горад на Украіне, у горнай даліне на Паўд. беразе Крыма. За 45 км ад чыг. ст. Сімферопаль. 33 тыс.ж. (1992). Прыморскі кліматычны курорт. Развіваецца з 19 ст. Адметны надзвычай спрыяльнымі для паўнацэннага адпачынку, лячэння лёгачных і нерв. хвароб умовамі: клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу з мяккай зімой, цёплым малавоблачным летам, цёплай і працяглай восенню; марскія купанні з чэрвеня да кастрычніка; багатая вечназялёная расліннасць у далінах рэк, букавыя і хваёвыя лясы, вінаграднікі на схілах велічных горных масіваў Дэмерджы; адзін з найлепшых у Крыме пясчана-галечны пляж працягласцю каля 5 км. Шмат санаторыяў, пансіянатаў, турбаз і дамоў адпачынку. Прыродныя і архю-гіст. помнікі (пячоры Чатырдага, «Даліна прывідаў», рэшткі візант. і генуэзскіх крэпасцяў, умацаванняў і паселішчаў, палацы, маёнткі і сядзібы Раеўскіх, Гагарыных і інш.рус. вяльможаў). Музеі краязнаўчы і С.М.Сяргеева-Цэнскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬШЭ́ЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік беларуска-літоўскага летапісання 16 ст.; спіс пашыранай рэдакцыі «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», перакладзены на польскую мову, аналагічны тэксту Кракаўскага (на польскай мове) і Румянцаўскага спісаў (гл.Румянцаўскі летапіс). У 19 ст. захоўваўся ў б-цы А.Хамінскага ў маёнтку Альшэва (ад яго і назва) каля Нарачы (Мядзельскі р-н). Датуецца 1550.
У Альшэўскім летапісе пададзена гісторыя ВКЛ ад легендарнага кн. Палемона да сярэдзіны 15 ст.Найб. падрабязна асветлены перыяд княжання Вітаўта, выкладзены паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». У канцы летапісу змешчана «хронічка» — збор кароткіх датаваных звестак за 1307—1535. Альшэўскі летапіс — самы ранні пераклад на польскую мову бел.-літ. летапісу. Зберагаецца ў Нац. б-цы ў Варшаве. Апубл. С.Пташыцкім асобным выданнем (Вільня, 1907) і ў Поўным зборы рус. летапісаў (т. 17, 1907), перавыдадзены М.М.Улашчыкам тамсама (т. 35, 1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛО́ГА,
1) спосаб вядзення ваен. дзеянняў па авалоданні крэпасцю ці ўмацаваным горадам. Праводзілася ў выпадку, калі крэпасць або горад не былі захоплены раптоўна або штурмам. Уключала акружэнне крэпасці войскамі, узвядзенне вакол яе аблогавых умацаванняў, правядзенне атак, якія звычайна заканчваліся штурмам. Часам аблога прымала форму блакады. Вядома з глыбокай старажытнасці: А.Бактры (Егіпет; 2130 да н.э.), Троі (каля 1260 да н.э.); Полацка (1579), Быхава аблога 1654—55 і інш., Плеўны (1877). У 18 — пач. 20 ст. для аблогі ствараліся спец. Арміі: яп. аблогавая армія пад Порт-Артурам (1904), ням. і рус. аблогавыя арміі ў 1-ю сусв. вайну (1914—18) пры А.Льежа, Намюра, Перамышля. Пасля I-й сусв. вайны тэрмін «аблога» не выкарыстоўваецца.
2) Спосаб палявання (на ваўка, мядзведзя і інш.).
Да арт.Аблога. «Аблога Полацка войскамі Стафана Баторыя ў 1579». З гравюры С.Пахалавіцкага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАВІ́К, белы грыб (Boletus edulis),
шапкавы грыб сям. балетусавых. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляецца нярэдка ў хвойніках, ельніках, дубровах, бярэзніках і мяшаных лясах. Расце адзіночна і групамі. Сапратроф. Пладовыя целы з’яўляюцца ў чэрв. — кастрычніку.
Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы масай да 2, рэдка 4 кг. Шапка паўшарападобная, дыям. 4—20 см, мясістая, пазней плоска-пукатая, матавая. У залежнасці ад умоў росту ад белага да фіялетава-карычневага колеру. Ножка цыліндрычная або клубнепадобная, белаватая, з тонкім сеткавым малюнкам. Мякаць і гіменафор (малады) белыя, прыемна пахнуць, на зломе не мяняюць колеру. Утварае мікарызу з многімі дрэвамі (адрозніваюць каля 20 формаў баравіка — хваёвы, яловы, бярозавы, дубовы, грабавы і інш.). Багаты бялком, вугляводамі, тлушчам, мінер. рэчывамі; мае вітаміны A, B, C, D, PP, таксама антыбіётыкі, танізавальныя і проціпухлінныя рэчывы. Спажываюць баравікі смажаныя, вараныя, марынаваныя, сушаныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́ТЫ,
1) солі борных кіслот: метаборнай (HBO2), ортаборнай (H3BO3) і нявылучаных у свабодным стане паліборных (H3m−2nBmO3m−n). Вядома каля 100 прыродных баратаў у выглядзе борных рудаў (буракс, ашарыт і інш.). Бараты складаюцца з боракіслародных груповак (колькасць атамаў бору ў іх вагаецца ад 1 да 9), якія ўтвараюць больш складаныя структуры. Бараты — бясколерныя аморфныя ці крышт. рэчывы. Бываюць гідратаваныя і бязводныя. Бязводныя маюць tпл 500—2000 °C, хімічна больш устойлівыя. У вадзе раствараюцца толькі бараты шчолачных металаў і амонію, астатнія — у гліцэрыне. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, палівы, керамікі, эмаляў, вогнетрывалых пакрыццяў і флюсаў, пры фарбаванні, як пігменты, антысептыкі, фунгіцыды.
2) Эфіры ортаборнай кіслаты [(RO)3B], дзе R — алкіл, арыл і інш. Выкарыстоўваюць як антыаксіданты, каталізатары, у сінтэзе арган. злучэнняў бору і фарбавальнікаў, як фунгіцыды, антысептыкі, дабаўкі ў маторнае паліва, змазвальнае масла, палімеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБЮ́С ((Barbusse) Анры) (17.5.1873, Аньер, каля Парыжа — 30.8.1935),
французскі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Замежны ганаровы чл.АНСССР (1933). Вучыўся ў Сарбоне, дзе абараніў дысертацыю па філасофіі (1894). Стваральнік міжнар. антымілітарысцкага аб’яднання дзеячаў культуры «Клартэ» (1919). Адзін з арганізатараў антыфаш. руху. Літ. дзейнасць пачаў у сярэдзіне 1890-х г.Зб. вершаў «Плакальшчыцы» (1895) — даніна моднай на той час дэкадэнцкай паэзіі. У раманах «Агонь» (1916, Ганкураўская прэмія 1917) і «Яснасць» (1919) асудзіў 1-ю сусв. вайну. Аўтар зб-каў публіцыстыкі («Святло з бездані», 1919; «Словы барацьбіта», 1920; «З нажом у зубах», 1921) і навел («Мы», 1914; «Падзеі», 1928, бел.пер. «Розныя факты», 1929), рамана «Звёны» (1925), дакументальных кніг «Кáты» (1926), «Расія» (1930, бел.пер. 1931), біягр. аповесці «Заля» (1932) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВЕ́ЖСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1991.
Падпісаны кіраўнікамі Беларусі (С.Шушкевіч і В.Кебіч), Расіі (Б.Ельцын і Г.Бурбуліс), Украіны (Л.Краўчук і В.Фокін) 8.12.1991 у бел. урадавай рэзідэнцыі каляб. хутара Віскулі Пружанскага р-на ў Белавежскай пушчы. Ад імя дзяржаў — заснавальніц СССР яны канстатавалі, што СССР як суб’ект міжнар. права і геапаліт. рэальнасць спыняе існаванне, і падпісалі Пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). у складзе Рэспублікі Беларусь, РСФСР і Украіны. СНД абвяшчалася адкрытай для далучэння інш. дзяржаў. Былі прыняты заявы кіраўнікоў 3 краін аб імкненні СНД праводзіць курс на ўмацаванне міжнар. міру і бяспекі, пра гарантыі выканання міжнар. абавязацельстваў па дагаворах і пагадненнях б.СССР, забеспячэння адзінага кантролю за ядзернай зброяй і яе нераспаўсюджаннем, пра каардынацыю эканам. палітыкі. Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў Пагадненне аб стварэнні СНД 10.12.1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ВУЧНЁЎСКІ ГУРТО́К «АСВЕ́ТА».
Існаваў у 1918—23 у Магілёве. Пачаў дзейнічаць пры Магілёўскай настаўніцкай семінарыі, аб’ядноўваў навучэнцаў і студэнтаў Магілёва. Асн. задачы: усебаковае вывучэнне Магілёўшчыны, навук. і культ.-асв. праца. Пры гуртку існавалі бел. хор (каля 80 чал.), бел.драм. трупа М.А.Выдрыцкага (інсцэніравала бел. вяселле, ставіла п’есы Я.Купалы, Ф.Аляхновіча, У.Галубка), гіст.-этнагр., прыродазнаўчая, літ., драматычная секцыі, якія прапагандавалі бел.нац. культуру. У 1923 атрымаў назву Бел.культ.-навук. асацыяцыя студэнтаў Магілёўскага пед. ін-та. Асацыяцыя мела філіялы ў Гомельскай губ., працавала ў кантакце з Магілёўскім пав. аддзелам нар. адукацыі, Беларускай секцыяй пры Гомельскім губернскім аддзеле народнай асветы, Беларускім цэнтральным бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР і Беларускай культурна-навуковай асацыяцыяй пры Пятроўскай с.-г. акадэміі. Спыніў існаванне ў сувязі з ліквідацыяй Магілёўскага пед. ін-та.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗІЦЯ́ЧЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1916—18 у Вільні. Створаны з дзяцей бел. школ-прытулкаў Вільні, якія знаходзіліся пад апекай Бел.к-та дапамогі пацярпелым ад 1-й сусв. вайны. Арганізатар і кіраўнік — С.Корф. Яна ж была аўтарам большасці пастаўленых т-рам п’ес, містэрый, інсцэніровак, кампазіцый паводле батлеечных тэкстаў, нар. легендаў, казак, даўніх абрадаў. У склад калектыву т-ра ўваходзілі дзіцячы хор (кіраўнік Е.Міровіч), танц. група і дэкламатары. Спектаклі ўключалі музыку, драму, танцы, спевы і гэтак далей, грунтаваліся на традыцыях фальклору. На Каляды ладзілася жывая батлейка. Паказы т-ра адбываліся ў Беларускім клубе і пажарным клубе, містэрыі ў стылі батлеі — часам у касцёле св. Яна, асобныя спектаклі наладжваліся пад адкрытым небам (напр., Ф.Аляхновіч сваю п’есу «У лясным гушчары» паставіў на паляне каляв. Чорны Бор, недалёка ад Вільні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ КАНЦЭ́РН ПА БУДАЎНІ́ЦТВЕ І ЭКСПЛУАТА́ЦЫІ МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНЫХ І ВОДАГАСПАДА́РЧЫХ СІСТЭ́М, «Белмеліявадгас». Створаны ў 1993 на базе Мін-ва меліярацыі і аднаўлення зямель (б. Мінвадгас) як «Белвадгас», з 1995 сучасная назва. Уключае: ВА «Брэстмеліявадгас», «Гомельмеліявадгас», «Магілёўмеліявадгас», «Віцебсквадбуд», «Гроднавадбуд», «Мінсквадбуд», «Магілёўвадбуд», «Магілёўбуд», «Палесжылбуд», «Будіндустрыя» (з Беларускім экскаватарным заводам), трэсты «Калінкавічывадбуд», «Салігорсквадбуд», «Пінсквадбуд»; арэндныя прадпрыемствы «Брэствадбуд», «Гомельвадбуд», «Гомельсаўгасбуд»; акц.т-ва «Пінсксаўгасбуд»; каля 350 ПМК, міжраённыя ўпраўленні асушальных і арашальных сістэм (МААС), Мінскі доследна-эксперым.мех.з-д, шэраг з-даў жалезабетонных вырабаў (у Калінкавічах, Скідзелі, Хойніках і інш.). У складзе «Белмеліявадгаса» н.-д. і праектныя ін-ты «Белдзіправадгас» (Мінск) і «Палесседзіправадгас» (Пінск). Ажыццяўляе меліярац. і водагасп. буд-ва і эксплуатацыю меліярац. сістэм, навук.-тэхн. распрацоўкі і стварэнне праектаў па праблемах меліярацыі зямель, гасп. водакарыстання і рацыянальнага комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў.