(Fuchs) Ігнац; 8.7.1819, г. Заграб — 31.5.1854], харвацкі кампазітар; буйнейшы прадстаўнік харвацкай музыкі, звязаны з рухам «ілірызму» (уздым грамадска-паліт. і культ.жыцця Харватыі ў 1830—40-я г.). Музыцы вучыўся ў Заграбе і Празе (1847—50). У творчасці апіраўся на нац. нар.-песенную аснову. Аўтар першай нац. рамантычнай оперы «Любоў і злосць» (паст. 1846). Сярод інш. твораў: опера «Порын» (1851, паст. 1897),
7 уверцюр, у т. л. «Югаславенская» (1848) і «Белона» (1849), п’есы для аркестра, для фп., вак. творы, у т. л. хары a capplla, песні, апрацоўкі нар. мелодый.
Літ.:
Марковац П. В.Лисинский // Из прошлого югославской музыки. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТЭРЫЛЁЗ, лістэрыёз,
вострае інфекцыйнае захворванне чалавека, млекакормячых жывёл і птушак з пашкоджаннем унутр. (у т. л. лімфоідных) органаў, ц. н. с., вачэй, іншы раз плода ў жанчын (пры захворванні ў час цяжарнасці). Узбуджальнік — бактэрыя лістэрыя, якая захоўваецца ў глебе, сцёкавых водах, кармах, пыле. Заражэнне адбываецца пры кантакце з хворым (носьбітамі Л. бываюць і здаровыя людзі і жывёлы), праз ежу, аэрагенным і палавым шляхамі, пры цяжарнасці (праз плацэнту) і родах. Трансплацэнтарны Л. у нованароджаных працякае асабліва цяжка ў першыя 2—4 дні (сепсіс, задышка, сутаргі, іншы раз смерць); пры заражэнні ў час родаў хвароба выяўляецца пасля 7 дзён жыцця менінгітам, менінгаэнцэфалітам. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДЫ́ ЗМАГА́Р»,
нелегальная газета для моладзі Зах. Беларусі. Выдавалася ЦК КСМЗБ у 1930—35 на бел. (асобныя нумары на польск.) мове. Асвятляла жыццё моладзі ў Зах. Беларусі, БССР і СССР. З бальшавіцкіх пазіцый крытыкавала дзейнасць бел. нац.-дэмакр. партый і арг-цый, унутр. і знешнюю палітыку польск. ўрада, заклікала моладзь да барацьбы за сац. і нац. вызваленне і ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. Выступала з прапановамі паляпшэння жыцця працоўных Зах. Беларусі, у т. л. за скарачэнне працоўнага дня, павышэнне зарплаты, ахову працы, сац. страхаванне, за выкладанне ў школе на бел. мове, у абарону палітвязняў. Яе пераемніцай стала газ. «Голас моладзі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАКО́Ў (Валерый Дзмітрыевіч) (27.3.1909, в. Акалонія; цяпер у межах Мінска — 29.10.1937),
бел.паэт. Скончыў Бел. вышэйшы пед.ін-т (1934). Працаваў мулярам, настаўнічаў. У 1936 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1925. Паэзія М. вылучаецца лірычнасцю, шчырасцю, эмацыянальнай напружанасцю, пафасам радасці жыцця і маладосці, матывамі кахання, апяваннем новай рэчаіснасці. Аўтар кніг «Пялёсткі» (1926), «На залатым пакосе» (1927), «Вяршыні жаданняў» (1930), «Права на зброю» (1933). На бел. мову пераклаў паасобныя творы М.Галоднага, А.Новікава-Прыбоя, П.Тычыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ПРАГРА́МА (МБП; International Biological Program),
комплекс даследаванняў біял. прадукцыйнасці экалагічных сістэм, праблем аховы прыроды, адаптацыі чалавека да розных умоў жыцця і інш. Праведзена ў 1964—72 паводле зацверджаных Ген. асамблеяй МБП асн. кірункаў даследаванняў: прадукцыйнасць наземных, прэснаводных і марскіх згуртаванняў, прадукц. працэсы, выкарыстанне і ўзнаўленне біял. рэсурсаў, адаптацыя чалавека, ахова ўнутр. вадаёмаў, ахова і вывучэнне балот і тарфянікаў. У МБП удзельнічалі вучоныя больш як 100 краін, у т. л. Беларусі (ін-ты Аддзялення біял. навук Нац.АН Беларусі, БДУ і інш.), якія правялі даследаванні па біяцэналогіі, экалагічнай энергетыцы, ахове прыроды і інш. Пераемніца МБП — праграма «Чалавек і біясфера».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА.
Існавала ў 1907—15 у Мінску. Засн. па ініцыятыве скрыпача Н.Рубінштэйна. Працавалі класы фп. (педагогі І.Гянко, В.Сварыка, Р.Пінкус, Г.Бах, Занцэвіч), спеваў (Я.Марачнік), скрыпкі, тэорыі музыкі, гармоніі і сальфеджыо (Рубінштэйн), віяланчэлі (М.Пестрыкаў, Л. фон Зіберштэйн). У 1913 у вучылішчы адкрылася бібліятэка-чытальня Мінскага таварыства сяброў музыкі. Вучылішча стала цэнтрам муз.жыцця горада. Выкладчыкі і навучэнцы сістэматычна наладжвалі канцэрты (5—6 камерных і сімф. канцэртаў на навуч. год са складанымі праграмамі з твораў І.Гайдна, Л.Бетховена, Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, П.Чайкоўскага).
Літ.:
Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999. С. 137—138.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТАХО́НДРЫЯ (ад грэч. mitos нітка + chondrion зярнятка, крупінка),
арганоід клетак эўкарыётаў, які забяспечвае арганізм энергіяй. Апісана ням. гістолагам Р.Альтманам у 1894. Асн. функцыя — утварэнне энергіі (каля 95% у жывёльнай клетцы і некалькі менш у расліннай і клетцы грыбоў). Складаецца з бялкоў, ліпідаў, РНК і ДНК. Колькасць у клетцы ад 1 да 100 тыс., памеры 1—10 мкм; у некат. клетках бесперапынна рухаюцца і мяняюць форму. Павелічэнне колькасці М. адбываецца ў выніку дзялення шляхам перашнуроўкі. Цыкл жыцця — каля 10 сутак. Ультраструктура М. залежыць ад фізіял. стану арганізма і змяняецца пад уплывам дыхальных ядаў.
А.С.Леанцюк.
Да арт.Мітахондрыя: электронная мікрафатаграфія зрэзу мітахондрыі падстраўнікавай залозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ІСІ ((Moissi) Аляксандр) (Сандра) (2.4.1880, г. Трыест, Італія — 23.3.1935),
нямецкі акцёр. Па нацыянальнасці албанец. З 1898 вучыўся ў Венскай кансерваторыі (барытон), быў статыстам, пазней акцёрам «Бургтэатра». З 1904 працаваў пад кіраўніцтвам М.Райнгарта, у 1905—33 у Ням. т-ры і «Камершпіле» (Берлін). Акцёр шырокага дыяпазону. Творчасць вызначалася адухоўленасцю, эмацыянальнасцю, мяккай вытанчанасцю пластыкі, імкненнем да перадачы вобразаў высакародных герояў, якія пакутуюць ад сутыкнення з жорсткасцю і несправядлівасцю жыцця. Сярод роляў: Освальд («Прывіды» Г.Ібсена), Гамлет, Рамэо («Гамлет», «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), маркіз ды Поза, Франц («Дон Карлас», «Разбойнікі» Ф.Шылера), Мефістофель («Фауст» І.В.Гётэ), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Іванаў («Іванаў» А.Чэхава) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ДРАСЦЬ,
вышэйшы духоўны патэнцыял чалавека, які сінтэзуе многія віды пазнання і актыўныя адносіны чалавека да свету. Летазлічэнне духоўнай культуры кожнага народа пачынаецца з першых мудрацоў, дзякуючы якім якасць мыслення становіцца адным з найважнейшых паказчыкаў грамадскага прагрэсу. Вобраз мудрага чалавека — носьбіта ісціны, эталона жыццёвых паводзін — заўсёды разглядаўся як зямное ўвасабленне філас. ісціны. У хрысціянстве разуменне М. ўзнікае разам з ідэяй асабістага выратавання і грамадскага ўдасканалення: мудрэц — пераўтваральнік і настаўнік жыцця. Этычны сэнс М. ў тым, што нар. свядомасць захоўвае слова «мудры» для абазначэння таго, хто спалучае ў сабе любоў і праўду, пракладвае шлях да міру і згоды, нясе людзям дабро і справядлівасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗА́РАНКА (Пётр Мікалаевіч) (н. 9.4.1957, Мінск),
бел. жывапісец. Сын М.П.Назаранкі, брат А.М.Назаранкі. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1982). З 1985 выкладае ў Мінскім маст. вучылішчы. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа ў рэаліст. манеры. Творы вызначаюцца складанасцю каларыту, тонкай мадэліроўкай форм, псіхал. пранікненнем у глыбіню вобраза: «На прасторах Міншчыны» (1981), «Дыялог» (1982), «Фангомы», «Золата захаду» (абодва 1984), «Поле бою, поле вечнага жыцця» (1985), «Лімонны сок» (1989), «Белы бэз», «Успаміны» (абодва 1990), «Зямля Скарыны» (1992), «Туман» (1993), «Вераніка», «Месяцовая ноч» (абодва 1994), «Маланка» (1998), серыя «Нясвіж» (1998—99), «За каханне» (2000) і інш.