ВЫЛЧА́НАЎ (Рангел) (н. 12.10.1928, Сафія),

балгарскі кінарэжысёр. Нар. арт. Балгарыі (1981). Скончыў Вышэйшы ін-т тэатр. мастацтва ў Сафіі (1952). Працаваў асістэнтам рэжысёра і акцёрам на Студыі маст. фільмаў (Сафія). З 1958 выступае як рэжысёр: «Першы ўрок» (1960), «Сонца і цень» (1962), «Інспектар і ноч» (1963), «Ваўчыца» (1965), «З каханнем і пяшчотай» (1978), «Апошнія жаданні» (1983). Яго фільмы вызначаюцца псіхал. глыбінёй, паэтычнасцю, іх пафас накіраваны на сцвярджэнне права чалавека на мір, шчасце, каханне.

т. 4, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕО́РГІЕЎСКАЯ (Настасся Паўлаўна) (7.11.1914, г. Арол, Расія — 12.9.1990),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1968). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1935). З 1936 у МХАТ. Выконвала пераважна характарныя ролі. Сярод іх: Наташа («Тры сястры» А.​Чэхава), Арына Пятроўна («Паны Галаўнёвы» паводле М.​Салтыкова-Шчадрына), Ксенія («Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Патапава («Бітва ў дарозе» паводле Г.​Нікалаевай). Здымалася ў фільмах: «Рэвізор», «А калі гэта каханне?» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 5, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБС ((Gibbs) Джэймс) (23.12.1682, г. Абердзін, Вялікабрытанія — 5.8.1754),

англійскі архітэктар і тэарэтык мастацтва. Вучыўся ў Галандыі, у 1700—09 — у Італіі ў К.​Фантана. Супрацоўнічаў з К.Рэнам. Яго пабудовы ў стылі класіцызму вызначаюцца прастатой і адзінствам кампазіцыі, вытанчанасцю дэталей: цэрквы Сент-Мэры-ле-Стрэнд (1714—17) і Сент-Марцін-ін-зе-Філдс (1722—26) у Лондане; парадна-велічны будынак б-кі Рэдкліфа (1737—49) у Оксфардзе і інш. Аўтар працы «Кніга пра архітэктуру» (1728).

т. 5, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛУБЕВА (Маргарыта Генадзеўна) (н. 4.6.1964, Мінск),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1984). Працавала на Мінскай ф-цы маст. Вырабаў (1984 — 88). У тэхніцы батыку стварае арнаментальныя кампазіцыі, нацюрморты з кветкамі, экзатычнымі прадметамі і інш., у якіх спалучэнне лінейных узораў, колеравых плоскасцей і эфекту кракле дае прасторавую перспектыву, непаўторныя пераходы і дэкар. цэльнасць: «Лілеі», «Чырвоная ружа», «Тыгравая шкура», «Індыйскі матыў», «Хатняе цяпло» (усе 1990—96) і інш.

М.Голубева. Нацюрморт «Хатняе цяпло». 1994.

т. 5, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́НДЫГ ((Grundig) Леа) (23.3.1906, г.Дрэздэн, Германія — 10.10.1977),

нямецкі графік. Жонка Г.Грундыга. Вучылася ў АМ у Дрэздэне (1923—26). У 1939—49 у эміграцыі. З 1950 праф. Вышэйшай школы выяўл. мастацтва ў Дрэздэне. У 1964—70 прэзідэнт (старшыня) Саюза мастакоў Германіі. Творы адметныя псіхал. экспрэсіяй (цыклы афортаў «Пад свастыкай», 1933—38; «Барацьба супраць атамнай смерці», 1957—58), жыццесцвярджальным пафасам (цыклы «Вугаль і сталь для міру», 1951, і інш.).

Г.​Грундыг. Барацьба мядзведзя з ваўкамі. 1928.

т. 5, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЮ́БНЕРАВА ((Hübnerová) Марыя) (12.10.1862, г. Жамберк, Чэхія — 5.8.1931),

чэшская актрыса; прадстаўніца рэалістычнага чэш. мастацтва. З 1880 выступала ў правінцыяльных трупах, з 1896 у Нац. т-ры ў Празе. Тэмперамент, страснасць спалучаліся ў яе мастацтве з тонкім псіхалагізмам. Сярод роляў: Войнарка, Класкова («Войнарка», «Ліхтар» А.​Ірасека), Мадленка («Упартая жанчына» І.​Тыла), Фанка («Разбойнік» К.​Чапека), Пані Дульская («Мараль пані Дульскай» Г.​Запольскай), Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.​Гогаля), Агудалава, Кабаніха («Беспасажніца», «Навальніца» А.​Астроўскага).

т. 5, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́НЕНТАЛЬ ((Sonnenthal) Адольф фон) (21.12.1834, Будапешт — 4.4.1909),

аўстрыйскі акцёр венскага «Бургтэатра» Г.​Лаўбе. З 1856 вядучы акцёр. Мастацтва З. вызначалася высокім майстэрствам сцэн. слова, тонкасцю, элегантнасцю, імкненнем ствараць гарманічна выразныя вобразы. Выконваў вядучыя ролі ў бюргерскай драме, свецкіх камедыях, п’есах Ф.​Шылера («Змова Фіеска ў Генуі», «Дон Карлас»), У.​Шэкспіра — Гамлет, Атэла (аднайменныя п’есы), Г.​Лесінга — Натан Мудры (аднайменная п’еса), І.​Тургенева — Ракіцін («Месяц у вёсцы»), Г.​Гаўптмана — Геншэль («Вазніца Геншэль») і інш.

т. 7, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНА́Р (Inard) Жан Луі, французскі ткач і тэхнолаг 18 ст. У сярэдзіне 18 ст. прыехаў у Рэч Паспалітую. У 1766—70 працаваў у Варшаве. З 1770 кіраўнік Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур (з В.Дзюпінэем), з 1777 у Цярэспалі на мануфактуры А.​Чартарыйскага, з 1779 — у Ружанах (Брэсцкая вобл.) на ф-цы А.​Сапегі. Яму прыпісваюць паясы з дэкорам у выглядзе двух асіметрычных букетаў на канцах. Сакрэты «прыгатавання лёну» і картаньернага мастацтва перадаваў вучням.

І.​М.​Каранеўская.

т. 7, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НЕЎ,

горад на Украіне, раённы цэнтр Чаркаскай вобл., на р. Дняпро, за 45 км ад чыг. ст. Таганча. Вядомы з 1149. 29,7 тыс. ж. (1991). Рачны порт. Прадпрыемствы эл.-мех., мед. тэхнікі і спец. тэхнал. абсталявання, дрэваапр., харчасмакавай прам-сці. ГЭС. Музей нар. дэкар. мастацтва, б-ка-музей А.​П.​Гайдара (пахаваны ў К.). Каля К. на Тарасавай гары літ.-мемар. музей-запаведнік Т.​Г.​Шаўчэнкі (магіла паэта). Юр’еўскі (Успенскі) сабор (1144).

т. 7, с. 583

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РА (ад грэч. korē дзяўчына),

статуя дзяўчыны ў доўгай вопратцы, якая стаіць прама. Вядома з 2-й чвэрці 6 ст. да н. э. ў іанійскай пластыцы, характэрна для мастацтва стараж.-грэч. архаікі. Архаічная застыласць і абагульненасць форм спалучалася з тонкай дэкар. апрацоўкай паверхні мармуру, пераважна прычоскі і складак адзення. Асобныя дэталі (вочы, вопратка) часта таніраваліся фарбамі. Выкарыстоўваліся ў якасці ахвярных дароў, што прыносілі ў свяцілішча, а таксама выконвалі функцыю верт. апор у арх. канструкцыях.

т. 8, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)