сістэма мер у Рас. імперыі, накіраваных на ўздым прыбытковасці дзярж. маёнткаў, прыпыненне працэсу абеззямельвання і збяднення дзяржаўных сялян, змяншэння сац. напружання ў вёсцы. Аўтар і распрацоўшчык рэформы граф П.Дз.Кісялёў. Рэформа праводзілася па 3 асн. кірунках: перабудова кіравання, арганізацыя «апякунства» і люстрацыя 1840—50-х г. У выніку перабудовы кіравання дзяржаўнай вёскай агульнакіраўнічыя функцыі, раней сканцэнтраваныя ў дэпартаменце дзярж. маёмасцей мін-ва фінансаў, з 1.1.1838 перадаваліся новаму мін-ву дзярж. маёмасцей (міністр Кісялёў). Ніжэйшыя ступені кіравання фарміраваліся паводле «Устанаўлення аб кіраванні дзяржаўнымі маёмасцямі ў губернях» і «Палажэння аб люстрацыі дзяржаўных маёмасцей заходніх губерняў і Беластоцкай вобласці» ад 28.12.1839, якое ўлічвала мясц. асаблівасці. На Беларусі ўстанаўліваліся 3 адм. ярусы кіравання дзярж. вёскай: губерня — акруга — сельскае ўпраўленне. Функцыі валасной адміністрацыі ў бел. губернях былі размеркаваны паміж часовымі ўладальнікамі і сял. выбарнымі. Новы адм. апарат пачаў дзейнічаць з крас. 1840. У кампетэнцыю губ. органаў — палат дзярж. маёмасцей уваходзілі выбар форм кіравання дзярж. маёнткамі, правядзенне рэвізій, люстрацый, ахова грамадскага парадку, пытанні харч. і мед. дапамогі і інш. Акруговая адміністрацыя займалася непасрэднай арганізацыяй сельскіх грамад. Органы сельскіх упраўленняў (сельскія сход, управа, стараста) займаліся землеўладкаваннем, раскладкай падаткаў і збораў паміж сялянамі і інш.Абшчына, адроджаная ў дзярж. маёнтках Беларусі пасля далучэння да Расіі, у выніку рэформы была максімальна набліжана да агульнарас. ўзору. На Беларусі ўзнікла арэнда сялянамі зямельных угоддзяў. Палітыка «апякунства» над дзяржаўнымі сялянамі заключалася ў арганізацыі харч. дапамогі сялянам праз спец. хлебазапасныя магазіны. Для арганізацыі пачатковага навучання дзяцей дзярж. сялян у сельскіх грамадах адчыняліся прыходскія школы. Дзярж. маёнткі забяспечваліся фельчарамі, павітухамі, сялянам пачалі рабіць прышчэпкі. Люстрацыя 1840—50-х г. — асн. частка рэформы — мела на мэце правядзенне дакладнага ўліку сял. даходаў, раўнамернае надзяленне дзярж. сялян зямлёй, рэгламентацыю павіннасцей (перавод з паншчыны на грашовы аброк і інш.). Гал. вынік рэформы — адмова ад прыгоннай сістэмы і пераход на аброк. Адбыліся перамены і ў прававым становішчы дзярж. сялян (прызнаваліся грамадз. свабоды, што адрознівала іх ад памешчыцкіх падданых).
Літ.:
Конюхова Т.А. Государственная деревня Литвы и реформа ПД.Киселева, 1840—1857 гг.М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЙЛО́ЎСКІ (Мікалай Канстанцінавіч) (27.11.1842, г. Мяшчоўск Калужскай вобл., Расія — 10.2.1904),
расійскі сацыёлаг, публіцыст і літ. крытык; ідэолаг ліберальнага народніцтва, адзін з заснавальнікаў суб’ектыўнай сацыялогіі. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це корпуса горных інжынераў (1856—63). З 1868 супрацоўнік, пазней адзін з рэдактараў час.«Отечественные записки». У 1870-я г. зблізіўся з народнікамі. З 1892 сарэдактар час. «Русское богатство». Прадметам сацыялогіі лічыў адносіны розных форм супольнага жыцця (кааперацыі) да асобы. Пошук законаў гэтых адносін прывёў М. да стварэння канцэпцыі двухадзінай праўды, у рамках якой ён імкнуўся аб’яднаць «праўду-ісціну», атрыманую шляхам аб’ектыўнага назірання, з «праўдай-справядлівасцю», якая адпавядала маральным ідэалам вучонага. Імкненне М. асэнсаваць ўзаемадзеянне пазнавальнай і духоўна-маральнай патрэб прывяло яго да стварэння суб’ектыўнага метаду ў сацыялогіі. Паводле М., гісторыяй кіруюць стабільныя законы, што рэгулююць парадак і змену фаз гіст. руху, аднак у межах гэтых законаў асоба ставіць свае мэты ў гісторыі і «рухае да іх падзеі». Таму сацыёлаг павінен стварыць сац. ідэал і на гэтай аснове вызначыць, якія грамадскія элементы пажаданы, а якія не пажаданы ў будучыні. Лічыў асобу вышэйшым крытэрыем каштоўнасці грамадства і адмаўляў магчымасць прынясення яе ў ахвяру. Распрацоўваў тэорыю «герояў і натоўпу», гіст. прагрэс трактаваў як паступовае набліжэнне «да магчыма больш поўнага і ўсебаковага падзелу працы паміж органамі і магчыма меншага падзелу працы паміж людзьмі». Спадзяваўся, што многія праблемы грамадства будуць вырашаны пры сацыялізме, які вызначаў як «перамогу асабістага пачатку пры дапамозе пачатку грамадскага», што рас.сял.абшчына бліжэй, чым капіталіст. Захад, стаіць да сацыялізму як ідэалу будучыні. Як літ. крытык выступаў супраць утылітарных і нігілістычных літ.-крытычных поглядаў, выразнікам якіх быў Дз.І.Пісараў. Асн. творы: «Што такое прагрэс?» (1869), «Тэорыя Дарвіна і грамадская навука» (1870—73), «Барацьба за індывідуальнасць» (1875—76), «Героі і натоўп» (1882) і інш.
Тв.:
Литературная критика: Статьи о рус. лит. XIX — начала XX в. Л., 1989;
Герои и толпа: Изб. тр. по социологии. Т. 1—2. СПб., 1998.
Літ.:
Виленская Э.С. Н.К.Михайловский и его идейная роль в народническом движении 70-х — начала 80-х гг. XIX в. М., 1979;
Слинько А.А. Н.К.Михайловский и русское общественно-литературное движение второй половины XIX — начала XX в. 2 изд. Воронеж, 1982;
Володин АИ. Выдающийся деятель русской культуры // Отеч. история. 1993. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭА́Л (франц. idéal ад грэч. idea ідэя, паняцце, уяўленне),
філасофская катэгорыя, якая азначае ўзоры і ўяўленні пра дасканалыя грамадскія сістэмы, абсалютную гармонію, справядлівасць і прыгажосць, найвышэйшую мэту імкненняў і дзейнасці. Адпаведна гэтаму адрозніваюцца ідэальныя аб’екты або мадэлі навукі (паняцце ідэальнага), грамадска-паліт., этычныя І. і ідэалы эстэтычныя. Суадносіцца з каштоўнасцямі, якія даследуюцца аксіялогіяй і сацыялогіяй. Паводле структуры І. ўяўляюць сабой дыялектычна супярэчлівае адзінства аб’ектыўнага быцця і яго суб’ектыўнай ацэнкі.
У грэка-рымскай антычнасці гуманіст. І. людской асобы ўзнік як адзінства фіз. дасканаласці і маральных паводзін, асабістых і грамадскіх інтарэсаў. У хрысц. цывілізацыі абс. І. зададзены вучэннем пра боскую Тройцу, зямное ўвасабленне Бога-сына (Ісуса Хрыста), Багародзіцу, апосталаў, святых і пакутнікаў за хрысц. ідэю. Уяўленні пра дасканалае жыццё дыферэнцыраваліся на І. манаха, рыцара, добрага сеньёра, а ў эпоху Адраджэння яшчэ і дасканалага рамесніка, мастака, вучонага. У працэсе антыфеад. руху фарміраваўся таксама І. сялянскага царства, эталонамі якога паслужылі раннехрысц. камунізм, сямейная, пазней сельская абшчына. Тэорыя І. сфармулявана ў ням. класічнай філасофіі (І.Кант, І.Фіхтэ, Г.Гегель), паводле якой у сваёй паўнаце І. недасягальныя ў эмпірычнай рэальнасці, аднак у якасці духоўных каштоўнасцей служаць для яе ацэнкі, пазнання і ўдасканалення. У 19—20 ст. моцны ўплыў на грамадскую свядомасць, сац. практыку і палітыку зрабіў І. камуніст. грамадства (утапічны сацыялізм, навук. камунізм). У СССР і інш.сацыяліст. краінах ажыццяўленне камуніст. І. непасрэдна звязвалася з ліквідацыяй прыватнай уласнасці на асн. сродкі вытворчасці, пабудовай бяскласавага грамадства, усталяваннем прынцыпаў справядлівасці і роўнасці людзей.
У хрысц. культуры і асветніцтве сярэдневяковай Беларусі (10—12 ст.) ярка выявіліся І. боскай мудрасці (сімволіка Сафійскага сабора) і грамадскай згоды (асветніцкая дзейнасць Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, рэліг. паэзія, гераічная паэма «Слова аб палку Ігаравым»), Яны засталіся актуальнымі ў эпоху Адраджэння поруч з гуманіст. 1. асветніка, вучонага, будаўніка хрысц. міру, дзяржавы (асветніцтва і творчасць Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, Сімяона Полацкага, а таксама Статуты ВКЛ). Узмацненне нац., сац., канфесійных супярэчнасцей у 18—19 ст. мелі сваім вынікам палярызацыю грамадскіх І., падзел іх па саслоўна-класавых, ідэалагічных і рэліг. прыкметах. Фальклор, іншыя віды этн. культуры яскрава выявілі нар. І. адхілення эліты («панства») ад улады, стварэння «сялянскага царства», уяўнага працоўнага зямнога раю. У асяроддзі нар. інтэлігенцыі дамінуючым стаў нац.-адраджэнцкі І., сфармуляваны ў новай бел. л-ры і тэарэтычна распрацаваны Ф.Багушэвічам, М.Багдановічам, І.Канчэўскім, А.Станкевічам і інш. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі, у выніку дапушчаных памылак і скажэнняў сацыяліст. ідэі, спрадвечныя нар. І. пра справядлівае грамадства, працоўны «рай» на зямлі выкарыстоўваліся для апраўдання курсу на хуткае завяршэнне буд-ва камунізму ў СССР і яго ўсталяванне ў сусв. маштабе. Сац.-паліт. І. сучаснага бел. грамадства з’яўляецца пабудова дэмакр. прававой дзяржавы, стварэнне ўмоў для свабоднага і ўсебаковага развіцця асобы, годнага ўваходжання краіны ў еўрапейскую і агульначалавечую супольнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНІ́ЧНЫЯ ВО́ЙСКІ (у некаторых краінах пагранічная ахова, пагранічная варта),
спецыяльныя войскі, прызначаныя для абароны паліт., ваен. і эканам. інтарэсаў дзяржавы на яе сухап., марскіх, рачных (азёрных) рубяжах. П.в. Рэспублікі Беларусь складаюцца з пагранічных атрадаў, спец. і вучэбных часцей (падраздзяленняў). Падпарадкоўваюцца Прэзідэнту. Непасрэднае кіраўніцтва імі ажыццяўляе старшыня дзярж. камітэта — камандуючы П.в. праз падпарадкаваныя яму штаб і інш. структуры кіравання. Створаны паводле пастановы Вярх. Савета Беларусі ад 20.9.1991 на базе П.в. КДБСССР, што дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. З 1992 у веданні Гал. ўпраўлення П.в. пры Савеце Міністраў, якое ў 1997 пераўтворана ў Дзярж.к-тпагран. войск Рэспублікі Беларусь. П.в. забяспечваюць недатыкальнасць граніц (гл.Граніца дзяржаўная), падтрымліваюць устаноўлены законам пагран. рэжым, сумесна з мытнымі органамі ажыццяўляюць пагранічны кантроль і інш. П.в. выконваюць свае задачы самастойна пры падтрымцы мясц. органаў дзярж. улады і насельніцтва прыгранічных раёнаў. Маюць на ўзбраенні сучасныя віды стралк. зброі і баявой тэхнікі, рачныя караблі, верталёты і спец.тэхн. сродкі. Падрыхтоўку афіцэрскіх кадраў для П.в. ажыццяўляюць ф-ты Ваен. акадэміі і Ін-та нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь.
П.в. зарадзіліся ў 14 ст. На тэр.ВКЛ, акрамя ўдзелу ў апалчэнні (гл.Паспалітае рушэнне) гар.абшчына выконвала шэраг абавязкаў па вартавой службе і мясц. абароне. У многіх гарадах, найперш памежных, да ўвядзення магдэбургскага права (канец 14 ст.) існавалі асобыя катэгорыі мяшчан, якія пастаянна неслі ваен., у т. л. вартавую, службу. У некаторых гарадах на Зах. Дзвіне вартавую службу неслі таксама казакі (напр., у Полацку на замку ў 1552 рэестр зафіксаваў 6 казацкіх службаў). У Расіі ў 1571 з’явілася «Улажэнне аб станічнай і вартавой службе», у 1754 створаны пагран. мытні (з 1772 і на тэр.ўсх. Беларусі), у 1811 уведзена «Палажэнне аб арганізацыі пагранічнай казённай стражы», якая ў 1899 атрымала вайсковае ўпарадкаванне (пагран. брыгады, акругі і інш.). У СССР першыя пагран. часці сфарміраваны ў 1918, на тэр.БССР — у 1924. У 1932 за вял. заслугі ў ахове рубяжоў і актыўны ўдзел у гасп.-паліт. умацаванні пагран. раёнаў пагран. войскі ДПУ БССРузнаг. ордэнам Прац.Чырв. Сцяга БССР (уручаны Дзярж. к-ту пагран. войск Рэспублікі Беларусь у 1998). У Вял.Айч. вайну пагранічнікі зах. рубяжоў СССР першыя прынялі на сябе ўдар ням -фаш. захопнікаў. Гераічнае супраціўленне агрэсару аказалі пагранічнікі, у т. л. тыя, што былі сярод абаронцаў Брэсцкай крэпасці (падраздзяленні 17-га пагранатрада і інш.), байцы застаў, якімі камандавалі А.М.Кіжаватаў, В.М.Усаў, А.М.Сівачоў. Асабовы склад пагран. палкоў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі ад акупантаў, вызначыўся пад Магілёвам, Оршай, Мінскам і Баранавічамі (за баявыя подзвігі пагранічнікам Ф.Г.Крылову і А.М.Наскову пасмяротна прысвоена званне Героя Сав. Саюза).
А.А.Паўлоўскі.
Да арт.Пагранічныя войскі: пагранічны кантроль на прапускных пунктах Брэст-Цэнтральны і Брузгі.Да арт.Пагранічныя войскі: пагранічны нарад аглядае кантрольна-следавую паласу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДА́ТКІ,
абавязковыя грашовыя плацяжы юрыд. і фіз. асоб у дзярж. або мясц. бюджэт. Устанаўліваюцца і прымусова спаганяюцца дзяржавай у форме пераразмеркавання часткі грамадскага прадукту, што выкарыстоўваецца для задавальнення агульнадзярж. патрэб. Сутнасць, унутр. змест і значэнне раскрываюць іх функцыі: фіскальная (функцыя асноўная і характэрная для ўсіх дзяржаў на розных этапах развіцця); выяўляецца ў бесперабойным забеспячэнні дзяржавы фін. рэсурсамі); стымулюючая (выяўляецца ў змене аб’екта абкладання, змяншэнні падаткаабкладаемай базы і рэалізуецца праз сістэму льгот, прэферэнцый, выключэнняў); размеркавальная (забяспечвае працэс пераразмеркавання часткі сукупнага грамадскага прадукту); рэгулюючая (удзельнічае ў пераразмеркавальным працэсе, уплывае на ўзнаўленне і яго тэмпы, назапашванне капіталу і плацежаздольны попыт насельніцтва).
П. вядомы з глыбокай старажытнасці, калі яны існавалі ў форме даніны, павіннасцей і інш. пабораў. Узнікненне П. звязана з неабходнасцю ўтрымання дзяржавы. У ВКЛ і Рэчы Паспалітай П. выступалі ў якасці ўстаноўленых плацяжоў на карысць дзяржавы, феадалаў і царквы. Падатковай адзінкай у сельскай мясцовасці была абшчына, сяляне якой плацілі грашовыя і натуральныя П.; з гарадоў спаганялася ардыншчына, сярэбшчына, карчомны чынш Да пач. 17 ст. ў ВКЛ было больш за 30 розных павіннасцей (байдачнае, дзесяціна, куніца, саха, чоп і інш.). У Рас. імперыі, потым у СССР П. вызначаліся і спаганяліся ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. У 1930 у сувязі з падатковай рэформай шматлікія П. прадпрыемстваў (больш за 80 відаў аб’яднаны ў П. з абароту і адлічэнні ад прыбытку. Пазней П. ў асноўным спаганяліся з даходаў грамадзян, каап., грамадскіх прадпрыемстваў і з калгасаў у форме падаходнага падатку. Насельніцтва таксама плаціла мясцовыя зборы — с.-г. П., з маласямейных і адзінокіх грамадзян. Асн. крыніцай даходаў бюджэту былі П. з абароту — універсальныя акцызы, якія плацілі прадпрыемствы. З іх дапамогай ажыццяўлялася рэгуляванне фіксаваных рознічных і аптовых цэн. Уведзеныя ў 1960 плата за фонды, фіксаваныя плацяжы, плата за прац. рэсурсы па-сутнасці былі абавязковымі П.
У Рэспубліцы Беларусь з 1992 заканадаўча зацверджана новая падатковая сістэма. П., як і аб’ектаў абкладання, шмат, яны гарантуюць прыкладна роўныя ўмовы ўсім суб’ектам, незалежна ад формы ўласнасці. Юрыд. асобы абавязаны плаціць ускосныя і адначасовыя грашовыя П. Сярод ускосных: П. на дабаўленую вартасць (аб’ект падаткаабкладання — вартасць, якую прадпрыемства дабаўляе да вартасці сыравіны, матэрыялаў або тавараў пры вытв-сці і рэалізацыі прадукцыі, выкананні работ і аказанні паслуг), П. на паліва (аб’ект падаткаабкладання — выручка ад рэалізацыі бензінаў і дызельнага паліва, сціснутага і звадкаванага газу); П. на продаж (разнастайныя акцызы на асобныя тавары, напр., на гарэлку, тытунёвыя вырабы і да т.п.). Да прамых П. належаць: П. на прыбытак, даходы, нерухомасць, надзвычайны для ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, экалагічны, транзітны, мытныя пошліны, зямельны. Насельніцтва плаціць П. на нерухомасць, зямельны; прадпрымальнікі плацяць таксама П на дабаўленую вартасць. Усе сумы П. і збораў залічваюцца ў бюджэт краіны. Памеры адлічэнняў у мясц. бюджэты ад агульнадзярж. П. ўстанаўліваюцца штогод пры зацвярджэнні бюджэту. Гл. таксама Падатковая палітыка, Падатковыя льготы.
Літ.:
Фишер С., Дорнбуш Р., Шмалензи Р. Экономика: Пер. с англ.М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎЦЫ (саманазва летувяй),
народ, асн. насельніцтва Літвы (2924 тыс.чал.; 1992). Жывуць таксама ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі 7,6 тыс.чал. (перапіс 1989), Латвіі, ЗША і інш. Агульная колькасць 3,45 млн.чал. (1992). Гавораць на літоўскай мове. Вернікі пераважна католікі.
Літоўская народнасць пачала складвацца ў 12—13 ст. Пасля ўтварэння Вялікага княства Літоўскага пачаўся працэс паступовага зліцця этнічных груп Л. у агульную народнасць, якому спрыяла прыняцце каталіцтва ў Літве (Аўкштайціі і ў балцкіх арэалах на Беларусі) у 1387 і ў Жамойці ў 1413. У ходзе гэтага працэсу асіміляваны некат. балцкія плямёны (прусы, яцвягі, земгалы і інш.). У 16—18 ст. Л. ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Пасля яе 3-га падзелу (1795) Літва далучана да Рас. імперыі. Кансалідацыя Л. у нацыю завяршылася ў 2-й пал. 19 ст.Традыц. тып паселішчаў Л. у канцы 19 — пач. 20 ст : на З — хутары, на У — вёскі. Нац. адзенне: у жанчын — тунікападобная кашуля, стракатая безрукаўка, часам са шнуроўкаю на грудзях, паласатая або ў клетку спадніца, фартух і ўзорысты тканы пояс; у мужчын — кашуля, шарсцяная куртка. паласатыя або ў клетку штаны, пояс.
Культ. ўзаемаўплыў беларусаў і Л. быў асабліва актыўны ў часы ВКЛ. У той перыяд арэал рассялення Л. быў больш шырокі за сучасны і ахопліваў прылеглыя да літ. мяжы тэр. сучаснай Гродзенскай вобл. Гістарычна і тапанімічна зафіксаваны месцы кампактнага пражывання Л. далей на У: у вёсках з назвай Літва ў верхнім Панямонні ці з характэрна літ. назвамі тыпу Бакшты, Жвірблевічы на Міншчыне і інш. Па-за межамі асн. арэала Л. рассяляліся па тэр. Беларусі ў выніку міграцый, асабліва пры перамяшчэннях паміж уладаннямі аднаго феадала, які меў падданых і ў Літве, і на Беларусі. Адначасова і карэнная тэр. Л. была аб’ектам слав. міграцыі, асабліва моцнай каля Вільні. Л. складалі меншасць насельніцтва ВКЛ. Да 2-й пал. 16 ст. яны не мелі ўласнай пісьмовасці. Шматлікая арыстакратыя літ. паходжання мела тэндэнцыю да абеларушвання, з 17 ст. — да паланізацыі. Тая ж тэндэнцыя назіралася і сярод гар. насельніцтва. Моцны культ. ўплыў беларусаў адчувалі Л. — сяляне дзукі. Да канца 19 ст. гэта прывяло да суцэльнай беларусізацыі Віленскага краю. У канцы 1870 — пач. 1890-х г. адзначана перасяленне Л. на ўсх. і паўн.-ўсх. землі Беларусі. У 1897 кампактныя групы Л. жылі ў Лідскім (17 285 чал.), Ашмянскім (8754), Гродзенскім (2814), Аршанскім (каля 1400), Сенненскім (каля 800), Чавускім (каля 500), Барысаўскім (больш за 400) паветах. Яны займаліся пераважна земляробствам, ткацтвам. Напярэдадні 1-й сусв. вайны толькі на У Беларусі жыло каля 10 тыс. Л. У час вайны ў выніку міграцыі і эвакуацыі з этн. Літвы павялічылася колькасць Л.-гараджан. У 1919—20 існавала Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Паводле перапісу 1926 Л. у БССР было 6564 чал., у т. л. да 2 тыс. гараджан (Віцебск, Барысаў, Гомель, Мінск); да 65% іх жыло ў Барысаўскім, Дубровенскім, Крупскім, Лёзненскім, Мсціслаўскім, Полацкім, Сенненскім, Ушацкім, Чавускім р-нах. У месцах кампактнага рассялення Л. у 1920—30-я г. існавалі нац. калгасы (6 у 1934); у 1928—39 існаваў Малькаўскі літ.нац. сельсавет. Дзейнічалі нац. школы: 2 у 1925—26, 12 у 1929, 10 у 1931—32, 13 у 1934—35, 9 у 1936, а таксама нац.-змешаныя: 1 літ.-латышская і 1 бел.-літоўская (1936). З 1928 існавала літ. секцыя Бел. асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (з 1932 СП БССР). З 1927 у Інбелкульце (з 1929 АН Беларусі) працавала кафедра гісторыі Літвы, з 1929 — літ. сектар АН, з чэрв. 1933 — літ. секцыя Ін-та нацменшасцей АНБССР. Пры ЦККП(б)Б існавала Літ. бюро. У Мінску і Віцебску працавалі літ. рабочыя клубы. У 1927—37 у Мінску выдавалася газ. на літ. мове «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»), радыёстанцыя «Савецкая Беларусь» трансліравала перадачы на літ. мове. З 1932 існаваў літ. сектар пры Белдзяржвыдавецтве, выдаваліся падручнікі і л-ра на літ. мове. У 1937—38 нац. арг-цыі скасаваны, многія Л. рэпрэсіраваны; колькасць Л. у БССР зменшылася. На тэр.Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. дзейнічала літ.культ.-асв.т-ва «Раніца», існавалі літ. школы, нар. чытальні; з 1930 пры Віленскім акруговым к-це КПЗБ (з 1931 пры ЦККПЗБ) дзейнічала Літоўскае бюро ЦККПЗБ. У пасляваен. час, пераважна ў 1950-я г., з месцаў кампактнага пражывання Л. на Беларусі адбывалася міграцыя ў Літ. ССР, дзе ўтварыліся своеасаблівыя грамадска-культ. асяродкі: т-ва «Гервечай», што аб’ядноўвае ўраджэнцаў в. Гервяты (Астравецкі р-н) і клуб «Бяржынас» («Бярэзнік») які аб’ядноўвае ўраджэнцаў в. Малькава (Дубровенскі р-н) і наваколля; пэўная колькасць Л. перасялілася на Беларусь.
У 1970 Л. на Беларусі было 8092 чал., у 1979—6993. Большасць з іх жыве ў Гродзенскай вобл. (Астравецкі і Воранаўскі р-ны). У гэтых раёнах у 1957 створана 8 школ з выкладаннем літ. мовы, цяпер дзейнічаюць 2 сярэднія школы ў Воранаўскім і Астравецкім р-нах, 1 школа з літ. класамі ў Браслаўскім р-не. У в. Рымдзюны (Астравецкі р-н) будуецца Літ. грамадска-культ.цэнтр. З 1994 існуе Рэсп.абшчына Л. Беларусі, у склад якой уваходзяць суполкі Воранаўскага, Астравецкага і Браслаўскага р-наў, а таксама Гродзенскае аб’яднанне Л. «Тэвіня». Нягледзячы на актыўныя працэсы этнакульт. збліжэння, літ. насельніцтва ў многім захоўвае асаблівасці побыту і культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАСТЫ́Р (грэч. monastērion келля пустэльніка),
рэлігійная абшчына манахаў або манашак (гл.Манаства) у хрысціянстве (акрамя пратэстантызму), індуізме, будызме, ісламе, а таксама тэрыторыя, храм і ўсе будынкі, якія належаць такой абшчыне. Падзяляюцца на мужчынскія і жаночыя. Існавалі з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. ў Егіпце (культ. Серапіса), з 2—1 ст. да н.э. ў Індыі. На Русі з’явіліся ў 11 ст. ў сувязі з прыняццем хрысціянства. Паводле царк. рэформы, праведзенай у 1764 у Рас. імперыі, кіраванне манастырскімі землямі перададзена Калегіі эканоміі, a М. падзелены на лаўры, кафедральныя, 1-га, 2-га і 3-га класаў, пазаштатныя, прыпісныя, скасаваныя.
На Беларусі правасл. М. з’явіліся ў 12 ст. (паводле інш. звестак, у 10 ст.): Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр і 2 на берагах Палаты, якія заснавала Ефрасіння Полацкая. У 12 ст. з’явіліся 2 М. ў Тураве — Варварынскі і Барысаглебскі. у канцы 13 — сярэдзіне 16 ст. заснавана каля 40 новых. 17 М. дзейнічала ў Полацкім пав., 7 — у Навагрудскім, па 5 — у Пінскім і Аршанскім, па 4 — у Віцебскім і Мінскім, па 3 — у Брэсцкім, Гродзенскім, Мсціслаўскім, па 2 — у Ашмянскім, Браслаўскім, Мазырскім, Слонімскім. У рымска-каталіцкай царкве М. наз.кляштар. У выніку Брэсцкай уніі 1596 створана уніяцкая царква, да якой паступова пераходзілі правасл. М. і будаваліся новыя. У канцы 17 — пач. 18 ст. на Гомельшчыне з’явіліся стараверскія М. — скіты. У 1795 1-га класа быў Пінскі Богаяўленскі брацкі мужчынскі М., 2-га класа — Віленскі Святадухаўскі манастыр і Слуцкі Спаса-Ільінскі жаночы М.; 28 М. аднесены да пазаштатных і 3 да скасаваных. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. колькасць М. зменшылася з 60 да 37. У гэты перыяд заснаваны або адноўлены жаночы Мінскі Спаса-Праабражэнскі, мужчынскія Бялыніцкі Раства Багародзіцы, Няклюдаўскі Барысаглебскі (Талачынскі р-н), Мінскі Святадухаўскі і інш. Рашэннем Полацкага царкоўнага сабора 1839 уніяцкая царква ліквідавана, а яе М. закрыты або пераўтвораны ў праваслаўныя. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 Дэкрэтам СНК РСФСР ад 23.1.1918 царква аддзелена ад дзяржавы, маёмасць М. аб’яўлена нар. здабыткам. Адпаведны дэкрэт ад 11.1.1922 прыняў СНКБССР і М. тут пачалі хутка закрывацца. Толькі на тэр.Зах. Беларусі дзейнічаў Жыровіцкі Успенскі манастыр. У 2-й пал. 1980-х г. пачалося адраджэнне рэліг. жыцця: аднаўленне храмаў, М., духоўных навуч. устаноў. На Беларусі існуе 5 мужчынскіх і 9 жаночых М. (1999).
Архітэктура М. адлюстроўвае іх функцыю і ролю ў грамадскім жыцці, звязана з нац. рэгіянальнымі асаблівасцямі дойлідства розных краін і народаў. Найб.стараж. М. — будыйскія, з’явіліся ў 2—1 ст. да н.э. ў Індыі і пашырыліся ў краінах Паўд. і Усх. Азіі. У Індыі, Кітаі (Лунмынь, Майцзішань) пячорныя М. 2 ст. да н.э. — 5 ст. складаліся з высечаных у скале малітоўнай залы, келляў, трапезнай, б-кі, манаскага інтэрната (віхара) і інш. Наземныя М. ў Кітаі, Японіі, Паўд.-Усх. Азіі (Лінгусы ў Нанкіне, Кітай, 14—17 ст., Салін у Мандалаі, М’янма, 2-я пал. 19 ст.) уяўлялі сабой маляўнічыя комплексы з малітоўных і жылых пабудоў, мемар. храмаў і пагад ці рэгулярна-восевыя ансамблі сумежных двароў, абкружаных драўлянымі храмамі-павільёнамі. Ламаісцкія М. Тыбета (размешчаныя звычайна амфітэатрам па схілах гор), Манголіі, Бураціі, Калмыкіі складаліся з рэгулярных комплексаў з ярусных храмаў і дамоў лам. У 4—6 ст. у Паўн. Афрыцы і на Б. Усходзе з’явіліся першыя хрысц. М. абарончага тыпу. Іх абкружалі магутнымі сценамі, уключалі храмы (3-нефавыя базілікі), памяшканні для жылля, трапезы, чытання. У 6—9 ст. у Зах. Еўропе сфарміраваўся класічны тып каталіцкага М. — кляштара. Правасл. М. Візантыі, балканскіх краін, Грузіі, Украіны, Расіі, а таксама Беларусі мелі больш свабодную і разнастайную планіроўку, якая фарміравалася часам на працягу стагоддзяў (Гелацкі манастыр, М. Хора ў Канстанцінопалі, 10—11 ст.). Комплекс М. абкружалі сцены з вежамі, уздоўж сцен размяшчаліся келлі, у цэнтры — сабор, трапезная, званіца, калодзеж. Арх. формы службовых і гасп. пабудоў (шпіталі, лазні, пральні) часта звязаны з нар. дойлідствам. Пры заснаванні і пашырэнні М. улічвалі іх размяшчэнне (пры зліцці рэк, каля возера, на востраве і г.д.), прыроднае наваколле, характар рэльефу, што арганічна звязвала комплекс з ландшафтам. Абкружаныя сцяной і вежамі М. стваралі на стратэг. напрамках абарончыя фарпосты вакол гарадоў, з’яўляліся важнымі элементамі іх планіроўкі. Да сярэдзіны 16 ст. формы М. былі строгія, лаканічныя, у канцы 17 ст. іх дэкор і архітэктура ўзбагаціліся. У перыяд Адраджэння і барока М. страцілі абарончае значэнне. Пачалі ўзводзіць парадныя ансамблі М.-палацаў, пабудаваных кампактна, паводле адзінага плана (Смольны М. у С.-Пецярбургу). Вял. і ўплывовыя М. наз. лаўрамі. Найбольшыя М. ў Расіі: Данскі манастыр, Іосіфа-Валакаламскі манастыр, Кірыла-Белазерскі манастыр, Міражскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Новаіерусалімскі манастыр, Салавецкі манастыр, Спаса-Праабражэнскі ў г. Яраслаўль (засн. ў канцы 12 ст.), Спаса-Прылуцкі каля г. Волагда (16—17 ст.) і інш. У 19—20 ст. новыя М. будавалі рэдка (М. Ла-Турэт у Эвё, Францыя, 1956—59, арх. Ле Карбюзье), яны не адыгрывалі значнай ролі ў забудове гарадоў, старыя М. часта станавіліся музеямі. На Беларусі найб. буйныя М.: у Полацку Барысаглебскі, Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, Пінскі Ляшчынскі манастыр. У 17—20 ст. існавалі Магілёўскі Богаяўленскі манастыр, Магілёўскі Спаскі манастыр, Слуцкі Троіцкі манастыр і інш. Шэраг бел. М. — выдатныя арх. ансамблі, большасць з іх створана ў стылі барока, у інтэр’еры многіх захаваліся творы манум. пластыкі і жывапісу (Успенскі М. у Жыровічах, Полацкі Богаяўленскі манастыр і інш.). Гл. таксама Культавыя збудаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАД,
буйны населены пункт, жыхары якога заняты пераважна ў прам-сці, гандлі, сферах абслугоўвання, навуцы, культуры, кіраванні і інш., а сам ён з’яўляецца гасп., культ., у большасці выпадкаў і адм. цэнтрам. Для горада характэрны канцэнтрацыя вытв-сці, павышаная шчыльнасць засялення і кампактнасць забудовы. Для аднясення населенага пункта да катэгорыі горада заканад. органы розных краін выкарыстоўваюць розныя крытэрыі і паказчыкі: колькасць насельніцтва (люднасць), адм. і нар.-гасп. функцыі, гар. прыкметы (узровень добраўпарадкавання) і інш. Крытэрый колькасці насельніцтва горада вагаецца ад 250 чал. у Даніі да 30 тыс.чал. у Японіі. Сучасныя гарады звычайна падзяляюцца на малыя (да 50 тыс.), сярэднія (50—100 тыс.), вялікія (100—250 тыс.), буйныя (250—500 тыс.), найбуйнейшыя (500 тыс. — 1 млн.) і гарады-мільянеры (больш за 1 млн. жыхароў). У свеце існуе больш за 220 гарадоў-мільянераў, а самы буйны — Токіо, 25,8 млн. жыхароў (1992). Каля многіх буйных гарадоў узнікаюць гарады-спадарожнікі. Часта гарады і гарады-спадарожнікі аб’ядноўваюцца, ствараючы агламерацыі гарадскія, якія могуць аб’ядноўвацца ў мегаполісы. У жыцці грамадства горад (асабліва буйныя) выступае як мнагапланавы сац. арганізм, складаны эканам.-геагр., арх., інж.-буд. і культ. комплекс. Для горада характэрна канцэнтрацыя і інтэнсіўнасць розных формаў сац. сувязей, спецыфічная (у параўнанні з вёскай) дэмаграфічная, прафес. і арганізац. структура. Органамі гар. кіравання, тыповымі для сучасных замежных дзяржаў, з’яўляюцца выбарны муніцыпальны савет (муніцыпалітэт), кіраўнік гар. адміністрацыі (мэр, бургамістр і да т.п.), які выбіраецца гэтым саветам або насельніцтвам, і падначаленыя ім аддзелы. Для сталічных гарадоў нярэдка ўстанаўліваюцца асобыя формы кіравання.
У Рэспубліцы Беларусь гарады падзяляюцца на 3 катэгорыі: рэсп., абл. і раённага падпарадкавання. Гар. кіраванне ажыццяўляецца праз гар. Саветы дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам гэтых гарадоў, выканаўчыя і распарадчыя органы, кіраўнікі якіх назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і зацвярджаюцца адпаведнымі Саветамі.
Узнікненне горада падрыхтавана грамадскім падзелам працы (пач. аддзяленне рамёстваў ад сельскай гаспадаркі) і ўтварэннем раннекласавых дзяржаў. Паселішчы, падобныя да горада, існавалі ўжо ў 7—6 ст.тыс. да н.э. (напр., Іерыхон у Палесціне). На думку шэрагу даследчыкаў, першыя гарады ўзніклі каля 5 тыс. гадоў назад на Б. Усходзе, у Месапатаміі (Шумер), пазней — у даліне Ніла (Мемфіс, Фівы), Індыі (Махенджа-Дара, Харапа) і інш. 1-я стадыя станаўлення і развіцця горада ахоплівае перыяд з 4-га тыс. да н.э. да 1-й пал. 1-га тыс.н.э.Найб. важныя зрухі адбыліся на першых двух этапах гэтай стадыі. На 1-м этапе (4—3-е тыс. да н.э.) у найстараж. абласцях цывілізацыі, напр. у Месапатаміі, вылучыліся буйныя цэнтры (Ур, Урук, Эрэх і інш.), якія мелі плошчу да 200 і больш га, нас. да 20 тыс.чал. На 2-м этапе (канец 3-га—2-е тыс. да н.э.) колькасць гарадоў значна павялічылася, вычленіліся іх гал. суб’екты (гандляры і рамеснікі, служыцелі храмаў і пісцы, служачыя, маракі, мастакі і інш.), пашырыліся зоны працэсаў урбанізацыі (Іран, Пакістан, Пд Сярэдняй Азіі і інш.). У канцы архаічнай эпохі (800—500 да н.э.) у Стараж. Грэцыі з’явіліся гарады-дзяржавы (гл.Поліс). Пазней нямала гарадоў узнікла ў ходзе стараж.-грэч. каланізацыі, заваяванняў Аляксандра Македонскага, экспансіі стараж. рымлян. Эканамічна стараж. гарады, якія ўзнікалі з суседскай абшчыны, грунтаваліся на сельскай гаспадарцы (з ёй была звязана большасць іх жыхароў), спецыялізацыі рамёстваў і гандлі. Для тагачаснай гар. арганізацыі характэрна наяўнасць умацаванага цэнтра (горад ва ўласным сэнсе слова) і падпарадкаванай яму перыферыі, або акругі. У адрозненне ад вёскі ўжо раннія гарады апрача функцый сховішча набылі рысы палітыка-адм. (тут знаходзілася рэзідэнцыя правіцеля), культавых (размяшчаліся рэліг. свяцілішчы), гасп. і культ. цэнтраў. Еўрап. Гарады ранняга сярэднявечча сфарміраваліся на працягу 5—11 ст. [раней у Італіі і Візантыі, пазней (9—13 ст.) у Германіі, на Русі, у Скандынаўскіх краінах, Ірландыі, Шатландыі, Польшчы, Венгрыі, Дунайскіх княствах]. Многія з іх трансфармаваліся з антычных гарадоў, якія заняпалі ва ўмовах тагачаснага панавання натуральнай гаспадаркі і аграрызаваліся, або развіваліся з новых паселішчаў. Першапачатковае насельніцтва такіх гарадоў складалася пераважна з феадальна залежных людзей уладальніка зямлі, на якой ён стаяў. Таму сеньёры гарадоў прысвойвалі значную частку гар. даходаў. У 11—13 ст. гэта выклікала супраціўленне гараджан, якое перарасло ў барацьбу за гар. самакіраванне і прававую арганізацыю, т.зв. камунальны рух. У ходзе яго (ахапіў пераважна частку Зах. і Паўд. Еўропы) гараджане вызваліліся ад асабістай залежнасці, канчаткова склаліся гарадскі лад (рамесныя цэхі, гільдыі купцоў, грамадз.гар.абшчына), праўленне (муніцыпальныя органы, суд), права, саслоўе (гл.Бюргерства). Узніклі гарады-рэспублікі (напр., Венецыя і Генуя ў Італіі, Ноўгарад і Пскоў на Русі), камуны (напр., далмацінскі Дуброўнік), вольныя і імперскія гарады. Дэмаграфічную аснову горада з канца 11 — сярэдзіны 12 ст. складалі збеглыя сяляне. Большасць сярэдневяковых гарадоў былі малыя (1—2 тыс. жыхароў) і сярэднія (3—5 тыс. жыхароў); найбуйнейшы — Канстанцінопаль (больш за 100 тыс. жыхароў). Часам гарады аб’ядноўваліся ў саюзы (напр., Ганза ў Германіі). Горад, як правіла, быў ахаваны зубчастымі каменнымі, часам драўлянымі сценамі ў 1—2 рады або земляным валам з частаколам. Яго планіроўка была радыяльна-кругавая, з 13 ст. часцей прамавугольная («гатычная»). Тут меліся прыгожыя саборы; гар. вуліцы былі вузкія, неўпарадкаваныя. Гасп. цэнтры горада размяшчаліся ў гар. прадмесцях (ніжнім горадзе, пасадзе, слабадзе). У 16 ст. ў Еўропе ўзніклі першыя метраполіі (Парыж, Лондан). Да адкрыцця еўрапейцамі Новага Свету даволі развітыя гарады (культавыя і гандл. цэнтры) існавалі ў Амерыцы (асабліва ў індзейцаў майя). Многія гарады засн. ў ходзе каланізацыі еўрапейцамі інш. кантынентаў (узнікалі як форты, порты і інш.). У індустр. эпоху ў сувязі з прытокам збяднелых сялян актывізаваўся рост буйных гарадоў — прамысл. цэнтраў (найб. з сярэдзіны 19 ст. ў Цэнтр. Еўропе і Паўн. Амерыцы), у якіх з’явіліся новыя формы забудовы (напр., шматкватэрныя дамы). Пазней гэты працэс ахапіў і традыцыйна агр. рэгіёны (Цэнтр. Афрыка, Цэнтр. Азія). У пач. 20 ст. развіццё сац. жыллёвага буд-ва прывяло да ліквідацыі цесных рабочых кварталаў унутры горада. Для сучасных буйных гарадоў характэрны шматфункцыянальнасць, высокая шчыльнасць забудовы, асобнае размяшчэнне жылых месцаў (т.зв. спальныя раёны) і месцаў працы, масавы вулічны рух, сац. праблемы (напр., беспрацоўе, злачыннасць) і інш.Найб. хутка растуць звышбуйныя гарады ў краінах, якія развіваюцца; тут асабліва адчувальныя праблемы беднасці, экалогіі.
На Беларусі першыя гарады ўзніклі ў 9 — 13 ст. і ўяўлялі сабой агароджанае (адсюль назва «горад») умацаванае паселішча. Нярэдка яны ўтвараліся на месцах б.гарадзішчаўжал. веку. Многія бел. гарады развіліся з умацаваных паселішчаў, феад. замкаў, парубежных крэпасцей. Росту гарадоў спрыяла яго геагр. размяшчэнне — скрыжаванне гандл. шляхоў, блізкасць ракі ці возера, якія выкарыстоўваліся як трансп. магістралі. На тэр. Беларусі дакладна ідэнтыфікавана і даследавана 35 гарадоў 9—13 ст., сярод якіх Полацк (з 9 ст.), Заслаўе, Тураў (з 10 ст.), Брэст, Віцебск, Лагойск, Мінск, Пінск (з 11 ст.), Барысаў, Брагін, Гомель, Гродна, Клецк, Навагрудак, Слаўгарад (Прапойск), Слуцк (з 12 ст.). Ядром горада звычайна быў дзядзінец, найчасцей размешчаны на ўзвышаным месцы, абкружаны абарончымі збудаваннямі. Побач узнікалі вакольны горад, вакол якога стваралася 2-я лінія ўмацаванняў, і пасады. Гарады развіваліся на аснове радыяльна-кальцавой і радыяльна-веернай сістэмы планіроўкі, у 11—13 ст. будаваліся мураваныя храмы, вежы-данжоны. У 12—13 ст. у гарадах пераважна развіваліся кавальства, ювелірнае, шавецкае, кравецкае, касцярэзнае, ганчарнае, бандарнае рамёствы. Сярод гараджан была пашырана пісьменнасць, пра што сведчаць берасцяныя граматы і графіці. У раннефеад. перыяд большасць гарадоў стала цэнтрамі ўдзельных княстваў, некаторыя — рэзідэнцыямі епіскапаў. Склаліся некаторыя рысы спецыялізацыі эканам. дзейнасці гарадоў. Прыватнаўласніцкія гарады і мястэчкі ператвараліся ў цэнтры вотчыннай прамысловасці. Ускладненне грамадскага ладу ў феад. эпоху выклікала ўзнікненне ў буйных гарадах цэхавай сістэмы і самакіравання паводле нормаў магдэбургскага права і мясц. права (гл.Гарадское права). У сац.-паліт. жыцці гарадоў важную ролю адыгрывала барацьба супраць феад. самавольства. Гарады былі цэнтрамі рэфармацыйнага руху і супраціўлення нац.-рэліг. прыгнёту. У канцы 17 — 1-й пал. 18 ст. ў выніку працяглых войнаў гарады Беларусі прыйшлі ў заняпад. Калі ў 17 ст. на Беларусі было 37 гарадоў і 320 паселішчаў местачковага тыпу, то ў сярэдзіне 18 ст. гарадоў і гар. паселішчаў засталося 228, а колькасць жыхароў у іх зменшылася ў 2,5 раза. Заняпад змяніўся новым уздымам. З 1786 па 1861 колькасць гар. насельніцтва павялічылася з 80 да 320 тыс. жыхароў. Органамі самакіравання засталіся магістраты. У парэформенны перыяд (пасля 1861) паскорыўся рост ф-к і з-даў, развіццю гарадоў спрыяла гарадская рэформа 1870-х гадоў. У 1887 у 42 гарадах пражывала 649,5 тыс. жыхароў. Гарады ператвараліся ў культ. цэнтры, дзе канцэнтраваліся навуч. ўстановы, тэатры, музеі. Значны рост насельніцтва гарадоў адбыўся ў БССР у выніку індустрыялізацыі, у 1939 у гарадах жыло 1854,8 тыс.чал. (20% насельніцтва). У 1990-я г.гар. насельніцтва Беларусі павялічылася ў параўнанні з 1950 у 4,3 раза; яго ўдзельная вага склала 67,6% ад усяго насельніцтва рэспублікі, што з’яўляецца адным з вышэйшых паказчыкаў урбанізаванасці ў свеце. На 1997 на Беларусі 102 гарады (39 рэсп. падпарадкавання), з іх 13 (без Мінска) мелі больш за 100 тыс.ж. (Гомель 512 тыс., Віцебск 364 тыс., Магілёў 368 тыс., Гродна 304 тыс., Брэст 295 тыс., Бабруйск 227 тыс., Баранавічы 172 тыс., Барысаў 153 тыс., Пінск 131 тыс., Орша 139 тыс., Мазыр 109 тыс., Ліда 101 тыс., Салігорск 101 тыс.). У Мінску жыве 1,7 млн.чал.
Літ.:
Развитие античного и средневекового города. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРДО́ВІЯ, Рэспубліка Мардовія,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 26,2 тыс.км². Нас. 950 тыс.чал. (1997), гарадскога 59%. Сярэдняя шчыльнасць 36,3 чал. на 1 км². Жывуць мардва (групы эрзя і мокша, 32,5%), рускія (60,8%), татары (4,9%), украінцы (0,7%), беларусы (0,2%) і інш. Сталіца — г.Саранск. Найб. гарады: Рузаеўка, Кавылкіна, Краснаслабодск, Ардатаў.
Прырода. Размешчана на У Усходне-Еўрап. раўніны. На З Окска-Данская раўніна з акумулятыўнымі формамі рэльефу, на ПдУ Прыволжскае ўзв. (выш. да 322 м), парэзанае сеткай яроў і лагчын. Карысныя выкапні: мергель, фасфарыты, даламіты, вапнякі, мел, гліны, кварцавы пясок і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -11 °C, ліп. 19 °C. Гадавая колькасць ападкаў 420—525 мм. Гал. рэкі: Мокша (з прытокамі Вад, Саціс, Сівінь, Іса) і Сура з прытокам Алатыр. Глебы чарназёмныя (на З ападзоленыя, на У вышчалачаныя), шэрыя лясныя, дзярнова-падзолістыя, па далінах рэк алювіяльныя і тарфяна-балотныя. Лясы займаюць 24% тэрыторыі (дуб, хвоя, бяроза, ліпа, асіна). На Пд стэпавыя ўчасткі, поўнасцю разараныя. З жывёл пашыраны воўк, лось, барсук, бабёр, мядзведзь, дзік, ліс, зайцы русак і бяляк, з птушак — цецярук, шэрая курапатка, глушэц. Мардоўскі запаведнік.
Гісторыя. Чалавек на тэр. М. вядомы з мезаліту (8—5-е тыс. да н.э.). У неаліце (5—3-е тыс. да н.э.) тут жылі плямёны волга-камскай і балахнінскай культур. У 1-м тыс.н.э. першабытна-абшчынны лад распадаўся, складвалася абшчына, узніклі этн. асаблівасці мардоўскіх плямён эрзя і мокша. Першая пісьмовая згадка пра плямёны з агульнай назвай мардва датуецца 6 ст. На мяжы 1—2-га тыс. пачалося фарміраванне феад. адносін. У 11—12 ст. мардва паступова ўключалася ў паліт. і эканам. жыццё Стараж. Русі, у пач. 13 ст. частка яе зямель уваходзіла ў склад Разанскага і Ніжагародскага княстваў. У выніку Мангольскіх заваяванняўб.ч. зямель М. ўвайшла ў склад Залатой Арды, а з 1348 — Казанскага ханства. Мардоўскія атрады ўдзельнічалі на баку рус. войск у Кулікоўскай бітве 1380. Пасля ліквідацыі Казанскага ханства (1552) мардоўскія плямёны прызналі ўладу рас. цара. Вялікадзярж. палітыка царызму выяўлялася ў прымусовым увядзенні праваслаўя. З 17 ст. буйным цэнтрам рамяства і гандлю становіцца г. Саранск (засн. ў 1641). Насельніцтва М. ўдзельнічала ў сял. войнах пад кіраўніцтвам С.Разіна (1670—71) і Е.Пугачова (1773—75). З 1796 тэр. М. ўваходзіла пераважна ў склад Пензенскай, Тамбоўскай і Сімбірскай губерняў. У вайну 1812 каля 50 тыс.чал. з ліку насельніцтва М. былі залічаны ў апалчэнне, Саранскі і Інсарскі палкі ўдзельнічалі ў замежных паходах рас. арміі 1813—14. У выніку рэформы 1861 сяляне страцілі лепшыя ворныя землі, беззямельныя сяляне масава перасяляліся ў Сібір і Казахстан. У 1890-я г. праз тэр. М. пракладзены чыгункі, але край заставаўся пераважна аграрным са слаба развітой прам-сцю. У рэвалюцыю 1905—07 на станцыі Рузаеўка ў снеж. 1905 адбылося паўстанне чыг. рабочых і існавала «Рузаеўская рэспубліка». Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у М. ўзніклі Саветы. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 улада да вясны 1918 належала меншавікам і эсэрам, потым перайшла да бальшавікоў. З-за вял. рассейвання мардвы нац.-дзярж. будаўніцтва ў М. зацягнулася.
У 1928 у складзе Сярэдняволжскай вобл. РСФСР вылучана Мардоўская нац. акруга, якая 10.1.1930 пераўтворана ў Мардоўскую аўт.вобл., а 20.12.1934 — у Мардоўскую Аўт.Сав.Сацыяліст. Рэспубліку. На тэр. М. з 1930-х г. існавалі лагеры прымусовай працы. Шмат мардвы пражывала па-за межамі М. (агульная колькасць у 1979 у СССР 1154 тыс.). У снеж. 1990 Вярх. Савет М. прыняў дэкларацыю аб дзярж.-прававым суверэнітэце рэспублікі ў складзе Расіі. У 1991 уведзена пасада прэзідэнта. 31.3.1992 М. разам з інш. рэспублікамі падпісала федэратыўны дагавор з Расіяй. З 1994 афіц. назва — Рэспубліка Мардовія.
Гаспадарка. Структура валавой прадукцыі прам-сці (%): машынабудаванне і металаапрацоўка — 39., электраэнергетыка — 14, харчовая — 18, хімічная — 8, буд. матэрыялаў — 8 і інш.Маш.-буд. прадпрыемствы вырабляюць электралямпы (291 млн.шт., 50% ад аб’ёму вытв-сці Расіі, 1996), электравакуумныя прыборы, электрабранякабель, экскаватары, трактарныя прычэпы, грузавыя вагоны, веласіпеды, электрасокавыціскалкі, металаапр. інструмент, хім. і мед. абсталяванне. Металаапрацоўка прадстаўлена вытв-сцю вузлоў і дэталей для аўтамаб. прам-сці (Саранск, Рузаеўка, Кавылкіна, Ардатаў, Ацяшава).
Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ. Хім. (вытв-сцьсінт. смол, гумава-тэхн. вырабаў) і мед. (лек. прэпараты, мікрабіял. кармавыя бялкі) прам-сць у Саранску, Рузаеўцы. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент — 873 тыс.т, шыфер, цэгла, сілікатныя і азбестацэментавыя блокі) у Чамзінцы, Цемнікаве, Кавылкіне, Камсамольскім і інш. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці ў Рузаеўцы, Інсары, Краснаслабодску, Саранску і інш. Развіта харч.прам-сць (масларобная, мясная, цукр., мукамольная, кансервавая). Лесапілаванне і вытв-сць мэблі (Саранск, Кемля), дрэваапр. (Кавылкіна, Ардатаў, Зубава Паляна), папяровая (Цемнікаў) прам-сць. Пашыраны саматужныя промыслы (вышыўка, разьба па дрэве, метал. ўпрыгожанні). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжа і малочна-мясной жывёлагадоўлі. С.-г. ўгоддзі займаюць 1670 тыс.га, у т. л. ворныя землі 1235 тыс.га. Доля раслінаводства ў валавой с.-г. прадукцыі 39%, жывёлагадоўлі 61%. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, жыта, ячмень, грэчка), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік, махорка, каноплі) і кармавыя культуры. М. — буйны вытворца бульбы і пастаўшчык яе ў суседнія вобласці. Агародніцтва. Садоўніцтва. Збор (тыс.т, 1997) збожжа — 474,8, бульбы — 584,9, агародніны — 71,1. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998) буйн. раг. жывёлы 382,7, свіней 168,8, авечак і коз 102,4. Птушкагадоўля. Пчалярства. Вытв-сць (1997) малака — 461,7 тыс.т, мяса — 59,8 тыс.т, яец — 244,9 млн.шт. Развіты чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 543 км. Тэрыторыю М. з 3 на У перасякае электрыфікаваная чыгунка Масква—Самара, з Пн на Пд — Ніжні Ноўгарад—Пенза, на У Красны Вузел—Казань. Даўж. аўтадарог 6,6 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,6 тыс.км (1997). М. звязана аўтадарогамі з Масквой, Ноўгарадам, Ульянаўскам, Пензай. Аэрапорт у г. Саранск. Рэспубліка пастаўляе ў інш. раёны Расіі і за мяжу прадукцыю машынабудавання, цэмент, шыфер, мед. прэпараты, цукар, бульбу; завозіць паліва, металы, лес, тавары лёгкай і харч. прам-сці.
Літаратура. М. развіваецца на макшанскай і эрзянскай мовах. Першыя творы мардоўскіх пісьменнікаў (З.Дарафееў, Ф.Завалішын) апублікаваны ў 1912 на рус. мове. У 1920-я г. — перыяд станаўлення розных жанраў: верша, апавядання, нарыса, драмы і інш. (творы М.Безбародава, Ф.Бяздольнага, А.Дарагойчанкі, Дз.Марскога, Ф.Часнакова і інш.). Выйшлі калектыўныя зб-кі «Светлы шлях» (1928, на макшанскай мове) і «Першыя іскры» (1929, на эрзянскай мове). У 1930—40-я г. важную ролю ў развіцці нац. паэзіі адыгралі Безбародаў (паэмы «Казка-быль», 1930; «За волю», 1935), Я.Грыгошын (зб-кі «Песні новай вёскі», 1931; «Новая сіла», 1933; «Па калгасных палях», 1934), А.Мора (зб-кі «Гул грому», 1931; «Шырэй дарогу», 1932; «Мой шлях», 1934), Н.Эркай (зб. «Зямля абнавілася», 1932), П.Кірылаў (гіст. драма «Літова», 1940, лібрэта першай муз. драмы Л.Кірукова); у прозе вызначаліся Ц.Раптанаў (раман «Пад Чыхан-гарой», 1934), В.Каламасаў (аповесць «Яхім Лаўгінаў», 1936), А.Куторкін (раман «Чорны слуп», 1934), П.Ляўчаеў (зб-кі «Злосць», 1935; «Апавяданні», 1936); у драматургіі — К.Пятрова, Каламасаў і інш. Пачала развівацца дзіцячая л-ра. Вядучы жанр паэзіі Вял.Айч. вайны — верш. У пасляваен. перыяд пашырыліся абсягі прозы і паэзіі, развіваліся літ. крытыка і літ.-знаўства. Асэнсаванне гісторыі і сучаснасці — тэмы раманаў Ц.Кірдзяшкіна «Шырокая Мокша» (1953), І.Антонава «У сям’і адзінай» (1954), А.Лук’янава «Светлы шлях» (т. 1—2, 1955—58), К.Абрамава «Найман» (1957—64), М.Бябана «Вясеннія птушкі» (1959), Куторкіна «Яблыня каля гасцінца» (вершаваны, 1958), С.Ларыёнава, М.Кяшкіна, М.Сайгіна; у паэзіі — Эркая, С.Вячканава, І.Дзевіна і інш.Л-ра сучаснай М. адметная надзённасцю тэматыкі і праблематыкі, шматжанравасцю і маштабнасцю: п’есы Антонава, Каламасава, Г.Мяркушкіна, раманы Абрамава, вершаваныя аповесці Ф.Ацяніна, А.Мартынава, Моры, паэмы Вячканава, Дзевіна, А.Малькіна, П.Таропкіна, А.Цяпаева і інш. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў М. На бел. мову перакладзены асобныя творы Эркая, А.Косава (перакладчыкі М.Калачынскі, У.Скарынкін), на мардоўскую мову (эрзя мову) — верш Я.Купалы «А хто там ідзе?» (перакладчык І.Калінкін).
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. М. знойдзены багата арнаментаваны посуд эпохі бронзы. У эпоху ранняга жалеза паявіліся ўмацаваныя паселішчы (Ош-Пандо ў даліне р. Сура). У могільніках 9—11 ст. выяўлены бронзавыя нагрудныя ажурныя бляхі, падвескі з «качынымі лапкамі», засцежкі-«сюльгамо» з геам. і расл. узорам. Забудова старых паселішчаў гнездавая, з 18 ст. — вулічная. Дэталі сял. хат аздаблялі глухой, барэльефнай ці ажурнай (прапілаванай) разьбой, у якой спалучаліся геам. і расл. матывы, стылізаваныя выявы чалавека, звяроў і птушак. У 17 ст. як умацаваныя пункты ўзніклі гарады Саранск, Інсар, Краснаслабодск і інш., у 18—19 ст. у іх будавалі дамы і цэрквы на ўзор рускіх. Сярод помнікаў драўлянага дойлідства 19 ст. — пяцікупальная царква ў в. Жураўкіна, якая вызначаецца складанасцю арх. форм і багатым разным дэкорам. З пач. 20 ст. гарады забудоўваліся паводле генпланаў. Старая ч. Саранска рэканструявана, узведзены жылыя і грамадскія будынкі (Дом Саветаў, 1940, арх. І.А.Меерзон; Музей выяўл. мастацтва, 1976, арх. В.І.Барысаў). У станаўленні выяўл. мастацтва М. важную ролю адыгралі рус. мастакі К.А.Макараў (у 2-й чвэрці 19 ст. стварыў жывапісную школу ў Саранску) і Ф.В.Сычкоў. У пач. 20 ст. атрымалі вядомасць работы скульпт. С.Дз.Эрзі (Няфёдава). З 1970-х г. у галіне тэматычнай карціны працуюць В.А.Панкоў, А.А.Радыёнаў, І.І.Сядзельнікаў, В.Дз.Хрымаў, партрэта — У.Дз.Ілюхін, Я.А.Наздрын, пейзажа — В.А.Бядноў, А.А.Мухін, В.А.Петрашоў, скульптуры — М.М.Абухаў, графікі — А.І.Каровін, М.С.Макушкін, Л.С.Трамбачэўская-Шаніна. Традыц.нар. рамёствы — ювелірнае мастацтва, вышыўка (найб. пашырана), узорыстае ткацтва, шыццё бісерам, маст. апрацоўка дрэва, ліццё і інш. У 1935 засн. Саюз мастакоў М.
Музыка. Муз. фальклор М. мае развітыя формы вак. і інстр. музыкі. Найб.стараж.нар. песні — земляробчыя (калядкі, вяснянкі) і сямейна-абрадавыя, якія характарызуюцца вузкааб’ёмнай мелодыкай, унісоннай і гетэрафоннай формамі сумесных спеваў. Музыка М. адметная распеўнасцю, варыяцыйным развіццём, ладавай пераменнасцю, рысамі поліфанічнага складу. У эпічных і лірычных песнях пашырана шматгалоссе, развіты калектыўнае і сольнае выкананне, часта з суправаджэннем. Сярод нар. інструментаў: духавыя нюдзі (падвойны кларнет), фам (дуда), вяшкома (свістковая флейта), кевень тутушка (пустацелая свістулька); струнныя — гарзе (скрыпка), балалайка; ударныя — шавома (драўляны барабан), кальдэрма (бразготка), кальцаемат (разнавіднасць ксілафона), пайганят (званочкі), куцюфт (лыжкі); гармонік. Пашыраны інстр. ансамблі. На станаўленне прафес. культуры М. паўплывалі рас. музыканты В.Сярова, Б.Трошын, М.Душскі. Сярод прадстаўнікоў муз. культуры М.: заснавальнік прафес. кампазітарскай школы Л.Кірукоў (муз. драма «Літова», 1943; оперы «Несмяян і Ламзур», 1944; «Нармальня», 1962; хары, песні, інстр. п’есы і інш.), аўтар і выканаўца ўласных твораў на балалайцы Л.Воінаў, Г.Сураеў-Каралёў, Г.Удовін, Н.Кошалева, М.Міцін; дырыжор М.Фралоўскі; спевакі Р.Бяспалава, М.Антонава, А.Кулікова, В.Кіушкін, Дз.Ерамееў, І.Яўшаў і інш. У М. працуюць (1999): Т-рмуз. камедыі (з 1969), ансамбль песні і танца «Умарына», філармонія (з 1979), фалькл. ансамбль «Келу» (з 1963). Муз. вучылішча, муз. школы. У 1955 створана аб’яднанне кампазітараў Мардоўскай АССР, з 1982 Саюз кампазітараў М.
Тэатр. Вытокі нар.тэатр. мастацтва ў нар. абрадах і гульнях. З пач. 20 ст. ствараліся самадзейныя тэатр. калектывы. У пач. 1930-х г. узніклі калг.-саўгасныя тэатры. У 1930 у Саранску арганізавана Мардоўская муз.-драм. студыя, рэарганізаваная ў 1932 у Мардоўскі драм., у 1959 — муз.-драм., у 1969 — драм. т-р. Пад маст. кіраўніцтвам Маскоўскага Малога т-ра (1935—38) у ім пастаўлены п’есы А.Астроўскага, М.Гогаля і інш. З канца 1950 ставяцца творы мардоўскіх драматургаў, рус. і замежная класіка. З 1935 у Саранску працуе тэатр лялек. Сярод тэатр. дзеячаў А.Аржадзеева, В.Далгоў, Н.Іваноў, С.Калганаў, І.Кудзелькіна, Г.Мялехін і інш.
Літ.:
История мордовской советской литературы. Т. 1—2. Саранск, 1968—71;
Кирюшкин Б.Е. Мордовский советский роман. Саранск, 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫМСтаражытны
(лац. Roma),
найбуйнейшая антычная цывілізацыя са своеасаблівай дзяржаўнасцю і культурай у 8 ст. да н.э. — 5 ст.н.э. Горад Рым узнік у 753 да н.э. і на працягу 5—3 ст. да н.э. падпарадкаваў усе плямёны Апенінскага п-ва, а з канца 3 ст. да н.э. стаў цэнтрам міжземнаморскай дзяржавы, якая пазней уключала зах. і паўд.-ўсх. Еўропу, М.Азію, узбярэжжа Паўн. Афрыкі, Сірыю, Палесціну і інш.
Гісторыя. Сучасныя даследчыкі падзяляюць гісторыю стараж.-рым. цывілізацыі на 3 перыяды: царскі (753—510 да н.э.), рэспубліканскі (510—31 да н.э.) і імператарскі (31 да н.э. — 476 н.э.). Паводле ант. традыцыі, у першы перыяд у Р. правілі 7 цароў, пачынаючы з Ромула. Пры царах Р. заняў дамінуючае становішча ў Лацыі. Стараж. гісторыкі сведчаць (пацверджана археал. звесткамі), што Р. узнік шляхам сінайкізму 3 плямён — лацінаў, сабінаў і этрускаў. Сац.-паліт. арганізацыя ранняга (архаічнага) Р. будавалася на кроўнароднасных і суседскіх прынцыпах. Як родаплемянное аб’яднанне Р. уключаў 300 родаў, 30 курый (брацтваў) і 3 трыбы (племені, пазней — акругі). Членаў кожнага роду аб’ядноўвалі агульныя найменне, рэліг. культ і зямельныя ўладанні. Рым. гентыльная абшчына была блізкая да суседскай, бо аб’ядноўвала ўсіх людзей, што жылі на яе тэрыторыі. Абшчынныя землі сталі асновай рым.дзярж. зямельнага фонду (агер публікус), які ўвесь час папаўняўся за кошт захопу зямель у італікаў. Самай малой гасп. і сац. адзінкай была вял. патрыярхальная сям’я. Даследчыкі адзначаюць неразвітасць дзярж. інстытутаў у царскім Р., структура якога складалася з выбарнага цара, савета старэйшын (сената) і нар. сходу. Цар сумяшчаў функцыі вярх. жраца, военачальніка, гал. суддзі і заканадаўцы. У сенат уваходзілі 300 старэйшын патрыцыянскіх родаў. Грамадства складалася з саслоўяў патрыцыяў, плебеяў і рабоў (гл.Рабства). Плебеі першапачаткова былі па-за грамадз. абшчынай. На аснове маёмаснай і сац. дыферэнцыяцыі складалася асобая форма сац. адносін — кліентэла. Ант. традыцыя прыпісвае Сервію Тулію (6 ст. да н.э.) рэформы, у выніку якіх плебеі ўвайшлі ў склад рым. народа (populus romanus). Ён стварыў з патрыцыяў і плебеяў адзінае войска (камплектавалася з коннікаў, цяжка- і лёгкаўзброенай пяхоты).
Сфарміраваныя ім 193 цэнтурыі былі і ваен. атрадамі і адзінкамі, што галасавалі на нар. сходах (цэнтурыяльных каміцыях). Рэгулярна праводзіўся цэнз — перапіс насельніцтва і ацэнка яго маёмасці, гал. крытэрыем якой была зямля. Ваен. і цэнзавая рэформы аслабілі ўплыў родавай знаці. Рэшткі родавага ладу канчаткова ліквідаваны з увядзеннем новага адм.-тэр. падзелу, калі асн. структурнай адзінкай стала трыба (як акруга). Па трыбах праводзілася галасаванне на карпаратыўных сходах плебса. У царскі перыяд адбылося поўнае аддзяленне рамёстваў ад сельскай гаспадаркі, узнік рэгулярны ўнутраны абмен. У выніку паўстання ў 510 да н.э. супраць Тарквінія Гордага царская ўлада скінута і ўзнікла рэспубліка. Для знешняй палітыкі ранняй рэспублікі (5—пач. 3 ст. да н.э.) характэрна барацьба Р. за ўладаранне ў Італіі, для ўнутр. — процістаянне плебеяў і патрыцыяў. З 5 ст. да н.э. Р. вёў войны з лацінамі, сабінамі, эквамі, вольскамі, этрускамі, грэкамі і інш. плямёнамі за пашырэнне сваёй тэрыторыі. Для гэтага ён заключаў часовыя саюзы з аднымі плямёнамі супраць другіх. Пераможаныя абшчыны Р. далучаў да сваёй паліт. структуры ці заключаў з імі саюз. Саюзнікі захоўвалі ўнутр. самакіраванне, але страчвалі права на самаст. знешнюю палітыку і павінны былі аказваць Р. ваен. дапамогу. На іх тэр. рымляне засноўвалі калоніі сваіх грамадзян. Так узнік рымска-італійскі саюз з розным прававым статусам яго членаў, з адзінай дзярж. мовай (латынь), звязаны сеткай брукаваных дарог у адзінае гасп. цэлае. Рым. дзяржава разам з саюзнікамі і калоніямі была падзелена на 35 трыб. Рым. грамадзянін меў права валодаць зямельнай маёмасцю, удзельнічаць у галасаванні ў каміцыях і быць абраным на дзярж. пасады. У выніку Саюзніцкай вайны 90—88 да н.э. і агульнаіталійскага паўстання супраць Р. такія правы атрымалі ўсе італікі. Асновай унутр. развіцця рэсп. Р. была барацьба плебеяў за доступ да ўлады і фонду грамадскай зямлі. Тактыкай ваен. забастовак (сэцэсій) плебеі дамагліся прыняцця закону, які ўводзіў пасаду нар. трыбуна (з 494 да н.э.) з плебеяў.
У сярэдзіне 5 ст. да н.э. пад іх націскам прыняты Законы XII табліц, якія рэгулявалі крымінальнае і сямейнае права, судаводства, прыватную ўласнасць; забараняліся асабістыя прывілеі; прыгавораны магістратам да пакарання смерцю меў права апеляваць да нар. сходу. Пазней плебеі былі дапушчаны да магістратуры і кансулату. Дазваляліся міжсаслоўныя шлюбы, забаранялася пазыковая кабала. У выніку змянілася сац. структура рым. грамадства, узнікла новая арыстакратыя — набілітэт. Ураўнаванне ў правах патрыцыяў і плебеяў прывяло да фарміравання грамадз. абшчыны, падобнай да грэч.поліса. Гэта была арыстакратычная рэспубліка, у якой улада належала нар. сходу і магістратам, пастаянным кіруючым органам быў сенат, члены якога прызначаліся пажыццёва. Магістратура дзейнічала калегіяльна і галосна. Выключэннем была надзвычайная магістратура — дыктатура на выпадак асабліва небяспечнай вайны. Вышэйшы магістрат (дыктатар, консул, прэтар) меў правы: камандаваць войскам, выконваць вышэйшую юрысдыкцыю, склікаць сенат і нар. сходы. У час рэспублікі каміцыі праходзілі па курыях, цэнтурыях і трыбах. Сфарміраваліся саслоўі сенатараў і коннікаў. У час дыктатуры Луцыя Карнелія Сулы [83—79 да н.э.] дзейнасць нар. трыбунаў і каміцый абмежавана, паўнамоцтвы вышэйшых магістратаў засяроджаны ў руках адной асобы. Экспансія Р. ў гэты час выйшла па-за межы Апенінскага п-ва. За панаванне ў Зах. Міжземнамор’і Р. змагаўся з Карфагенам. Пасля 3 Пунічных войнаў, якія скончыліся перамогай над Карфагенам, Р. у 2—1 ст. да н.э. заваяваў полісы Балканскай Грэцыі, Македонію, эліністычныя царствы і стаў найбуйнейшай Міжземнаморскай дзяржавай. Пры гэтым у Р. захоўвалася грамадз.абшчына з рэсп. выбарнай сістэмай кіравання. З-за адсутнасці пастаяннага дзярж. апарата ўзнікла форма водкупу на збор падаткаў. У якасці адкупшчыкаў (публіканаў) найчасцей выступалі рым. коннікі. Нар. сход як найважнейшы ін-т поліснай дэмакратыі перажываў крызіс з-за таго, што ў каміцыях маглі ўдзельнічаць толькі жыхары Р. і яго наваколля. На змену поліснаму апалчэнню стала фарміравацца прафес. армія.
У 1 ст. да н.э.рым. рэспубліка як полісная структура не магла ўжо эфектыўна вырашаць пытанні вял. дзяржавы. Публіканы і палкаводцы пачалі кіраваць усім паліт. жыццём Р. Паліт. крызіс выліўся ў грамадз. войны груповак знаці. У 60-я г. да н.э. ўзнік 1-ы трыумвірат (Юлій Цэзар, Гней Пампей і Марк Крас). У час грамадз. вайны была ўстаноўлена дыктатура Юлія Цэзара [48—44 да н.э.]. Пасля яго забойства склаўся 2-і трыумвірат (Марк Антоній, Актавіян і Лепід). Антоній атрымаў у кіраванне ўсх. правінцыі, Актавіян — Італію і зах. правінцыі. Аднак з-за збліжэння Антонія з егіп. царыцай Клеапатрай пачалася новая грамадз. вайна, у якой перамог Актавіян (гл.Аўгуст) і стаў аднаасобным правіцелем Рым. дзяржавы. З часу яго праўлення Р. ператварыўся ў імперыю. Яго гісторыю падзяляюць на раннюю імперыю (1—3 ст.н.э.) — прынцыпат і познюю (4—5 ст.) — дамінат. Сучасная гіст.л-ра вызначае Рым. імперыю як універсальную дзяржаву, у межах якой сістэма самастойных і часткова самастойных абшчын трансфармавалася ў адзіную паліт. структуру, аб’яднаную агульным заканадаўствам. У час ранняй імперыі яшчэ існавалі сенат і каміцыі, але імператар (прынцэпс — першы грамадзянін) выступаў як носьбіт сукупных паўнамоцтваў рэсп. магістратаў, абапіраўся на ўласныя казну (фіск), гвардыю (прэтарыянскія кагорты) і армію. Яго вярх. ўлада стала спадчыннай. Узніклі першыя дынастыі рым. правіцеляў: Юліяў-Клаўдзіяў [27 да н.э. — 68 н.э.], Флавіяў [69—96], Антанінаў [96—192], Севераў [193—235]. У часы іх праўлення сфарміраваўся цэнтралізаваны бюракратычны апарат, ведамствы якога займаліся і ўнутр. справамі, і справамі правінцый (гл.Рымскія правінцыі).
У 212 усё вольнае насельніцтва імперыі атрымала правы рым. грамадзянства. Заканадаўства і вышэйшая юрысдыкцыя сталі прэрагатывай імператараў, асабістыя іх загады (канстытуцыі) набылі сілу закону. Сфарміраваўся імператарскі савет — кансісторыя (юрысты, вышэйшыя чыноўнікі, набліжаныя імператара). У часы прынцыпату да Р. далучаны Галія, Іспанія, Германія, Брытанія, Далмацыя, Мёзія, Панонія, Дакія. У 3 ст.Рым. імперыю ахапіў паліт. крызіс, якому спадарожнічалі анархія і палацавыя смуты, эпідэміі і эканам. разруха. За 235—284 у Р. змянілася больш за 2 дзесяткі «сенацкіх» і «салдацкіх» імператараў. На У саперніца Р. Парфія прэтэндавала на рым. ўладанні ў Сірыі і Месапатаміі. Каб процістаяць націску варварскіх плямён і прадухіліць распад імперыі, у яе межах была створана ваен.-бюракратычная манархія — дамінат. Яе стваральнікі Дыяклетыян і Канстанцін I правялі рэформы, накіраваныя на паліт. і эканам. стабілізацыю; правінцыі былі разбуйнены, грамадз. ўлада аддзелена ад ваеннай. З імем Канстанціна I звязана афіц. прызнанне хрысціянства нараўне з інш. рэлігіямі. Сталіца была перанесена ў г.Канстанцінопаль. Скарацілася праслойка вольных абшчыннікаў, землі якіх паглыналі буйныя маёнткі — латыфундыі, сальтусы і імператарскія дамены. Пашырылася сістэма каланату, пры якой сяляне ператвараліся ў калонаў — напачатку вольных, а потым залежных арандатараў. Цэнтр эканам. жыцця перамясціўся ў магнацкія маёнткі, у якіх развівалася шматгаліновая гаспадарка. У гэты час рэзка скараціўся гандаль, гарады прыходзілі ў заняпад. Адкрытае паліт. жыццё згортвалася, вольныя грамадзяне ператвараліся ў падданых імператара, узмацніўся падатковы ўціск, ішло рэзкае сац. размежаванне на саслоўі «высакародных» і «нізкіх». Працэс эканам. і паліт. дэцэнтралізацыі асабліва моцна праявіўся ў зах.ч. імперыі, тэрыторыю якой захоплівалі варварскія плямёны. З 4 ст.вял. пагрозай для яе сталі готы, якія разам з інш.герм. плямёнамі, іранскімі аланамі і азіяцкімі гунамі наносілі шматлікія ўдары па Р.
У 395 імперыя афіцыйна падзялілася на Усх. грэчаскамоўную і Зах. лацінамоўную. У 476 камандуючы імператарскай гвардыяй германец Адаакр скінуў апошняга імператара Ромула Аўгустула і заснаваў на тэр. Італіі сваю дзяржаву. Зах.Рым. імперыя спыніла існаванне. Гісторыю Усх.Рым. імперыі гл. ў арт.Візантыя.
Выхаванне і адукацыя. Старажытнарымская сістэма выхавання была арыентавана на падрыхтоўку моцных, валявых і дысцыплінаваных грамадзян. У ранні яе перыяд выхаванне і навучанне вяліся ў сям’і. Багатыя рымляне (нобілі) для хатняга навучання сваіх дзяцей запрашалі настаўнікаў-грэкаў. У 3—2 ст. да н.э. пачалі ўзнікаць дзярж. і прыватныя навуч. ўстановы. Элементарную адукацыю давалі трывіяльныя школы (найчасцей прыватныя), дзе вучылі пісьму, чытанню, лічэнню, уменню выразна дэкламаваць творы знакамітых аўтараў, вывучалі асн.рым. законы. Яны мелі няпэўны тэрмін навучання, розныя праграмы, у іх вучыліся хлопчыкі і дзяўчынкі 6—11-гадовага ўзросту. Дзеці самых бедных рымлян не мелі магчымасці атрымаць такую адукацыю і таму звычайна былі непісьменнымі. У школах павышанага тыпу (граматычных) вывучалі гісторыю, філасофію, геаграфію, геаметрыю, музыку, астраномію, грэч. мову; вучыліся хлопчыкі (з I ст.н.э. і дзяўчынкі) 12—15-гадовага ўзросту. Напачатку школы былі грэчаскія, пазней — лац. і грэка-лацінскія. Для граматычных школ ствараліся спец. падручнікі і хрэстаматыі, якія змяшчалі ўрыўкі з твораў Гамера, Вергілія, Цыцэрона і інш. У рытарскіх школах вучыліся дзеці арыстакратыі, іх рыхтавалі да практычнай кар’еры. Настаўнікі рыторыкі вучылі найперш аратарскаму майстэрству (красамоўству), давалі таксама веды па філасофіі, гісторыі, праве і інш. Вучоба пачыналася звычайна ва ўзросце 14—15 гадоў, і працягвалася да 19, часам і пазней. У 1 ст.н.э.асн. лічыліся 9 навуч. дысцыплін: граматыка, рыторыка, дыялектыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка, медыцына, архітэктура.
У 5 ст. паступова выключаны медыцына і архітэктура, т.ч. аформілася праграма «сямі вольных мастацтваў» (яны сталі асновай адукацыі эпохі сярэдневякоўя). Пазней школьны курс «сямі вольных мастацтваў» падзелены на 2 часткі — «трывіум» (граматыка, рыторыка, дыялектыка) і «квадрывіум» (арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка). У позні перыяд у Р. пачала фарміравацца хрысц. сістэма навучання і выхавання, у аснове якой былі біблейскія запаветы, ідэі любові да людзей, духоўнага самаўдасканалення, прыярытэт веры над ведамі і навукай, сувязь навучання з маральным рэліг. выхаваннем. Напачатку дзеці з хрысц. сем’яў вымушаны былі наведваць навуч. ўстановы ант. тыпу — грамат., рытарскія школы. У 2—3 ст. узніклі ўласна хрысц. школы, напр., катэхізіса, кафедральныя і епіскапскія школы, дзе асн. было вывучэнне Бібліі.
Міфалогія і рэлігія. Традыцыйна адносіны рымлян з багамі будаваліся на ўзор «фармальнага дагавору». Меркавалася, што калі людзі дакладна выконвалі ўсе рэліг. абрады і рытуалы, то багі зробяць усё, аб чым іх просяць. Рымскія жрацы былі пераважна выбарнымі асобамі, хаця часам іх прызначаў вярх. жрэц — пантыфік. Асаблівасцю стараж.-рым. рэлігіі была наяўнасць багоў, якія ўвасаблялі абстрактныя і маральныя паняцці. Напр., багіня Фідэс увасабляла вернасць клятве, Канкордыя — згоду, Юстыцыя — справядлівасць, Фартуна — шчасце, Пакс — мір, Гонар — пашану, Віртус — доблесць, мужнасць. У стараж. рымлян адсутнічала развітая міфалогія. Паводле найб. ранніх міфалагічных вераванняў, напачатку існаваў першабытны Хаос (у вобразе Януса), з якога пазней узнік увесь свет. Таму творцам усяго існага ў свеце лічыўся Янус, які ў больш позні перыяд стаў увасабленнем усякага роду пачаткаў, у т. л. чалавечага жыцця, богам уваходаў і выхадаў, дагавораў і саюзаў. У яго гонар пабудавана мноства храмаў. Адным са стараж. багоў быў Сатурн (у грэкаў Кронас) — уладар часу, заступнік пасеваў, міфічны цар вобласці Лацый. У яго гонар праводзілася адно з самых улюбёных свят — Сатурналіі (адзначаліся 17—23 снежня), у час якіх людзі ладзілі баляванні, карнавалы, давалі падарункі, весяліліся.
Да паважаных і ўплывовых багоў належалі Юпітэр, Юнона, Мінерва, Марс, Дыяна, Венера, Меркурый, Нептун, Апалон, Веста і інш. Вярхоўным богам-царом, «бацькам багоў», уладаром неба, грому і маланкі быў Юпітэр. Яго жонкай і адначасова сястрой, а таксама ахоўніцай шлюбу, заступніцай жанчын і мацярынства, была Юнона. Багіняй вайны і дзярж. мудрасці, ахоўніцай Рыма, заступніцай рамёстваў і мастацтва лічылася Мінерва. На Капіталійскім узгорку ў Рыме быў пабудаваны храм 3 багоў — Юпітэра, Юноны і Мінервы (т. зв. Капіталійская трыяда). Бога вайны Марса лічылі бацькам заснавальнікаў Рыма — братоў-блізнят Ромула і Рэма. Было мноства т. зв. хатніх божастваў, найб. папулярнымі з іх былі пенаты, геніі, лары, маны. Пенаты лічыліся ахоўнікамі дома, сям’і і дзяржавы. Геніі спачатку лічыліся заснавальнікамі роду, божаствамі мужчынскай сілы, пазней — духамі-ахоўнікамі людзей. Лары — божаствы-ахоўнікі сям’і і ўсіх сфер чалавечага жыцця. Маны — духі памерлых продкаў. Ім прыносілі ахвяраванні (віно, малако, кроў свіней, быкоў, чорных авечак). Існавалі таксама багі «ўзроставыя» (дзяцінства, юнацтва), пэўных сітуацый і станаў (поспеху, надзеі, вернасці, страху і інш.). Рымскія багі апісаны ў творах ант. паэтаў Вергілія і Авідзія. У 1 ст.н.э. ва ўсх. правінцыях Рым. імперыі ўзнікла і пачало паступова пашырацца хрысціянства. Першыя хрысціяне цярпелі моцныя ганенні. У 4 ст. хрысціянства стала дзярж. рэлігіяй Рым. імперыі, пачалося разбурэнне язычніцкіх храмаў, знішчэнне помнікаў язычніцкага (паганскага) мастацтва, забаронены Алімпійскія гульні.
Філасофія. Старажытнарымская філасофія фарміравалася ў 3—2 ст. да н.э. пад уплывам грэч. філасофіі. Тады ж склаліся розныя філас. кірункі, школы, у т. л.стаіцызм, эпікурэізм, неаплатанізм. Найб. пашырэнне ў Р. атрымала філас. школа стаіцызму. Яе буйнейшыя прадстаўнікі (Сенека, Эпіктэт, імператар Марк Аўрэлій) разглядалі філасофію як вучэнне пра дасягненне маральнага ідэалу, унутр. духоўнай свабоды і шчасця. Для гэтага неабходна было змірыцца са знешнімі абставінамі, імкнуцца да дабрачыннасці, адмовіцца ад свецкіх спакус. Стоікі прызнавалі наяўнасць натуральнай роўнасці ўсіх людзей і свабоднага чалавечага духу. Яны прыкметна паўплывалі на станаўленне ранняга хрысціянства. У эпоху імператарскага Р. найб. пашыраны эпікурэізм (Лукрэцый, Гарацый, Цыцэрон і інш.). Лукрэцый Кар (99—55 да н.э.), імкнучыся вызваліць людзей ад забабонаў, страху перад багамі і смерцю, развіваў ідэі аб натуральным паходжанні чалавека, праслаўляў чалавечы розум, вышэйшай мэтай жыцця лічыў дасягненне асалоды, заклікаў людзей радавацца жыццю і атрымліваць ад гэтага задавальненне. Неаплатанізм быў своеасаблівым сінтэзам вучэнняў Платона, Арыстоцеля, стоікаў і эпікурэйцаў, а таксама ўсх. містыкі. Яго заснавальнікі і найб. вядомыя прадстаўнікі Плацін і Прокл прапаведавалі перакананне ў тым, што існуе найвышэйшае бязмежнае божаства (т.зв. «Адзінае»), якое ўладарыць над усім светам. Усё існуючае ў свеце — вынік эманацыі (выцякання) гэтага непазнавальнага «Адзінага», таму дух чалавека павінен вызваліцца ад улады цела і зямлі і зліцца з «Адзіным». Хрысц. філасофія пачала фарміравацца ў Р. ў 2—3 ст.н.э. ў форме апалагетыкі і патрыстыкі. У хрысціянстве існавала дваістае стаўленне да філасофіі: з аднаго боку, яе адмаўлялі (Тэртуліян) як спакусу, што адлучае чалавека ад Бога, з другога, наадварот, лічылі яе адным са шляхоў пазнання Бога. Стваральнікам уласна хрысц. філасофіі лічыцца Аўрэлій Аўгусцін (354—430), які стварыў своеасаблівы сінтэз неаплатанізму і хрысціянства.
Прыродазнаўчыя навукі. Помнікаў навук. л-ры эпохі Рым. рэспублікі захавалася мала. З 1 ст. да н.э. тут узмацніўся ўплыў грэч. культуры, вял. аўтарытэтам карысталіся прыродазнаўчанавук. погляды Арыстоцеля; творам гэтага вучонага і яго школы быў нададзены той выгляд, у якім яны пазней вывучаліся і каменціраваліся ва ўсёй Еўропе. З 1 ст.н.э. развіваліся матэматыка і астраномія. Стараж.-грэч. астраном і матэматык Менелай Александрыйскі праводзіў сістэм. назіранні нябесных свяціл, напісаў кнігу па сферычнай геаметрыі і трыганаметрыі, Дыяфант — фундаментальную «Арыфметыку», Пталамей выклаў геацэнтрычную сістэму свету. Вядомы працы па механіцы і оптыцы, хаця яны, як і матэматыка, у рымлян мелі вузка прыкладны характар. Была пашырана астралагічная л-ра. Своеасаблівыя помнікі рым.навук.-тэхн. л-ры — творы па сельскай гаспадарцы (Катон Старэйшы, Варон і інш.). Вял. колькасць прац рым. аўтараў прысвечана архітэктуры, буд. справе, гідратэхніцы і ваен. тэхніцы. Развівалася апісальнае прыродазнаўства, асабліва батаніка, у т. л. вывучэнне лек. раслін. Дасягненні медыцыны абагульнены ў працах Галена. Прадстаўнікамі прыродазнаўства былі Сенека і Пліній Старэйшы. Характэрныя рысы рым. навукі — выкладанне навук. пытанняў у літ.-займальнай форме (творы Лукрэцыя, Вергілія і інш.) і стварэнне своеасаблівых энцыклапедый (Варон, Цэльс). Апошнім рым. вучоным можна лічыць Баэцыя. Пашырэнне Рым. дзяржавы спрыяла развіццю геагр. ведаў. Ваен. паходы і экспедыцыі, далёкія падарожжы купцоў прыносілі новыя геагр. звесткі. Больш канкрэтнымі сталі веды пра тэр.еўрап. краін, у т. л.тэр. сучаснай Беларусі, што ў асн. звязана з гандлем бурштынам, які паступаў у Рым з берагоў Балтыйскага мора. У «Геаграфіі» Страбона прыведзены звесткі пра ўсе вядомыя рымлянам краіны і народы, у «Геаграфіі» Пталамея выкладзены метады навук. картаграфавання, да яе былі прыкладзены 27 карт усіх вядомых на той час тэрыторый — ад Канарскіх а-воў да Кітая. Першы геагр. трактат на латыні стварыў Мела Пампоній. Шмат геагр., гіст. і этнагр, звестак у «Запісках...» Юлія Цэзара, у працах Плінія Старэйшага, Тацыта, Аміяна Марцэліна і інш.Геагр. кругагляд рымлян быў больш шырэй, чым у стараж. грэкаў: яны лепш за грэкаў ведалі Сярэднюю і Паўн. Еўропу, Зах., Паўд. і Усх. Азію, Афрыку да паўд. межаў Сахары.
Гістарычная навука ў Р. пачалася з пагадовых запісаў (аналаў), спісаў вышэйшых службовых асоб (фастаў) і сямейных хронік знатных родаў. На іх аснове ў 2 ст. да н.э. выдадзены 80 кніг «Вялікага летапісу», якія сталі першакрыніцай для рым. гісторыкаў-аналістаў. У ант. гістарыяграфіі спалучаліся і навук. (крытычны падыход да крыніц, расчляненне падзей па часе) і маст. (ідэалізацыя, займальнасць, вымысел) прыёмы. Найб. вядомае аналітычнае апісанне зрабіў Ціт Лівій у «Рымскай гісторыі ад заснавання горада» (з 142 кн. цалкам захавалася 35). Раннія рым.гіст. працы напісаны на грэч. мове. Катон Старэйшы (234—149 да н.э.) першы выкарыстаў лац. мову ў творы «Пачаткі», дзе разглядаў паходжанне ўсіх плямён і гарадоў Італіі. Пачынальнікамі жанру гіст. манаграфіі сталі Салюстый (86—35 да н.э.) і Юлій Цэзар. Гіст. творы Салюстыя «Пра змову Катыліны» і «Югурцінская вайна» паўплывалі на гісторыкаў сярэдневякоўя і новага часу. Пазіцыя аўтара, як непасрэднага ўдзельніка падзей, выразна выявілася ў творах Юлія Цэзара «Запіскі пра гальскую вайну» (у 7 кн.) і «Запіскі пра грамадзянскую вайну» (у 3 кн.). Значную літ. спадчыну пакінуў Цыцэрон (гісторыка-філас. і паліт. трактаты, прамовы і лісты). Да самастойнага гіст.-літ. жанру можна аднесці яго перапіску (захаваліся 864 лісты) і прамовы (захавалася 58 поўных прамоў). У эпісталярнай і публіцыстычнай спадчыне Цыцэрона ёсць звесткі пра паліт. жыццё Р. 1 ст. да н.э. У часы імперыі вядучай формай рым. гістарыяграфіі заставалася аналістыка. Тацыт (55—120 н.э.) у «Гісторыі» (у 14 кн.) і «Аналах» (у 16 кн.) апісваў унутрыпаліт. праблемы перыяду прынцыпату.
Храналагічны паслядоўнік Тацыта ў часы дамінату Аміян Марцэлін (4 ст.н.э.) у кн. «Слаўныя ўчынкі» давёў апісанне рым. гісторыі да 378 н.э. Вядучымі прадстаўнікамі грэч.гіст. навукі ў Р. былі Палібій (200—120 да н.э.; «Усеагульная гісторыя» ў 40 кн.) і Плутарх (46—119 н.э.; «Параўнальныя жыццеапісанні»). Гісторык Светоній (каля 70 — каля 140; «Жыццё дванаццаці цэзараў») узняў біяграфію на ўзровень сур’ёзнага гіст. даследавання. Т.ч., для гіст. навукі характэрны рацыяналістычны і крытычны падыходы, выпрацоўка асн. жанраў гіст. апавядання, увядзенне ў гістарыяграфію храналогіі, поўнае і аб’ектыўнае адлюстраванне паліт., сац., і культ. жыцця Рым. дзяржавы.
Літаратура Р. на лац. мове мае пераемны характар: засвоіла грэч. міфалогію і л-ру (жанры, памеры, сюжэты, паэт. формы). Разам са стараж.-грэч. л-рай яна складае антычную л-ру. Далітаратурны перыяд (8—4 ст. да н.э.) вядомы па сведчаннях больш позніх аўтараў і па ўрыўках твораў, што захаваліся. Ён прадстаўлены абрадавымі песнямі, дыдактычным фальклорам, зачаткамі эпасу (у бяседных песнях) і драмы (у нар. жартоўных спевах — фесцэнінах і фарсавых сцэнках — атэланах), кнігамі жрацоў (аналамі), аратарскімі прамовамі, юрыд. тэкстамі (Законы XII табліц). Першы лац. празаік Апій Клаўдзій запісаў свае прамовы і склаў зборнік маральных сентэнцый у вершах. Рым. пісьмовая паэзія з’явілася ў перыяд росквіту і крызісу рэспублікі (3—2 ст. да н.э.). Лівій Андронік пераклаў на лац. мову «Адысею» Гамера, грэч. трагедыі і камедыі. Невій узбагаціў грэч. п’есы рым. тэматыкай, стварыў нац. эпапею «Песня пра Пунічную вайну». Эпічная паэма ў 18 кн. «Аналы» («Летапіс») пра гісторыю Рыма ад Энея да сучаснасці — гал. твор Энія, аўтара філас. прац, трагедый, эратычных вершаў, эпіграм, сатураў («мешаніны» — зб-каў кароткіх вершаў і празаічных твораў разнастайнага зместу). Камедыю з грэч. сюжэтам (паліяту) распрацоўвалі Плаўт і Тэрэнцый; з мясц. італійскім сюжэтам (тагату) — Тыцыній, Афраній, Ата; трагедыю на ўзор грэч. развівалі Пакувій і Акцый. Супраць грэч. ўплыву за рым. самабытнасць выступаў Катон Старэйшы — аратар і тэарэтык аратарскага мастацтва, пачынальнік рым. гістарыяграфіі. Жанр сатуры ўдасканальваў Луцылій.
З твораў гэтага перыяду поўнасцю захаваліся толькі камедыі Плаўта і Тэрэнцыя. У перыяд грамадз. войнаў і гібелі рэспублікі (сярэдзіна 2 ст. — 40-я г. 1 ст. да н.э.) лідзіравала красамоўства. Аратарскае мастацтва і філас.-рытарычныя працы Цыцэрона прынеслі яму славу стваральніка рым. класічнай прозы. Вядомым аратарам і пісьменнікам, аўтарам гіст. твораў быў Цэзар, заснавальнікам жанру гіст. манаграфіі — Салюстый. У тагачаснай паэзіі пераважаў настрой індыферэнтызму. Лукрэцый бачыў выратаванне ад грамадскага крызісу ў эпікурэйскай філасофіі (дыдактычная паэма «Аб прыродзе рэчаў»), Катул — у асабістым жыцці (лірычныя цыклы да Лесбіі, да сяброў). Перыяд станаўлення імперыі (2-я пал. 1 ст. да н.э. — пач. 1 ст.н.э.) — «залаты век» рым. паэзіі. З усталяваннем міру пасля грамадз. войнаў і прыходам да ўлады прынцэпса Аўгуста роля паэзіі пабольшала, адбыўся зварот да класічнага стылю і гарманічнай формы (эпічныя паэмы «Энеіда» і «Георгікі» Вергілія, «Оды» Гарацыя). Склалася тэндэнцыя да ідэалізацыі і прапаганды ідэалаг. асноў новага ладу. Вергілій і Гарацый, што ўваходзілі ў літ. гурток Мецэната, апявалі доблесці старой рэспублікі, сцвярджалі імперскую місію Р. Больш незалежнымі ад паліт. жыцця заставаліся гурткі Месалы і Асінія Паліёта. У жанры элегіі, абмежаванай любоўнай тэматыкай, выступалі Гал, Тыбул, Праперцый і Авідзій — апошні вял. паэт эпохі Аўгуста. Вядучы пісьменнік-празаік — Ціт Лівій. У л-ры эпохі імперыі вылучаецца паслякласічны перыяд — «сярэбраны век» (1 ст.н.э. — пач. 2 ст.н.э.). «Новы стыль», адметны разнастайнасцю рытарычных прыёмаў, нечаканымі сентэнцыямі і цягай да афектацыі, увайшоў у творчасць Сенекі, Лукана (эпічная паэма «Фарсалія»), Персія (маралістычныя сатыры), Петронія. Эзопаўскія традыцыі працягваў рым. байкапісец Федр. Марцыял выкрываў заганы грамадства ў іранічных эпіграмах, Ювенал — у гнеўна-абвінаваўчых сатырах. Тыранічны рэжым імперыі адлюстраваў гісторык і пісьменнік Тацыт. Адыход ад «новага стылю», арыентацыя на класіцызм уласцівы творчасці тэарэтыка красамоўства Квінтыліяна і яго вучня Плінія Малодшага, паэтаў Стацыя, Сілія Італіка, Валерыя Флака. У перыяд позняй рым. л-ры (2—5 ст.н.э.) узмацнілася роля правінцый, адрадзілася грэч.л-ра, развіваліся архаічныя тэндэнцыі. У прозе выступілі гісторык Светоній, збіральнік цытат з твораў грэч. і рым. аўтараў Аўл Гелій, пісьменнік Апулей. У 3 ст.л-ра Р. заняпала. З 4 ст. вядучая роля належала хрысц. л-ры на лац. мове (Амвросій Медыяланскі, Аўгусцін, Іеранім), якая засвоіла тэхніку рым. рыторыкі і паэзіі. Апошнія рым. аўтары — паэты Аўсоній і Клаўдзіян, аратар Сімах, гісторык Аміян Марцэлін, філосаф Баэцый.
На працягу тысячагоддзя, да адкрыцця помнікаў стараж.-грэч. л-ры, л-ра Р. была адзінай крыніцай знаёмства з ант. культурай. Яна паўплывала на л-ру Адраджэння і класіцызму ў большай ступені, чым грэч.л-ра. Традыцыямі л-ры Р. жывілася лацінамоўная паэзія Беларусі (Я.Вісліцкі, Мікола Гусоўскі, С.Будны, М.Сарбеўскі і інш.). На бел. мову творы стараж.-рым. аўтараў перакладалі М.Багдановіч (ода «Помнік» Гарацыя, урыўкі з «Метамарфозаў» Авідзія), Л.Баршчэўскі (урыўкі з «Энеіды» Вергілія, з «Журботных элегій» Авідзія, байкі Федра), П.Бітэль («Метамарфозы, ці Залаты асёл» Апулея), Ю.Дрэйзін («Аб прыродзе рэчаў» Лукрэцыя), А.Жлутка (оды Гарацыя), У.Караткевіч (вершы Катула) і інш.
Тэатр. Узнікненне і развіццё тэатр. мастацтва звязана са святамі ўраджаю, у час якіх выконваліся песні-жарты ў форме дыялогу (фесцэніны), быт. камічныя сцэнкі (сатуры), якія ўключалі дыялог, спевы, музыку, танцы, пераапрананне ўдзельнікаў у казла, барана, авечку і інш. У 4 ст. да н.э. з’явілася нар.імправіз. камедыя — атэлана, вызначальнай асаблівасцю якой стала наяўнасць 4 пастаянных персанажаў-масак: гарбуна, абжоры, дурня, суддзі. У 1 ст. да н.э. пашырыўся інш. від нар. прадстаўленняў — мім. У 240 да н.э. Лівій Андронік паставіў першую драму паводле грэч. арыгінала. З 2-й пал. 3 ст. да н.э. ставіліся трагедыі і камедыі паводле грэч. узораў, якія паклалі пачатак нац. драматургіі. Драматург Невій стварыў прэтэксту (жанр трагедыі на сюжэты са стараж.-рым. гісторыі), якая дасягнула росквіту ў творчасці Акцыя. Вял. поспехам карысталася паліята — камедыя, якая была перапрацоўкай новай ант. камедыі (Невій, Плаўт, Тэрэнцый, Цэцылій Стацый). У 2 ст. да н.э. паліята змянілася тагатай, у якой адлюстроўвалася жыццё рым. грамадзян, пераважна ніжэйшых слаёў насельніцтва (Ата, Афраній, Тыцыній). У пач. 1 ст. да н.э. тагату змяніла літаратурна апрацаваная атэлана, якая ў сярэдзіне 1 ст. да н.э. была выцеснена літаратурна апрацаваным мімам. Тэатр. прадстаўленні ставіліся ў час штогадовых дзярж. свят, у сувязі з трыумфальнымі і пахавальнымі гульнямі, выбарамі вышэйшых службовых асоб і інш. Першапачаткова спектаклі ставіліся каля храмаў багоў, у гонар якіх наладжваліся гульні, на прымітыўных драўляных сцэнах, якія з 3 бакоў абкружаліся лаўкамі для гледачоў. Першы каменны т-р у Р. пабудаваў Пампей у 55—52 да н.э. У 3—2 ст. да н.э. акцёры (вольнаадпушчальнікі ці рабы) ігралі без масак. Жаночыя ролі выконвалі мужчыны. Сярод вядомых акцёраў 1 ст. да н.э. трагік Эзоп і камічны акцёр Росцый. У 1—5 ст.н.э. пераважалі прадстаўленні забаўляльнага, відовішчнага характару: у дзеянне ўключаліся шэсці войск, палонных, выступленні дзікіх жывёл і інш. У 1—2 ст. у трагедыі на першы план выйшла вакальнае майстэрства акцёра, вял. ўвага аддавалася раскошным дэкарацыям і разнастайным сцэн. эфектам. Найб. папулярныя жанры — атэлана, пантамім (сольны драм. танец, звычайна на міфалагічны сюжэт, суправаджаўся музыкай і спевамі хору), пірыха (выконвалася ансамблем танцоўшчыкаў і танцоўшчыц). Вял. поспехам карыстаўся мім, які да 5 ст. ператварыўся ў вял. імправізацыйную п’есу са складаным сюжэтам і выцесніў усе інш. віды прадстаўленняў, акрамя танцавальных.
Пашырэнне гладыятарскіх і марскіх (наўмахіі) баёў, цкаванне на арэнах людзей драпежнымі жывёламі і інш. крывавых відовішчаў, якія сталі ўлюбёнымі прадстаўленнямі грамадства, прывяло рым.тэатр. мастацтва да заняпаду.
Музыка. Стараж. Р. развівалася пад уплывам эліністычнай культуры. У ёй склаліся і самабытныя быт.муз.-паэт. жанры: песні трыумфальныя, шлюбныя, застольныя, памінальныя. Вядома пра напевы саліяў (жрацы бога Марса) і «арвальскіх братоў» (рым. калегія жрацоў; захаваўся іх гімн). У муз. жанрах і ў складзе інструментарыя адчувальны іншаземныя ўплывы, што тлумачыцца стракатасцю муз. жыцця (грэч. кіфарэды, александрыйскія спевакі, танцоры з Сірыі, Іспаніі і інш.). Музыка і паэзія былі ўзаемазвязаны: паэт. творы (оды Гарацыя, эклогі Вергілія, паэмы Авідзія) спявалі ў суправаджэнні струнных, шчыпковых інструментаў (тыбіі, кіфары). З муз. інструментаў вядомы таксама разнавіднасці арфы і ліры, гідраўлас (вадзяны арган). На святах у гонар бога Вакха (вакханаліях) гучалі кімвалы. Музыка набыла відовішчна-забаўляльны характар (цыркавыя, тэатр. прадстаўленні і інш.). У развіцці інстр. музыкі значная роля належала тэатр. пантаміме, якая выконвалася танцорам-салістам ў суправаджэнні хору і пад акампанемент аркестра. Пры ваен. легіёнах існавалі вял. духавыя аркестры, якія складаліся з букцын (выгнутых рагоў), туб (прамых труб) і інш. З канца 1 ст.н.э. вядомы «капіталійскія спаборніцтвы» (засн. імператарам Даміцыянам), у якіх побач з паэтамі ўдзельнічалі спевакі і музыканты. Як спявак, паэт і кіфарэд вядомы імператар Нерон. Сярод музыкантаў эпохі Рым. імперыі Анаксенор, Дыядор, Тыгелій і інш. З 2 ст. вядомы звесткі пра раннехрысц. музыку.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Мастацтва Стараж. Р. належыць да найвышэйшых дасягненняў сусв. культуры. У сваім развіцці яно апіралася на багатую спадчыну Стараж. Грэцыі, традыцыі этрускаў і ўласныя. У стараж, перыяд развівалася ў рамках італійскіх археал. культур эпохі жалеза. У часы фарміравання ўласна стараж.-рым.маст. культуры (8—4 ст. да н.э.) этрускія асаблівасці храмавых пабудоў (3-часткавая цэла, подый, порцік і інш.) сталі характэрнымі рысамі рым. культавай архітэктуры (храм Юпітэра Капіталійскага). Ў 4 ст. да н.э. з’явіліся жылыя дамы з атрыем (закрытым унутр. дваром). Рым. архітэктар і інжынер Вітрувій стварыў трактат «Дзесяць кніг пра архітэктуру» — першую буд.-тэхн. энцыклапедыю (1 ст. да н.э.), што захавалася ад ант. часоў. У перыяд войнаў Р. з Карфагенам і позняй рэспублікі (3—1 ст. да н.э.) распрацавана горадабуд. сістэма планіроўкі горада з 2 перакрыжаванымі магістралямі на ўзор ваен. лагера. Цэнтр. плошча (форум) афармлялася грамадскімі будынкамі і храмамі (Рымскі форум, форум у Пампеях). Склаўся тып рым. храма з дакладнай восевай кампазіцыяй і вылучаным гал. фасадам і тып грамадскага збудавання (базіліка, тэатр, амфітэатр, цырк, тэрма, адэон). Жыллё арыстакратаў са шматлікімі памяшканнямі, вадаёмамі, дэкар, скульптурай і размалёўкамі («тэрасныя» дамы ў Геркулануме) кантраставала з забудовай гар. кварталаў 3—5-павярховымі дамамі для бедных — інсуламі. З вынаходніцтвам бетону ўзнікла новая тэхніка муроўкі сцен, у буд-ве пашырана канструкцыя аркі. Высокім майстэрствам вылучаліся інж. збудаванні — крапасныя сцены, акведукі, масты, дарогі. Пабудовы перыяду росквіту Рым. імперыі (20-я г. да н.э. — 2 ст.н.э.) вызначаюцца манум. пластычнасцю, дамінуючай роляй аркі (арачна-скляпеністых канструкцый), шырокім выкарыстаннем дэкар. жывапісу і скульптуры. Спецыфічнай адметнасцю стала т. зв. ордэрная аркада — сістэма паярусных ордэраў, накладзеная на прарэзаную аркамі сцяну (амфітэатр Рымскі калізей). Гал. віды мемар. збудаванняў — трыумфальная арка (арка Ціта) і трыумфальная калона (калона Траяна, арх. Апаладор з Дамаска), надмагіллі, у сярэдзіне 1 ст. ўзмацнілася імкненне да пышнай рэпрэзентатыўнасці арх. кампазіцыі (Рымскі пантэон; т. зв. Залаты дом Нерона, не захаваўся; палац Флавіяў на Палаціне). Планіроўка жылля спалучала атрыумны і грэч. перыстыльны тыпы дома. Для дойлідства перыяду крызісу імперыі (3—4 ст.) характэрны празмерныя маштабы збудаванняў, пышныя дэкар. эфекты, раскоша аддзелкі (арка Канстанціна). Вял. вынаходлівасці дасягнулі дойліды ў афармленні ўнутр. прасторы выдатных помнікаў архітэктуры — тэрмаў Каракалы і базілікі Максенцыя. Будавалі пераважна ў правінцыях (храмавыя комплексы ў Баальбеку, Пальміры, палац Дыяклетыяна ў Спліце). Рэльефамі на гіст. тэмы аздаблялі грамадскія будынкі, гар. брамы, храмы, алтары (т. зв. Алтар Даміцыя Агенабарба). Скульптура прадстаўлена работамі этрускіх майстроў («Капіталійская ваўчыца»). Важнае месца займаў скульпт. партрэт (бюст, статуя), які ў адрозненне ад грэкаў дакументальна ўвасабляў арыгінал. Захаваліся партрэты стараж. дзеячаў — Аўгуста, Траяна, Цыцэрона, Цэзара і інш. У эпоху позняй імперыі распаўсюджаны партрэтныя статуі (у т. л.стараж.-рым. тып статуі «тагатус», які ўвасабляў аратара ў тозе) і бюсты (галава бронз. статуі мужчыны — т.зв. Брут). У афіц. скульптуры ранняй імперыі ўзнікла тэндэнцыя да ідэалізацыі. Разам з тым у творы ўводзіліся святлоценявыя кантрасты, элементы руху, вытанчаная пластычная распрацоўка форм (напр., віртуозная перадача прычосак у жан. партрэтах эпохі Флавіяў, 60—90-я г.). Рэльефы набылі рысы жывапіснасці і напружанай дынамікі (рэльефы аркі Ціта). Ў часы Траяна склаўся тып шматфігурнага батальнага рэльефу (паласа рэльефаў, што абвівае калону Траяна). Пашыраным было капіраванне грэч. статуй. У познарым. скульпт. партрэце пластычныя аб’ёмы і знешнія рысы трактаваліся ўмоўна і схематычна. У размалёўцы жылых дамоў паслядоўна выкарыстоўвалі т. зв. інкрустацыйны і арх.-перспектыўны (1-ы і 2-і пампейскія) стылі дэкар. жывапісу (дом Лівіі на Палаціне). Развівалася мастацтва мазаікі з каляровага каменю і гліптыкі (гемы з цвёрдых парод паўкаштоўных камянёў). Да 60-х г. пераважаў т. зв. 3-і стыль: лёгкія графічныя ўзоры і невял. сюжэтныя карціны на фоне вял. свабоднай прасторы. Яго змяніў т.зв. 4-ы стыль, ці «стыль фантаст. архітэктуры» (2-я пал. 1 ст.н.э.; складаныя, ілюзорна-прасторавыя арх. кампазіцыі). Палітра мазаік узбагацілася смальтай розных адценняў, з 2 ст. пашырылася чорна-белая каменная мазаіка. У дэкар.-прыкладным мастацтве эпохі імперыі вылучаліся творы тарэўтыкі, гліптыкі, «чырвоналакавая» кераміка з рэльефным фігурным дэкорам, са шкла, медальернае мастацтва, мэбля з бронзы і дрэва і інш. Сярод маст. вырабаў вылучаліся партрэтная мініяцюра на залатой фользе, мармуровыя саркафагі з гарэльефнымі шматфігурнымі сюжэтнымі выявамі, у якіх з 3 ст. пашырылася хрысц. тэматыка. З хрысц. культам звязаны і размалёўкі рым. катакомбаў. Узоры дэкар. жывапісу (3-і і 4-ы пампейскія стылі) адлюстраваны ў фрэсках Пампеяў. Ўяўленне пра станковы жывапіс даюць т. зв. фаюмскія партрэты ў Егіпце. З пач. 4 ст. назіраецца адыход ад традыцый ант. мастацтва, пераход да сярэдневякоўя (рэльефы аркі Канстанціна, раннехрысц. саркафагі і інш.). Ант. помнікі Р. ўключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
История Древнего Рима. СПб., 1999;
Гиббон Э. История упадка и разрушения Римской империи: Пер. с англ.: В 7 т. Т. 1—2. СПб., 1997;
Джеймс П. Римская цивилизация: Пер. с англ.М., 2000;
Утченко С.Л. Древний Рим. События. Люди. Идеи. М., 1969;
Нечай Ф.М. Образование римского государства. Мн., 1972;
Маяк И.Л. Рим первых царей: Генезис римского полиса. М., 1983;
Егоров А.Б. Рим на грани эпох: Пробл. рождения и формирования принципата. Л., 1985;
Кнабе Г.С. Древний Рим — история и повседневность: Очерки. М., 1986;
Винничук Л. Люди, нравы, обычаи Древней Греции и Рима: Пер. с пол. М., 1988;
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990;
Кузищин В.И. Античное классическое рабстве как экономическая система. М., 1990;
Гиро П. Частная и общественная жизнь римлян: Пер. с фр. СПб., 1995;
Штаерман Е.М. История крестьянства в Древнем Риме. М., 1996;
Древний Рим: История. Быт. Культура. М., 1997;
Джонс А.Х.М. Гибель античного мира: Пер. с англ. Ростов н/Д;
М., 1997;
Сергеев И.П. Римская империя в III в. н.э.: Пробл. социально-полит. истории. Харьков, 1999;
Ханкевич О.И. Древние цивилизации. Мн., 2000;
Жураковский Г.Е. Очерки по истории античной педагогики. 2 изд. М., 1963;
Мифы народов мира: Энцикл. Т. 1—2. 2 изд. М., 1991—92;
Лосев А.Ф. Античная философия истории. М., 1977;
Яго ж. История античной эстетики. Кн. 1—2. М., 1992—94;
Яго ж. Словарь античной философии: Избр. ст.М., 1995;
Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995;
Мамардашвили М.К. Лекции по античной философии. М., 1997;
Рожанский И.Д. Античная наука. М., 1980;
Яго ж. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988;
Дитмар А.Б. География в античное время. М., 1980;
Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. Т. 1. Географические открытия народов Древнего мира и средневековья (до плаваний Колумба). 3 изд. М., 1982;
Бокщанин А.Г. Источниковедение Древнего Рима. М., 1981;
Немировский А.И. У истоков исторической мысли. Воронеж, 1979;
Историки и история: жизнь, судьба, творчество. Т. 1—2, М., 1997—98;
Непот К. О знаменитых иноземных полководцах;
Из книги о римских историках: Пер. с лат.М., 1992;
Плутарх. Сравнительные жизнеописания: Пер. с греч. Т. 1—2. М., 1994;
Саллюстий Г.К. Соч.: Пер. с лат.М., 1981;
Тацит К. Соч.: Пер. с лат.Т. 1—2. М.; Л., 1969;
Записки Юлия Цезаря и его продолжателей: Пер. с лат. Ч. 1—2. М., 1991;
Тронский И.М. История античной литературы. 5 изд. М., 1988;
Лосев А.Ф. Античная литература. 5 изд. М., 1997;
Античные писатели. СПб., 1999;
Каллистов Д.П. Античный театр. Л., 1970;
Античная музыкальная эстетика. М., 1960;
Герцман Е.В. Музыка Древней Греции и Рима. СПб., 1995;
Чубова А.П., Иванова А.П. Античная живопись. М., 1966;
Соколов Г.И.: Искусство Древнего Рима. М., 1971;
Яго ж. Римский скульптурный портрет III в. и художественная культура того времени. М., 1983;
Bloch R. The Origins of Rome. New York, 1960;
Grant M. History of Rome. London, 1978;
Storia di Roma. Vol. 1—4. Toruno, 1988—93.
В.І.Ханкевіч (гісторыя, гістарычная навука), Э.С.Дубянецкі (выхаванне і адукацыя, міфалогія і рэлігія, філасофія), С.Дз.Малюковіч (літаратура), К.А.Рэвяка (тэатр, архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Да арт.Рым Старажытны. Рэльеф з выявай рымскай калясніцы.Да арт.Рым Старажытны. Базіліка Максенцыя (Канстанціна) у Рыме. 306—315.Да арт.Рым Старажытны. Патрыцый з партрэтамі продкаў. Канец 1 ст. да н.э.Да арт.Рым Старажытны. «Капіталійская ваўчыца».Да арт.Рым Старажытны. Арка Канстанціна.Да арт.Рым Старажытны. Саркафаг Канстанцыі. 340.