1) від сцэнічнага мастацтва, калі ў адным паказе (канцэрце) спалучаюцца выступленні артыстаў розных жанраў (чытальнікаў, спевакоў, музыкантаў, акрабатаў, танцораў, канферансье і інш.). Як самаст. мастацтва сфарміравалася ў канцы 19 ст.
Вытокі Э. ў паказах вандроўных акцёраў. У пач. 18 ст. ў Англіі ўзніклі невял. эстр. т-ры — мюзік-холы. З 1850-х г. у Францыі пры рэстаранах ствараліся т.зв. кафэ-шантаны, з 1880-х г. — кабарэ, пазней вар’етэ. У 20 ст.эстр. паказы (агляды, рэвю) адбываліся ў вар’етэ і мюзік-холах. Першыя папулярныя выканаўцы Э. — расійскія спевакі Н.Вяльцава, А.Вярцінскі, В.Паніна, І.Юр’ева, франц. — А.Бруан, І.Гільбер, швейцарскі клоун Грок і інш. Сярод вядомых майстроў замежнай Э.: спевакі Э.Дзімітроў (Балгарыя), Г.Герман (Польшча), К.Гот (Чэхія), Х.Белафонтэ, П.Робсан, П.Сігер, Э.К.Фіцджэралд (ЗША), Ш.Азнавур, Э.Піяф, М.Шэвалье (Францыя); джаз-аркестры пад кіраўніцтвам Л.Д.Армстранга, Э.К.Элінгтана (ЗША) і інш. Праводзяцца міжнар. конкурсы і фестывалі эстр. мастацтва. У Расіі вытокі Э. ў нар. гульнях і балаганах, у мастацтве скамарохаў. З канца 18 ст. пашыраны т.зв. дывертысменты. У пач. 20 ст. ўзніклі эстр.тэатры мініяцюр. У станаўленні сав. Э. пэўную ролю адыгралі тэатры рэвалюцыйнай сатыры, паказы «Сіняй блузы», эстр., эстр.-сімф. і джаз-аркестры, вак.-інстр. ансамблі.
На Беларусі элементы Э. меліся ў праграмах беларускіх вечарынак, паказах Першай бел. трупы І.Буйніцкага. Развіццю жанраў бел.эстр. мастацтва спрыялі мітынгі-канцэрты, «жывыя газеты», т-ры рэв. сатыры ў Віцебску і Мінску (1919—22). Збел.нар. песнямі выступалі Л.Александроўская, І.Яўнзем. Сярод першых выканаўцаў Э.: цымбалісты А.Астрамецкі, І.Жыновіч, цымбальны дуэт Х.Шмелькін і С.Навіцкі, балалаечнік Дз.Захар, Беларускі вакальны квартэт. У 1939 створана «Белдзяржэстрада»з аддзяленнямі ў Віцебску і Беластоку, сярод артыстаў якой танц. пара В.Міхеда і М.Гільзінец, спевакі Ю.Матраеў, Р.Плоткіна, чытальніца Ю.Фляйто, акрабаты С.Сакалоў, Л. і А.Міхайлавы. У першае пасляваен. дзесяцігоддзе пры «Белдзяржэстрадзе» працавалі т-р драмы і камедыі, ансамбль аперэты, т-р лялек, эстр. аркестр. У 1950—60-я г. вылучыліся эстр. спевакі Г.Буцько, І.Вішнеўская, У.Зяміраў, Э.Міцуль, І.Палянская, А.Самарадаў, вак. трыо з балалайкамі сясцёр Логінавых, цымбалісты В.Бурковіч, М.Шмелькін, танцоры Т.Гіжэўская, М.Лапша, Б.Нікулін, М.Сцепанец, І.Хвораст, майстры размоўнага жанру З.Бандарына, Р.Дзідзенка, М.Зорын, І.Лакштанаў, С.Сімараў, А.Слесарэнка, В.Спіткоўская, М.Шышкін, акрабаты А.Беразоўская, Н.Іванова, І.Пігулеўскі, А. і В.Ржавускія, Ф.Фаменка, П.Чарапанаў, мастак-манументаліст Г.Ермаловіч і інш. У 2-й пал. 1960-х г.бел. Э. атрымала ўсесаюзнае і міжнар. прызнанне. У 1968 у Мінску адбыўся Усесаюзны фестываль эстр. мастацтва, у 1973 — Усесаюзны конкурс выканаўцаў сав. песні, у 1974 — Першы рэсп. конкурс артыстаў Э. Узніклі новыя калектывы, паявіліся таленавітыя выканаўцы. Для рэпертуару і выканаўчай манеры сталі характэрны публіцыстычнасць, грамадз. пафас, развіццё нар. традыцый, засваенне лепшых узораў сав. і зарубежнага эстр. мастацтва; у канцэртныя праграмы шырока ўключаюцца творы бел. пісьменнікаў і кампазітараў. Набылі вядомасць вак.-інстр. ансамблі «Песняры», «Сябры», «Верасы», інстр. ансамбль «Тоніка», эстр.-харэаграфічны ансамбль «Чараўніцы», харэаграфічны ансамбль «Харошкі», Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, Сімфанічны аркестр беларускага тэлебачання і радыё, бел.т-р пантамімы «Рух», т-р сатыры і гумару «Хрыстафор», ансамбль нар. музыкі «Свята» і інш. Уклад у развіццё бел. Э. зрабілі спевакі Н.Багуслаўская, Л.Барткевіч, В.Вуячыч, Я.Еўдакімаў, В.Кучынскі, Н.Мікуліч (гл. Дадатак), Я.Навуменка, В.Пархоменка, Т.Раеўская, М.Скорыкаў, Ю.Смірноў, В.Шутава, А.Ярмоленка, вак. дуэт. Я.Паплаўская і А.Ціхановіч, музыканты В.Раінчык і І.Цвяткова, цымбалісты Астрамецкі, Я.Гладкоў, майстар размоўнага жанру Г.Рыжкова і інш. У 1995 у Мінску адкрыты Дзярж. маладзёжны тэатр эстрады. Арганізацыйна-творчую работу ў галіне Э. на Беларусі вядуць Бел. філармонія, Гомельская (з 1967), Гродзенская (з 1987), Магілёўская (з 1990) і інш. абласныя філармоніі, прадпрыемства «Белканцэрт» (з 1990). Штогод праводзяцца Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі, міжнар. фестывалі «Славянскі базар у Віцебску», «Залаты шлягер» у Магілёве (з 1995), у рамках якіх адбываюцца конкурсы маладых эстр. выканаўцаў. На Беларусі артыстаў Э. рыхтуюць Мінскае муз. вучылішча імя Глінкі, Бел.ун-т культуры.
2) Сцэнічная пляцоўка (пастаянная ці часовая) для канцэртных выступленняў артыстаў.
Літ.:
Кузнецов Е.М. Из прошлого советской эстрады: Ист. очерки. М., 1958;
Дмитриев Ю.А. Искусство советской эстрады. М., 1962;
Загородний Г.Н. Музыки высокое призвание: Ист. очерк о Бел. гос. филармонии. Мн., 1988;
Эстрада без парада: Сб. М., 1991;
Певцы советской эстрады: Сб. М., 1992.
Г.М.Загародні.
Да арт.Эстрада. Сцэна са спектакля Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра эстрады Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІКА ПЛАЗМЫ
На Беларусі даследаванні па фізіцы плазмы пачаліся ў канцы 1940-х г.пад кіраўніцтвам І.Р.Некрашэвіча на фізіка-матэм. ф-це БДУ і ў Фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі (вывучэнне працэсаў у зоне кантакту плазмы з металамі пры электрычных імпульсных разрадах і электрычным выбуху праваднікоў). Вывучалася прырода электрычнай дугі (А.А.Лабуда, І.Р.Некрашэвіч) і кандэнсаванага разраду ў капілярах (Г.В.Авечкін). З 1955 у Ін-це фізікі і матэматыкі АН Беларусі пачаліся даследаванні плазмы электрычных разрадаў як крыніц святла (дуга, імпульсны разрад, высакавольтная іскра) для спектральнага аналізу (В.С.Буракоў, А.А.Янкоўскі).
Фізіка плазмы інтэнсіўна развіваецца з 1960, калі ў Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі была створана лабараторыя высокатэмпературнай оптыкі (заг. М.А.Ельяшэвіч). Вывучаюцца праблемы: распрацоўка метадаў атрымання плазмы ў шырокім дыяпазоне тэмператур, даследаванне працэсаў узаемадзеяння плазмы і плазменных патокаў з цвёрдымі матэрыяламі, стварэнне оптыкаспектральных, лазерных і ЗВЧ-метадаў дыягностыкі плазменных утварэнняў і неабходнай для гэтых мэт апаратуры, развіццё шляхоў практычнага выкарыстання плазменных крыніц. Даследаваны спектральныя і выпраменьвальныя здольнасці паветра, азоту, вуглякіслага газу, аргону і іх сумесей для шырокага дыяпазону ціску і тэмператур, распрацаваны актыўныя і пасіўныя метады дыягностыкі плазменнай абалонкі касмічных апаратаў у лабараторных і натурных умовах (Дзярж. прэмія Беларусі 1974: В.С.Буракоў, Л.І.Кісялеўскі, Л.Я.Мінько, В.М.Снапко, У.Дз.Шымановіч). Выкананы цыкл работ па фізіцы плазмадынамічных працэсаў пры лазерна-плазменным уздзеянні на металы і кампазіцыйныя матэрыялы (Дзярж. прэмія Беларусі 1992: В.К.Ганчароў, М.А.Ельяшэвіч, Л.Я.Мінько, Г.С.Раманаў, Ю.А.Станкевіч, А.М.Чумакоў). Вынікі аптычных даследаванняў магутных выбухаў абагульнены ў двухтомнай манаграфіі (Ленінская прэмія 1966 — М.А.Ельяшэвіч з калектывам рас. вучоных). З 1992 даследаванні па фізіцы плазмы атрымалі далейшае развіццё ў Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац.АН Беларусі. Прапанавана новая форма дугі пастаяннага току ў рэжыме фулерэнаўтварэння (У.Дз.Шымановіч). Створаны і вывучаны квазістацыянарны паскаральнік, які забяспечвае генерацыю высокаэнергетычных кампрэсійных плазменных патокаў, развіты галіны яго выкарыстання (В.М.Асташынскі). Распрацаваны метады і апаратура ўнутрырэзанатарнай лазернай спектраскапіі і лазерна-індуцыраванай флуарэсцэнцыі для вывучэння прасторавага і часавага саставу плазменных утварэнняў (В.С.Буракоў, С.М.Райкоў, М.У.Тарасенка). Вывучаны (разам з Фізікатэхн. ін-там імя А.Ф.Іофе Рас.АН) параметрычныя няўстойлівасці і распрацаваны новыя метады дыягностыкі плазмы, рэалізуемай у такамаках (В.І.Архіпенка, Л.В.Сімончык); на гэтай устаноўцы праведзена вызначэнне канцэнтрацыі атамаў вадароду і размеркавання дамешкаў у прысценачнай зоне (П.Я.Місакоў, М.У.Тарасенка).
З выкарыстаннем спец. плазменных установак у Ін-це прыкладной оптыкі Нац.АН Беларусі (г. Магілёў) распрацаваны і ўкаранёны методыкі вызначэння таксічных элементаў у прадуктах харчавання (А.Р.Непакайчыцкі). У Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН Беларусі сканцэнтраваны даследаванні па плазмахіміі (А.І.Ясько), вывучэнні нераўнаважных працэсаў у малекулярных сістэмах, распрацоўцы адпаведнай апаратуры для гэтых мэт і практычных выкарыстанняў у малекулярных лазерах і інш. кірунках (С.А.Жданок, Р.І.Салаухін); прапанаваны і развіты метады спекл-фатаграфіі і спекл-інтэрфераметрыі (М.А.Фамін); створана серыя плазменных рэактараў для перапрацоўкі і сінтэзу тугаплаўкіх злучэнняў (А.Л.Масэ), атрымання ультра- і супертонкіх мінеральных валокнаў з выкарыстаннем плазмы (А.М.Лакцюшын). У Фізіка-тэхн. ін-це Нац.АН Беларусі ўсебаковае вывучэнне ўзаемадзеяння газаразраднай плазмы з паверхняй электродаў стала асновай распрацоўкі шэрагу тэхнал. працэсаў электраэразійнай апрацоўкі металаў (У.А.Бакута, М.К.Міцкевіч, І.Р.Некрашэвіч). У Бел.нац.тэхн. ун-це даследуюцца працэсы ўзаемадзеяння плазмы з паверхняй кандэнсаванага рэчыва ва ўмовах магутнага імпульснага разраду (А.Г.Галавейка). У НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ высвятляецца роля дысперснай фазы ў плазме пры ўзаемадзеянні лазернага выпрамянення з матэрыяламі (В.К.Ганчароў). У Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі распрацаваны тэхналогіі іонна-плазменнага ўмацавання вырабаў электроннай тэхнікі, фарміравання плёнак крэмнію ў аптымальных умовах вытворчасці мікрасхем (А.П.Дастанка). Шэраг плазменных тэхн. працэсаў распрацаваны ў Бел. канцэрне парашковай металургіі (П.А.Віцязь, А.Ф.Ільюшчанка, А.У.Роман).
Літ.:
Бураков В.С., Райков С.Н., Шиманович В.Д. Физика плазмы и плазменные технологии в Беларуси. Мн., 2001;
Ильющенко А.Ф., Кундас С.П., Достанко А.П. Процессы плазменного нанесения покрытий: теория и практика. Мн., 1999;
Минько Л.Я. Получение и исследование импульсных плазменных потоков. Мн., 1970;
Киселевский Л.И., Морозов В.А. О роли лучистых потоков в разрушении металлов высокоскоростными импульсными струями // Журн. прикладной спектроскопии. 1970. Т. 12, вып. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІКА НЕРАЗБУРАЛЬНАГА КАНТРОЛЮ
Сістэматычныя даследаванні ў галіне фізікі неразбуральнага кантролю на Беларусі пачаліся ў 1960-я г.пад кіраўніцтвам акад. М.С.Акулава. Яго працы па ферамагнетызме сталі навук. асновай узаемасувязі паміж магн. і трываласнымі характарыстыкамі металаў, асновай магн. метаду неразбуральнага кантролю. Асн. задачамі галіны з’яўляюцца адкрыццё, даследаванне і выкарыстанне новых фіз. з’яў і магчымасцей для выяўлення паверхневых і ўнутр. дэфектаў, кантролю таўшчыні і адгезіі пакрыццяў, структуры і фіз.-мех. уласцівасцей матэрыялаў і вырабаў без іх разбурэння. У 1963 створаны Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю, які ў 1980 рэфармаваны ў Ін-т прыкладной фізікі АН Беларусі.
У наш час Ін-т прыкладной фізікі Нац.АН Беларусі — галаўная навук.арг-цыя па выкананні дзярж. праграмы арыентаваных фундаментальных даследаванняў па фізіцы неразбуральнага кантролю «Дыягностыка». Выканаўцамі праграмы з’яўляюцца Ін-т механікі і надзейнасці машын, Ін-т механікі металапалімерных сістэм, Н.-д. і канструктарска-тэхнал.ін-т зваркі і ахоўных пакрыццяў Бел.навук.-вытв. канцэрна парашковай металургіі Нац.АН Беларусі, а таксама Бел.нац.тэхн.ун-т, БДУ, Бел.-рас.ун-т (г. Магілёў), Бел.ун-т транспарту і шэраг інш.ВНУ.
Атрыманы фундаментальныя навук. вынікі ў галіне фізікі магн., эл.-магн., радыёхвалевых, акустычных, капілярных і інш. метадаў неразбуральнага кантролю. Ва ўсім свеце прызнаны бел.навук. школы: па інфарм. тэхналогіях кантролю дынамічных аб’ектаў (В.М.Арцём’еў); па тэорыі капілярнай дэфектаскапіі (М.П.Мігун, П.П.Прахарэнка); па магн. структураскапіі і магн. вымярэннях (У.Ф.Мацюк, М.А.Мяльгуй); па стварэнні магн. палёў з зададзеным прасторавым размеркаваннем (А.А.Лухвіч); па магн. і эл.-магн. метадах неразбуральнага кантролю (М.М.Зацэпін); па неразбуральным кантролі фіз.-мех. уласцівасцей металаў і палімераў метадам дынамічнага індэнтыфікавання (В.А.Рудніцкі); па радыёхвалевай структураскапіі дыэлектрычных асяроддзяў (В.А.Міхнеў); па кантролі ўласцівасцей магнітамяккіх матэрыялаў (І.І.Бранавіцкі); па тамаграфічнай візуалізацыі ўнутр. будовы матэрыялаў і вырабаў (В.Л.Венгрыновіч); па магнітаграфічным кантролі (У.А.Новікаў, А.М.Шарова); па цеплавых метадах кантролю (У.А.Драгун); па стандартызацыі ў неразбуральным кантролі (У.А.Саламаха).
Распрацаваныя ў Ін-це прыкладной фізікі Нац.АН Беларусі імпульсныя магн. аналізатары мех. характарыстык укаранёны на буйнейшых металург. прадпрыемствах Расіі і Украіны (напр., «Поўначсталь», Магнітагорскі, Наваліпецкі, Марыупальскі металург. камбінаты), шэрагу прадпрыемстваў ФРГ.
Шырока выкарыстоўваюцца фіз. метады кантролю ў заводскіх лабараторыях буйнейшых прамысл. прадпрыемстваў краіны: мінскіх аўтамаб. (П.С.Гурчанка), трактарнага, маторнага, падшыпнікавага, станкабуд. з-даў, ВА «Гарызонт» і «Атлант», Бел. металург. з-да, гродзенскага ВА «Азот», наваполацкага ВА «Палімір» і інш. Падрыхтоўка кадраў вышэйшай кваліфікацыі па фізіцы неразбуральнага кантролю вядзецца ў Ін-це прыкладной фізікі Нац.АН Беларусі, Бел.-рас. ун-це, Бел.нац.тэхн. ун-це, дзе існуюць аспірантура, дактарантура і спецыялізаваныя саветы па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый. Падрыхтоўка інж. кадраў вядзецца ў Бел.нац.тэхн. ун-це, Бел.-рас. ун-це, Бел. ун-це транспарту і інш.ВНУ.
Літ.:
Прохоренко П.П. Достижения физики неразрушающего контроля. Мн., 2003.
П.П.Прахарэнка.
У лабараторыі магнітных метадаў кантролю Інстытута прыкладной фізікі Нац.АН Беларусі. Загадчык лабараторыі У.Ф.Мацюк (злева) і заслужаны вынаходнік Беларусі М.А.Мяльгуй.Распрацоўкі Інстытута прыкладной фізікі Нацыянальнай АН Беларусі: 1 — Нацыянальны эталон адзінкі магнітнай індукцыі Рэспублікі Беларусь; 2 — аўтаматызаваная ўстаноўка для кантролю поршняў дызельных рухавікоў; 3 — тэрмаэлектрычная прылада ПІТ; 4 — імпульсны магнітны аналізатар ІМА-4М; 5 — магнітны таўшчынямер тыпу МТЦ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАБІЯЛОГІЯ
Першыя на Беларусі мікрабіялагічныя і проціэпідэмічныя ўстановы, якія далі пачатак развіццю ветэрынарнай, медыцынскай і санітарнай мікрабіялогіі, створаны ў 1920-я г. У НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, заснаваным у 1924, вяліся даследаванні, тэматыка якіх вызначалася патрэбамі аховы здароўя і мед. навукі: стварэнне вакцынных вакцынавых* прэпаратаў, вывучэнне біялогіі ўзбуджальнікаў туберкулёзу, склеромы, тулярэміі, эпідэміялогіі гельмінтозаў і інш. (Н.А.Ізраіцель, А.П.Красільнікаў, Б.Я.Эльберт). Акрамя прыватных раздзелаў інфекцыйнай паталогіі распрацоўваліся праблемы распаўсюджання некаторых груп мікраарганізмаў у прыродзе, іх экалогіі, фізіялогіі, біяхіміі, зменлівасці; пачалі развівацца кірункі па інфекцыйнай паталогіі, вірусалогіі і механізмах імунітэту (В.І.Вацякоў, П.Р.Рыцік, А.С.Уладыка, Л.П.Цітоў і інш.). У 1970-я г. пачалі фарміравацца хіміятэрапія і хіміяпрафілактыка вірусных інфекцый. У шэрагу інстытутаў АН Беларусі вяліся даследаванні па агульнай і глебавай мікрабіялогіі: распрацоўка прамысл. спосабу біялагічнага мачэння лубяных культур (А.А.Пескін), вырошчванне кармавых дражджэй на гідралізатах вярховых тарфоў (У.С.Шыманскі), выкарыстанне соку бульбы і бульбяной мязгі, флавінагенезу ў мікраарганізмаў (А.С.Вечар і інш.), уплыў арганічнага рэчыва на працэсы дэнітрыфікацыі, змена мікрафлоры глеб пад уплывам угнаенняў (Г.А.Язубчык) і ў працэсе іх акультурвання (І.М.Курбатаў), састаў мікрафлоры тарфяна-балотных глеб, сімбіятычная азотфіксацыя (Ф.П.Вавула, Т.Г.Зіменка, С.А.Самцэвіч), асацыятыўная азотфіксацыя, генетыка плазмід і іх роля ў эвалюцыі бактэрый (Дз.А.Бажанаў, А.М.Перабіцюк, М.А.Троіцкі). У 1975 на базе Аддзела мікрабіялогіі АН Беларусі створаны Інстытут мікрабіялогіі (узначаліў А.Г.Лабанок), які стаў галаўной арганізацыяй у галіне мікрабіялогіі і біятэхналогіі, дзе рыхтуюцца кадры вышэйшай кваліфікацыі па спецыяльнасцях «мікрабіялогія» і «біятэхналогія». Яго асноўныя навук. кірункі: фізіялогія і біяхімія мікраарганізмаў, біятэхналогія фізіялагічна актыўных рэчываў, навук. асновы выкарыстання мікраарганізмаў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, медыцыне і ахове навакольнага асяроддзя (Н.В.Абразцова, Н.І.Астаповіч, В.Г.Бабіцкая, М.В.Залашка, Т.Г.Зіменка, А.І.Зінчанка, Э.І.Каламіец, А.Г.Лабанок, Р.У.Міхайлава, А.С.Самсонава, С.А.Самцэвіч, І.В.Стахееў, Л.А.Сухавіцкая і інш.). У інстытуце створана Нац. калекцыя непатагенных мікраарганізмаў, унесеная ў Дзярж. рэестр навук. аб’ектаў. Калекцыя з’яўляецца нац. здабыткам краіны — дэпазітарыем генафонду тыповых, прамыслова карысных і рэферэнтных мікраарганізмаў, здольным забяспечыць імі навучальныя, навукова-даследчыя ўстановы і біятэхналагічныя вытворчасці краіны. Вынікі фундаментальных даследаванняў інстытута сталі асновай для стварэння важных для нар. гаспадаркі біяпрэпаратаў і тэхналогій: ферментатыўных прэпаратаў для харч. прамысловасці і медыцыны, біялагічна актыўных харч. дабавак для эфектыўнай карэкцыі імунітэту, прафілактыкі і лячэння дысбактэрыёзаў у сельскагаспадарчых жывёл, кансервавання расліннай сыравіны, біялагічных сродкаў аховы раслін і інш.
У 1961 у БДУ створана кафедра мікрабіялогіі, дзе даследаваліся біяхім. ўласцівасці клебсіел, іх сера- і фагатыпаванне, азотфіксавальныя бактэрыі (П.А.Буланаў, Б.Я.Эльберт, іх вучні і супрацоўнікі). З 1969 заг. кафедры і заг. навукова-даследчай лабараторыі эксперыментальнай біялогіі Ю.К.Фамічоў з супрацоўнікамі вывучаюць механізмы генетычнай рэкамбінацыі, мутагенезу і рэпаратыўных працэсаў у бактэрыяльных сістэмах; вядуць даследаванні па генетыцы бактэрый (А.М.Еўтушэнкаў, У.А.Пракулевіч), антаганізме ў бактэрый, што дазваляе выкарыстоўваць іх для барацьбы з хваробамі раслін (У.В.Лысак, Н.П.Максімава). Сучасныя мікробныя тэхналогіі распрацоўваюць у Медыка-біялагічным інстытуце, створаным у 1972 пры канцэрне «Белбіяфарм».
Літ.:
Медицинская микробиология, вирусология, иммунология. М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.
Існуе ў Гомелі зліст. 1954. Адкрыўся спектаклем «Гады вандраванняў» А.Арбузава. Напачатку ставіліся пераважна п’есы сав. драматургаў: «Гісторыя аднаго кахання» К.Сіманава, «Крылы» А.Карнейчука, «У добры час!» В.Розава, «Каханне Ані Бярозкі» У.Пісталенкі і інш.З 1956 у рэпертуары пачалі з’яўляцца бел. творы: «Глыбокая плынь» паводле І.Шамякіна, «Непрымірымасць» і «У бітве вялікай» А.Маўзона. Зрэдку ставіліся класічныя п’есы: «Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вегі, «Дон Сезар дэ Базан» А.Дэнеры і Ф.Дзюмануара, «Васа Жалязнова» М.Горкага. Канец 1950 — пач. 1960-х г. у творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў Л.Эльстона і Ю.Арынянскага. Сярод значных пастановак: «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка, «Сэрца на далоні» І.Шамякіна, «Выклік багам» А.Дзялендзіка, «Угрум-рака» паводле В.Шышкова, «Інтэрвенцыя» Л.Славіна, «Перад вячэрай» Розава, «104 старонкі пра каханне» Э.Радзінскага, «Зімовая казка» У.Шэкспіра. Асабліва плённай была дзейнасць т-ра ў 2-й пал. 1960 — 1-й пал. 1970-х г. (маст. кіраўнік І.Папоў), калі стабілізаваўся акцёрскі калектыў, вырасла выканаўчае майстэрства. Спектаклі вызначаліся творчым пошукам, глыбінёй спасціжэння драматургіі, псіхалагізмам, тонкай распрацоўкай характараў, сцэн. культурай, ансамблевасцю. Сярод лепшых пастановак: «Любоў Яравая» К.Транёва, «Разлом» Б.Лаўранёва, «Пасля пакарання смерцю прашу...» В.Долгага, «Маё сэрца з табою» Ю.Чупрына, «Не трывожся, мама!...» Н.Думбадзе, «Беспасажніца» і «Даходнае месца» А.Астроўскага, «Тры сястры» А.Чэхава, «Атэла» Шэкспіра. Цікавае сцэн. ўвасабленне набылі «Легенда пра песню няспетую» М.Пало і Папова, «Рудабельская рэспубліка» паводле С.Грахоўскага, «Таблетку пад язык» Макаёнка, «Грэшнае каханне» і «Амазонкі» Дзялендзіка. Спектаклі «Жыццё ўсяго адно» А.Маўзона, «Залатая карэта» Л.Лявонава і «Першы грэх» А.Каламійца (рэж. усіх Папоў) у 1972 адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі. У 2-й пал. 1970-х г.т-р перажыў перыяд творчай нестабільнасці, істотныя змены адбыліся ў трупе. Канец 1970 — 1-я пал. 1980-х г. звязана з дзейнасцю рэж. В.Кручкова, які асаблівую ўвагу надаваў знешняй культуры, дынамізму, пластыцы, музыкальнасці пастановак. Сярод іх: «Жывы партрэт» А.Марэта, «Як вярнуць мужа?» («Ілгуха») Л.Эніка і А.Дадэ. Значнымі былі пастаноўкі бел. твораў: «Подых навальніцы» паводле І.Мележа, «Ладдзя роспачы» паводле У.Караткевіча, «Гора і слава» А.Петрашкевіча, «Узлёт» А.Дударава. У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г.т-р зноў апынуўся ў крызісным становішчы. Спектаклі не вызначаліся навізной, маст. вартасцю. З 1993 маст. кіраўнік т-ра У.Караткевіч. Сярод пастановак апошніх гадоў: «Паўлінка» Я.Купалы, «Звар’яцелы Альберт» С.Кавалёва паводле Я.Баршчэўскага, «Купала» А.Дударава, «Цудоўная казка — прыгожая песня» А.Міхайловіча паводле бел.нар. казак «Лёгкі хлеб» і «Музыкі», «Прыгажун-мужчына» А.Астроўскага, «Тайна адной споведзі» Б.Васільева, «Гульня і не больш» Д.Фо. У розныя гады ў т-ры працавалі акцёры: М.Цурбакоў, Л.Гамуліна, Л.Гарбунова, Т.Скарута, С.Давыдаў, А.Г. і А.С.Каменскія, М.Маліноўскі, У.Слаўкоў, М.Кукліна, Р.Сувораў, Л.Усанава, Я.Дашкоў, Л.Сторажава, П.Філіпаў; рэжысёры: С.Гурыч, Я.Батурын, Б.Насоўскі, В.Шутаў, В.Яснагародскі, Г.Вагаў, В.Бартосік; мастакі: А.Ясафава, А.Свішчоў, М.Гафт, А.Белазёраў, А.Кляўзер, Дз.Мохаў. У складзе трупы (1997): нар.арт. Беларусі Н.Карнеева, засл. арт. Беларусі Ф.Іваноў, Л.Лаўрыновіч, М.Пало, В.Чэпелеў, Ю.Шэфер і інш.
Будынак т-ра ўзведзены ў 1956 (праект 1941, арх. А.Тарасенка). Прамавугольны ў плане аб’ём мае сіметрычную прасторавую кампазіцыю. Па гал. восі размешчаны цэнтр. ўваход, вестыбюльная група памяшканняў, глядзельная зала партэрна-яруснага тыпу на 800 месцаў, развітая сцэн. каробка. Гал. фасад уяўляе сабой 6-калонны порцік з франтонам, багата дэкарыраваны скульптурай. Калонам карынфскага ордэра адпавядаюць пілястры па перыметры будынка. Інтэр’еры асн. памяшканняў аздоблены лепкай.
А.В.Сабалеўскі, А.А.Воінаў (архітэктура).
Будынак Гомельскага абласнога драматычнага тэатра.Гомельскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Гора і слава» А.Петрашкевіча.Гомельскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Подых навальніцы» паводле І.Мележа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫВІЗА́ЦЫЯ,
працэс аб’яднання аднаасобных сял. гаспадарак у с.-г. кааператывы. Праводзілася ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. у СССРз мэтай сацыяліст. пераўтварэнняў у вёсцы, ліквідацыі сельскай буржуазіі (кулацтва), павышэння таварнасці с.-г. вытв-сці. Тэарэтычная ідэя К. вынікала з вучэння марксізму-ленінізму аб ліквідацыі эксплуатацыі чалавека чалавекам у грамадстве і прыярытэтнасці калект. форм арг-цыі працы ў матэрыяльнай вытв-сці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі на гэтай аснове пачалі складвацца сацыяліст.вытв. адносіны на вёсцы шляхам стварэння камун сельскагаспадарчых, саўгасаў, інш. форм кааперацыі. Але да пач. 1-й пяцігодкі (1928) у вёсцы пераважалі дробныя аднаасобныя сял. гаспадаркі (25 млн.). Зыходзячы з неабходнасці замены дробнатаварнай гаспадаркі буйной механізаванай с.-г. вытв-сцю, паскарэння тэмпаў індустрыялізацыі, парт.-дзярж. кіраўніцтва СССР на XV з’ездзе ВКП(б) (1927) абвясціла курс на К. Лістападаўскі (1929) пленум ЦКВКП(б) паставіў перад асобнымі абласцямі краіны задачу суцэльнай К. На сталую работу ў калгасы з гарадоў паслалі 25 тыс. перадавых рабочых (гл.Дваццаціпяцітысячнікі). У 1930 ЦКВКП(б) прыняў пастанову аб завяршэнні суцэльнай К. ў асноўным да канца пяцігодкі (1932). Такі дырэктыўны націск на парт. і дзярж. органы выклікаў апазіцыю лідэраў «правага ўхілу» М.І.Бухарына, А.І.Рыкава, М.П.Томскага, якія выступілі супраць паскораных тэмпаў К., за адмену надзвычайных мер барацьбы з кулацтвам. Адносіны сялян да К. былі складанымі: беднякі падтрымлівалі К., спадзеючыся калект. намаганнямі палепшыць свой матэрыяльны дабрабыт; сераднякі вагаліся, значная іх частка марыла ўладкаваць жыццё ўласнымі сіламі; заможныя сяляне (кулакі) рашуча выступалі супраць К., бо не хацелі аддаваць у «агульны кацёл» свае больш дагледжаныя землі, інвентар, коней і інш. У сувязі з гэтым суцэльная К. праводзілася на аснове «ліквідацыі кулацтва як класа» і адкрытага прымусу ў адносінах да многіх серадняцкіх гаспадарак. У выніку на вёсцы адбывалася сапраўдная вайна: пачалося масавае раскулачванне заможных гаспадарак, перадача іх маёмасці ў калгасы, высылка кулацкіх сем’яў у інш. рэгіёны краіны; запалохванне сераднякоў такой жа перспектывай; мабілізацыя беднаты на барацьбу супраць ворагаў калгаснага ладу. Таму быў гвалт, былі бойкі, забойствы, арышты і рэпрэсіі (у т. л. расстрэлы) улад да праціўнікаў К. Прымаючы пад увагу сац.-эканам. і грамадска-паліт. напружанасць у краіне, парт. і дзярж. кіраўніцтва СССР вымушана было лавіраваць і адступаць пры правядзенні ў цэлым прымусовых тэмпаў К. Так, 14.3.1930 ЦКВКП(б) прыняў Пастанову «Аб барацьбе са скрыўленнямі партлініі ў калгасным руху», у якой усю адказнасць за гэта пераклаў на нізавыя парт. і дзярж. структуры. У той жа час 1930 быў аб’яўлены ў СССР годам разгорнутага наступлення сацыялізму па ўсім фронце. Да сярэдзіны 1930 было калектывізавана 24% гаспадарак, у 1932 — больш за 60, а ў 1937—93% гаспадарак. Аналагічныя працэсы адбываліся і ў сельскай гаспадарцы Беларусі. Калі ў 1928 у БССР было 994 калгасы, то ў 1932 іх колькасць павялічылася да 9 тыс., яны займалі 96% пасяўных плошчаў рэспублікі. К. прывяла да карэнных змен у арганізацыі с.-г. працы, сац.-быт. і грамадска-культ. адносін на вёсцы. У гады Вял.Айч. вайны калгасы ў БССР былі разрабаваны і ліквідаваны. Пасля вайны адноўлены; завяршылася К. ў зах. абласцях рэспублікі. У Рэспубліцы Беларусь з 1990-х г. пачаўся працэс ператварэння калгасаў у акц. т-вы, сталі стварацца фермерскія гаспадаркі. Гл. таксама Калгас.
Літ.:
Ленін У.Л. Аб кааперацыі // Тв.Т. 33 (Полн. собр. соч. Т. 45);
Мілаванаў В.А. Першыя крокі калгаснага руху ў Беларусі (кастрычнік 1917 г.—1920 г.). Мн., 1958;
Филимонов А.А. Укрепление союза рабочего класса и трудящегося крестьянства в период развернутого строительства социализма (1929—1936 гг.). Мн., 1968;
Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;
Барадач Г.А., Дамарад К.І. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў Заходніх абласцях Беларускай ССР. Мн., 1959;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3—5. Мн., 1973—75;
Победа колхозного строя в Белорусской ССР. Мн., 1981;
Сорокин А.Н. Эксперимент: Человек и земля. Мн., 1994;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.
П.Ц.Петрыкаў.
Да арт.Калектывізацыя. Плакат. 1929. Мастак П.Гуткоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫБАРЧАЯ СІСТЭМА. РЭФЕРЭНДУМ
Выбарчая сістэма ў Рэспубліцы Беларусь — гэта ўстаноўлены і ўрэгуляваны прававымі і інш. нормамі парадак выбараў, а выбарчае права — сукупнасць канстытуцыйных норм, якія рэгулююць грамадскія адносіны, што ўзнікаюць пры правядзенні выбараў, а таксама сукупнасць канкрэтных правоў грамадзяніна на ўдзел у выбарах. У гэтым значэнні выбарчае права падзяляюць на актыўнае, г.зн. права выбіраць, і пасіўнае, г.зн. права выбірацца, быць выбраным. Легітымныя выбарныя органы ў сваю чаргу фарміруюць легітымныя ўладныя структуры (урад, суды і інш.). Выбары праводзяцца ў адпаведнасці з канстытуцыйнымі прынцыпамі выбарчай сістэмы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.
Выбары дэпутатаў і інш. асоб, якія выбіраюцца на дзярж. пасады народам, з’яўляюцца ўсеагульнымі: права выбіраць маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў. Прамое або ўскоснае абмежаванне выбарчых правоў грамадзян у залежнасці ад паходжання, сац. і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, полу, адукацыі, мовы, адносін да рэлігіі, часу пражывання ў дадзенай мясцовасці, роду і характару заняткаў з’яўляецца недапушчальным і караецца паводле заканадаўства. У выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі; асобы, якія ўтрымліваюцца паводле прыгавору суда ў месцах пазбаўлення волі; асобы, у адносінах да якіх выбрана такая мера, як утрыманне пад вартай. Не з’яўляюцца падставай для абмежавання права грамадзяніна на ўдзел у галасаванні адм. арышт, такія віды крымін. пакарання, як штраф, папраўчыя работы, арышт на тэрмін ад 1 да 6 мес, асобы, аб’яўленыя банкрутамі. Узроставы цэнз дэпутатаў і інш. асоб, якія выбіраюцца на дзярж. пасады (кіраўніка дзяржавы, члена Савета Рэспублікі, суддзі, нар. засядацеля), вызначаецца адпаведнымі законамі. У Беларусі адсутнічае цэнз аселасці (выключэнне — выбары Прэзідэнта і членаў Савета Рэспублікі). Выбары з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык сам вырашае, за каго галасаваць і ці ўдзельнічаць яму ў выбарах. Але высокая ступень ухілення ад удзелу ў выбарах зніжае аўтарытэт сфарміраванага органа і дае глебу для спрэчак пра яго легітымнасць. Падрыхтоўка і правядзенне выбараў ажыццяўляюцца адкрыта і галосна. Выбары з’яўляюцца роўнымі: выбаршчыкі маюць роўную колькасць галасоў. З гэтай мэтай забяспечваецца адзіная норма прадстаўніцтва, паводле якой ствараюцца выбарчыя акругі з прыкладна роўнай колькасцю выбаршчыкаў (адхіленне, як правіла, не можа перавышаць 10%). Кожны выбаршчык галасуе асабіста, галасаванне за інш. асоб не дапускаецца. Выбары з’яўляюцца прамымі: дэпутаты выбіраюцца грамадзянамі непасрэдна, шляхам падачы свайго голасу. Разам з прамымі выбарамі (дэпутатаў, кіраўніка дзяржавы) Канстытуцыя прадугледжвае фарміраванне Савета Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь шляхам ускосных выбараў, г.зн. выбаршчык выбірае дэпутатаў Саветаў базавага ўзроўню, якія ў сваю чаргу ва ўстаноўленым парадку выбіраюць членаў Савета Рэспублікі. Галасаванне на выбарах з’яўляецца тайным, у ходзе галасавання забаронены кантроль за волевыяўленнем. Аднак гэта не выключае права выбаршчыка добраахвотна выказацца пра тое, як ён прагаласаваў.
Рэферэндумы (нар. галасаванні) з’яўляюцца адным засн. інстытутаў непасрэднай дэмакратыі ў Рэспубліцы Беларусь. Яны могуць праводзіцца для вырашэння найважнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця, могуць быць рэспубліканскія і мясцовыя. Рэсп. рэферэндумы прызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па яго ўласнай ініцыятыве ці па прапанове Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, прынятай на іх раздзельных пасяджэннях большасцю галасоў ад поўнага складу кожнай з палат, або па прапанове не менш як 450 тыс. грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у т. л. не менш як 30 тыс. грамадзян ад кожнай вобласці і г. Мінск. Указам Прэзідэнта аб прызначэнні рэферэндуму вызначаюцца дата яго правядзення (не пазней як 3 мес з дня выдання указа), юрыд. сіла прынятага ім рашэння, фармулёўка вынесенага на рэферэндум пытання (пытанняў). Калі на ўсенар. галасаванне выносіцца законапраект, то ён дадаецца да ўказа Прэзідэнта аб прызначэнні рэферэндуму. Прэзідэнт мае права адхіляць прапановы аб правядзенні рэферэндуму, калі яны не адпавядаюць патрабаванням Выбарчага кодэксу і інш.заканад. актаў. Рашэнні, прынятыя рэсп. рэферэндумам, падпісвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Мясц. рэферэндумы прызначаюцца адпаведнымі мясц. прадстаўнічымі органамі па іх ініцыятыве або па прапанове не менш як 10% грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Прынятыя на рэферэндуме рашэнні могуць быць адменены або зменены толькі шляхам новага рэферэндуму, калі іншае не будзе вызначана самім рэферэндумам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТАГРАФІ́ЧНЫЯ ПРАЕ́КЦЫІ,
матэматычныя спосабы адлюстравання паверхні зямнога шара (эліпсоіда) або інш. нябеснага цела падобнай формы на плоскасці. К.п. ўстанаўліваюць аналітычную залежнасць (адпаведнасць) паміж геагр. каардынатамі пунктаў зямнога эліпсоіда і прамавугольнымі каардынатамі тых жа пунктаў на плоскасці. Вывучэннем К.п. займаецца картаграфія. Праекцыі, як правіла, маюць скажэнні даўжынь ліній, плошчаў, вуглоў і форм (існуюць праекцыі, у якіх адсутнічаюць скажэнні вуглоў ці плошчаў). Агульную характарыстыку скажэнняў дае эліпс скажэнняў (адлюстроўвае на плоскасці бясконца малыя акружнасці, узятыя ў розных месцах эліпсоіда). На карце адрозніваюць маштабы гал. (роўны маштабу мадэлі зямнога эліпсоіда, паменшанаму ў зададзеных адносінах) і прыватны (адносіны бясконца малога адрэзка, узятага ў дадзеным месцы карты па дадзеным напрамку, да адпаведнага адрэзка на паверхні эліпсоіда). Адносіны прыватнага маштабу да гал. характарызуюць скажэнне даўжынь. Паводле характару скажэнняў К.п. падзяляюцца на роўнавугольныя (перадаюць вуглы без скажэнняў), роўнавялікія (перадаюць плошчы без скажэнняў) і адвольныя (скажаюцца і вуглы і плошчы). Сярод адвольных вылучаюцца роўнапрамежкавыя (скажаюцца вуглы і плошчы ў аднолькавых прапорцыях). У залежнасці ад становішча восі сферычных каардынат (арыенціроўка дапаможнай паверхні адносна палярнай восі) вылучаюць К.п.: нармальныя (вось каардынат супадае з воссю вярчэння зямлі), папярочныя (вось каардынат ляжыць у плоскасці экватара), косыя (вось каардынат размяшчаецца пад вуглом да зямной восі).
Паводле віду дапаможнай паверхні для праектавання вылучаюць некалькі тыпаў праекцый. У азімутальных К.п. паверхня зямнога эліпсоіда праектуецца на датычную або сякучую плоскасць. У нармальных азімутальных праекцыях мерыдыяны паказваюцца прамымі, якія сыходзяцца ў адзін пункт (полюс), а паралелі — канцэнтрычнымі акружнасцямі, якія праводзяцца з агульнага цэнтра (полюса). У косых і большасці папярочных азімутальных праекцыях мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) і паралелі — крывыя лініі; экватар у папярочных праекцыях — прамая лінія. У цыліндрычных К.п. дапаможнай паверхняй служыць бакавая паверхня цыліндра, што датыкаецца да эліпсоіда або перасякае яго. У нармальных цыліндрычных праекцыях мерыдыяны і паралелі — прамыя лініі, у папярочных і косых праекцыях паралелі і мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) — крывыя лініі. У канічных К.п. паверхня эліпсоіда праектуецца на бакавую паверхню конуса, што датыкаецца да эліпсоіда ці перасякае яго. У нармальных канічных праекцыях мерыдыяны — прамыя лініі, якія сыходзяцца ў полюсе, а паралелі — дугі канцэнтрычных акружнасцей з цэнтрам у полюсе. У косых і папярочных канічных праекцыях паралелі і мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) — крывыя лініі. У поліканічных К.п. сетка мерыдыянаў і паралелей праектуецца на некалькі конусаў, кожны з якіх разгортваецца ў плоскасць. Паралелі (за выключэннем прамалінейнага экватара) — дугі эксцэнтрычных акружнасцей, цэнтры якіх ляжаць на прадаўжэнні сярэдняга мерыдыяна, што мае выгляд прамой лініі. Астатнія мерыдыяны — крывыя, сіметрычныя да сярэдняга. Псеўдаазімутальныя К.п. маюць паралелі нармальнай сеткі ў выглядзе канцэнтрычных акружнасцей, мерыдыяны — крывыя, якія сыходзяцца ў полюсе і сіметрычныя адносна сярэдняга прамалінейнага мерыдыяна. Трапляюцца сеткі, пабудаваныя ў косым і папярочным варыянтах, дзе паралелі і мерыдыяны — крывыя лініі. Псеўдаканічныя К.п. маюць паралелі ў выглядзе дуг канцэнтрычных акружнасцей, мерыдыяны — крывыя лініі, сіметрычныя адносна сярэдняга прамалінейнага мерыдыяна. Псеўдацыліндрычныя К.п. маюць прамыя паралелі, мерыдыяны — крывыя лініі, сіметрычныя адносна сярэдняга прамалінейнага мерыдыяна. Кругавыя К.п. маюць мерыдыяны (за выключэннем сярэдняга) і паралелі (за выключэннем экватара) у выглядзе эксцэнтрычных акружнасцей; сярэдні мерыдыян і экватар — прамыя. Пры пабудове ўмоўных К.п. не карыстаюцца дапаможнай геам. паверхняй.
Выбар К.п. залежыць ад прызначэння і тэматыкі карты, маштабу і геагр. становішча тэрыторыі, яе канфігурацыі і памераў, спецыфічных патрабаванняў да карты і інш. Прызначэнне карты вызначае характар скажэнняў (даўжынь, плошчаў, вуглоў). Напр., для карт, прызначаных для вымярэння плошчаў, выбіраюць роўнавялікія праекцыі, для вымярэння вуглоў і азімутаў — роўнавугольныя, для сусв. карт — поліканічныя, нармальныя цыліндрычныя, псеўдацыліндрычныя і інш., для карт паўшар’яў, мацерыкоў і частак свету — папярочныя і косыя азімутальныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ ДРА́МА,
найвышэйшая форма народнага тэатра. Увабрала ў сябе і ўзняла на новую ступень у тэатр. мастацтве ўсё. уласцівае яго больш раннім формам. Відовішча карнавальнага тыпу, прымеркаванае да каляднага цыкла нар. гульняў і паказаў, што абумоўлівае яе папулярнасць, тэматыку, сістэму вобразаў і абмежаваную колькасць сюжэтаў. Вядома на Беларусі, Украіне, у Расіі. Вытокі Н.д. ў калядных гульнях з пераапрананнямі і ў батлейцы. дзе фактычна яна і склалася (гл.Жывая батлейка). Паказы Н.д. параўнальна вял. паводле аб’ёму, са значнай колькасцю ўдзельнікаў (10—20 чал.), пэўнымі прыёмамі сцэн. выканання, спец. падрыхтоўкай (своеасаблівым рэжысёрам з’яўлялася традыцыя, яе прытрымліваліся ўсе нар. акцёры, якія на рэпетыцыях завучвалі тэксты, адпрацоўвалі ўмоўныя рухі і жэсты, рыхтавалі рэквізіт і касцюмы). На Беларусі шырока бытавала сярод сялян і рамеснікаў у 2-й пал. 19—1-й трэці 20 ст. Паказы звычайна адбываліся ў хатах. У рэпертуары былі пашыраны «Цар Ірад», «Цар Максімілян» (найб. папулярная), «Трон» (спалучаў сюжэты дзвюх першых), а таксама кароткія драм. сцэнкі тыпу «Мацей і доктар». Вядомая ва ўсх. славян Н.д. «Лодка» на Беларусі існавала ў кантамінацыі з «Царом Максімілянам». Паказы Н.д. складаліся з дзвюх частак, кожная са сваімі героямі: т. зв. сур’ёзная — асн. сюжэт (лінія цара Ірада, цара Максіміляна і сына Адольфа) і камед. — інтэрмедыйныя сцэны (пабудаваны на ўзор батлейкавых, уключалі жартоўныя дыялогі, байкі, танцы). Часткі злучаліся паміж сабой механічна, іх аб’ядноўвала характэрнае для Каляд агульнае карнавальнае светаадчуванне. Асн. кампазіцыйны прыём — выклік дзейных асоб да цара. У Н.д. ўсё перакладалася на мову святочных нар. уяўленняў, высмейвалася, зніжалася высокае і сур’ёзнае, сцвярджалася фамільярнасць як тып зносін; абмежаванняў і забарон для смеху не існавала. Традыцыі нар. карнавальнай культуры найперш выяўляліся ў інтэрмедыйных сцэнах, дзе ствараўся свой асаблівы свет, у якім вясёлыя смерці, пахаванні, хваробы, паядынкі, бойкі і танцы, жартоўныя дыялогі. Інтэрмедыйныя персанажы — дзед, яўрэй, доктар, цыган — належалі да катэгорыі блазнаў, пры гэтым дзед выконваў і функцыю карнавальнага развенчвання цара. Уплывам карнавальнасці пазначаны і асн. сюжэт: карнавальныя матывы, удзел інтэрмедыйных персанажаў у асн. канфлікце, інтэрмедыйныя ўстаўкі, так што сур’ёзнасць асн. сюжэта і яго персанажаў станавілася адноснай. У Н.д. выкарыстоўваліся агульныя традыц. прынцыпы нар.т-ра. У выканальніцтве Н.д. спалучаліся нар. прыёмы, заснаваныя на імправізацыі, з буфанадай і гратэскам, для інтэрмедыйнай часткі і т.зв. вайсковыя (выкарыстанне ўдзельнікамі-персанажамі артыкулаў вайсковага статута) — для асн. сюжэта. Апошнія спец. паказы Н.д. наладжаны ў 1962, 1963 у в. Бялевічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.; ставілася драм. калектывамі Мінскага ін-та культуры (1976) і майстроўняй філ. ф-та БДУ (1981), нар. фальклорным т-рам «Жалейка» (г. Гомель; 1986—87), а таксама Маскоўскім ансамблем нар. музыкі пад кіраўніцтвам Дз.Пакроўскага (паказаны на 9-м Міжнар. з’ездзе славістаў у Кіеве; 1983): «Цар Ірад» («Кароль Гэрад») — фалькл. калектывам в. Юрацішкі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. (1990-я г.).
Першыя запісы тэкстаў бел. Нд. зроблены ў 2-й пал. 19 ст. этнографамі Е.Раманавым, А.Грузінскім, М.Васільевым, М.Федароўскім, у пач. 20 ст. — Е.Іваноўскім, пазней — Ф.Дзядзенкам, М.Грынблатам, Я.Дылам (фрагмент апісання паказу), І.К.Кабашнікавым, Г.Барташэвіч, В.Захаравай, а таксама б. ўдзельнікамі паказаў І.Здрокам, М.Ганчаровым. Нар. традыцыі выканання Нд. былі выкарыстаны пры пастаноўцы «Цара Максіміляна» ў апрацоўцы А.Рэмізава і М.Міцкевіча ў Бел.драм. студыі ў Маскве (1924, рэж. В.Смышляеў) і ў спектаклі БДТ-2 (1926).
Літ.:
Стэльмах Дз.У. Сцэнічнае ўвасабленне народнай драмы // Весці АНБССР Сер. грамад. навук. 1981. № 2;
Яе ж. Узнікненне і развіццё народнай драмы на Беларусі // Там жа. 1982. № 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЮ (франц. nu аголены), акт,
жанр выяўл. мастацтва і фатаграфіі, прысвечаны адлюстраванню аголенага цела (пераважна жаночага); частка эратычнага мастацтва. На яго развіццё, змест і форму значна ўплывае рэліг., філас. і маст. культура грамадства на пэўных гіст. этапах.
Вытокі Н. ў наскальных малюнках, культавых сімвалах, рэльефах і пластыцы першабытнага мастацтва, у мастацтве Стараж. Егіпта, Крыта, Вавілона, Фінікіі, Індыі і інш. Увасабленнем эстэт. нормы, жыццёвага і маст. ідэалу стаў у ант. скульптуры, жывапісе і вазапісе. У эпоху сярэднявечча адлюстраванне аголенага цела пашырылася ў міфалагічных сцэнах у мастацтве Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі; у Еўропе было абмежавана нешматлікімі сюжэтамі хрысціянскай іканаграфіі («Адам і Ева», «Страшны суд», выявы параненага цела Хрыста). У эпоху Адраджэння ў межах міфалагічнага і алегарычнага жанраў праз аголенасць увасабляліся ідэальныя, паэтызаваныя, філас. ўяўленні аб прыгажосці і гарманічнасці чалавека (С.Батычэлі, Джарджоне, А.Карачы, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэль, Тыцыян у Італіі, Я. ван Эйк у Галандыі, А.Дзюрэр у Германіі і інш.). Як жанр Н. сфарміраваўся ў 17—18 ст. у творах мастакоў барока (Д.Веласкес у Іспаніі, Я.Іорданс, П.П.Рубенс у Фландрыі, Рэмбрант у Галандыі і інш.) і ракако (Ф.Бушэ, Ш.Даменік, Ж.М.Маро Малодшы, Ж.Эйзен у Францыі і інш.). Адлюстраванне аголенага цела набыло характар самаст. задачы, зацвердзілася як вывучэнне натуры і адна з асноўных форм маст. педагогікі. У акад. мастацтве 19 ст. зацвердзіліся нормы ідэалізацыі, заснаванай на ўспрыняцці рэальнай натуры праз прызму класічнага мастацтва. Паралельна развіваліся тып Н. салоннага мастацтва (увасабляў пачуццёвасць, але недаступнасць і нерэальнасць прыгажосці жаночага цела) і яго рэаліст. варыянт (аблічча рэальнай, свабоднай жанчыны). У 19 — пач. 20 ст. рысы Н. найб. яскрава выявіліся ў творах А.Бугро, П.Гагена, Э.Далакруа, А.Кабанеля, Э.Кар’ера, Г.Курбэ, А.Маёля, Э.Манэ, А.Рэнуара, Ж.А.Энгра ў Франпыі, Б.Генелі, Ю.Шнора фон Каральсфельда, Ф. фон Штука ў Германіі, Ф.Гоі ў Іспаніі, К.Брулова, Б.Кустодзіева, У.Лебедзева, З.Серабраковай, К.Сомава, В.Сярова ў Расіі і інш. У 20 ст. жанр пашырыўся ва ўсіх кірунках фігуратыўнага мастацтва і атрымаў вял. свабоду эмац. выражэння — ад яго класічнага гарманічнага тыпу да выяўлення трагізму светаўспрымання. У Н. працавалі М.Брыяшон, А.Мадыльяні, А.Масон, А.Матыс, П.Пікасо, А.Радэн у Францыі, Г.Клімт у Аўстрыі, Г.Альтэнбург, Э.Л.Кірхнер, О.Мюлер, Л. фон Гофман, Г.Цыле ў Германіі, П.Дэльво, Р.Магрыг у Бельгіі, Л.Фрэйд у Вялікабрытаніі, У.Башлыкоў, Г.Глахцееў, І.Лубенікаў, Дз.Мітрохін, А.Слепышаў, І.Яфімаў у Расіі і інш. У 20 ст. пашырыўся таксама ў фотамастацтве, часта пад назвай «акт» (Р.Мэплтарп, Х.Рытц, Л.Фрыдляндэр у ЗША, Вольс у Германіі, Э.М’юбрыдж у Вялікабрытаніі, У.Рывас у Іспаніі, А.Р.Мінкінен у Фінляндыі, Ю.Аракчэеў у Расіі і інш.).
На Беларусі скульпт. выявы аголеных жанчын вядомы з эпохі палеаліту. Да 20 ст. як жанр практычна не развіваўся, пачаў складвацца ў 2-й пал. 20 ст.Найб. выразна Н. прадстаўлена ў творах В.Альшэўскага, Ю.Анушкі, В.Борздага, Р.Вашкевіча, В.Герасімава, М.Дундзіна, П.Жураўлёва, Р.Заслонава, В.Захарынскага, А.Ксяндзова, С.Малішэўскага, Ю.Падоліна, С.Рымашэўскага, А.Сушкова, У.Тоўсціка, Л.Хобатава, Л.Шчамялёва, А.Эротыча (Тарановіча) і інш., у фотамастацтве — А.Адамчык, В.Ганчарэнкі, Ц.Грыба, А.Дудкіна, А.Ільіна, Р.Ліўшыца, З.Мігуновай, У.Парфянка, А.Шчукіна і інш.