ГЕ́РМА (грэч. hermēs),

чатырохгранны слуп, завершаны скульпт. выявай галавы першапачаткова бога Гермеса (адсюль назва), потым стараж. багоў, з 5 ст. да н.э. і партрэтнымі выявамі дзярж. дзеячаў, філосафаў і інш. У ант. эпоху герма — пераважна межавы знак, паказальнік дарог, з 16 ст. — від дэкар. і садова-паркавай скульптуры.

Гермы на фасадзе палаца ў вёсцы Паланэчка Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобл.

т. 5, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАНАЦЦАЦІПЕ́РСНАЯ КІ́ШКА,

пачатковы аддзел тонкай кішкі ад выхадной адтуліны страўніка да парожняй кішкі. Даўжыня яе ў чалавека 27—30 см (прыблізна 12 папярочнікаў пальца, адсюль назва). У поласці Д.к. адкрываюцца вывадныя пратокі падстраўнікавай залозы і печані. Залозістыя элементы сценкі выдзяляюць сакрэт, у якім ёсць ферменты, неабходныя для ператраўлення бялкоў, тлушчаў і вугляводаў (у поласці Д.к. ператраўленне рэчываў найб. інтэнсіўнае).

т. 6, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУІДО́Р (франц. louis d’or залаты луі; Louis Людовік),

асноўная залатая манета Францыі, выпуск якой пачаўся ў 1640 пры Людовіку XIII (адсюль назва) і працягваўся да 1795. Напачатку Л. раўняўся 10 ліўрам. З павышэннем кошту золата адпаведна павышаўся і кошт Л. (у 1686 роўны 11 ліўрам 10 су). У 1693—1726 Л. выпускаўся неаднаразова.

Луідор 1743; золата, Францыя.

т. 9, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРА́БІЛІС (Mirabilis),

род кветкавых раслін сям. ніктагінавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Амерыцы. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукавана М. ялапа, або начная прыгажуня (M. jalapa).

М. ялапа — кустападобная расліна выш. да 1 м. Лісце супраціўнае, суцэльнае. Кветкі невял., лейкападобныя, белыя, жоўтыя, чырв., распускаюцца пад вечар і цвітуць да раніцы (адсюль другая назва). Дэкар. расліна.

т. 10, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯВО́ЛЬНІЦКІ БЕ́РАГ,

устарэлая назва нізіннага ўзбярэжжа Гвінейскага зал. (зал. Бенін) у Афрыцы, паміж вусцямі рэк Нігер і Вольта. Бераг нізінны, забалочаны, з лагунамі і пратокамі. У вусцях рэк і па берагах лагун — мангравыя зараснікі, за імі паўторныя саванны (на 3) і вечназялёныя лясы (на У). У 16—18 ст. Н.б. — адзін з гал. раёнаў гандлю рабамі (адсюль назва).

т. 11, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПАІ́Н,

раслінны протэалітычны фермент класа гідралаз; каталізуе расшчапленне пептыдных сувязяў у бялках і пептыдах, а таксама гідралізуе аміды і складаныя эфіры. Малекулярная маса 23 350. Поліпептыдны ланцуг мае 212 амінакіслотных астаткаў. Атрыманы ў крышт. выглядзе з млечнага соку дыннага дрэва (папайі, адсюль назва). Выкарыстоўваецца ў харч. і лёгкай прам-сці (для апрацоўкі скуры, мякчэння мяса, асвятлення напояў).

т. 12, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВІ́ЗСКАЯ ДУША́,

адзінка ўліку мужчынскага насельніцтва Рас. імперыі ў 1718—1887 (у Сібіры да 1899). Тэрмін узнік у сувязі з заменай падворнага абкладання падушным падаткам. У выніку рэвізій складаліся т.зв. рэвізскія сказкі на асоб. якія ўлічваліся рэвізіямі і атрымалі назву Р.д. Кожная Р.д. лічылася наяўнай да наступнай рэвізіі нават у выпадку смерці чалавека (адсюль — «мёртвыя душы»).

т. 13, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫПУНЫ́ (Saperda),

род жукоў сям. вусачоў. Каля 30 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважаюць у Паўн. паўшар’і. Трапляюцца на лісцевых пародах дрэў (таполях, вербах і інш.). На Беларусі 11 відаў, найб. пашыраны С. малы асінавы (S. populnea).

Даўж. 10—30 мм. Цела цыліндрычнае, зверху — у густых валасках, звычайна рознакаляровых. Пры раздражненні выдаюць гучны характэрны скрып (адсюль назва). Многія — шкоднікі дрэў.

т. 14, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДА́,

1) у цюркскіх і мангольскіх народаў першапачатковая ваенна-адм. арг-цыя або аб’яднанне некалькіх плямёнаў, лагер качэўнікаў; у сярэдневяковых цюрка-манг. феад. дзяржавах сталіца, стаўка хана. Адсюль назва дзяржаў, а таксама саюзаў качавых плямёнаў (напр., Залатая Арда, Крымская Арда).

2) Устарэлы тэрмін, які абазначае першапачатковую форму грамадскай арганізацыі чалавецтва — першабытны статак.

3) У пераносным сэнсе арда — шматлікае неарганізаванае зборышча людзей, натоўп.

т. 1, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́КУУМНАЯ ЗБРО́Я,

боепрыпасы з выбуховым рэчывам аб’ёмна-дэтанацыйнага дзеяння. Прызначана для паражэння цэляў са складкамі мясцовасці, у збудаваннях адкрытага тыпу, мінных палёў. Утварае газападобнае або дробнадысперснае аэразольнае воблака значных памераў. Асн. паражальны фактар — ударная хваля, якая ўтвараецца пры падрыванні гэтага воблака (ціск у цэнтры воблака прыкладна ўтрая перавышае нармальны атмасферны). За зонай лішкавага ціску ўтвараецца працяглая зона разрэджання (адсюль назва).

т. 3, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)