МІЖЦЭНТРАМЕ́Р,
прылада для вымярэння міжцэнтравай (міжвосевай) адлегласці ў зубчастых колах. Мае вымяральную карэтку (рэйку) і вымяральнае кола, якое счапляецца з кантралюемым колам. М. наз. таксама прылада для вымярэння адлегласці паміж цэнтрамі адтулін або восямі валоў (напр., штангенцыркуль-М.).
т. 10, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЕ́ЛЯ ПУНКТ,
тэмпература, вышэй за якую антыферамагнетык ператвараецца ў парамагнетык (фазавы пераход II роду). Абазначаецца TN. Паблізу Tn назіраецца спецыфічная тэмпературная залежнасць фіз. уласцівасцей антыферамагнетыкаў (цеплаёмістасці, каэф. цеплавога расшырэння, электраправоднасці і інш.). Названы імем Л.Нееля. Гл. таксама Антыферамагнетызм.
т. 11, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРЫ́ТАВЫЯ АДКЛА́ДЫ,
мелкаводныя асадкі дна мораў і акіянаў, якія ўтвараюцца ў межах мацерыковай водмелі на глыб. да 200 м. Пераважаюць галечнікі, ракушачнікі, радзей аалітавыя і фарамініферавыя пяскі, ілістыя і хемагенныя асадкі з арган. рэшткамі. Гл. таксама Нерытавая вобласць.
т. 11, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГВА́ЙЦЫ (саманазва парагуайос),
нацыя, асн. насельніцтва Парагвая (5,4 млн. чал.). Жывуць таксама у Аргенціне (300 тыс. чал.), Бразіліі (70 тыс. чал.). Агульная колькасць каля 6,9 млн. чал. (сярэдзіна 1990-х г.). Гавораць на іспанскай мове, мове гуарані. Вернікі — католікі.
т. 12, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАФІ́ЗЫ (ад пара... + грэч. physis узнікненне, вырастанне),
шматлікія ніткі ці адзіночныя клеткі, якія развіваюцца сярод палавых або спараносных органаў у некат. бурых водарасцей, большасці базідыяльных і сумчатых грыбоў, а таксама імхоў. Ахоўваюць гэтыя органы ад мех. пашкоджанняў і высыхання.
т. 12, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭІНУРЫ́Я (ад пратэіны + грэч. uron мача),
павышаная колькасць бялку ў мачы (0,033 г/л і вышэй). Пры захворваннях нырак найб. пашырана клубочкавая П. Бывае таксама канальцавая, застойная (пры застоі крыві ў нырках ад сардэчнай недастатковасці), ортастатычная і інш.
т. 13, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУБЛІ́ЧНАСЦЬ СУДАВО́ДСТВА,
дэмакратычны прынцып судаводства, які выяўляецца ў тым, што ўзбуджэнне крымін. спраў, іх расследаванне і вырашэнне, а таксама разгляд цывільных спраў у судзе ажыццяўляюцца адпаведнымі публічнымі (дзярж.) органамі (дазнання, следства, пракуратуры, суда) незалежна ад меркавання зацікаўленых асоб.
т. 13, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁВЯШЧА́ННЕ МАСТА́ЦКАЕ,
від радыёвяшчання, у аснове якога ляжыць драматычнае слоўна-гукавое мастацтва; адзін з важнейшых (разам з кінамастацтвам і тэлевізійным мастацтвам) відаў масавага мастацтва. Найб. пашыраны від Р.м. — радыётэатр, а таксама радыёкампазіцыя, радыёфільм, муз.-забаўляльныя праграмы і інш.
т. 13, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЗО́РКІ,
крыніцы касмічнага радыёвыпрамянення, звязаныя з зоркамі. Тыповая Р. — Сонца. Да Р. адносяцца пульсары, некаторыя ўспыхваючыя зоркі. Рэгіструюць радыёвыпрамяненне, якое ўзнікае, напр., пры ўспышках чырв. карлікаў і новых зорак, а таксама ў рэнтгенаўскіх і падвойных зорках.
А.А.Шымбалёў.
т. 13, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСІ́НЫ,
этнічная і гіст. назва рускіх, беларусаў і ўкраінцаў у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Сустракаецца ў бел. л-ры 16—18 ст. Р. называлі таксама жыхароў Галіцыі, Букавіны, Закарпацкай Украіны ў афіц. л-ры Аўстра-Венгрыі, Польшчы і Чэхаславакіі.
т. 13, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)