БРЭ́СЦКІ КЛЯШТА́Р АЎГУСЦІ́НЦАЎ.

Існаваў з пач. 15 ст. да 1830 у Брэсце. Засн. каля 1410 вял. кн. ВКЛ Вітаўтам, які даў кляштару 2 карчмы ў Брэсце, загадаў выплачваць манахам па 4 грошы з мыта, па дзесяціне ад брэсцкіх мяшчан і з в. Бучэмля і Трасцяніца. Асн. даход аўгусцінцы атрымлівалі ад в. Кастамлоты, якая належала ім да 1795. Кляштар меў таксама 2 юрыдыкі ў Брэсце, на яго карысць рабіліся грашовыя запісы, і ён лічыўся самым багатым сярод аўгусцінскіх кляштараў ВКЛ. У 17—18 ст. у ім жыло каля 20 манахаў, адбываліся ордэнскія капітулы, дзейнічалі школы філасофіі і тэалогіі, існавала б-ка (у 1818 у ёй былі 322 кнігі). Іх кляштар і першы драўляны касцёл Найсвяцейшай Тройцы размяшчаліся ў прадмесці паміж рэкамі Мухавец і Укрынка (згарэлі ў 1666). Для новай пабудовы ў 1672 брастчане ахвяравалі ім пляцы і дамы на рынку. Мураваны касцёл асвячоны біскупам у 1686. У пач. 18 ст. ён зруйнаваны, каля 1714 адноўлены, пасля пажараў 1801 і 1808 капітальна адбудаваны. У 1830 кляштар скасаваны, будынкі перададзены ваен. ведамству (размяшчаўся к-т крапасных інжынераў). Касцёл перабудаваны пад Мікалаеўскую царкву (захаваўся часткова).

Літ.:

Godzawa M. Augustjanie w Brześciu Litewskim: (Notatka historyczna) // Rocznik Towarzystwa przyjaciół nauk w Wilnie, 1909. Wilno, 1910. Т. 3.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ КЛЯШТА́Р БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.

Існаваў у 1605—1830. Засн. луцкім біскупам М.​Шышкоўскім у Валынскім прадмесці Брэста пры ўпадзенні р. Мухавец у Буг. Побач з драўлянымі будынкамі была і мураваная капліца св. Дароты. Пасля пажару 1617 кляштар адбудаваны на сродкі ваяводы мсціслаўскага і старосты берасцейскага Г.​Хадкевіча. У 1623 Я.​Галімскі пры фін. падтрымцы канцлера ВКЛ Л.​Сапегі збудаваў мураваны касцёл Яна Хрысціцеля і св. Ганны — трохнефавая базіліка з закрытай галерэяй. Да касцёла прылягаў мураваны будынак кляштара, у 1647 у ім жыло 30 манахаў. У спецыяльна прыбудаванай да касцёла капліцы знаходзілася копія абраза «Маці Божая» з рымскага храма Санта-Марыя Маджорэ, атрыманая П.​Пацеем ад папы рымскага Клімента VIII разам з візантыйскім абразом «Хрыстос». Кляштар значна пацярпеў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У якасці кампенсацыі кляштар атрымаў з дзярж. скарбу 80 тыс. злотых, датацыі караля Яна Казіміра і П.​Сапегі, які завяшчаў пахаваць яго ў адбудаваным касцёле. У 18 ст. праведзена рэстаўрацыя (тут працаваў архітэктар і мастак Б.​Мазуркевіч, алтары аднаўляў разьбяр Я.​Бяляўскі). З пач. 19 ст. пры кляштары дзейнічала школа. У час будаўніцтва Брэсцкай крэпасці ў 1830 памяшканні кляштара і касцёла заняты пад Брэсцкі кадэцкі корпус. Разбураны ў час Вял. Айч. вайны.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т ЗАХО́ДНЯГА ФРО́НТУ, ВРК Заходняга фронту,

часовы рэв. орган па правядзенні ўзбр. паўстання на Беларусі і Зах. фронце ў кастр.ліст. 1917. Утвораны 8.11.1917 бальшавікамі Мінска. Старшыня бюро ВРК К.​І.​Ландар, чл. І.​Я.​Алібегаў, С.​І.​Берсан, М.​І.​Калмановіч, В.​В.​Каменшчыкаў, В.​Г.​Кнорын, М.​І.​Крывашэін, А.​Ф.​Мяснікоў, М.​У.​Рагазінскі і інш. Выдаваў «Бюллетень Военно-революционного комитета Западного фронта». Меў аддзелы: грамадз., ваен., гасп., забеспячэння, арганізац. і сувязі, мандатны, інфармацыйны. 17.11.1917 ВРК распусціў эсэра-меншавіцкі К-т выратавання рэвалюцыі Зах. фронту, арыштаваў ваен. камісара Часовага ўрада на Зах. фронце, зняў галоўнакамандуючага Зах. фронту ген. П.​С.​Балуева, які адмовіўся падпарадкавацца сав. уладзе, і назначыў на яго месца Каменшчыкава, удзельнічаў у ліквідацыі Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве, накіраваў у штаб герм. Усх. фронту дэлегацыю, якая 4.12.1917 падпісала ў мяст. Солы дагавор пра перамір’е на Зах. фронце. Падрыхтаваў і склікаў з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Зах. Вобласці, 3-і з’езд Саветаў сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ., 2-і з’езд армій Зах. фронту, якія выбралі органы сав. улады. Спыніў дзейнасць 9.12.1917 пасля стварэння Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту і Савета Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту.

Н.​І.​Стужынская.

т. 3, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕЙБО́Л (англ. volley-ball),

камандная спартыўная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 6 чал. на пляцоўцы 9 × 18 м, падзеленай на 2 роўныя ч. сеткай (выш. 2,43 м для мужчын і 2,24 м для жанчын). Пасля падачы мяча на пляцоўку саперніка той, скарыстаўшы не больш як 3 удары рукамі па мячы, прычым розных гульцоў, накіроўвае яго над сеткай на процілеглую пляцоўку так, каб мяч апусціўся на зямлю ў межах пляцоўкі ці сапернік у час прыёму мяча парушыў правілы. Гульня складаецца з 3—5 партый, у кожнай з якіх перамагае той, хто першы набярэ 15 ачкоў. Пры ліку 14:14 гульня доўжыцца да перавагі адной з камандаў у 2 ачкі.

Зарадзіўся валейбол у ЗША (1895), пазней пашырыўся ў краінах Усходу (Японія, Кітай), Еўропы. З 1947 дзейнічае Міжнар. федэрацыя валейбола (ФІВБ), з 1948 праводзяцца чэмпіянат Еўропы, з 1949 — свету. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1964. У апошнія гады пашырыўся т.зв. пляжны валейбол.

На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. (Віцебск, Гомель, Мінск). Жаночыя клубы з Мінска займалі 3-е месца ў чэмпіянатах СССР: «Спартак» (1966—67), «Камунальнік» (1986—87), апошні валодаў Кубкам уладальнікаў кубкаў еўрап. краін (1987). Сярод выхаванцаў бел. валейбола чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1988), свету (1977) А.​Сапега, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1988) Ю.​Сапега.

М.​А.​Дубіцкі.

т. 3, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮНТАРЫ́ЗМ (ад лац. voluntas воля),

кірунак у філасофіі, сацыялогіі і псіхалогіі, паводле якога першаасновай існага, вышэйшага прынцыпу быцця і развіцця навакольнага свету з’яўляецца воля. Валюнтарызм ставіць волю на прыярытэтныя пазіцыі ў духоўным быцці як процілеглае рацыяналізму і інтэлектуалізму, якія адстойваюць вызначальную ролю розуму, інтэлекту. Тэрмін «валюнтарызм» увёў у навук. ўжытак ням. сацыёлаг Ф.​Цёніс у 1883. Першапачатковыя элементы валюнтарызму выявіліся ў філасофіі Аўгусціна і Іаана Дунса Скота, якія менавіта ў валявых актах бачылі першааснову ўсіх духоўных працэсаў. Падобныя прынцыпы — у вучэнні І.Канта аб першаснасці практычнага розуму над тэарэтычным, І.Фіхтэ аб волі як абсалютным творчым прынцыпе сусвету. Пры гэтым у Канта, Фіхтэ, Ф.Шэлінга, Г.Гегеля воля па сваёй прыродзе разумная, у А.Шапенгаўэра ж, які лічыцца класічным прадстаўніком валюнтарызму, яна набывае трактоўку ірацыяналістычнага першапачатку Сусвету; у яго трактоўцы свядомасць і інтэлект толькі другасныя праявы волі. Э.​Гартман сцвярджаў, што воля знаходзіцца ва ўсім і ўсюды дзейнічае несвядома, з чаго вынікала бессэнсоўнасць сусветнага працэсу. Ф.Ніцшэ ў сваёй канцэпцыі зыходзіў з таго, што ўсё жывое, і найперш чалавек, апанавана воляй да ўлады. Тэрмін «валюнтарызм» выкарыстоўваюць і для характарыстыкі сацыяльна-паліт. практыкі, яна не лічыцца з аб’ектыўнымі тэндэнцыямі ці заканамернасцямі гіст. развіцця, а кіруецца суб’ектыўнымі жаданнямі і самавольствам асоб, што прымаюць пэўныя рашэнні.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 3, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКІ ПАВЕ́Т.

Існаваў на Беларусі ў 16—20 ст. Утвораны ў 1507 у складзе Навагрудскага ваяводства ВКЛ. Межы павета ўдакладняліся ў час адм.-тэр. рэформы 1565—66 і пазней. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Гродзенскім ваяводстве ВКЛ, пасля 3-га падзелу (1795) у Рас. імперыі: з 1795 у Слонімскай, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губ. Павятовы цэнтр — г. Ваўкавыск. Пл. павета 3413,2 кв. вярсты, нас. 149 678 чал. (1897). У Ваўкавыскі павет ўваходзіла 25 валасцей: Баярская, Біскупцоўская, Вільчукоўская, Вярэйкаўская, Гарнастаеўская, Дабравольская, Зельзінская, Зэльвенская, Ізабелінская, Крамяніцкая, Лыскаўская, Межырэцкая, Мсцібаўская, Падароская, Пескаўская, Поразаўская, Пянюгаўская, Роская, Самаравіцкая, Свіслацкая, Талачманоўская, Тарнопальская, Шылавіцкая, Шымкоўская, Юшкаўская. У павеце было 13 мястэчак: Зэльва, Ізабелін, Крамяніца, Лапеніца, Лыскава (Лыскі), Малая Лапеніца, Мсцібава, Новы Двор, Поразава, Пескі, Рось, Свіслач і Ялоўка; 6 сёл, 437 вёсак і 348 дробных нас. пунктаў (1889). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 павет у складзе Польшчы, у Беластоцкім ваяводстве. Былыя воласці ўзбуйнены і пераўтвораны ў гміны. У 1927 пл. 3892 км², нас. 115 261 чал., 16 гмін: у т. л. Біскупская (Біскупцоўская), Зэльвенская, Ізабелінская, Лыскаўская, Межырэцкая, Мсцібаўская, Падароская, Поразаўская, Роская, Свіслацкая, Тарнопальская, Церашкоўская, Шылавіцкая, Ялоўская. З 1939 у складзе БССР, з 4.12.1939 у Беластоцкай вобласці, 15.1.1940 скасаваны, на яго тэр. ўтвораны Ваўкавыскі раён.

т. 4, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́КТАР (ад лац. vector вядучы, нясучы),

1) накіраваны адрэзак пэўнай даўжыні. Абазначаецца лац. літарамі тлустага шрыфту a, A (AB — калі пачатак вектара ў пункце A, канец у пункце B) ці светлага шрыфту з рыскай або стрэлкай над імі: a_, a, AB___, AB. Даўжынёй (модулем) вектара наз. даўжыня адрэзка AB і абазначаецца AB ці |AB|.

Два вектары роўныя, калі яны паралельныя ці аднолькава накіраваныя і маюць аднолькавую даўжыню. Вектар, пачатак і канец якога супадаюць, наз. нуль-вектарам, даўжыня яго роўная нулю. Яму не прыпісваецца ніякі напрамак. Вектар, даўж. якога роўная адзінцы, наз. адзінкавым. На плоскасці ці ў прасторы ўсякі вектар можа быць паказаны накіраваным адрэзкам, адкладзеным ад пачатку каардынат. Таму вектар можна задаваць трыма сапраўднымі лікамі (x, y, z) — праекцыямі вектара на восі прамавугольнай сістэмы каардынат (каардынатамі вектара). У n-мернай прасторы вектар вызначаецца як упарадкаваная сістэма n сапраўдных лікаў (x1, x2, ..., xn).

З дапамогай вектара ў матэматыцы, фізіцы і механіцы апісваюцца сілы, скорасці, паскарэнні і інш. велічыні, зададзеныя лікам і напрамкам. Гл. таксама Вектарнае злічэнне.

2) У пераносным сэнсе — пэўны кірунак у якой-н. сферы дзейнасці ці адносін (напр., у палітыцы, эканоміцы і г.д.).

А.​А.​Гусак.

Вектар OM з праекцыямі x, y, z; i, j, k — орты прамавугольнай дэкартавай сістэмы каардынат.

т. 4, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРН ((Verne) Жуль) (8.2.1828, г. Нант, Францыя — 24.3.1905),

французскі пісьменнік. Аўтар навук.-фантаст., сатыр. і прыгодніцкіх раманаў з элементамі утопіі і антыутопіі «Пяць тыдняў на паветраным шары» (1863), «Падарожжа да цэнтра Зямлі» (1864), «З Зямлі на Месяц» (1865), «Вакол Месяца» (1869), «Дзеці капітана Гранта» (1867—68, бел. пер. 1938), «20 000 лье пад вадой» (1869—70, бел. пер. «80 000 кіламетраў пад вадой», 1937), «За 80 дзён вакол свету» (1872, бел. пер. 1941), «Таямнічы востраў» (1875, бел. пер. 1938), «Пятнаццацігадовы капітан» (1878, бел. пер. 1940), «Рабур-заваёўнік» (1886), «Валадар свету» (1904), «Незвычайныя прыгоды экспедыцыі Барсака» (выд. 1914) і інш.; прац па геаграфіі і гісторыі геагр. даследаванняў. Чалавек і прырода, навука, веды і праца, сучаснасць і будучыня, адказнасць вучонага, асобы, калектыву перад грамадствам — асн. праблемы творчасці Верна. Стварыў «новы тып рамана», які грунтаваўся на дасягненнях навукі. На бел. мову яго творы перакладалі П.​Кутылоўскі, С.​Грахоўскі з Ю.​Лявонным, Я.​Камянецкі, М.​Паслядовіч, К.​Шавель і інш.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—12. М., 1954—57;

Собр. соч.: В 50 т. Т. 1—19. М., 1992—94.

Літ.:

Верн Ж.-Ж. Жюль Верн: Пер. с фр. М., 1978;

Жюль Верн: Биобиблиогр. Указ. 2 изд. М., 1959.

Е.​А.​Лявонава.

Ж.Верн.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛА-ЛО́БАС ((Villa-Lobos) Эйтар) (5.3.1887, г. Рыо-дэ-Жанейра, Бразілія — 17.11.1959),

бразільскі кампазітар, дырыжор, фалькларыст, педагог, муз. дзеяч. У 1905—12 вывучаў муз. фальклор. У 1923—30 жыў пераважна ў Парыжы. У 1930-я г. арганізоўваў адзіную сістэму муз. адукацыі ў Бразіліі, заснаваў шэраг муз. школ і хар. калектываў, Нац. кансерваторыю харавых спеваў (1942), адзін з заснавальнікаў (1945) і прэзідэнт Бразільскай муз. акадэміі. Аўтар спец. навук. дапаможнікаў («Практычнае кіраўніцтва для вывучэння фальклору», т. 1—6, 1932), тэарэт. прац. Яго творчасць — адна з вяршынь лац.-амер. музыкі. Яе нац. аснова арганічна спалучаецца з дасягненнямі еўрап. музыкі (тэхніка імпрэсіянізму ў фп. сюіце «Свет дзіцяці», фп. цыкле «Сіранды», камерных эпізодах «Шорас», неакласіцысцкія рысы ў цыкле «Бразільскія бахіяны»). Сярод інш. твораў: 9 опер, у т. л. «Ізат» (1914, паст. 1958), «Іерма» (1956, паст. 1971); аперэта «Мадалена» (1948); 15 балетаў, у т. л. «Уірапуру» (1917, паст. 1935), «Імператар Джонс» (1956); 12 сімфоній (1916—57), 2 сімфаньеты, 18 сімф. паэм; творы для духавога арк.; канцэрты для розных інстр. з арк.; камерна-інстр. ансамблі; творы для гітары, для голасу і фп., хары, песні і інш.

Літ.:

Мариз В. Эйтор Вилла-Лобос: Жизнь и творчество: Пер. с фр. Л., 1977;

Пичугин П.А. Эйтор Вилла-Лобос и бразильская национальная музыкальная культура // Культура Бразилии. М., 1981.

Э.Віла-Лобас.

т. 4, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РУСНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н,

інфекцыйныя хваробы, якія выклікаюцца фітапатагеннымі вірусамі. Пашкоджваюць кветкавыя расліны, хвойныя, папарацепадобныя, водарасці, грыбы. Прычыняюць вял. страты с.-г. культурам, якія размнажаюцца вегетатыўна, зніжаюць устойлівасць раслін да неспрыяльных фактараў асяроддзя і павышаюць успрымальнасць іх Да інш. патагенаў. Вірусныя хваробы раслін падзяляюць на мазаічныя хваробы раслін (мазаікі) і жаўтухі раслін. Вонкавыя прыкметы вірусных хвароб раслін: мазаічная афарбоўка, хлароз і пажаўценне лісця, некрозы, прыгнечанне росту, дэфармацыя органаў. Вірусныя хваробы раслін перадаюцца з сокам хворых раслін пры пікіраванні расады, пасынкаванні, кантакце хворых і здаровых раслін, пры вегетатыўным размнажэнні, прышчэпках, насякомымі-пераносчыкамі (пераважна тлямі і цыкадамі). Ідэнтыфікуюцца з дапамогай імуналагічных метадаў, у т. л. імунаферментнай дыягностыкі. На Беларусі віруснымі хваробамі найчасцей пашкоджваюцца бульба (мазаіка звычайная, палоскавая і маршчыністая, аўкуба-мазаіка, мазаічнае закручванне лісця, скручванне лісця, кучаравая карлікавасць, пярэстасцябловасць і інш.), лубін (пабурэнне, вузкалістасць), памідоры (мазаіка, стрык), яблыня (мазаіка, хларатычная плямістасць лісця, ямістасць і баразнаватасць драўніны). Меры барацьбы: вырошчванне ўстойлівых сартоў, атрыманне здаровага насеннага і пасадачнага матэрыялу біятэхнал. метадамі і ахова яго ад віруснай рэінфекцыі, знішчэнне насякомых-пераносчыкаў і інш.

Літ.:

Амбросов А.Л. Вирусные болезни картофеля и меры борьбы с ними. Мн., 1975;

Дубоносов Т.С., Панарин И.В., Каневчева И.С. Вирусные болезни злаков. М., 1975;

Власов Ю.И. Вирусные и микоплазменные болезни растений. М., 1992;

Блоцкая Ж.В. Вирусные болезни картофеля. Мн., 1993.

Ж.​В.​Блоцкая.

т. 4, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)