ТАКСІКО́З (ад грэч. toxikon яд),

паталагічны стан, які развіваецца ў выніку паступлення таксічных рэчываў у арганізм звонку (экзатаксікоз) ці ўтварэння ў ім таксінаў пры захворваннях (эндатаксікоз). Экзатаксікоз атаясамліваецца з атручэннем, эндатаксікоз — з аўтаінтаксікацыяй (напр., пры таксікозе цяжарнасці — ірвота, слінацячэнне, дэрматозы і інш.). Адрозніваюць вострыя і хранічныя Т. Вылучаюць формы: нейратаксікоз (першаснае пашкоджанне нерв. сістэмы) і Т. з эксікозам (абязводжваннем). Пры цяжкім Т. (напр., кішэчным) адбываюцца генералізаваныя расстройствы мікрацыркуляцыі, гіпаксія, ацыдоз і інш. Лячэнне: абясшкоджванне і выдаленне таксінаў і інш.

Т.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАКУ́ЕЎ Рыгор Аркадзевіч (23.12.1917, в. Паташаўка Архангельскай вобл., Расія — 9.10.1995),

удзельнік партыз. руху ў Палескай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, з чэрв. 1942 у партызанах, камандзір падрыўной групы, са жн. 1943 дыверсійнага атрада 125-й Капаткевіцкай партыз. брыгады. На чале з ім партызаны пусцілі пад адхон 55 варожых эшалонаў, з іх асабіста Т. — 19. Да 1980 на кіруючай рабоце ў спарт. т-ве «Спартак».

Р.А.Такуеў.

т. 15, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛАША́ ДЗЕ́ДА ДОМ-МУЗЕ́Й Адкрыты ў 1989 у в. Навасёлкі Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. Размешчаны ў хаце В.І.Талаша, пабудаванай ім пасля грамадз. вайны 1918—20. Пл. экспазіцыі 63 м², 163 экспанаты асн. фонду (2002). У экспазіцыі матэрыялы пра сям’ю героя, аднавяскоўцаў, фотаздымкі пра жыццё і дзейнасць Талаша, землякоў-партызан, матэрыялы пра дзейнасць 130-й партыз. брыгады, успаміны, лісты з фронту. Адноўлена таксама хата канца 19 ст., дзе жыў Талаш, са стараж. прыладамі працы, рэчамі хатняга ўжытку, хлеў, склеп, студня.

А.​А.​Мароз.

т. 15, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́НЕР (Tanner) Бернгард Леапольд Францішак, чэшскі падарожнік 2-й пал. 17 ст., езуіт. У 1676 прыехаў з Прагі на службу да валынскага ваяводы М.​Е.​Чартарыйскага. Разам з ім у 1678 удзельнічаў у пасольстве ў Маскву. Вёў запісы падарожжа, апісаў бел. землі, дарогі, гарады (Брэст, Нясвіж, Мінск, Барысаў, Оршу і інш.). Запісы выдадзены ў Нюрнбергу ў 1689.

Тв.:

Рус. пер. — Описание путешествия польского посольства в Москву в 1678 г. // Чтения в О-ве истории и древностей российских. 1891. Кн. 3.

т. 15, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРКВЕМА́ДА, Таркемада (Torquemada) Томас дэ (каля 1420, г. Вальядалід, Іспанія — 16.9.1498), кіраўнік іспанскай інквізіцыі. Манах-дамініканец, у 1460—82 прыёр кляштара ў Сеговіі. Духоўнік каралевы Ізабелы, назначаны ў 1483 вял. інквізітарам Кастыліі і Арагона, у 1486 — таксама Валенсіі і Каталоніі. Склаў інквізіцыйны кодэкс і працэдуру інквізіцыйнага суда, распрацаваў арганізац. структуру органаў інквізіцыі. Вызначаўся выключнай жорсткасцю, увёў у масавую практыку аўтадафэ (пры ім было пакарана смерцю больш за 10 тыс. чал.). Ініцыятар праследаванняў мусульман і яўрэяў (дамогся выгнання апошніх з Іспаніі ў 1492).

т. 15, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫТО́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі марскі бог. Лічыўся сынам Пасейдона і багіні мора нерэіды Амфітрыты. Яго ўяўлялі чалавекам з рыбіным хвастом замест ног, з трызубцам і ракавінай у руках. Т., як бажаство Трытанійскага возера ў Лівіі, дапамог арганаўтам: калі бура аднесла далёка ў возера іх карабель, паказаў ім выхад у мора і падараваў камяк зямлі, з якога ў далейшым узнік в-аў Фера. У інш. міфах Т. наз. таксама марскіх істот, якія суправаджаюць Пасейдона і Амфітрыту, дзьмуць у ракавіны і гарэзяць.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УГРЫНО́ВІЧ Уладзімір Вікенцьевіч (13.1.1941, Мінск —9.5.1994),

бел. мастак-кераміст, педагог. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970), з 1970 выкладаў у ім. Працаваў у тэхніцы керамікі. Стварыў ганчарныя формы, засн. на бел. нар. традыцыях: кампазіцыі з дэкар. ваз (1978), дэкар. формы «Рытмы росту» (1982), «Подых зялёнага ветру» (1988), «Успаміны пра лета» (1993), набор керамікі для летніка (1992) і інш. Аўтар навук. і метадычных прац па бел. дэкар.-прыкладным мастацтве. Адзін з аўтараў альбома «Беларуская кафля» (1989).

У.Угрыновіч. Подых зялёнага ветру. 1988.

т. 16, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРО́ЧНЫЯ ГАДЫ́,

у Расіі канца 16 — сярэдзіны 17 ст. тэрміны, у якія памешчыкі маглі ўзбуджаць перад дзяржавай іскі пра вышук і вяртанне ім збеглых прыгонных сялян. Уведзены ў 1590-я г. пасля спынення дзеяння Юр’ева дня і ўвядзення запаветных гадоў. У 1597 устаноўлены 5-гадовы тэрмін «У.г.», у 1607 — 15-гадовы (фактычна не дзейнічаў з прычыны «Смуты»). Пры цару Міхаіле Фёдаравічу [1613—45] спачатку дзейнічаў 5-гадовы тэрмін вышуку, з 1639 — 9-гадовы, з 1642 — 10-гадовы. Саборнае ўлажэнне 1649 зрабіла вышук збеглых сялян бестэрміновым.

т. 16, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЦЬЯ́НАЎ Аляксей Іванавіч (5.3.1919, с. Малое Петрына Уладзімірскай вобл., Расія — 13.9.1959),

рускі паэт. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.​Горкага ў Маскве. Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1938). Вядомы як паэт-песеннік (каля 200). Вял. папулярнасць набылі песні, напісаныя ім у 1942 разам з кампазітарам В.Салаўёвым-Сядым («На сонечнай паляначцы», «Салаўі»). Музыку на тэксты Ф. пісалі М.​Багаслоўскі, М.​Блантэр, Б.​Макравусаў і інш.

Тв.:

Избр. лирика. М., 1972;

Родина. М., 1976;

Однополчане. М., 1980.

Літ.:

Когда весна придет: [Сб., посвящ. А.​И.​Фатьянову]. Ярославль, 1979.

т. 16, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫ́ЧЭ Уладзімір Максімавіч (27.10.1870, Масква — 4.9.1929),

рускі літаратуразнавец, мастацтвазнавец. Акад. АН СССР (1929). Скончыў Маскоўскі ун-т (1894), у 1904—10 выкладаў у ім. Кіраваў Ін-там мовы і л-ры (з 1922), літ. аддзеламі Ін-та чырв. прафесуры і Камуніст. акадэміі. Друкаваўся з 1895 (літ.-крытычныя фельетоны). Працы па праблемах сацыялогіі мастацтва, у т. л. зах.-еўрап. мадэрнізму: «Нарысы па гісторыі заходнееўрапейскай літаратуры» (1908), «Фрэйдызм і мастацтва» (1925), «Сацыялогія мастацтва» (1926), «Праблемы мастацтвазнаўства» (1930) і інш. У працах Ф. выявіўся вульгарны сацыялізм.

т. 16, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)