ПЛІ́НА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 5 км на У ад г.п. Ушачы. Пл. 0,87 км², даўж. 2,56 км, найб. шыр. 510 м, найб. глыб. 18,2 м, даўж. берагавой лініі 6,6 км. Пл. вадазбору 14,6 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. да 17 м, стромкія (на Пд і Пн 5—8 м), на З разараныя. Берагі нізкія, на ПнЗ сплавінныя. Ложа ўскладнена ўпадзінамі і мелямі. 2 астравы агульнай пл. 6 га. Дно ў прыбярэжнай ч. пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае. Упадаюць 7 ручаёў і канаў, выцякае ручай у воз. Утвіна.

т. 12, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́КРЫЎНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

с.-г. культуры, пад якія падсяваюць насенне інш. раслін (падсяўных культур). Сумеснае іх вырошчванне дазваляе атрымаць 2 ураджаі кармавых раслін за год, рацыянальна выкарыстоўваць сонечную энергію, вільгаць, пажыўныя рэчывы глебы.

П.к. павінны мець кароткі вегетац. перыяд, рана вызваляць пашу, не зацяняць падсяўную культуру. Як П.к. выкарыстоўваюць азімыя (жыта, пшаніца) і яравыя (ячмень, пшаніца, авёс) збожжавыя, лён і інш. Усходы падсяўных культур павінны добра пераносіць зацяненне, запаволена расці ў першую палову вегетац. перыяду, не пагаршаць умовы росту П.к. Часцей гэта травы — шматгадовыя (канюшына, цімафееўка, люцэрна, эспарцэт) або аднагадовыя (сырадэля, лубін, баркун, морква, турнэпс).

т. 12, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ЛАЦАК».

беларускамоўны грамадскі, гісторыка-культуралагічны і літ. ілюстраваны часопіс, які выдаваўся ў 1991—97, у г. Кліўленд (ЗША) бел.-амерыканскім культ.-асв. цэнтрам «Полацак». Гал. мэта выдання часопіса — спрыянне паяднанню беларусаў замежжа і Бацькаўшчыны. Раздзелы і рубрыкі: «Наша гісторыя», «Роднае слова», «Чарнобыльскі шлях», «Вобразы Бацькаўшчыны», «З жыцьця эміграцыі», «З эмігранцкіх выданьняў» і інш. Апублікаваў дакументы 19-й і 20-й сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі, I з’езда беларусаў свету, сустрэчы кіраўнікоў бел. суполак у замежжы, артыкулы па гісторыі і сучасным стане бел. эміграцыі, матэрыялы пра бел. асветнікаў і інш. Выйшла больш за 40 нумароў.

А.​С.​Ляднёва, А.​Я.​Белы.

т. 12, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЕ КО́ЛА (Koło Polskie, у сэнсе «польскае асяроддзе, гурт»),

назва польскіх парламенцкіх фракцый у аўстр. рэйхсраце (1867—1918), герм. рэйхстагу (1871—1918) і рас. Дзярж. думе (1906—17). У П.к. Германіі і Расіі гал. ролю адыгрывалі нац.-дэмакраты (эндэкі), якія абапіраліся на сярэднія пласты грамадства, у Аўстрыі да выбараў 1907 — шляхецкія кансерватары, з 1907 — кансерватары і эндэкі. Члены П.к. стаялі на нац.-рэфармісцкіх пазіцыях. У Аўстрыі і Германіі яны выступалі супраць германізацыі польскіх зямель, у Расіі — супраць русіфікацыі і за аўтаномію Каралеўства Польскага (у Аўстрыі з 1867 існавала аўтаномія польскіх зямель).

Р.​Р.​Лазько.

т. 12, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОСТЭМБРЫЯНА́ЛЬНАЕ РАЗВІЦЦЁ, паслязародкавае развіццё,

перыяд развіцця жывёл і чалавека пасля выхаду з абалонак або нараджэння да палаваспеласці. Пачынаецца адразу за эмбрыягенезам. Прамое П.р. адбываецца, калі арганізм мае асн. марфал. адзнакі палаваспелай асобіны; пры значным адрозненні лічынка, што вылупліваецца з яйца, пераходзіць да дарослага стану шляхам метамарфозу. У працэсе П.р. працягваецца рост, далейшае развіццё органаў, тканак, ускладненне функцый, станаўленне канчатковых прапорцый цела. У некат. жывёл П.р. займае большую ч. жыцця. Напр., у шэрагу цыкад лічынка жыве 17 гадоў, а палаваспелае насякомае — адно лета. Працягласць П.р. ў чалавека — 13—16 гадоў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВАЯ ЛЯСНА́Я,

рака ў Польшчы і Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. (бас. р. Зах. Буг). Даўж. 63 км, пл. вадазбору 996 км²; у межах Беларусі — 30 км і 650 км². Пачынаецца на тэр. Польшчы. За 0,8 км на У ад в. Вугляны Камянецкага р-на зліваецца з р. Левая Лясная (утвараюць р. Лясная, бас. р. Буг). Цячэ па Прыбугскай раўніне, перасякае тэр. Белавежскай пушчы. Даліна трапецападобная, месцамі невыразная, у ніжнім цячэнні яе шыр. да 4 км. Рэчышча звілістае, свабодна меандруе, слабаразгалінаванае, шыр. ў ніжнім цячэнні 20—25 м. З 1930 назіранні вядуцца на гідралаг. пасту Камянюкі.

т. 12, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКУРАТУ́РА (ад лац. procurare клапаціцца),

спецыяльны дзярж. орган (сістэма органаў), у кампетэнцыю якога ўваходзіць узбуджэнне крымін. спраў, падтрыманне абвінавачвання, прадстаўніцтва інтарэсаў дзяржавы ў суд. працэсе. У шэрагу краін П. належыць таксама функцыя нагляду за дакладным і аднастайным выкананнем законаў усімі грамадзянамі, арг-цыямі і службовымі асобамі (т.зв. «агульны нагляд»), У адных краінах П. з’яўляецца састаўной ч. суда, у другіх арганізацыйна аддзелена ад яго. У некат. краінах П. ўваходзіць у сістэму мін-ва юстыцыі (ЗША, Францыя, Нідэрланды, Аўстрыя, Японія, Польшча). У Рэспубліцы Беларусь П. з’яўляецца адзінай і цэнтралізаванай сістэмай органаў П., якую ўзначальвае Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСЯ́НКА (Emberiza calandra, або Miliaria calandra),

птушка сям. аўсянкавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жыве ў стэпах, на сухадольных лугах з хмызняковымі зараснікамі, палях, каля населеных пунктаў. У канцы лета вывадкі П аб’ядноўваюцца ў чароды да 50 асобін і больш. На Беларусі рэдкі гнездавальны від. Занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 20 см, маса да 60 г. Апярэнне аднастайна-шэрае, святлейшае на горле, грудзях і брушку, з бурымі падоўжанымі стракацінамі. Дзюба высокая, моцная. Корміцца пераважна насеннем раслін, парасткамі, часткова дробнымі беспазваночнымі. Нясе 4—6 яец двойчы за год.

Э.​Р.​Самусенка.

Прасянка.

т. 13, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРО́БЛІСК»,

«Пралетарска-сялянская беларуская літаратурная суполка», аб’яднанне бел. пісьменнікаў у ліп. 1927 — студз. 1928. Засн. ў Мінску. Ініцыятары стварэння і члены — выключаныя ў крас. 1927 з «Маладняка» Я.​Бобрык, В.​Каваль, Т.​Кляшторны, В.​Маракоў, І.​Плаўнік, Я.​Туміловіч, а таксама А.​Гурло, А.​Звонак, С.​Фамін, М.​Хведаровіч, Н.​Чарнушэвіч і інш. Ставіла за мэту стварэнне пралетарскай л-ры, адлюстраванне ў маст. форме будаўніцтва сацыялізму ў рэспубліцы. З прычыны сваёй нешматлікасці і неакрэсленасці творчай праграмы суполка не разгарнула шырокай дзейнасці і заявіла (28.1.1928) пра самаліквідацыю. Члены яе былі зноў прыняты ў «Маладняк».

К.​Р.​Хромчанка.

т. 13, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ХАРАЎ (Якаў Васілевіч) (6.11.1870, в. Пажаркі Калужскай вобл., Расія — 1942),

рас. і бел. кампазітар, муз. этнограф. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1904, кл. М.Рымскага-Корсакава). З 1921 супрацоўнік Дзярж. ін-та муз. навукі ў Маскве, уваходзіў у Беларускую песенную камісію. З 1924 выкладчык Бел. муз. тэхнікума ў Мінску. Збіраў песні народаў Расіі, бел. нар. песні (запісаў у розных мясцовасцях больш за 150 песень). Сярод муз. твораў: харавыя апрацоўкі 82 бел. нар. песень (у т. л. «Ой рана на Йвана», «Ах ты, зорка мая»), рамансы на словы Я.​Купалы і Я.​Коласа. Аўтар муз.-этнагр. прац. Сярод яго вучняў М.Аладаў.

т. 13, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)