У працэсе размеркавання і пераразмеркавання насельніцтва на тэр. Беларусі склалася сетка гарадскіх і сельскіх паселішчаў. Працэс рассялення насельніцтва вызначаецца 3 асноўнымі групамі фактараў: прыродныя (рэльеф, глебы, клімат, блізкасць да водных і паліўных рэсурсаў, наяўнасць карысных выкапняў); дэмаграфічныя (натуральны прырост насельніцтва, міграцыйныя працэсы); сац.-эканамічныя (узровень развіцця і размяшчэння вытворчых сіл, рэгіянальныя адрозненні ва ўзроўні даходаў, развітасць інфраструктуры). З развіццём прадукц. сіл у працэсе рассялення насельніцтва пераважаюць сац.-эканам. фактары.
У 19 ст. Беларусь была аграрнай перыферыяй Рас. імперыі з перавагай сельскага насельніцтва. Паводле перапісу 1897 гарадское насельніцтва складала 13,5%. Да 1940-х г. Беларусь належала да найбольш сельскіх рэгіёнаў СССР (доля гараджан складала каля 20% насельніцтва). Да ліку буйных гарадоў адносіліся Мінск, Гомель, Віцебск і Магілёў. Больш хутка працэс урбанізацыі адбываўся ў пасляваенныя гады, калі пры аднаўленні гарадоў будавалі буйныя прамысл. прадпрыемствы. Прырост гар. насельніцтва на Беларусі быў больш высокі, чым у сярэднім па СССР. На працягу 1959—70 доля гар. насельніцтва вырасла больш як на 13%, у 1970 — на 22% і склала 65%. Паводле перапісу 1999 у гарадах жыло 70% насельніцтва краіны. Адпаведна зніжалася колькасць сельскага насельніцтва (гл.табл. 3).
Характэрная рыса урбанізацыі на Беларусі — паскораны рост насельніцтва ў буйных (больш за 100 тыс. жыхароў) гарадах, якія сталі гал. цэнтрамі вытворчасці і сістэмы рассялення. Гарадское насельніцтва прырастала пераважна за кошт прытоку сельскіх жыхароў. У наш час у буйных гарадах краіны каля 50% усяго насельніцтва і каля 70% гарадскіх жыхароў краіны.
За перыяд 1939—99 колькасць гарадскіх населеных пунктаў на Беларусі павялічылася са 173 да 212, колькасць гар. насельніцтва вырасла з 1855 тыс. да 6961 тыс.чал., а доля гарадскіх жыхароў з 21 да 69% (гл.табл. 3).
Павелічэнне колькасці гарадоў ішло не толькі за кошт стварэння новых (Светлагорск, Салігорск, Наваполацк, Новалукомль), але і за кошт пераводу часткі традыцыйных мясц. цэнтраў (мястэчак) у гарады ці пасёлкі гар. тыпу (гл.табл. 4). У 1970 у рэспубліцы было 9 гарадоў з насельніцтвам больш за 100 тыс.чал., у 1999—15 (Мінск, Гомель, Магілёў, Віцебск, Гродна, Брэст, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Пінск, Орша, Мазыр, Наваполацк, Салігорск, Ліда). У 6 абласных цэнтрах сканцэнтравана палавіна гар. насельніцтва, у т. л. ў Мінску 24% (1977, 1 тыс.чал.).
Колькасць, характар і структура сельскіх паселішчаў у гістарычным развіцці таксама мелі значныя змены. Многія сёлы, вёскі былі знішчаны ў часы 1-й сусветнай і грамадзянскай войнаў; у Вял.Айч. вайну Беларусь страціла каля 9 тыс. вёсак. Колькасць сельскіх населеных пунктаў на Беларусі памяншалася і пасля вайны: у 1959 іх было 34 442, у 1970—27 911, у 1999—23 459. Агульная колькасць сельскіх населеных пунктаў за 40 мірных гадоў паменшала на 10 983, або на 30%; штогод краіна страчвала ў сярэднім 274 вёскі (гл.табл. 5).
У савецкі перыяд (асабліва ў 1930—50-я г.) развіццё сельскіх населеных пунктаў ішло пераважна па шляху іх узбуйнення за кошт перасялення жыхароў з хутароў. На 1.1.2003 на тэр. Беларусі 110 гарадоў і 101 пасёлак гар. тыпу, у якіх жыло 7 036,4 тыс.чал.; больш за 24 тыс. сельскіх населеных пунктаў, у якіх жыло 2 862,2 тыс.чал. Сярэдняя адлегласць паміж гарадамі менш за 50 км, паміж сельскімі населенымі пунктамі — каля 3 км. У сярэднім на 1 тыс.км² размешчаны 1 гарадскі і 115 сельскіх населеных пунктаў. Такія ўмовы спрыяюць развіццю эканам., працоўных, культурна-быт. і інш. сувязей паміж асобнымі населенымі пунктамі.
Шчыльнасць насельніцтва Беларусі нязначна перавышае сярэднесусветны паказчык (46 чал. на 1 км²) і складае (на 1.1.2003) 48 чал. на 1 км². Найб. шчыльна населены зах. вобласці (у Гродзенскай 46 чал. на 1 км², у Брэсцкай — 45), некалькі менш — цэнтральная, усх. і паўн. вобласці (Магілёўская — 41, Мінская без г. Мінск і Гомельская па 38, Віцебская — 33 чал. на 1 км²). На паказчык шчыльнасці значна ўплывае характар сістэмы рассялення, гушчыня і памеры населеных пунктаў. Гарады і пасёлкі, тэрыторыя якіх параўнальна невялікая, населены больш шчыльна, чым сельская мясцовасць. Таму шчыльнасць гар. і сельскага насельніцтва часта разлічваюць паасобна. Напр., шчыльнасць насельніцтва Мінска складае 5754 чал. на 1 км², Брэста — 5968, Віцебска — 4410, Гомеля — 4152, Гродна — 3175, Магілёва — 3601 чал. на 1 км². Найбольшая канцэнтрацыя сельскага насельніцтва адзначана ў непасрэднай блізкасці ад буйных гарадоў, дзе яго шчыльнасць часам дасягае больш за 75 чал. на 1 км².
Полаўзроставая структура. Сучасная полаўзроставая структура насельніцтва Беларусі склалася ў выніку сацыяльна-паліт., эканам. і экалагічных падзей, якія адбываліся ў краіне ў 20 ст., і выкліканых імі зменамі ў патоках міграцыі, у размеркаванні насельніцтва на гарадское і сельскае, ва ўзроўнях і структуры занятасці, нараджальнасці і смяротнасці. Асн. тэндэнцыя ў развіцці ўзроставай структуры насельніцтва — рост долі насельніцтва старэйшых узроставых груп (гл.табл. 6). Працэс старэння насельніцтва ідзе даволі інтэнсіўна. У 1897 доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост, складала 7,4%, у 1959—13,5%, у 1999—21,5%. Пасля 1999 колькасць і доля асоб пенсіённага ўзросту некалькі зменшылася (да 21,2% у 2003), што было звязана з уступленнем у пенсіённы ўзрост нешматлікай часткі насельніцтва, якое нарадзілася ў гады Вял.Айч. вайны. Зараз кожны пяты жыхар краіны знаходзіцца ў пенсіённым узросце. Доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост, сярод гарадскога насельніцтва ў 2 разы меншая, чым сярод сельскага (гл.табл. 7); у гарадах яна паступова расце (16,1% у 1999 і 16,7% у 2003), а на вёсцы памяншаецца (33,7% і 32,4% адпаведна). 20 ст. характарызавалася таксама скарачэннем колькасці і долі насельніцтва ў малодшых узроставых групах. Доля дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў паступова памяншалася з 43,1% у 1897 да 30,9% у 1970 і 21,2% у 1999. За 1999—2003 яна скарацілася да 18,5%, і дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў стала на 266,5 тыс. менш, чым асоб пенсіённага ўзросту (у 1999 — на 28,2 тыс.чал.). Колькасць дзяцей скарачалася і ў горадзе (на 207,1 тыс.чал.), і на вёсцы (на 91,7 тыс.чал.), у выніку доля асоб ва ўзросце да 16 гадоў стала аднолькавай сярод гарадскога і сельскага насельніцтва. Доля насельніцтва ў працаздольным узросце (мужчыны 16—59 гадоў, жанчыны 16—54 гадоў) вагаецца ад 49,5% (1897) да 58,2% (1979). У 1999—2003 колькасць насельніцтва ў працаздольным узросце павялічылася на 214 тыс.чал. і дасягнула паказчыка ў 60,3%. Паводле разлікаў, прырост гэтай узроставай групы забяспечваўся пераважна за кошт унутр. патэнцыялу замяшчэння пакаленняў. Папаўненне працоўных рэсурсаў за кошт міграцыі не з’яўляецца важным фактарам. Міграцыйны прырост дадатны, але яго аб’ёмы невялікія і маюць тэндэнцыю да памяншэння: у 1999—17,6 тыс.чал., у 2000—12,1, у 2001—9,1, у 2002—5,6 тыс.чал. Працэс старэння характэрны і для працоўных рэсурсаў краіны. У структуры насельніцтва гэтай групы паменшылася доля асоб маладых узростаў (16—39 гадоў) з 61,9% у 1999 да 59,5% у 2003; адпаведна павялічылася доля асоб, старэйшых за 40 гадоў (з 38,1% да 40,5%). У 1999—2003 колькасць моладзі ва ўзросце 16—29 гадоў павялічылася на 261,5 тыс.чал., у т. л. на 237,9 тыс.чал. у гарадах і 23,6 тыс.чал. у сельскай мясцовасці. Гэта звязана з уступленнем у працаздольны узрост насельніцтва, якое нарадзілася ў сярэдзіне 1980-х г., і кароткачасовым «усплёскам» нараджальнасці, выкліканым асаблівасцямі ўзроставай структуры і сацыяльнымі мерамі дзярж. палітыкі, накіраванымі на падтрымку сем’яў з дзецьмі. За апошнія 4 гады (1999—2003) колькасць асоб працаздольнага ўзросту ў горадзе павялічылася на 231,7 тыс.чал., а ў сельскай мясцовасці паменшылася на 17,7 тыс.чал.; аднак яго доля павялічылася і ў горадзе (з 62,2% у 1999 да 64,8% у 2003), і ў сельскай мясцовасці (з 46,1% да 49%).
Паказчык нагрузкі на працаздольнае насельніцтва (непрацаздольнай яго часткай — дзяцей і састарэлых) з-за асаблівасцей узроставай структуры мяняецца хвалепадобна, і з канца 1990-х г. знаходзіцца ў фазе спаду. У 1989 на 1000 чал. працаздольнага ўзросту прыпадала 786 непрацаздольных, у 1995—800 чал., у 2003—659 чал. Нагрузка на працаздольнае насельніцтва была вялікая і ў 1897, калі на 1000 чал. у працаздольным узросце прыпадала 1020 чал. у непрацаздольным узросце, у т. л. 870 дзяцей і 150 чал. састарэлых. У 1999 такая нагрузка складала 746 чал., у т. л. 371 дзецьмі і 375 пенсіянерамі (гл.табл. 8). Пасля 1999 зніжэнне такой нагрузкі адбываецца і ў горадзе, і ў сельскай мясцовасці пераважна за кошт рэзкага паніжэння нагрузкі дзецьмі (з 437 чал. у 1989 да 307 чал. у 2003).
Структура насельніцтва паводле полу ў значнай меры ўплывае на развіццё грамадства, яе дыспрапорцыя перашкаджае нармалізацыі дэмаграфічных працэсаў (фарміраванню сем’яў, узнаўленню насельніцтва, цякучасці кадраў). У 1989—99 на Беларусі адбыліся значныя змены ў суадносінах мужчын і жанчын. Парушэнні структуры насельніцтва паводле полу, што ўтварыліся ў выніку Вял.Айч. вайны, паступова згладзіліся і адзначаюцца толькі ва ўзросце, старэйшым за 70 гадоў. У наш час дыспрапорцыі паводле полу залежаць ад розніцы нараджальнасці ў горадзе і вёсцы, ад смяротнасці мужчын і жанчын, а таксама ад структуры міграцыйных патокаў, у т. л. моладзі з вёскі ў горад. Паводле перапісу 1959 на 1000 мужчын прыпадала 1249 жанчын, у гарадах — 1245, у сельскай мясцовасці — 1251, у 1989 адпаведна 1138, 1117, 1177 жанчын. У сярэдзіне 1990-х г. тэндэнцыя выраўноўвання структуры насельніцтва паводле полу змянілася на супрацьлеглую, што звязана з больш высокім ростам смяротнасці мужчын, асабліва ў працаздольным узросце. У 1999 на 1000 жанчын прыпадала 886 мужчын, у 2003—882 мужчыны. Толькі ва ўзросце да 28 гадоў колькасць мужчын перавышае колькасць жанчын (гл.рыс. 1). Істотна адрозніваецца склад насельніцтва паводле полу ў гарадах і ў сельскай мясцовасці (гл.табл. 9). У гарадах мужчын ва ўзросце да 26 гадоў больш, чым жанчын, у сельскай мясцовасці ва ўзросце да 53 гадоў, што звязана з высокай доляй міграцыі дзяўчат з сельскай мясцовасці. У цэлым па краіне і ў гарадскіх паселішчах сярод моладзі ва ўзросце 16—29 гадоў няма вял. дыспрапорцыі ў структуры насельніцтва паводле полу, у сельскай мясцовасці яна значная — на 1000 дзяўчат прыпадае 1120 юнакоў.
Табліца 3 Дынаміка колькасці гарадскога і сельскага насельніцтва Рэспублікі Беларусь (паводле перапісаў)
Гады перапісу
Колькасць насельніцтва, тыс.чал.
У % да ўсяго насельніцтва
Усяго
у тым ліку
гарадскога
сельскага
гарадскога
сельскага
1897
6673
899
5774
13,5
86,5
1926*
4989
848
4138
17,0
83,0
1939
8912
1855
7057
20,8
79,2
1959
8056
2481
5575
30,8
69,2
1970
9002
3908
5094
43,4
56,6
1979
9560
5263
4297
55,1
44,9
1989
10152
6641
3510
65,4
34,6
1999
10045
6961
3084
69,3
30,7
* У межах да верасня 1939.
Табліца 4 Групоўка гарадскіх населеных пунктаў Беларусі паводле колькасці насельніцтва ў 1959 і 1999
Групы населеных пунктаў паводле колькасці жыхароў
1959*
1999**
колькасць населеных пунктаў
колькасць
жыхароў у групе, тыс.чал.
колькасць населеных пунктаў
колькасць жыхароў у групе, тыс.чал.
менш за 3 тыс.
45
106,2
50
94,4
3—4,9
57
233,2
25
94,5
5—9,9
50
331,5
50
387,4
10—19,9
15
216,3
47
644,0
20—49,9
7
219,7
16
482,3
50—99,9
6
425,8
9
615,4
100—499,9
3
438,3
15
2970,4
500 тыс. і больш
1
509,5
1
1677,1
Усяго
184
2480,5
212
6961,5
* Звесткі па колькасці гар. паселішчаў прыведзены на сярэдзіну года.
** Звесткі па колькасці гар. паселішчаў паводле перапісу.
Табліца 5 Групоўка сельскіх населеных пунктаў Беларусі паводле колькасці насельніцтва (звесткі 1959, 1970 і 1999)
Групы населеных пунктаў па колькасці жыхароў
1959
1970
1999
колькасць населеных пунктаў
колькасць жыхароў у групе, тыс.чал.
колькасць населеных пунктаў
колькасць жыхароў у групе, тыс.чал.
колькасць населеных пунктаў
колькасць жыхароў у групе, тыс.чал.
да 5
1432
5,3
1003
3,2
2100
6,1
6—10
1624
12,7
984
7,7
1870
14,9
11—25
3534
62,7
2292
41,1
4192
73,4
26—50
4783
185,3
3447
131,7
4372
160,9
51—100
6863
506,4
5835
432,3
4240
305,5
101—200
7870
1131,2
6653
957,9
2882
405,5
201—500
6366
1957,5
5659
1730,6
2429
782,1
501—1000
1630
1118,6
1527
1031,3
1008
688,6
1001—2000
306
395,4
445
578,7
281
376,6
2001—3000
29
70,1
53
125,7
51
119,2
3001—5000
5
18,0
11
42,7
25
89,3
больш за 5000
-
-
2
11,7
9
61,6
Усяго
34442
5463,2
27911
5094,5
23459
3083,7
Табліца 6 Узроставая структура насельніцтва (паводле перапісаў) у %
Год перапісу
Узроставыя групы
Акрамя таго, моладзь (16—29 гадоў)
дапрацаздольнае (0—15 гадоў)
працаздольнае (16—54 гады для жанчын, 16—59 гадоў для мужчын)
старэйшае за працаздольнае (55 гадоў і старэйшае для жанчын, 60 гадоў і старэйшае для мужчын)
1897
43,1
49,5
7,4
24,9
1939
38,5
52,3
9,2
24,2
1959
31,3
55,2
13,5
25,4
1970
30,9
52,9
16,2
18,9
1979
25,0
58,2
16,8
23,7
1989
24,5
56,0
19,5
20,9
1999
21,2
57,3
21,5
20,1
Табліца 7 Колькасць насельніцтва асноўных узроставых груп, тыс.чал.
Узрост
1999
2003
Усяго
горад
вёска
Усяго
горад
вёска
Усё насельніцтва
10045,2
6961,5
3083,7
9898,6
7036,4
2862,2
Дапрацаздольны
2131,8
1509,4
622,4
1833
1302,3
530,7
Працаздольны
5752,1
4330,8
1421,3
5966,1
4562,5
1403,6
Старэйшы за працаздольны
2160,1
1120,1
1040
2099,5
1171,6
927,9
Моладзь 16—29 гадоў
2018
1556,3
461,7
2279,5
1794,2
485,3
Табліца 8 Структура нагрузкі на насельніцтва ў працаздольным узросце (на 1000 чал. у працаздольным узросце прыпадае асоб у непрацаздольным узросце)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІ́БІЯ (Namibia), Рэспубліка Намібія (Republic of Namibia),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Анголай і Замбіяй, на У з Батсванай, на ПдУ і Пд з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР); на З абмываецца водамі Атлантычнага ак.Пл. 824,3 тыс.км². Нас. 1648,3 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока ўжываюцца таксама афрыканс і нямецкая. Сталіца — г.Віндхук. Краіна падзяляецца на 13 адм. рэгіёнаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 сак.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — 2-палатны парламент, які складаецца з Нац. асамблеі (72 дэпутаты выбіраюцца ўсеагульным прамым галасаваннем на 5 гадоў) і Нац. савета (26 прадстаўнікоў рэгіёнаў, што выбіраюцца на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Большая частка тэр. Н. — пласкагор’е выш. 1300—1500 м на З і 900—1100 м на У. Найб.выш. 2600 м (г. Брандберг). Пласкагор’е спадзіста паніжаецца на У да паўпустыні Калахары, на З уступам абрываецца ў бок прыбярэжнай раўніны — пустыні Наміб. Карысныя выкапні: алмазы, уранавыя, поліметалічныя, медныя, алавяныя, вальфрамавыя, рэдкаметал. руды, сера, прыродны газ і інш. Клімат трапічны, вельмі сухі. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (студз.) ад 18 °C на беразе акіяна да 27 °C ва ўнутр. раёнах, самага халоднага (ліп.) ад 12 °C на Пд да 16 °C на Пн. Ападкаў ад 10—50 мм за год на ўзбярэжжы, да 500—700 мм на ПнУ. Гал. рэкі на Пн — Акаванга, Кунене, на Пд — Аранжавая, астатнія — часовыя вадатокі. На Пн краіны перасыхаючае воз. Этоша. Пераважаюць пустынныя трапічныя глебы і чырванавата-бурыя глебы саваннаў. Расліннасць у пустыні Наміб сукулентная, на пласкагор’і злакава-хмызняковая і хмызняковая, у больш высокіх раёнах паўпустыні і апустыненыя саванны. У складзе жывёльнага свету горных раёнаў і на У эндэмічныя грызуны (даўганос, капскі сляпыш), асобныя віды зайцоў, трубказуб; шматлікія яшчаркі, змеі і інш. Воды акіяна каля берагоў Н. багатыя прамысл. рыбай (сардзінела, макрэль, анчоўс), марскімі ракамі (амары, лангусты), ёсць цюлені. Нац. паркі: Этоша, Наміб, Бераг Шкілетаў, Ноўклуфберге.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва належыць да групы зах. банту: авамба (810 тыс.чал.), каванга (146 тыс.чал.), герэра (114 тыс.чал.) і інш. Жывуць горныя дамара (114 тыс.чал.), гатэнтоты, бушмены (сан). Нас.еўрап. паходжання (100 тыс.чал.) складаецца з афрыканераў, немцаў, англічан. Каля 80% вернікаў хрысціяне (пераважна пратэстанты), астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 2 чал. на 1 км². У пустыні Наміб і паўпустыні Калахары вял. тэрыторыі не маюць пастаяннага насельніцтва. Гар. насельніцтва каля 37%. Найб. гарады: Віндхук (190 тыс.ж., 1995), Людэрыц, Уолфіш-Бей, Цумеб. У сельскай гаспадарцы занята 49%, у прам-сці і гандлі — 25% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Першыя стаянкі чалавека, выяўленыя на тэр. Н., адносяцца да 2-га тыс. да н.э.Стараж. насельніцтва Н. — плямёны кой-коін (продкі сучасных нама, 3 групы гатэнтотаў), сан (бушмены) і дамара. У 16 ст. сюды прыйшлі плямёны банту (авамба, герэра, каванга і інш.). У канцы 15 ст. ўзбярэжжа Н. адкрылі партуг. мараплаўцы. У 1878 Вялікабрытанія анексіравала раён бухты Уолфіш-Бей. У 1884 Германія ўсталявала пратэктарат над-раёнам Ангра-Пекена, потым над б.ч.тэр. Н., якая стала герм. калоніяй «Германская Паўд.-Зах. Афрыка» (ПЗА). У адказ на прыгнёт герм. улад герэра на чале з С.Магарэра і нама на чале з Х.Вітбоем узнялі ў 1904—07 паўстанне, якое было жорстка задушана герм. войскамі. У 1915 Н. акупіравана Паўд.-Афр. Саюзам (ПАС; з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспубліка, ПАР), які ў 1920 атрымаў ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ПЗА. У 1946 урад ПАР анексіраваў ПЗА, ператварыў яе ў сваю правінцыю і распаўсюдзіў на яе рэжым апартэіду. ААНне прызнала анексію і ў 1968 і 1978 прыняла рэзалюцыі аб праве народаў Н. на самавызначэнне. З 1966 узбр. барацьбу супраць акупацыі пачала Народная арганізацыя Паўднёва-Заходняй Афрыкі (СВАПО) на чале з С.Нуёмам. Улады ПАР падтрымліваў створаны з прадстаўнікоў памяркоўных арг-цый Дэмакр. альянс Турнхале. Пад націскам ААН і сусв. супольнасці ўлады ПАР правялі ў ліст. 1989 выбары ва Устаноўчы сход, на якіх перамагла СВАЛО. У студз. 1990 Нуёма выбраны прэзідэнтам Н. 21.3.1990 абвешчана незалежнасць краіны. Урад незалежнай Н. імкнецца праводзіць памяркоўную палітыку, накіраваную на развіццё прыватнага сектара і пазбяганне этн. і сац. канфліктаў. Н. — чл.ААН (з 1990). Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нар.арг-цыя за вызваленне Паўд.-Зах. Афрыкі, Дэмакр. альянс Турнхале.
Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва ў 1997 склаў 1,9 тыс.дол. ЗША. На долю здабыўной прам-сці прыпадае каля 25% ВУП. Здабыча і экспарт карысных выкапняў пад кантролем паўд.-афр., англа-амер. і ням. капіталу. Н. займае 6-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (1,3 млн. каратаў, 1997), пераважна ювелірных; іх здабыча вядзецца ўздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. ад г. Людэрыц да вусця р. Аранжавая. Здабыча вокісу урану (у раёне Свакапмунда), медзі, свінцу, волава, цынку, ванадыю, серабра, кадмію, берылію, літыю, вальфраму, марганцу. На базе руд каляровых металаў у г. Цумеб працуюць з-ды медзеплавільны, па выплаўцы і рафінаванні свінцу, цынку, волава і інш. У 1994 атрымана (тыс.т) вокісу урану — 1,7, свінцу — 24, волава — 1, серабра — 0,09. Вытв-сць электраэнергіі штогод каля 1 млрд.кВт∙гадз. Буйныя ЦЭС у гарадах Віндхук, Цумеб, Уолфіш-Бей; Рваканская ГЭС на р. Кунене. Апрацоўчая прам-сць развіта слаба. Працуюць прадпрыемствы па зборцы машын і абсталявання, суднарамонце (Віндхук, Уолфіш-Бей), дрэваапр. прам-сці, у т. л. мэблевыя, па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (малочныя, мясакансервавыя, мукамольныя), па перапрацоўцы рыбы, амараў, цюленяў, малюскаў, гарбарныя, буд. матэрыялаў і інш. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае каля 8% ВУП, пераважае жывёлагадоўля. Характэрна наяўнасць буйных таварных фермерскіх гаспадарак, якія належаць еўрапейцам, і адсталых натуральных гаспадарак афрыканцаў. Асн. значэнне мае гадоўля каракульных авечак (адно з першых месцаў у свеце па пастаўках аўчын). Пагалоўе (млн. галоў, 1997): авечак — 2,43, буйн. раг. жывёлы — 2,06, коз (пераважна ангорскіх) — 1,82, птушкі — 2,4. Земляробства мае дапаможнае значэнне. Пад ворнымі землямі каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць проса, кукурузу, сорга, пшаніцу, агародніну, бахчавыя культуры. Улоў рыбы ў 1996—267 тыс.т. Даход краіны ад турызму каля 210 млн.дол. штогод. Даўж. гравійных дарог 37,3 тыс.км, асфальтавых 4,5 тыс.км, чыгунак 2,4 тыс.км. Марскія парты — Уолфіш-Бей і Людэрыц. 11 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля г. Віндхук. У 1996 экспарт склаў 1,45 млрд., імпарт — 1,55 млрд.дол. ЗША. Н. вывозіць мінер. сыравіну (30% алмазы), рыбапрадукты (18,5%), аўчыны (8,1%), мясапрадукты (7%) і інш. Імпартуе маш.-буд. і хім. прадукцыю, спажывецкія і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: ПАР (27% экспарту і 85% імпарту), Вялікабрытанія, Германія, Японія. Грашовая адзінка — намібійскі долар.
Літ.:
Балезин А.С., Притворов А.В., Слипченко С.А. История Намибии в новое и новейшее время. М., 1993.
В.І.Сініца (гісторыя), Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Намібіі.Да арт.Намібія. Ландшафт у пустыні Наміб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМА́ЛІ́ (Soomaaliya), Самалійская Дэмакратычная Рэспубліка (Jamhuuriyadda Dimoqraadiga ee Soomaaliya),
дзяржава на У Афрыкі. Мяжуе на ПнЗ з Джыбуці, на З з Эфіопіяй, на ПдЗ з Кеніяй. На Пн абмываецца Адэнскім зал., на У — Індыйскім акіянам. Пл. 627,7 тыс.км². Нас. 9,7 млн.чал. (2000). Дзярж. мовы — самалійская і арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Магадыша. Краіна падзяляецца на 18 абласцей. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Канстытуцыя 1960 ва ўмовах грамадз. вайны не выконваецца. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Заканад. орган — аднапалатны Нар. сход.
Прырода. Краіна займае большую ч. п-ва Самалі. У рэльефе пераважаюць ступеньчатыя плато (выш. 500—1500 м). На Пн асобныя горныя масівы, дзе ў масіве Суруд знаходзіцца г. Шымбірыс (2416 м). Карысныя выкапні: жал., уранавыя, ванадыевыя, тытанавыя, ніобіевыя, алавяныя руды, прыродны газ, соль і інш. Клімат субэкватарыяльны, сухі, на Пн трапічны. Сярэдняя т-ра ўсіх месяцаў 25—32 °C. Ападкаў ад 40 да 500 мм за год, выпадаюць пераважна ў крас.—чэрв., кастр.—снежні. Бываюць шматгадовыя засухі. Рэкі — часовыя вадацёкі (акрамя Джубы і Уэбі-Шабеле). Больш за 90% тэр. — пустыня і паўпустыня з рэдкімі травамі і калючымі хмызнякамі; у аазісах фінікавыя пальмы. Ёсць участкі саваннаў, па берагах рэк — галерэйныя лясы. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету — антылопы, зебры, буйвалы, жырафы; паўсюдна — грызуны, змеі, яшчаркі і інш. Рэзерваты — Уэбі-Шабеле, Страусавы і інш.
Насельніцтва. С. — этнічна аднародная краіна, самалійцы складаюць 98—99%, падзяляюцца на плямёны. Жывуць невял. групы суахілі, арабаў, італьянцаў, англічан. Сярэднегадавы прырост больш за 4% за год. Сярэдняя шчыльн. 15,5 чал. на 1 км², на Пд месцамі да 50 чал. на 1 км², на Пн у пустынях і паўпустынях — 1—2 чал. на 1 км². Каля 70% насельніцтва — качэўнікі і паўкачэўнікі. У гарадах 26% насельніцтва, найб. Магадыша (больш за 700 тыс.ж. з прыгарадамі, 2000), Кісмайо, Харгейса, Бербера, Марка. У сельскай гаспадарцы (пераважна пашавая жывёлагадоўля) заняты 71% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і сферы паслуг — 29%. У сувязі з грамадз. вайной каля 1 млн.чал. сталі бежанцамі, жывуць у лагерах, часткова на тэр. суседніх краін.
Гісторыя. Чалавек насяляе тэр. С. з часоў палеаліту. З 7 ст.н.э. С. ў зоне ўплыву араба-мусульм. цывілізацыі, паступова тут пашыраўся іслам. На ўзбярэжжы ўзніклі буйныя гарады Барбара (Бербера), Магадыша, Бараўэ (Брава), Марка і інш.Унутр. раёны насялялі шматлікія плямёны самалі, якія не мелі ўстойлівых дзярж. утварэнняў. З канца 15 ст. ў С. пранікалі партугальцы, якія падпарадкавалі прыбярэжныя гарады. У 17 ст. іх выгналі туркі, якія сталі кантраляваць гарады на Пн С ; Пд С. ўвайшоў у сферу ўплыву Амана. У выніку калан. экспансіі ў канцы 19 ст.тэр. рассялення самалійскіх плямён падзелена на некалькі частак: паўн. раёны адышлі да Вялікабрытаніі як пратэктарат Самалілэнд, паўд. і ўсх. — да Італіі як Італьян. С., зах. раёны (Агадэн) — да Эфіопіі. У 2-ю сусв. вайну Італьян. С. ў 1941 занята брыт. войскамі. У 1949 ААН перадала б.Італьян. С. пад апеку Італіі на 10 гадоў. 21.6.1960 абвешчана незалежнасць Самалілэнда, 1.7.1960 — Італьян. С.; у той жа дзень абое С. аб’яднаны ў адзіную Самалійскую Рэспубліку. Унутр. становішча дзяржавы было нестабільнае. Пасля забойства першага прэзідэнта А.А.Шэрмарка (1969) уладу захапілі ваенныя на чале з ген. М.С.Барэ, які ўзначаліў Вярх.рэв. савет; была абвешчана Самалійская Дэмакр. Рэспубліка. Урад Барэ абвясціў курс на пабудову сацыялізму: нацыяналізаваны банкі, буйныя прадпрыемствы, праведзены інш. захады сацыяліст. характару, наладжаны цесныя сувязі з СССР. Адзінай дазволенай партыяй стала створаная ў 1976 Самалійская рэв.сацыяліст. партыя на чале з Барэ. Вайна 1977—78 з Эфіопіяй за прав. Агадэн, у якой СССР падтрымаў Эфіопію, прывяла да разрыву з СССР і пераарыентацыі С. на ЗША.
Пагаршэнне эканам. становішча С. разам з абвастрэннем міжплемянных супярэчнасцей прывяло ў канцы 1980-х г. да ўзбр. выступленняў супраць рэжыму Барэ, які ў 1991 быў вымушаны пакінуць краіну. С. стала арэнай барацьбы ўзбр. груповак (Самалійскі нац. альянс, Самалійскі альянс выратавання і інш.) за ўладу. Некат. раёны (у прыватнасці, б. Самалілэнд) абвясцілі сябе незалежнымі дзяржавамі. У 1992—95 узбр. сілы ЗША і іх саюзнікаў па НАТО правялі ў С. пад эгідай ААН 2 спец. аперацыі з мэтай выратавання насельніцтва ад голаду і пошуку шляхоў унутрыпаліт. ўрэгулявання, якія мелі частковы поспех. У 2000 у Джыбуці праведзена канферэнцыя асн.паліт. сіл С., на якой створаны часовы парламент краіны; часовым прэзідэнтам С. выбраны А.С.Хасан. Аднак іх улада прызнаецца толькі на ч.тэр. краіны, аднаўленне дзярж. адзінства застаецца актуальным пытаннем. С. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963).
Гаспадарка. С. — адсталая аграрная краіна са слабаразвітой эканомікай. Шматгадовая грамадз. вайна выклікала заняпад гаспадаркі, памяншэнне пагалоўя жывёлы, скарачэнне пасяўных плошчаў і колькасці прадпрыемстваў, інфраструктура амаль цалкам разбурана. Штогадовы даход на 1 чал. каля 600 дол. (1999). Сельская гаспадарка і рыбалоўства даюць каля 60% прыбыткаў краіны, прам-сць — каля 11%, сфера паслуг — 29%. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля. Пад пашай каля 400 тыс.км² — тэр. паўпустынь і саваннаў. У краіне каля 3—5 млн. вярблюдаў, 5 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, 13 млн. авечак, 12 млн. коз. Птушкагадоўля. Пад пасевамі с.-г. культур каля 1,2 млн.га, з іх 180 тыс.га арашаецца. Земляробчыя гаспадаркі памерам да 3 га, на арашальных землях — да 1 га; ёсць плантацыі экспартных культур. Асн. земляробчы раён на Пд, у далінах і міжрэччы рэк Джуба і Уэбі-Шабеле. Асн. культуры (збор у пач. 1990-х г.): сорга і проса (каля 240 тыс.т), кукуруза (каля 255 тыс.т), цукр. трыснёг (каля 310 тыс.т), рыс (каля 13 тыс.т), бананы (каля 125 тыс.т), бавоўнік, маніёк, батат, арахіс, кунжут, бабовыя. Трапічнае арашальнае садоўніцтва, на ўзбярэжжы гаі какосавых пальмаў. Рыбалоўства ў прыбярэжных водах (каля 15 тыс.т штогод). Каля 65% сусв. збору араматычных смол (камедзі, міры, ладану) з дзікарослых раслін. Паляўніцтва. Прам-сць развіта слаба. Есць каля 200 прадпрыемстваў апрацоўчай прам-сці, каля палавіны іх знаходзіцца ў Магадыша — нафтаперапр.з-д, харч., гарбарна-абутковыя, метала- і дрэваапр., суднабуд. і суднарамонтныя. Працуюць: цукр.з-д, мясакамбінаты, рыбакансервавыя і малочныя з-ды, тэкст., абутковыя і бавоўнаачышчальныя ф-кі. На Пн здабыча ніобіевых руд і кухоннай солі. Развіта саматужна-рамесніцкая вытв-сць (цэнтр — г. Кісмайо): ткацтва, разьба па дрэве, кераміка, пляценне, выраб скур і інш.Вытв-сць электраэнергіі 258 млн.кВт∙гадз (1996) на невял. цеплавых электрастанцыях. Транспарт пераважна аўтамаб. і марскі, ва ўнутр. раёнах — уючны. Даўж. аўтадарог 22,1 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём — 2,6 тыс.км. Гал. парты Бербера, Кісмайо і Магадыша. У краіне 61 аэрапорт, у т. л. 7 з цвёрдым пакрыццём лётнага поля. У 1995 экспарт склаў 123 млн. дал., імпарт — 60 млн.дол. У экспарце пераважаюць жывёла і прадукты жывёлагадоўлі (каля 88%), бананы (8%), рыба і рыбапрадукты; у імпарце — разнастайныя прамысл. і харч. тавары, нафта і нафтапрадукты. Гал.гандл. партнёры: Саудаўская Аравія, Йемен, Італія, Кенія, Джыбуці. Краіна штогод атрымлівае фін. і харч. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін (Саудаўскай Аравіі, Вялікабрытаніі, Італіі і інш.). Грашовая адзінка — самалійскі шылінг.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРКІ
Як састаўная частка адзінага сац.-культ. комплексу Беларусі, як асн. элементы азелянення і садова-паркавага мастацтва, паркі ствараюцца ў гар. і сельскай мясцовасці сродкамі ландшафтнай архітэктуры. Яны прызначаны для арганізацыі вольнага часу, задавальнення культ.-пазнавальных патрэбнасцей і інтарэсаў людзей праз стварэнне на сваёй тэр. спрыяльных умоў для адпачынку, распаўсюджвання і папулярызацыі культ. каштоўнасцей і ведаў аб прыродзе, фарміравання беражлівых і гуманных адносін да навакольнага асяроддзя. Усе паркі адкрытыя для публічнага наведвання.
Найб. старадаўнія на Беларусі паркі, што захаваліся, адносяцца да 18 ст. Адрозніваюць паркі рэгулярныя, пейзажныя, мемарыяльныя, паркі культуры і адпачынку, гарадскія сады і інш. Для рэгулярных паркаў характэрны строгая геам. планіроўка і радковая пасадка дрэў, падпарадкаваная гал. кампазіцыйнай восі; наяўнасць баскетаў, шырокіх партэраў з кветкавымі газонамі, басейнаў, каналаў, фантанаў, часам — стараж. палаца (замка), ад якога разыходзяцца прамыя алеі Да ліку лепшых узораў такіх паркаў належаць Бачэйкаўскі парк, закладзены ў сярэдзіне 18 ст. ў в. Бачэйкава (Бешанковіцкі р-н Віцебскай вобл.), Дубайскі парк, створаны ў 2-й пал. 18 ст. ў в. Дубай (Пінскі р-н Брэсцкай вобл.), у в. Вялікае Мажэйкава (Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.), у в. Забалацце (Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл.) і інш.
У канцы 18—19 ст. былі пашыраны пейзажныя паркі з уласцівай для іх свабоднай планіроўкай, маляўнічым размяшчэннем кампазіцыйных элементаў, што імітуюць прыродны ландшафт, невялікія збудаванні ў выглядзе гатычнага сабора, замка, грота, розныя віды малых форм архітэктуры, і інш. Адзін з паркаў такога тыпу закладзены ў 1879 на тэр. Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу (засн. ў 1583 кн. М.К.Радзівілам Сіроткам). Яго агульная плошча каля 100 га. На правабярэжнай частцы парку (падзелены р. Уша) знаходзяцца палац і замак з фрагментам парку (Замкавы парк) і Стары, т.зв. англійскі парк з японскім садам; у левабярэжнай частцы — Новы (Марысін) парк з т.зв. іпадромам. У парку ўстаноўлены бюсты кн. Юрыя Нясвіжскага, італьян.арх. Дж.М.Бернардоні, пісьменнікаў У.Сыракомлі, Я.Коласа, картографа Т.Макоўскага, 3 вазы з сімваламі: «1794. За нашу і вашу волю. 1863», «1410. Грунвальд», «Gloria Victoria» і інш. Пасля рэканструкцыі ў 1991 водна-паркавай сістэмы Нясвіжа адноўлены 5 пейзажных паркаў, у т. л. парк «Альба». Найб. захаваным на Беларусі пейзажным паркам з элементамі рамантызму з’яўляецца парк Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, заснаванага ў 2-й пал. 18 ст. на правым беразе р. Сож (даўж. 800 м, пл. 25 га). У ім знаходзіцца пладовы сад з багатай аранжарэяй («Зімовы сад»), ставок «Лебядзінае возера», вял. і мал. гроты, Верхні і Ніжні масты, памятныя камяні, больш за 9 тыс. дрэў мясц. і экзатычных парод; устаноўлены конная статуя кн. І.Панятоўскага, 2 трафейныя гарматы рус.-тур. вайны (1828—29), манумент кн. I Ф.Паскевіча ў адзенні рымскага палкаводца, дэкаратыўныя мармуровыя скульптуры і інш. Да тыпу пейзажных паркаў адносяцца Савейкаўскі парк (Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл.), паркі Жыліцкага (Кіраўскі р-н Магілёўскай вобл.), Лагойскага. Валожынскага палацава-паркавых ансамбляў і інш.
Мемарыяльныя паркі часцей ствараюцца ў гонар выдатных дзеячаў навукі і культуры, нац. герояў (напр., парк імя Я.Купалы ў Мінску), або прысвячаюцца значным гіст. падзеям ці юбілеям (напр., парк Перамогі ў Мінску). Большасць такога тыпу паркаў з’яўляюцца часткай сядзібна-паркавых ансамбляў. Да нашага часу на Беларусі захаваліся 175 мемарыяльных сядзіб з рэшткамі паркаў. У іх ліку рэшткі парку ў родавым маёнтку Касцюшкаў Сяхновічы (Жабінкаўскі р-н Брэсцкай вобл.), закладзенага ў канцы 17 ст., у гар. сядзібе Ваньковічаў (Мінск), дзе з 1824 жыў і працаваў мастак-рамантык Валенцій Ваньковіч, бывалі Я.Дамель, С.Манюшка, У.Сыракомля, В.Дунін-Марцінкевіч. У Брэсцкім р-не захаваліся мемарыяльныя сядзібы Лышчыцы (радзіма К.Лышчынскага) і Скокі (радзіма Ю.Нямцэвіча). У Баранавіцкім р-не 9 такіх сядзіб, у т. л. музей-сядзіба А.Міцкевіча «Завоссе» і сядзіба ў Ясянцах — радавым маёнтку апошняга канцлера ВКЛ Я.Храптовіча. У 2004 у в. Ракаў Мінскага р-на адкрылася сядзіба-музей, звязаная з імёнамі Ф.Багушэвіча, А.Міцкевіча і М.К.Агінскага; тут экспануюцца мэбля і адзенне 18—19 ст., муз. інструменты, фрагменты слуцкіх паясоў і інш. У 19 ст. склаўся новы тып парку — гарадскі с а д (у Мінску, Віцебску, Магілёве і інш.). Самы старадаўні такі парк — Цэнтр. дзіцячы парк імя М.Горкага (былы Губернатарскі сад; пл. 30 га), у якім дзейнічаюць разнастайныя атракцыёны, планетарый, крыты каток, летняя эстрада. У 1920-я г. пачалі стварацца паркі культуры і адпачынку, дзіцячыя, спартыўныя, заалагічныя і інш.
У 2002 на Беларусі дзейнічалі 24 паркі культуры і адпачынку, у т. л. ў Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай абл. — па 4, у Гомельскай вобл. і г. Мінск — па 3, Магілёўскай вобл. — 1 і Мінскай вобл. — 5. Дзейнічаюць 4 заапаркі (Віцебск, Гомель, Гродна, Мінск). Найб. паркі культуры і адпачынку ў Гомелі (280 га, з філіяламі), Віцебску (190 га), Гродне (92 га), Кобрыне (60 га), Брэсце (40 га). У Мінску працуюць парк культуры і адпачынку імя Чэлюскінцаў (50 га) і імя 50-годдзя Кастрычніка (110 га), а таксама парк Я.Купалы і парк Перамогі (у раёне Камсамольскага возера). У парках культуры і адпачынку праводзяцца тэатралізаваныя канцэрты, выстаўкі, нар. святы, творчыя конкурсы, гульнёва-забаўляльныя праграмы, дыскатэкі, танцавальныя вечары, спарт. мерапрыемствы. У 2002 у іх дзейнічала 14 гурткоў маст. самадзейнасці, 16 спарт. гурткоў і 8 дзіцячых аб’яднанняў. У 2003 у Мінску адкрыты адзіны ў Беларусі сучасны парк забаў «Dream Land» (Краіна мары), у якім дзейнічаюць разнастайныя італьян. атракцыёны (экстрэмальныя, сямейныя, дзіцячыя), лічбавая фотастудыя і інш.
Паркавая прастора выкарыстоўваецца і як месца актыўных зносін людзей з прыродай, чаму садзейнічае стварэнне ў іх рэкрэацыйна-аздараўленчых зон і аб’ектаў, спрыяльных умоў для фіз. і маральна-псіхал. адпачынку і аднаўлення сіл чалавека. Першы батанічны сад на Беларусі засн. Ж.Э.Жыліберам у Гродне на месцы старога гарадзішча; у 1778 у садзе было больш за 2000 відаў экзотаў (большасць экзатычных насаджэнняў у 1781 перанесена ў Віленскі батанічны сад, цяпер на яго месцы гар. парк культуры і адпачынку). У пач. 20 ст. існаваў (да 1924) Вялікалятчанскі батанічны сад каля Віцебска. Працуюць батанічныя сады БСГА (з 1847), Віцебскага ун-та (закладзены ў 1919), БДУ (арганізаваны ў 1933), Бел.тэхнал. ун-та (арганізаваны ў 1969). У Цэнтр. батанічным садзе Нац.АН Беларусі (створаны ў 1932, пл. больш за 80 га) сабрана больш за 9 тыс. відаў раслін. У яго экспазіцыі: дэндрарый з сектарамі Беларусі, Д.Усходу, Усх. Азіі, Паўн, Амерыкі, Еўропы, Сібіры, Каўказа, Сярэдняй Азіі, альпінарый, ружоўнік, цюльпаннік, вяргіннік, бэзавы сад, сад бесперапыннага цвіцення, ландшафтны. З 1985 у Мінску дзейнічае парк камянёў — геалагічны музей пад адкрытым небам. У ім больш за 2 тыс. экспанатаў, пл. экспазіцыі 6,5 га, з іх 4,5 га займае рэльефная мадэль геагр. карты Беларусі. Парк з’яўляецца эксперыментальнай базай Ін-та геалагічных навук Нац.АН Беларусі па вывучэнні ледавіковых валуноў, вырашэнні шэрагу актуальных праблем геалогіі, а таксама своеасаблівым сродкам папулярызацыі і пашырэння прыродазнаўчых і гісторыка-краязнаўчых ведаў.
Літ.:
Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1974;
Яго ж. Старинные усадьбы Минского края. Мн., 2000;
Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989;
Смолік А.І. Культура Беларусі XI—XIX стст.: Навук.давед.Мн., 1998;
Каштоўнасці мінуўшчыны, 5: Рэстаўрацыя і выкарыстанне помнікау гісторыі і культуры: Матэрыялы канф., Мінск, 17 крас. 2001 г.Мн., 2001.
С.Ф.Дубянецкі, Э.С.Дубянецкі.
Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс.Сноўскі палацава-паркавы ансамбль.Мірскі садова-паркавы комплекс.У парку камянёў.Фрагмент парку Я.Купалы ў Мінску.У Гродзенскім заалагічным парку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ТЫКА (грэч. grammatikē ад gramma літара, напісанне),
1) лад мовы; сукупнасць, сістэма яе формаўтваральных і формаўжывальных сродкаў.
2) Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца сістэма моўных формаў (марфалогія), сродкі і спосабы іх спалучэння ў сказе (сінтаксіс). Па грамат. асаблівасцях вызначаецца тып пэўнай мовы.
Грамат. семантыка якасна адрозніваецца ад семантыкі лексічнай: у грамат. паняццях адлюстроўваюцца пераважна ўласцівасці саміх моўных адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў, сказаў), а ў значэннях лексічных адзінак звычайна абагульняюцца ўласцівасці рэальных прадметаў, з’яў, прыкмет. Аднак тое, што ў адной мове выражаецца сродкамі граматыкі, у іншай можа перадавацца лексічна (напр., значэнне сумеснасці дзеяння ў манг. мове перадаецца дзеяслоўным суфіксам, у бел. — словамі «разам з»). Уласцівыя пэўнай мове грамат. паняцці абавязкова маюць у ёй матэрыяльнае выяўленне. Таму ў кожнай грамат. з’яве адрозніваюць граматычнае значэнне і грамат. спосаб яго перадачы. Асн. спосабамі перадачы грамат. значэнняў у бел. мове (як у рознай ступені і ў інш. мовах свету) з’яўляюцца: афіксацыя («дуб — дубы», «кідаць — кінуць»), суплетывізм («браць — узяць», «чалавек — людзі», «я — мяне»), інтанацыя («Дождж ідзе. — Дождж ідзе?»), службовыя словы («чытаў бы», «будзеш ведаць»), асноваскладанне (дыялектнае «хадзіцьмеш» з «хадзіць + маеш»), рэдуплікацыя («сівы-сівы»), парадак слоў («яшчэ зялёны лісток — лісток яшчэ зялёны»), а таксама розныя спосабы аналітычнага канструявання з грамат. значымай спалучальнасцю адзінак («ісці / бегчы / ехаць лесам» — акалічнасць; «валодаць / гандляваць /, любавацца лесам» — дапаўненне).
Слова разам з паказчыкам яго грамат. значэння ўтварае граматычную форму («братамі» — граматычная форма мн. л.тв.скл. ад назоўніка м.р. «брат»). Грамат. формы, што перадаюць змяненне аднаго слова ў межах пэўных грамат. значэнняў (склону, ліку, часу, асобы і інш.), утвараюць парадыгмы словазмянення (1-е скланенне назоўнікаў, 2-е спражэнне дзеясловаў, ступені параўнання прыметнікаў і да т.п.). Усе адзінкі моўнага ладу размяркоўваюцца па пэўных класах — граматычных катэгорыях. Стрыжань грамат. катэгорыі — катэгарыяльнае значэнне. У бел. мове адрозніваюць грамат. катэгорыі імені і дзеяслова, назоўніка і прыметніка і інш., а ў межах катэгорыі, напр., назоўніка — катэгорыі роду, склону, ліку, а таксама адзінкавасці і зборнасці, абстрактнасці і канкрэтнасці і г.д. Пытанне аб колькасці катэгорый у пэўнай мове вельмі складанае: побач з даўно заўважанымі і навук. зафіксаванымі цэнтр. катэгорыямі існуюць і перыферыйныя, часам лінгвістычна не распрацаваныя. Грамат. катэгорыі ўтвараюць складаную іерархічную сістэму з рознаскладанымі функцыян. ўзаемасувязямі. Найб. просты прыклад якіх — проціпастаўленне катэгорыі па наяўнасці — адсутнасці пэўнага грамат. значэння (простая апазіцыя: м. род — немужч. род).
Спосабы выражэння грамат. значэння падзяляюцца на 2 тыпы ў залежнасці ад таго, дзе (у межах слова ці па-за імі) знаходзіцца грамат. сродак; напр., «прачытае» — сінтэтычны спосаб выражэння грамат. значэння буд. часу, «буду чытаць» — аналітычны. У залежнасці ад таго, які спосаб пераважае ў пэўнай мове, мовы падзяляюцца на сінтэтычныя мовы і аналітычныя мовы. Бел. мова належыць да сінтэтычнага тыпу. Вакол аднаго грамат. значэння могуць групавацца розныя сродкі яго выражэння, утвараючы функцыянальна-грамат. палі. Напр., значэнне колькасці ў бел. мове перадаецца з дапамогай канчаткаў («сад — сады», «іду — ідуць»), лічэбнікаў («дзве сястры»), колькаснага займенніка і прыслоўя («некалькі бяроз», «многа клёнаў»), нумаралізаваных назоўнікаў («кошык грыбоў»), спец.сінтакс. канструкцыі («Камарэчы там — плойма!») і інш. Функцыянальна-грамат. поле мае свой цэнтр і перыферыю, будуецца па законах недакладнага мноства.
Адно з карэнных пытанняў грамат. ладу мовы — пытанне аб часцінах мовы, г.зн. аб размеркаванні ўсіх слоў лексікону па буйных грамат. разрадах. У залежнасці ад мэт вывучэння і апісання мовы граматыка ў мовазнаўстве падзяляецца на тыпы. Напр., навук.-апісальная граматыка адлюстроўвае грамат. лад мовы згодна з існуючай навук. канцэпцыяй. Нарматыўная граматыка вызначае, якія тыпы формаў і канструкцый суіснуюць у мове, і дае іх ацэнку з пазіцый правільнасці (гл.Норма моўная) або няправільнасці іх ужывання. Гістарычная граматыка падае сістэму мовы ў часе, апісваючы прычыны, працэсы і вынікі змянення моўных формаў. Параўнальная граматыка здзяйсняе сістэмнае супастаўленне і параўнанне фактаў розных моў у сінхронным ці дыяхронным (гіст.) плане. Тыпалагічная граматыка апісвае мову (ці мовы — як роднасныя, так і генетычна далёкія) у адпаведнасці з пэўнымі, тэарэтычна выпрацаванымі мадэлямі пабудовы натуральных моў або інш. знакавых сістэм.Структурная граматыка асн. ўвагу накіроўвае на аналіз функцый розных элементаў і іх сістэмныя сувязі. Трансфармацыйная граматыка мадэліруе мову як своеасаблівы механізм утварэння адзінак вышэйшых узроўняў (і тэксту ў цэлым) з пэўных зыходных элементаў па адпаведных правілах. Граматыка як частка мовазнаўства звязана з інш. яго галінамі — фанетыкай і фаналогіяй, лексікалогіяй і дэрываталогіяй (навука пра словаўтварэнне), фразеалогіяй, стылістыкай, а таксама з інш. філалагічнымі дысцыплінамі і інш. галінамі ведаў: логікай, псіхалогіяй, семіялогіяй і інш.
Распрацоўка грамат. тэорыі ў старажытнасці дасягнула высокага ўзроўню ў Індыі. Еўрап. традыцыі ў вывучэнні грамат. ладу моў бяруць пачатак у ант. навуцы, найперш звязанай з вытлумачэннем стараж. тэкстаў (паэм Гамера, біблейскіх паданняў). Асн. тэндэнцыяй у развіцці грамат. думкі ў Еўропе было паступовае вызваленне ад схем і ўяўленняў грэка-лац. навукі, пошук паняццяў і метадаў даследавання, якія б далі магчымасць адэкватна апісваць кожную канкрэтную мову. Значны ўклад у развіццё грамат. тэорыі зрабілі слав. вучоныя. Пачынальнікамі навук. распрацоўкі граматыкі бел. мовы былі Л.Зізаній, П.Шпілеўскі, К.Нядзведскі, І.Нядзёшаў, Я.Карскі, К.Каганец, Б.Пачобка, Б.Тарашкевіч, М.Булахаў і інш.
Літ.:
Кузнецов П.С. О принципах изучения грамматики. М., 1961;
Виноградов В.В. Русский язык: (Граммат. учение о слове). 2 изд. М., 1972;
Шуба П.П. Уводзіны ў граматыку беларускай мовы. Мн., 1962;
Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;
Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн., 1985—86;
Есперсен О. Философия грамматики: Пер. с англ.М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІМ,
горад, цэнтр Слонімскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Шчара пры ўпадзенні ў яе р. Іса. Чыг. ст. на лініі Баранавічы—Ваўкавыск; вузел аўтадарог на Баранавічы, Івацэвічы, Ружаны, Зэльву, Дзятлава. За 143 км ад Гродна. 51,6 тыс.ж. (2001).
Паводле археал. даследаванняў, горад узнік у 11 ст. на месцы невял. паселішча. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252. У 1254 уваходзіў у Галіцка-Валынскае княства. З 2-й пал. 13 ст. ў ВКЛ. З канца 13 ст. ў С. быў умацаваны замак (гл.Слонімскія замкі), вакол якога рос горад. Слонімская харугва прымала ўдзел у Грунвальдскай бітве 1410. Пасля Гарадзельскай уніі 1413 С. уключаны ў Трокскае ваяв. У 1531 С. атрымаў ад вял.кн. Жыгімонта 1 Старога самакіраванне паводле магдэбургскага права; пацверджана ў 1591 Жыгімонтам III (тады ж дадзены герб: залаты леў з падвойным сярэбраным крыжам на блакітным полі) і ў 1679 Янам III Сабескім, у 1776 скасавана. З 1560 належаў маршалку Р.Валовічу, з 1586 — канцлеру ВКЛ Л.Сапегу, з 1655 — князям Агінскім. У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 горад заняпаў. Яго эканам. ўздым звязаны з дзейнасцю слонімскага старосты Міхала Казіміра Агінскага, вял. гетмана літ., які ў 2-й пал. 18 ст. заснаваў тут сваю рэзідэнцыю, стварыў Слонімскую друкарню, Слонімскую капэлу Агінскага, Слонімскі тэатр Агінскага, пры якім працавалі Слонімская балетная школа, Слонімская музычная школа, пабудаваў Слонімскія мануфактуры дываноў (гл. ў арт.Слонімскія мануфактуры), Агінскі канал і інш. З 1795 С. у складзе Рас. імперыі, цэнтр Слонімскай губерні, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губерні, цэнтр Слонімскага павета. У вайну 1812 каля С. 20 кастр. адбыўся бой паміж рас. і франц. войскамі. У 1897 у С. 15 893 ж., 1312 жылых дамоў, у т. л. 333 мураваныя, 5 піваварных, 4 ганчарныя, 2 гарбарныя з-ды, 2 канатныя ф-кі, некалькі млыноў, 2-класнае павятовае вучылішча, прыходскае вучылішча, пачатковае яўр. вучылішча, прыватны жаночы пансіён, 2 царквы, 2 касцёлы, 7 сінагог, мячэць. У пач. 20 ст. адкрыты слонімскія гімназіі і Слонімскае рэальнае вучылішча. Вял. ролю ў развіцці прам-сці горада ў 19 — пач. 20 ст. адыгралі буйныя землеўладальнікі графы Пуслоўскія, якія ў прыгарадзе С. — Альбярціне адкрылі медную, дывановую, лесапільную мануфактуры, Альбярцінскую суконную фабрыку і інш. У 19 ст. створана Слонімская сядзіба «Альбярцін». У 1921—39 у складзе Польшчы, павятовы цэнтр Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Слонімскага раёна Баранавіцкай вобл. 26.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 42 тыс.чал., у т. л. ў С. больш за 10 тыс.чал. Дзейнічала Слонімская раённая антыфашысцкая арганізацыя. 10.7.1944 вызвалены войскамі 1-га Бел. фронту ў ходзе наступлення на Баранавіцка-Брэсцкім напрамку. З 8.1.1954 С. — цэнтр раёна Гродзенскай вобл., з 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1973—32,5 тыс.ж. З 1990 у С. працуе Слонімскі беларускі драматычны тэатр.
У 14—15 ст. фарміравалася забудова пасада, у С. было 9 цэркваў. У 16 ст. на месцы разбуранага замка пабудаваны драўляны палац, перад якім сфарміравалася гандл. плошча (цяпер вул. Першамайская), да якой сыходзіліся асн. вуліцы. У 17—18 ст. узведзены шэраг мураваных кляштараў, храмаў і інш. пабудоў, якія ўвайшлі ў сістэму абарончых умацаванняў: касцёл дамініканцаў, калегіум езуітаў (не захаваліся), кляштар бенедыкцінак, Слонімскі кляштар канонікаў латэранскіх, Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінак, Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, Слонімская сінагога, Слонімская капліца Дамініка, Слонімскі Андрэеўскі касцёл, аўстэрыя і ратуша (барока). З 2-й пал. 18 ст. забудова горада фарміравалася вакол звязаных паміж сабою плошчаў: гал. гандлёвай, перад касцёлам дамініканцаў (цяпер пл. Леніна) і перад сінагогай. Вуліцы (пераважна брукаваныя) накіраваны да гандл. плошчы. У 19 ст. распрацаваны праекты перапланіроўкі С., якія прадугледжвалі захаванне гіст. планіровачнай структуры горада. Паводле іх пабудаваны 2—3-павярховыя цагляныя дамы ў цэнтры горада. Захаваліся фрагменты характэрнай для пач. 18 — пач. 20 ст. жылой забудовы, гар. асабнякі 19—20 ст. У стылі мадэрн — Слонімскага вакзала будынак, банк. У пас. Фабрычны (уключаны ў межы горада) — Слонімская сядзіба «Альбярцін». Сучасны горад размешчаны абапал р. Шчара. Генпланы С. распрацаваны ў 1963 (ін-т «Белдзяржпраект», арх. Л.Васільеў, С.Мамаева, карэкціроўка 1966) і 1973 (Мінскі філіял ЦНДІПгорадабудаўніцтва, арх. А.Агафонава, карэкціроўка БелНДІПгорадабудаўніцтва 1987, арх. Т.Татарынцава). У 1980 зроблены праект дэталёвай планіроўкі цэнтра (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Татарынцава). Паводле генплана 1999 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. У.Ісачанка, Татарынцава, Ю.Чантурыя, пры ўдзеле арх. А.Пархуты, У.Казырновіча) гар. тэрыторыі пашыраюцца на Пд і ПдЗ, ствараецца новы грамадскі цэнтр. Зона адпачынку — р. Шчара, канал Агінскага з паркам, парк у пас. Фабрычны, воз. Лабазоўка.
Працуюць акц.т-ва «Слоніммэбля», Слонімскі кардонна-папяровы завод, Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка, Слонімская фабрыка мастацкіх вырабаў, ф-ка «Гасцінічная мэбля», вінзавод, камбінат быт. абслугоўвання і інш.; 10 сярэдніх і базавая (санаторна-лясная) школа, муз. школа, 7 б-к, раённы Дом культуры, Слонімскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, помнік Вызваліцелям. У наваколлі горада 3 магілы і могілкі яўрэяў — ахвяр фашызму.
Літ.:
Мелешко В.И. Слоним: Ист. очерк. Мн., 1962;
Караткевіч В.Б., Кулагін А.М. Помнікі Слоніма. Мн., 1983;
Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням.Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯЛЯ́НСТВА (ад бел. селянін — жыхар сяла, вёскі),
традыцыйная сац. група непасрэдных с.-г. вытворцаў, якія вялі гаспадарку сіламі сваёй сям’і, уласнымі прыладамі і цяглавай сілай на сваёй або арандаванай зямлі; карысталіся пэўнымі правамі і неслі абавязкі (павіннасці); мелі ўласцівыя ім псіхал. рысы: прыхільнасць да традыцыі ў вытв-сці, побыце, свядомасці, схільнасць да мясц. замкнутасці і г.д. Ва ўсіх дакапіталіст. і раннекапіталіст. грамадствах С. складала асн. частку насельніцтва і аказвала значны ўплыў на іх гісторыю. З прагрэсам вытв. сіл і развіццём грамадскага падзелу працы сяляне ўцягваліся ў сац.-эканам. сувязі, што ствараліся таварна-грашовымі адносінамі, і падвяргаліся сац. расслаенню. З іх асяроддзя ў значнай ступені сфарміраваліся класы гар. наёмных работнікаў і прадпрымальнікаў. З глыбокай старажытнасці існаваў комплекс сац.-эканам. і паліт. праблем, звязаных з сял.землекарыстаннем і землеўладаннем і канфліктамі паміж С. і інш. катэгорыямі землекарыстальнікаў (землеўладальнікаў) — т.зв. аграрнае пытанне. Для яго вырашэння на працягу ўсёй гісторыі дзярж. формы грамадства праводзіліся і праводзяцца шматлікія аграрныя рэформы, якія ў залежнасці ад таго, якія сац.-паліт. сілы іх праводзяць, маюць розны змест і па-рознаму адбіваюцца на лёсах сялян. У развітым рыначным грамадстве С. — адносна нешматлікі сац. слой (напр., у с.-г. вытв-сці Германіі ў 1990-я г.было занята 6% працаздольнага насельніцтва, Нідэрландаў — 4%, Вялікабрытаніі — 1,2%). У адных з гэтых краін амаль завершаны, у інш. працягваецца працэс замены традыц.сял. гаспадарак на чыста капіталіст. фермерскія і памяншэння колькасці С. У краінах, што развіваюцца, эвалюцыя С. ўскладнена агульнай адсталасцю сац.-эканам. развіцця. Тут, як і раней, С. складае большую ч.эканам. актыўнага насельніцтва (у 1990-я г. ў Індыі 65%, Кітаі 60%, Кеніі каля 80% і г.д.), адыгрывае значную ролю ў эканам. і грамадска-паліт. жыцці. З разбурэннем пазямельнай абшчыны С. розных краін здаўна аб’ядноўваецца ў пэўныя формы с.-г.кааперацыі. У СССР фарсіраванае каапераванне сельскай гаспадаркі адбывалася ў выглядзе калектывізацыі. З развіццём індустрыялізацыі колькасць сельскага насельніцтва тут значна паменшылася (34% у 1987). У б. рэспубліках СССР з ліквідацыяй сацыяліст.эканам. і грамадскіх адносін далейшы лёс фактычна рассяляненага сельскага насельніцтва залежыць ад шляхоў і поспеху праводзімых рыначных рэформ.
Як грамадскі клас С. складвалася на аснове аддзялення рамяства ад земляробства пры распадзе першабытнага грамадства і ўсталяванні прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці. На тэр. Беларусі гэты працэс адбываўся ў канцы 1-га — пач. 2-га тыс.н.э. З развіццём феадалізму С. разам з феадаламі складала адзін з 2 асн. класаў грамадства. У ВКЛ, куды з 13—14 ст. уваходзіла Беларусь, сяляне знаходзіліся ў эканам. і юрыд. залежнасці ад дзяржавы, свецкіх феадалаў і рэліг. устаноў, зямлёй якіх яны карысталіся, выконваючы за гэта пэўныя павіннасці (паншчына, аброк, чынш і інш.). У 15—16 ст. сфарміравалася прыгоннае права і розныя катэгорыі феад. залежных сялян (людзі «пахожыя», людзі «непахожыя», отчычы, закупы і інш.) ператварыліся ў адзінае саслоўе прыгонных сялян, якія фактычна з’яўляліся ўласнасцю феадалаў. У апошняй чвэрці 18 ст. на Беларусі дзяржава валодала 24,6% сял. гаспадарак, свецкія феадалы — 65%, царква — 10,4%. З далучэннем бел. зямель да Рас. імперыі (1772—95) становішча С. істотна не змянілася. Пасля сялянскай рэформы 1861, якая скасавала прыгоннае права, пачаўся працэс класавай дыферэнцыяцыі С. на сельскую буржуазію (кулацтва) і сельскі пралетарыят, пераважна з надзелам. Грамадз. правы С. заставаліся істотна абмежаванымі, яно несла асн. цяжар падаткаў і вайсковай павіннасці. У 1897 сельскае насельніцтва Беларусі (пераважна С.) складала 5774 тыс.чал. (86,5% усяго насельніцтва). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 прыватная ўласнасць на зямлю скасавана, частка канфіскаванага памешчыцкага і інш. буйнога землеўладання размеркавана сярод беззямельных і малазямельных сялян.
Калектывізацыя 1930 — пач. 50-х г., якая суправаджалася раскулачваннем, спрыяла ўтварэнню якасна новай сац.-класавай групы — калгаснага С. У выніку індустрыялізацыі і працэсаў урбанізацыі колькасць сельскага насельніцтва (пераважна сялян-калгаснікаў і блізкіх да іх рабочых саўгасаў) увесь час скарачалася. У 1939 яно складала 7057 тыс.чал. (79,2% усяго насельніцтва), у 1959—5575 тыс. (69,2%), у 1979—4297 тыс. (44,9%), у 1999—3084 тыс. (30,7%). З б. сялян паходзіць асн. маса сучасных рабочых, служачых, інтэлігенцыі. З пач. 1990-х г. адбываецца рэфармаванне і пераўтварэнне калгасаў і саўгасаў на аснове прынцыпаў рыначнай эканомікі праз стварэнне на іх базе калектыўна-долевых сельгаспрадпрыемстваў, акц. т-ваў і інш. новых фарміраванняў, што аб’ектыўна вядзе да далейшага скарачэння колькасці занятага ў іх С. Фарміруецца сац. слой індывід.с.-г. прадпрымальнікаў — фермерства (гл.Фермерская гаспадарка), якое выкарыстоўвае працу наёмных с.-г. рабочых.
Літ.:
Сказкин С.Д. Очерки по истории западноевропейского крестьянства в средние века. М., 1968;
Аграрный вопрос и роль крестьянства в развивающихся странах // Проблемы мира и социализма. 1978. № 12;
Классы и сословия средневекового общества. М., 1988;
История крестьянства России с древнейших времен до 1917 г.: В 5 т. Т. 1—3. М., 1987—93;
Фридман М.Б. Отмена крепостного права в Белоруссии. Мн., 1958;
Победа колхозного строя в Белорусской ССР. Мн., 1981;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990;
Сарокін А.М. На ростанях айчыннай гісторыі: Бел. вёска: Ад Дэкрэта да Кодэкса аб зямлі (1917—1990-я гг.). Мн., 1999.
вышэйшы орган дзярж. улады БССР з 1.1 да 2.2.1919. Сфарміраваўся ў ходзе нац.-дзярж. самавызначэння Беларусі ў форме суверэннай сав. рэспублікі. Паліт., эканам. і ідэалаг. асновы яго дзейнасці склалі ідэі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, Дэкларацыі правоў народаў Расіі, Дэкларацыі правоў працоўнага і эксплуатуемага народа. Яго перадумовай стала пастанова канферэнцыі бел. секцый РКП(б) (21—23.12.1918, Масква) аб неабходнасці абвяшчэння Беларусі рэспублікай і стварэння Рабоча-сял. ўрада. Выбранаму для гэтага канферэнцыяй Цэнтр. бюро бел. секцый было даручана аб’яднаць намаганні камуністаў у справе будаўніцтва нац. дзяржавы.
Пра рашэнні канферэнцыі стала вядома ЦК РКП(б), СНК і ВЦВК РСФСР, якія вылучылі спец. прадстаўнікоў для абмеркавання гэтых праблем з дзеячамі Беларусі. На фарміраванне бел. ўрада ўплывалі абмежаваны час для пошуку неабходных кандыдатур, недаацэнка нац. пытання Аблвыкамзахам (кіруючы орган Заходняй вобласці, у якую ўваходзіла Беларусь), пэўны паліт. недавер з боку Аблвыкамзаха да членаў Беларускіх секцый РКП(б) і Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома). Пытанні колькаснага і персанальнага складу бел. ўрада, яго функцый, структуры 25.12.1918 абмяркоўваліся ў Маскве наркомам па справах нацыянальнасцей І.В.Сталіным з прадстаўнікамі Цэнтр. бюро бел. секцый, к-та Маск. бел. секцыі РКП(б), супрацоўнікамі Белнацкома, 27.12.1918 — з кіруючымі асобамі Аблвыкамзаха А.Ф.Мясніковым і М.І.Калмановічам. На апошняй сустрэчы разглядаліся таксама т.зв. «Шэсць умоў тав. Сталіна па стварэнні БССР і Кампартыі Беларусі», сутнасць якіх — імкненне аўтара да аўтанамізацыі нярускіх нац. рэспублік. VI Паўн.-Зах.абл. канферэнцыя РКП(б) [гл.Першы з’езд КП(б)Б], якая прыняла рашэнне аб утварэнні БССР, даручыла абранаму на ёй Цэнтральнаму БюроКП(б)Б [КП(б)Б] правесці арганізац. работу па зацвярджэнні членаў урада. Яго колькасны склад не раз мяняўся (15, 17 і, нарэшце, 19 чал.). Ад Бел. секцый РКП(б) і Белнацкома ва ўрад увайшло 7 чал., ад Аблвыкамзаха — 12. Старшыня ўрада — З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), камісары: замежных спраў У.С.Фальскі, нацыянальнасцей Ф.Г.Шантыр, нар. асветы А.Р.Чарвякоў, ваен. спраў Мяснікоў, фінансаў І.І.Рэйнгольд, харчавання Калмановіч, земляробства А.А.Андрэеў, унутр. спраў С.В.Іваноў, працы І.Л.Дыла, сац. забеспячэння Дз.С.Чарнушэвіч, аховы здароўя І.І.Пузыроў, поштаў і тэлеграфаў К.Ф.Разенталь, шляхоў зносін І.П.Савіцкі, юстыцыі А.І.Квачанюк, дзярж. кантролю С.І.Берсан, старшыні Савета нар. гаспадаркі (СНГ) Р.В.Пікель, Цэнтрапленбежа Р.П.Найдзёнкаў, Надзвычкома В.І.Яркін; кіраўнік спраў урада В.Г.Кнорын, сакратары А.М.Антанікоўскі і Г.Д.Антонаў. На пасяджэнні ўрада абраны яго Прэзідыум з 3 чал.: Жылуновіч (старшыня), Мяснікоў, Калмановіч. Упершыню поўны склад урада надрукаваны 15.1.1919 у газ. «Звезда». Друкаваным органам урада стала газ. «Весткі Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі», якая выдавалася на бел., рус., польск. і яўр. (ідыш) мовах. 1.1.1919 Жылуновіч, Мяснікоў, Рэйнгольд, Чарвякоў, Іваноў падпісалі Маніфест Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. Гэты дзень стаў днём нараджэння БССР і яе ўрада. Маніфест дэклараваў паліт., эканам. і сац. асновы новай краіны, ануляваў пастановы, дагаворы, загады і распараджэнні акупац. улад, абвясціў па-за законам Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. утвораную 18.3.1918. Адным з гал. кірункаў эканам. палітыкі ўрад абвясціў нацыяналізацыю памешчыцкіх, манастырскіх і царк. зямель, пераход да дзяржавы лясоў, чыгункі, поштаў і тэлеграфаў, фабрык, заводаў, банкаў; устанаўліваў 8-гадзінны рабочы дзень. Маніфест абнародаваны ў газ. «Звезда» (3.1.1919), «Жизнь национальностей» (5.1.1919), «Известия Витебского Совета» (10.1.1919). Усе пасяджэнні ўрада адбываліся ў Мінску: 7, 11, 16, 17, 21 і 27.1.1919. З-за розных поглядаў Жылуновіча і Мяснікова [з 1.1.1919 старшыня ЦБКП(б)Б, з 21.1.1919 старшыня Ваенна-рэв. Савета БССР] на асаблівасці самавызначэння Беларусі, узаемаадносіны ўрада і парт. кіраўніцтва, некат. кадравыя пытанні Масква прызначыла ўпаўнаважаных пры ўрадзе і ЦБКП(б)Б — Д.Ю.Гопнера ад СНК РСФСР і А.А.Іофе ад ЦК РКП(б). З гэтага моманту Сталін адышоў на 2-і план. Інтарэсы ўрада ў СНК РСФСР прадстаўляў Белнацком. Незалежнасць Беларусі як дзяржавы ВЦВК РСФСР прызнаў толькі 31.1.1919. У ліку першых дзярж. актаў урада былі пастановы аб дзейнасці ў пераходны перыяд дэкрэтаў і пастаноў РСФСР (10.1.1919), пераходзе ўлады ў БССР у рукі Часовага ўрада, скасаванні Аблвыкамзаха і Мінскага губрэўкома (19.1.1919).
Значную ўвагу ўрад аддаваў крыніцам фарміравання бюджэту і яго размеркаванню. Крыніцы заставаліся тыя, што існавалі ў губернскіх бюджэтаў: адлічэнні ад усіх відаў падаткаў, пазыкі. Пры ўрадзе дзейнічала спец. бюджэтна-фін. камісія з прадстаўнікоў камісарыятаў фінансаў, унутр. спраў, дзярж. кантролю для дакладнага і справядлівага размеркавання грошай. Для аднаўленчых работ Беларусі патрэбен быў крэдыт у суме 25 млн.руб., але атрымала яна толькі 10 млн. Ажыццявіць значную працу ў агр. сектары ўрад не змог з-за адхілення членамі ЦБКП(б)Б 2.1.1919 тэзісаў Андрэева па зямельным пытанні, у якіх прапаноўваўся план эвалюц. пераходу ад прыватнай да калектыўнай форм зямельнай уласнасці. Камісарыят земляробства арганізаваў закупку насення ў цэнтры Расіі да сяўбы, зацвердзіў цэны на лясныя матэрыялы, што адпускаліся насельніцтву, накіраваў цыркуляр губернскім аддзелам рэспублікі і павятовым зямельным аддзелам Мінскай губ. пра парадак выканання законаў урадаў РСФСР і БССР, распараджэнняў Камісарыята земляробства БССР і абскарджання рашэнняў зямельных органаў. Камісарыят харчавання разгледзеў пытанні аб зняцці перашкод на ўвоз у Мінск і Мінскую губ.харч. прадуктаў, арганізацыі Мінскага харч.к-та і каап. камісіі пры камісарыяце. Камісарыят асветы ўстанавіў сувязі з Наркаматам асветы РСФСР у пазашкольнай адукацыі, прааналізаваў звесткі пра колькасць школ і вучняў у Бабруйскім, Барысаўскім, Ігуменскім, Рэчыцкім, Мазырскім, Пінскім, Слуцкім, Навагрудскім, Слонімскім, Ашмянскім, Вілейскім, Свянцянскім пав., выдаткаваў сродкі на заснаванне ў Мінску і губ. цэнтрах рэспублікі бел.сав.тэатр. устаноў. Камісарыят па справах нацыянальнасцей 30.1.1919 надрукаваў паведамленне аб рэгістрацыі дзярж. і грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць па сваёй сутнасці нац. характар. Камісарыят поштаў, тэлеграфаў і тэлефонаў 16.1.1919 паведаміў пра аднаўленне паштовай і тэлеграфнай сувязі з Баранавічамі і інш. гарадамі зах. часткі Беларусі. СНГ прыняў пастановы аб нацыяналізацыі прам-сці, рэарганізацыі ляснога аддзела СНГ, стварэнні часовай камісіі пры СНГ па абследаванні і арганізацыі вінакурнай прам-сці, перадачы сыраварных і масларобчых устаноў з падпарадкавання Камісарыяту земляробства ў распараджэнне СНГ. Наркамат юстыцыі ажыццяўляў кантроль за нарматворчай дзейнасцю ўрада і яго камісарыятаў, 20.1.1919 ён даслаў у Камісарыят поштаў, тэлеграфаў і тэлефонаў ліст аб неабходнасці накіравання дэкрэтаў і пастаноў прынцыповага характару на папярэдняе рэдагаванне ў аддзел заканадаўчых пастаноў і кадыфікацыі пры Камісарыяце юстыцыі БССР. Урад узначаліў БССР у межах Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Гродзенскай і Смаленскай губ.ЦК РКП(б) без папярэдніх кансультацый з прадстаўнікамі Беларусі 16.1.1919 прыняў пастанову пра аддзяленне ад БССР Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губ. У сувязі з гэтым 22.2.1919 Жылуновіч, Квачанюк, Чарнушэвіч, Дыла, Шантыр, Фальскі, Чарвякоў і Пузыроў накіравалі ўпаўнаважанаму ЦК РКП(б) Іофе пісьмо-пратэст. Намаганні ўрада былі падтрыманы членамі ЦБКП(б)Б. Масква ў асобе старшыні ВЦВК Свярдлова пацвердзіла сваё рашэнне і паведаміла пра хуткае аб’яднанне БССР з Літоўскай сав. рэспублікай.
З Часовага рабоча-сял.сав. ўрада Беларусі бяруць пачатак сучасныя рэсп. мін-вы і к-ты: фінансаў, адукацыі, сац. абароны, сельскай гаспадаркі і харчавання, аховы здароўя, працы, юстыцыі, унутр. спраў, па справах нацыянальнасцей, дзярж. кантролю, сувязі і інш. Канфрантацыя ЦБКП(б)Б з урадам вылілася ў намаганні ЦБ прыняць 20.1.1919 новую структуру бел. ўрада. З 18 камісарыятаў павінны былі застацца 7, астатнія пераўтвараліся ў аддзелы, Спробу ЦБКП(б)Б рэстаўрыраваць Аблвыкамзах не падтрымалі ЦК РКП(б) і СНК РСФСР. Часовы рабоча-сял.сав. ўрад спыніў існаванне ў перыяд работы Першага Усебеларускага з’езда Саветаў (2—3.2.1919, Мінск), які прыняў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919 і выбраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР.
Літ.:
Каменская Н.В. Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя і ўтварэнне БССР. Мн., 1954;
Куличенко М.И. Борьба Коммунистической партии за решение национального вопроса в 1918—1920 гг. Харьков, 1963;
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 2]. Мн., 1979;
Яго ж. История Беларуси: становление нац. державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Ладысеў У.Ф. Брыгадзін П.І. На пераломе эпох: станаўленне бел. дзяржаўнасці (1917—1920 гг.). Мн., 1999;
Круталевіч В.А., Юхо І.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917—1945 гг.). 2 выд.Мн., 2000;
Сташкевич Н.С. Советская Белоруссия;
история возникновения // К единому государству: о создании рос.-бел. Союзного гос-ва. М., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Рэспубліка Беларусь на міжнароднай арэне
Фарміраванне асноў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы на актывізацыю знешнепаліт. дзейнасці і пашырэнне міжнар. сувязей рэспублікі ў пасляваен. дзесяцігоддзі, пэўную эвалюцыю іх зместу і форм, яны не падняліся на якасна новую ступень, а іх узровень і практычныя вынікі не адпавядалі эканам., навукова-тэхн. і культурнаму патэнцыялу Беларусі, запатрабаванням яе сац.-эканам. і культурнага развіцця. Артыкул 28 Канстытуцыі БССР 1978 зацвердзіў, што рэспубліка «ў знешнепалітычнай дзейнасці кіруецца мэтамі, задачамі і прынцыпамі знешняй палітыкі СССР, вызначанымі Канстытуцыяй СССР». Канстытуцыя СССР 1977 адносіла да кампетэнцыі Саюза ССР устанаўленне агульнага парадку і каардынацыю адносін саюзных рэспублік з замежнымі дзяржавамі і міжнар. арг-цыямі, прадстаўніцтва СССР у міжнар. адносінах, сувязі СССР з замежнымі дзяржавамі і міжнар. арг-цыямі, знешні гандаль і інш. віды знешнеэканам. дзейнасці на аснове дзярж. манаполіі. Закон СССР аб парадку заключэння, выканання і дэнансацыі міжнар. дагавораў 1978 канкрэтызаваў і пашырыў паўнамоцтвы саюзных рэспублік у рэалізацыі міжнар.-прававой кампетэнцыі Саюза ССР. Але ўвогуле прававыя асновы нац.-дзярж. будаўніцтва СССР у галіне міжнар. дзейнасці, закладзеныя ў 1944, закансерваваліся ў пасляваен. перыяд, не былі дапоўнены неабходнымі юрыд., палітыка-дыпламат. і арганізац.-практычнымі мерапрыемствамі. Пэўнае ажыўленне знешнепаліт. дзейнасці Беларусі адбылося ў час перабудовы. Гэта выявілася найперш у актывізацыі замежных сувязей з Польшчай і інш. дзяржавамі, развіцці знешнегандл., культурных і гуманітарных кантактаў з зах. краінамі, пастаноўцы Чарнобыльскай праблемы на форуме нацый, развіцці міжпарламенцкіх сувязей, павароце да бел. эміграцыі, дыпламат. намаганнях, скіраваных на рэалізацыю нац. інтарэсаў бел. народа. На міжнар. арэне БССРне выступала як самастойны суб’ект еўрап. і сусв. палітыкі, не набыла міжнар.-прававога прызнання як суверэнная і незалежная дзяржава. Рэспубліка не мела дыпламат. адносін ні з адной дзяржавай свету, а яе прадстаўніцтвы пры міжнар. арг-цыях фактычна з’яўляліся філіяламі агульнасаюзных прадстаўніцтваў. Толькі дасягненне рэальнага суверэнітэту адкрыла перад Беларуссю перспектыву ўваходжання ў сусв. супольнасць дзяржаў і правядзення знешняй палітыкі ва ўласных нац. інтарэсах.
Пасля абвяшчэння незалежнасці 25.8.1991 і дэнансацыі Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь 10.12.1991 Саюзнага дагавора Беларусь выйшла на міжнар. арэну ў дзвюх якасцях: як новая незалежная дзяржава і як еўрап. краіна, якая мае глыбокія гістарычныя традыцыі дзяржаўнасці і знешняй палітыкі. Рэспубліка Беларусь з’яўляецца спадкаемніцай дзяржаў, што існавалі на тэр. Беларусі. З набыццём незалежнасці пачаўся новы перыяд у гісторыі бел. дзяржаўнасці і знешнепаліт. дзейнасці Беларусі. Ён вызначаецца станаўленнем знешняй палітыкі і дыпламатыі Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з Дэкларацыяй аб дзярж. суверэнітэце, актамі аб самаліквідацыі СССР і ўтварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) Вярх. Савет і ўрад Рэспублікі Беларусь заявілі аб будаўніцтве незалежнай дзяржавы і правядзенні самаст. унутранай і знешняй палітыкі. Канстытуцыя краіны замацавала абавязацельствы дзяржавы зыходзіць у сваёй знешняй палітыцы з агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнар. права, якія абвешчаны прыярытэтнымі над нац. заканадаўствам. Канстытуцыйную сілу набылі палажэнні Дэкларацыі аб дзярж. суверэнітэце аб ператварэнні Беларусі ў нейтральную краіну і бяз’ядзерную зону.
Канстытуцыйна-прававую базу бел. знешняй палітыкі складалі: Дэкларацыя Вярх. Савета БССР «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі» ад 27.7.1990, Заява Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь «Аб прынцыпах знешнепаліт. дзейнасці Рэспублікі Беларусь» ад 3.10.1991, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прынятая 15.3.1994, змененая і дапоўненая 24.11.1996, Канцэпцыя нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь, зацверджаная Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у ліп. 2001 (1-я рэдакцыя 1995), Ваен. дактрына Рэспублікі Беларусь, зацверджаная Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у студз. 2002 (1-я рэдакцыя 1992), інш. дакументы, прынятыя Прэзідэнтам, Вярх. Саветам і Нац. сходам Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць дзейнасць дзярж. органаў улады ў галіне знешняй палітыкі, а таксама агульнапрызнаныя прынцыпы і нормы міжнар. права, зафіксаваныя ў Статуце ААН, Хельсінкскім Заключным акце, Парыжскай хартыі для новай Еўропы і інш. дакументах АБСЕ. У адрозненне ад большасці замежных дзяржаў у Рэспублікі Беларусь пакуль што няма афіцыйна прынятай канцэпцыі знешняй палітыкі. У пач. 21 ст. сфарміраваліся асн. прынцыпы бел. знешняй палітыкі, да якіх адносяцца: адпаведнасць знешнепаліт. мэт нац. рэсурсам, прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнар. права, развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва з замежнымі дзяржавамі і міжнар. арг-цыямі, добраахвотнасць уваходжання і ўдзелу ў міждзярж. утварэннях, адданасць палітыцы паслядоўнай дэмілітарызацыі міжнар. адносін, адсутнасць тэр. прэтэнзій да памежных дзяржаў і непрызнанне тэр. прэтэнзій да Рэспублікі Беларусь. Стратэгічныя мэты знешняй палітыкі Беларусі: абарона суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы, абарона інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы, захаванне бяз’ядзернага статуса. Сярод асн. задач бел. знешняй палітыкі: стварэнне знешніх умоў для павышэння дабрабыту народа, умацавання паліт., эканам., культурнага і духоўнага патэнцыялу дзяржавы; раўнапраўная інтэграцыя Беларусі ў сусв.паліт., эканам., навук., культурную і інфармацыйную прастору; садзейнічанне пабудове стабільнага, справядлівага, дэмакр. светапарадку, заснаванага на прынцыпах міжнар. права; фарміраванне добрасуседскіх адносін з памежнымі дзяржавамі; абарона правоў і інтарэсаў грамадзян Беларусі за мяжой. Асн. прыярытэтныя кірункі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь: развіццё ўзаемавыгадных адносін з Рас. Федэрацыяй; развіццё стабільных адносін з Еўрап. Саюзам і дзяржавамі — яго ўдзельніцамі; умацаванне супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД; удзел у Еўразійскім эканам. супольніцтве; падтрыманне і развіццё сяброўскіх адносін з суседнімі дзяржавамі; развіццё сяброўскіх адносін з усімі еўрап. дзяржавамі з мэтай дасягнення Беларуссю статуса раўнапраўнага ўдзельніка агульнаеўрап. інтэграцыйных працэсаў; развіццё раўнапраўных адносін з ЗША; развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з дзяржавамі Азіі (у першую чаргу з Кітаем, Індыяй, Японіяй), арабскага свету, Афрыкі; павышэнне ўзроўню паліт. і эканам. супрацоўніцтва з краінамі Лац. Амерыкі; садзейнічанне ўмацаванню кансалідуючай ролі ААН на глабальным і рэгіянальным узроўнях; удзел Беларусі ў шматбаковым супрацоўніцтве як фактару інтэграцыі краіны ў сусв. супольніцтва; развіццё шматбаковага супрацоўніцтва па пытаннях міжнар. бяспекі і раззбраення, прадухілення і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; супрацоўніцтва з НАТО па пытаннях мер даверу і бяспекі ў ваен. сферы, забеспячэнне еўрап. бяспекі і стабільнасці, барацьбы з тэрарызмам, нелегальнай міграцыяй, аховы граніц, нац. бяспекі; падтрымка асн. падыходаў Руху недалучэння да праблем усеаг. і рэгіянальнай бяспекі, да выраўноўвання базавых умоў развіцця краін незалежна ад іх эканам. патэнцыялу.
Са снеж. 1991 пачаўся працэс міжнар. прызнання Рэспублікі Беларусь. Першымі дзяржавамі свету, якія прызналі незалежнасць Беларусі і ўстанавілі з ёй дыпламат. адносіны, былі Украіна і ЗША (27 і 28.12.1991 адпаведна). На працягу 1992 адбылося поўнае міжнар. прызнанне Рэспублікі Беларусь. На 1.7.2003 яна мела дыпламат. адносіны са 156 дзяржавамі свету. Краіну за мяжой прадстаўляюць 53 дыпламат. прадстаўніцтвы ў 46 краінах свету, у т. л. 44 пасольствы, 2 пастаянныя прадстаўніцтвы пры міжнар. арг-цыях, 6 ген. консульстваў, 1 консульства; 10 бел. паслоў акрэдытаваны па сумяшчальніцтве ў 16 краінах. За мяжой таксама функцыянуюць 12 аддзяленняў пасольстваў Беларусі: 10 у рэгіёнах Рас. Федэрацыі, 1 у Боне (Германія), 1 у Алматы (Казахстан). На Беларусі дзейнічаюць 34 пасольствы, 13 консульскіх устаноў, 12 прадстаўніцтваў міжнар. арг-цый, у т. л. Выканаўчы к-т і Эканам. суд СНД; па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь акрэдытавана 80 паслоў замежных дзяржаў. Значна пашырылася дагаворна-прававая база міжнар. адносін Беларусі з замежнымі краінамі і міжнар. арг-цыямі. На 1.7.2003 Беларусь ажыццяўляе выкананне 2701 міжнар. дагавора, з іх 1378 двух- і 1323 шматбаковыя; падпісана 47 інвестыцыйных і 76 гандл.-эканам. пагадненняў. Беларусь значна пашырыла свой удзел у міжнар. універсальных і рэгіянальных арг-цыях.
У пач. 1990-х г. прыярытэтнымі кірункамі знешняй палітыкі Беларусі з’яўляліся: умацаванне рэальнага суверэнітэту і незалежнасці, супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД у развіцці паліт. і эканам. інтэграцыі на постсав. прасторы, наладжванне добрасуседскіх адносін з суседнімі дзяржавамі, ператварэнне краіны ў бяз’ядзерную і нейтральную дзяржаву, «вяртанне ў Еўропу» і развіццё сувязей з краінамі Захаду, міжнар. дапамога ў ліквідацыі вынікаў Чарнобыльскай катастрофы 1986. Да сярэдзіны 1990-х г. па гэтых кірунках дасягнуты значныя вынікі. Беларусь зрабіла істотны ўклад ва ўмацаванне міжнар. бяспекі ў галіне ядзернага раззбраення і кантролю над узбраеннямі. Яна атрымала ў спадчыну ад СССР самую вышэйшую ў свеце канцэнтрацыю ваенных: 1 ваенны на 43 цывільныя асобы. Спатрэбілася шмат сіл і сродкаў для скарачэння арміі са 160 да 80 тыс.чал. У адпаведнасці з Дагаворам аб звычайных узбр. сілах у Еўропе (ДЗУСЕ), да якога дзяржава далучылася ў 1992, Беларусь знішчыла каля 10% узбраенняў і тэхнікі, ліквідаваных усімі 30 дзяржавамі — удзельніцамі ДЗУСЕ. Да канца 1996 Беларусь выканала ўмовы дагавора, што патрабавала ад яе значных фін. сродкаў. У сувязі з гэтым у 1995 рэалізацыя ДЗУСЕ была часова прыпынена. Беларусь стала першай краінай, якая ратыфікавала Пагадненне аб адаптацыі ДЗУСЕ у 2000. У 1992 за межы краіны была выведзена тактычная ядзерная зброя. У 1993 бел. парламент ратыфікаваў Дагавор аб стратэгічных наступальных узбраеннях (СТАРТ-1) і Лісабонскі пратакол 1992, які прадугледжвае далучэнне Беларусі да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ў якасці няядзернай дзяржавы. У 1993 Рэспубліка Беларусь падпісала Канвенцыю аб забароне хім. зброі, у 1996 — Дагавор аб усеаг. забароне выпрабаванняў ядзернай зброі. У ліст. 1996 з тэр. Беларусі выведзена стратэгічная ядзерная зброя і яна дэ-факта стала бяз’ядзернай дзяржавай. Паслядоўная палітыка Беларусі ў сферы ядзернага раззбраення атрымала высокае міжнар. прызнанне. Яна з’яўляецца ўдзельнікам усіх асноўных дамоўленасцей у галіне нераспаўсюджвання: Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, Канвенцыі аб забароне хім. зброі, Канвенцыі аб забароне біял. і таксічнай зброі, Дагавора аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў; у 1995 падпісала пагадненне аб гарантыях з МАГАТЭ. Прыняцце Беларусі ў Групу ядзерных пастаўшчыкоў у 2000 засведчыла поўную адпаведнасць бел. сістэмы экспартнага кантролю міжнар. нормам. У 2002 Беларусь стала ўдзельніцай Гаагскага кодэкса паводзін па прадухіленні распаўсюджвання балістычных ракет. У 1998 на 53-й сесіі Ген. Асамблеі па ініцыятыве бел. дэлегацыі прынята рэзалюцыя «Рэгіянальнае раззбраенне», у якой ухвалена бел. прапанова аб стварэнні ў Цэнтр. і Усх. Еўропе прасторы, свабоднай ад ядзернай зброі. У 2002 на 57-й сесіі Ген. Асамблеі Беларусь стала ініцыятарам праекта рэзалюцыі «Забарона распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння і новых сістэм такой зброі», прынятай без галасавання. У рамках Венскага дакумента 1999 перагавораў па мерах умацавання даверу і бяспекі (МДБ) у 2001 дасягнута паліт. дамоўленасць аб дадатковых МДБ з Літвой, падпісана міжурадавае пагадненне аб дадатковых МДБ з Украінай. У 2004 былі дасягнуты аналагічныя паліт. дамоўленасці з Латвіяй (4.3.2004) і Польшчай (21.7.2004). У 2001 Беларусь ратыфікавала Дагавор аб адкрытым небе. З 1994 бел. кіраўніцтва выступала супраць пашырэння НАТО на Усход і прасоўвання блока да межаў Беларусі, бо лічыла гэта вялікай гіст. памылкай Захаду; заяўляла, што існаванне НАТО пасля распаду Варшаўскага дагавора не выклікана гіст. неабходнасцю, і прапаноўвала альянсу самараспусціцца ці сур’ёзна рэфармавацца. Беларусь выступае за стварэнне сістэмы еўрап. бяспекі без падзяляльных граніц і пры ўмацаванні каардынуючай ролі АБСЕ.
Пасля абрання ў ліп. 1994 прэзідэнтам дзяржавы А.Р.Лукашэнкі пачаўся новы этап у гісторыі суверэннай Беларусі і яе знешняй палітыкі. Значна зменены знешнепаліт. дактрына і механізм распрацоўкі і рэалізацыі бел. знешняй палітыкі. У 1995 Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь сфармуляваў наступныя знешнепаліт. прыярытэты дзяржавы: умацаванне суверэнітэту краіны; узмацненне шматбаковага і двухбаковага супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД пры паглыбленні адносін з Расіяй; развіццё адносін з дзяржавамі Захаду, у т. л.Цэнтр. і Усх. Еўропы; стварэнне спрыяльных умоў для супрацоўніцтва з міжнар. арг-цыямі. У канцы 1990-х г. быў абвешчаны курс на шматвектарную знешнюю палітыку, што праявілася ў актывізацыі сувязей з дзяржавамі Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі і ўступленні Беларусі ў 1998 у Рух недалучэння, а таксама вылучана канцэпцыя стварэння «пояса добрасуседства» вакол Рэспублікі Беларусь. Аднак паляпшэння адносін з Польшчай і краінамі Балтыі, як і нармалізацыі адносін з краінамі Еўрасаюза, ЗША і Захадам увогуле, дасягнуць не ўдалося. Фарміраванне пояса добрасуседства абумоўлена для Беларусі, якая знаходзілася ў складаных адносінах з Захадам, неабходнасцю працягвання палітыкі «прагматычнага рэалізму» з зах. суседзямі, выкарыстання трансп. калідораў суседніх краін у інтарэсах бел. эканомікі, аднаўлення і развіцця гандл.-эканам. і навук.-тэхн. кааперацыі краін-суседзяў, вырашэння экалагічных праблем, прыцягнення патэнцыялу бел. дыяспары з мэтай садзейнічання эфектыўнаму правядзенню знешнепаліт. і знешнеэканам. курса Беларусі адносна адпаведных краін. Бел. канцэпцыя фарміравання «пояса добрасуседства» па перыметры сваіх зах. і паўд. межаў дапаўняе і ўраўнаважвае рас. інтэграцыйны вектар знешняй палітыкі, накіраваны на ўсход і паўн. ўсход. Асн. кампанентамі гэтага пояса з’яўляюцца фарміраванне паліт., ваен., эканам., экалагічнай, культурнай і інфармацыйнай прасторы бяспекі, супрацоўніцтва і стабільнасць у адносінах з зах. прыгранічнымі дзяржавамі, а таксама Украінай.
Пасля канстытуцыйнага рэферэндуму (ліст. 1996) адносіны з Захадам ускладніліся. АБСЕ, Савет Еўропы, Еўрап. Саюз, зах. дзяржавы не прызналі яго вынікі і ўвялі абмежавальныя меры ў адносінах да Рэспублікі Беларусь. Савет Еўропы прыпыніў статус спецыяльна запрошанай краіны, а Еўрасаюз — дзеянне Пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве. ЗША аб’явілі палітыку «выбарчага ўдзелу», якая прадугледжвае спыненне кантактаў з бел. кіраўніцтвам і падтрымку інстытутаў цывільнага грамадства на Беларусі. Пры гэтым Захад заявіў, што яго мэтай з’яўляецца не ізаляцыя Беларусі, а вяртанне яе ў сям’ю цывілізаваных еўрап. краін, на шлях дэмакратыі і рыначных рэформ.
Знешняя палітыка адыгрывала асаблівую ролю ў забеспячэнні ўнутранай трансфармацыі Беларусі. Ва ўмовах станаўлення нац. дзяржаўнасці, карэнных сац.-эканам. і паліт. пераўтварэнняў менавіта знешняя палітыка дзяржавы дэманстравала свету характар і накіраванасць перамен, якія адбываліся ў краіне. Гал. мэтай і нязменнай задачай знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь з моманту абвяшчэння незалежнасці была адаптацыя да сістэмы міжнар. зносін, што склаліся пасля «халоднай вайны» і распаду СССР. Такая адаптацыя адбывалася ў 3 узаемазвязаных кірунках: адукацыя, прафесіяналізацыя і міжнар.-паліт. сацыялізацыя новых кіруючых колаў і эліт Беларусі, першапачаткова амаль незнаёмых з міжнар. сферай; фарміраванне знешнепаліт. механізму і знешнепаліт. працэсу новай дзяржавы; упісанне Беларусі ў рэаліі постсав. свету на падставе набыцця ёю комплексу знешніх інтарэсаў, новай міжнар. ідэнтычнасці і адпрацоўкі ўзаемадзеяння з інш. суб’ектамі міжнар. адносін. Знешняя палітыка Беларусі, як і любой інш. дзяржавы, абумоўлена найперш прыродай сац. сіл, што яе фарміруюць, ідэалогіяй і канкрэтнымі зацікаўленасцямі, забеспячэнне якіх дасягаецца сувязямі народа і дзяржавы са знешнім светам. На працягу першага 10-годдзя незалежнасці ў краіне паступова складваліся новыя сац. структура, дзярж. ідэалогія, усведамленне і новае разуменне нац.-дзярж. інтарэсаў. Гэтыя працэсы яшчэ далёка не завершаны.
На Беларусі склаўся канстытуцыйна-прававы механізм распрацоўкі і прыняцця знешнепаліт. рашэнняў. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці са сваімі канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі ажыццяўляе кіраўніцтва знешняй палітыкай краіны і прадстаўляе яе ў міжнар. зносінах. Савет Бяспекі ажыццяўляе падрыхтоўку рашэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне забеспячэння нац. бяспекі, аналіз узаемасувязей знешніх і ўнутраных пагроз нац. бяспецы і іх улік пры рэагаванні на гэтыя пагрозы. Нац. сход вядзе заканадаўчую работу па забеспячэнні знешнепаліт. і знешнеэканам. курсу дзяржавы і выканання яе міжнар. абавязацельстваў. Практычная рэалізацыя знешнепаліт. і знешнеэканам. курсу дзяржавы ўскладзена на ўрад Рэспублікі Беларусь. Міністэрства замежных спраў з’яўляецца асн. органам выканаўчай улады, які ажыццяўляе знешнепаліт. курс, зацверджаны Прэзідэнтам; каардынуе знешнепаліт. дзейнасць і замежныя сувязі органаў дзярж. і мясц. кіравання. Больш чым 10-гадовы вопыт самастойнага існавання суверэннай Беларусі сведчыць, што яна ў значнай ступені здзейснілася як еўрап. дзяржава з уласнымі геапаліт. традыцыямі, нац. інтарэсамі і знешнепаліт. прыярытэтамі. Краіна прасунулася па шляху ўмацавання незалежнасці і даказала здольнасць бел. нацыі і яе дзярж. структур да самаст. існавання. Аднак на шляху станаўлення знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь застаюцца аб’ектыўныя цяжкасці і нявырашаныя праблемы. Яе геапаліт. становішча характарызуецца далейшымі пошукамі сваёй міжнар. ідэнтычнасці.
Будынак Выканаўчага камітэта Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Мінск.
Беларусь — адна з заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН). Са жн. 1944, калі Сав. Саюз у Думбартан-Оксе (прыгарад Вашынгтона) упершыню ўнёс прапанову аб уключэнні ў склад Міжнар. арг-цыі бяспекі ўсіх 16 саюзных рэспублік, да мая 1945, калі Устаноўчая канферэнцыя Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска прыняла рашэнне аб уключэнні БССР і УССР у лік заснавальнікаў новай міжнар. арг-цыі, вакол пытання аб членстве сав. рэспублік вялася напружаная дыпламат. барацьба паміж СССР і яго зах. саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі. Асн. вехі гэтай барацьбы — канферэнцыі ў Думбартан-Оксе, Ялце і Сан-Францыска. Сав. кіраўніцтва пачало рыхтавацца да выхаду саюзных рэспублік на міжнар. арэну і стварэння іх уласных наркаматаў замежных спраў з вясны 1943, калі вызначыўся карэнны паварот у ходзе 2-й сусв. вайны на карысць антыгітлераўскай кааліцыі. У сувязі з распрацоўкай планаў пасляваен. ўладкавання свету, якім займаліся зах. дзяржавы, перад СССР рэальнай станавілася небяспека апынуцца ў адзіноцтве ці ў лепшым выпадку мець толькі некалькі саюзнікаў і ў будучай Міжнар. арг-цыі бяспекі, і на канферэнцыях па пытаннях пасляваен. мірнага ўрэгулявання. Каб умацаваць свае пазіцыі на міжнар. арэне, сав. кіраўніцтва вырашыла дамагацца т.зв. «множнага прадстаўніцтва» саюзных рэспублік у міжнар. арг-цыях і асамблеях. Першая такая спроба зроблена ў канцы 1943, калі сав. ўрад папрасіў прадаставіць асобнае членства ў Камісіі Аб’яднаных Нацый па ваен. злачынствах для 7 саюзных рэспублік, што панеслі найб. страты ў вайне (Украіны, Беларусі, Малдавіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Карэла-Фінскай ССР). Але ЗША і Вялікабрытанія адхілілі просьбу СССР, адмову яны матывавалі адсутнасцю ў рэспублік канстытуцыйных паўнамоцтваў для вядзення знешнепаліт. дзейнасці. Гэта падштурхнула сав. кіраўніцтва вярнуць рэспублікам знешнепаліт. паўнамоцтвы, якія яны дэлегавалі саюзнаму цэнтру пры ўступленні ў Саюз ССР. З улікам таго, што Вялікабрытанія магла разлічваць у міжнар. арг-цыях і на канферэнцыях на падтрымку дзяржаў — членаў Брытанскай Садружнасці нацый, а ЗША — абапірацца на галасы залежных ад іх краін Лац. Амерыкі, Сав. Саюз вырашыў таксама стварыць сабе шматгалосую падтрымку ў асобе саюзных рэспублік. Аднак ні Украінская ССР, ні Беларуская ССР, як і інш. саюзныя рэспублікі, не з’яўляліся ў поўным сэнсе суверэннымі дзяржавамі, а былі састаўнымі часткамі сав. саюзнай дзяржавы і цалкам падпарадкоўваліся саюзнаму цэнтру і парт.-дзярж. кіраўніцтву. На Маскоўскай канферэнцыі міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (кастр. 1943) яе ўдзельнікі выказаліся за стварэнне ў пасляваен. перыяд Міжнар. арг-цыі бяспекі, заснаванай на прынцыпах суверэннай роўнасці ўсіх міралюбівых дзяржаў. Гэтыя рашэнні пацверджаны на Тэгеранскай канферэнцыі кіраўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (ліст.—снеж. 1943). У пач. 1944 разгарнулася праца па стварэнні новай міжнар. арг-цыі.
Юрыдычнай падставай для выхаду саюзных рэспублік на міжнар. арэну стаў закон Вярх. Савета СССР ад 1.2.1944 «Аб прадастаўленні саюзным рэспублікам паўнамоцтваў у галіне знешніх зносін і аб пераўтварэнні ў сувязі з гэтым Народнага камісарыята замежных спраў з агульнасаюзнага ў саюзна-рэспубліканскі народны камісарыят». Саюзныя рэспублікі атрымалі права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі. Адпаведныя змены ўнесены ў Канстытуцыю СССР. Вярх. СаветБССР 24.3.1944 прыняў закон «Аб стварэнні саюзна-рэспубліканскага Народнага камісарыята замежных спраў Беларускай ССР». У адпаведнасці з ім Канстытуцыя БССР была дапоўнена арт. 16 а, паводле якога рэспубліка атрымала права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі. На канферэнцыі прадстаўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (21.8.—28.9.1944 у Думбартан-Оксе), перад якой стаяла задача папярэдняга абмеркавання пытанняў, звязаных са стварэннем новай міжнар. арг-цыі, кіраўнік сав. дэлегацыі А.А.Грамыка выступіў з патрабаваннем уключэння ўсіх 16 сав. саюзных рэспублік у лік яе першапачатковых дзяржаў-членаў. Супраць сав. патрабавання катэгарычна выступілі прэзідэнт ЗША Ф.Рузвельт і дзярж. сакратар К.Хэл. У пасланні Рузвельта да І.В.Сталіна ад 1.9.1944 адзначалася, што такое сав. патрабаванне можа паставіць пад пагрозу ўвесь праект стварэння міжнар. арг-цыі, і выказвалася гатоўнасць абмеркаваць гэта патрабаванне пасля таго, як яна пачне сваю працу. У адказе Сталіна Рузвельту ад 7.9.1944 падкрэслівалася выключна важнае значэнне, якое надаваў савецкі кіраўнік гэтаму пытанню. У ім гаварылася, што такія сав. рэспублікі, як Украіна і Беларусь, па колькасці насельніцтва і па паліт. значэнні пераўзыходзяць некаторыя дзяржавы, аднесеныя да ліку ініцыятараў стварэння новай арганізацыі. Сустрэўшы супраціўленне ЗША максімальнаму задавальненню сав. просьбы, Сталін паставіў Украіну і Беларусь у ліку першых рэспублік-кандыдатаў на першапачатковае членства ў арганізацыі. Збіраючыся на канферэнцыю ў Крым, Рузвельт у размове з сенатарамі заявіў, што ў выпадку просьбы Сталіна аб членстве 16 рэспублік, ён запатрабуе членства ўсіх 48 штатаў ЗША.
Да Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі (4—11.2.1945) урады СССР і ЗША падрыхтавалі кампрамісныя патрабаванні па працэдуры галасавання ў Савеце Бяспекі і першапачатковым членстве. Прапановы Вашынгтона па працэдуры галасавання ўлічылі пункт гледжання Масквы аб неабходнасці безумоўнага аднагалосся пастаянных членаў Савета Бяспекі па ўсіх найважнейшых пытаннях. Сав. ўрад, у сваю чаргу, адмовіўся ад патрабавання членства для ўсіх 16 рэспублік і вылучыў просьбу аб уключэнні ў лік заснавальнікаў арганізацыі трох ці, па меншай меры, дзвюх рэспублік: Украіны, Беларусі і Літвы. Аргументуючы просьбу, В.М.Молатаў падкрэсліў, што гэтыя рэспублікі панеслі найвялікшыя страты ў вайне і былі першымі тэрыторыямі, якія падвергліся ням. агрэсіі. Уключэнне Літвы ў формулу «тры» ці дзве савецкія рэспублікі» мела для сав. кіраўніцтва мэтай празандзіраваць магчымасць прызнання Захадам інкарпарацыі прыбалтыйскіх краін у склад СССР. Але паколькі ЗША і Вялікабрытанія па-ранейшаму адмаўляліся прызнаваць уключэнне Літвы, Латвіі і Эстоніі ў склад СССР, то яны адмоўна паставіліся да прапановы аб допуску Літвы ў першапачатковыя члены арганізацыі. У далейшым яе кандыдатура сав. урадам не прапаноўвалася. Рузвельт быў вымушаны пагадзіцца з сав. прапановай. Ён лічыў, што фактычная ўлада ў арганізацыі будзе належаць Савету Бяспекі; і таму не разглядаў як недарэчную прапанову Сталіна пра 2 дадатковыя галасы для Украіны і Беларусі. Рузвельт таксама пайшоў насустрач Сталіну, які гаварыў, што голас для Украіны неабходны для захавання «савецкага адзінства», г. зн. для захавання маналітнасці сав.шматнац. дзяржавы. Згода Рузвельта на допуск дзвюх сав. рэспублік у арганізацыю сустрэла незадавальненне шэрагу членаў дэлегацыі ЗША. Пад іх націскам прэзідэнт звярнуўся да У.Чэрчыля і Сталіна з просьбай даць таксама ЗША 2 дадатковыя галасы, на што тыя неадкладна пагадзіліся. Рузвельт і Чэрчыль пасля пэўных дэбатаў згадзіліся з просьбай Сталіна з улікам шырокага разумення міжнар. палітыкі. Яны палічылі сваім маральным абавязкам дапусціць у арганізацыю краіны, якія першымі прынялі на сябе ўдар фаш. Германіі, не скарыліся ворагу і зрабілі значны ўклад у агульную справу антыгітлераўскай кааліцыі. Дамоўленасць па Украіне і Беларусі па ініцыятыве Рузвельта і Чэрчыля была ўключана ў сакрэтны пратакол Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі. У пратаколе пасяджэння кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ад 11.2.1945 у раздзеле I «Сусветная арганізацыя» было запісана, што ўстаноўчая канферэнцыя Аб’яднаных Нацый будзе склікана 25.4.1945 у ЗША; на яе павінны быць запрошаны Аб’яднаныя Нацыі па стане на 8.2.1945, а таксама нацыі, якія далучыліся да Аб’яднаных Нацый і аб’явілі вайну агульнаму ворагу да 1.3.1945. У час працы ўстаноўчай канферэнцыі дэлегаты Вялікабрытаніі і ЗША «падтрымаюць прапанову аб допуску да першапачатковага членства дзвюх Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, а іменна Украіну і Беларусь».
У Сав. Саюзе пра рашэнні Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі па пытанні членства УССР і БССР у новай міжнар. арг-цыі ведала вузкае кола асоб. Украіна і Беларусь, якія, паводле сталінскай тэрміналогіі, кваліфікаваліся як «дзве асноўныя рэспублікі СССР», з’яўляліся аб’ектам дыпламат. гульні. У сак. 1945 урады УССР і БССР, якія не атрымалі запрашэнняў на ўстаноўчую канферэнцыю Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска, па ўказанні з Масквы заявілі, што накіруюць на канферэнцыю свае дэлегацыі нават пры адсутнасці афіц. запрашэнняў. Гэты нечаканы ход сав. дыпламатыі абвастрыў рознагалоссі паміж СССР і зах. краінамі, распаліў атмасферу вакол падрыхтоўкі канферэнцыі ў Сан-Францыска. Адміністрацыя ЗША пры падтрымцы брытанскага ўрада энергічна пярэчыла супраць такога кроку, адзначала, што рашэнне Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі не прадугледжвала ўдзелу дэлегацый Украіны і Беларусі на Сан-Францыскай канферэнцыі. Аднак намаганнямі Молатава ўдалося дамагчыся згоды ад ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая падтрымаць на канферэнцыі сав. просьбу аб запрашэнні прадстаўнікоў Украіны і Беларусі ў Сан-Францыска. Перспектывы рэалізацыі ялцінскай дамоўленасці ўскладніліся пасля таго, як у ЗША у канцы сакавіка стала вядома пра тайнае пагадненне адносна дадатковых галасоў для СССР і ЗША. У краіне выбухнуў паліт. скандал. Праціўнікі Рузвельта з асяроддзя рэспубліканцаў адхілялі ў прынцыпе ідэю дадатковых галасоў, лічачы, што яна супярэчыць прыродзе міжнар. арг-цыі і прынцыпу суверэннай роўнасці дзяржаў. Палітыкі і аглядальнікі ўказвалі на тое, што Беларусь і Украіна не з’яўляюцца суверэннымі краінамі. Нават паплечнікі і сябры Рузвельта лічылі памылкай яго просьбу аб двух дадатковых галасах для ЗША. За тыдзень да смерці 5.4.1945 прэзідэнт Рузвельт на сваёй апошняй прэс-канферэнцыі падрабязна спыніўся на праблеме дадатковых галасоў для Украіны і Беларусі. Ён паведаміў, што яго ўрад не будзе прасіць у Сан-Францыска трох галасоў для ЗША, паколькі яны нічога не вырашаюць. 2.4.1945 ТАСС апублікавала паведамленне «Аб удзеле Украінскай ССР і Беларускай ССР у міжнароднай арганізацыі для падтрымання міру і бяспекі». У ім гаварылася, што на Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі сав. ўрад паставіў пытанне аб удзеле ў стварэнні міжнар. арг-цыі гэтых дзвюх рэспублік у якасці першапачатковых членаў, якое было падтрымана ЗША і Вялікабрытаніяй.
Канчаткова пытанне аб членстве Украіны і Беларусі ў міжнар. арг-цыі бяспекі вырашана на Устаноўчай канферэнцыі Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска (25.4—26.6.1945). Канферэнцыя 27.4.1945 аднагалосна прыняла рашэнне пра ўключэнне Украінскай і Беларускай Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у лік першапачатковых членаў арг-цыі. Прапанову сав. ўрада, з якой выступіў кіраўнік дэлегацыі СССР Молатаў, падтрымалі кіраўнікі дэлегацый ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая, Ірана, Францыі, Бразіліі, Чэхаславакіі і Аўстраліі. 30.4.1945 таксама аднагалосна ўсе 47 краін-удзельніц канферэнцыі прагаласавалі за запрашэнне дэлегацый УССР і БССР на ўстаноўчы форум Аб’яднаных Нацый. За гэта рашэнне галасавалі і ўсе лацінаамерыканскія краіны ў абмен на дадзенае СССР абавязацельства падтрымаць запрашэнне Аргенціны. На 1-м пасяджэнні кіраўнікоў дэлегацый Кіруючага к-та 27 крас. ад імя ўрадаў УССР і БССР заявы зрабіў Молатаў. Заява ўрада БССР у адрас Сан-Францыскай канферэнцыі была падпісана Старшынёй СНКБССР П.К.Панамарэнкам і наркомам замежных спраў К.В.Кісялёвым (датавана 26.4.1945). У ёй гаварылася, што ўрад БССР, імкнучыся забяспечыць шчыры і эфектыўны ўдзел бел. народа ў дзейнасці Аб’яднаных Нацый, скіраванай на дасягненне міру і бяспекі, звяртаецца да канферэнцыі з заявай аб сваім жаданні далучыцца да міжнар. арг-цыі па падтрыманні міру і бяспекі ў якасці першапачатковага члена-заснавальніка і быць прадстаўленым на канферэнцыі ў Сан-Францыска. Адзначалася, што БССР як суверэнная дзяржава мае канстытуцыйныя прэрагатывы ў галіне міжнар. адносін, што дае ёй поўнае права і падставу прыняць удзел у міжнар. канферэнцыі Аб’яднаных Нацый. Падкрэсліваўся вялікі ўклад Беларусі ў барацьбу свабодалюбівых нацый супраць агульнага ворага — гітлераўскай Германіі. Заяўлялася, што БССР лічыць сваім правам і абавязкам удзельнічаць ва ўсеаг. арганізацыі бяспекі і канферэнцыі ў Сан-Францыска і што прынцыпу найб. поўнага і шырокага прадстаўніцтва ўсіх міралюбівых краін у гэтай арганізацыі былі б нанесены сур’ёзныя страты, калі б Бел. Рэспубліка не была прадстаўлена ў гэтай арганізацыі і на канферэнцыі, закліканай стварыць такую арганізацыю, і калі б вырашэнне праблем забеспячэння пасляваен. міру і бяспекі рабілася без удзелу прадстаўнікоў БССР.
1.5.1945 ген. сакратар Сан-Францыскай канферэнцыі А.Хіс накіраваў з Вашынгтона ў Мінск тэлеграму наркому замежных спраў Кісялёву, у якой паведамляў пра рашэнне канферэнцыі запрасіць БССР стаць паўнапраўным членам міжнар. арг-цыі, а яе прадстаўнікам неадкладна прыбыць для ўдзелу ў канферэнцыі. 30 крас. Прэзідыум Вярх. Савета БССР назначыў дэлегацыю БССР на Сан-Францыскую канферэнцыю ў складзе Кісялёва (кіраўнік дэлегацыі), Г.І.Байдакова, А.Р.Жэбрака, У.М.Перцава, Ф.П.Шмыгава. Дэлегацыя атрымала паўнамоцтвы падпісаць канчатковы тэкст Статута Усеаг. міжнар. арг-цыі для падтрымання міру і бяспекі пры ўмове яго наступнай ратыфікацыі ў адпаведнасці з законамі БССР. 8.5.1945 урадавая дэлегацыя БССР прыступіла да работы Сан-Францыскай канферэнцыі і зрабіла канструктыўны ўклад у распрацоўку Статута ААН. Дэлегацыя Беларусі адстойвала права вета пастаянных членаў Савета Бяспекі, выступала за ўключэнне ў Статут ААН палажэнняў аб самавызначэнні народаў і сац.-эканам. правах чалавека, забеспячэнні інтарэсаў каланіяльных і залежных народаў і краін, за дакладнае вызначэнне агрэсіі, строгае выкарыстанне санкцый да парушальнікаў Статута, пярэчыла допуску ў ААН франкісцкай Іспаніі. 23.5.1945 адбылася першая з моманту стварэння ў 1919 наркамата замежных спраў БССР прэс-канферэнцыя наркома замежных спраў рэспублікі. Кісялёў заявіў, што БССР будзе праводзіць самастойную знешнюю палітыку, якая ва ўсіх прынцыповых пытаннях супадае з пазіцыяй СССР. 26.6.1945 прадстаўнікі 50 дзяржаў, у т. л.СССР, УССР і БССР, падпісалі Статут ААН, Статут Міжнар. суда і Часовае пагадненне аб стварэнні Падрыхтоўчай камісіі. 30.8.1945 Прэзідыум Вярх. Савета БССР ратыфікаваў Статут ААН. 24.10.1945 ратыфікацыйная грамата БССР была здадзена на захаванне, як і ратыфікацыйныя граматы СССР і УССР. У гэты ж дзень Статут ААН набыў сілу. Устаноўчая канферэнцыя Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска з’явілася першым міжнар. форумам 20 ст., у якім дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала на раўнапраўнай і правамоцнай аснове. Нягледзячы на тое, што бел. кіраўніцтва, вярх. органы ўлады рэспублікі не ставілі перад Сталіным, сав. кіраўніцтвам пытанне аб выхадзе на міжнар. арэну ці ўключэнні ў склад міжнар. арг-цыі, і тое, што яно было вырашана ў выніку дзейнасці сав. дыпламатыі, уваходжанне Беларусі ў склад першапачатковых членаў ААН мела вялікае гіст. значэнне, адпавядала нац. інтарэсам бел. народа. Подпіс БССР пад Статутам ААН азначаў, што сусв. супольніцтва фармальна прызнавала яе суверэннай і незалежнай дзяржавай. Рэспубліка атрымлівала ўсе прывілеі і імунітэты ААН, права выбірацца ў яе гал. органы, у т. л. ў Савет Бяспекі, магчымасць удзельнічаць у абмеркаванні сусв. праблем, даводзіць сваю пазіцыю да ААН, уносіць на яе разгляд свае прапановы і заўвагі. Больш за 40 гадоў ААН была для Беларусі адзіным акном у знешні свет. Рэспубліка Беларусь як адна з дзяржаў-заснавальніц ААН разглядае сваё членства ў ААН і яе спецыялізаваных установах і органах як велізарны паліт. капітал, адзін з прыярытэтных знешнепаліт. кірункаў дзейнасці дзяржавы, як важны кампанент інтэграцыі Беларусі ў сусв. супольнасць. У 2004 у Рэспубліцы Беларусь дзейнічалі 11 праграм, агенцтваў і арг-цый сістэмы ААН: Праграма развіцця ААН (ПРААН), Дэпартамент грамадскай інфармацыі, Дзіцячы фонд ААН, Міжнар.арг-цыя працы, Упраўленне вярх. камісара ААН па справах бежанцаў, Аб’яднаная праграма ААН па ВІЧ/СНІДу, Міжнар. валютны фонд, Сусв. банк, Міжнар.фін. карпарацыя, Сусв.арг-цыя аховы здароўя і фонд ААН у галіне народанасельніцтва. Міжнар. арг-цыі, акрамя фінансавання праектаў і праграм, садзейнічаюць прыцягненню ў Беларусь тэхн. дапамогі для рэалізацыі праектаў.
Кіраўнік дэлегацыі БССР К.В.Кісялёў падпісвае Статут ААН. Сан-Францыска. 26.6.1945.
Беларусь і міжнародныя арганізацыі. Першая спроба ўстанаўлення адносін і ўдзелу Беларусі ў працы міжнар. канферэнцый і арг-цый адносіцца да перыяду мірнага ўрэгулявання пасля заканчэння 1-й сусв. вайны. Дэлегацыі БНР неафіцыйна ўдзельнічалі ў працы Парыжскай мірнай канферэнцыі (1919—20) і Генуэзскай міжнар. канферэнцыі па эканам. і фін. пытаннях (1922). БССР, як і інш.сав. рэспублікі, даручыла прадстаўляць свае інтарэсы на Генуэзскай канферэнцыі дэлегацыі РСФСР. 10.5.1922 БССР падпісала пагадненне з Эпідэмічнай камісіяй Лігі Нацый па пытаннях аховы здароўя і разам з РСФСР і УССР стала яе членам. Дэлегацыя БССР прыняла ўдзел у канферэнцыі Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска (крас.—чэрв. 1945) і падпісала Статут ААН. Беларусь у ліку 51 дзяржавы з’яўляецца дзяржавай-заснавальніцай, першапачатковым членам ААН. У жн. 1945 Беларусь уступіла ў Адміністрацыю Аб’яднаных Нацый па дапамозе і аднаўленні краін, якія пацярпелі ў гады 2-й сусв. вайны (ЮНРРА). Пагадненне паміж ЮНРРА і ўрадам БССР падпісана ў Вашынгтоне 18.12.1945. Дэлегацыя БССР прымала ўдзел у Міжнар. канферэнцыі па ахове здароўя (Нью-Йорк, 1946), якая заснавала Сусв. арг-цыю аховы здароўя (СААЗ). БССР далучылася да Статута СААЗ 7.4.1948. На 1-й сесіі СААЗ (1948) яна была абрана членам яе Выканаўчага к-та. У 1949 БССР разам з СССР і УССР, краінамі Усх. Еўропы спыніла актыўнае членства ў СААЗ на падставе неабгрунтаванага рашэння сав. кіраўніцтва. 13.5.1947 Беларусь уступіла ў Сусв. паштовы саюз (СПС), 16.5.1947 — у Міжнар. саюз электрасувязі (МСЭ), 12.4.1948 — у Сусв. метэаралаг. арг-цыю (СМА). У 1947 міністр замежных спраў БССР К.В.Кісялёў паставіў перад МЗССССР пытанне аб неабходнасці ўваходжання СССР, УССР і БССР у Арг-цыю Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА), якое аднак тады вырашыць не ўдалося. У 1954 БССР увайшла ў Міжнар. арг-цыю працы (МАП) і ЮНЕСКА, у 1957 — Міжнар. агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), у 1970 — Сусв. арг-цыю інтэлектуальнай уласнасці (САІУ), у 1985 — Арг-цыю Аб’яднаных Нацый па прамысл. развіцці (ЮНІДО). У 1958 пачало працаваць пастаяннае прадстаўніцтва БССР пры ААН у Нью-Йорку, у 1960-я г. адкрыліся пастаянныя прадстаўніцтвы БССР пры Аддзяленні ААН і інш.міжнар. арг-цыях у Жэневе, пры ЮНЕСКА у Парыжы, у 1982 — пры міжнар. арг-цыях у Вене. БССР была абрана непастаянным членам Савета Бяспекі на 1974—75, неаднаразова выбіралася членам Эканам. і Сац. савета, прымала ўдзел у рабоце розных функцыянальных і дапаможных органаў ААН, якія займаюцца пытаннямі раззбраення, дэкаланізацыі, эканам. і сац. супрацоўніцтва, правоў чалавека, інш. пытаннямі. Акрамя ААН і яе спецыялізаваных устаноў БССР з’яўлялася членам яшчэ 6 міжнар. міжурадавых арг-цый — Міжнар. архіўнага савета (з 1956), Міжнар. бюро выставак (з 1960), Пастаяннай палаты трацейскага суда (з 1962), Міжнар. арг-цыі марской спадарожнікавай сувязі (ІНМАРСАТ, з 1979). Як член ААН удзельнічала ў асобных канферэнцыях у рамках Міжнар. арг-цыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) і Міжнар. марской арг-цыі (ІМО), хаця і не была іх членам.
З 1990—91 пачаўся якасна новы перыяд дзейнасці Беларусі ў міжнар. арг-цыях. Рэспубліка Беларусь значна пашырыла свой удзел у міжнар. універсальных і рэгіянальных арг-цыях. Яна з’яўляецца дзяржавай — заснавальніцай Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). У 1992 уступіла ў Міжнар. валютны фонд, Міжнар. банк рэканструкцыі і развіцця (МБРР), Міжнар.фін. карпарацыю (МФК), Міжнар. агенцтва па гарантыях інвестыцый, Еўрап. банк рэканструкцыі і развіцця, аднавіла актыўнае членства ў СААЗ, атрымала статус назіральніка пры Ген. пагадненні па тарыфах і гандлі (ГАТТ), у 1993 стала членам ІКАО. У 1992 у Мінску было адкрыта 1-е на постсав. прасторы прадстаўніцтва ААН — Праграмы развіцця ААН (ПРААН). Беларусь з’яўляецца членам больш як 50 спецыялізаваных устаноў ААН і інш. міжурадавых арг-цый, якія ўзаемадзейнічаюць з ААН на аснове спец. пагадненняў. Рэспубліка Беларусь дзейнічае ў ААН і яе спецыялізаваных установах у адпаведнасці са сваімі нац. інтарэсамі. Яна выступае за развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва з ААН, лічыць неабходным рэфармаванне і ўмацаванне сістэмы ААН і яе асн. органаў, каб павысіць эфектыўнасць гэтай вядучай міжнар. арг-цыі. У рамках ЮНЕСКА для Беларусі распрацоўваліся праграмы «Генетычная спадчына», «ЮНЕСКА — Чарнобыль», «Чалавек і біясфера». У краіне дзейнічае нац. Камісія Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, падпісаны мемарандумы аб супрацоўніцтве паміж Беларуссю і ЮНЕСКА. Беларусь падпісала 44 канвенцыі МАП. Планамерна ідзе працэс далучэння Беларусі да Сусв.гандл. арг-цыі (СГА), пры якой краіна атрымала ў 1995 статус назіральніка. У крас. 1995 паміж Беларуссю і МАГАТЭ падпісана пагадненне аб прымяненні гарантый. Удзельная вага спецыялізаваных устаноў ААН у агульным аб’ёме замежнай дапамогі краіне складае нязначную частку. Беларусь актыўна ўдзельнічае ў працы такіх функцыянальных органаў ААН, як Еўрап.эканам. камісія (ЕКЕ), Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ), ПРААН, Канферэнцыя Аб’яднаных Нацый па гандлі і развіцці (ЮНКТАД) і інш. У 1995 у Мінску адкрыта прадстаўніцтва Упраўлення Вярх. камісара ААН па бежанцах, у 1996 — пастаяннае прадстаўніцтва Міжнар. арг-цыі па мігрантах. У крас. 1994 Мінск з трохдзённым візітам наведаў Ген. сакратар ААН Б.Бутрас-Галі. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка прымаў удзел у спец. урачыстым пасяджэнні Ген. Асамблеі, прысвечаным 50-годдзю ААН (1995) і Саміце Тысячагоддзя (2000). З 1998 Беларусь з’яўляецца паўнапраўным членам Руху недалучэння (РН) і актыўна развівае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва па шэрагу кірункаў дзейнасці ААН з дзяржавамі — членамі гэтага найбуйнейшага міжнар. аб’яднання краін.
Рэспубліка Беларусь у 1992 прынята ў Арг-цыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) і Савет Паўн.-атлантычнага супрацоўніцтва (з 1997 Савет еўраатлантычнага партнёрства), атрымала статус спецыяльна запрошанай дзяржавы ў Савеце Еўропы (СЕ), а ў 1993 падала заяўку на прыём у гэтую арг-цыю. У 1995 дзяржава падпісала ’Дагавор аб партнёрстве і супрацоўніцтве (не набыў сілы), у 1996 — Часовае пагадненне па пытаннях гандлю з Еўрап. Саюзам (ЕС), у 1995 стала ўдзельнікам праграмы НАТО «Партнёрства дзеля міру», у 1996 уступіла ў Цэнтральнаеўрап. Ініцыятыву (ЦЕІ), у 1997 — у Арг-цыю па забароне хім. зброі. Рэспубліка Беларусь — паўнапраўны член больш як за 20 міжнар. міжурадавых арг-цый. Яна выступае за ператварэнне СНД у рэгіянальную арг-цыю з высокім узроўнем эканам. і паліт. інтэграцыі. Бел. прадстаўнікі актыўна ўдзельнічаюць у сустрэчах кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, працы каардынацыйных органаў СНД (Міжпарламенцкай Асамблеі, Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны, Міждзярж. эканам.к-та і інш.). Мінск з’яўляецца месцам знаходжання выканаўчых і каардынацыйных органаў СНД. Рэспубліка Беларусь падпісала і ратыфікавала найважнейшыя ўстаноўчыя дакументы СНД, у т. л. яго Статут. Беларусь выступае за павышэнне эфектыўнасці рэгіянальных інтэграцыйных аб’яднанняў на постсав. прасторы, у прыватнасці, за фарміраванне зоны свабоднага гандлю ў межах СНД, стварэнне мытнага саюза ў рамках Еўраазіяцкага Эканам. супольніцтва (ЕўрАзЭС), якое складаецца з 5 краін — членаў Мытнага саюза (Беларусі, Казахстана, Кіргызстана, Расіі, Таджыкістана). 23.2.2003 кіраўнікі Беларусі, Казахстана, Расіі і Украіны падпісалі Заяву аб фарміраванні Адзінай эканам. прасторы і стварэнні Арг-цыі рэгіянальнай інтэграцыі. Сумесна з Арменіяй, Казахстанам, Кыргызстанам, Расіяй і Таджыкістанам Рэспубліка Беларусь вядзе работу па паглыбленні ваенна-паліт. інтэграцыі ў рамках Дагавора аб калектыўнай бяспецы 1992. У 2002 кіраўнікамі 6 згаданых дзяржаў падпісаны Статут Арг-цыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) і Пагадненне аб яе прававым статусе. З 18.9.2003 АДКБ пачала функцыянаваць як самастойная міжнар.арг-цыя (Статут АДКБ зарэгістраваны ў Сакратарыяце ААН 16.12.2003).
Развіваюцца эканам. і паліт. адносіны Беларусі з ЕС. У 1999 паміж бел. урадам і Еўрап. камісіяй падпісана Праграма TACIS «Развіццё грамадзянскай супольнасці» ў Беларусі, якая прадугледжвае выдзяленне 5 млн. еўра на развіццё няўрадавых арг-цый, сродкаў масавай інфармацыі і адукацыі; Еўрап. камісія выдзеліла 1,6 млн. еўра на фінансаванне гуманітарных праектаў, што рэалізуюцца на Беларусі ў галіне мед. абслугоўвання і сац. рэабілітацыі. Выконваліся інш. праекты ў рамках праграмы тэхн. дапамогі TACIS на 2000—2003. Еўрасаюз з’яўляецца найбуйнейшым пасля Расіі знешнегандл. партнёрам Беларусі. На долю дзяржаў — членаў ЕС прыпадае каля 15% агульнага гандл. абароту Беларусі і больш за 40% гандл. абароту з краінамі далёкага замежжа. Развіццё эканам. адносін з Беларуссю ЕС увязвае з развіццём у краіне дэмакр. працэсу, забеспячэннем уладамі правоў чалавека, правядзеннем свабодных і справядлівых выбараў у адпаведнасці з міжнар. стандартамі. Гал. мэтай бел. знешняй палітыкі на еўрап. напрамку з’яўляецца стварэнне стабільнай сістэмы агульнаеўрап. бяспекі і супрацоўніцтва вакол АБСЕ. У 1992 Беларусь падпісала Хельсінкскі заключны акт і Парыжскую хартыю для новай Еўропы. У час сустрэчы кіраўнікоў дзяржавы і ўрадаў краін — удзельніц АБСЕ у Будапешце (снеж. 1994) Беларусь, Вялікабрытанія, ЗША і Расія падпісалі Мемарандум аб гарантыях бяспекі Беларусі. Бел. дэлегацыі ўдзельнічалі ў сустрэчах кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін — удзельніц АБСЕ ў Лісабоне (1996) і Стамбуле (1999). У Стамбуле А.Р.Лукашэнка падпісаў Хартыю еўрап. бяспекі, Пагадненне аб адаптацыі ДЗУСЕ, Венскі дакумент 1999 па мерах умацавання даверу і бяспекі, Дэкларацыю Стамбульскага саміту. АБСЕ разам з ЕС і СЕ у межах «еўрапейскай тройкі» садзейнічае працэсу дэмакратызацыі Беларусі. У 1998—2001 у Мінску знаходзілася кансультацыйна-назіральная група АБСЕ, з 2002 дзейнічае офіс АБСЕ у Мінску. У 2003 Парламенцкая Асамблея АБСЕ прызнала права Нац. сходу Рэспублікі Беларусь прадстаўляць інтарэсы Беларусі ў Асамблеі. Беларусь зацікаўлена ў збалансаваным развіцці ўсіх кампанентаў агульнаеўрап. бяспекі і супрацоўніцтва і лічыць, што ваен., эканам. і экалагічнае вымярэнні АБСЕ заслугоўваюць больш актыўнага ўключэння ў парадак дня АБСЕ. У 1993 Беларусь далучылася да Еўрап. культурнай канвенцыі, у 1994 — да Венецыянскай камісіі «Дэмакратыя праз правы» ў межах Савета Еўропы. У студз. 1997 на сесіі Парламенцкай Асамблеі СЕ прынята рашэнне аб прыпыненні для Беларусі дзеяння статуса «спецыяльна запрошанай» дзяржавы. Беларусь развівае супрацоўніцтва з ЦЕІ з мэтай аб’яднання намаганняў дзяржаў-членаў для арганізацыі гнуткай і прагматычнай рэгіянальнай кааперацыі. Яна зацікаўлена ў падключэнні да рэгіянальнага і субрэгіянальнага супрацоўніцтва ў балтыйска-чарнаморскім рэгіёне, у т. л. дамагаецца статуса назіральніка ў Савеце дзяржаў Балтыйскага мора (СДБМ) і Арг-цыі чарнаморскага эканам. супрацоўніцтва (АЧЭС).
Пасля распаду Варшаўскага дагавора і СССР перад рэспублікай узнікла праблема вызначэння адносін з ваенна-паліт. арг-цыяй НАТО. У 1992 краіну наведаў ген. сакратар НАТО М.Вернер. Ён заявіў, што захад і НАТО з павагай ставяцца да імкнення Беларусі стаць нейтральнай і бяз’ядзернай дзяржавай і адзначыў іх зацікаўленасць у добрых адносінах з Беларуссю і яе суседзямі. У 1997 штаб-кватэрай НАТО ухвалена Індывідуальная праграма партнёрства (ІПП) Рэспублікі Беларусь з НАТО на 1997—99. У 1998 адкрыта пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры НАТО у Бруселі. Беларусь выканала ІПП з НАТО на 2000—01 і 2002—03, у якіх зроблены акцэнт на мерапрыемствы неваен. характару. Краіна зацікаўлена ў канструктыўным супрацоўніцтве з НАТО, прызнаючы яе важную ролю ва ўмацаванні еўрап. і міжнар. бяспекі.
Рэспубліка Беларусь — член «Інтэрспадарожніка», Еўрап. арг-цыі спадарожнікавай сувязі (ЕВТЕЛСАТ), Еўрап. вяшчальнага саюза, Сусв. энергетычнага савета, Міжнар. арг-цыі па эканам. і навук.-тэхн. супрацоўніцтве ў галіне электратэхн. прамысловасці (Інтэрэлектра), Міжнар. эпізаатычнага бюро, Міжнар. арг-цыі па стандартызацыі (ІСО), Міжнар. электратэхн. камісіі, Міжнар. арг-цыі па заканадаўчай метралогіі, Міжнар. арг-цыі па сертыфікацыі электраабсталявання на адпаведнасць стандартам бяспекі. Нац. арг-цыі Рэспублікі Беларусь, яе юрыд. асобы ўваходзяць у склад наступных міжнар. няўрадавых арг-цый: Міжнар. федэрацыю інвалідаў (з 1991), Міжнар. федэрацыю вышэйшых органаў (з 1992), Міжнар. арг-цыю крымінальнай паліцыі «Інтэрпол» (з 1993), Міжпарламенцкі саюз (з 1995), Сусв. федэрацыю глухіх (з 1995), шэраг міжнар.спарт. арг-цый і федэрацый, у т. л.Міжнар. алімпійскі к-т, Сусв. федэрацыю асацыяцый садзейнічання ААН. З мэтай пашырэння супрацоўніцтва і павышэння эфектыўнасці ўдзелу краіны ў рабоце міжнар. арг-цый урад Рэспублікі Беларусь надае вял. значэнне гэтаму кірунку ў знешнепаліт. дзейнасці дзяржавы. У гэтай сувязі Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь 19.5.1997 прыняў пастанову «Аб супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь з міжнароднымі арганізацыямі», паводле якой усе міжнар. арг-цыі, членам якіх з’яўляецца Беларусь, замацаваны за гал. мін-вамі і інш.рэсп. органамі дзярж. кіравання. Каардынацыю і кантроль за ўзаемадзеяннем Беларусі з міжнар. арг-цыямі ажыццяўляе Мін-ва замежных спраў.
Генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ф.Маёр (злева) і прэм’ер-міністр Беларусі С.С.Лінг у час падпісання мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і ЮНЕСКА. Мінск. Верасень 1998.
Двухбаковыя сувязі Рэспублікі Беларусь з замежнымі дзяржавамі. У пач. 1990-х г. Рэспубліка Беларусь стала наладжваць сяброўскія адносіны з замежнымі краінамі. Прыярытэтным кірункам яе знешняй палітыкі было развіццё супрацоўніцтва з краінамі СНД, Еўропы і ЗША. На прасторы СНД гал. партнёрам Беларусі была Расія. У ходзе афіц. візіту ў Рэспубліку Беларусь Прэзідэнта Рас. Федэрацыі Б.М.Ельцына 21.2.1995 падпісаны двухбаковы дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве, які вызначыў адносіны Расіі і Беларусі як дачыненні дзвюх суверэнных, незалежных дзяржаў. У 2-й пал. 1990-х г.бел.-рас. адносіны выведзены на якасна новы ўзровень. 2.4.1996 А.Р.Лукашэнка і Б.М.Ельцын падпісалі ў Маскве дагавор пра стварэнне Супольнасці Расіі і Беларусі, 2.4.1997 — аб Саюзе Беларусі і Расіі. Да апошняга дагавора быў прыкладзены Статут Саюза Беларусі і Расіі, які пасля ўсенар. абмеркавання быў падпісаны прэзідэнтамі дзвюх краін 23.5.1997. У чэрв. 1997 Прэзідэнт Беларусі падпісаў Закон аб ратыфікацыі Статута і Дагавора. У снеж. 1998 у Маскве падпісаны Дэкларацыя аб далейшым яднанні Беларусі і Расіі, дагавор аб роўных правах грамадзян і пагадненне аб стварэнні роўных умоў суб’ектам гаспадарання Беларусі і Расіі. У Дэкларацыі выказваўся намер «працягваць паэтапны рух да добраахвотнага яднання ў саюзную дзяржаву пры захаванні нацыянальнага суверэнітэту дзяржаў — удзельніц Саюза». 8.12.1999 прэзідэнты Беларусі і Расіі падпісалі ў Маскве Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і Праграму дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Адпаведныя дакументы па збліжэнні бел. і рас. прававых, эканам., фін., мытных і інш. сістэм, фарміраванні міждзярж. структур улады ў перспектыве прадугледжваюць стварэнне Саюзнай дзяржавы. Пашырэнне супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй садзейнічала наладжванню сувязей паміж прадпрыемствамі, дзелавымі коламі, грамадзянамі абедзвюх краін. Натуральнай з’явай у бел.-рас. адносінах сталі кантакты паміж кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў, рэгіянальных органаў улады, рас. і бел. парламентарыямі. Найб. значныя пытанні двухбаковых адносін разглядаюць Вышэйшы Дзярж. Савет і Савет Міністраў Саюзнай дзяржавы, якія збіраюцца на рэгулярнай аснове. Парламентарыі Расіі і Беларусі сумесна працуюць у рамках Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Да канца 1990-х г. Рэспубліка Беларусь і Рас. Федэрацыя мелі каля 200 міждзярж. і міжурадавых пагадненняў, працэс пашырэння дагаворна-прававой базы працягваўся і ў наступныя гады. У 2-й пал. 1990-х г. Беларусь і Расія пачалі ўмацоўваць супрацоўніцтва ў ваен. сферы. У 1995 Расія атрымала права выкарыстоўваць і ўтрымліваць на тэр. Беларусі свае ваен.-стратэг. аб’екты — сістэму папярэджання аб ракетным нападзе ў Баранавічах і РЛС у Вілейцы. 19.12.1997 Беларусь і Расія падпісалі дагавор аб ваен. супрацоўніцтве. Рэспубліка Беларусь удзельнічае ў навейшых праграмах пераўзбраення рас. арміі, праводзіць мадэрнізацыю ўласнай сістэмы супрацьпаветранай абароны. У 2000 абвешчана пра стварэнне адзінай рас.-бел. ваен. групоўкі колькасцю да 300 тыс.чал. у выпадку ўзнікнення канфліктнай сітуацыі на зах. граніцах Саюза Беларусі і Расіі. Беларусь і Расія каардынуюць дзейнасць на міжнар. арэне. Расія неаднаразова падтрымлівала Рэспубліку Беларусь у міжнар. арг-цыях (ААН, АБСЕ, СЕ). У 2003 распрацоўваўся Канстытуцыйны Акт Саюзнай дзяржавы, абмяркоўваліся пытанні падпісання пагаднення аб увядзенні рас. рубля ў якасці адзінай валюты Саюзнай дзяржавы. Бел. бок лічыць, што аб’яднанне дзвюх дзяржаў павінна праводзіцца на аснове Саюзнага дагавора 1999 і пры захаванні суверэнітэту Беларусі і Расіі. Кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь неаднаразова падкрэслівала немагчымасць уваходжання Беларусі ў склад Рас. Федэрацыі на правах аднаго з яе суб’ектаў.
Важнае месца ў знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь займае супрацоўніцтва з Украінай. Бел.-ўкр. сувязі значна пашырыліся ў 2-й пал. 1990-х г. У ліп. 1995 адбыўся першы афіц. візіт на Беларусь прэзідэнта Украіны Л.Д.Кучмы. 17.7.1995 у Мінску падпісаны дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Украінай. У маі 1997 ва Украіне з афіц. візітам пабываў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка. Гал. вынікам візіту стала падпісанне дагавора аб дзярж. граніцы паміж Рэспублікай Беларусь і Украінай. Пазней кантакты паміж кіраўнікамі дзяржаў, урадаў, міністрамі замежных спраў, кіраўнікамі мін-ва і ведамстваў дзвюх краін сталі нармальнай з’явай; пашырылася супрацоўніцтва паміж бел. і ўкр. парламентарыямі. Да пач. 21 ст. Украіна і Беларусь сфарміравалі развітую юрыд. базу міждзярж. ўзаемадзеяння (больш за 40 дагавораў, пагадненняў і інш. прававых дакументаў, якія ўрэгулявалі бел.-ўкр. адносіны ў розных сферах супрацоўніцтва). Павышаная ўвага аддавалася вырашэнню праблем вызначэння дзярж. граніцы і прыгранічнага супрацоўніцтва. У лют. 1997 Беларусь і Украіна ў асн. завяршылі работы па дэлімітацыі дзярж. граніцы, восенню 1997 пачалі яе дэмаркацыю. З 1.11.1997 на бел.-ўкр. граніцы быў уведзены пагранічны кантроль. У 1999 набыло моц пагадненне аб парадку перасячэння граніцы грамадзянамі, што пражываюць у пагранічных раёнах, якое спрашчала рэжым перасячэння граніцы грамадзянамі Беларусі і Украіны. Развіваецца супрацоўніцтва паміж асобнымі рэгіёнамі Беларусі і Украіны.
Сяброўскія адносіны Беларусь захоўвала ў 1992—2003 з інш. дзяржавамі СНД. Яе гал. партнёрамі былі Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Малдова. На мяжы 20—21 ст. пашырылася супрацоўніцтва Беларусі з Туркменістанам, Арменіяй і Азербайджанам. Важнымі падзеямі ў развіцці двухбаковых адносін Беларусі з краінамі СНД сталі візіты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ва Узбекістан (снеж. 1994), Малдову (вер. 1995), Казахстан (вер. 1997), Таджыкістан (крас. 2000), Арменію (май 2001), Туркменістан (май 2002). У 1995—2003 Рэспубліку Беларусь з візітамі наведвалі вышэйшыя дзярж. кіраўнікі Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Таджыкістана. Рэспубліка Беларусь падпісала дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве з Малдовай (21.12. 1992), Казахстанам (17.1.1996), Таджыкістанам (5.4.2000), Туркменістанам (15.5.2002).
Рэспубліка Беларусь імкнулася развіваць партнёрскія адносіны з Літвой і Латвіяй — яе непасрэднымі суседзямі на паўн.-зах. напрамку. 24.10.1991 Беларусь падпісала Дэкларацыю аб прынцыпах добрасуседскіх адносін з Літвой, 16.12.1991 — з Латвіяй. У 1-й пал. 1990-х г. адносіны Беларусі з Літвой і Латвіяй мелі дружалюбны характар. У лют. 1995 адбыўся афіц. візіт у Літву Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 21.2. 1994 падпісаны дагавор аб вызначэнні граніцы паміж Рэспублікай Беларусь і Латвіяй, 6.2.1995 — дагавор аб добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Літвой і дагавор аб бел.-літ. граніцы. З сярэдзіны 1990-х г. кантакты на вышэйшым дзярж. узроўні істотна скараціліся, хоць Літва і Латвія выказвалі гатоўнасць весці дыялог з Беларуссю па пытаннях вызначэння граніц, развіцця пагранічнага супрацоўніцтва і рэадмісіі нелегальных мігрантаў, што траплялі на іх тэр. з Беларусі. У 1997 Беларусь пачала дэмаркацыю граніцы з Літвой. У 2001 у парламенце Літвы створана група па развіцці супрацоўніцтва з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. Беларусь разглядае Літву і Латвію як найзручнейшы выхад да Балтыйскага мора, асабліва праз порт Вентспілс, які яшчэ з сав. часоў непасрэдна звязаны з Наваполацкім нафтаперапрацоўчым з-дам. На характар адносін Беларусі з Літвой і Латвіяй істотна ўплывала збліжэнне гэтых краін з ЕС і НАТО. З 2003 Літва і Латвія па рэкамендацыі ЕС узмацнілі рэжым на граніцы з Беларуссю.
Даволі актыўна ў 1-й пал. 1990-х г. развіваліся адносіны паміж Беларуссю і Польшчай. У кастр. 1991 гэту краіну з афіц. візітам наведаў Старшыня Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь В.Ф.Кебіч, у чэрв. 1992 — Старшыня Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь С.С.Шушкевіч. У ліст. 1992 Рэспубліку Беларусь наведала з візітам прэм’ер-міністр Польшчы Х.Сухоцкая, у чэрв. 1993 — Прэзідэнт Польшчы Л.Валенса. У сак. 1996 у Брэсце адбылася сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Польшчы А.Лукашэнкі і А.Квасьнеўскага. Развівалася супрацоўніцтва паміж бел. і польскімі парламентарыямі. 23.6.1992 Беларусь і Польшча падпісалі дагавор аб добрасуседстве і дружалюбным супрацоўніцтве. У 2-й пал. 1990-х г.бел.-польскія адносіны на паліт. узроўні сталі больш стрыманымі, але з пач. 21 ст.паліт. сувязі зноў пашыраюцца. Даволі актыўна супрацоўнічаюць прыгранічныя рэгіёны Беларусі і Польшчы. Польшча лічыць немэтазгоднай паліт. ізаляцыю Беларусі. У снеж. 2003 Мін-ва замежных спраў Польшчы прапанавала распрацаваць канцэпцыю «ўсходняга вымярэння» ЕС у адносінах да Беларусі, Малдовы, Расіі і Украіны. З улікам гэтай прапановы ў сак. 2003 падрыхтаваны дакумент ЕС «Пашыраная Еўропа» (Wider Europe), дзе вызначаны асновы палітыкі пашыранага ЕС у адносінах да яго ўсх. суседзяў. У кастр. 2003, выканаўшы патрабаванне ЕС, Польшча ўвяла паўнавартасны візавы рэжым у адносінах да Беларусі.
Да 1997 Рэспубліка Беларусь пашырала ўзаемадзеянне з краінамі Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы (Чэхія, Славакія, Венгрыя, Румынія, Балгарыя, Славенія, Харватыя, Македонія, Боснія і Герцагавіна). У ліп. 1992 адбыўся візіт у Рэспубліку Беларусь Прэзідэнта Румыніі І.Іліеску. Старшыня Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь Шушкевіч наведаў з візітамі Румынію (май 1993) і Балгарыю (кастр. 1993). Беларусь падпісала дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве з Румыніяй (7.5.1993) і Балгарыяй (19.10. 1993). У 2-й пал. 1990-х г.паліт. дыялог Беларусі з краінамі гэтага рэгіёна быў згорнуты. Найб. схільнасць да захавання кантактаў з Беларуссю праяўляла Балгарыя, якая падтрымлівала сувязі з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. У новым дзесяцігоддзі паліт. дыялог паміж Беларуссю і краінамі Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы зноў пачаў набываць дынаміку, але пакуль не стаў актыўным з той прычыны, што краіны гэтага рэгіёна аддаюць перавагу развіццю сувязей з еўрап. і еўраатлантычнымі арг-цыямі. У 2-й пал. 1990-х г.гал.паліт. партнёрам Беларусі ў рэгіёне стала Саюзная Рэспубліка Югаславія (СРЮ, з 2003 Сербія і Чарнагорыя). У сак. 1996 адбыўся афіц. візіт у Рэспубліку Беларусь прэзідэнта СРЮ З.Ліліча. 6.3.1996 Беларусь і СРЮ падпісалі дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве. У студз. 1998 і крас. 1999 СРЮ наведаў з візітамі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Вясной 1999 бел. парламент падтрымаў просьбу югаслаўскага кіраўніцтва аб прыёме Саюзнай Рэспублікі Югаславіі ў Саюз Беларусі і Расіі, аднак пасля перамогі ў СРЮ апазіцыі на парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах у кастр. 2000 пытанне аб далучэнні Югаславіі да саюза страціла актуальнасць і двухбаковыя адносіны набылі больш прагматычны характар.
Важным кірункам знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь пасля яе выхаду на міжнар. арэну ў 1991 стала развіццё адносін з краінамі Зах. Еўропы. У 1-й пал. 1990-х г. вельмі актыўна пашыралася супрацоўніцтва Беларусі з Аўстрыяй, Бельгіяй, Германіяй, Вялікабрытаніяй, Італіяй, Нідэрландамі, Францыяй, Швейцарыяй. У сак. 1995 Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь пабываў з афіц. візітам у Бельгіі, у ліп. 1996 — у Францыі, дзе 11.7.1996 падпісаны двухбаковы дагавор аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве (моцы не набыў, бо не ратыфікаваны франц. парламентам). У 2-й пал. 1990-х г. адносіны Рэспублікі Беларусь з еўрап. краінамі пагоршыліся. Дзяржавы Зах. Еўропы не прызналі вынікі канстытуцыйнага рэферэндуму ў Беларусі (ліст. 1996) і лічылі нелегітымным Нац. сход Рэспублікі Беларусь. У выніку практычна цалкам прыпыніліся кантакты на вышэйшым дзярж. узроўні. У пач. 2001 дыялог паміж Рэспублікай Беларусь і дзяржавамі Зах. Еўропы пачаў выходзіць са стану стагнацыі. Зах.-еўрап. краіны (Аўстрыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Італія, Швейцарыя, Швецыя) праяўляюць цікавасць да пашырэння паліт. кантактаў з Беларуссю. У парламентах Вялікабрытаніі і Італіі створаны групы па развіцці супрацоўніцтва з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. Працягваецца пашырэнне дагаворна-прававой базы двухбаковых адносін. Аднак развіццё паўнавартаснага паліт. дыялогу, найперш на вышэйшым дзярж. узроўні, ставіцца ў залежнасць ад развіцця адносін Беларусі з вядучымі еўрап. арг-цыямі.
У 1-й пал. 1990-х г. паспяхова развівалася супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь са Злучанымі Штатамі Амерыкі. У ліп. 1993 ЗША наведаў з афіц. візітам Старшыня Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь С.С.Шушкевіч, у студз. 1994 у Рэспубліцы Беларусь упершыню з афіц. візітам пабываў Прэзідэнт ЗША У.Дж.Клінтан. З 1992 Беларусь і ЗША праводзілі сумесную працу па праграмах ліквідацыі стратэгічных наступальных узбраенняў. На правядзенне адпаведных мерапрыемстваў да канца 1996 Беларусь атрымала з боку ЗША каля 123 млн. долараў. У 2-й пал. 1990-х г. адносіны Рэспублікі Беларусь з ЗША пагоршыліся. У 1996 ЗША адмовіліся прызнаць вынікі бел. канстытуцыйнага рэферэндуму. У лют. 1997 амер. кіраўніцтва афіцыйна сфармулявала сваю пазіцыю ў адносінах да Беларусі, выказала намер падтрымліваць адносіны з бел. урадам на ўзроўні прадстаўніцтва, дастатковага для выканання задач ЗША, а гал. прыярытэтам зрабіць развіццё кантактаў з бел. апазіцыйнымі партыямі і рухамі, незалежнымі СМІ і няўрадавымі арг-цыямі (у далейшым палітыка ЗША у адносінах да Беларусі атрымала назву «выбарачнае ўзаемадзеянне»). У кангрэсе ЗША у 2-й пал. 1990-х г. і ў пач. новага дзесяцігоддзя неаднаразова праходзілі слуханні па праблемах дэмакратыі на Беларусі, дзе жорсткай крытыцы падвяргалася ўнутраная і знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь. Заклікі кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь весці раўнапраўны, добразычлівы дыялог на аснове прызнання ўнутрыбел. рэалій не знаходзілі ў ЗША належнага водгуку.
Важным. кірункам знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца супрацоўніцтва з краінамі Азіі. У 1992—93 адбыліся візіты бел. кіраўнікоў у Кітай, Манголію, Ізраіль, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Індыю, Кувейт. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка наведаў з афіц. візітамі Турцыю (1996), Рэспубліку Карэя, В’етнам (1997), Сірыю (1998, 2003), Іран (1998), Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (2000), Катар (2001), Кувейт, Бахрэйн (2002). У 1997—2002 Беларусь наведвалі прэзідэнт Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам Чан Дык Лыонг, прэм’ер-міністр Лівана Р.Харыры, міністры замежных спраў Сірыі, Лівана, М’янмы, Кувейта, Ірана, Манголіі, Лаоса. На мяжы 20—21 ст. актывізавалася супрацоўніцтва Беларусі з Іракам, аднак ваен. інтэрвенцыя ЗША і іх саюзнікаў супраць гэтай краіны ў 2003 перашкодзіла развіццю бел.-іракскіх сувязей. Рэспубліка Беларусь падпісала дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве з Турцыяй (24.7.1996) і В’етнамам (24.4.1997). Краіны Азіі прызнаюць бел. ўнутрыпаліт. рэаліі і імкнуцца да пашырэння сувязей з Беларуссю па парламенцкай лініі. На працягу 1997—2003 Нац. сход Рэспублікі Беларусь меў добрыя адносіны з парламентамі В’етнама, Ізраіля, Ірана, Кувейта, Турцыі. Плённым з’яўляецца супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з адпаведнымі краінамі ў рамках міжнар. арг-цый (ААН, Рух недалучэння, Міжпарламенцкі саюз і інш.).
Адным з гал. партнёраў Беларусі ў Азіі з’яўляецца Кітай. Бел.-кітайскія сувязі захоўваюць дружалюбны характар, вызначаюцца ўзаемнай павагай бакоў адзін да аднаго і ўзаемаразуменнем па важнейшых пытаннях сучаснага жыцця. Умацаванню двухбаковых сувязей садзейнічалі візіты вышэйшых дзярж. кіраўнікоў Беларусі і Кітая. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка наведаў Кітай з афіц. і дзярж. візітамі ў 1995, 1997 і 2001, неаднаразова наведвалі Беларусь таксама і прадстаўнікі вышэйшага кіраўніцтва КНР (у 1995 у Рэспубліцы Беларусь пабываў прэм’ер Дзяржсавета КНР Лі Пэн, у 2000 — нам. Старшыні КНР Ху Цзіньтао, у ліп. 2001 адбыўся візіт Старшыні КНР Цзян Цзэміня). Актыўна супрацоўнічаюць дэпутаты Нац. сходу Рэспублікі Беларусь і Усекітайскага сходу нар. прадстаўнікоў, пашыраюцца сувязі на ўзроўні асобных рэгіёнаў дзвюх краін. У крас. 2001 Кітай сфармуляваў 4 прынцыпы адносін з Беларуссю. У прыватнасці, абвешчана, што Кітай з’яўляецца сябрам бел. народа, заўсёды падтрымліваў і будзе падтрымліваць унутраную палітыку бел. дзяржавы, лічыць прэзідэнцкія выбары ўнутранай справай Беларусі, выступае супраць умяшання ў яе ўнутраныя справы.
У адрозненне ад бел.-кітайскіх адносін супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Японіяй у 1990-я г. заставалася вельмі стрыманым. У 1996 Японія не прызнала вынікі бел. канстытуцыйнага рэферэндуму, хаця ў пач. новага дзесяцігоддзя стала праяўляць цікавасць да развіцця супрацоўніцтва з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. У парламенце Японіі створана бел.-японская група міжпарламенцкага супрацоўніцтва. Даволі плённым у цяперашніх умовах з’яўляецца бел.-японскае ўзаемадзеянне на ўзроўні грамадскіх аб’яднанняў (у прыватнасці, цікавасць да развіцця сувязей з Беларуссю праяўляюць прадстаўнікі японскіх клубаў «Раторы»).
Дружалюбнасць і ўзаемаразуменне характарызуюць адносіны Рэспублікі Беларусь з Індыяй. У 1997 адбыўся афіц. візіт у Індыю Прэзідэнта Лукашэнкі. У 2001 Беларусь наведаў міністр замежных спраў Індыі А.Абдула. Бел.-індыйскія адносіны грунтуюцца на значнай дагаворна-прававой аснове. Канструктыўна супрацоўнічаюць бел. і індыйскія парламентарыі. Абедзве краіны маюць агульныя або падобныя падыходы да вырашэння многіх актуальных праблем сучаснасці і паспяхова супрацоўнічаюць у рамках ААН і інш.міжнар. арг-цый, што дазваляе ўзняць іх адносіны на больш высокі паліт. ўзровень.
У Лац. Амерыцы асн. партнёрам Рэспублікі Беларусь заставалася Куба. У 1-й пал. 1990-х г.бел.-кубінскі дыялог прыпыніўся, але ў 2-й пал. 1990-х г. адносіны зноў набылі сталы характар. У вер. 2000 Кубу з афіц. візітам наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. 3.9.2000 Беларусь і Куба падпісалі дагавор аб сяброўскіх адносінах і супрацоўніцтве. Куба паважліва ставіцца да бел. ўнутрыпаліт. рэалій і падтрымлівае сувязі з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. У 2-й пал. 1990-х г. Беларусь пашырыла паліт. дыялог з інш. краінамі Лац. Амерыкі і Карыбскага рэгіёна. На працягу 1998—2001 адбыліся візіты вышэйшых службовых асоб Беларусі ў Аргенціну, Калумбію, Уругвай, Чылі, Перу, Коста-Рыку, Панаму, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсію, Ямайку. Пашыраецца дагаворна-прававая база адносін з Аргенцінай, Бразіліяй, Мексікай, Перу, Уругваем, Чылі, Эквадорам.
У Афрыцы Беларусь вядзе актыўны паліт. дыялог з краінамі Магрыба (Паўн. Афрыка). У сак. 1998 Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка наведаў з афіц. візітам Егіпет, у ліст. 2000 — Лівію. Развіваюцца кантакты Беларусі з Тунісам, Марока. У апошнія гады пашыраецца супрацоўніцтва Беларусі з Паўд.-Афрыканскай Рэспублікай і Анголай.
Будынак Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
Гандлёва-эканамічныя адносіны Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі. У 1990-я г.эканам. сувязі Беларусі з замежнымі дзяржавамі набылі якасна новы характар. У 1994 Рэспубліка Беларусь падтрымлівала гандлёва-эканам. адносіны з 97 краінамі свету, у 2000 — са 153. Пытаннямі развіцця гандлёва-эканам. супрацоўніцтва паміж Беларуссю і замежнымі дзяржавамі займаліся Дзярж.к-т па знешніх эканам. сувязях (у 1994—98 Мін-ва знешнеэканам. сувязей), Бел. гандлёва-прамысл. палата, замежныя дыпламат. прадстаўніцтвы Рэспублікі Беларусь. Беларусь удзельнічала ў міжнар. выстаўках і кірмашах, рабоце замежных арг-цый, праводзіць канферэнцыі і семінары, адкрывае свае гандл. дамы, сэрвісныя цэнтры і інш. У 2001 за мяжой дзейнічалі 169 аб’ектаў, праз якія вялася рэалізацыя бел. тавараў, з іх 135 у Рас. Федэрацыі, 11 у краінах СНД, 23 у краінах па-за межамі СНД. Распрацавана Нац. праграма развіцця экспарту на 2000—05, створаны Міжведамасны савет па развіцці экспарту, Каардынацыйны савет па замежных інвестыцыях пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (у 2001 прынята рашэнне пра ўключэнне ў склад рабочых груп Каардынацыйнага савета буйнейшых замежных інвестараў з Германіі, ЗША, Нідэрландаў, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Расіі, Турцыі). У 2001 з мэтай актывізацыі крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва бел.Мін-ва замежных спраў падрыхтавала Інвестыцыйны атлас Рэспублікі Беларусь на рус. і англ. мовах. З шэрагам краін Беларусь стварыла спец. міжурадавыя камісіі па гандлёва-эканам. супрацоўніцтве (Арменія, Аўстрыя, В’етнам, Германія, Індыя, Ірак, Іран, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Латвія, Літва, Малдова, Польшча, Славакія, Турцыя, Узбекістан, Украіна, Швейцарыя і інш.), што дазваляе вызначыць перспектыўныя кірункі двухбаковага супрацоўніцтва і найб. эфектыўныя спосабы дасягнення пастаўленых мэт. Знешнегандл. абарот Рэспублікі Беларусь (у доларах ЗША) у 1995 склаў 10 367 млн., у 2000—15 823, у 2002—17 077,7 млн.; агульны аб’ём экспарту ў 1995 склаў 4803 млн., у 2000—7331, у 2002—8097,8 млн. долараў; імпарту ў 1995—5564 млн., у 2000—8492 млн., у 2002—8979,9 млн. долараў. У гандлі з замежнымі краінамі Рэспубліка Беларусь захоўвае адмоўнае сальда.
Асаблівую ўвагу бел. кіраўніцтва аддае развіццю эканам. сувязей у межах СНД. У 1995 створаны Мытны саюз паміж Беларуссю, Расіяй і Казахстанам. На сустрэчы ў Маскве ў сак. 1996 кіраўнікі Беларусі, Расіі, Казахстана і Кыргызстана падпісалі дагавор аб паглыбленні эканам. інтэграцыі (у 1998 да «чацвёркі» далучыўся Таджыкістан). У 2000 Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан заснавалі новае інтэграцыйнае аб’яднанне — Еўра-Азіяцкую супольнасць (ЕўрАзЭС). У 2003 Беларусь, Казахстан, Расія і Украіна абмяркоўвалі пытанні стварэння адзінай эканам. прасторы, маючы на мэце ўмацаванне інтэграцыйных сувязей на постсав. прасторы і каардынацыю дзеянняў пры ўваходжанні ў сусв.гандл. арг-цыю. У 2000 Рэспубліка Беларусь экспартавала ў краіны СНД тавараў на 4453,4 млн. долараў (з іх у Расію — на 3710,1), у 2002 — на 4461,3 (з іх у Расію — на 3977,1). Бел. імпарт з краін СНД у 2000 склаў 6000,9 млн. долараў (у т. л. з Расіі — 5604,7), у 2002—6215,7 (у т. л. з Расіі — 5922,3). Экспарт у краіны па-за межамі СНД у 2000 склаў 2926,3 млн. долараў, у 2002—3636,5 млн. Імпарт у адпаведныя краіны ў 2000 склаў 2476,5 млн. долараў, у 2002—2764,2 млн.Асн. гандлёва-эканам. партнёрам Беларусі ў межах СНД на працягу 1992—2002 заставалася Расія. У 1995 гандл. абарот з гэтай краінай складаў 5150,3 млн. долараў, у 1996—6546,5, у 1997—9453,1, у 1998—9278,5, у 1999—6988,7, у 2000—9314,8, у 2001—9400,6, у 2002—9899,4, у 2003—12 458,0 млн. Другім па значэнні партнёрам Беларусі ў межах СНД заставалася Украіна, хаця ў адрозненне ад Расіі гандаль з ёй меў адмоўную дынаміку. У 1995 гандл. абарот Беларусі з Украінай складаў 1176,2 млн. долараў, у 2000—900,3, у 2002—562,3. У 2002 у агульным аб’ёме тавараабароту Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі (па-за межамі СНД) удзельная вага краін Еўропы склала 75,9% (4860,5 млн. долараў), Азіі — 11,1% (708,5), Амерыкі — 7,5% (481,7), Афрыкі — 1,7% (105,6). Гал. знешнеэканам. партнёрамі Беларусі былі Вялікабрытанія, Германія, Італія, Латвія, Літва, Польшча.
У таварнай структуры бел. экспарту ў 2002 пераважалі мінер. прадукты, трансп. сродкі, механічныя і электрычныя машыны і абсталяванне, прадукцыя хім. прамысловасці, тэкст. вырабы. На мяжы стагоддзяў пераважная частка экспарту прадукцыі высокай і сярэдневысокай навукаёмістасці (грузавыя аўтамабілі, трактары, падшыпнікі, халадзільнікі і маразільнікі, аўтадарожная і с.-г. тэхніка, рухавікі ўнутр. згарання, фарбы і лакі, шыны) накіроўвалася ў дзяржавы СНД, найперш у Расію. На рынкі краін Захаду пастаўлялася пераважна нізкатэхнал. прадукцыя з невысокай ступенню апрацоўкі (прадукцыя сельскай гаспадаркі, лесаматэрыялы, тэкст. вырабы, лом і адходы металаў, стальныя пруткі і дрот, калійныя ўгнаенні). Міжнар. абарот паслуг Рэспублікі Беларусь у 2002 склаў 1891,3 млн. долараў, у т. л. экспарт паслуг — 1218,9 млн.Найб. ўдзельную вагу ў агульным аб’ёме экспарту паслуг у 2002 займалі трансп. паслугі, аб’ём якіх склаў 691,4 млн. долараў. Экспарт дзелавых паслуг у 2002 склаў 253,6 млн. долараў, паслуг сувязі — 61,4 млн. Станоўчае сальда ў гандлі паслугамі па выніках 2002 склалася ў памеры 546,5 млн. долараў і на 61,9% кампенсавала адмоўнае сальда ў знешнім гандлі таварамі.
У 1-й пал. 1990-х г. Рэспубліка Беларусь атрымлівала крэдыты ад Аўстрыі, Бельгіі, Германіі, Італіі, Швейцарыі. Сродкі на правядзенне эканам. рэформ на Беларусі выдзялялі ЕС, Міжнар. валютны фонд (МВФ), Еўрап. банк рэканструкцыі і развіцця. У жн. 1994 Рэспубліка Беларусь атрымала замежных крэдытаў на суму 1049,5 млн. долараў. З 2-й пал. 1990-х г. памеры крэдытавання бел. эканомікі развітымі дзяржавамі Захаду скараціліся, поўнасцю спынілася крэдытаванне з боку МВФ. З 1997 Беларусь удзельнічае ў рэалізацыі праграм па выпуску прадукцыі прамысловасці, фінансаванне якіх праводзіцца са сродкаў бюджэту Саюза Беларусі і Расіі («Развіццё дызельнага аўтамабілебудавання», «Арганізацыя серыйнай вытворчасці абсталявання для выпуску хімічных валокнаў» і інш.).
Новы імпульс у 1990-я г. атрымала практыка прыцягнення замежнага капіталу ў форме сумесных і замежных прадпрыемстваў. У 1992 у Рэспубліцы Беларусь зарэгістравана 201 сумеснае і 8 замежных прадпрыемстваў, у 2000 — адпаведна 1816 і 1332. На 1.1.2003 на Беларусі дзейнічалі 1396 сумесных і 1271 замежнае прадпрыемства. У пач. 21 ст.найб. прыцягальнымі для замежных інвестараў сталі сферы прамысл. вытворчасці, гандл. дзейнасць і транспарт. У прамысл. сектары асн. інвестыцыі прыпадалі на машынабудаванне, харчовую, лёгкую, дрэваапрацоўчую і хім. прамысловасць. Найбуйнейшыя прадпрыемствы створаны з удзелам інвестараў з Расіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Чэхіі ў сферы будаўніцтва, вытворчасці электраізалятараў, выдавецкай справы і паліграфіі, дрэваапрацоўкі і вытворчасці прадуктаў харчавання. Цікавасць у замежных інвестараў выклікала стварэнне на тэр. Беларусі ў 2-й пал. 1990-х г. свабодных эканам. зон «Брэст», «Гомель-Ратон», «Мінск» і «Віцебск». Беларусь развівае таксама кантакты з пагранічнымі дзяржавамі (Расіяй, Украінай, Польшчай, Літвой, Латвіяй) у рамках еўрарэгіёнаў «Буг», «Нёман», «Азёрны край», «Белавежская пушча», «Дняпро».
Складанае становішча, у якое трапіла бел. эканоміка ў сувязі з разрывам сувязей, што склаліся ў сав. часы, паўплывала на характар яе гандлёва-эканам. дзейнасці. У 1990-я г. адмоўнай рысай гандлю Беларусі з замежнымі краінамі была вялікая ўдзельная вага безграшовых форм разліку, найперш бартэру. У 1999 бартэр у экспарце ў Расію дасягнуў 52,2% ад агульнай колькасці пастаўленай прадукцыі, у краіны па-за межамі СНД — 11,9%; у імпарце з Расіі доля бартэру склала 38,9%, з краін па-за межамі Расіі — 13,3%. У пач. 21 ст. доля бартэрных паставак у агульным аб’ёме бел. знешняга гандлю пачала скарачацца.
Культурныя і навуковыя кантакты, сувязі ў галіне спорту і турызму. Перабудова міжнар. адносін Беларусі ва ўмовах незалежнасці паўплывала на характар яе замежных сувязей у галіне навукі і культуры. У канцы 20 — пач. 21 ст. Рэспубліка Беларусь праводзіла навук. даследаванні і распрацоўкі разам са шматлікімі замежнымі навукова-даследчымі і навуч. ўстановамі. Актыўна ажыццяўлялася супрацоўніцтва з акадэміямі навук, інш.навук. ўстановамі. Да канца 1990-х г. міжурадавыя, міжакадэмічныя і міжінстытуцкія дагаворы і пагадненні заключаны з 60 краінамі свету. Толькі ў 2001 Нац.АН Беларусі мела 33 дагаворы і пагадненні, заключаныя на міжакадэмічным узроўні. На міжінстытуцкім узроўні выконваліся 302 дагаворы, праекты і кантракты з замежнымі навук. ўстановамі, фірмамі і арг-цыямі 38 краін, адбылося 780 навук. камандзіровак супрацоўнікаў АН Беларусі ў 50 краін далёкага замежжа і 245 прыёмаў замежных вучоных і спецыялістаў з 33 дзяржаў свету ў навук. установах Беларусі. Важным кірункам міжнар. супрацоўніцтва быў удзел АН Беларусі ў міжнар.навук. праграмах і праектах па лініі ЮНЕСКА, МАГАТЭ, Міжнар. навукова-тэхн. цэнтра, еўрап. праграмах INTAS і INCO-Copernicus. Значныя аб’ёмы даследаванняў і распрацовак выкананы па кантрактах з арг-цыямі Германіі, ЗША, Індыі, Рэспублікі Карэя, Нідэрландаў, Югаславіі.
Міжнар. сувязі ў галіне адукацыі ажыццяўляліся шляхам падрыхтоўкі ў бел.ВНУ спецыялістаў для замежных краін, арганізацыі двухбаковага супрацоўніцтва паміж навуч. ўстановамі Беларусі і навуч. і навук. цэнтрамі замежных краін з мэтай навучання, павышэння кваліфікацыі, правядзення навук. даследаванняў. Так, у сярэдзіне 1990-х г.навуч. ўстановы Беларусі падпісалі каля 130 пагадненняў з навуч. ўстановамі, прадпрыемствамі і фірмамі краін Еўропы, Азіі і Амерыкі. У 1994 у адпаведнасці з міжнар. пагадненнямі, а таксама на аснове дагавораў у навуч. установах Беларусі вучылася больш за 2,5 тыс. студэнтаў з 93 краін далёкага замежжа. У сваю чаргу бел. вучоныя і студэнты маглі вучыцца і стажыравацца на прадпрыемствах і ў навук. цэнтрах замежжа.
Моцным сродкам збліжэння народаў заставаліся ўзаемаабмен дасягненнямі літаратуры, кіно, выяўл. мастацтва, арганізацыя муз. і тэатральных фестываляў. У 1993 Рэспубліка Беларусь далучылася да Еўрап. культурнай канвенцыі 1954. Якасна новы змест набылі Дні бел. культуры, дзе Беларусь стала заяўляць пра сябе як пра краіну з адметнай нац. культурай еўрап. ўзроўню. З 1992 у Віцебску праводзяцца штогадовыя міжнар.муз. фестывалі «Славянскі базар» з удзелам вядомых спевакоў, кампазітараў, музыкантаў з замежных краін. У 1-й пал. 1990-х г. актывізавалася дзейнасць па вяртанні на Бацькаўшчыну культурных каштоўнасцей, што знаходзіліся за межамі Беларусі (рэстытуцыі). У сярэдзіне 1990-х г. адпаведныя міжурадавыя пагадненні падпісаны ці падрыхтаваны да падпісання з большасцю краін СНД, Польшчай, Літвой, Германіяй, Чэхіяй, Славакіяй, ЗША. Умацаванню культ. сувязей спрыяла дзейнасць на Беларусі Культурна-адукац. цэнтра імя Гётэ (Германія), Франка-бел. інфарм. залы, Брытанскага савета, Інфарм. цэнтра пасольства ЗША.
Разнастайную палітру муз. праграм прадстаўлялі бел. прафесійныя калектывы за мяжой (у 1990-я г. гастролі праходзілі ў Бразіліі, Германіі, Індыі, Іспаніі, Італіі, Кітаі, Літве, Польшчы, Францыі, Швейцарыі, Японіі і інш.). Актыўную гастрольную дзейнасць ажыццяўлялі трупы бел. балета і оперы, Дзярж. акадэмічны сімфанічны аркестр, Дзярж. ансамбль танца, Дзярж. акадэмічны нар. хор імя Г.І.Цітовіча, ансамбль салістаў «Класік-авангард» і інш.Бел. тэатральнае мастацтва было прадстаўлена на найб. прэстыжных творчых форумах свету, сярод якіх Эдынбургскія фестывалі ў Вялікабрытаніі, Шылераўскія фестывалі і Бонскае біенале ў Германіі, Шэкспіраўскія фестывалі ў Іспаніі і Польшчы, Чэхаўскія фестывалі ў Расіі, фестывалі тэатр. мастацтва ў Егіпце, Францыі і многія інш. Годна прадстаўлялі сваю творчасць за межамі краіны бел. мастакі, скульптары, кінематаграфісты. Толькі ў 2001 з гастролямі, канцэртнымі праграмамі, для ўдзелу ў міжнар. конкурсах, фестывалях, выстаўках па лініі Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь больш за 3 тыс. артыстаў і дзеячаў мастацтва выехалі ў 18 краін свету, у т. л. ў Германію, Ірландыю, Іспанію, Італію, Кітай, Латвію, Нідэрланды, Польшчу, Расію, Турцыю, Украіну, Францыю. Мін-ва культуры забяспечвала міжнар. культурнае супрацоўніцтва з больш чым 30 краінамі свету на аснове 33 міжурадавых і міжведамасных дагавораў, заключаных з гэтымі дзяржавамі, у т. л. 4 пагадненні з рознымі рэгіёнамі Рас. Федэрацыі.
Паспяхова развіваліся сувязі паміж Рэспублікай Беларусь і ЮНЕСКА. У вер. 1998 Беларусь і ЮНЕСКА падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве. Пры дапамозе ЮНЕСКА адзначаліся 400-годдзе памяці гуманіста і філосафа С.Буднага, 100-годдзе з дня нараджэння бел. пісьменнікаў М.Багдановіча і М.Гарэцкага. Таксама ЮНЕСКА дапамагала Беларусі ў захаванні традыцыйнай культуры, мовы, фальклору, культурных і гіст. помнікаў, у вырашэнні праблем, звязаных з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы 1986. Дзякуючы дапамозе гэтай арг-цыі, наладжана камп’ютэрная сетка ў АН Беларусі, разгорнута сістэма камп’ютэрных каталогаў у Нац. б-цы Рэспублікі Беларусь. Паводле рашэння ЮНЕСКА 2 помнікі бел. даўніны — Белавежская пушча і замкавы комплекс Мір — унесены ў Спіс сусв. культурнай і прыроднай спадчыны. Значную работу па ўмацаванні міжнар. сувязей Беларусі праводзяць Бел.т-ва дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі, Міжнар. асацыяцыя беларусістаў, інш. арг-цыі. Працягваецца супрацоўніцтва паміж Беларуссю і замежнымі дзяржавамі ў рамках параднёных гарадоў. Пры дапамозе замежных краін і міжнар. арг-цый Беларусь паспяхова вырашала праблемы ў сферы аховы навакольнага асяроддзя; толькі ў 2002 рэалізавана 12 міжнар. экалагічных праектаў на суму больш за 4,8 млн. долараў.
У 1990-я г. на Беларусі актыўна развівалася сістэма міжнар. турызму, якая стала адной з форм знешнеэканам. дзейнасці дзяржавы. У 2002 пытаннямі міжнар. турызму займалася каля 500 бел. фірм. Гал. партнёрамі Беларусі ў сферы міжнар. турызму з’яўляюцца Расія, Украіна, Германія, Польшча, Вялікабрытанія, Турцыя, Чэхія, Славакія, Балгарыя, Швецыя, Нідэрланды, Літва. У 1992 за мяжой (без краін СНД) пабывала 312 258 турыстаў з Беларусі, у 1995—570 899, у 2000—1 181 570, у 2002—1 198 669. Колькасць замежных турыстаў, што наведалі Беларусь, павялічылася з 29 877 чал. у 1992 да 55 177 чал. у 2002. У Беларусь турысты пераважна прыбываюць з Польшчы, Вялікабрытаніі, Расіі, Латвіі, Германіі, Ізраіля, Літвы, Кіпра, Украіны. У 1996 у межах сумеснага праекта ўрада Рэспублікі Беларусь і ПРААН «Садзейнічанне сацыяльна-эканамічнаму развіццю Рэспублікі Беларусь у пераходны перыяд» распрацаваны турыстычны маршрут «Залатое кальцо Беларусі». Планавалася, што ён аб’яднае ў адзіны турысцка-гасп. комплекс усе тэрыторыі і аб’екты краіны, якія маюць цікавасць як турысцка-экскурсійныя і рэкрэацыйныя аб’екты ці спартыўна-аздараўленчыя базы і зоны адпачынку.
Умацоўваюцца спарт. сувязі Беларусі з замежнымі краінамі. Бел. спартсмены паспяхова ўдзельнічалі ў летніх і зімовых Алімпійскіх гульнях у Барселоне (1992), Лілехамеры (1994), Атланце (1996), Нагана (1998), Сіднеі (2000), Солт-Лейк-Сіці (2002), інш.міжнар. спаборніцтвах. Напр., на XXVIII летніх Алімпійскіх гульнях у Афінах (2004) 153 спартсмены Беларусі спаборнічалі ў 23 відах алімпійскіх праграм і атрымалі 2 залатыя, 6 сярэбраных і 7 бронзавых медалёў. Неаднаразова міжнар.спарт. турніры праводзіліся і на бел. тэрыторыі. Рэспубліка Беларусь стала паўнапраўным членам К-та па развіцці спорту Савета Еўропы, прычым бел. прадстаўнік першы з краін Усх. Еўропы ўвайшоў у склад яго Выканкома.
Літ.:
Белорусская ССР в международных отношениях: Междунар. договоры, конвенции и соглашения БССР с иностр. государствами (1944—1959). Мн., 1960;
Броўка Ю.П. Да пытання аб удзеле Беларускай ССР у стварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1963. №2;
Яго ж. Международная правосубъектность БССР. Мн., 1967;
Переписка Председателя Совета Министров СССР с президентами США и премьер-министрами Великобритании во время Великой Отечественной войны 1941—1945 гг.Т. 1—2. М.;
1976;
Советский Союз на международных конференциях периода Великой Отечественной войны, 1941—1945 гг.: Сб. док. Т. 3—5. М., 1978—84;
Белорусская ССР в международных отношениях: Многосторон. междунар. договоры, конвенции и соглашения БССР (1960—1980). Мн., 1983;
Языкович Л.В. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО. Мн., 1986;
Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гг.Мн., 1994;
Яго ж. «Мы, народы Объединенных Наций...»: Об участии Беларуси в деятельности ООН // Нёман. 1995. №10;
Яго ж. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі, 1944—1953 гт. Мн., 1997;
Яго ж. Внешняя политика Республики Беларусь: первые итоги первого десятилетия // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 2000. № 4;
Яго ж. Беларуская дзяржаўнасць і дыпламатыя ў XX ст. // Там жа. 2001. № 1;
Яго ж. Белорусско-российские отношения на рубеже столетий (конец 1999 — начало 2001 гг.) // Там жа. 2001. №2;
Яго ж. Беларусь в международных отношениях // История Беларуси: (Краткий очерк). Мн., 2002;
Запруднік Я. Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мн., 1996;
Белоруссия на перепутье: в поисках международной идентичности. М., 1998;
Национально-государственные интересы Республики Беларусь. Мн., 1999;
Смирнов В.С. Внешняя политика и дипломатия Республики Беларусь. Мн., 1999;
Розанов А. Внешняя политика Беларуси: новые очертания // Беларусь в мире. 1999. №2—3;
Суверенитет и многовекторность внешней политики Республики Беларусь в современных условиях. Мн., 2000;
Шадурский В.Г. Культурные связи Беларуси со странами Центральной и Западной Европы (1945—1990-е гг.). Мн., 2000;
Приоритеты внешней политики Республики Беларусь. Мн., 2001;
Внешняя политика Беларуси в исторической ретроспективе: Материалы междунар. науч. конф., 24—25 мая 2002 г.Мн., 2002;
Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 6. Мн., 2003;
Тихомиров А.В. Беларусь в международных отношениях, 1772—2002. Мн., 2003;
Качуровский Е., Астапченко Ю. Беларусь: новая торговая политика. Мн., 2003;
Мир и Беларусь. Аспекты устойчивого развития. Мн., 2003;
Беларусь і Польшча — Polska i Białorus. Warszawa, 2003;
Челядинский А.А. Внешнеполитические приоритеты и интересы Республики Беларусь // Бел. журнал междунар. права и междунар. отношений. 2003. №4;
Актуальные вопросы международных отношений и внешней политики Беларуси: Материалы науч. семинаров, янв.—дек., 2002 г.Мн., 2003;
Беларусь в современном мире. Мн., 2003.
У.Е.Снапкоўскі (фарміраванне асноў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, Беларусь — адна з заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Беларусь і міжнародныя арганізацыі), А.В.Ціхаміраў (двухбаковыя сувязі Рэспублікі Беларусь з замежнымі дзяржавамі, гандлёва-эканамічныя адносіны Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі, культурныя і навуковыя кантакты, сувязі ў галіне спорту і турызму).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗБРОЕНЫЯ СІЛЫ І ВАЙСКОВЫЯ ФАРМІРАВАННІ НА БЕЛАРУСІ ў 9 — ПАЧ. 20 ст.
Паводле гіст. крыніц і меркаванняў бел. вучоных, ужо ў 6—9 ст. на тэр. Беларусі правадыры славянскіх плямён мелі ўзбр. дружыны для абароны сваіх вотчын ад нападаў суседзяў, а таксама для пашырэння ўласных уладанняў. У эпоху стараж. дзяржаў-княстваў (з 9 ст.) ваенна-дружынная арганізацыя Полацкага, Тураўскага, Навагрудскага і інш. княстваў складалася з княжацкіх дружын (ядро войска), апалчэнцаў-гараджан і сялян. Як сведчаць «Аповесць мінулых гадоў» і інш.гіст. крыніцы, у 9—10 ст. войскі («светлые») полацкіх князёў, у т. л. ў складзе кааліцыйных сіл, хадзілі ў паходы на Візантыю і інш. краіны, падпарадкоўвалі суседнія народы, якія плацілі ім даніну. На ўзбраенні ваяроў былі дзіды (пікі), лукі, баявыя сякеры, коп’і, мячы, скураныя шчыты і інш., з 12 ст. — шаблі, пазней з’явіліся самастрэлы (арбалеты), цяжкія даспехі (шлемы, латы, кальчугі, металічныя шчыты), а таксама сценабітныя, каменекідальныя машыны і інш. аблогавыя прыстасаванні.
У склад дружыны князі набіралі найб. адданых воінаў, часткова сваякоў. На чале войска стаяў сам князь або яго сыны. Дружына звычайна складалася з 2 частак: «старэйшая» дружына або «моцныя мужы» (згадваецца ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай»), у якую ўваходзілі найб. адданыя і вопытныя воіны, і малодшая дружына («дзецкія»), якая ахоўвала князя ў мірны час і ваен. паходах, выконвала яго асабістыя даручэнні (напр., у адпаведнасці з пастановай Любецкага з’езда 1097 Святаполк Ізяславіч «яко князь Туроўский», атрымаўшы вял. тэрыторыі «аб оне стороне Прыпяти», у т. л. Кіеўскае княства, трымаў у Кіеве тураўскую дружыну «маладую», «новую»), Найважнейшыя цэнтры ўсх. славян Полацк і Тураў мелі моцныя ўмацаванні, вялікую дружыну, а таксама народнае апалчэнне з гараджан і жыхароў навакольных вёсак. Сабранае апалчэнне называлі палком, узначальваць які князь прызначаў ваяводу (военачальніка) з лепшых і вопытных дружыннікаў. Удзел у апалчэнні лічыўся ганаровым абавязкам. Знатныя гараджане ўзбройвалі і аснашчалі апалчэнцаў, за баявыя поспехі адорвалі іх грашыма, каштоўнасцямі, зброяй і даспехамі; рамеснікі пастаўлялі зброю і рыштунак; сяляне выраблялі транспартныя сродкі, у т. л. лодкі для перамяшчэння войск па рэках і азёрах, давалі харчы, коней і фураж. Побач з дружыннікамі і апалчэнцамі ў складзе полацкага войска дзейнічалі наёмнікі (у 10—11 ст. пераважна варагі). Аб’яднанае войска вяло барацьбу часцей за ўсё з суседнімі плямёнамі і княствамі (напр., у Нямігскай бітве 1067), а таксама з іншаземцамі.
З 13 ст. землі Беларусі ўвайшлі ў склад ВКЛ і сталі ядром дзяржавы, узбр. сілы якой лічыліся аднымі з наймагутнейшых у тагачаснай Еўропе. Яны не толькі паспяхова баранілі сваю краіну ад іншаземных захопнікаў, але і значна пашырылі яе межы. Напр., у выніку бітвы каля Сініх Вод 1362 войскі ВКЛ пад кіраўніцтвам вял. князя Альгерда ўшчэнт разграмілі аб’яднаныя войскі Крымскай, Перакопскай і Ямбалукскай ордаў, пасля чаго Вялікае княства пашырыла свае межы да вусцяў Дняпра і Днястра, замацавала ў сваім складзе Чарнігава-Северскія землі, Падолле, Валынь, Кіеўшчыну. Гіст. перамогай бел.-літ. і польскага войска завяршылася Грунвальдская бітва 1410. Сярод выдатных палкаводцаў 13—14 ст. — Давыд Гарадзенскі, Андрэй Полацкі, вял. князі Міндоўг, Гедзімін, Альгерд, Вітаўт.
Асновай узбр. сіл ВКЛ у сярэдневякоўі заставалася паспалітае рушэнне, ці абарона земская (ваеннаабавязаная ч. насельніцтва). Кожны абывацель (грамадзянін) княства, які валодаў зямлёй, абавязаны быў адбываць вайск. павіннасць — т.зв. земскую службу, памеры якой вызначаліся велічынёй зямельнага надзелу і колькасцю сялянскіх гаспадарак, што належалі землеўладальніку. Колькасць ратнікаў (драбаў) была прапарцыянальная колькасці ўласных сялянскіх службаў (служба — адзінка абкладання павіннасцямі, якая ўключала звычайна 2 ці 3 «дымы», або гаспадаркі). Свабодныя землеўладальнікі, шляхта павінны былі з’яўляцца на службу з цяжкім узбраеннем, на конях, у суправаджэнні світы; інш. ваеннаабавязаныя (больш бедныя землеўладальнікі) камплектавалі лёгкую конніцу. Усе яны стваралі харугвы паводле ваяводстваў. Больш знатныя і багатыя магнаты, ваяводы, кашталяны і епіскапы рыхтавалі свае ўласныя харугвы. Гарады вылучалі пэўную колькасць апалчэнцаў, ваен. павозак. Паветы і ваяводствы ўтрымлівалі таксама атрады наёмнага войска.
Паводле Прывілея 1387 і інш. статутных актаў у ВКЛваен. паход (пагоня) лічыўся абавязкам кожнага, хто мог трымаць зброю ў руках. Князі са сваімі васаламі таксама выконвалі агульнадзярж. вайск. службу; атрады («почты»), што ім падпарадкоўваліся, выкарыстоўваліся асобна ад павятовых атрадаў баяр-шляхты. Зборам ваяводскіх і павятовых харугваў кіравалі харунжы і кашталян. Пасля рэгістрацыі (палявога попісу) войска пераходзіла пад уладу гетманаў. Звычайна войска ўзначальваў вял. князь, які з’яўляўся галоўнакамандуючым; часам ён даручаў кіраваць арміяй гетману, найб. здольнаму ваяводу ці інш. вышэйшым саноўнікам. Попісы войска 1534, 1565, 1567 і інш. звычайна мелі рэгістрацыйна-ўліковы характар і складаліся гетманам (адсюль назва — гетманскія) непасрэдна на месцы збору войска. У некат. выпадках (напр., попіс 1534, які пачаўся каля Мінска) рэгістрацыя вайскоўцаў праходзіла і ў час маршу, што было абумоўлена загадам вял. князя гетману Ю.Радзівілу спешна рухацца да «ўскраінных» замкаў. У адрозненне ад гетманскіх попісаў перапіс 1528 меў рэгістрацыйна-даведачны характар: яго функцыі заключаліся ў тым, каб паказаць, хто з шляхты і інш. катэгорый насельніцтва абавязаны несці ваен. службу і павінен плаціць падатак на выпадак магчымай вайны. У Статуце Вял. княства Літоўскага 1588 дакладна зафіксаваны абавязкі харунжых, кашталянаў, ваявод і інш. дзяржаўцаў. Кашталяны (а дзе іх небыло — маршалкі) збіралі шляхту са сваіх паветаў і рухаліся на злучэнне з харунжым. Часткі харугваў «павінны былі рушыць да ваяводы... А потым ужо ўсе разам... да месца», прызначанага вял. князем або гетманам. Месца збору войска вызначалася залежна ад ваен.-стратэг., паліт. і інш. абставін (напр., у 1534 — Мінск, 1565 — Ракаў, 1567 — Маладзечна і інш.). Мабілізацыйнай дакументацыі і збору ўсяго шляхецкага войска надавалася асаблівае значэнне ў 16 ст., калі вызначаўся лёс ВКЛ у бясконцай і надзвычай цяжкай ваен-паліт. канфрантацыі з Вял. княствам Маскоўскім.
Мабілізацыйныя рэсурсы, паводле попісаў войска Вялікага княства Літоўскага, дазвалялі мець узбр. сілы да 70 тыс.чал. Аднак у 1567 войска налічвала 50 тыс. ратнікаў, у т. л. 28 тыс. коннікаў. Большую ч. паспалітага рушэння складала дробная і сярэдняя шляхта (з 16 ст. службу адбывалі і сельскія войты, з 17 ст. — і мяшчане). З 17 ст. паветы і ваяводствы выстаўлялі і наёмнае войска, значна меншае па колькасці, але больш баяздольнае. Мяшчане забяспечвалі армію зброяй, удзельнічалі ў буд-ве і абароне гар. умацаванняў, замкаў і інш. фартыфікацыйных збудаванняў. Пешыя ратнікі мелі на ўзбраенні ручніцы, сякеры, алебарды, бердышы; конніца, у залежнасці ад прызначэння (драгуны, гусары, рэйтары, казакі), узбройвалася тарчамі, дзідамі, сагайдакамі і інш. Войска ВКЛ мела на ўзбраенні таксама артылерыю (у ВКЛ з’явілася ў канцы 14 ст.). З сярэдзіны 16 ст. ў Вільні, а пазней у інш. гарадах ВКЛ існавалі людвісарні, дае выраблялі гарматы. Да 16 ст. ўсе пагранічныя замкі Беларусі мелі на ўзбраенні пушкі мясц. і замежнай вытв-сці. Артылерыя падзялялася на дзярж., прыватную і гарадскую, паводле прызначэння — на палявую і фартыфікацыйную. Пасля рэформы 1623—38 яна вылучана ў асобны корпус, які ўпершыню ўзначаліў ген. М.Абрамовіч Беларусы таксама служылі ў кароннай артылерыі, напр., ген.-лейт. К.Семяновіч — аўтар ідэі шматступеньчатай ракеты.
З канца 16 ст. ўсё большую ролю адыгрывала рэгулярнае і наёмнае войска, якое мела адпаведную вывучку і лепшую зброю. Гал. ударнай сілай войск ВКЛ 16 ст. была конніца: цяжкаўзброеная (камплектавалася багатай шляхтай і магнатамі), да якой належалі кап’яносцы, гусары і конныя аркебузёры; сярэдняя (камплектавалася пераважна з бел.-літ. татараў), да якой таксама належалі пяцігорцы і казакі, а з 1676 і панцырнікі; лёгкая (камплектавалася воінамі з бяднейшых асяродкаў). У 1-й пал. 17 ст. ў Рэчы Паспалітай з’явілася лёгкая нерэгулярная кавалерыя, арганізаваная А.Ю.Лісоўскім (адсюль назва «лісоўчыкі»). Яе атрады ваявалі на баку Лжэдзмітрыя II у 1608—11, былі на службе ў Жыгімонта III, у складзе войска імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Фердынанда III і інш. (пасля 1636 фарміраванні «лісоўчыкаў» распушчаны).
Паводле ваенна-іерархічнай лесвіцы ВКЛ войска ўзначальваў камандуючы — гетман найвышэйшы (з 17 ст. гетман літоўскі), які прызначаўся часова для арганізацыі абароны краю або кіраўніцтва войскам на пэўным напрамку. Пасля заканчэння вайны пасада скасоўвалася, але пазней (з 1581) стала пажыццёвай. Памочнікам вялікага гетмана з 16 ст. быў палявы гетман (гетман польны, палявы правадыр). Звычайна на пасаду гетманаў прызначаліся прадстаўнікі знатных і магутных магнацкіх родаў. Талент палкаводцаў, тактычныя перавагі і стратэг. мысленне былі гал. фактарамі шэрагу буйных перамог войск ВКЛ. Сярод военачальнікаў 16—17 ст. асабліва вызначыліся М.Глінскі ў Клецкай бітве 1506, К.Астрожскі ў Аршанскай бітве 1514, М.Радзівіл у Ульскай бітве 1564, Я.К.Хадкевіч (з войскам у 4 тыс.чал. 27.9.1605 разбіў 11-тысячнае войска шведаў) і інш.
З сярэдзіны 17 ст.ВКЛ была ўцягнута ў паласу разбуральных войнаў, сярод якіх найб. жорсткімі лічацца вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўночная вайна 1700—21. У выніку ваен. дзеянняў на тэр. Беларусі былі вычарпаны амаль усе матэрыяльныя рэсурсы. З таго часу ў абставінах сац.-паліт. нестабільнасці баяздольнасць арміі ВКЛ знізілася да таго, што войскі асобных магнатаў колькасна і якасна перавышалі дзярж.ўзбр. сілы. Так, войскі магнатаў Агінскіх у канцы 17 ст. налічвалі 20 тыс.чал. У барацьбе з Сапегамі, якая ў 1697—1702 прыняла формы грамадз. вайны, Агінскія разам з Вішнявецкімі атрымалі перамогу.
У гэты час зыход бітваў на палях Еўропы вызначалі рэгулярная, добра ўзброеная і навучаная пяхота і артылерыя. Наспявалі рэформы, пачатак якім паклала стварэнне ў Гродне Камісіі вайсковай Вялікага княства Літоўскага (10.3.1765) — калегіяльнага органа, які сканцэнтраваў у сваіх руках пытанні арганізацыі і забеспячэння войск. Камісіі ўдалося пераканаць сойм у неабходнасці павелічэння ваен. бюджэту і правесці рашэнні па арганізацыі войска ВКЛ; быў створаны Гродзенскі кадэцкі корпус, які рыхтаваў афіцэраў для арміі ВКЛ.
Аднак развіццё вайск. рэформ запаволіў выбух Барскай канфедэрацыі 1768—72, што паслужыла нагодай для ўвядзення рас. войск на тэр. федэратыўнай дзяржавы і першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Пад націскам ваен. сілы сойм, які ратыфікаваў першы падзел, абвясціў утварэнне новага дзярж. ін-та, т.зв. Рады няспыннай, якая складалася з 5 дэпартаментаў. Адзін з іх (Дэпартамент вайсковы) аддаваўся пад уладу 4 гетманаў (2 каронных і 2 літоўскіх). Сойм 1773—75 ухваліў павелічэнне вайск. бюджэту і колькасці арміі да 30 тыс.чал. У ВКЛ пачалося фарміраванне 2 дывізій, 2 брыгад кавалерыі нарадовай, 5 палкоў пярэдняй стражы і інш. Сойм 1776—78 прызнаў, што колькасці войска ў 30 тыс.чал. немагчыма дасягнуць з-за недахопу грошай. таму было вырашана мець армію ў 24 тыс.чал. У 1788 практычна грошай хапіла толькі на ўтрыманне 4,5 тыс. жаўнераў. Гал. перашкодай для павелічэння колькасці войска, найперш пяхоты, была немагчымасць увядзення рэкруцкай сістэмы, з дапамогай якой набіраліся ўсе войскі моцных суседзяў (шляхта ВКЛ баялася страціць працоўныя сялянскія рукі, дбаючы больш пра ўласны дабрабыт, чым пра бяспеку дзяржавы). Нягледзячы на ўсе складанасці, ішла праца над павышэннем узроўню баявой падрыхтоўкі хоць і нешматлікага войска Пачала адраджацца артылерыя, дзякуючы ініцыятыве камандуючага коннай артылерыяй А.Бруля і генерала артылерыі літоўскай К.Сапегі. У 1776 у Варшаве заснавана Каралеўская школа артылерыі, выпускнікі якой у 1792—94 склалі касцяк спецыялістаў у гэтай галіне. Значная частка выпускнікоў школы ўдзельнічала ў паўстанні 1794.
У выніку 2-га і 3-га падзелаў Рэчы Паспалітай (1793, 1795) уся тэр. Беларусі ўвайшла ў склад Рас. імперыі, значная частка ўзбр. сіл ВКЛ — у яе армію. Яшчэ ў 1772 у складзе рас. арміі на тэр. Беларусі былі сфарміраваны некат. падраздзяленні, потым створаны Бел. гусарскі полк (1775—83), Бел. егерскі батальён (1777), Імператарская бел. шляхецкая харугва (1784) і інш. У 1796—99 у склад рас. войска прынята больш за 40 тыс. ураджэнцаў Беларусі, а з 1801 па 1812 — больш за 100 тыс.чал. Толькі ў 1-й арміі ген. Барклая дэ Толі ў 1812 6 дывізій былі ўкамплектаваны выхадцамі з Беларусі. Шмат фарміраванняў рас. арміі мелі бел. найменні: Беларускі егерскі корпус, Віцебскі пяхотны полк, Гродзенскі гусарскі полк, Магілёўскі пяхотны полк, Мінскі пяхотны полк, Полацкі пяхотны полк, Нясвіжскія палкі (карабінеры і 4-ы грэнадзёрскі) і інш.
Паводле распараджэння Напалеона I і рашэння Камісіі Часовага праўлення ВКЛ у 1812 некалькі тыс.чал. былі прызваны ў склад літоўскіх войск, якія павінны былі забяспечыць парадак у тыле франц. арміі. Ні колькасна, ні па ўзроўні баявой падрыхтоўкі армія ВКЛне адпавядала патрабаванням, каб весці ваен. дзеянні. Рэшткі гэтага войска (большая частка загінула ў баях) уключаны ў армію Царства Польскага (у складзе Рас. імперыі).
У 1817 у рас. арміі на тэр.зах. губерняў сфарміраваны Літоўскі асобны корпус, у склад якога ў розныя часы ўваходзілі Нясвіжскі карабінерны, Гродзенскі гусарскі, Брэсцкі і Мінскі пяхотныя палкі, шэраг інш.вайск. фарміраванняў. Корпус налічваў каля 40 тыс.чал.мясц. ураджэнцаў. Многія з іх прымалі ўдзел у паўстанні 1830—31, таму з мая 1831 часці корпуса перайменавалі, некат. з іх расфарміравалі Войскі Рас. імперыі, што знаходзіліся на тэр. Беларусі, складаліся з пяхоты, кавалерыі, артылерыі і інж. часцей. Для падрыхтоўкі ваен. кадраў у губернскіх гарадах былі створаны кадэцкія карпусы. З ліку беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі папаўняліся рас. афіцэрскі і генеральскі карпусы: І.У.Гурка, М.В.Без-Карніловіч, А.І.Вількіцкі, А.А.Непакайчыцкі, У.У.Ходзька, М.Ф.Чарняеў і інш. Афіцэры А.Баранцэвіч, Я.Ваньковіч, П.Высоцкі, А.Гелгуд, Я.Кашыц, А.А.Лянкевіч, Л.Нарбут, А.Парадоўскі, Р.Рагінскі, С.Сангін, Р.Траўгут, В.Урублеўскі, Ю.Эйтмановіч, Ф.Юндзіл і інш. ўдзельнічалі ў паўстаннях 1830—31 і 1863—64.
Многія беларусы і ўраджэнцы Беларусі прымалі ўдзел у войнах, якія вяла Рас. імперыя ў 19 ст. У час руска-турэцкай вайны 1877—78 на Балканах асабліва вызначыўся ген. І.У.Гурка, а таксама многія афіцэры і салдаты. У гонар ратнага подзвігу беларусаў у 1898 на Мінскіх ваенных могілках узведзены храм-помнік Аляксандра Неўскага, дзе на мармуровых плітах залатымі літарамі выпісаны імёны 118 пехацінцаў і артылерыстаў, што загінулі ў баях за балгарскі горад Плевен (Плеўна).
У пач. 20 ст.гал. родам войск заставалася пяхота. Вышэйшым такт. аб’яднаннем сухапутных войск быў армейскі корпус (АК), які складаўся з 2 пях. дывізій, кав. дывізіі, 2 брыгад пешай артылерыі і дывізіёна коннай артылерыі. На тэр. Беларусі дыслацыраваліся часці 2-га АК (штаб у Гродне), 4-га АК (штаб у Мінску), 19-га АК (штаб у Брэст-Літоўску). Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў склад АК уваходзілі казацкі полк, корпусная артылерыя (марцірны дывізіён), авіязвяно (авіяатрад з 3—6 самалётаў), сапёрны батальён, падраздзяленні сувязі і тылу, сан. і ваен.-гасп. падраздзяленні і ўстановы пяхотных дывізій. Штабы дывізій размяшчаліся ў Мінску, Бабруйску, Гродне, Брэст-Літоўску і інш. З 1902 у Брэст-Літоўску размяшчаўся асобны артыл. полк, крапасная сапёрная рота (сфарміравана ў 1891) і крапасны ваен. тэлеграф (сфарміраваны ў 1890). У 1901 у Брэст-Літоўску створана крапасное паветраплавальнае аддзяленне, якое ў 1907 перафарміравана ў паветраплавальны крапасны батальён. У 1912 зацверджаны ген. план пашырэння Брэсцкай крэпасці Буд-ва вялося з лета 1913 да восені 1914. У жн. 1915 гарнізон крэпасці разам з узбраеннем і маёмасцю эвакуіраваны (15.8.1915 крэпасць занялі герм. войскі. Тут быў падпісаны Брэсцкі мір 1918). Напярэдадні 1-й сусв. вайны на базе некат. паветраплавальных падраздзяленняў сфарміраваны першыя авіяц. атрады, адзін з якіх (5-ы, што базіраваўся ў Гродне) стаў узорным ва ўсёй рас. арміі.
Першыя баявыя вылеты рас. лётчыкаў у небе Беларусі адбыліся ў 1914. Авіяцыя вяла разведку, карэкціравала агонь артылерыі, дастаўляла розныя данясенні і выконвала задачы сувязі. У пач. 1915 для аховы Стаўкі вярх. галоўнакамандавання (у Баранавічах, потым у Магілёве) створаны другі знішчальны авіяатрад. На тэр. Беларусі прайшоў баявы шлях эскадры баявых паветр. караблёў «Ілья Мурамец», якія базіраваліся ў Лідзе і Станькаве. У небе Беларусі на Зах. фронце дзейнічала 3-я знішчальная авіяц. група і асобны знішчальны авіяатрад з гвардзейскіх афіцэраў, які непасрэдна падпарадкоўваўся вял. князю Аляксандру Міхайлавічу. 29.8.1917 упершыню ў гісторыі авіяцыі ў небе над Беларуссю выпрабаваны авіяц. рэактыўныя снарады. У час 1-й сусв. вайны на тэр. Беларусі знаходзілася 2-я па колькасным складае групоўка знішчальнай і разведвальнай авіяцыі, самы буйны франтавы авіярамонтны парк у Брэсце.
Значная колькасць вайскоўцаў-беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў складзе рас. арміі прымала ўдзел у 1-й сусв. вайне. Сярод іх камандуючы Зах. фронтам В.І.Гурка, каманд. арміяй Я.А.Радкевіч, камандзіры злучэнняў А.В.Станкевіч, А.В.Собалеў і многія інш.
Р.Ч.Лянькевіч, А.Л.Самовіч, В.А.Юшкевіч.
Княжацкі дружыннік 12 ст. Малюнак В.Ляхора.Княжацкі дружыннік 13 ст. Малюнак В.Ляхора.Рыцар Вялікага княства Літоўскага 14 ст. Малюнак В.Ляхора.Рыцар Вялікага княства Літоўскага 16 ст. Малюнак В.Ляхора.Гусар Вялікага княства Літоўскага 16 ст. Малюнак В.Ляхора.Маёр палка коннай гвардыі 1792. Малюнак В.Ляхора.