МЯЦЕ́Ж,

узброенае выступленне ваен. і інш. апазіц. груповак супраць існуючай у краіне ўлады з мэтай ажыццяўлення дзярж. перавароту альбо далучэння краіны ці часткі яе тэрыторыі да інш. дзяржавы. Захоп улады мяцежнікамі звычайна суправаджаецца ўстанаўленнем адкрытай дыктатуры, разгромам дзярж. устаноў, адменай дэмакр. правоў і свабод насельніцтва, тэрорам у адносінах да паліт. апанентаў, апазіцыйных партый і арганізацый. Тыповыя прыклады М. — Карнілава мяцеж 1917 у Расіі, захоп улады ваен. хунтай у Чылі ў 1973. Гл. таксама Глінскіх мяцеж 1508, Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ РУХ ЗА ВЫЗВАЛЕ́ННЕ АНГО́ЛЫ (партуг. Movimento Popular de Libertacão de Angola; МПЛА),

ангольская паліт. партыя. Створана ў 1956. З лют. 1961 вяла ўзбр. барацьбу супраць партуг. панавання ў Анголе. З моманту абвяшчэння ў 1975 незалежнасці Анголы — кіруючая партыя, лідэры МПЛА займаюць пасаду прэзідэнта краіны (у 1975—79 — А.Нета, з 1979 — Ж.​Э.​Душ Сантуш). На 1-м з’ездзе ў 1977 перайменавана ў Партыю працы, ідэалогіяй якой быў марксізм-ленінізм. У 1990 афіцыйна адмовілася ад марксізму-ленінізму, з 1992 адноўлена б. назва.

т. 11, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМЕ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

спаборніцтвы, якія адбываліся ў Стараж. Грэцыі ў Немейскай даліне (у Аргалідзе, Пелапанес) каля храма Зеўса. Паводле падання засн. Адрастам, які ўзначаліў паход семярых супраць г. Фівы, ці Гераклам. Вядомы з 573 да н.э. Праходзілі адзін раз у 2 гады ў маладзік чэрвеня. У праграму гульняў уваходзілі спарт. і муз. спаборніцтвы. Арганізатарамі Н.г. былі жыхары г. Клеон, з 460 да н.э. — г. Аргас. Пераможцы ўзнагароджваліся вянкамі з аліўкавых галін, пазней — з сельдэрэю. Н.г. спыніліся ў 4 ст. н.э. пасля ўсталявання хрысціянства.

т. 11, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПІНО́ ((Papineau) Луі Жазеф) (7.10.1786, г. Манрэаль, Канада — 23.9.1871),

канадскі паліт. дзеяч. Адвакат. Чл. Заканад. сходу (1808—37) і ўрада (1820—23) брыт. калоніі (правінцыі) Ніжняя Канада. З 1815 лідэр апазіц. руху франка-канадскіх патрыётаў супраць брыт. улад. Адзін з кіраўнікоў антыбрыт. паўстання 1837—38 у Ніжняй Канадзе. З ліст. 1837 у эміграцыі ў ЗША, потым у Францыі. Вярнуўся ў Канаду па амністыі 1847. У 1848—51 і 1852—54 чл. Заканад. асамблеі прав. Канада. У далейшым ад паліт. дзейнасці адышоў.

т. 12, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЮТА́ЦІ ((Salutati) Калуча) (16.2.1331, Стыньяна, каля г. Пістоя, Італія — 4.5.1406),

італьянскі дзярж. дзеяч, гуманіст. Паводле адукацыі натарыус. Вучань і паслядоўнік Ф.​Петраркі. У 1375—1406 канцлер Фларэнційскай рэспублікі, дзе ўзвёў гуманізм у ранг афіц. дзярж. ідэалогіі. Адыграў вял. ролю ў арганізацыі гуманіст. гурткоў, збіранні і вывучэнні ант. рукапісаў. У шматлікіх трактатах абараняў свабоду волі чалавека, выступаў супраць саслоўных прывілеяў, адмаўляў правы рым. пап на свецкую ўладу, крытыкаваў заганы духавенства, адстойваў рэсп. свабоды, абгрунтоўваў права падданых забіць тырана, але апраўдваў сац. няроўнасць.

т. 14, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САФРО́НІЙ УРАЧА́НСКІ (свецкае Стойка Уладзіславаў; 1739, г. Коцел, Балгарыя — 22 ці 23.9.1813),

балгарскі царк. дзеяч, пісьменнік і асветнік. З 1762 святар у г. Коцел, з 1794 епіскап у г. Враца (адсюль празванне Урачанскі). Ратуючыся ад тэрору турэцкіх ваен.-рабаўнічых атрадаў кірджаліяў, у 1803 эмігрыраваў у Бухарэст. У зб. «Штодзённік» (1806, першая друкаваная кніга новабалг. л-ры) і інш. творах выступаў супраць засілля грэч. духавенства, за асвету балг. народа, зрабіў важны крок у развіцці балг. літ. мовы.

Тв.:

Рус. пер. — Жизнеописание. Л., 1976.

т. 14, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АПО́ВЕСЦЬ ПРА СКАНДЭРБЕ́ГА»,

помнік бел. перакладной л-ры пач. 17 ст. Матэрыялам для аповесці паслужыла нац.-вызв. барацьба алб. народа пад кіраўніцтвам Г.​Кастрыёці, празванага Скандэрбегам, супраць тур. нашэсця ў 15 ст. Бел. пераклад зроблены з раздз. «Пра Скандэрбега Македона, албанскага князя» працы польск. гісторыка М.​Бельскага «Хроніка ўсяго свету» (1551). У параўнанні з польск. крыніцай аповесць дэмакратызавана: Скандэрбег у барацьбе з туркамі апіраецца не на феадалаў, а на народ, гуманна ставіцца да мірнага тур. насельніцтва. У творы падкрэслена агульнаеўрап. значэнне барацьбы Скандэрбега.

Публ.:

Повесть о Скандербеге. М.; Л., 1957.

т. 1, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́Т з Сікіёна

(Aratos Sikyōnios; 271—213 да н. э.),

дзяржаўны дзеяч Стараж. Грэцыі. Прыйшоў да ўлады ў 251, скінуўшы тырана г. Сікіён. Дамогся ўключэння горада ў Ахейскі саюз. З 245 больш як 17 разоў выбіраўся стратэгам (кіраўніком) саюза, які пры ім дасягнуў росквіту і стаў незалежны ад Македоніі. У 224 уступіў у саюз з Антыгонам III Дасанам супраць Спарты. У 221 саюзнікі перамаглі спартанцаў, але Ахейскі саюз зноў трапіў у залежнасць ад Македоніі. Аўтар запісак (не захаваліся), якія былі выкарыстаны ў працах Палібія і Плутарха.

т. 1, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРНО́ЛЬД БРЭШЫЯ́НСКІ, Арнальда Брэшыянскі (лац. Arnoldus de Brixia, італьян. Arnaldo da Brescia; каля 1100, г. Брэша, Італія — 18.6.1155),

італьянскі паліт. і царкоўны рэфарматар. Вучань П.Абеляра. У 1137 узначаліў барацьбу жыхароў Брэшы супраць епіскапа — сеньёра горада. Рашэннем Усяленскага сабора 1139 выдвараны з Італіі. За крытыку духавенства выгнаны з Францыі, Цюрыха. Вярнуўшыся ў Рым (1145), удзельнічаў у кіраванні Рымскай рэспублікай (1143—55), створанай у выніку антыпапскага паўстання, выступіў як ідэолаг барацьбы рымлян за захаванне рэспублікі, пазбаўленне духавенства ўласнасці і свецкай улады. Паводле распараджэння папы пакараны смерцю.

т. 1, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАНО́ВІЧ (Ангел Іванавіч) (2.10.1860, г. Гарадок Віцебскай вобласці — 24.3.1907),

расійскі паліт. дзеяч, публіцыст і літ. крытык. У час вучобы ў Кіеўскім ун-це (1880—82) стаў удзельнікам нарадавольскага руху. Жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, Казані, Пецярбургу. Адзін са стваральнікаў паліт. арг-цыі «Народнае права» (1893). Працаваў у рэдакцыях часопісаў «Русское богатство» (1893—94), «Мир Божий» (1894—1906). Пасля 1895 «легальны марксіст». Як крытык выступаў супраць «народніцкіх трафарэтаў» у літаратуры (ідэалізацыя вёскі, «мужыка») і інш. З 1906 рэдагаваў час. «Современный мир».

Тв.:

Годы перелома. Спб., 1908.

т. 2, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)