ФЁДАР УЛАДЗІ́МІРАВІЧ,

князь пінскі ў сярэдзіне 13 ст. Верагодна, сын пінскага кн. Уладзіміра. У 1262 разам са сваімі братамі (?) пінскімі кн. Дзямідам і Юрыем прыехаў у Небль віншаваць галіцка-валынскага кн. Васільку Раманавіча з перамогай над літоўцамі. Мяркуецца, што Ф.У. у той час быў гал. пінскім князем і праводзіў палітыку патурання літоўцам у нападах на Валынь.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 16, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛО́РА,

у старажытнарымскай рэлігіі і міфалогіі багіня цвіцення кветак і садоў, увасабленне вясны і юнацтва. У гонар Ф. наладжваліся святы — флараліі, у час якіх на яе алтар ускладаліся квітнеючыя каласы і адбываліся гульні, часам вельмі разбэшчаныя. Вобраз Ф. ў выглядзе юнай дзяўчыны з кветкамі — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (Тыцыян, Н.​Пусэн, Рэмбрант і інш.).

Флора. Карціна Рэмбранта. 1634.

т. 16, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́С ГАДУНО́Ў (каля 1552, г. Кастрама — 23.4.1605),

расійскі цар [1598—1605]. Сын баярына Фёдара Гадунова. Вылучыўся ў час апрычніны. Зяць Малюты Скуратава (гл. Скуратаў-Бельскі Р.Л.) і швагер цара Фёдара Іванавіча, пры якім фактычна правіў краінай. Пасля яго смерці выбраны Земскім саборам на царскі трон. Ва ўнутр. палітыцы імкнуўся да эканам. стабілізацыі, у т. л. палегчыў становішча пасадскіх людзей, садзейнічаў будаўніцтву новых гарадоў. У 1589 дамогся стварэння незалежнай ад канстанцінопальскага патрыярха Маскоўскай патрыярхіі. Праводзіў міралюбівую знешнюю палітыку (у выніку адзінай вайны са Швецыяй 1590—93 Расія вярнула Івангорад, Ям, Капор’е і воласць Карэла), наладзіў культ. супрацоўніцтва з краінамі Зах. Еўропы. Запрыгоньванне сялян, голад 1600—02 і інш. выклікалі незадаволенасць яго праўленнем і нар. хваляванні (гл. Хлопка паўстанне 1603, Сялянская вайна пачатку 17 ст.). Памёр раптоўна ў час барацьбы з Ілжэдзмітрыем I. Маст. вобраз Барыса Гадунова стварылі ў аднайм. творах А.​С.​Пушкін (трагедыя) і М.​П.​Мусаргскі (опера).

Літ.:

Скрынников Р.Г. Борис Годунов. М., 1983.

т. 2, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАНТА́Й, Калонтай (Kołłątaj) Гуга (1.4.1750, в. Вял. Дэдэркалы Шумскага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна — 28.2.1812), паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, філосаф, педагог, публіцыст. Д-р філасофіі і тэалогіі. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це, у Італіі (1772—74). З 1774 кракаўскі канонік. Дзеяч Адукацыйнай камісіі, распрацаваў план развіцця адукацыі ў Рэчы Паспалітай, які стаў асновай «Статута» гэтай камісіі. У 1782—86 рэктар Кракаўскага ун-та. Лідэр рэфарматарскай плыні ў час працы Чатырохгадовага сейма 1788—92. Адзін з аўтараў Канстытуцыі 3 мая 1791. Падтрымліваў ідэю цэнтралізацыі Рэчы Паспалітай праз больш цеснае аб’яднанне ВКЛ э Польшчай. Адзін з вядучых ідэолагаў, потым кіраўнік «левага» («якабінскага») крыла ў час паўстання 1794. Пасля паражэння паўстання ў аўстр. зняволенні. У 1802—06 жыў на Валыні, адзін з заснавальнікаў Крамянецкага ліцэя. Аўтар шэрагу філас. і гіст. прац, заснаваных на перадавых ідэях Асветніцтва, вучэнні франц. фізіякратаў, эвалюц. канцэпцыі развіцця грамадства.

Літ.:

Хинц Х.Ф. Гуго Коллонтай: Пер. с пол. М., 1978;

Pasztor M. Hugo Kołłątaj na sejmie Wielkim w latach 1791—1792. Warszawa, 1991.

т. 7, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕЎ-КУМА́Ч (сапр. Лебедзеў) Васіль Іванавіч

(8.8.1898, Масква — 20.2.1949),

расійскі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1919—21). З 1922 супрацоўнік шэрагу газет, час. «Крокодил». Друкаваўся з 1916. Аўтар сатыр. вершаў, апавяданняў, фельетонаў (зб-кі «Чаінкі ў сподачку», 1925; «Сумныя ўсмешкі», 1927; «Калючыя вершы», 1945, і інш.). Адзін са стваральнікаў сав. масавай песні. Напісаў тэксты песень да кінафільмаў «Вясёлыя хлопцы» (1934), «Цырк» (1936), «Волга-Волга» (1937). Аўтар тэкстаў папулярных песень, у т. л. «Песня пра Радзіму», «Вясёлы вецер», «Спартыўны марш» (усе 1936); яго песня «Свяшчэнная вайна» (апубл. 24.6.1941) стала своеасаблівым гімнам у час Вял. Айч. вайны. Выдаў паэт. зб-кі «Кніга песень» (1938), «У бой за Радзіму» (1941), «Вершы для эстрады» (1948) і інш. Пісаў п’есы («Кірушкава перамога», 1926; «Жонка заўмага», 1940), вершы для дзяцей. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.​Астрэйка, А.​Куляшоў. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Избранное. М., 1984;

Песня о Родине: Избр. стихотворения. Кемерово, 1983.

т. 9, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́КА,

назва народнага скрыпача, пашыраная на тэр. Беларускага Паазер’я. У інш. этнакульт. рэгіёнах сінонімы М. — «скамарох» (Магілёўшчына), «іграч» (Міншчына). М. спрадвеку адыгрываў значную грамадскую ролю ў жыцці бел. вёскі, выконваў сакральна-магічную функцыю ў розных каляндарна-земляробчых (калядных, валачобных, купальскіх і інш. абходах) і сямейна-родавых (асабліва вясельных) абрадах, а таксама эмац.-псіхал. функцыю стваральніка і носьбіта радаснага настрою ў час усіх сямейных і агульнавясковых урачыстасцей (бяседы, ігрышчы, танцы). М звычайна тураваў спевам, разам з інш. інструменталістамі іграў песні, танцы, маршы. Ігру на скрыпцы спасцігаў самавукам («сам па сабе»), у сям’і або ў славутага мясц. выканаўцы. Паводле нар. уяўленняў, сапраўдны М. — чараўнік, які валодае звышнатуральнай сілай уздзеяння на ўвесь навакольны свет. Вобраз М. ўвасоблены ў шматлікіх нар. казках і легендах, выслоўях і песнях, творах бел. л-ры («Сымон-музыка» Я.​Коласа, «Музыка» М.​Багдановіча, «Страшная музыкава песня» М.​Гарэцкага) і выяўл. мастацтва (М.​Шагал, Я.​Драздовіч). У наш час назву «М.» часам пераносяць і на гарманіста.

І.​Дз.​Назіна.

т. 11, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТУБЕРА́НЦЫ (ад лац. protubero узнімаюся),

плазменныя ўтварэнні ў кароне Сонца; больш шчыльныя і халодныя за плазму кароны. Узнікаюць у месцах павышанай актыўнасці Сонца і выцягнуты ўздоўж сілавых ліній магн. поля. На краі Сонца назіраюцца ў выглядзе святлівых воблакаў, арак, струменяў, у праекцыі на сонечны дыск — у выглядзе цёмных валокнаў.

Паводле знешняга выгляду і характару рухаў адрозніваюць: спакойныя П. (даўж. каля 200 тыс. км, таўшчыня ~ 6 тыс. км, выш. над паверхняй Сонца ~ 40 тыс. км, т-ра (6—15) тыс. К. працягласць існавання ад 1—2 сут да некалькіх месяцаў); П. сонечных плям (назіраецца рух іх асобных частак, час жыцця ад некалькіх мінут да некалькіх гадзін); эруптыўныя П. (узнікаюць са спакойных. больш яркія. узмацняюцца ўнутр. рухі, т-ра (15—25) тыс. К, час жыцця ад некалькіх мінут да паўгадзіны). Колькасць П. на Сонцы і іх размеркаванне па шыротах адпавядаюць 11-гадоваму цыклу сонечнай актыўнасці. Існуе цесная сувязь паміж П. і формай сонечнай кароны.

А.​А.​Шымбалёў.

Пратуберанцы на Сонцы.

т. 13, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЎМАН Мікалай Эрнеставіч (29.5.1873, г. Казань — 31.10.1905),

рускі рэвалюцыянер. Рэв. дзейнасць пачаў у Казані. У 1896—97 член Пецярбургскага «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа». У 1899 эмігрыраваў, у Жэневе ўвайшоў у групу «Вызваленне працы». У 1900 удзельнічаў у стварэнні газ. «Іскра». У 1903 узначаліў Маскоўскую арг-цыю бальшавікоў, у 1904 — Паўн. бюро ЦК РСДРП. Забіты чарнасоценцамі ў час рэв. дэманстрацыі ў Маскве.

т. 2, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОРМАШЫ́НА,

медыцынскі апарат, які надае вярчальны рух бору, прызначанаму для прэпаравання цвёрдых тканак зуба. У нажных бормашынах скорасць вярчэння бора 800—1500, у электрычных — да 30 000 аб/мін. Шырока выкарыстоўваецца турбінная бормашына са скорасцю да 300 000 аб/мін, пры якой значна скарачаецца час апрацоўкі зуба і змяншаюцца болевыя адчуванні.

Стаматалагічная ўстаноўка з бормашынамі.

т. 3, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ФЕРНАЯ БАТАРЭ́Я,

акумулятарная батарэя, што ўключаецца ў ланцуг паралельна інш. крыніцы (генератар, выпрамляльнік) пастаяннага току для супольнага сілкавання нагрузкі (у т. л. як рэзервовая крыніца). Прызначана для кампенсацыі змен напружання і сілы току асн. крыніцы сілкавання ў час найб. нагрузак і перапынкаў у рабоце. Выкарыстоўваецца на аўта- і чыг. транспарце, сістэмах сувязі і інш.

т. 3, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)