краін, у т. л. ў 1879—1903 у Італьян. оперы ў Пецярбургу. У 1905 пакінуў сцэну. Валодаў голасам прыгожага тэмбру, бліскучай каларатурнай тэхнікай. Сярод партый: граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Немарына, Джэнара («Любоўны напітак», «Лукрэцыя Борджа» Г.Даніцэці), Радамес («Аіда» Дж.Вердзі), Турыду («Сельскі гонар» П.Масканьі), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага) і інш.
Літ.:
Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал. Л., 1972.
т. 9, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Б’ЁРЛІНГ ((Björling) Юхан Юнатан) (Юсі; 2.2.1911, Стура-Туна, лен Копарберг, Швецыя — 9.9.1960),
шведскі спявак (лірыка-драм. тэнар); адзін з буйнейшых спевакоў 20 ст., прадстаўнік бельканта. Вучыўся ў бацькі — Давіда Б’ёрлінга (тэнар), у кансерваторыі (1928—30) і Каралеўскай опернай школе (1930—31) у Стакгольме. У 1930—38 саліст Шведскай каралеўскай оперы, з 1938 спяваў у т-ры «Метраполітэн-опера» і інш. т-рах Амерыкі і Еўропы. Сярод партый: Фларэстан («Фідэліо» Л.Бетховена), Герцаг, Альфрэд («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Матс («Нявеста» Т.Рангстрэма), Марцін Скарп («Фаналь» К.Атэрберга). Выконваў швед. нар. песні і сольныя партыі ў араторыях пад кіраўніцтвам А.Тасканіні.
т. 3, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНІ́ШАЎ (Алібек Мусаевіч) (н. 30.7.1951, Алматы),
казахскі спявак (тэнар). Нар. арт. Казахстана (1981), нар. арт. СССР (1986). Скончыў Алма-Ацінскую кансерваторыю (1976). З 1976 саліст Каз. філармоніі, з 1978 — Каз. т-ра оперы і балета. Мае моцны голас прыгожага мяккага тэмбру, вял. дыяпазону. Выконвае гал. партыі тэнаровага рэпертуару ў операх класікаў, сучасных айч. і замежных кампазітараў. Сярод іх: Тулеген («Кыз Жыбек» Я.Брусілоўскага), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Альфрэд («Травіята» Дж.Вердзі) і інш. У канцэртным рэпертуары неапалітанскія, рус. нар. песні, рамансы. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (1975), міжнар. конкурсаў імя Р.Шумана (г. Цвікаў, Германія, 1977), вакалістаў у Рыо-дэ-Жанейра (1979). Прэмія Ленінскага камсамола 1979.
т. 6, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРАКО́ЎСКІ (Валяр’ян Дзмітрыевіч) (10.9 1904, Мінск — 18.8.1979),
бел. графік. Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т у Ленінградзе (1929). Працаваў у станковай і кніжнай графіцы, плакаце. У 1929—31 маст. рэдактар Белдзяржвыда. З 1931 у Ленінградзе. Аформіў кнігі «Сымон-музыка» Я.Коласа і «Два» А.Вольнага (1925), «Выбраныя апавяданні» (1926) і «У глыбі Палесся» (1927) Я.Коласа, «У віры жыцця» М.Зарэцкага, зборы твораў Я.Купалы (т. 2, 2-е выд.) і Ц.Гартнага (т. 2; усе 1929), «Яўген Анегін» А.Пушкіна (1937), «Выбранае» Ю.Тынянава (1941), «Байкі» І.Крылова (1944), «Лірыка» А.Пракоф’ева (1956), зб. «Нашы казкі» (1965) і інш. Творы Д. вызначаюцца высокай тэхнікай выканання, арыгінальнасцю кампазіцыйнай будовы.
Л.Дз.Налівайка.
т. 6, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ВА (Ніна Іванаўна) (н. 3.5.1947, г. Магілёў),
бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1984). Скончыла Бел. кансерваторыю (1972). З 1972 салістка Дзярж. нар. аркестра Беларусі, з 1977 — Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам цёплага хвалюючага тэмбру. Яе выкананне адметнае эмацыянальнай напоўненасцю, шчырасцю, натуральнасцю. Сярод партый у нац. операх: Клава («Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера), Ірына («Сівая легенда» Дз.Смольскага), Насця («Новая зямля» Ю.Семянякі), Паола («Джардана Бруна» С.Картэса), Любава («Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі); сярод інш. партый — Ліза, Таццяна, Іаланта («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Купава («Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Лізавета («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні) і інш.
А.А.Саламаха.
т. 7, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСРАШВІ́ЛІ (Маквала Філімонаўна) (н. 13.3.1942, г. Кутаісі, Грузія),
грузінская і расійская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. Расіі (1975), нар. арт. Грузіі (1980), нар. арт. СССР (1986). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1966). З 1966 салістка Вял. т-ра. Валодае моцным рухомым голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. Сярод партый: Таццяна, Ліза, Іаланта («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні), Дэздэмона, Леанора, Амелія («Атэла», «Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Наташа Растова, Любка, Паліна («Вайна і мір», «Сямён Катко», «Гулец» С.Пракоф’ева), Тамар («Выкраданне месяца» А.Тактакішвілі). У камерным рэпертуары рамансы С.Рахманінава, Чайкоўскага, М. дэ Фалья. 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў (Манрэаль, 1973). Дзярж. прэмія Грузіі 1983.
т. 8, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАН [London; сапр. Бёрнстайн
(Bumstein)] Джордж (30.5.1920, г. Манрэаль, Канада — 24.4.1985),
амерыканскі спявак (бас-барытон), рэжысёр. З 1935 у ЗША. Вучыўся спевам у Р.Лерта. У 1941—67 выступаў у буйнейшых т-рах ЗША і Еўропы. З 1975 кіраўнік Опернага т-ва ў Вашынгтоне. Яго творчасці ўласцівы выразная фразіроўка, разнастайнасць тэмбравых і эмацыянальных адценняў. Сярод партый: Дон Жуан («Дон Жуан» В.А.Моцарта), Вотан («Валькірыя» Р.Вагнера), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Гало («Пелеас і Мелізанда» К.Дэбюсі), Ліндорф, Капеліус, Дапертута, доктар Міракль («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.Мусаргскага), Яўген Анегін (аднайм. опера П.Чайкоўскага). Паставіў шэраг опер Вагнера, Моцарта і інш.
т. 9, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЖЫЛКІ́ЕЎ (Булат Абдулаевіч) (23.4.1940, Бішкек — 16.8.1997),
кіргізскі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Ташкенцкую кансерваторыю (1966). З 1966 саліст Кіргізскага т-ра оперы і балета (Бішкек), з 1992 у Марыінскім т-ры (С.-Пецярбург). Валодаў моцным гнуткім голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. Сярод партый: Канурбай («Манас» У.Уласава, А.Малдыбаева і У.Ферэ), Барыс Гадуноў і Пімен («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Мефістофель («Мефістофель» А.Бойта і «Фауст» Ш.Гуно), Пётр I («Пётр I» А.Пятрова). Лаўрэат Міжнар. конкурсаў вакалістаў у Тулузе (Францыя, 1971), маладых оперных спевакоў (Сафія, 1973). Дзярж. прэмія Кыргызстана імя Тактагула 1976. Дзярж. прэмія СССР 1985.
т. 10, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУНЦЯ́Н (Міхаіл Іванавіч) (н. 15.8.1943, с. Крыва, Малдова),
малдаўскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. Малдовы (1980). Нар. арт. СССР (1986). Скончыў Кішынёўскі ін-т мастацтваў (1971). З 1971 саліст Малд. т-ра оперы і балета. З 1983 выкладае ў Кішынёўскай акадэміі музыкі. Валодае голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, дасканалай вак. тэхнікай. Сярод партый: Герман, Ленскі, Княжыч, Вадэмон («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Чарадзейка», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Альфрэд, Рычард, Дон Карлас, Радамес, Манрыка, Дон Альвара («Травіята», «Баль-маскарад», «Дон Карлас», «Аіда». «Трубадур», «Сіла лёсу» Дж.Вердзі), Турыду («Сельскі гонар» П.Масканьі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Каварадосі, Калаф («Тоска», «Турандот» Дж.Пучыні), Паліён («Норма» В.Беліні). Дзярж. прэмія Малдовы 1988.
т. 11, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ДА (Gedda; сапр. Усцінаў) Мікалай
(н. 11.7.1925, Стакгольм),
шведскі спявак (тэнар); адзін з найб. вядомых спевакоў 20 ст. Вучыўся ў кансерваторыі ў Стакгольме. З 1952 выступае ў буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Гранд-Апера», «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера» і інш.). Валодае голасам мяккага цёплага тэмбру. Тонкі стыліст. спявак высокай культуры; выконвае амаль усе партыі лірычнага тэнара ў операх В.А.Моцарта, італьян. і франц. кампазітараў, у т. л. партыі Герцага, Альфрэда («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Рауля («Гугеноты» Дж.Меербера), Вертэра («Вертэр» Ж.Маснэ), Ленскага («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага). Тонкі інтэрпрэтатар камерных вак. твораў Л.Бетховена, Ф.Шуберта, Э.Грыга, Чайкоўскага і інш.; адзін з лепшых замежных выканаўцаў рус. нар. песень і старадаўніх рамансаў.
Тв.:
Рус. пер. — Дар не дается бесплатно. М., 1983.
т. 5, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)