ІГНАТО́ЎСКІ (Усевалад Макаравіч) (19.4.1881, в. Такары Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 4.2.1931),

бел. гісторык, грамадскі і паліт. дзеяч. Акад. Бел. АН (1928). Скончыў Тартускі ун-т (1911). У 1914—19 выкладчык, старшыня пед. савета Мінскага настаўніцкага ін-та. У 1915 стварыў культ.-асв. арг-цыю «Наш край» (у 1917 пераўтворана ў арг-цыю «Маладая Беларусь»), Чл. ЦК Бел. сацыяліст грамады (1917) і ЦК БПС-Р (1918). У час польск. акупацыі ў студз. 1920 на базе «Маладой Беларусі» стварыў Беларускую камуністычную арганізацыю (БКА). Як старшыня БКА удзельнічаў у падпісанні «Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь» (31.7.1920). 30.7.1920 прыняты ў РКП(б). Са жн. 1920 чл. ВРК БССР, нар. камісар земляробства, са снеж. 1920 нар. камісар асветы БССР. У 1926 старшыня, з 1927 прэзідэнт Інстытута беларускай культуры. Са снеж. 1928 прэзідэнт Бел. АН, дырэктар Ін-та гісторыі. У 1921—30 чл. праўлення, праф. БДУ. Чл. ЦВК і Прэзідыума ЦВК БССР у 1922—30, Прэзідыума ЦВК СССР у 1924, чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1924—30, заг. агітац.-прапагандысцкага аддзела ЦК КП(б)Б у 1924—26. Адыграў значную ролю ў правядзенні палітыкі беларусізацыі, у вырашэнні праблемы ўзбуйнення БССР, спрыяў вяртанню бел. эміграцыі ў БССР. У час кампаніі супраць «нацыянал-дэмакратызму» 26.12.1930 вызвалены ад пасады прэзідэнта Бел. АН, 16.1.1931 пастановай ЦК КП(б)Б выключаны з партыі, як «лідэр нацыянал-дэмакратычнай контррэвалюцыі», выклікаўся на допыты ў АДПУ. Скончыў самагубствам.

Навук. працы І. склалі падмурак канцэпцыі гісторыі бел. народа, у аснове якой перыядызацыя паводле прынцыпу дзяржаўнасці і грамадскага стану бел. зямель. Гісторыю Беларусі падзяляў на 5 перыядаў: полацкі (9—12 ст.) — час існавання незалежнага Полацкага княства; літ.-бел. (13—1-я пал. 16 ст.) — Беларусь і Літва ў складзе ВКЛ; польскі (2-я пал. 16—18 ст.) — Беларусь і Літва ў складзе Польскай дзяржавы; расійскі (канец 18 — пач. 20 ст.) — Беларусь у складзе Рас. імперыі; Беларусь пасля звяржэння царызму. Праца І. «1863 год на Беларусі» (1930) — першае ў бел. гістарыяграфіі грунтоўнае навук. даследаванне паўстання 1863—64, пабудаванае на дакумент. крыніцах.

Тв.:

Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. Мн., 1921;

Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX ст. З выд. Мн., 1928;

Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5 выд. Мн., 1991.

Літ.:

Ігнаценка І., Кароль А. Усевалад Ігнатоўскі і яго час. Мн., 1991;

У.​М.​Ігнатоўскі: Старонкі жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1991. Акадэмік У.​М.​Ігнатоўскі: Матэрыялы навук. чытанняў, прысвеч. 110-годдзю з дня нараджэння. Мн., 1993.

А.​С.​Караль.

У.М.Ігнатоўскі.

т. 7, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ СТУДЭ́НЦКАЕ ЗЯМЛЯ́ЦТВА ў Растове-на-Доне.

Існавала ў 1927 пры Паўн.-Каўказскім ун-це (Растоў-на-Доне). Праводзіла культ.-асв. дзейнасць сярод бел. студэнцтва, аказвала матэрыяльную дапамогу сябрам зямляцтва. Распаўсюджвала сярод бел. студэнтаў перыяд. выданні БССР. Кантактавала з Цэнтральным бюро пралетарскага студэнцтва Беларусі (Мінск).

т. 2, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭ́МІК,

правадзейны член Акадэміі навук Беларусі, АН інш. дзяржаў, а таксама некаторых галіновых акадэмій. Выбіраецца на агульным сходзе акадэміі. Існуюць званні ганаровы акадэмік, замежны член і ганаровы член акадэміі. На Беларусі званне акадэміка ўведзена 26.12.1928, калі СНК БССР зацвердзіў першы склад правадзейных членаў Бел. АН.

т. 1, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАНА́СЕНКА (Марыя Акімаўна) (н. 16.3.1926, г. Днепрапятроўск),

бел. танцоўшчыца. Засл. арт. Беларусі (1964). З 1945 працавала ў розных маст. калектывах Украіны, у 1959—68 салістка Дзярж. ансамбля танца БССР. Выконвала адказныя сола ў пастаноўках калектыву «Беларуская рапсодыя», «Беларуская сюіта», «Лявоніха», «Мяцеліца», «Чардаш» і інш.

т. 1, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́БЧЫЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР. Утворана 15.1.1940 у Пінскай вобл. Цэнтр — в. Жабчыцы. 12.10.1940 падзелены на 12 сельсаветаў. З 8.1.1954 у Брэсцкай вобл. 30.5.1955 цэнтр раёна перанесены ў в. Малоткавічы. 14.10.1957 Ж.р. скасаваны, 2 сельсаветы перададзены Іванаўскаму, 1 — Лагішынскаму, 6 — Пінскаму р-нам.

т. 6, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛУДО́ЦКІ РАЁН,

адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў БССР у 1940—62. Утвораны 15.1.1940 у складзе Баранавіцкай вобл., з 1944 у Гродзенскай вобл. Цэнтр — г.п. Жалудок. Падзяляўся на 14 сельсаветаў, пл. 0,7 тыс. км² (1941). У 1962 тэр. перададзена ў Дзятлаўскі, Лідскі, Мастоўскі, Шчучынскі р-ны.

т. 6, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́ЎШЧЫНСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—60. Утвораны 15.1.1940 у складзе Баранавіцкай вобл., з 1954 у Гродзенскай вобл. Цэнтр — г.п. Казлоўшчына. Плошча 0,7 тыс. км². 12.10.1940 падзелены на 11 сельсаветаў. 20.1.1960 раён скасаваны, тэрыторыя перададзена ў Дзятлаўскі і Слонімскі р-ны.

т. 7, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́САЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў Зах. Беларусі ў 1921—39 у складзе Палескага ваяв. Польшчы. Цэнтр — г. Косава. Пл. 3561,4 км², нас. 83,696 тыс. ж. (1931). З 4.12.1939 у складзе БССР у Пінскай вобл. 15.1.1940 К.п. пераўтвораны ў Косаўскі раён.

С.​В.​Марозава.

т. 8, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАНЕ́ЦКІ РАЁН,

адміністрацыйна-тэр. адзінка ў БССР у 1940—46. Утвораны 15.1.1940 у Вілейскай вобл., цэнтр — г.п. Куранец. 12.10.1940 падзелены на 13 сельсаветаў. 3 вер. 1944 у Маладзечанскай вобл. У ліп. 1946 у сувязі з перанясеннем цэнтра раёна ў г. Вілейка перайменаваны ў Вілейскі раён.

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СЕЛЬСАВЕ́Т,

нізавы орган мясцовай дзярж. улады ў СССР у 1920—30-я г., ніжэйшая форма аўтаноміі. Ствараліся ў пунктах, населеных нац. меншасцямі. У БССР у той перыяд існавалі польскія, рус., укр., лат., літ., ням. сельсаветы, а таксама яўр. нац. местачковыя Саветы (разнавіднасць Н.с.).

т. 11, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)