сямейства млекакормячых атр. грызуноў. Вядомы з міяцэну (каля 20 млн.г. назад). 13 родаў, 36 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць на дрэвах, гнёзды ў дуплах. Актыўныя на змярканні і ноччу. На Беларусі 1 від — П. звычайная (Pteromys volans), трапляецца ў Віцебскай вобл. Занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 60 см, хваста да 63 см, маса да 1,4 кг (у П. звычайнай адпаведна да 21 см, 14 см і 170 г). Поўсць густая, тонкая, шаравата-бураватая. Хвост пушысты. Вочы вялікія. Здольныя да планіравання (адсюль назва) з дрэва на дрэва (на адлегласць да 60 м) з дапамогай пакрытых шэрсцю скурных складак па баках цела паміж пярэднімі і заднімі канечнасцямі. Могуць мяняць напрамак палёту з дапамогай хваста. Кормяцца насеннем, парасткамі, пупышкамі, ягадамі, грыбамі, часам насякомымі. Нараджаюць да 4 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМО́РНІКІ, паморнікавыя (Stercorariidae),
сямейства птушак атр. сеўцападобных. Вядомы з ранняга міяцэну (каля 25 млн.г. назад). 2 роды: П. вялікія — Catharacta (1 або 2 віды, пашыраныя біпалярна, у Арктыцы і Антарктыцы) і ўласна П. — Stercorarius (3 віды, пашыраныя кругапалярна ў Арктыцы і Субарктыцы). Жывуць на марскіх узбярэжжах, у тундры. Утвараюць рассеяныя калоніі. Добра плаваюць. На Беларусі адзначаюцца як залётныя віды.
Даўж. да 60 см, размах крылаў да 150 см, маса да 2 кг. Афарбоўка бурая, у некат. светлыя шыя і брушка. Дзюба ўкарочаная, моцная, з кручком на канцы, укрыта 4 рагавымі шчыткамі (рамфатэкай). Хвост завостраны, сярэднія рулявыя пёры бываюць падоўжаныя. Кормяцца рыбай, адбіраюць здабычу ў інш. птушак (клептапаразітызм), а таксама ягадамі, беспазваночнымі, грызунамі, птушанятамі, разбураюць гнёзды інш. птушак. Нясуць 2 яйцы.
сямейства двухдольных кветкавых раслін. Каля 300 родаў, больш за 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, найб. колькасць — ва ўмераных і субтрапічных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 33 роды, 51 від. У Чырв. кнігу занесена 6 відаў П.: астранцыя вялікая, баршчэўнік звычайны, бядрынец вялікі, дзікая пятрушка аленевая, сіела прамая, шчыталіснік звычайны.
Адна- і шматгадовыя травы, радзей кусты або дрэўцы. Лісце звычайна простае, чаргаванае, моцна рассечанае. Кветкі дробныя ў складаных, часам простых, парасоніках ці галоўках. Плод — віслаплоднік. Ва ўсіх органах — эфіраалейныя ходы. Сярод П. шмат агароднінных (кмен, морква, сельдэрэй, пастарнак, пятрушка), тэхн. (каляндра, ферула), эфіраалейных (аніс, каляндра, фенхель), лек. (амі, кмен, ферула), дэкар. (астранцыя, баршчэўнік) раслін. Некат. моцна ядавітыя (балігалоў, цыкута), шэраг відаў (напр., снітка, цьмянец) пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРО́М,
плывучае збудаванне (судна, плыт і інш.) для рэгулярнай перавозкі сухапутных транспартных сродкаў (аўтамабіляў, чыг. вагонаў), грузаў і пасажыраў цераз водную перашкоду паміж пэўнымі берагавымі пунктамі. Бываюць самаходныя і несамаходныя.
Па вял. суднаходных рэках П. перамяшчаецца па кабелі, пракладзеным па дне, або буксірным суднам; на невял. рэках перацягваецца з дапамогай троса, замацаванага на процілеглых берагах; для паромнай пераправы праз пралівы, азёры звычайна выкарыстоўваюць спец. абсталяваныя судны. Водазмяшчэнне іх да 20 тыс.т і больш, умяшчальнасць каля 100 чыг. вагонаў, пасажыраўмяшчальнасць да 2000 чал. Паромныя зносіны найб. развіты ў Японіі, Зах. Еўропе (праз Ла-Манш). У ваен. мэтах П. выкарыстоўваюцца пры фарсіраванні водных перашкод; робяцца з штатных пантонных паркаў (гл.Пантон) і мясц. плывучых сродкаў (баржы, лодкі і інш., на якіх замацоўваецца грузавая платформа).
Пасажырскі паром для зносін паміж Вялікабрытаніяй і Францыяй (мае вароты для аўтамабіляў на носе і карме).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РТЫЯ БЕЛАРУ́СКАГА НАРО́ДНАГА ФРО́НТУ (са снеж. 1999 Партыя БНФ),
нац.-дэмакр. партыя правацэнтрысцкага кірунку. Створана ў маі 1993 на грунце Беларускага народнага фронту «Адраджэньне». Кіруючы орган паміж з’ездамі — сойм. Асн. мэта — ажыццяўленне праграмы Грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэньне» шляхам удзелу ў фарміраванні органаў дзярж. улады Рэспублікі Беларусь. Выступае за парламенцкую рэспубліку і прафес. парламент (сойм) як аснову прадстаўнічай дэмакратыі. Прыярытэты сац.-эканам. палітыкі партыі, паводле праграмных дакументаў: кожны чалавек павінен валодаць уласнасцю і распараджацца ёю, рынак, фермерская сельская гаспадарка, перавод у прыватны сектар большасці асн. фондаў вытв-сці. Выступае за незалежную бел. дзяржаву, адраджэнне бел.нац. культуры, мовы, традыцый, прапагандуе нац. ідэю. Знешняя стратэгія ўключае раўнапраўныя партнёрскія адносіны з усімі краінамі, найперш з суседнімі, арыентацыю на падтрымку краін Захаду. На сак. 2001 партыя аб’ядноўвала каля 1800 чал., мела структуры ў абласцях і г. Мінск, сельскіх раёнах і гарадах Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭ́ЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 19 ст. ў в. Парэчча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Створаны на правым пакатым беразе р. Ясельда. Парк пейзажнага тыпу, пл. 60 га. Каляр. Ясень, рукава Ясельды, стаяў мураваны палац (не захаваўся), на астраўку побач быў пладовы сад. У аснове планіроўкі парку — сетка ўзаемна перпендыкулярных алей. Гал. кампазіцыйная вось арыентавана з ПнУ на ПдЗ. На паўн. ускраіне сістэма каналаў і праточных сажалак утварае маляўнічыя астравы і паўастравы з багатай расліннасцю, густым падлескам. На Пд дуброва з дубу чырвонага і рабініі псеўдаакацыі (белай акацыі) і пладовы сад. У парку шмат экзотаў (піхты белая, сіб., аднаколерная, хвоя веймутава, елкі канадская, Энгельмана, дугласія Мензіса, клён ясенялісты, бук лясны, арэх Зібальда, дуб балотны і інш.).
Літ.:
Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1975. С. 108—110.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЛІНГВІСТЫ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т.
Засн. ў 1948 у Мінску як пед.ін-т замежных моў на базе ф-та замежных моў (з 1932) Мінскага пед. ін-та. З 1993 сучасная назва. Ва ун-це вядзецца выкладанне 14 замежных моў, у т. л.араб., італьян., кіт., нідэрл., польск., тур., чэш., швед., яп. і інш. У 1999/2000 навуч.г. ф-ты: англ., ісп., ням., франц. моў; рус. мовы для замежных студэнтаў; зах.-еўрап. моў; перакладчыцкі з аддзяленнем для замежных студэнтаў; спец.ф-т замежных моў для перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў нар. гаспадаркі; падрыхтоўчыя вячэрнія курсы. Навучанне дзённае і завочнае (ням. мова). Аспірантура з 1962. Дактарантура з 1992. Магістратура з 1997. Працуе б-ка (каля 1 млн.экз. кніг), рэдакцыйна-выдавецкі аддзел, служба псіхал. дапамогі для студэнтаў. Выдае зб-кінавук. прац, навуч.-метадычную л-ру, час. «Вестник» і «Лінгва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ДЭНА (Modena),
горад на Пн Італіі, на Паданскай раўніне. Адм. ц. правінцыі Модэна. Каля 200 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: агульнае і трансп. машынабудаванне, у т. л.вытв-сцьспарт. аўтамабіляў, трыкат., швейная, харчасмакавая, буд. матэрыялаў. Ун-т (з 1171), ваен. акадэмія. Акадэмія л-ры і мастацтва. Музеі. Арх. помнікі 11—17 ст.
У старажытнасці горад этрускаў. З 183 да н.э.рым. калонія Муціна. Заняпала ў выніку нашэсця варвараў. Уздым пачаўся ў 8 ст., калі М. стала рэзідэнцыяй епіскапаў і графаў. У 1167 увайшла ў Ламбардскую лігу, у 12 ст. атрымала правы камуны. У 1288—1860 пад уладай роду д’ Эстэ (з перапынкамі: у 1306—36 камуна, у 1510—27 пад уладай пап). У 1598—1860 цэнтр аднайм. герцагства. У 2-ю сусв. вайну (пасля акупацыі Італіі ням. войскамі) адзін з цэнтраў Руху Супраціўлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛАДАЎСКІ ПАЛА́Ц.
Існаваў з канца 18 ст. да 1940-х г. у в. Моладава Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1798 паводле праекта арх. Ван-Гроса; меў рысы стылю ампір. Належаў Скірмунтам. Мураваны 1-павярховы прамавугольны ў плане на высокім цокалі будынак з 3 рызалітамі, накрыты вальмавым дахам. Сцены, аздобленыя рустам, завяршаліся антаблементам і карнізам на сухарыках. Цэнтр. рызаліт на гал. фасадзе вылучаны дарычным порцікам з 2 парамі калон і трохвугольным франтонам, на фасадзе, што выходзіў у парк, — 3-граннай галерэйкай з вальмавым пакрыццём. Бакавыя рызаліты на гал. і паркавым фасадах вылучаны 4-калоннымі порцікамі з трохвугольнымі франтонамі. Высокія прамавугольныя аконныя праёмы з франтончыкамі ў завяршэнні і скульпт. ўстаўкамі пад карнізамі. Каля палаца стаяў прамавугольны ў плане флігель з порцікамі на гал. фасадзе. Недалёка ад палаца размешчана Моладаўская капліца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РА,
частка акіяна, больш-менш аддзеленая ад яго сушай або ўзвышэннямі падводнага рэльефу. Адрозніваецца ад адкрытай ч. акіяна пераважна наяўнасцю ўласнага гідралагічнага і кліматычнага рэжымаў. На Зямлі каля 60 мораў. Паводле ступені адасобленасці ад акіяна і асаблівасцей гідралагічнага рэжыму М. падзяляюцца на ўнутраныя ўскраінныя моры і міжастраўныя моры, паводле геагр. становішча — на міжмацерыковыя моры і ўнутрымацерыковыя моры. Ад замкнёнасці М. сушай залежаць гідралагічны рэжым, салёнасць вады, сезонныя ваганні т-ры паветра і вады на паверхні М. Перавага цыкланічных вятроў над М. абумоўлівае перавагу ў іх цыкланічных цячэнняў. Арганічны свет М. больш разнастайны і багаты эндэмікамі, чым у адкрытых частках акіяна. Часта ўмоўна М. называюць таксама асобныя адкрытыя часткі акіяна, якія вызначаюцца пэўнымі асаблівасцямі (Саргасава м. ў Атлантычным ак. з вял. масай водарасцей — саргасаў), асобныя вадасховішчы (Мінскае м.), і, наадварот, некаторыя М. называюць залівамі (Мексіканскі, Гудзонаў, Персідскі і інш.).