РАЦЫЯНАЛІ́ЗМ (франц. rationalisme ад лац. rationalis разумны),
філасофскі кірунак, які прызнае розум асновай пазнання і паводзін людзей. Адрозніваюць анталагічны, гнасеалагічны і тэалагічны Р. Паводле анталагічнага Р. быццё разумнае, у яго аснове знаходзіцца разумовы пачатак — «ідэі» ў вучэнні Платона, разумная манада ў дактрыне Г.Лейбніца, разумнае «Я» ў І.Фіхтэ, панлагізм Г.Гегеля, які ўяўляў увесь свет як самаразвіццё абсалютнай ідэі. Гнасеалагічны Р. — адзін з пануючых кірункаў у філасофіі 16—17 ст. Прадстаўлены Р.Дэкартам, Лейбніцам, Б.Спінозай, якія лічылі, што безумоўна дакладныя веды могуць быць атрыманы пры дапамозе дэдуктыўных метадаў, найб. моцна развітых у матэматыцы. З іх пункту погляду, вопыт і заснаваны на ім эмпірызм абмежаваны і толькі розум здольны стаць крыніцай ісцін, якія валодаюць уласцівасцямі ўсеагульнасці і неабходнасці, Р. стаў пануючым метадам мыслення эпохі Асветніцтва. У 16—17 ст. распаўсюдзіўся ў працах бел. мысліцеляў Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, Сімяона Полацкага. Ідэі Р. атрымалі развіццё ў вучэнні І.Канта, які лічыў, што, хаця сапраўдныя веды рэальнага свету «рэчаў у сабе» недасягальныя, можна атрымаць дакладныя веды пра з’явы, феномены ў свеце, якім мы яго пазнаём. Гэта становіцца магчымым дзякуючы таму, што фенаменальны свет асэнсоўваецца ў рамках апрыёрнай структуры, якая ствараецца розумам, напр., апрыёрнымі формамі ўспрыняцця прасторы. У філасофіі Гегеля ў якасці зыходнага першапачатку і сутнасці свету прызнаецца абсалютная ідэя — абсалютны розум, які паслядоўна ператвараецца ва ўласнае быццё напачатку ў форме прыроды, а затым і грамадства і прыходзіць да пазнання самога сябе. У гэтай дактрыне развіццё свету ўяўляецца як чыста лагічны рацыянальны працэс («усё сапраўднае разумнае, усё разумнае сапраўднае»), а яго гнасеалагічны Р. набывае рысы анталагічнага Р. і ператвараецца ў панлагізм. Гегелеўскі Р. паўплываў на К.Маркса, і фактычна філасофія марксізму рацыяналістычная. На аснове крытыкі гегельянства ў 19 ст. магутнае развіццё атрымліваюць процілеглыя Р. ідэі ірацыяналізму. Поўнасцю Р. не быў адхілены. Уласцівыя яму ідэі, акрамя марксізму, развіваліся ў 20 ст. ў філасофіі неапазітывізму, у вучэннях структуралізму, у сацыялагічных дактрынах М.Вебера, Ю.Хабермаса, Т.Парсанса і інш. Разам з анталагічным і гнасеалагічным у 17 ст. ўзнік і атрымаў развіццё ў 20 ст.тэалагічны Р. (Э.Жыльсон, Ж.Марытэн, К.Ранер і інш.), паводле якога можна прыняць толькі тыя догматы веры, што ўзгадняюцца з логікай і довадамі розуму. Р. наз. таксама ўсеагульную веру ў здольнасць розуму пазнаць і растлумачыць навакольны свет і чалавека ў ім, вырашыць усе праблемы іх узаемадзеяння. Гл. таксама Крытычны рацыяналізм.
Літ.:
Кант И. Критика чистого разума // Соч.М., 1964. Т. 3;
Фейерабенд П. Избр. труды по методологии науки: Пер. с англ. и нем М., 1986;
Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САХАЛІ́Н,
востраў каля ўсх. ўзбярэжжа Азіі, у Сахалінскай вобл. Расіі. Абмываецца Ахоцкім і Японскім морамі. Ад мацерыка аддзелены Татарскім пралівам (у вузкім месцы наз. Невяльскога), Амурскім ліманам і Сахалінскім зал., ад Японскіх а-воў — пралівам Лаперуза. Пл. 76,4 тыс.км². Даўж. 948 км, шыр. ад 27 да 160 км. Берагі слаба парэзаныя, буйныя залівы Аніва і Цярпення, п-вы Шміта, Цярпення, Таніна-Аніўскі, Крыльёнскі рэзка выступаюць у мора. Уздоўж берагоў цягнуцца Зах.-Сахалінскія (выш. да 1330 м, г. Онар) і Усх.Сахалінскія горы (выш. да 1609 м, г. Лапаціна). Паміж імі Тым-Паранайская нізіна, на Пн — Паўн.-Сахалінская раўніна. Бываюць землетрасенні да 8 балаў (на Пн). Карысныя выкапні: нафта, газ, кам. і буры вугаль, золата. Клімат мусонны, больш халодны пад уплывам Ахоцкага м. летам і сіб.кантынент. мусону зімой. Найб. цёплае паўд.-зах. ўзбярэжжа С. (уплыў Цусімскага цячэння). Сярэднія т-ры студз. ад -6 °C на Пд да -24 °C на Пн, жн. ад 19 °C на Пд да 10 °C на Пн. Ападкаў за год 500—600 мм на раўнінах, да 1200 мм у гарах. Рэкі кароткія, мнагаводныя; найб. — Тым і Паранай. Шмат дробных азёр, балот. Ёсць тэрмальныя і мінер. крыніцы. Глебы тарфяна-падзоліста-балотныя, алювіяльныя лугава-дзярновыя, у гарах бура-таежныя, трапляюцца горныя падзолістыя. Каля 2/3тэр. занята лясамі. На Пн лістоўнічная тайга, у цэнтр.ч. лясы з аянскай елкі і сахалінскай піхты. На ПдЗ мяшаныя лясы з ліянамі (актынідыя, лімоннік, вінаград), на З — з падлескам з курыльскага бамбуку. У гарах зараснікі каменнай бярозы і кедравага сланіку. Жывёльны свет сіб. тыпу, збеднены астраўной ізаляцыяй. Трапляюцца мядзведзь, собаль, вавёрка, бурундук, расамаха. Птушыныя кірмашы (кайры, тапаркі, бакланы). Лежбішчы марскіх жывёл (сівуч, марскі коцік). Паранайскі запаведнік. Звесткі пра гаспадарку, карту гл. ў арт.Сахалінская вобласць.
С. заселены больш за 4 тыс.г назад, яго найстараж. насельнікі — тончы, айны, ніўхі, эвенкі. Першымі з еўрапейцаў берагі вострава ўбачылі рус. казакі атрада І.Ю.Масквіціна ў 1640, у 1643 — галандскі мараплавец М.Г. дэ Фрыз. Першыя звесткі пра С. атрыманы ўдзельнікамі паходу рус. землепраходца В.Д.Паяркава (1643—46). Даследаванне С. пачата ў 18—19 ст. экспедыцыямі француза Ж.Ш.Лаперуза, рус. І.Ф.Крузенштэрна і Г.І.Невяльскога. З сярэдзіны 19 ст. рускія пачалі гасп. асваенне вострава. Паводле рус.-яп. дагавора 1875 прызнаны ўладаннем Расіі. З 1860-х г. С. — месца ссылкі і катаргі. Пасля паражэння Расіі ў рус.-яп. вайне 1904—05 Паўд. С. адышоў да Японіі. У 1920 Японія акупіравала і паўн. частку С., якая з 1925 зноў у складзе РСФСР. 20.10.1932 тут утворана Сахалінская вобл. У канцы 2-й сусв. вайны (жн. 1945) Паўд. С. заняты сав. войскамі і ў адпаведнасці з рашэннямі Крымскай і Патсдамскай канферэнцый 1945 перададзены СССР. У 1946 тут утворана Паўд.-Сахалінская вобл.; у студз. 1947 яна скасавана, яе тэр. ўключана ў Сахалінскую вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЫ́ РЭЛІГІ́ЙНЫЯ,
знамянальныя дні, якія адзначаюцца ў памяць аб важных царк. падзеях і ў гонар святых. Хрысціянскія святы падзяляюцца на 12 галоўных (або двунадзесятых) і 5 вялікіх. З ліку гал. свят некаторыя адзначаюцца ў пастаянныя дні і наз. непераходнымі (усяго іх 9 — Раство Хрыстова, Хрышчэнне Гасподняе, Стрэчанне Гасподняе, Дабравешчанне Прасвятой Багародзіцы, Праабражэнне Гасподняе, Успенне Прасвятой Багародзіцы, Раство Прасвятой Багародзіцы, Узвіжанне Крыжа Гасподняга, Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы), а другія залежаць ад зменлівага часу святкавання Вялікадня і наз. пераходны.мі (іх 3 — Уваход Гасподні ў Іерусалім, Ушэсце Гасподняе, Дзень Святой Тройцы). 5 вял. свят (Абразанне Гасподняе, Раство Іаана Прадцечы, Памяць святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла, Адсячэнне галавы Іаана Прадцечы, Пакроў Прасвятой Багародзіцы) з’яўляюцца непераходнымі.
С.р. суправаджаюцца адпаведнымі богаслужэннямі і абрадамі: яны звязаны з рэліг. веравучэннем, культам. У час многіх царк. свят забараняецца працаваць, вучыцца, забаўляцца. Рэліг. святочныя дні прызначаюцца для духоўнага богаўгоднага жыцця, наведвання царквы, малітваў. Царк.правасл. каляндар дакладна вызначае пасты (посныя дні). За год бываюць 4 шматдзённыя пасты (найб. важны і строгі — Вялікі Пост, які працягваецца 7 тыдняў перад Вялікаднем). Найвялікшае хрысціянскае свята — Вялікдзень (Пасха, Уваскрэсенне Хрыстова). Пасля прыняцця хрысціянства на Беларусі многія царк. святы паступова былі прымеркаваны да стараж.нар. свят, таму нар. і рэліг. святы нярэдка адзначаюцца ў адны і тыя ж дні, напр., Каляды — Раство Хрыстова; Грамніцы — Стрэчанне Гасподняе; Гуканне вясны — Дабравешчанне; Вербніца — Уваход Гасподні ў Іерусалім; Вялікдзень — Уваскрэсенне Хрыстова (Пасха); Сёмуха (Зялёныя святкі) — Тройца; Купалле — Раство Іаана Прадцечы; Спас — Праабражэнне Гасподняе, Багач — Раство Дзевы Марыі (Раство Багародзіцы) і інш. С.р. ў правасл. і каталіцкіх хрысціян адзначаюцца па розных календарах (католікі — па грыгарыянскім, а правасл. — па юліянскім), таму розніца паміж датамі іх правядзення складае 13 дзён. Многія бел. святы маюць сінкрэтычны (змешаны) характар, бо ў іх у рознай ступені прысутнічаюць язычніцкія і хрысц. элементы (Стрэчанне, Юр’е, Спас, Пакровы).
Прыхільнікі ісламу і іудаізму адзначаюць свае рэліг. святы па мясцовым календары. Гал. мусульманскія святы: Курбан-Байрам (дзень ахвярапрынашэння Богу), Ураза-Байрам (дзень заканчэння посту — уразы), Маўлюд (дзень нараджэння прарока Мухамеда), Мірадж (ноч цудоўнага ўзнясення прарока Мухамеда на неба). Важную ролю ў жыцці мусульман адыгрывае вялікі пост на працягу месяца рамадан (рамазан). Найб. буйныя іудзейскія святы: Песах (Пасха, свята зыходу яўрэяў з Егіпта), Сукот (свята збору ўраджаю і ўспаміну пра 40-гадовае вандраванне яўрэйскага народа па егіпецкай пустыні), Рош-Гашана (першыя дні Новага года), Шавуот (дзень уручэння Усявышнім прароку Майсею Торы і дзесяці запаведзей), Йом-Кіпур (апошні з 10 дзён пакаяння; дзень збавення). Гл. таксама Святы і святочныя дні.
Літ.:
Ліцьвінка В. Святы і абрады беларусаў. 2 выд., Мн., 1998;
Лозка А. Беларускі народны каляндар. Мн., 1993;
Сысоў У.М. З крыніц спрадвечных. Мн., 1997;
Религиозные традиции мира: Пер. с англ. [Т.] 1—2. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАІЦЫ́ЗМ,
школа ў антычнай філасофіі, прадстаўнікі якой імкнуліся абгрунтаваць унутр. незалежнасць, непахіснасць, нязломнасць асобы. Засн. каля 300 да н.э.Зянонам з Кітыёна ў Афінах; першапачаткова школа размяшчалася ў афінскім порціку Стоя (адсюль назва). У развіцці С. вылучаюць 3 перыяды: стараж. Стоя (3—2 ст. да н.э.; Зянон, Клеанф з Аса, Хрысіп Солскі і іх вучні Арыстон з Кеаса, Герыл Карфагенскі, Эратасфен Кірэнскі і інш.); сярэдняя Стоя (2—1 ст. да н.э.; Баэт, Панетый, Пасідоній) і позняя Стоя (рымскі С.; 1—2 ст.н.э.; Сенека, Эпіктэт, Марк Аўрэлій, Мусоній Руф і інш.). Некат. даследчыкі вылучаюць 4-ы перыяд у развіцці С., да якога адносяць эклектычных платонікаў і піфагарэйцаў 1—2 ст. н э., а таксама Філона Александрыйскага. Стараж. Стоя характарызуецца жорсткасцю, рыгарызмам этычнага вучэння, сярэдняя — памякчэннем вучэння С. і выкарыстаннем метадаў Платона і Арыстоцеля, позняя — тэндэнцыяй да сакралізацыі. Філас. сістэма С. складаецца з 3 частак: фізікі (натурфіласофіі), этыкі і логікі. У аснове натурфіласофіі С. — вучэнне Арыстоцеля пра матэрыю і форму, адноўлены і значна перагледжаны касмалагізм Геракліта. Натурфілас. погляды стоікаў адрозніваюцца тэалагічнай, правідэнцыяльнай, фаталістычнай арыентаванасцю і эклектычнасцю. На іх думку, сусвет уяўляе сабой адушаўлёнае сферычнае цела, а першаасновай усяго існага з’яўляецца агонь («пнеўма», «дух», «дыханне»), іманентная ўласцівасць якога Логас. Паводле С., сусвет стварае і кіруе ім Першаагонь (Бог-Логас). Стоікі прызнавалі існаванне сусв. плана і ўсеагульнай мэтазгоднасці; лічылі, што свет развіваецца цыклічна. С. прызнае ўсеагульную цялеснасць, у т. л. Бога і душы. Душа чалавека разглядалася стоікамі як частка сусв. душы, якая са смерцю пакідае цела. У цэнтры С. — этычнае вучэнне. Дабрадзейнасць, паводле С., — гэта жыццё ў адпаведнасці з законамі прыроды, Логасу, але толькі мудрацы бяруць прыклад з прыроды з яе «бясстраснасцю». Гал. задачу філасофіі стоікі бачылі ў выпрацоўцы ў людзях «бясстраснасці» (стану, калі адсутнічаюць афекты) і маральнага абавязку. Лёс у С. разглядаецца як дадзенасць, непахісны факт, які пашыраецца і на чалавека, і на ўвесь космас, а свабода — як добраахвотнае падпарадкаванне чалавека знешнім абставінам. Стоікі ўпершыню ўвялі тэрмін логіка, пад якім разумелі навуку аб славесным выказванні. Логіка ў С. падзяляецца на рыторыку і дыялектыку, якая складаецца з вучэнняў пра гукі мовы (паэтыка, тэорыя музыкі і граматыка) і пра значэнне, сэнсавы бок мовы. Вучэнне С. паўплывала на неаплатанізм і хрысц. філасофію; этычныя погляды стоікаў развіваліся ў 17—18 ст.
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной эстетики: Ранний эллинизм. М., 1979;
Яго ж. Эллинистически-римская эстетика 1—11 вв. н.э.М., 1979;
Диоген Лаэртский. О жизни, учениях и изречениях знаменитых философов: Пер. с др.-греч. М., 1995;
Ренан Э.Ж. Марк Аврелий и конец античного мира: Пер. с фр.М., 1991;
Этика стоицизма: традиции и современность: [Сб. ст.]. М., 1991;
Аврелий Марк. Размышления: Пер. с греч. Магнитогорск, 1994;
Степанова А.С. Философия Древней Стои. СПб., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯРЭ́ДНЯЯ ЛІТВА́ (Litwa Srodkowa),
Усходняя Літва, польская марыянетачная дзяржава на тэр. Віленшчыны і Гродзеншчыны ў 1920—22. Утворана з мэтай далучэння да Польшчы Віленшчыны, якая паводле ўмоў польска-літоўскага пагаднення, падпісанага 7.10.1920 у г. Сувалкі, вызначалася як тэр. Літвы. Уключала Ашмянскі, Свянцянскі, Трокскі, Віленскі, Браслаўскі і Лідскі пав., захопленыя ў кастр. 1920 войскамі ген. Л.Жалігоўскага па загадзе Ю.Пілсудскага. Тэр. С.Л. складала каля 10 тыс.км² і налічвала 530 тыс.ж., з якіх больш за 40% былі беларусы. Вярх. ўлада ў С.Л. знаходзілася ў руках ген. Жалігоўскага, функцыю ўрада выконвала Часовая кіруючая камісія, гал. задачамі якой было забеспячэнне паліт. і эканам. стабільнасці краю. На тэр. С.Л. была створана самаст. судовая сістэма. С.Л. залежала ад грашовых крэдытаў польскага ўрада, а яе эканоміка — ад стану гаспадаркі Польшчы і польскай маркі. На тэр. С.Л. на працягу 1921 пачалі дзейнічаць 432 прамысл. і каля 1370 дробных прадпрыемстваў. Асн. прадметам экспарту была прамысл. сыравіна (дрэва, лён і інш.). Улады С.Л. распрацавалі праект электрыфікацыі краю. Беспаспяхова скончылася спроба правядзення зямельнай рэформы, якая мела на мэце аслабленне сац. напружання на вёсцы.
На тэр. С.Л. дзейнічалі і бел. арг-цыі, у т. л.Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, група былых слуцкіх паўстанцаў пад кіраўніцтвам У.Пракулевіча і П.Жаўрыда, бел. камуністы на чале з К.Цярэшчанкам і Э.Русецкім, паланафільская арг-цыя «Беларуская краёвая сувязь» (кіраўнік П.Аляксюк), якая выказвалася за далучэнне С.Л. да Польшчы. У канцы 1920 заснавана бел.Барунская настаўніцкая семінарыя, працягвала працаваць Віленская беларуская гімназія. У 1921 па ініцыятыве Б.Тарашкевіча створана Таварыства беларускай школы, дзейнічала 186 бел. школ. Каб надаць выгляд законнасці далучаных да Польшчы тэрыторый, 8.1.1922 польскі ўрад арганізаваў выбары ў часовы сейм С.Л. У выбарах прынялі ўдзел 64,4% выбаршчыкаў. Большасць бел. і літ. насельніцтва байкатавала выбары, якія сталі перамогай прыхільнікаў інкарпарацыі. Паводле рашэння часовага сейма ад 20.2.1922 С.Л. ўвайшла ў склад Польскай дзяржавы і была ўключана ў Віленскае ваяводства. Гэта стала адной з падстаў Віленскага канфлікту 1920—39. У час уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у вер. 1939 Віленскае ваяв. было занята Чырв. Арміяй. Згодна з сав.-літ. дагаворам ад 10.10.1939 тэр. яго з Вільняй, Віленска-Трокскі і частка Свянцянскага пав. перададзены Літве (агульная пл. 6909 км² з нас. 490 тыс.чал.). У жн. і ліст. 1940 Літ. ССР перададзена яшчэ больш за 2600 км²тэр.БССР. На астатняй тэр. Віленшчыны ў снеж. 1939 утворана Вілейская вобласць.
Літ.:
Грыцкевіч А. Беларускалітоўскія дачыненьні 1918—1922 гг. // Спадчына, 1994. № 5;
Іваноў М. Праблема прыналежнасці Вільні і беларускае нацыянальнае пытанне ў 1939 г. // Бел.гіст.часоп. 1994. № 1;
Зинкявичюс 3. Восточная Литва прошлом и настоящем: Пер. с лит. Вильнюс, 1996;
Знешняя палітыка Беларусі. Т. 1—2. Мн., 1997—99;
Dominiczak H. Granici wschodnia Rzeczypospolitej Polskiej w latach 1919—1939. Warszawa. 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАШКЕ́НТ,
горад, сталіца Узбекістана, цэнтр аднайм. вобласці. Знаходзіцца ў перадгор’ях Зах. Цянь-Шаня, у даліне р. Чырчык. 2148 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.прамысл. і культ. цэнтр рэспублікі. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л.с.-г., тэкст., авіяц., эл.-тэхн., трансп., інструментальнае, электроннае і інш.; металаапр., баваўняная, трыкат., абутковая, швейная, хім., нафтахім., хіміка-фармацэўтычная, харчасмакавая, харч., буд. матэрыялаў, шкляная, фарфора-фаянсавая і інш. Метрапалітэн. АН Узбекістана, Ун-т. 12 тэатраў. Музеі: мастацтва Узбекістана, гісторыі народаў Узбекістана, л-ры імя А.Наваі. Цэнтр турызму.
Упершыню ўпамінаецца ў кіт. хроніках канца 2 — пач. 1 ст. да н.э. пад назвай Юні. У 4—5 ст.н.э.гар. паселішча Чач (Шаш) у цэнтры земляробчага аазіса, на перакрыжаванні гандл. шляхоў паміж Усходам і Еўропай. У 6 ст. ў складзе Цюркскага каганата. У 8—9 ст. пад назвай Бінкент быў цэнтрам самаст. ўладання Чач (Шаш). У пач. 8 ст. заваяваны арабамі. Шмат разоў разбураўся качэўнікамі. У 9—10 ст. у складзе дзяржавы Саманідаў, у канцы 10 — пач. 13 ст. — дзяржаў Караханідаў і Каракітаяў. Упершыню пад назвай Т. упамінаецца ў 11 ст. У пач. 13 ст. Т. захапіў шах Харэзма Мухамед II, паводле загаду якога ў 1214 горад разбураны, а жыхары пераселены. У 14 ст. заваяваны Цімурам і ператвораны ў адну з найбуйнейшых крэпасцей дзяржавы Цімурыдаў. У 2-й пал. 16 ст. далучаны да Бухарскага ханства, у 17—18 ст. захоплены казахамі і калмыкамі. У 1809 у складзе Какандскага ханства. У 1865 далучаны да Расіі, з 1867 цэнтр Туркестанскага ген.-губернатарства і Сырдар’інскай вобл. У 1899 да Т. пракладзена сярэднеазіяцкая чыгунка, у 1906 чыгункай злучаны з Арэнбургам. З 1918 сталіца Туркестанскай Аўтаномнай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, з 1930 — Узбекістана. У час Вял.Айч. вайны ў Т. была эвакуіравана АНБССР, жыў Я.Колас. Т. — месца сустрэч прадстаўнікоў краін Азіі і Афрыкі. Тут падпісана Ташкенцкая дэкларацыя 1966. З 1993 у Т. дзейнічае бел.культ. цэнтр «Світанак».
У 5—8 ст. на тэр. Т. існавалі ўмацаваныя паселішчы (гарадзішчы Мінг-Урук, Кугайт-Тэпе), раннефеад. сядзібы і замкі (Ак-Тэпе, 6—8 ст., дабудовы 11 ст.). У Старым горадзе з 1—2-глінакаркаснымі дамамі вылучаюцца партальна-купальныя маўзалеі Шэйхантаўр (15 ст.), Кафаль Шашы, медрэсэ Барак-хана і Кукельташа (16 ст.). У пач. 20 ст. побач вырас рэгулярна распланаваны, абводнены арыкамі і азяленены Новы горад. У 1930-я і 1950-я г. Т. кардынальна перапланаваны, пабудаваны буйныя жылыя масівы, грамадскія будынкі, у т. л.т-р оперы і балета (1940—47, арх. А.Шчусеў, размалёўкі маст. Ч.Ахмарава, разьба па дрэве нар. майстроў Т.Арсланкулава, К.Джалілава, братоў Джураевых і інш.). Пасля землетрасення 1966 Т. адбудаваны і развіваецца паводле генплана 1970.
Літ.:
Древний Ташкент. Ташкент, 1973;
Кадырова Т.Ф. Архитектура центра Ташкента. Ташкент, 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАГЕ́ДЫЯ (грэч. tragōdia ад tragos казёл + ōdē песня),
від драмы, засн. на глыбокіх, трагічных калізіях (гл.Трагічнае), супярэчнасцях, якія развіваюцца ў востры, непрымірымы канфлікт, што вядзе да гібелі станоўчых герояў ці абодвух процідзейных бакоў, да сутыкнення моцных характараў, логікай падзей асуджаных на пакуты, значныя страты, на безвыходнасць. Сцвярджальны пафас Т. найчасцей увасоблены ў вобразе незвычайнай асобы, носьбіта высокіх ідэалаў. Асн. праблематыка — злачынства і пакаранне, адзінота чалавека сярод людзей, маральная адказнасць, сэнс жыцця, подзвіг у імя высокай ідэі і інш.; цэнтр. героі — асобы выключныя, высакародныя (у стараж. грэкаў — багі і цары).
Т. зарадзілася ў Стараж. Грэцыі з культу Дыяніса; напачатку была далёкая ад пазнейшых жанрава-атрыбутыўных форм. Вылучэнню ўласна Т. з культава-рэліг. відовішчаў садзейнічала ўзвелічэнне ролі карыфея хору сатыраў, што прывяло да строгага чаргавання песенных частак з дэкламацыйным апавяданнем пра пакуты і прыгоды героя. Росквіту дасягнула ў 5 ст. да н.э. (Эсхіл, Сафокл, Эўрыпід). Катарсіс, ачышчэнне праз пакуты і спагаду — мэта ант. Т. Сінкрэтызм грэч. Т. — прычына яе замірання ў пазнейшую эпоху. На новым маст.-выяўл. узроўні адрадзілася ў эпоху Рэнесансу і барока. У трагедыях К.Марла, Лопэ дэ Вэгі, П.Кальдэрона, У.Шэкспіра дзейнічаюць шматгранныя характары. У перыяд класіцызму найлепшыя Т. стварылі П.Карнель, Ж.Расін, у рус. л-ры — А.Сумарокаў, Я.Княжнін, У.Озераў. У межах патрабаванняў класіцызму (адзінства часу, месца дзеяння) Т. стварыў Ф.Шылер. Пачынаючы з трагічных драм рамантыкаў (Дж.Байран, В.Гюго, М.Лермантаў і інш.), складваюцца жанры, што адрозніваюцца ад класічнай Т. прынцыпамі рэаліст. абагульнення (мяшчанская Т., рамантычная Т., меладрама, гіст. драма, нар. драма). Далейшая трансфармацыя Т. адбылася ў рэаліст. л-ры. Усё часцей трагедыйная танальнасць спалучаецца з камедыйнай (гл.Трагікамедыя). Значны ўклад у развіццё жанру зрабіла рус.л-ра («Барыс Гадуноў», «Скупы рыцар», «Моцарт і Сальеры» А.Пушкіна, «Навальніца» А.Астроўскага, «Смерць Іаана Грознага» А.К.Талстога і інш.).
Першыя спробы стварэння бел. Т. адносяцца да 18 ст. («Суддзя без розуму» К.Марашэўскага, «Сапар» і «Фемістокл» М.Цяцерскага, «Крэз» І.Юрэвіча; усе на польскай мове). У пач. 20 ст. на аснове трагедыйных калізій напісаны п’есы «Антось Лата» Я.Коласа, «Пакрыўджаныя» Л.Родзевіча, «Бязродны» У.Галубка, «Чырвоныя кветкі Беларусі» В.Гарбацэвіча і інш. У бел.сав. л-ры з яе арыентацыяй на аптымістычнасць пафасу жанр Т. развіваўся менш інтэнсіўна, чым іншыя, нешматлікія трагедыйныя творы тэматычна далучыліся да гераічнай тэматыкі («Людзі і д’яблы» К.Крапівы, «Першы ўрок» К.Губарэвіча, «Юныя мсціўцы» В.Хазанскага і А.Гутковіча, «Шпачок» А.Махнача, «Рашэнне» В.Быкава, «Злавеснае рэха» А.Петрашкевіча і інш.) або гіст. («Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча, «Званы Віцебска» У.Караткевіча, «Купала» А.Дударава і інш.).
Літ.:
Семяновіч А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;
Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Кн. 1—2. Мн., 1969—72.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАТРАЛІЗАВА́НЫЯ СВЯ́ТЫ,
калектыўныя мастацка-магічныя дзеі, прадстаўленні, карнавалы, інсцэніроўкі і падобныя да іх мастацкія формы, што ўзніклі на аснове міфалагічнага мыслення, сістэмы каляндарных рытуалаў і абрадаў стараж. эпохі.
Вытокі Т.с. у першабытных скоках як магічна-рытуальных прадстаўленнях да і пасля паляванняў, як адлюстраванне ўрачыстых родава-племянных падзей — радзін, ініцыяцый, шлюбна-любоўных звычаяў і інш. Пашыраны ў сярэдневякоўі на аснове абрадавага фальклору. З прыняццем хрысціянства пачаўся працэс уключэння ў структуру Т.с. хрысціянскіх элементаў. Некаторыя з іх (Каляды — Раство Хрыстова, Вялікдзень — Пасха, Тройца — Сёмуха) сталі арган. спалучэннямі сімвалізуемых імі з’яў; другія ў большай ступені набылі хрысціянскі характар — Спас, Пакровы; многія захавалі прыродна-дахрысціянскую сутнасць — Гуканне вясны, Юр’я, Дзяды і інш.
Каляндарныя Т.с. беларусаў захавалі падпарадкаванасць гадавому колу сонца. Найважнейшыя з іх: веснавыя — Стрэчанне-Грамніцы, Масленіца, Гуканне вясны, Саракі, Камаедзіца, Звеставанне (гл.Дабравешчанне), Вялікдзень, Юр’я, Ушэсце; летнія — Зялёныя святкі, Купалле, Пятро, Зажынкі—Жніво—Дажынкі; восеньскія — Жаніцьба коміна, Багач, Пакровы, Дзяды; зімовыя — Піліпаўка, Каляды, Жаніцьба Цярэшкі, Шчодрык, Вадохрышча. На аснове светапогляду беларусаў, быццам душы нябожчыкаў могуць уплываць на дабрабыт, здароўе і лёс кроўных родзічаў, узніклі штосуботнія ўшанаванні памерлых — Дзяды. З традыцыі Дзядоў на Беларусі ўзніклі разнастайныя па змесце сямейныя Т.с. радзін, вяселля, памінак. У сярэдневякоўі на іх аснове ўзніклі прадстаўленні местачкоўцаў, гараджан, шляхты, паноў, баяр, пазней рэкрутаў, салдат, прыгонных і інш. Сучасныя святы — гістарычныя, прафесійныя, ваенныя, узроставыя ініцыяцыі (пасвячэнні, юбілеі) — набываюць тэатралізаваны характар. Папулярнымі ўсенароднымі карнаваламі на Беларусі застаюцца Каляды і Купалле. Сучасныя народныя Т.с. захавалі элементы фалькл. спадчыны. Самае распаўсюджанае — Навагодняе (1 студз. і 14 студз. ў праваслаўі). Сярод сучасных Т.с. дзяржаўных: Свята працы, Дзень Перамогі, Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі), Дзень Кастр. рэвалюцыі, а таксама Дажынкі (гл.Святы і святочныя дні); юбілейных: рэспубліканскія, абласныя. раённыя, гарадскія (напр., 900-годдзе Барысава — 29.6.2002), пасёлкаў і вёсак, прадпрыемстваў, калгасаў, саўгасаў, ВНУ, сярэдніх спец.навуч. устаноў, школ, гімназій, ліцэяў; дзеячаў навукі, мастацтваў, культуры. Зараджаюцца і развіваюцца і інш. Т.с.: «Багрымава восень» у Крошыне, «Звіняць цымбалы і гармонік» у Паставах, «Траецкі кірмаш» у Мінску, «Славянскі базар у Віцебску», «Тэатральная вясна» ў Маладзечне, рэгіянальнае свята «Пявучае поле» на возеры Нарач; ваенныя, гістарычныя, дзіцячыя, юнацкія; усталявалася свята Дзень бел. пісьменства і друку. У сучасных Т.с. назіраецца тэндэнцыя выкарыстання ўсіх відаў нар. і прафес. мастацтваў і паяднанне прафес. і аматарскага тэатр. мастацтваў. Сярод бел. рэжысёраў—стваральнікаў сучасных народных Тс. вылучаюцца М.Макарцоў, П.Гуд, В.Ліцьвінка.
Літ.:
Аляхновіч А., Лозка А. Зімовыя святы. Мн., 1999: Іх жа. Веснавыя святы. Мн., 2000;
Лозка А. Восеньскія святы Мн., 1995;
Яго ж Летнія святы. Мн., 2001;
Ліцьвінка В. Святы і абрады беларусаў 3 выд.Мн., 2001;
Адамовіч Я. Рана на Івана ... 2 выд.Мн., 2002;
Żygulski K. Święto i kultura. Warszawa, 1981.
В.Дз.Ліцьвінка, Я.К.Адамовіч.
Да арт.Тэатралізаваныя святы. Праводзіны зімы. Мінск.Тэатралізаванае свята «Звіняць цымбалы і гармонік». Паставы. 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАШЫ́ЗМ (італьян. fascismo ад лац. fascio пучок, звязка, аб’яднанне),
1) палітычная плынь праваэкстрэмісцкага характару і адпаведны ёй таталітарны рэжым.
2) Ідэалогія, заснаваная на ваяўнічым антыдэмакратызме і нацыяналізме, кульце расавай перавагі. Першыя фаш. арг-цыі ў форме дружын б. франтавікоў (fasci di combattimento) з’явіліся ў Італіі ў 1919. У 1921 створана нац.фаш. партыя, а ў 1922 уладу ў Італіі захапіў фаш. рэжым на чале з Б.Мусаліні (гл.Паход на Рым 1922). У Германіі станаўленне Ф. звязана з дзейнасцю нацыянал-сацыялісцкай партыі, правадыром (фюрэрам) якой у 1921 стаў А.Гітлер, і якая ў 1933 прывяла апошняга да ўлады (гл.Нацызм). У 1920—30-я г.фаш. рэжым усталяваўся таксама ў Балгарыі, Партугаліі, Венгрыі, Румыніі, Славакіі і інш. краінах. Узнікненне і пашырэнне Ф. было абумоўлена шэрагам прычын: нязгодай з вынікамі Версальскага мірнага дагавора 1919, бояззю распаўсюджання сацыялізму, пагаршэннем сац.-эканам. становішча ва ўмовах крызісу 1920—30-х г. і інш. Напад фаш. Германіі на Польшчу ў вер. 1939 паклаў пачатак другой сусветнай вайне 1939—45, у якой загінула каля 62 млн.чал., у т. л. больш за 2,5 млн. жыхароў Беларусі.
Найб. характэрныя рысы фаш.паліт. рэжыму: адмаўленне ад дэмакр. сістэмы як формы дзярж. ладу на карысць дыктатуры; татальны масавы тэрор, шавінізм і ксенафобія; сцвярджэнне асаблівай місіі адпаведнага («выбранага») народа і апраўданне выкарыстання ім сілы для вырашэння сваіх геапаліт. інтарэсаў; насаджэнне культу пэўнага харызматычнага лідэра. Усталяванне фаш. рэжыму суправаджаецца ліквідацыяй дэмакр.сац. ін-таў, забаронай дзейнасці інш.паліт. партый і рухаў. Для Ф. характэрна наяўнасць значнай сац. базы, для пашырэння якой выкарыстоўваюцца многія сацыяліст. лозунгі: ліквідацыя існуючых класавых адрозненняў і беспрацоўя; абяцанне годнай аплаты працы; стварэнне сеткі даступных спарт.-рэкрэацыйных устаноў і г.д.
Ідэалаг., сац. і паліт. платформа Ф. знайшла сваё канцэнтраванае ўвасабленне ў праграмных кнігах Гітлера «Мая барацьба» (т. 1—2, 1925—26) і Мусаліні «Дактрына фашызму» (1932). Прэтэндуючы на гіст. абгрунтаванне сваіх поглядаў, ідэолагі Ф. імкнуцца абапірацца на вучэнні і тэорыі мінулага: «моцнай улады» Н.Макіявелі, «грамадства-дзяржавы» Т.Гобса, «няроўнасці чалавечых рас» і «нардызму» Ж.А.Габіно, «Звышчалавека» Ф.Ніцшэ, тэорыю эліт В.Парэта, ідэі Г.Гегеля, О.Шпенглера і інш. Прычым з іх тэарэт. спадчыны Ф. адбірае толькі тое, што адпавядае яго мэтам і прыдатнае для ўздзеяння на масавую свядомасць. Таму ідэалогія Ф. не ўяўляе сабою цэласнай светапогляднай сістэмы, яна эклектычна спалучае розныя элементы сацыял-дарвінізму, этнацэнтрызму, элітарызму, расізму, антысемітызму, антыкамунізму. Ва ўмовах слабасці або адсутнасці дэмакр. ін-таў і механізмаў улады захоўваецца магчымасць узнікнення разнастайных рухаў фаш. тыпу і пераўтварэння Ф. ў сур’ёзную пагрозу для сучаснага грамадства. Гл. таксама Неафашызм.
Літ.:
Тольятти П. Лекции о фашизме: Пер. с итал. М., 1974;
Ширер У. Взлет и падение Третьего рейха: Пер. с англ.М., 1991;
Энциклопедия Третьего рейха. М., 1996;
Zmierczak M. Spory o istotę faszyzmu: Dzieje i krytyka. Poznań, 1988;
Steinweis A. Art, ideology and economics in Nazi Germany. Chapel Hill, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Э́ТНАС (ад грэч. ethnos племя, народ),
этнічная, устойлівая сац. міжпакаленная супольнасць людзей, якая гістарычна склалася на пэўнай тэрыторыі і характарызуецца агульнасцю мовы, культуры, рыс псіхікі і самасвядомасці, адлюстраванай у адзінай назве. Часам Э. складваецца з разнамоўных элементаў (напр., многія нацыі Амерыкі). Э. — асн. паняцце этнаграфіі. У рас. і еўрап.навук. л-ры тэрмін «Э.» ужываецца з 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. як зборнае паняцце для вызначэння розных тыпаў этн. і этнасац. супольнасцей; у 1960—90-я г. значна пашырыўся ў этнагр., гіст., паліталагічнай і публіцыстычнай л-ры (С.Токараў, Ю.Брамлей, Л.Гумілёў, С.Аруцюнаў, М.Піліпенка, Г.Штыхаў і інш.). Вылучаюцца асн. тыпы Э.: племя (у першабытнасці), народ, народнасць (у ант. і сярэдневяковую эпохі), нацыя (у новы і навейшы час), якія характарызуюцца сац. і эканам. асаблівасцямі, рознай ступенню этн. кансалідацыі насельніцтва і яго дэмаграфічнай колькасцю.
Бел. Э. сфарміраваўся ў складзе ВКЛ на аснове раннедзярж. зямляцкіх супольнасцей 10—13 ст. — палачан, віцябчан, мянян, случан, тураўцаў, мсціслаўцаў, берасцян, новагародцаў і інш., у якія пераўтварыліся папярэднія слав.этн. аб’яднанні крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. часткова валынян, драўлян, севяран і інш. У этнагенезе бел. Э. ўдзельнічалі некат. групы балцкіх этн. супольнасцей — літва, яцвягі (судовы, дайноўцы) і інш. У 2-й пал. 19 ст.бел. Э. трансфармаваўся ў нацыю. У этнагр. л-ры вылучаюцца таксама паняцці «этнасацыяльны арганізм» (характарызуецца адзінствам тэрыторыі, агульнымі сац.-паліт. і эканам. адносінамі, цэльнасцю і кампактнасцю рассялення насельніцтва і яго дзярж. кансалідацый) і ўласна Э. (характарызуецца адзінствам этн. прыкмет). Напр., на землях Беларусі ў 1921—39 існавалі 2 асобныя этн. супольнасці — бел. нацыя з уласнай дзяржаўнасцю ў межах БССР і этн. група (т.зв. нац. меншасць) беларусаў у складзе Польскай Рэспублікі, якія разам складалі бел. Э. У сучаснай практыцы паняцце «Э.» часта замяняецца тэрмінамі «народ», «нацыя». «нацыянальнасць», «этнічнасць», «этнічная супольнасць». у навук. л-ры — таксама «этнікос»; яны паняційна аб’ядноўваюць асобных прадстаўнікоў і групы Э., што існуюць дысперсна паміж сабой, а таксама з ядром Э. — этнасац. арганізмам (напр., беларусаў Рэспублікі Беларусь і беларусаў, што жывуць у Рас. Федэрацыі, Украіне. Літве, Польшчы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш.). На паняцці «Э.» грунтуецца значная частка этнагр., гіст., археал., фалькл. і інш.навук. л-ры. Пры эта. класіфікацыі народаў свету Э. выступае як асн. від этн. супольнасці.
Літ.:
Бромлей Ю.В. Очерки теории этноса. М., 1983;
Яго ж. Этносоциальные процессы: теория, история, современность. М., 1987;
Чебоксаров Н.Н., Чебоксарова И.А. Народы. Расы. Культуры. 2 изд. М., 1985;
Алексеев В.П. Этногенез. М., 1986;
Арутюнов С.А. Народы и культуры: Развитие и взаимодействие. М., 1989;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;
Говард М. Сучасная антрапалогія: Пер. з англ.Мн., 1995;
Беларусы. М., 1998;
Беларусы. Т. 4. Вытокі і этнічнае развіццё. Мн., 2001.