1) агульная колькасць асоб у працаздольным узросце (ад 16 гадоў і да выхаду на пенсію), у т. л. беспрацоўных (за выключэннем непрацаздольных). Патрэбнасць у Р.с. вызначаецца грамадствам, якое арганізуе яе падрыхтоўку і размеркаванне па базавых галінах, забяспечвае рацыянальную занятасць працаздольнага насельніцтва. Р.с. з’яўляецца паказчыкам, які змяняецца ў залежнасці ад стану ўзроставай структуры насельніцтва (чым большая колькасць насельніцтва ў працаздольным узросце, тым меней прыпадае непрацаздольных на кожнага працаздольнага).
2) Сукупнасць фіз. і разумовых здольнасцей чалавека, якія ён выкарыстоўвае ў працэсе вытв-сці. Характарызуе ўзровень і якасць работнікаў. Развіваецца ў прац. дзейнасці, а таксама ў выніку набыцця навыкаў да працы, у працэсе атрымання агульнай, прафес. і спец. адукацыі, павышэння кваліфікацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗРА́ДНЫЯ КНІ́ГІ,
«гасударавы разрады», кнігі запісаў распараджэнняў урада Расіі пра штогадовыя прызначэнні на ваен., цывільную і прыдворную службу ў 16 — пач. 18 ст.; зборы (зводы) вытрымак з розных афіц. дакументаў. Вяліся дзякамі велікакняжацкай (з 1547 царскай) канцылярыі, потым Разраднага прыказа. «Гасударавы разрады» складаліся кожны раз за некалькі гадоў або дзесяцігоддзяў, з 1613 — штогод. Пасля 1613 з’явіліся новыя віды афіц. Р.к. (захаваліся за 1613—36), прысвечаныя ў асн. апісанню службы на паўд. межах, скарочаная рэдакцыя Р.к. 1636 (з тэкстам за 1550—1636) і інш. Пры скасаванні месніцтва (1682) большасць старых Р.к. спалена, бо іх звычайна выкарыстоўвала ў месніцкіх спрэчках служылая знаць. Канчаткова вядзенне Р.к. спынена пасля ліквідацыі Разраднага прыказа (1711).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОЎ Я́НА І ЦЭЦЫ́ЛІІ,
эразійная лагчына, геолага-геамарфалагічны і палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1998). Размешчаны каля зах. ускраіны в. Багатырэвічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.Даўж. 700 м, шыр. да 100 м, глыб. да 10 м, пл. 0,3 км². Лагчына ўтварылася пры размыве азёрна-ледавіковай нізіны за 14 тыс.гадоў. Мае звілістую форму. Уключае помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963) Самастрэльнікі — апорнае геал. агаленне стараж. азёрных і балотных адкладаў муравінскага міжледавікоўя. Адклады (магутнасць 3,3 м) багатыя на рэшткі выкапнёвай флоры (больш за 100 відаў), што існавала каля 100 тыс.г. назад. На паверхні зах. схілу, паводле падання, знаходзяцца магілы герояў рамана Э.Ажэшкі «Над Нёманам» Яна і Цэцыліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКАЯ ЦЯЖКАВО́ЗНАЯ ПАРО́ДАконей,
выведзена ў сярэдзіне 20 ст. ў СССР скрыжаваннем мясц. запражных коней пераважна з бельгійскімі жарабцамі — брабансонамі. Зацверджана ў 1952. На Беларусі выкарыстоўвалася для паляпшэння беларускіх запражных коней і палескіх коней.
Жывёлы дужай канстытуцыі, масіўнага целаскладу, з развітой мускулатурай. Галава сярэдніх памераў, шыя кароткая і мускулістая, карак нізкі і шырокі, грудзі шырокія, крыж звіслы, падвоены. Асн. масці — рыжая, пярэста-рыжая, зрэдку гнядая, пярэста-гнядая. Сярэдняя маса жарабцоў 780 кг, выш. ў карку 160, косая даўж. цела да 170 см; кабылы драбнейшыя. Вызначаюцца скараспеласцю, даўгалеццем (гасп. выкарыстанне 17 гадоў), высокімі грузападымальнасцю, працаздольнасцю, высокімі паказчыкамі малочнай (да 5 тыс.кг малака за год) і мясной прадукцыйнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКСАУ́Л (Haloxylon),
род кветкавых раслін сям. лебядовых. 10 відаў. Пашыраны ў паўпустынях і пустынях Азіі. Найб. вядомыя С.: белы (H. persicum), зайсанскі (H. ammodendron) і чорны (H. aphyllum).
Кусты ці невял. дрэвы (выш. 1,5—12 м) з магутнай каранёвай сістэмай, якая часам дасягае глыб. 11 м. Жывуць 30—60 гадоў. Галінаванне вілаватае, маладыя парасткі членістыя, ломкія. Лісце ў выглядзе дробных бескаляровых лускавінак або бугаркоў (фотасінтэз адбываецца ў зялёных галінах). Кветкі двухполыя, па 4 у пазухах лускападобных прыкветнікаў. Плод — арэшак. Выкарыстоўваюцца для замацавання пяскоў і азелянення гарадоў.
Драўніна ідзе на паліва, паташ. Зімой зялёныя галінкі — корм вярблюдаў і авечак. Тэхн., дэкар., кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІТАПАДО́БНЫЯ ТРУ́БКІ,
праводныя элементы лубу. (флаэмы) голанасенных і кветкавых раслін. Утвараюцца з пракамбію і камбію. У кветкавых раслін С.т. — аднарадныя цяжы злучаных канцамі цыліндрычных жывых бяз’ядзерных клетак. Іх характэрная асаблівасць — папярочныя перагародкі паміж клеткамі-членікамі, якія маюць шматлікія навылётныя адтуліны (перфарацыі), што нагадваюць сіта (адсюль назва). Праз іх па ўсёй сістэме С.т. злучаецца пратаплазма клетак і праходзяць растворы, багатыя арган. рэчывамі. Да С.т. прымыкаюць функцыянальна і генетычна звязаныя з імі жывыя суправаджальныя клеткі. У голанасенных раслін перфарацыі рассеяны на бакавых сценках моцна выцягнутых і звостраных на канцах клетак-членікаў, якія пазбаўлены суправаджальных клетак і маюць ядры. У большасці раслін С.т. функцыянуюць 1 год, у вінаграду — 2, ліпы — некалькі, некат. пальм — дзесяткі гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАНО́ВЫЯ ЧАРАПА́ХІ, гіганцкія чарапахі,
найбольш буйныя віды паўзуноў сям. наземных чарапах. 2 віды: уласна С.ч. (Testudo, або Geochelone, elephantopus) з 11 падвідамі, і гіганцкая С.ч. (T., або G., gigantea). Уласна С.ч. жыве на а-вах арх. Галапагас. Гіганцкая С.ч. захавалася на атоле Альдабра ў Інд.ак. Некат. падвіды вынішчаліся з 17 ст. з-за каштоўнага мяса, тлушчу, яек. Віды і падвіды занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. панцыра да 1,5 м, выш. да 0,6 м, маса ад 100 да 400 кг. Маюць буйныя слупападобныя ногі і доўгую шыю. Адкладваюць да 22 яец масай да 140 г кожнае. Інкубацыйны перыяд 6—7 мес. Расліннаедныя. Жывуць да 100—150 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРСА́ЛЬСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1919,
галоўны дакумент мірнага ўрэгулявання пасля першай сусветнай вайны 1914—18. Падпісаны паміж дзяржавамі-пераможцамі (ЗША, Брыт. імперыя, Францыя, Італія, Японія і інш. — усяго 26 дзяржаў) і Германіяй 28.6.1919 у Версалі. Умовы дагавора выпрацаваны на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 без удзелу прадстаўнікоў Германіі. Вырашаў тэр., ваен., эканам. і інш. пытанні. Паводле дагавора Германія вяртала Францыі Эльзас-Латарынгію (у межах 1870), перадавала Бельгіі акругі Эйпен, Мальмеды і Марэнэ (пасля плебісцыту), Даніі — Паўн. Шлезвіг (пасля плебісцыту), прызнавала незалежнасць Польшчы, Чэхаславакіі і Люксембурга, абавязвалася «строга паважаць» незалежнасць Аўстрыі. Да Чэхаславакіі адыходзіла ч. сілезскай тэр., да Польшчы — асобныя раёны Памераніі, Пазнаншчыны, большая ч.Зах. і ч.Усх. Прусіі, ч. Верхняй Сілезіі. Данцыг (Гданьск) з сумежнай тэрыторыяй ператвараўся ў «вольны горад» пад кіраваннем Лігі нацый і ўключаўся ў мытныя межы Польшчы, якая праз т.зв. Данцыгскі калідор (гл.Польскі калідор), што аддзяляў Усх. Прусію ад астатняй Германіі, атрымала выхад да Балт. мора. Мемель (Клайпеда) і сумежныя раёны пераходзілі пад кантроль Лігі нацый (у 1923 уключаны ў склад Літвы). Тэр. Германіі па левым беразе Рэйна і правы яго бераг на адлегласць у 50 км падлягалі дэмілітарызацыі. Саарскі вугальны бас. пераходзіў «у поўную і неабмежаваную ўласнасць» Францыі, а Саар заставаўся на 15 гадоў пад кіраваннем Лігі нацый з наступным плебісцытам. Германія пазбаўлялася ўсіх калоній, сфер уплыву, уласнасці і прывілеяў за мяжой; яе калоніі падзелены (у форме мандатаў) паміж Францыяй, Японіяй, Бельгіяй, Партугаліяй, Вялікабрытаніяй і яе дамініёнамі. Сухап. армія Германіі скарачалася да 100 тыс. вольнанаёмных чал. (пры 4 тыс. афіцэраў), рэзка абмяжоўваўся надводны флот, забаранялася мець падводныя лодкі, ваен. і марскую авіяцыю. Як гарантыя выканання Германіяй Версальскага мірнага дагавору прадугледжвалася акупацыя войскамі саюзнікаў тэрыторыі на З ад Рэйна на тэрмін ад 5 да 15 гадоў. Германія абвяшчалася адказнай за развязванне вайны і прычыненыя ёю страты, што стварала прававую падставу для спагнання рэпарацыйных плацяжоў (агульны памер не вызначаны). Суму рэпарацый, якія Германія абавязвалася выплаціць за 30 гадоў, павінна была вызначыць спец. камісія да мая 1921. Забаранялася любое абмежаванне ўвозу ў Германію тавараў з краін-пераможцаў.
Дагавор набыў сілу 10.1.1920. ЗША пасля адмовы Сената ратыфікаваць Версальскі мірны дагавор падпісалі з Германіяй 25.8.1921 асобны мірны дагавор. Цяжкія ўмовы Версальскага мірнага дагавору выклікалі незадаволенасць многіх немцаў, у т. л. прагу рэваншу сярод правых сіл. Улады Веймарскай рэспублікі ў залежнасці ад паліт. сітуацыі праводзілі «палітыку выканання» або «палітыку катастроф» (сабатажу) дагавора. Канчаткова яго пункты перасталі выконвацца ва ўмовах пасіўнасці з боку вядучых дзяржаў Еўропы і ЗША пры нацыстах, якія развязалі 2-ю сусв. вайну.
Літ.:
Ллойд Джордж Д. Правда о мирных договорах. Т. 1—2: Пер. с англ.М., 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСПАЗВАНО́ЧНЫЯ (Invertebrata),
шматлікая пазасістэматычная група жывёл, у якіх няма пазваночнага слупа і хорды. Назву ў пач. 19 ст. прапанаваў франц. заолаг Ж.Б.Ламарк. Падзяляюцца на 2 падцарствы: прасцейшыя, або аднаклетачныя, і шматклетачныя, у якіх адпаведна 5—9 і да 26 тыпаў жывёл. Узніклі беспазваночныя яшчэ ў дакембрыі (1,5—2 млрд.гадоў назад, магчыма, і раней). Каля 1 млрд.гадоў назад ад аднаклетачных (прасцейшых) развіліся шматклетачныя жывёлы. Прамежкавая ступень паміж імі — каланіяльныя прасцейшыя. У кембрыі ўжо існавалі прадстаўнікі многіх тыпаў беспазваночных. Да беспазваночных належаць тыпы інфузорый, губак, кішачнаполасцевых, ігласкурых, малюскаў, некаторых тыпаў ніжэйшых чарвей, членістаногіх і шэраг інш., усяго да 1—2 млн. відаў. Сярод сучасных беспазваночных найб. колькасцю відаў вызначаюцца членістаногія — да 1 млн. і малюскі — 250 тыс. Беспазваночныя пашыраны ва ўсіх біятопах Зямлі. Сярод іх па колькасці відаў пераважаюць насякомыя. На Беларусі каля 11 тыпаў беспазваночных, больш за 30 тыс. відаў, найбольш насякомых.
Важны момант у эвалюцыі беспазваночных — пераход ад радыяльнай (кішачнаполасцевыя) да двухбаковай (білатэральнай) сіметрыі, якая ўласціва больш высокаарганізаваным беспазваночным. Вышэйшыя беспазваночныя маюць другасную поласць цела (цэлом); лічыцца, што яны далі пачатак першым хордавым жывёлам. Беспазваночныя ўдзельнічаюць у біял. кругавароце рэчываў і энергіі ў біясферы. Доля іх складае да 95% біямасы наземных жывёл. Многія беспазваночныя — корм для звяроў, птушак і рыб, носьбіты ўзбуджальнікаў розных хвароб, шкоднікі с.-г. раслін; выкарыстоўваюцца таксама на харч., лек., гасп.-тэхн. мэты, для барацьбы са шкоднымі жывёламі. Некаторыя ахоўваюцца: 85 відаў беспазваночных занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Літ.:
Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;
Жизнь животных. Т. 1—3. 2 изд. М., 1987—89;
Хаусман К. Протозоология: Пер. с нем. М., 1988;
Беспозвоночные: Новый обобщ. подход: Пер. с англ.М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКАГАЛІ́ЗМ, алкагалізм хранічны,
хвароба, якая ўзнікае ад празмернага і частага ўжывання спіртных напіткаў; выяўляецца ў псіхічнай і фізічнай залежнасці ад алкаголю, сацыяльнай і маральнай дэфармацыі асобы, у псіх., неўралагічных і саматычных расстройствах. Развіваецца часцей у 25—40 гадоў. Адзначаецца і спадчынная схільнасць. Першая стадыя хваробы на фоне працяглага быт. п’янства цягнецца 3—6 гадоў. Характарызуецца стратай ірвотнага рэфлексу, псіх. залежнасцю (неабходнасць спіртнога, каб палепшыць настрой або зняць напружанне), стратай колькаснага кантролю над выпітым, ап’яненнем з частковым забываннем падзей. Асн. асаблівасць другой стадыі — фізічная залежнасць з пахмельным сіндромам, пры якім узнікаюць цяжкія псіх. і самата-вегетатыўныя перажыванні. Каб палепшыць стан, хворы пахмяляецца. Могуць быць і алкагольныя псіхозы. Адзначаны таксама змены асобы з сац. дэградацыяй, парушэннямі ўвагі, памяці. На трэцяй стадыі хворы п’янее ад нязначнай дозы спіртнога, часта пераходзіць на сурагаты. Адсутнічаюць усе формы кантролю, хворы становіцца бесклапотным і лагодным. Узнікаюць неўралагічныя расстройствы, пагаршаецца агульны стан здароўя. Лячэнне: выпрацоўка адмоўнай рэакцыі на алкаголь з дапамогай лякарстваў, псіхатэрапія і інш.
Сістэма барацьбы з п’янствам і алкагалізмам у Рэспубліцы Беларусь уключае комплекс выхаваўчых, санітарна-асветных, адм. і мед. мерапрыемстваў, якія спалучаюцца з мерамі грамадскага і дзярж. ўздзеяння супраць тых, хто не жадае выконваць маральныя і прававыя ўстанаўленні грамадства. Паводле дзеючага заканадаўства асобы, якія ўчынілі ў стане ап’янення правапарушэнні і злачынствы, не вызваляюцца ад адм. ці крымін. адказнасці. Учыненне злачынства ў стане ап’янення лічыцца акалічнасцю, якая абцяжвае адказнасць. Да хранічнага алкаголіка, які ўчыніў злачынства, адначасова з пакараннем за яго суд можа прызначыць яму прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Асоба, якая ў выніку злоўжывання алкаголем ставіць сваю сям’ю ў складанае матэрыяльнае становішча, па рашэнні суда можа быць абмежавана ў дзеяздольнасці, і над ёю ўстанаўляецца апякунства.