САРАФА́Н (цюрк., ад перс. серапа — ганаровае адзенне),

рускае нац. жаночае адзенне — сукенка, звычайна без рукавоў, якую апраналі паверх кашулі. У дапятроўскай Русі С. насілі ў баярскім асяродку, у 19 ст. — гал. чынам сялянкі ў паўн. і цэнтр. абласцях Расіі, у Паволжы, Сібіры, а таксама некат. гараджанкі. Найб. стараж. тып С. — без разрэзу спераду, з шырокімі проймамі, часам з несапраўднымі адкіднымі рукавамі. У сярэдзіне 19 ст. быў пашыраны С., сшыты з касых кліноў, які зашпільваўся спераду на гузікі; пазней — С. прамога крою на лямках, а таксама адразны С., які складаўся з ліфа і спадніцы. У пач. 20 ст. выйшаў з ужытку. На Беларусі адразны С. вядомы ў краснапольскім строі.

Касцюм маладой дзяўчыны з сарафанам. Архангельская губерня. Расія. Пач. 19 ст.

т. 14, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ ФУ́ТРАВАЯ ФА́БРЫКА.

Засн. ў 1960 у г. Бабруйск, у 1963—75 рэканструявана і расшырана. Дзейнічаюць цэхі швейных вырабаў, галаўных убораў, вырабаў з пушніны. Асн. прадукцыя (1995): вырабы з футра (пласціны, галаўныя ўборы, каўняры) і верхняе адзенне (паліто, паўпаліто, курткі).

т. 2, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКАЯ СУКО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала з 1808 у г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Мела 8 ткацкіх станкоў. У 1808 працаваў 101 чал., выпушчана 4,2 тыс. аршынаў сукна. У 1828 выраблена 2,7 тыс. аршынаў талесаў (адзенне, якое выкарыстоўвалася яўрэямі ў час ранішняй малітвы).

т. 10, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГЛЯ́НСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1990, адкрыты ў 1994 у г.п. Круглае Магілёўскай вобл. Пл. экспазіцыі 149 м², больш за 5 тыс. адзінак асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў ляпны і ганчарны посуд, жаночыя ўпрыгожанні 11—12 ст. з археал. помнікаў Кругляншчыны, манетны скарб 17 ст., царк. статут, псалтыр, «Жыціе і пакуты св. вялікамучаніцы Варвары» (1897), бел. нар. адзенне, прылады працы і побыту сялян 19—20 ст., матэрыялы жыцця і дзейнасці рус. военачальнікаў І.​У.​Гуркі (гл. ў арт. Гуркі) і М.Р.Чарняева, рэпрадукцыі карцін мастака-перасоўніка М.​В.​Неўрава, апошнія гады жыцця якога прайшлі на Кругляншчыне, бел. нар. адзенне, прылады працы і побыту сялян 19—20 ст., дакументы, фотаздымкі і асабістыя рэчы ўдзельнікаў Вял. Айч. вайны, вырабы з саломкі, калекцыя карункаў.

С.​В.​Каднікава.

т. 8, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛЮ́Р (ад франц. velours аксаміт),

тканіна, скура і інш. матэрыялы з мяккім ворсавым аксамітным добрым бокам: велюр-драп, велюр-аксаміт і інш. Вырабляюць з воўны (велюр-драп), са скуры свіней ці рагатай жывёлы хромавым дубленнем (хромавая замша). Выкарыстоўваюць на верхняе адзенне, галаўныя ўборы, абутак.

т. 4, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСО́Ў,

у беларусаў верхняе расхіннае сял. адзенне з белага даматканага палатна. Падобны на халат, часта з шырокім адкладным каўняром. Апраналі на кашулю, зімою на кажух. Да пач. 20 ст. быў пашыраны ў Віцебскай, на Пн Мінскай і Магілёўскай губ., а таксама на Смаленшчыне і Пскоўшчыне (Расія).

т. 11, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАФТ (ад польск. haft вышываны ўзор, вышыўка),

1) ручная ці машынная вышыўка каштоўнымі матэрыяламі (шаўковымі, залатымі, сярэбранымі ніткамі, жэмчугам, каштоўнымі ці штучнымі камянямі, з 19 ст. — бісерам, мішурой і інш.) па шоўку, аксаміце, парчы і інш. тканінах. Існуюць разнастайныя тэхн. прыёмы гафту (гладзь, высокарэльефнае шыццё «па карце», «у прыкрэп» і інш.). Узор бывае плоскі, пукаты, ажурны, накладны. Вядомы са стараж. часоў у краінах Усходу, Стараж. Грэцыі, Стараж. Рыме, з сярэдневякоўя — па ўсёй Еўропе. На Беларусі з 15—16 ст. гафтам аздаблялі літургічныя тканіны, шляхецкае адзенне і інш. Пераважалі раслінныя матывы, стылістыка адпавядала агульнаеўрап. маст. кірункам. У нар. побыце гафтаваннем называлі розныя віды ажурных швоў.

2) Машынная вышыўка белай гладдзю па белай тканіне. У сучаснай маст. прам-сці плоскім машынным гафтаваннем пераважна расліннага характару аздабляюць пасцельную бялізну, жаночае адзенне, тасьму, тканіны і інш.

Я.​М.​Сахута.

т. 5, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СЛАВА (Галі Сямёнаўна) (10.3.1904, г. Казань, Татарстан — 14.12.1991),

расійскі этнограф. Д-р гіст. н. (1963). Скончыла Маскоўскі ун-т (1924). Працавала ў Музеі Цэнтральнапрамысл. вобл., Музеі народаў СССР. У 1947—70 у Ін-це этнаграфіі АН СССР. Даследавала агульныя рысы і своеасаблівасць нар. адзення, арнаменту, вышыўкі беларусаў, рускіх і ўкраінцаў, абрадавыя функцыі нар. адзення ўсх.-слав. народаў, яго гісторыю, сац. сімволіку і эстэтыку. На матэрыялах адзення вывучала гіст.-культ. сувязі беларусаў з рускімі і ўкраінцамі, этнічныя працэсы ў СССР. Аўтар прац «Народнае адзенне рускіх, украінцаў і беларусаў у XIX — пачатку XX ст.» (1956), «Народнае адзенне ва ўсходне-славянскіх традыцыйных звычаях і абрадах XIX — пачатку XX ст.» (1984). Адзін з аўтараў працы «Сучасныя этнічныя працэсы ў СССР» (1975; Дзярж. прэмія СССР 1981).

Тв.:

Орнамент русской народной вышивки как историко-этнографический источник. М., 1978.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 10, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРЭ́ЖКА,

ажурная вышыўка, для выканання якой з палатна выцягваюць неабходную колькасць нітак утку або асновы, а астатнія перавіваюць пэўным спосабам. У залежнасці ад узору, асаблівасцей тэхнікі выканання, колеру вылучаюць простыя і складаныя М., вузкія і шырокія, аднарадныя і шматрадныя, белыя і каляровыя. На Беларусі М. часта аздаблялі традыц. нар. адзенне.

т. 11, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ТАЛЬСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў Зах. Палессі. Бытаваў у 19—1-й пал. 20 ст. на невял. тэр. Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. (вёскі Моталь, Тышкавічы, Асаўніца). Аснову летняга касцюма жанчын складалі кашуля, спадніца, фартух, гарсэт. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па аснове, са шматлікімі складкамі вакол стаячага каўняра. Тыповым прыёмам аздаблення былі звычайныя строчкі, уручную прашытыя чорнай баваўнянай ніткай упоперак стаячага каўняра, манжэты. Спадніца — гладкафарбаваны, бурачковы ці чырвоны андарак або палатнянік з белага кужалю, сабранага па лініі таліі на матузок. Фартух кроілі з 4 полак кужэльнага палатна, якія злучалі дэкар. швом, што дазваляла насіць яго на два бакі. Арнамент натыкання вызначаўся дробным малюнкам чырвонага, чырвона-чорнага, блакітна-чырвона-чорнага геам. або расліннага арнаменту. Гарсэт шылі з чырвонага фабрычнага сукна, з серабрыстай парчы, аздаблялі нашыўкамі тасьмы-галуна, стужак, пацерак, запраўлялі яго ў спадніцу і падпяразвалі шырокім бурачкова-чырвоным поясам ручнога пляцення. Галаўны ўбор — моцна накрухмаленая намітка, завітая на каробачку з чапцом, аздобленая кветкамі па баках або паўкругам спераду. Мужчынскае адзенне складалі нагавіцы і кашуля навыпуск, падперазаныя шырокім плеценым поясам з кутасамі, галаўны ўбор — саламяны брыль, магерка. Верхняе адзенне — світка, катанка, куртка з чорнага валенага сукна, аздобленая цёмна-сіняй аблямоўкай, з бакавымі клінамі-«вусамі». Прыгожым маст. аздабленнем вылучаліся аўчынныя кажушкі і паўкажушкі (гл. Мотальскія кажухі).

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Мотальскі строй. Летняе традыцыйнае адзенне жанчын. Вёска Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1930-я г.

т. 10, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)