прыстасаванне для ператварэння пераменнага току (адна- або трохфазнага) у пастаянны ток. Складаецца з уласна выпрамніка (блока эл.вентыляў), трансфарматара (пры неабходнасці змяніць напружанне эл. сеткі да патрэбнай велічыні) і эл.фільтра (згладжвае пульсацыю выпрамленага напружання). Выпрамнікі току бываюць: электракантактныя, электравакуумныя (кенатронныя; гл.Кенатрон), газаразрадныя (гл.Газатрон, Ігнітрон, Тыратрон, Эксітрон) і паўправадніковыя (гл. ў арт.Паўправадніковыя прылады), адно- і двухпаўперыядныя, маставыя і з нулявым вывадам; адна-, трох- і мнагафазныя; рэгулёўныя і нерэгулёўныя.
Прасцейшыя аднапаўперыядныя аднафазныя выпрамнікі току маюць адзін вентыль, які прапускае пераменны ток толькі ў адным напрамку; выкарыстоўваюцца ў маламагутных (напр., бытавых) прыладах. Лепш згладжваюць пульсацыю напружання двухпаўперыядныя аднафазавыя выпрамнікі току, якія выкарыстоўваюцца пераважна ў прыстасаваннях са спажыванай магутнасцю да некалькіх кілават (радыёапаратура, прылады аўтаматыкі, тэлемеханікі і інш.), часам — для сілкавання магутных (да 1000 кВт) прыстасаванняў (напр., цягавых рухавікоў электравозаў). Двухпаўперыядныя трохфазавыя выпрамнікі току выкарыстоўваюцца ў магутных устаноўках прадпрыемстваў электраметалургіі, электрахіміі і інш. Мнагафазныя выпрамнікі току атрымліваюць павелічэннем ліку другасных абмотак трансфарматара і пэўным іх злучэннем, яны значна зніжаюць пульсацыю выходнага напружання.
У.М.Сацута.
Схемы нерэгулёўных выпрамнікоў току на паўправадніковых дыёдах: 1 — аднафазнага аднапаўперыяднага; 2 — трохфазнага маставога; Д — дыёд.Схемы рэгулёўных выпрамнікоў току: 1 — на тырыстарах; 2 — на транзістарах і паўправадніковых дыёдах; Т — тырыстар; Д — дыёд; Тр — транзістар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧЫЯ ФО́НДЫ,
асобасныя, рукатворныя і прыродныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюцца ў вытв. працэсе для вырабу матэрыяльных і духоўных даброт. Да асобасных рэсурсаў адносіцца талент вытворцаў (у вузкім сэнсе рабочая сіла), элементамі якога з’яўляюцца інфармацыя, веды, уменні і навыкі; да рукатворных — пабудовы, збудаванні, машыны, абсталяванне, інструменты і механізмы, сродкі транспарту, сувязі, рабочая жывёла і інш.; да прыродных — зямля, яе нетры, клімат і да т.п. Вытворчыя фонды разглядаюць з трох бакоў. З боку паводзін суб’ектаў гаспадарання вытворчыя фонды — гэта рэсурсы, якія выклікаюць пэўную рэакцыю адасобленага суб’екта гаспадарання ў адносінах да ізаляванага запасу спажывальных даброт. З боку функцыянавання эканам. сістэмы — гэта тыя рэсурсы, якія ўжо выступаюць у якасці фактараў вытв-сці — спажывальных даброт і падзяляюцца на ўмовы, сродкі і прадметы працы. Паводле характару перанясення вартасці на ствараемы прадукт вытворчыя фонды падзяляюцца на асноўныя і абаротныя. Паводле матэрыяльна-рэчавага складу яны падзяляюцца на асобасныя і рэчаўныя. Гэты падзел мае істотнае значэнне для выяўлення тэхнічнай, вартаснай і арганічнай пабудовы вытворчых фондаў, дынамікі развіцця вытв-сці і эканам. сістэмы. Вытворчыя фонды Беларусі без уліку вартасці зямлі, нетраў, лясоў і таленту вытворцаў склалі ў 1990 105,7 млрд.руб., у т. л. асноўныя вытворчыя фонды 72,3 млрд., абаротныя 33,4 млрд.руб.; у 1994 адпаведна — 320 655, 307 338 і 13 317 млрд.руб., у фактычных цэнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЖУЧЫЯ РЭ́ЧЫВЫў будаўніцтве,
рэчывы, якія пераходзяць з вадкага або цестападобнага стану ў каменепадобны і звязваюць пры гэтым змешаныя з імі запаўняльнікі ці змацоўваюць камяні. Бываюць неарганічныя (мінеральныя) і арганічныя. Выкарыстоўваюцца для вырабу бетону і будаўнічых раствораў, гідра-, цепла- і гукаізаляцыйных матэрыялаў і вырабаў, канструкцыйных і дэкар. пластыкаў і інш.
Неарганічныя вяжучыя рэчывы — парашкападобныя рэчывы, здольныя пры змешванні з вадой утвараць пластычную кансістэнцыю і цвярдзець. Бываюць: гідраўлічныя, якія пасля змешвання з вадой цвярдзеюць і захоўваюць трываласць на паветры і ў вадзе (партландцэмент і яго разнавіднасці, пуцаланавыя, шлакавыя і гліназёмістыя цэменты, гідраўл.вапна і інш.); паветраныя, якія цвярдзеюць і захоўваюць трываласць толькі на паветры (гіпсавыя і магнезіяльныя рэчывы, паветр. вапна і інш.); аўтаклаўнага цвярдзення, якія эфектыўна цвярдзеюць толькі пад ціскам у аўтаклавах (вапнава-крэменязёмістыя і вапнава-нефелінавыя вяжучыя, пясчаністы партландцэмент і інш.). Арганічныя вяжучыя рэчывы — цвёрдыя або вязкавадкія прыродныя ці штучныя высокамалекулярныя злучэнні, здольныя пад уплывам фіз.-хім. працэсаў пераходзіць у цвёрды або малапластычны стан. Падзяляюцца на бітумныя (гл.Асфальт, Бітумы), дзёгцевыя і палімерныя (гл.Палімеры). У састаў вяжучых рэчываў уводзяць дабаўкі, якія паляпшаюць іх якасць або надаюць новыя ўласцівасці. На Беларусі ёсць значныя паклады сыравіны для атрымання вяжучых рэчываў (гл.Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЗА́ННЕ,
від тэкстыльнага пляцення з суцэльнай ніткі, выгнутай у петлі, якія злучаюцца паміж сабой у падоўжным і папярочным напрамках, утвараючы эластычнае палатно — трыкатаж, вытворчасць трыкат. вырабаў; від народнага дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва. Адрозніваюць вязанне ручное і машыннае. Прамежкавае месца займае вязанне з дапамогай ручных вязальных апаратаў рознай ступені складанасці.
Існуюць 2 асн. спосабы вязання: правязванне пятлі з адначасовым яе закрываннем (вязанне кручком) і правязванне рада незакрытых петляў з наступным іх закрываннем (вязанне пруткамі або з дапамогай прыстасаванняў у выглядзе ліштваў з калкамі). На Беларусі вязанне кручком і пруткамі вядомае з 18 ст., да 20 ст. цалкам выцесніла захаванае яшчэ ад бронзавага веку іголкавае пляценне. Камбінацыі розных прыёмаў вязання даюць магчымасць ствараць багатыя структурна-каляровыя эфекты трыкат. вырабаў. Найб. прыдатныя для вязання ніткі льняныя, баваўняныя, ваўняныя, з хім. валокнаў і змешаныя. Тонкім метал. кручком вяжуць карункі, карункавыя прошвы і падзоры для ручнікоў і бялізны, сурвэткі, абрусы, пакрывалы, адзенне і дэталі да яго; тоўстым драўляным кручком — палавікі і дыванкі. Пруткамі (метал., пластмасавыя) вяжуць сукенкі, блузкі, шарсцяныя жакеты, джэмперы, хусткі, шапкі, пальчаткі, панчохі і інш. вырабы.
Машыннае вязанне на трыкатажных машынах бывае 2 тыпаў: папярочнавязальнае (кулірнае) і асновавязальнае. Выкарыстоўваюць у вытв-сці адзення, бялізны, галантарэйных і швейных вырабаў (гл.Трыкатажная прамысловасць).
А.У.Лось.
Тыпы машыннага вязання: 1 — папярочнае (кулірнае); 2 — асновавязальнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗКАСЦЬ, унутранае трэнне,
уласцівасць газаў, вадкасцей і цвёрдых цел супраціўляцца іх цячэнню (для цвёрдых цел — развіццю астаткавых дэфармацый) пад уздзеяннем вонкавых сіл. Характарызуе сілавое ўзаемадзеянне (інтэнсіўнасць перадачы імпульсу) паміж слаямі вадкасці (газу) пры любых цячэннях. Звязана са структурай рэчыва і адлюстроўвае фіз.-хім. змены ў рэчывах пры тэхнал. працэсах. Гелій мае асаблівыя вязкасныя ўласцівасці — звышцякучасць.
Вязкасць газаў абумоўлена цеплавым рухам малекул (вынік пастаяннага абмену малекуламі паміж слаямі і таму для надзвычай разрэджаных газаў паняцце вязкасці страчвае сэнс), вадкасцей — міжмалекулярным узаемадзеяннем. Пры ламінарным цячэнні вязкіх вадкасцей і газаў (закон І.Ньютана; 1687) датычная сіла трэння, што выклікае зрух слаёў вадкасцей (газаў) адносна адзін аднаго, прапарцыянальная градыенту скорасці ў напрамку, перпендыкулярным слою, што разглядаецца, і плошчы слоя, пры якім адбываецца зрух; каэфіцыент прапарцыянальнасці наз. дынамічнай вязкасцю η (характарызуе інтэнсіўнасць ператварэння работы знешніх сіл у цеплыню). Кінематычная вязкасць , дзе ρ — шчыльнасць вадкасці (газу). У цвёрдых целах вязкасць характарызуе ўласцівасць неабарачальна паглынаць мех. энергію пры пластычных дэфармацыях; вызначаецца адносінамі работы дэфармацыі да папярочнага сячэння (або аб’ёму) узору. Гл. таксама Рэалогія.
Да арт.Вязкасць: F — датычная сіла, прыкладзеная да рухомай пласціны B, што рухаецца з пастаяннай скорасцю V0; V(Z) — залежнасць скорасці слоя вадкасці (газу) ад яго адлегласці Z ад нерухомай пласціны A.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАГРАФІ́ЧНАЕ КІНО́,
кіно з каляровым цалкам аб’ёмным відарысам аб’ектаў, які ствараецца метадамі галаграфіі. Перспектыўнае для выкарыстання ў тэатралізаваных паказах, навуч. працэсе, для даследавання хуткацякучых фіз. працэсаў, неразбуральнага кантролю трываласці вібрыруючых вырабаў і інш.
Здымка фільма робіцца апаратамі, якія фіксуюць на плёнцы відарысы аб’екта пад рознымі вугламі. Кожны кадр складаецца з 3 галаграм (яны фіксуюць структуру адбітай аб’ектам светлавой хвалі), атрыманых у чырвоным, зялёным і сінім колерах. Пры дэманстраванні фільма плёнку, змешчаную ў праекцыйны апарат, асвятляюць прамянямі з адпаведнай даўжынёй хвалі ад трох лазераў. У выніку на спец. экране (амаль празрыстым) узнікае бачны трохмерны відарыс такіх памераў, як на плёнцы. Праекцыйным аб’ектывам атрыманы відарыс павялічваецца да памераў, адпаведных аб’екту здымкі. Асн. прынцыпы галаграфічнага кіно распрацаваны ў 1970-я г. ва Усесаюзным н.-д. кінафотаінстытуце (Масква), дзе зняты і прадэманстраваны (1976) першы эксперым. галаграфічны фільм працягласцю каля 2 мін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБА́РСТВА,
рамяство па вырабе скур для пашыву абутку. На Беларусі сыравінай служылі скуры рагатай жывёлы, зрэдку коней, свіней. Традыц. тэхніка вырабу скур уключала падрыхтоўчыя аперацыі (мачэнне, заленне, мяздрэнне, ачыстка ад шэрсці, абяззольванне, квашанне), дубленне (каб скура стала вільгаценепранікальнай) і апрацоўку (фарбаванне, пакрыццё тлушчам, глянцаванне і інш.). Гатовыя скуры адрозніваліся па гатунках: юхт (скура для верху абутку), падэшвенная, апойка (скура з цяляці-сысунка), саф’ян (мяккая скура з казліных, цялячых, авечых скур), замша (авечая ці аленевая скура без верхняга пласта), лайка (з авечых скур). Гарбарства на Беларусі было пашырана пераважна ў мястэчках і гарадах, а з сярэдзіны 19 ст. і ў вёсках, калі заможныя сяляне пачалі шыць скураны абутак. У канцы 19 — пач. 20 ст. гарбарная вытворчасць развівалася як фабрычна-заводская і саматужная (апошняя пераважала). Тыповымі былі невялікія гарбарні, у якіх працаваў гаспадар з 2—4 рабочымі або членамі сям’і. Найбольш вядомымі цэнтрамі гарбарства былі Гродна, Мір, Ліда, Пружаны, Кобрын, Ашмяны, Смаргонь, Віцебск, Полацк, Лепель, Магілёў, Давыд-Гарадок, Тураў, Слуцк, Мазыр і інш. Высокай якасцю славіліся магілёўскія і мазырскія скуры, якія карысталіся вял. попытам і за межамі Беларусі. У 1920—40-я г. саматужнае гарбарства было забаронена. У 1950-я г. кааператыўна-прамысловыя арцелі рэарганізаваны ў дзярж. прадпрыемствы. Гл. таксама Гарбарная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСПАДАРО́Ў (Піліп Паўлавіч) (1865, в. Забаб’е Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 9.7.1938),
рускі і бел.нар. казачнік. У 1905 за ўдзел у сял. выступленні на Магілёўшчыне сасланы пажыццёва ў Алонецкую губ. (в. Шуя). Пасля вызвалення з-пад нагляду паліцыі ў 1907 перасяліўся ў Петразаводск. Працаваў кавалём на Аляксандраўскім з-дзе. Казачны рэпертуар засвоіў у дзяцінстве ад аднавяскоўца, прыгоннага селяніна К.К.Шаўцова. У 1937—38 ад яго фалькларыст М.У.Новікаў запісаў 106 казак, прыказкі, загадкі. Традыц.длябел. казачнага эпасу антыпамешчыцкая, антырэліг. і антыклерыкальная накіраванасць характэрна і для казак Гаспадарова («Салдацкія сыны», «Пра дурнога Амелю», «Пра залатое яечка», «Поп і работнік», «Каваль і поп», «Праўда пра святога Феадосія»). На аснове традыц. сюжэтаў стварыў казкі на сав. тэматыку («Як мужык і рабочы праўду шукалі», «Чырвоныя арляняты», «Як Мар’я з Іванам зраўняліся»). Казкі Гаспадарова вылучаюцца шырокім выкарыстаннем сродкаў традыц. фальклорнай паэтыкі, трапных прыказак, загадак, майстэрствам дыялогаў. Чарадзейныя казкі Гаспадарова паводле стылю блізкія да яго быт. казак. Казка Гаспадарова «Салдацкія сыны» ў перакладзе на ням. мову Г.І.Грыма ўвайшла ў складзены Л.Р.Барагамзб. «Беларускія народныя казкі» (Берлін, 1966, 10-е выд. 1980).
Тв.:
Сказки Ф.П.Господарева. Петрозаводск, 1941;
У кн.: Песни и сказки на Онежском заводе. Петрозаводск, 1937.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАПЕРАХО́Д,
кантакт паміж двума рознымі паводле хім. саставу ці (і) фазавага стану паўправаднікамі (ПП). Па тыпе праводнасці спалучаных ПП адрозніваюць гетэрапераходы анізатыпныя — кантактуюць ПП з электроннай (n) і дзірачнай (p) эл.-праводнасцямі (p-n-гетэрапераход; гл.Электронна-дзірачны пераход), і ізатыпныя — кантактуюць ПП з адным тыпам праводнасці (n-n-гетэрапераход ці p-p-гетэрапераход). Камбінацыі некалькіх гетэрапераходаў утвараюць гетэраструктуры.
Для атрымання гетэрапераходу выкарыстоўваюцца кантакты паміж германіем Ge, крэмніем Si, ПП злучэннямі тыпу AIIIBV, дзе AIII — элемент III групы перыяд. сістэмы элементаў (алюміній Al, галій Ga, індый In), BV — элемент V групы (фосфар P, мыш’як As, сурма Sb), і іх цвёрдымі растворамі: Ge—Si, Ga Al As — Ga As, Ga Al—Ge, In Ga As — In P. Гетэрапераход атрымліваюць эпітаксіяй. Галоўная асаблівасць гетэрапераходу — скачкападобнае змяненне ўласцівасцей на мяжы падзелу ПП (шырыні забароненай зоны, энергіі роднасці да электрона, рухомасці носьбітаў зараду, іх эфектыўнай масы і інш.). Кіраванне імі шляхам падбору спалучаных ПП матэрыялаў дае магчымасць ствараць арыгінальныя ПП прылады. Гетэрапераходы выкарыстоўваюцца ў пераключальніках хуткадзейных лагічных схем дляЭВМ, ПП лазерах, святлодыёдах і інш.
Літ.:
Милис А., Фойхт Д. Гетеропереходы и переходы металл — полупроводник: Пер. с англ.М., 1975;
Шарма Б.Л., Пурохит Р.К. Полупроводниковые гетеропереходы: Пер. с англ.М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАДЫНАМІ́ЧНАЯ ПЕРАДА́ЧА,
гідраўлічная перадача, якая складаецца з лопасцевых колаў з агульнай поласцю, дзе круцільны момант перадаецца за кошт змены моманту колькасці руху рабочай вадкасці. Служыць для перадачы і бесступеньчатай змены круцільнага моманту ад рухавіка (вядучага вала) да прыводнай машыны (вядзёнага кола).
Лопасцевыя колы гідрадынамічнай перадачы (помпавае, злучанае з рухавіком, і турбіннае, злучанае з прыводнай машынай) размешчаны сувосева і збліжаны так, што ўтвараюць торападобную поласць, запоўненую рабочай вадкасцю. Помпавае кола прыводзіць у рух вадкасць, энергія якой перадаецца турбіннаму колу. Гідрадынамічная перадача з двума гэтымі коламі наз.гідрамуфтай. У яе аднолькавыя круцільныя моманты на вядучым і вядзёным валах. Выкарыстоўваецца ў прыводах буравых установак, сілкавальных помпаў і дымасосаў ЦЭС і інш.для аховы рухавікоў ад перагрузак. Гідрадынамічная перадача з трыма і болей коламі (помпавым, накіравальнага апарата — рэактара і турбінным) наз.гідратрансфарматарам. У ім вадкасць дадаткова праходзіць праз рэактар, які мяняе напрамак патоку і дазваляе бесступеньчата рэгуляваць круцільны момант і частату вярчэння вядзёнага (турбіннага) вала. Гідратрансфарматары выкарыстоўваюць у сілавых перадачах аўтамабіляў, цеплавозаў і інш.
Да арт.Гідрадынамічная перадача. а — гідрамуфта (1 — помпавае кола на вядучым вале; 2 — турбіннае кола на вядзёным вале); б — гідратрансфарматар (1 — помпавае кола на вядучым вале, 2 — накіравальны апарат, або рэактар, 3 — турбіннае кола на вядзёным вале).