МІЛС (Mills)Чарлз Райт (28.8.1916, г. Уэйка, штат Тэхас, ЗША — 20.3.1962),
амерыканскі сацыёлаг і публіцыст. Скончыў Тэхаскі ун-т (1939). З 1956 праф. Калумбійскага ун-та. Паслядоўнік М.Вебера і К.Мангейма, зведаў уплыў ідэй К.Маркса, аднак лічыў яго тэорыю «ўстарэлай». Распрацаваў тэорыю сац. канфлікту, у якой вызначыў асн. праблемы, вырашэнне якіх будзе садзейнічаць стабілізацыі грамадства. У процівагу марксізму вылучыў канцэпцыю «пануючай эліты», да якой адносіў паліт., эканам. і ваен. колы, якія ўдзельнічаюць у прыняцці важнейшых рашэнняў і ўтвараюць адзіную «карпарацыю багацця» ў амер. грамадстве. Пастаянная цэнтралізацыя ўлады і мэтанакіраванае павелічэнне ваен. расходаў даюць магчымасць, паводле М., гаварыць аб «ваенным дэтэрмінізме», што, на яго думку, больш правільна, чым «эканамічны дэтэрмінізм» Маркса. Надзею на гуманізацыю грамадства звязваў з інтэлігенцыяй, якая здольна валодаць «сацыялагічным уяўленнем» (здольнасцю разумець працэсы, што адбываюцца ў грамадстве). Крытыкаваў эмпірызм амер. сацыялогіі і т.зв. «высокую тэорыю» Т.Парсанса, заклікаў да стварэння новай сацыялогіі. Зрабіў значны ўплыў на фарміраванне ідэалогіі «новых левых» у ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОР-РАЯ́ЛЬ, Пор-Руаяль (Port-Royal),
жаночы кляштар у Францыі, які ў 17 ст. быў цэнтрам асветы і л-ры. Засн. ў 1204 каля Парыжа. У 1625 ад яго аддзяліўся кляштар, які размяшчаўся ў Парыжы; кляштар у старым будынку стаў называцца П-Р. дэ Шан. Намаганнямі абатысы Анжэлікі Арно і яе братоў у 17 ст. абодва кляштары сталі цэнтрамі франц. л-ры і філас. думкі. У 1630-я г. П.-Р. — цэнтр янсенізму. Сюды з’язджалася моладзь для навук. заняткаў. Для выкладання ў П.-Р. былі складзены лепшыя на той час падручнікі па лац. і грэч. мовах, логіцы. З П.-Р. дэ Шан былі цесна звязаны філосафы, вучоныя, пісьменнікі — Б.Паскаль, Ж.Расін, даяго быў блізкі Р.Дэкарт. П.-Р. удзельнічаў у барацьбе супраць езуітаў. У 1710 П.-Р. дэ Шан паводле загаду караля Людовіка XIV разбураны. Парыжскі П.-Р. існаваў да 1790. Ш.А.Сент-Бёў напісаў «Гісторыю Пор-Раяля» (т. 1—5, 1840—59).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́РАСТА СЕ́ЛЬСКІ,
ніжэйшая службовая асоба сял. грамадскага кіравання ў Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. У адпаведнасці з рэформай дзярж. вёскі 1830—50-х г. пасада С.с. ўведзена ў паселішчах казённага сялянства еўрап. часткі краіны, а ў выніку сялянскай рэформы 1861 — і ў паселішчах б. панскіх сялян. Выбіраўся сельскім сходам на 3 гады. Выступаў адначасова як кіраўнік сельскай грамады і як ніжэйшая службовая асоба дзярж. кіравання. Ён склікаў па меры патрэбы сельскі сход і выконваў яго пастановы, назіраў за спраўнасцю дарог і мастоў, за захаваннем збожжа ў хлебазапасных магазінах і інш. На яго ўскладаліся таксама фіскальныя абавязкі і адм. паліцэйскія функцыі, меў права караць сялян. Непасрэдна падпарадкоўваўся валасному старшыні, выконваў распараджэнні паліцыі, міравога пасрэдніка, земскага ўчастковага начальніка і «ўсіх прызначаных улад па прадметах іх ведамства». Старасты меліся ў дзярж. маёнтках і да 19 ст., а ў панскіх уладаннях і да 1861, але назначаліся адпаведна ўладамі і памешчыкамі, поўнасцю падпарадкоўваліся ім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕНДЫЦЫ́Т,
запаленне чэрвепадобнага адростка (апендыкса) сляпой кішкі ў чалавека. Хварэюць людзі ўсіх узростаў. Асноўнай прычынай апендыцыту лічаць пераход мікраарганізмаў, што пастаянна прысутнічаюць у адростку, у стан хваробатворных (напр., пры затрымцы ў сляпой кішцы і апендыксе калавых масаў), запаўненне апендыкса дробнымі глістамі, закупорка яго прасвету іншароднымі целамі ці камячкамі цвёрдага калу і парушэнне такім чынам яго апаражнення. Апендыцыт часам бывае пры парушэнні кровазвароту ў сценках апендыкса пры раздражненні нерв. сістэмы. Спрыяюць развіццю апендыцыту вяласць кішэчніка, сістэматычнае ўжыванне ў ежу вял. колькасці мясных прадуктаў, перагрузка стрававальна-кішачнага тракту бялкамі. Асн. прыкметы вострага апендыцыту — рэзкі або паступовы з хуткім нарастаннем боль унізе (справа) жывата, млявасць, ірвота, павышэнне т-ры (не заўсёды) да 37,5—38,5 °C. Небяспечны амярцвеннем адростка (гангрэнозны апендыцыт), расплаўленнем і прабадзеннем яго сценак (прабадны, або перфарацыйны, апендыцыт) з пераходам запалення на брушыну і развіццём цяжкага перытаніту. Неабходна неадкладнае хірург. выдаленне апендыкса. Хранічны апендыцыт можа праяўляцца пастаяннымі або перыядычнымі болямі ў вобласці сляпой кішкі, запорамі, млявасцю. Небяспечны пераходам у вострую форму. Рэкамендуецца хірург. лячэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕНЬ (? — каля 1316),
вялікі князь ВКЛ (каля 1295—1316). Звесткі пра паходжанне супярэчлівыя. Паводле адных крыніц, ён родам з Жамойціі, другія называюць яго сынам Трайдзеня, трэція выводзяць яго з роду смаленскіх князёў. Бел. гісторыкі 19 ст. М.В.Без-Карніловіч і А.Кіркор лічылі яго сынам полацкага князя Гердзеня. На думку храніста 14 ст. П.Дусбурга, Віцень — сын Лютувера, які атаясамліваецца з Будзівідам. Бацька або брат Гедзіміна. Змагаўся за адзінства дзяржавы, ваяваў супраць палякаў у 1291, 1293, 1296, 1306, 1307. Вёў барацьбу з крыжакамі Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. У 1298 заключыў саюз з Рыгай, што дало магчымасць адбіць крыжацкі наступ на Жамойцію. Як і Трайдзень, сяліў прусаў, якія ўцяклі ад ням. заваёўнікаў, на Гарадзеншчыне. У 1294 задушыў паўстанне жамойцкіх феадалаў, што схіляліся да саюзу з крыжакамі. Паводле позняга Васкрасенскага летапісу, уключыў у ВКЛБерасцейскую зямлю (1315). Загінуў ад удару перуна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ША,
1) у беларусаў вясельная абрадавая страва, якой частавалі маладых пасля, а часам і перад першай шлюбнай ноччу. Маладых, накрытых ручніком ці наміткай, прыводзілі з каморы ў хату, свякроў у вывернутым кажусе пугай здымала з іх пакрывала, кідала яго на печ і садзіла за стол, потым тройчы папераменна частавала з лыжкі К., трымаючы ў руках пугу. Пакаштаваўшы К., жаніх браў з рук маці лыжку з рэштай К. і кідаў яе на печ. Свякроў «біла» маладых пугай і выганяла з-за стала, яны аббягалі вакол яго і выходзілі з хаты, а свякроў садзілася на іх месца. За стол садзіліся госці. Неўзабаве маладая вярталася з закускай, частавала свякроў, апярэзвала яе поясам уласнага вырабу, вешала на плечы ручнік, на галаву завязвала чыстую хустку (Віцебшчына). Рытуал кідання К. на печ ці парог — рэшткі стараж. абраду ахвярапрынашэння продкам роду. Да 19 ст.яго першапачатковае значэнне страцілася. К. таксама абрадавая страва на радзінах (гл.Бабіна каша). 2) Традыцыйная страва амаль усіх народаў свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕМАНСО́ (Clemenceau) Жорж Бенжамэн (28.9.1841, Муйрон-ан-Парэ, Францыя — 24.11.1929),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Чл.Франц. акадэміі (1918). Па адукацыі ўрач. У перыяд Другой імперыі ў рэсп. апазіцыі. У дні Парыжскай камуны 1871 як дэпутат Нац. сходу ўдзельнічаў у няўдалых перагаворах з камунарамі. У 1875 узначальваў гар. савет Парыжа. У 1876 зноў абраны дэпутатам Нац. сходу (да 1893), узначальваў яго радыкальна-рэсп. крыло. У час працэсу над капітанам А.Дрэйфусам абараняў яго. З 1902 сенатар. У 1906—09 прэм’ер-міністр і міністр унутр. спраў (прычынай падзення яго кабінета сталі жорсткія рэпрэсіі супраць удзельнікаў забастовачнага руху). У 1917—20 зноў прэм’ер-міністр і ваен. міністр. Адзін з гал. удзельнікаў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 (яе старшыня), аўтараў Версальскага мірнага дагавора 1919, арганізатараў узбр. інтэрвенцыі супраць Сав. Расіі. Пасля паражэння на прэзідэнцкіх выбарах 1920 адышоў ад паліт. жыцця. Аўтар прац «Дэмасфен» (1925), «Бляск і ўбоства адной перамогі» (1930) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНА́ЛЬНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (КК),
сістэматызаваны заканадаўчы акт, які ўстанаўлівае прынцыпы крымін. адказнасці, пералік грамадска небяспечных дзеянняў, што прызнаюцца злачынствамі, пакаранняў за іх і інш. мер прававога ўздзеяння на злачынцаў. Першы ККБССР прыняты 23.9.1928, уведзены ў дзеянне з 15.11.1928 (даяго прыняцця ў БССР дзейнічаў КК РСФСР 1922). Дзеючы КК Рэспублікі Беларусь прыняты 29.12.1960, уведзены ў дзеянне з 1.4.1961 (у яго неаднаразова ўносіліся змены і дапаўненні). КК складаецца з 2 частак — агульнай і асаблівай, у якіх змешчаны 16 глаў і 285 артыкулаў. Агульная частка ўключае агульныя палажэнні і задачы крымін. заканадаўства, вызначае падставы крымін. адказнасці, паняцце злачынства і інш. інстытутаў крымін. права; асаблівая частка — сістэматызаваны пералік канкрэтных злачынстваў з пазначэннем відаў і памераў пакарання за кожнае з іх. З прычыны таго, што многія ўстарэлыя палажэнні КК за апошнія гады неаднаразова мяняліся, пераглядаліся ці дапаўняліся, наспела неабходнасць у яго новай рэдакцыі. Адпаведныя органы Нац. сходу Рэспублікі Беларусь падрыхтавалі праект новага КК.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БЭ (Kube) Рыхард Паўль. Вільгельм (13.11.1887, г. Глогаў, Польшча — 22.9.1943),
кіраўнік нямецкай цывільнай акупац. адміністрацыі ў Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Скончыў Берлінскі ун-т. Чл. Нацыянал-сацыялісцкай рабочай партыі Германіі, у якой займаў кіруючыя пасады. Указам А.Гітлера ад 17.7.1941 прызначаны ген. камісарам Генеральнай акругі Беларусь. Пад яго кіраўніцтвам праводзілася палітыка генацыду, рабавання і знішчэння нац. багаццяў Беларусі; па яго ініцыятыве і пры садзейнічанні створаны Беларуская народная самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Беларускі корпус самааховы, Беларуская рада даверу, Саюз беларускай моладзі і інш. арг-цыі, праз якія да супрацоўніцтва з акупантамі была прыцягнута частка бел. інтэлігенцыі. У час яго кіраўніцтва (вер. 1941 — вер. 1943) на Беларусі была знішчана б.ч. яўрэяў, праведзена каля 100 карных аперацый супраць насельніцтва і партызан, выяўлены і жорстка пакараны многія ўдзельнікі антыфаш. падполля, у т. л. Мінскага. Знішчаны патрыётамі ў ноч на 22.9.1943 у выніку выбуху міны ва ўласнай кватэры ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РШТЫН (Morsztyn) Збігнеў (каля 1628, Польшча — 13.12.1689),
польскі паэт і перакладчык. З 1646 служыў у Радзівілаў на Беларусі і Літве. За ўдзел у ваен. паходах атрымаў пасаду мазырскага мечніка (1657). Сябраваў з жыхарамі Слуцка — мемуарыстам С.Незабітоўскім і выдаўцом К.Клакоцкім. У паэме «Слаўная перамога над туркамі...» (1674), якая была двойчы выдадзена ў Слуцку, ушанаваў памяць удзельнікаў бітвы пры Хаціне (1674). Там жа надрукаваны яго верш на смерць Клакоцкага (1675). Аўтар вершаванага цыкла «Эмблемы» (1678—80), прысвечанага князёўне К.Радзівіл, паэт.зб. «Хатняя Муза» (увайшлі вершы 1675—83), паэмы «Песня ў прыгнёце» (1671), элегій «Жалобныя плачы Апалона з музамі» (1682). У яго паэзіі адбіліся рысы барока, у ёй гучыць заклік дарэліг. цярпімасці, асуджэнне амаральнасці магнатаў.
Тв.:
Muza domowa. Т. 1—2. Warszawa, 1954;
Wybór wierszy. Wrocław, 1975.
Літ.:
Pelc J. Zbigniew Morsztyn, arianin i poeta. Wrocław, 1966;
Яго ж Zbigniew Morsztyn na tle poezji polskiej XVII w. Warszawa, 1973.