РЭФРА́КЦЫЯ святла,

скрыўленне светлавога праменя ў асяроддзі з плаўна і неперарыўна пераменным пераламлення паказчыкам. У шырокім сэнсе — тое, што пераламленне святла. Тэрмінам «Р.» карыстаюцца ў атм. і акулярнай оптыцы, а таксама ў оптыцы вока. У выніку Р. пры пэўных умовах узнікаюць міражы і інш. аптычныя з’явы (напр., вясёлка, гало).

т. 14, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЬЦІСО́Н,

у беларусаў традыц. мясны выраб. Адвараныя, дробна парэзаныя, пасоленыя свіныя вантробы (лёгкія, печань, сэрца, ныркі), а таксама галавізна, прыпраўленыя часнаком, перцам і інш. спецыямі, перамешваюць, кладуць у тоўстыя свіныя кішкі ці страўнік і зноў вараць ці падпякаюць у печы. Потым на 1—1,5 сут прыціскаюць гнётам. Ядуць халодным.

т. 14, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРЦЫ́НЫ (ад лац. sarcina звязка, цюк),

бактэрыі звычайна сферычнай формы, якія пасля дзялення ў трох плоскасцях не разыходзяцца, а ўтвараюць вял. колькасць клетак у выглядзе пакетаў кубічнай формы. Пашыраны ўсюды. Нерухомыя. Трапляюцца сярод бактэрый розных сістэм. груп. Вылучаюць таксама род бактэрый Sarcina — анаэробныя грамстаноўчыя бактэрыі, што зброджваюць вугляводы.

т. 14, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАТЭРАПІ́Я (ад лац. serum сываратка + тэрапія),

метад лячэння шляхам увядзення імунных сываратак або імунаглабулінаў. Распрацаваў Э.​А.​Берынг. Выкарыстоўваюць пры дыфтэрыі, слупняку, інш. хваробах, таксама пры імунадэфіцытных станах, з мэтай прыгнечання імунітэту ў транспланталогіі і інш. Пры С. бываюць ускладненні — алергічныя рэакцыі (амаль да анафілактычнага шоку, гл. Анафілаксія).

т. 14, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІВАПІТЭ́КІ (Sivapithecus),

род выкапнёвых чалавекападобных малпаў. Касцяныя рэшткі С. (верхнія і ніжнія сківіцы і зубы) знойдзены ў міяцэнавых слаях гор Сівалік у Індыі і Усх. Афрыцы. Пры даследаванні рэшткаў С. выяўлена падабенства іх з выкапнёвымі вышэйшымі малпамі — дрыяпітэкамі, а таксама з сучасным арангутанам. Частка даследчыкаў лічыць С. продкамі арангутана.

т. 14, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРАЗНА́Я ДАЛІ́НА, даліна прарыву,

вузкія і глыбокія ўчасткі рачных далін, якія праразаюць горныя хрыбты (на ўсю шырыню) або ўзвышшы. Узнікаюць пры гораўтварэнні або падняцці ўчастка зямной паверхні, у які рака ўразаецца ў выніку рэгрэсіўнай эрозіі, а таксама ў выніку прарыву вады з прыледавіковых азёр праз найб. нізкае месца ўзвышша.

т. 14, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПІТАМЕ́Н (грэч. Spitamenēs),

сагдыйскі военачальнік, кіраўнік паўстання ў Сярэдняй Азіі (у Согдзе і Бактрыі) супраць Аляксандра Македонскага ў 329 да н.э. У 328 да н.э. С. забіты сваімі саюзнікамі (правадырамі качавых плямён), якія баяліся помсты Аляксандра. Паўстанне задушана ў 327 да н.э. Гл. таксама Сагдыйцы.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДО́ВЫ ПРЫ́СТАЎ,

службовая асоба судовага выканаўчага вядзення, у абавязкі якой уваходзяць ажыццяўленне прымусовага выканання суд. рашэнняў па цывільных і гасп. справах, а таксама назіранне за захаваннем парадку ў час суд. пасяджэнняў. Пасада С.п. ў Рэспубліцы Беларусь прадугледжана Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995.

т. 15, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́РТЫЯ (лац. charta ад грэч. chartēs папера, грамата),

1) старадаўні рукапіс, а таксама матэрыял (звычайна папірус або пергамент), на якім ён напісаны.

2) Назва дакументаў, канстытуцый і інш. актаў, у якіх адлюстраваны паліт. патрабаванні сац. слаёў і класаў. Напр., Вялікая хартыя вольнасцей, Х. Жаночай салідарнасці (падпісана 4.3.1997 у Маскве).

т. 16, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМАГЕДО́Н (грэч. Armagedōn),

паводле Бібліі месца збору сіл Сатаны для вырашальнай бітвы з Богам; у шырокім сэнсе — сімвал спрадвечнага процістаяння і апошняй бітвы Дабра са Злом. Такая ідэя выказана ў Старым запавеце, але тэрмін армагедон і канкрэтызаваны сюжэт належыць Адкрыццю св. Іаана Багаслова (Апакаліпсіс), паводле якога гэты паядынак павінен скончыцца перамогай Хрыста і Страшным судом, на якім канчаткова будзе вызначаны лёс усіх уваскрэслых: выратаваныя пойдуць у «нябесны Іерусалім», а недараваныя — у пекла. Ідэя армагедону ў рознай інтэрпрэтацыі падаецца некаторымі пратэстанцкімі канфесіямі (адвентыстамі, сведкамі Іеговы, Царквой уніфікацыі і інш.). Яна цесна звязана з хрысц. вучэннямі эсхаталогіі, прадвызначэння, хіліязму, а таксама з’яўляецца падставай для апалогіі ці абвяржэння канцэпцыі новай сусв. вайны, катастрофы і г.д.

А.​А.​Цітавец.

т. 1, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)