НЕМЕРТЫ́НЫ (Nemertini),

тып беспазваночных жывёл. 1 клас, больш за 110 родаў, каля 1000 відаў. Пераважна марскія жывёлы, каля 30 відаў — прэснаводныя; жывуць на паверхні грунту, часам закопваюцца ў яго, некат. плаваюць. Каля 10 відаў жывуць на сушы (у глебе).

Даўж. ад 0,5 мм да 30 м, шыр. да 9 мм (у большасці даўж. да 20 см, шыр. 1—5 мм). Цела двухбакова-сіметрычнае, несегментаванае, зрэдку ніткападобнае; укрыта раснічным эпітэліем з мноствам слізістых залоз. Афарбоўка разнастайная, часам стракатая. На галаўным канцы хабаток з ротавай адтулінай — орган нападу і абароны. Поласць цела запоўнена асн. тканкай. Крывяносная сістэма замкнёная, стрававальная — у выглядзе прамой трубкі з вырастамі. 2—4 пары вачэй, ёсць органы дотыку, хім. пачуцця. Дыхаюць паверхняй цела. Пераважна драпежнікі; некат. віды — паразіты і сімбіёнты малюскаў, крабаў і марскіх зорак. Раздзельнаполыя, развіццё прамое або з метамарфозам (лічынка—пілідый). Здольныя да рэгенерацыі.

Літ.:

Жизнь животных. Т. 1. 2 изд. М., 1987.

А.​М.​Петрыкаў.

Немертыны: 1 — нектанямертас; 2 — малакабдэла; 3 — эўнямертас; 4 — тубулянус.

т. 11, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВУ́ЛЬСКАЕ ВО́ЗЕРА, Павулле,

Цётча. Ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 18 км на ПнУ ад г.п. Ушачы. Пл. 8,45 км², даўж. 6,4 км, найб. шыр. 1,5 км, найб. глыб. 5,5 м, даўж. берагавой лініі 25 км. Пл. вадазбору 652 км². Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы выш. 6—8 м (на Пн і З да 20 м), пераважна спадзістыя, сугліністыя і супясчаныя, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, месцамі забалочаныя. У паўд. ч. 2 вузкія доўгія залівы. На ПнУ і У забалочаная пойма шыр. 15—25 м. Востраў пл. 6 га. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае і пясчана-гліністае, глыбей дно сапрапелістае. У летні час вада праграваецца да дна і добра насычаецца кіслародам. Мінералізацыя каля 200 мг/л. Празрыстасць 0,7—1,3 м. Эўтрофнае. Зарастае. Возера багатае рыбай, ёсць вугор. Праз возера цячэ р. Дзіва (злучае яго з азёрамі Бярозаўскае і Янова). Упадаюць 5 ручаёў, у т. л. з азёр Чарсцвяцкае і Вяркудскае.

Павульскае возера.

т. 11, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ННЫ СПОРТ,

скарасны спуск на спарт. санках па спец. трасах. Спарт. санкі гібкія, з камбінаванымі (дрэва, метал) палазамі, выш. 15 см, даўж. 124—150 см, шыр. каляі да 45 см. Бываюць 1- і 2-месныя. Спартсмен кіруе санкамі лежачы на спіне, нагрузку на палазы змяняе пры дапамозе нацяжнога рэменя або перамяшчэннем цэнтра цяжару. Трасы штучныя, лядовыя на бетоннай ці драўлянай аснове, даўж. 700—1250 м, з 11—18 віражамі, шыр. лядовага жолаба 1,3—1,5 м, нахіл трасы да 10°.

Узнік у Швейцарыі ў канцы 19 ст. Першыя міжнар. спаборніцтвы адбыліся ў 1883 (г. Давос). Міжнар. аб’яднанне (Саюз) па С.с. ўзнікла ў 1913 (г. Дрэздэн, Германія), Міжнар. федэрацыя С.с. — у 1957. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1914, свету — з 1955. З 1964 спаборніцтвы ўваходзяць у праграму Алімп. гульняў. Найб. развіты С.с. у Аўстрыі, Германіі, Італіі, Нарвегіі, Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Швейцарыі і інш.

На Беларусі секцыя С.с. створана ў 1968 (Мінскі аўтазавод). 1-ы чэмпіянат Беларусі праведзены ў 1972.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 14, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛІЯ (літ. Нярыс),

рака на тэр. Беларусі і Літвы, правы прыток р. Нёман. Даўж. 498 км, у Беларусі 264 км. Пл. вадазбору 25,1 тыс. км², на тэр. Беларусі 11 тыс. км². Пачынаецца з невял. балота за 1 км на ПнУ ад в. Вял. Поле Докшыцкага р-на Віцебскай вобл., перасякае мяжу з Літвой за 2 км на ПнЗ ад в. Жарнэлі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., упадае ў Нёман на тэр. Літвы каля г. Каўнас. Асн. прытокі: Сэрвач, Нарач, Страча, Жэймяна, Швянтоі (справа), Дзвінаса, Ілія, Уша, Ашмянка (злева). У бас. Віліі больш за 1,5 тыс. азёр агульнай пл. 598 км². На рацэ створана Вілейскае вадасховішча, частка вады якога па Вілейска-Мінскай воднай сістэме перапампоўваецца ў Свіслач. Даліна звілістая, добра распрацаваная, у верхнім цячэнні шыр. 1—3 км, бліжэй да вусця звужаецца да 200—400 м. Амаль на ўсім працягу назіраюцца тэрасы. Пойма ў верхнім цячэнні ў асноўным забалочаная, шыр. 200—400 м, ніжэй перарывістая, шыр. 50—70 м, месцамі да 600 м; на ўчастку паміж в. Стахі і в. Раздоры Вілейскага р-на шмат старыц. Рэчышча ў вярхоўі моцназвілістае, шыр. 1—2 м, каля вусця р. Уша 40—60 м (месцамі да 100 м), шмат астравоў, водмелей, асяродкаў, трапляюцца парожыстыя ўчасткі. Берагі стромкія, у вярхоўі тарфяністыя. Сярэднегадавы расход вады пры выхадзе за межы Беларусі 80 м³/с, у вусці каля 186 м³/с. Веснавое разводдзе пачынаецца ў канцы сак. і доўжыцца каля 50 сут. Рэжым вызначаецца інтэнсіўным веснавым разводдзем (каля 45% гадавога сцёку) і нізкім стаяннем вады ў летнюю межань. Пасля пабудовы Вілейскага вадасх. ўзроўневы і сцёкавы рэжым плаціны ў межах Беларусі зарэгуляваны. Замярзае ў верхнім цячэнні ў пачатку снеж., у сярэднім і ніжнім — у канцы снеж.—пач. студз., крыгалом у 2-й палавіне сак. ад вусця да вярхоўя. Сярэдняя т-ра вады летам 18—20 °C, найб. ў ліп. (27,9 °C, 1956). Водзяцца шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась, верхаводка, гусцяра, каштоўныя — судак, мінога ручаёвая, галавень, стронга ручаёвая, падуст, сом, мянтуз, вугор. На рацэ гарады Вілейка, Вільнюс і Каўнас (у вусці). На берагах у маляўнічых мясцінах створаны зоны адпачынку Вілейка, Плёсы; у вытоку Віліі помнік прыроды — Бярозаўскі дуб-велікан. Амаль усе прытокі Віліі каналізаваныя. Усяго ў бас. ракі больш за 40 каналаў агульнай даўж. каля 300 км.

т. 4, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́ТНА,

возера ў Беларусі, у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнец, за 38 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,23 км², даўж. 1,32 км, найб. шыр. 0,25 км, даўж. берагавой лініі 2,8 км. Пл. вадазбору 1,75 км². Схілы катлавіны выш. да 25 м, на Пд — да 10 м. Злучана ручаём з воз. Вял. Таболы.

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАГАЛО́ВАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Мядзельскім раёне Мінскай вобл., у бас. р. Страча, за 25 км на ПнЗ ад г.п. Мядзел, за 1,5 км на ПдЗ ад воз. Вял. Швакшты. Пл. 0,24 км², даўж. 700 м, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі 1,82 км. Схілы катлавіны забалочаныя, пад лесам, берагі сплавінныя. Бяссцёкавае. У выніку меліярацыі ўзровень вады панізіўся.

т. 2, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Пастаўскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Галбіца, за 3 км на ПнУ ад г.п. Варапаева. Пл. 0,22 км², даўж. 950 м, найб. шыр. 420 м, найб. глыб. 6 м. Пл. вадазбору 1,15 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м, пераважна разараныя, берагі забалочаныя. Слаба зарастае. Злучана пратокай з воз. Азерцы.

т. 2, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЬТ МАЛЫ́ (дацкае Lille Baelt),

заходні праліў у сістэме Дацкіх праліваў, паміж а-вамі Фюн і Эрэ на У, в-вам Альс і п-вам Ютландыя на З. Даўж. каля 130 км, найменшая шыр. 0,6 км. Глыб. на фарватэры 10 м. У суровыя зімы замярзае. Праз Бельт малы пабудаваны чыг. (на магістралі Гамбург—Капенгаген—Стакгольм) і 2 аўтамаб. масты.

т. 3, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЗНЯ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Аўсянка, за 26 км на Пн ад г. Гарадок. Пл. 0,2 км², даўж. 780 м, найб. шыр. 430 м, найб. глыб. 3,2 м. Пл. вадазбору 1,3 км². Схілы катлавіны невыразныя, спадзістыя, пад лесам. Дно ў прыбярэжнай частцы пясчанае, глыбей сапрапелістае. Бяссцёкавае. Каля берагоў зарастае.

т. 3, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІ́ЗНІЦА,

возера ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 20 км на ПдЗ ад Полацка. Пл. 0,23 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 300 м, найб. глыб. 17 м.

Схілы катлавіны разараныя, на ПнУ і З пад лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на З участкамі нізкія, забалочаныя. Злучана ручаём з возерам без назвы.

т. 3, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)