КО́ЛЬЧАК (Мікалай Мікалаевіч) (12.7. 1905, г. Іванава Брэсцкай вобл. — 14.2. 1969),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую пях. школу (1928). Удзельнік грамадз. вайны. У 1921—24 працаваў на буд-ве Волхаўскай ГЭС. З 1925 у Чырв. Арміі. З 1937 выкладчык курсаў «Выстрал». У Вял.Айч. вайну з 1942 нач. снайперскай школы, з 1944 камандзір стралк. палка на 3-м Бел. фронце. Полк на чале з палк. К. вызначыўся 15—17.8.1944 у баях за выхад на мяжу з Усх. Прусіяй, дзе знішчыў шмат баявой тэхнікі і жывой сілы ворага. Да 1946 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ННІКІ,
у Стараж. Грэцыі (Афіны, Фесалія і інш. гарады-дзяржавы) і Стараж. Рыме прывілеяванае саслоўе (другое пасля зямельнай арыстакратыі — набілітэту). У грэч. дзяржавах К. з’яўляліся ў войска на ўласным кані (адсюль назва) і з уласным узбраеннем. У Рыме да 4 ст. да н. э. К. — вайск. група (на ўтрыманне каня яны атрымлівалі дапамогу ад дзяржавы), пазней — асобае саслоўе, аснову багацця якога складала валоданне грашамі і рухомай маёмасцю. Сапернічалі з набілітэтам за права кіраваць паліт. жыццём. Займалі камандныя пасады ў войску, кіруючыя пасады ў Рыме і правінцыях. Як самаст. саслоўе існавалі да 4 ст.н. э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. у г.п.Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаўся на ўзвышаным левым беразе р. Дняпро на месцы гарадзішча летапіснай Копысі. Быў ваен.-адм. цэнтрам стараж. горада. У ходзе ваен. падзей 16—17 ст. зведаў неаднаразовыя аблогі і разбурэнні. У час Паўн. вайны 1700—21 рус. войскі ў 1707 спалілі замкавыя ўмацаванні і забралі ўсю зброю з арсенала. Паводле інвентароў Копысі за 1726—73, замак меў 4 бастыёны, драўляныя сцены, уязную вежу-браму з двайнымі варотамі і магутнымі запорамі. Пасля 1772 умацаванні К.з. не аднаўляліся і з цягам часу зніклі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́МЕР ((Cramer) Іаган Баптыст) (24.2. 1771, г. Мангейм, Германія — 16.4. 1858),
нямецкі кампазітар, піяніст. Вучыўся ў М.Клеменці (фп.), К.Ф.Абеля (кампазіцыя). Жыў пераважна ў Лондане. З 1788 выступаў як піяніст у краінах Еўропы. Адзін з заснавальнікаў Лонданскага філарманічнага т-ва (1813), выд-ва «Крамер і К°» (1824, разам з Р.Адысанам і Т.Білам). Яго выканальніцкая манера паўплывала на фарміраванне фп. стылю пач. 19 ст. Аўтар 9 канцэртаў для фп. з аркестрам, камерна-інстр. ансамбляў; фп. п’ес, у т. л. больш за 100 санат, эцюдаў, якія маюць пед. каштоўнасць («Вялікая практычная фартэпіянная школа», 1815).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМКО́ (Яўген Ігнатавіч) (н. 17.9.1920, в. Беражна Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1950). Працаваў рэдактарам раённых газ. на Міншчыне і Гродзеншчыне, у Літ. музеі Я.Купалы, у 1951—70 у Сав. Арміі. Друкуецца з 1950. Аўтар зб-каў апавяданняў, казак і інш. для дзяцей «Звяры таксама плачуць» (1985), «Разам з дзядулем» (1997), дакумент. аповесці «Атрад «Камсамольскі» (1987), кн. «Нёманскія замалёўкі» (1989). Напісаў успаміны пра У.С.Караткевіча, пра дзейнасць партызан у Вял.Айч. вайну на Беларусі (зб-кі «У прынёманскіх лясах», 1975; «За край родны», 1978; абодва ў сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАНО́ЦКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Расіі, на У п-ва Камчатка. Засн. ў 1934 у мэтах аховы камчацкага собаля. З 1985 біясферны запаведнік. Пл. больш за 1 млн.га. Рэльеф перасечаны. Патухлыя і дзеючыя (Краноцкая Сопка 3528 м) вулканы, леднікі (Цюшэўскі 8 км), тэрмальныя азёры, гейзеры, вадаспады, горныя тундры, альпійскія лугі. Лясы з каменнай бярозы, у падлеску кедравы і альховы сланік, рабіна, бружмель. У фауне камчацкі собаль, гарнастай, выдра, рысь, ліс, снежны баран, паўн. алень, мядзведзь, расамаха і інш. На ўзбярэжжы нерпа, цюлень, лежбішчы сівучаў. У арнітафауне глушэц, курапаткі, лебедзі, качкі, кулікі, белаплечы арлан і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСАДЗЁН, лілейнік (Hemerocallis),
род кветкавых раслін сям. гемеракалісавых. Каля 15 відаў. Пашыраны ва ўмерана цёплых раёнах Еўразіі; у Зах. Еўропе, ЗША, на Каўказе — здзічэлыя. Вырошчваецца са стараж. часу. Мае больш за 10 тыс. форм і сартоў. На Беларусі інтрадукаваны К. жоўты (H. lilioasphodelus), Мідэндорфа (H. middendorfii), рыжы (H. fulva) і Тунберга (H. thunbergii).
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Лісце прыкаранёвае, двухраднае, доўгае, шырокалінейнае. Кветаносы выш. 30—100 см. Лейкападобныя кветкі буйныя, жоўтыя або аранжавыя ў мяцёлчатых ці галоўчатых суквеццях. Плод — трохгранная каробачка. Дэкар. расліны. Вяленыя кветкі ў некат. краінах ужываюць як прыправу да ежы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́НА,
надземная разгалінаваная частка дрэва. У ёй фарміруюцца лісце, кветкі і плады, адбываюцца асн. жыццёвыя працэсы расліны — дыханне, транспірацыя, фотасінтэз і інш. Памеры К. залежаць ад узросту, хуткасці росту і генетычна абумоўленай будовы. Дрэвы 1-й велічыні маюць дыяметр К. больш за 10 м (напр., дуб, клён вастралісты, ясень); 2-й — 5—10 м (напр., граб, груша звычайная); 3-й — 2—5 м (напр., рабіна, чаромха). Форма К. спадчынная, але мяняецца з узростам і ў залежнасці ад умоў існавання. Бываюць К. павойныя, падушка- і парасонападобныя, пірамідальныя, ніцыя, сцелістыя, сцягападобныя і інш. У дэкар. садаводстве і пладаводстве К. фарміруюць штучна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́НЫ (ад грэч. chroma колер, фарба),
сінтэтычныя неарган. пігменты ад светла-лімоннага да ярка-чырвонага колеру. Паводле хім. саставу — храматы (афарбоўка К. абумоўлена прысутнасцю іона CrO42-).
Адрозніваюць К. свінцовыя жоўтага (асн. кампанент — храмат свінцу PbCrO4, выкарыстанне абмежавана з-за ядавітасці) і аранжава-чырвонага колераў (састаў PbCrO4PbO), свінцова-малібдатныя чырвонага (акрамя PbCrO4 у іх састаў уваходзяць свінцу малібдат PbMoO4 і сульфат PbSO4), цынкавыя жоўтага колеру (найб. шырока выкарыстоўваюцца грунтовачны К. саставу ZnCrO4∙3Zn(OH)2 і малярны 3ZnCrO4∙Zn(OH)2∙K2CrO4∙2H2O) і інш. Выкарыстоўваюць для вырабу грунтовак, фарбаў, эмаляў, паліграфічных і маст. фарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ (Pteropoda),
атрад задняшчэлепных малюскаў. 2 падатр. (паводле інш. класіфікацыі 2 атр.), каля 30 родаў, больш за 100 відаў. Вядомы з эацэну. Пашыраны ўсюды, найб. шматлікія і разнастайныя ў трапічных морах.
Цела паўпразрыстае, нярэдка ярка афарбаванае. Нага рудыментарная, добра развітыя 2 яе бакавыя лопасці — параподыі, падобныя на крылы (адсюль назва), пры дапамозе якіх малюскі плаваюць. У прадстаўнікоў групы тэкасаматаў ёсць спіральная або двухбакова-сім. ракавіна ці т.зв. несапр. ракавіна: У прадстаўнікоў групы гімнасаматаў ракавіны няма. Кормяцца планктонам. Гермафрадыты. Развіццё з лічынкай.