ВО́ДНЫ ФОНД,

сукупнасць усіх вод (воды паверхневыя, падземныя і інш. водныя аб’екты), што знаходзяцца ў межах дзярж. граніц краіны. Паводле воднага заканадаўства Рэспублікі Беларусь усе воды ў краіне складаюць адзіны дзярж. водны фонд, іх выкарыстанне знаходзіцца пад прававым рэгуляваннем. У воднай гаспадарцы выкарыстоўваецца тая частка воднага фонду, якая складае водныя рэсурсы. Кантроль за водакарыстаннем і аховай водаў на тэр. Беларусі ўскладзены на Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго органы на месцах.

т. 4, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫГАНАШЧА́НСКАЕ БАЛО́ТА,

у Ляхавіцкім, Івацэвіцкім і Ганцавіцкім р-нах Брэсцкай вобл., сцёк па Агінскім і інш. каналах у Выганаўскае возера. Нізіннага (94%) і мяшанага тыпу. Пл. 34,9 тыс. га, у межах прамысл. Пакладу 27,6 тыс. га. Глыб. торфу да 4,7 м, сярэдняя 2,1 м. Пад торфам трапляюцца мергель і сапрапель. Каля 5 тыс. га асушана, на іх вырошчваюць шматгадовыя травы, збожжавыя і прапашныя культуры. Неасвоеная частка балота ўваходзіць у гідралагічны заказнік Выганашчанскае.

т. 4, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РДА (Garda),

возера на Пн Італіі, каля паўд. падножжа Альпаў, на выш. 65 м. Пл. 370 км². Глыб. да 346 м. У Гарду ўпадае р. Сарка, выцякае р. Мінча (левы прыток р. По). Паўн., вузкая і доўгая частка возера, акаймаваная хрыбтамі выш. да 2000 м, нагадвае фіёрд, паўд. — больш шырокая, складзена з марэнных адкладаў. Суднаходства. Па берагах курорты (Гарда, Сірміёне, Рыва-дэль-Гарда, Мальчэзіне, Гарньяна і інш.). На ўсх. беразе — рэзерват Гардэзана-Арыентале.

т. 5, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАХІ́МІЯ (ад гідра... + хімія),

раздзел геахіміі, які вывучае хім. састаў гідрасферы і хім. працэсы, што ў ёй адбываюцца; частка акіяналогіі (хімія акіяна) і гідралогіі сушы (хімія вод сушы). Даследуе колькасны і якасны састаў рэчыва ў растворы ці ў завіслым стане ў воднай масе аб’ектаў або ў донных асадках, іх фізіка-хім. і біяхім. пераўтварэнні, фарміраванне асадкавых радовішчаў карысных выкапняў, атрыманне каштоўных рэчываў з марской вады і расолаў падземных вод, хім. забруджванне гідрасферы.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАГА ФІЛІЯ́ЛА РУ́СКА-АЗІЯ́ЦКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры неакласіцызму. Пабудаваны ў 1910—12 (арх. О.​Мунц). Мураваны 2-павярховы Г-падобны ў плане будынак. Вуглавая частка скругленая, вылучаная цыліндрычнай вежай з купалам. Фасады падзелены карнізнай цягай на 2 ярусы, ніжні ярус апрацаваны рустам. На плоскасці сцен — тонкія ліштвы, маскароны, гірлянды. На вежы, па баках круглага дахавага акна, алегарычныя выявы 2 жаночых фігур у ант. адзенні.

В.​М.​Чарнатаў.

Гомельскага філіяла Руска-Азіяцкага банка будынак.

т. 5, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКАЯ ПРА́ЦА,

дзейнасць людзей, накіраваная на задавальненне эканам. патрэб грамадства. Праца заўсёды грамадская, бо людзі могуць ствараць матэрыяльныя даброты толькі з дапамогай ужо назапашаных грамадствам рэсурсаў. Само ўзнікненне грамадства звязана з неабходнасцю сумеснай працы многіх вытворцаў. Індывід. праца — частка сукупнай грамадскай працы, вынікам якой з’яўляецца сукупны грамадскі прадукт. У грамадскай працы вылучаюць грамадска арганізаваную працу, г.зн. дзейнасць, уключаную ў грамадскі падзел працы. Сферы грамадскай працы: матэрыяльная вытворчасць, невытворчая сфера, хатняя гаспадарка. Гл. таксама Праца.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАВАХЕ́ЦКАЕ НАГО́Р’Е,

у Закаўказзі (Грузія), частка Паўд.-Груз. нагор’я, на Пд ад Трыялецкага хр., паміж р. Кура на З і Ніжнекартлійскай раўнінай на У. Уключае Самсарскі і Джавахецкі мерыдыянальныя хрыбты (выш. да 3300 м) і плато Цалкінскае, Гамарэцкае, Дманіскае і Ахалкалакскае (выш. да 1700 м). Складзена з андэзіта-базальтавых і трахітавых лаў. У катлавінах шмат азёр тэктанічнага ці вулканічнага паходжання (Паравані, Табацкуры і інш.). Горныя стэпы, субальпійскія лугі, якія выкарыстоўваюцца як пашы.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭ́РСІ-СІ́ЦІ (Jersey City),

горад на ПнУ ЗША, зах. прыгарад Нью-Йорка, на правым беразе р. Гудзон, у штаце Нью-Джэрсі. Засн. ў 1630. Каля 230 тыс. ж., з прыгарадамі каля 600 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Марскі порт (частка Нью-Йоркскага партовага комплексу). Прам-сць: нафтаперапр., хім. (выраб мыйных і парфумерна-касметычных сродкаў), эл.-тэхн. і радыёэлектронная, харчасмакавая (у т. л. перапрацоўка кавы), фармацэўтычная, швейная, тэкстыльная. Суднабудаванне. Вытв-сць прамысл. абсталявання. Музеі.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУА́ЛА (Douala, Duala),

горад на З Камеруна. Знаходзіцца на левым беразе р. Вуры, за 21 км ад яе ўпадзення ў Гвінейскі зал., злучаны мостам з портам Банаберы на правым беразе ракі. Адм. ц. Прыбярэжнай правінцыі. 1200 тыс. ж. (1993). Гал. акіянскі порт, вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: тэкст., швейная, харчасмакавая, хім., лесапільная. Праз Д. праходзіць таксама частка тавараабароту Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі і Чада. Панафрыканскі ін-т развіцця.

т. 6, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫВІДЭ́НД (ад лац. dividendus падлеглы падзелу),

частка агульнай сумы чыстага прыбытку акц. т-ва, што размяркоўваецца паміж акцыянерамі ў адпаведнасці з акцыямі, якія ў іх ёсць. Даходы акцыянерам выплачваюцца наяўнымі грашамі або акцыямі. Памеры Д. вар’іруюцца для звычайных і застаюцца фіксаванымі для прывілеяваных акцый. Калі становішча кампаніі пагаршаецца, яна можа выплачваць Д. з атрыманых раней даходаў. Лічба, што паказвае, у колькі разоў прыбытак кампаніі перавышае суму Д., якую яна выплачвае, называецца пакрыццём па д.

т. 6, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)