нямецкі сацыял-дэмакрат, адзін з лідэраў Інтэрнацыянала 2-га. У сваіх працах пад агульнай назвай «Праблемы сацыялізму» (1896—98) крытыкаваў сістэму марксізму. У філасофіі адмовіўся ад матэрыялізму, абвясціўшы неабходнасць вяртання да філасофіі І.Канта. Выступіў супраць матэрыяліст, дыялектыкі, якую атаясамліваў з дыялектыкай Г.Гегеля. У галіне сац.-паліт. навук ставіў пад сумненне асн. палажэнні «Капітала» К.Маркса — тэорыю вартасці, вучэнне пра крызісы, пра збядненне нар. масаў, сац.-эканам. асновы рэвалюцыі, адмаўляў навук. сацыялізм, лічачы яго толькі этычным ідэалам. На аснове сцвярджэнняў, што пралетарыят не здольны арганізаваць вытворчасць, а пралет. рэвалюцыя можа прывесці толькі да хаосу і разбурэння вытв. сіл, адхіляў вучэнне Маркса пра рэвалюцыю, класавую барацьбу і дыктатуру пралетарыяту, супрацьпастаўляючы яму праграму рэформаў і кампрамісаў з буржуазіяй.
Тв.:
Рус.пер. — Проблемы социализма и задачи социал-демократии. М., 1901;
Социализм и демократия в Великой английской революции. М.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЙСЕНГО́Ф ((Weyssenhoff) Ян) (1774, в. Анджэльмуйжэ Рэжыцкага пав., цяпер Латвія — 19.5.1848),
вайсковы дзеяч ВКЛ. З 1789 на ваеннай службе ВКЛ у 8-м палку пяхоты ў Нясвіжы. Удзельнік вайны супраць экспансіі Расіі ў 1792, бітвы пад Мірам. У час паўстання 1794 ад’ютант Я.Ясінскага, прызначаны А.Т.Касцюшкам маёрам кавалерыі. Пасля задушэння паўстання вандраваў па Еўропе. У 1806 далучыўся да войска ген. Я.Г.Дамброўскага, удзельнічаў у паўстанні на зах.-польскіх землях супраць прускага панавання, у ваен. дзеяннях 1809 супраць Аўстрыі на баку Напалеона. У вайне 1812 ад’ютант ген. Ю.Заёнчака, удзельнік бітваў пад Смаленскам, Барадзіном і інш. У 1813 атрымаў ад Напалеона званне ген. брыгады. Удзельнічаў у арганізацыі арміі Каралеўства Польскага ў складзе Рас. імперыі, з 1826 ген. дывізіі. У час паўстання 1830—31 камандаваў дывізіяй уланаў, браў удзел у фарміраванні Надвіслянскага легіёна, камандаваў войскамі Кракаўскага ваяв. У 1831—33 у ссылцы ў Кастраме. Аўтар мемуараў.
Тв.:
Pamiętnik generała Jana Weyssenhoffa. Warszawa, 1904.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́К (Юзаф) (1741, в. Лоўчыцы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — чэрв. 1794),
вайсковы дзеяч ВКЛ, ген.-м. (1790). Паводле паходжання бел. татарын. Быў на вайск. службе ў Саксоніі, удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63. Прыхільнік караля Аўгуста III, потым Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У час Барскай канфедэрацыі камандзір каралеўскага палка татар. У 1769 на баку канфедэратаў удзельнічаў у бітвах пад Слонімам, Моўчаддзю (Баранавіцкі р-н) і на Жамойціі, у вер. 1771 — у пераможнай бітве над рас. войскамі каля Бездзежа (Драгічынскі р-н). 23.9.1771 у бітве каля Сталавічаў (Баранавіцкі р-н), калі войска ВКЛ было разбіта рускімі, адступіў з палком, захаваўшы баявы парадак. У 1788—89 удзельнічаў у задушэнні сял. паўстання на Украіне. У чэрв.—ліп. 1792 на чале пярэдняга корпуса войска ВКЛ ваяваў пад Свержанем (Стаўбцоўскі р-н), Зэльвай і Брэстам. Далучыўся да паўстання 1794, у чэрв. ўзначаліў корпус, з якім прайшоў ад Гродна да Слоніма і Іўя. Праз некалькі дзён раптоўна памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1500—03,
вайна за аб’яднанне ўсх.слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы. Фармальнай прычынай для вайны сталі ганенні ў ВКЛ на праваслаўных і новы пераход парубежных князёў пад уладу Масквы. Адна група рус. войск заняла гарады Бранск, Старадуб, Гомель, Рыльск і інш., другая накіравалася да Смаленска. Конны корпус ВКЛ у бітве на Вядрошы 1500 быў амаль цалкам разбіты. У маі 1501 рус. войскі рушылі далей, а ў чэрв. на паўд. землі ВКЛ напалі крымскія татары. Іван III накіраваў ва ўсх. Беларусь аб’яднаныя сілы, якія пад Мсціславам разбілі войскі ВКЛ. Летам 1502 маскоўскае войска зноў асадзіла Смаленск, але вымушана было адступіць. Яно заняло Оршу, мсціслаўскія воласці, землі на Віцебшчыне і Полаччыне. 4.3.1503 у Маскву прыбыло пасольства ВКЛ; былі падрыхтаваны «перамірчыя граматы», якія абвяшчалі 6-гадовае перамір’е і вызначылі новыя межы паміж дзяржавамі. Да Масквы адышлі вял. тэрыторыі з гарадамі Белая, Бранск, Веліж, Гомель, Дарагабуж, Масальск, Мцэнск, Невель, Ноўгарад-Северскі, Старадуб, Чарнігаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1534—37,
вайна за аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы, за землі, страчаныя ў час папярэдніх войнаў. У жн. 1534 корпус на чале з І.Вішнявецкім накіраваны на Смаленск, а корпус А.Неміровіча — у Северскую зямлю. Першы не здолеў авалодаць горадам, другі заняў толькі Радагошч. Зімой маскоўскае войска папаліла і зруйнавала на Беларусі неўмацаваныя гарадкі, але пад вясну вярнулася дадому. У 1535 паспалітае рушэнне ВКЛ злучылася з польскім войскам і накіравалася ў Северскую зямлю, дзе заняло Гомель, Почап, Радагошч, Старадуб. У чэрв. 1535 маскоўскія войскі зноў напалі на ВКЛ, спалілі Крычаў, Дуброўну, Оршу. Неўзабаве войскі ВКЛ адступілі з Северскай зямлі, пакінуўшы за сабой толькі Гомель. У канцы зімы 1536 невял. сілы ВКЛ спрабавалі захапіць Себеж. Летам 1536 маскоўскія войскі разгарнулі ваен. дзеянні ў бел. Падняпроўі, але былі разбіты пад Крычавам. У лют. 1537 дасягнута пагадненне: Гомель застаўся ў ВКЛ, Себеж і Завалочча перададзены Маскоўскай дзяржаве, астатнія межы засталіся нязменныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРС ((Bierce) Амброз Гвінет) (24.6.1842, Хорс-Кейв-Крык, штат Агайо, ЗША — 11.1.1914),
амерыканскі пісьменнік. Удзельнік Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. У 1870—90-я г. журналіст. Аўтар зб-каў аповесцяў і апавяданняў «Танец смерці» (1877), «Пра вайскоўцаў і цывільных» (1891), «Хіба можа быць такое?» (1893), «Фантастычныя байкі» (1899), у якіх, пад відавочным уплывам Э.По, напружаныя і займальныя сюжэты спалучаў з вытанчаным гумарам, сатыр. з’едлівасцю, песімістычным стаўленнем да жыцця. У багатай эсэістыцы (кн. «Д’яблава зачараванасць», 1872; «Павуцінне ў чэрапе», 1873; «Цень на цыферблаце», 1909; «Слоўнік д’ябла», 1911; «Батальныя накіды», выд. 1930, і інш.) з іроніяй, часам з пэўнай доляй цынізму апавядаў пра сучасныя яму грамадскія з’явы. Некаторыя творы Бірса пераклаў на бел. мову А.Кудраўцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫЯ КА́РТЫ,
карты, якія адлюстроўваюць размяшчэнне глебаў, іх тыпы, падтыпы, віды, механічны састаў і глебаўтваральныя пароды. Выкарыстоўваюцца ў с.-г. вытворчасці, гідрамеліярацыі, лесаводстве, буд-ве, пры кадастравых ацэнках зямель, азеляненні населеных пунктаў і інш. Падзяляюцца паводле тэр. прыналежнасці, зместу паказчыкаў (агульна-глебавыя, глебава-меліярац., глебава-эразійныя і інш.) і маштабаў. Прынцыпы картаграфавання закладзены В.В.Дакучаевым. Першая глебавая карта еўрапейскай ч. Расіі складзена ў маштабе 1 : 84 000 000 і выдадзена ў 1851 пад рэдакцыяй К.С.Весялоўскага. Глебавыя карты ствараюцца па матэрыялах наземных, аэракасм. і камбінаваных здымак мясцовасці. Хім. паказчыкі вызначаюцца лабараторнымі аналізамі. На Беларусі першая глебавая карта складзена ў маштабе 1 : 1 000 000 у 1929—30 падрэд. Я.М.Афанасьева. У 1957—64 праведзена буйнамаштабнае картаграфаванне для калгасаў і дзяржгасаў са складаннем картаграм аграхім. уласцівасцей і інш. паказчыкаў рацыянальнага выкарыстання зямель. У 1965—69 складзены глебавыя карты для 117 адм. раёнаў, у 1970—74 для ўсіх абласцей. Гл. таксама Глебава-геаграфічнае раянаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́РНУНГ»
(«Hornung»),
«Люты», кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. акупантаў супраць партызан Слуцкага і Пінскага партыз. злучэнняў і цывільнага насельніцтва ў Ганцавіцкім, Жыткавіцкім, Ленінскім, Лунінецкім, Ляхавіцкім, Слуцкім, Старобінскім, Чырвонаслабодскім р-нах у Вял.Айч. вайну ў лютым 1943. Праводзілася сіламі 3 паліцэйскіх палкоў, 5 батальёнаў, у т. л. асобым батальёнам СС А.Дзірлевангера. Мэта аперацыі — знішчыць «усё, што можа служыць абаронай і жыллём» у раёне «сапраўднай сав. рэспублікі» (там былі адноўлены мясц.сав. органы ўлады), ператварыць яго «ў нікім не занятую прастору, насельніцтва расстраляць, жывёлу, збожжа і прадукты забраць». Партызаны дзвюх брыгад і некалькіх асобных атрадаў у час барацьбы з карнікамі стварылі штаб партыз. злучэння (камандзір В.З.Корж), пад кіраўніцтвам якога некалькі дзён стрымлівалі націск гітлераўцаў, потым асн. сілы партызан выйшлі з-пад удараў фашыстаў. Карнікі спалілі некалькі вёсак і г.п. Ленін, загубілі больш за 10 тыс. грамадзян, захапілі шмат жывёлы і збожжа. У час аперацыі здзейснілі подзвіг браты І.С. і М.С.Цубы. Працягам «Горнунга» была аперацыя «Русалка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМ АДПАЧЫ́НКУ,
прафілактычная аздараўленчая ўстанова для адпачынку і аднаўлення сіл людзей у найб. спрыяльных і здаровых умовах. Д.а. ствараюць прафес. саюзы, мін-вы, ведамствы, асобныя прадпрыемствы і калгасы.
Бываюць Д.а. круглагадовыя, сезонныя і спец. (для бацькоў з дзецьмі, моладзі, цяжарных і інш.), з 12- і 24-дзённым адпачынкам і для адпачынку ў выхадныя дні. Усе Д.а. маюць мед. пункты, на якіх працуюць мед сёстры, у значных (350 і больш месцаў) ёсць урач, у невялікіх (200—350 месцаў) — фельчар. Некаторыя Д.а. маюць зубаўрачэбны і фізіяпрацэдурны кабінеты, лячэбны масаж. Першыя Д.а. на Беларусі (з 1920): «Ждановічы» (з 1970 санаторый) пад Мінскам, «Чонкі» пад Гомелем. У 1980 на Беларусі было 16 Д.а. на 5452 месцы, у 1996—11 на 2549 месцаў: 5 з іх ведамасныя, 6 Д.а. («Алеся», «Лагойскі», «Лясныя азёры», «Нарач», «Пухавічы», «Свіцязь») належаць аб’яднанню «Белпрафсаюзкурорт». У 1960-я г. з’явіліся ўстановы на ўзор Д.а. — пансіянаты адпачынку (у 1995—4 на 784 месцы) і пансіянаты з лячэннем (1 на 178 месцаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РА ЭФЕ́КТ (ад прозвішча шатл. фізіка Дж.Кера; 1824—1907). 1) Электрааптычны К.э. — узнікненне падвойнага праменепраламлення ў аптычна ізатропных рэчывах (газах, вадкасцях, крышталях з цэнтрам сіметрыі, шкле) пад уздзеяннем знешняга эл. поля. Абумоўлены арыентацыяй дыпольных момантаў малекул рэчыва ўздоўж эл. поля. У выніку аптычна ізатропнае рэчыва (асяроддзе) у эл. полі становіцца анізатропным, набывае ўласцівасці аднавосевага крышталя (гл.Крышталяоптыка). Эфект выкарыстоўваецца для высокачастотнай мадуляцыі святла і ў хуткадзейных фатаграфічных затворах. Адкрыты Керам у 1875.
2) Магніта-аптычны К.э. — змена інтэнсіўнасці і палярызацыі святла пры яго адбіцці ад намагнічанага асяроддзя (у асноўным магн. ферамагнетыкаў). Па фіз. прыродзе падобны да Фарадэя эфекту. У выніку магнітааптычнага К.э. лінейна палярызаванае святло робіцца эліптычна палярызаваным. Выкарыстоўваецца пры даследаванні магн. матэрыялаў. Адкрыты Керам у 1876.
3) Аптычны К.э. — узнікненне пастаяннай складальнай падвойнага праменепраламлення ў ізатропным асяроддзі пад дзеяннем магутнага (звычайна лазернага) выпрамянення. Выклікае самафакусіроўку святла (гл.Нелінейная оптыка). Адкрыты пасля паяўлення лазераў.
Схема назірання электрааптычнага Кера эфекту: П — палярызатар святла; ЯК — ячэйка Кера; А — аналізатар святла; ФП — фотапрыёмнік; У — узор.