АРНІТАХАРЫ́Я (ад арніта... + chōreō іду, пашыраюся),
распаўсюджванне насення і пладоў раслін, спораў грыбоў з дапамогай птушак; прыватны выпадак зоахарыі. Птушкі разносяць насенне і плады ў лапках, дзюбах або зашчочных мяшках (напр., жалуды і арэхі разносяць сойкі, кедроўкі і інш.) — сінарнітахарыя. Назапашваючы корм, птушкі хаваюць яго каля пнёў, пад мох і ў інш. месцы. Часам насенне не траціць усходжасці, калі праходзіць праз стрававальны тракт птушак (напр., аўсянкі, малінаўкі, дразды, амялушкі і інш. так пераносяць насенне рабіны, вішні, малін, каліны, чарніц, чаромхі і інш. раслін) — эндаарнітахарыя. Арнітахарыя адбываецца таксама пры выпадковым пераносе птушкамі пладоў, насення і спораў, якія прыліпаюць да пер’я, дзюбы і лапак — эпізоахарыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРО́НЧЫК (Юдзіф Самойлаўна) (19.12.1908, Мінск — 3.6.1993),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1938). Скончыла Бел.драм. студыю ў Маскве (1926, яўр. секцыя). Працавала ў Дзярж.яўр. т-ры БССР (да 1949). У 1950—56 у Т-ры драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе. У 1970—90 маст. кіраўнік Мінскага нар.т-ра мімікі і жэсту Бел.рэсп.т-ва глухіх. Мастацтва Арончыка вызначалася разнастайнасцю фарбаў у абмалёўцы характараў, глыбокім пранікненнем у псіхалогію персанажаў. З лепшых роляў: Вера Паўлаўна («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Антаніна Цімафееўна («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Голда («Тэўе-малочнік» паводле Шолам-Алейхема), Лаўрэнсія («Фуэнтэ Авехуна» Лопэ дэ Вэгі), Мірандаліна («Карчмарка» К.Гальдоні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭРЫІ́Т,
запаленне сценкі артэрыі. Па характары запаленчага працэсу адрозніваюць спецыфічныя і неспецыфічныя артэрыіты, па яго лакалізацыі на сценцы артэрый — энда-, меза- і перыартэрыіты; пашкоджанне ўсёй сценкі — панартэрыіт. Можа быць самастойным захворваннем (калі пашкоджанне артэрый вядучае ў паталагічным працэсе, мае сістэмны, генералізаваны характар) і другасным (развіваецца на фоне інш. хвароб; паталагічны працэс у сасудах ізаляваны, пашкоджаны асобныя групы артэрый). Другасныя артэрыіты могуць быць пры дыфузных хваробах злучальнай тканкі, сепсісе, інфекц. эндакардыце, інш.інфекц. захворваннях, некаторых злаякасных пухлінах, ужыванні лекавых сродкаў. Ускладненні пры артэрыіце: анеўрызмы (пры язвава-некратычных працэсах у сценках артэрый), трамбозы і эмбаліі, склеразаванне і аблітэрацыя сасудаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХО́НТ, архант (грэч. archōn),
вышэйшая службовая асоба ў стараж.-грэч. полісах. У Афінах гэтая пасада з’явілася ў 11 ст. да н.э., калі замест басілея (цара) тут пачалі правіць пажыццёвыя архонты. З 8 ст. да н.э. іх улада скарацілася да 10 гадоў, з 7 ст. да н.э. — да 1 года. Кандыдатаў у архонты вызначаў арэапаг. З 487—486 да н.э. архонта выбіралі па жэрабю. З 7 ст. да н.э. ўлада належала 9 архонтам: эпанім кіраваў выканаўчай уладай, басілей выконваў рэліг. функцыі, палемарх быў военачальнікам, 6 фесмафетаў займаліся суд. справамі. Усе разам складалі калегію архонта. У 5 ст. да н.э. пасада архонта страціла паліт. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІМПТАТЫ́ЧНЫ ВЫ́РАЗу матэматыцы,
параўнальна простая элементарная функцыя, набліжана роўная (з любой папярэдне зададзенай дакладнасцю) больш складанай функцыі пры імкненні яе аргумента да пэўнага значэння (напр., пры вял. значэннях аргумента). Напрыклад, пры x→0 ln (1 + x) ~ x, sin x ~ x, калі ўраўненне y = kx — асімптатычны выраз функцыі y = пры малых значэннях x, то такую функцыю можна вызначыць як = kx + a(x), дзе a(x)→0 пры x→0. У самым агульным выпадку асімптатычны выраз — гал. член больш складаных (і дакладных) набліжаных выразаў, якія наз. асімптатычнымі шэрагамі або раскладаннямі. Выкарыстоўваецца ў лікавых задачах у матэматыцы, механіцы, фізіцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІМПТО́ТА (ад грэч. asymptōtos які не супадае) крывой з бесканечнай галінай, прамая, да якой гэта галіна неабмежавана набліжаецца. напрыклад, асімптота гіпербалы y = 1/x — восі каардынат Ox і Oy. Крывая можа перасякаць сваю асімптоту (напр., графік затухальных ваганняў) або зусім не мець асімптоты (напр., парабала). Калі графік функцыі y = пры вялікіх х мае асімптоту, што вызначана ўраўненнем y = kx + b, то гэту функцыю можна вызначыць як = kx + b + a(x), дзе a(x)→0 пры x→∞. Выкарыстоўваецца ў матэм. аналізе.
Асімптоты: а — гіпербалы y = 1/x (восі каардынат Ox і Oy); б — графіка затухальнага вагання (вось Ot).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Б,
другая літара беларускага і некаторых інш.слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай («букі»), утворанай графічным відазмяненнем візантыйскай літары B. Рознае напісанне лац. B і слав. Б абумоўлена тым, што лац. алфавіт узнік на асн. грэчаскага (праз пасрэдніцтва этрускага) у 7—6 ст. да нашай эры, калі β перадавала гук «б», у перыяд станаўлення слав. алфавіта ў 9 ст. β вымаўлялася грэкамі як «в» і замацавалася ў кірыліцы для перадачы гэтага гуку. Не мела лікавага значэння. У сучаснай бел. мове абазначае выбухныя звонкія губна-губныя фанемы («б») і («б’»), што рэалізуюцца па-рознаму ў залежнасці ад якасці суседніх гукаў ці пазіцыі ў слове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́БА-ЯГА́, Баба-Юга,
персанаж чарадзейных усх.-слав. казак. Падобна на Ендзі-бабу польскіх, Ежы-бабу чэшскіх, Гіндзі-бабу славацкіх казак, мае агульныя рысы з героямі казак інш. народаў. Каларытны вобраз Бабы-Ягі на касцяной назе: яна лётае на ступе, паганяючы памялом, жыве ў лясной хатцы на курынай ножцы, якая паварочваецца, калі сказаць магічныя словы. Ён складваўся на працягу эпох і ўвабраў у сябе ўяўленні аб пачынальніцы мацярынскага роду, царстве мёртвых, абрадзе ініцыяцый. Паступова зліўся з вобразам злой варажбіткі, ведзьмы і стаў служыць яго заменай. У некат. казках Баба-Яга выступае як дарадчыца героя, якому памагае. Аднак часцей яна — пярэварацень, злая варажбітка, выкрадальніца-людаедка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУЛІРО́ЎКА (ад лац. oculus вока),
спосаб прышчэплівання раслін роставай пупышкай (вочкам). Найб. пашыраны спосаб размнажэння многіх пладовых дрэў. Спячым вочкам часцей за ўсё прышчэпліваюць сеянцы дзікіх відаў і культурных сартоў. Акуліроўка патрабуе найменшага расходу прышчэпачнага матэрыялу і забяспечвае адносна высокую прыжывальнасць прышчэпак. Прышчэпа прыдатная да акуліроўкі ў час летняга руху сокаў (ліпень—жнівень), калі ў раслін добра адстае кара. У першую чаргу акуліруюць костачкавыя культуры, потым грушу, насенныя прышчэпы яблыні і апошнімі — клонавыя прышчэпы.
Акуліроўка: а — паўмесяцавы надрэз кары прышчэпы; б — падоўжны разрэз кары; в — пачатак зрэзу шчытка з пупышкай; г — размяшчэнне шчытка пад кару; д — абцісканне кары пасля размяшчэння шчытка; е — пачатак абвязкі; ж — паслядоўнасць абвязкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІ́НКАВАЕ, асобнае, індывідуальнае,
філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае існаванне адносна асобных у прасторы і часе рэчаў, з’яў, працэсаў з індывід. якаснай і колькаснай акрэсленасцю. Выяўляе тое, што ўласціва толькі гэтаму аб’екту і адрознівае яго ад іншых. У якасці адзінкавага можа разглядацца не толькі асобны прадмет, яго ўласцівасці ці прыкмета, але і цэлы іх клас, калі яны бяруцца як нешта адзінае. Адзінкавае непарыўна звязана з агульным. Любая рэч індывідуальная ў параўнанні з іншымі, разам з тым у пэўных адносінах валодае агульнымі з імі ўласцівасцямі. Улік катэгорыі адзінкавага ў метадалогіі пазнання праяўляецца ў пераходзе ад адзінкавага праз асаблівае да агульнага, заканамернага.