ЖУКО́ЎСКІ (Пётр Міхайлавіч) (22.1.1888, Кішынёў — 2.10.1975),

савецкі батанік і раслінавод. Акад. УАСГНІЛ (1935), чл.-кар. (1955) і ганаровы д-р (1967) Герм. акадэміі с.-г. навук. Скончыў Новарасійскі ун-т (Адэса, 1911). З 1920 дырэктар Бат. сада, з 1923 праф. Політэхнічнага ін-та ў Тбілісі; у 1934—52 праф. Маскоўскай с.-г. акадэміі імя К.​А.​Ціміразева; у 1951—60 дырэктар Усесаюзнага н.-д. ін-та раслінаводства, з 1962 праф. Ленінградскага ўн-та. Навук. працы па паходжанні, эвалюцыі, геаграфіі культ. раслін, марфалогіі і генетыцы. Аўтар падручніка «Батаніка» (5 выд., 1982). Дзярж. прэмія СССР 1943. Прэмія імя М.​І.​Вавілава АН СССР 1967.

т. 6, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЫМА́НАЎ (Нарыман Кербалай Наджафаглы) (14.4.1870, Тбілісі — 19.3.1925),

азербайджанскі сав. дзярж. дзеяч, пісьменнік. Скончыў настаўніцкую семінарыю ў г. Горы (1890) і Новарасійскі ун-т (Адэса, 1908). З 1905 чл. с.-д. арг-цыі «Гумет», з 1917 яе старшыня і чл. Бакінскага к-та РСДРП(б). З крас. 1918 Бакінскага СНК. У 1919—20 заг. Блізкаўсх. аддзела Наркамата замежных спраў, нам. наркома па справах нацыянальнасцей РСФСР. У 1920—21 старшыня часовага рэв. к-та, з 1921 — СНК Азерб. ССР, чл. Закаўказскага бюро і Закаўказскага краявога к-та ЦК РКП(б). З 1922 адзін са старшынь ЦВК СССР. Аўтар драм, камедый, рамана «Бахадур і Сона» (ч. 1—2, 1896).

т. 11, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЬНІКАЎ (Аўраам) (Абрам) Іванавіч (10.8.1784, г. Ламаносаў, Расія — 13.1.1854),

расійскі архітэктар; прадстаўнік позняга ампіру. Акад. Пецярбургскай АМ (1812). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1795—1807), з 1811 у ёй выкладаў (з 1818 праф., з 1843 рэктар). Пенсіянер у Італіі (1808—11). Асн. работы: Нікольская царква ў Пецярбургу (цяпер Музей Арктыкі), ансамбль Паўкруглай пл. ў г. Адэса (1826—29), кафедральны сабор у Кішынёве (1830—35) і інш. Работы на Беларусі: цэрквы ў в. Мазалава Мсціслаўскага р-на Магілёўскай (1827—32), у г. Рэчыца Гомельскай (1840-я г., не захавалася) абл.; праект духоўнай семінарыі ў Мінску (1839, пасля перабудовы ў 1950—53 Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча).

В.​Ф.​Марозаў.

т. 10, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАБ’ЁЎ (Уладзімір Пятровіч) (27.6.1876, Адэса — 31.10.1937),

савецкі анатам; адзін з заснавальнікаў функцыян. анатоміі, стэрэамарфалогіі. Акад. АН Украіны (1934). Скончыў Харкаўскі ун-т (1903). З 1917 працаваў у ім (з 1921 мед. ін-т), адначасова з 1921 навук. кіраўнік Укр. ін-та эксперым. медыцыны. Склаў карту вегетатыўных нерв. вузлоў і спляценняў унутр. органаў «Атлас анатоміі чалавека» (т. 1—5, 1938—42). Вызначыў новыя законы структурнай арганізацыі нерв. сістэмы, значэнне пагранічнай макра-мікраскапічанай вобласці бачання і распрацаваў методыку яе даследавання, развіў вучэнне пра цэласнасць арганізма і ўздзеянні функцыі і працы на марфагенез. Разам з Б.​І.​Збарскім распрацаваў эфектыўны метад бальзаміравання і бальзаміраваў цела У.​І.​Леніна (1924). Прэмія імя Леніна 1927.

т. 3, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РСКІ (Павел Паўлавіч) (25.2.1905, г. Адэса, Украіна — 5.6.1975),

украінскі балетмайстар. Нар. арт. СССР (1960). Скончыў Адэскае муз.-драм. Вучылішча (1926), Маскоўскі тэатр. тэхнікум (1928, педагог А.Месерэр). З 1923 артыст і балетмайстар Адэскага т-ра оперы і балета, з 1931 балетмайстар т-раў оперы і балета ў Харкаве, Адэсе, Днепрапятроўску, Кіеве. Паставіў балеты «Чорнае золата» В.​Гамалякі (1960), «Эсмеральда» Ц.​Пуні (1929), «Раймонда» А.​Глазунова (1934), «Мешчанін з Тасканы» У.​Нахабіна (1936) і інш. У 1943—55 балетмайстар Ансамбля песні і танца Сав. Арміі імя А.​В.​Аляксандрава. Арганізатар (1937), балетмайстар (да 1940), маст. кіраўнік Ансамбля нар. танца Украіны (з 1975 імя Вірскага). Дзярж. прэміі СССР 1950, 1970. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Р.​Шаўчэнкі 1965.

т. 4, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАГІСТРА́ЛЬ,

аўтамабільная дарога для высокаінтэнсіўнага і скораснага руху аўтамаб. транспарту без перасячэння трансп. патокаў на адным узроўні. Мае 2 праезныя часткі, кожная з якіх размяшчаецца на агульным або асобным земляным палатне. Шырыня раздзяляльнай паласы паміж праезнымі часткамі не менш за 5 м. Аўтамагістралі звычайна пракладваюць у абход гарадоў і прамысл. цэнтраў, сувязь з якімі ажыццяўляецца па спец. пад’язных дарогах. Аўтамагістралі могуць абсталёўвацца спец. ахоўнымі агароджамі, мець пад палатном папярочныя праходы для перамяшчэння наземных дзікіх жывёл. На Беларусі пабудаваны ўчасткі аўтамагістраляў Масква—Мінск—Брэст, Санкт-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Адэса, Мінск—Вільнюс, Бранск—Гомель—Брэст, Брэст—Ковель. Высокаразвітую сетку аўтамагістраляў маюць краіны Зах. Еўропы, Канады, ЗША (асобныя з іх утвараюць панамерыканскую і трансеўрапейскія аўтамагістралі).

т. 2, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗАРЭ́ВІЧ-ШАПЯЛЕВІЧ (Шапялевіч) Леў Юльянавіч

(13.10.1863, г. Віцебск — 10.2.1909),

бел. археолаг, гісторык літаратуры. Магістр усеагульнай л-ры (1892), д-р філалогіі (1896), праф.

Харкаўскага ун-та. Вучыўся ў Новарасійскім (Адэса) і Харкаўскім ун-тах (1882—87). Аўтар даследаванняў па зах.-еўрап. л-ры: «Дантаўская трылогія» (1892), «Нарысы з гісторыі сярэдневяковай літаратуры і культуры» (1900), «Жыццё Сервантэса» (1901) і інш. Пад уплывам М.​Ф.​Кусцінскага і А.​П.​Сапунова пачаў вывучаць матэрыяльную і духоўную культуру Беларусі, займаўся праблемай крывічоў. З 1900 вёў раскопкі курганоў у Гарадоцкім, Невельскім і Себежскім паветах Віцебскай губ. Каштоўныя знаходкі з крывіцкіх курганоў перадаваў у Пецярбургскі Эрмітаж, Маскоўскі і Харкаўскі гіст. музеі, музей Віцебскага стат. к-та.

т. 9, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НГЕ Мікалай Мікалаевіч [24.3.1858, С.-Пецярбург — 15.2.1921] расійскі і ўкраінскі псіхолаг, адзін з заснавальнікаў эксперыментальнай псіхалогіі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882). Праф. філасофіі Новарасійскага ун-та (Адэса; 1888—1921), дзе арганізаваў эксперымент. псіхал. лабараторыю. Сфармуляваў канцэпцыю стадыяльнасці (фазавасці) працэсу ўспрымання, якая прадугледжвае змену фаз успрымання ад больш агульнага да прыватнага, дыферэнцыраванага. Распрацаваў маторную тэорыю ўвагі, паводле якой рух разглядаецца як умова, што суправаджае і паляпшае ўспрыманне, прысутнічае ў працэсах мыслення, побач з памяццю. Вывучаў філас. і сац. аспекты развіцця псіхікі і свядомасці, творчасць В.Вунта, І.Канта.

Тв.:

История нравственных идей 19 в. Ч. 1. СПб, 1888;

Душа ребенка в первые годы жизни. СПб., 1891;

Психологические исследования. Одесса, 1893;

...Теория В.​Вундга о начале мира. Одесса, 1912.

К.Ланге.

т. 9, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́ШНЕР (Міхаіл Яўхімавіч) (1900, Кіеў — ліп. 1942),

бел. кампазітар. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Бел. кансерваторыю (1937, клас В.Залатарова). У 1918—31 канцэртмайстар-піяніст у канцэртных арг-цыях і т-рах Кіева, Масквы, Свярдлоўска. У 1933—38 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. Аўтар першага нац. балета «Салавей», у муз. драматургіі якога вял. ролю адыгрывае нар. танец (паст. 1939, Мінск, Адэса). Сярод інш. твораў: кантата «Тапелец» на сл. А.​Пушкіна, Сімф. танцы, смыковы квартэт (усе 1937); Варыяцыі на бел. тэму для фп.; хары «Мы любоўю Радзімы багатыя», «Чырвонаармейская»; рамансы на вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Пушкіна, М.​Лермантава, апрацоўкі бел. і яўр. нар. песень.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 8, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЎЧЭ́НЯ (Аляксей Піліпавіч) (12.8.1910, г. Адэса, Украіна — 10.3.1974),

украінскі і рас. спявак (бас). Нар. арт. СССР (1956). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1938). З 1938 у т-рах Украіны і Расіі. З 1949 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Майстар пераўвасаблення, валодаў вял. вак. выразнасцю. Сярод лепшых партый: Карась («Запарожац за Дунаем» С.​Гулака-Арцямоўскага), Тарас («Тарас Бульба» М.​Лысенкі), Іван Хаванскі, Варлаам («Хаваншчына», «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Іван Сусанін, Фарлаф («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Канчак («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Кутузаў («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Выступаў як канцэртны спявак, здымаўся ў кінафільмах. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 8, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)