хвароба, якая выклікаецца недасканалымі грыбамі з роду Verticillium. Найб. часта пашкоджвае клён, ліпу, дуб, конскі каштан, ільмовыя і многія інш. дрэвавыя пароды, кусты і травяністыя расліны. Асабліва небяспечны для маладых раслін. На Беларусі адзначаны на лісцевых пародах у Брэсцкай і Гомельскай абласцях.
Пры вертыцылёзе закупорваюцца сасуды дрэў, у выніку пашкоджваецца іх водапранікальная сістэма і галінкі або ўсё дрэва засыхаюць. На зрэзах пашкоджаных участкаў бурыя або аліўкавыя суцэльныя ці перарывістыя кольцы. Заражэнне адбываецца спорамі грыба праз мех. пашкоджанні ў вобласці каранёвай шыйкі і ніжняй часткі ствала, а таксама міцэліем пры кантакце хворых і здаровых каранёў. Пашырэнню хваробы спрыяе цёплае вільготнае надвор’е.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЦСЛАБАДСКІ БОЙ 1943,
баявая аперацыя партыз. фарміраванняў Беларусі, Літвы, Латвіі і Калінінскай вобл. Расіі па разгроме ням.-фаш. гарнізона 13 студз. ў нас. пункце Вецслабада ў Латвіі ў Вял.Айч. вайну. План аперацыі распрацаваны штабам Латышскага партыз. атрада, кіраўніцтва ёю ажыццяўляў штаб брыгады «За Савецкую Беларусь» (камандзір А.В.Раманаў). Удзельнічалі байцы трох бел. і Калінінскай брыгад, Латышскага і Літоўскага партыз. атрадаў. Партызаны разграмілі будынкі гарнізона, спалілі спісы грамадзян, якіх гітлераўцы збіраліся вывезці на прымусовую працу ў Германію, узарвалі складскія памяшканні, захапілі вял. колькасць збожжа, цукру, воўны, нарабаваных акупантамі ў насельніцтва для адпраўкі ў Германію. У выніку бою былі сарваны планы карных аперацый праціўніка супраць партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛАВАНО́СЕЦ (Corynephorus),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 5 відаў. Пашыраны пераважна ў краінах Міжземнамор’я: На Беларусі трапляецца атлантычна-еўрап. від — булаваносец сіваваты (C. canescens;). Расце на пясчаных мясцінах, узлесках сухіх хваёвых лясоў у паўд. і зах. раёнах на паўн.-ўсх. мяжы арэалу.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны са шматлікімі полымі сцёбламі (саломінамі) выш. 10—35 см і каранёвым валасніком. Лісце сівое, шчацінкападобнае, згорнутае, тонказавостранае, цвёрдае, шурпатае, у прыкаранёвай разетцы. Кветкі дробныя ў кароткай раскідзістай або сціснутай мяцёлцы з нешматлікіх маленькіх каласкоў. Ніжняя кветкавая лускавінка з членістым булавападобным асцюком (адсюль назва). Плод — зярняўка. Дэкар. і кармавыя расліны, замацавальнікі пяскоў (утвараюць шчыльную дзярніну).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛА́ЦКІ (Рыгор Васілевіч) (н. 5.5.1921, в. Мачулкі Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. гісторык, журналіст. Д-ргіст.н. (1971), праф. (1972). Пасля заканчэння БДУ (1951) працаваў у ім (з 1961 заг. кафедры, адначасова з 1963 дэкан філал. ф-та, у 1967—81 дэкан ф-та журналістыкі). Даследаваў гісторыю бел. журналістыкі, публіцыст. дзейнасць некаторых бел. пісьменнікаў, рабселькораўскі рух на Беларусі і інш.
Тв.:
Первые рабселькоры Белоруссии. Мн., 1969;
Кузьма Чорны — публіцыст. Мн., 1972 (разам з І.І.Сачанкам);
Платон Галавач — публіцыст. Мн., 1973 (разам з Э.А.Карніловічам);
Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979 (разам з І.І.Сачанкам, С.В.Говіным).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЛЕЎ МОХ, Булеўскае балота,
у Беларусі, у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл. і Салігорскім р-не Мінскай вобл., у вадазборы р. Случ і воз. Чырвонае. Нізіннага (93%) і мяшанага (7%) тыпаў. Балота перасякаюць Даманавіцкі і Беладаманавіцкі каналы. Пл. 27,9 тыс.га, у межах прамысл. Пакладу 18,5 тыс.га. Глыб. торфу да 6 м, сярэдняя 1,7 м. Першапачатковыя запасы торфу 52,8 млн.т. Ёсць паклады сапрапелю магутнасцю да 5 м, агульныя запасы 13 млн.м³. Асушаная частка выкарыстоўваецца пад ворыва, сенажаць, здабываецца торф. На астатняй тэр. рэдкія лясы з бярозы, хвоі, ёсць багун, асокі, хвошч, трыснёг; мохавае покрыва са сфагнавых і гіпнавых імхоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАКО́ВЫ ДАЎГАНО́СІКзвычайны
(Bothynoderes punctiventris),
жук сям. даўганосікаў. Пашыраны ў Сярэдняй і Паўд. Еўропе і часткова ў Азіі. Асабліва шмат на Пд лесастэпавай і Пн стэпавай зон. Ёсць на Беларусі.
Даўж. цела 9—16 мм. Жукі чорнага колеру, густа ўкрытыя бясколернымі або белавата-шэрымі лусачкамі. Наўскасяк надкрылаў ідзе чорная перарывістая паласа, на канцы кожнага надкрыла белы бугарок. Лічынка белая, бязногая, С-падобна выгнутая, даўж. 27—30 мм. Кукалка жаўтавата-белая, даўж. 11—15 мм. Жук зімуе ў глебе на глыб. 12—30 см пераважна на бураковых палях. Наносяць шкоду пасевам буракоў: абгрызаюць семядолі і маладое лісце; лічынкі пашкоджваюць карані.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРДЗЕ́ЙНЫ (Аляксей Сямёнавіч) (18.10.1908, г. Жытомір, Украіна — 21.4.1987),
савецкі ваен. дзеяч, удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Ген.-палк. (1961), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Саратаўскае бранятанк. вучылішча (1932), ваен. акадэміі механізацыі і матарызацыі РСЧА (1940), Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял.Айч. вайну камандзір палка, нач. штаба танк. брыгады, корпуса. Удзельнік абароны Кіева, Харкава, баёў пад Варонежам, Сталінградскай і Курскай бітваў. З восені 1943 у складзе Зах., 3-га Бел. франтоў вызваляў Оршу, вызначыўся пры вызваленні Мінска. Удзельнік баёў у Літве, Усх. Прусіі. У 1954—63 на адказных ваен. пасадах у БВА, да 1974 — у Мін-ве абароны СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЦЬКО́ (Павел Пятровіч) (14.2.1901, в. Калядзічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 14.12.1986),
дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах.Беларусі, рэвалюцыянер-інтэрнацыяналіст. Чл.КПЗБ з 1924. Ствараў арг-цыі КПЗБ і КСМЗБ у Палескім ваяв. У 1925—27 зняволены польск. ўладамі ў турму. Уцёк праз Германію і Францыю на Кубу. У 1927—37 на падп. рабоце ў Кампартыі Кубы. Удзельнік нац.-рэв. вайны ў Іспаніі 1937—38. З канца 1938 у Францыі, потым зноў на Кубе, дзе працаваў у апараце ЦК Кампартыі. У час 2-й сусв. вайны матрос гандл. флоту ЗША, які дастаўляў грузы ў СССР. З 1949 на радзіме, зведаў ганенні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЧ,
традыцыйная бел. рыбалоўная прылада; сплеценая з дубцоў або зробленая з драніцы камера конусападобнай ці цыліндрычнай формы. У конусным бучы мелася адна лейкападобная перагародка (горла), у цыліндрычным — дзве. Рыба пранікала ў буч праз лаз у горле, якое адначасова перашкаджала выходзіць ёй назад. З аднагорлавых бучаў улоў вымалі праз адтуліну ў вузкім яго канцы (у час лоўлі яе закрывалі коркам, травой, сенам), у двухгорлавым рабілі дзверцы. Аднагорлавы буч прызначаўся толькі для лоўлі рыбы, двухгорлавы — пераважна для ракаў. У вадаёме бучы устанаўлівалі пры дапамозе калкоў. Бучы былі пашыраны па ўсёй Беларусі.
І.М.Браім.
Буч аднагорлавы. Пінскі краязнаўчы музей.Буч двухгорлавы. Вёска Пескі Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЯКІ́, ганабобель,
дурніцы (Vaccinium uliginosum),
від кветкавых раслін з роду ягаднік сям. верасовых. Пашыраны ва ўмераных і халодных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляецца ўсюды на сфагнавых балотах і ў забалочаных хваёвых лясах разам з багуном, утварае зараснікі.
Невял. разгалінаваны лістападны кусцік выш. да 1 м з прамымі галінкамі. Лісце цвёрдае, эліптычнае, шаравата-шызае, чаргаванае. Кветкі дробныя, белыя з ружовым адценнем, па 1—3 на канцах леташніх парасткаў. Плод — сакаўная сінявата-чорная ягада з шызым воскападобным налётам. Лек. (добры проціцынготны і вяжучы сродак, садзейнічае вывядзенню з арганізма радыенуклідаў), харч. (ягады кісла-салодкія, ядомыя, маюць цукры, дубільныя рэчывы, фенолы, вітаміны і інш.), кармавая і меданосная расліна.