працяканне звышправоднага току праз тонкі слой дыэлектрыка, які раздзяляе 2 звышправаднікі (кантакт Джозефсана). Прадказаны Б.Джозефсанам (1962); эксперыментальна выяўлены амер. фізікамі П.Андэрсанам і Дж.Роўэлам у 1963 пры вывучэнні вольт-ампернай характарыстыкі джозефсанаўскіх кантактаў.
Уласцівасці Дж.э.: электроны праводнасці праходзяць праз дыэлектрык з-за тунэльнага эфекту і, калі ток праз кантакт меншы за пэўнае значэнне, падзення напружання на кантакце няма (стацыянарны Дж.э.), а калі перавышае — узнікае падзенне напружання і кантакт выпрамяняе эл.-магн. хвалі (нестацыянарны Дж.э.). На аснове Дж.э. распрацаваны звышправодныя інтэрферометры, маламагутныя генератары, хуткадзейныя элементы ЭВМ, параметрычныя пераўтваральнікі, адчувальныя дэтэктары, узмацняльнікі і інш.
Да арт.Джозефсана эфекта — тунэляванне звышправодных пар; б — элемент Джозефсана; 1 — электронная пара; 2 — звышправаднік; 3 — дыэлектрык (слой вокіслу); 4 — падложка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖОЙС (Joyce) Джэймс Аўгусцін Алоіс
(2.2.1882, Дублін — 13.1.1941),
ірландскі пісьменнік. Выхоўваўся ў езуіцкіх школах, скончыў Дублінскі ун-т (1902). У 1904 пакінуў Ірландыю, жыў у Трыесце, Цюрыху, Парыжы. Аўтар кн. вершаў «Камерная музыка» (1907), зб. апавяданняў «Дублінцы» (1914), рамана «Партрэт мастака ў юнацтве» (1916), п’ес «Бліскучая кар’ера» (1900), «Выгнаннікі» (1915, апубл. 1918), шматлікіх эсэ і артыкулаў. Сенсацыйны поспех яму прынеслі раманы «Уліс» (1922) і «Памінкі па Фінегану» (1939), што аказалі вызначальны ўплыў на сусв. л-ру 20 ст. У аснове маст. сістэмы рамана «Уліс» «плынь свядомасці», якая паступова з маст. прыёму перарастае ў жанр. Характэрныя рысы твора — парадаксальнасць і суб’ектыўнасць, асацыятыўнасць, часава-прасторавыя напластаванні, звышнасычанасць шматзначнымі сімваламі, рознага роду словатворчасць. Вял. ролю адыгрываюць аналогіі з гамераўскай «Адысеяй» (у кампазіцыі, у парадыйным узнаўленні эпізодаў эпасу, у паралелях паміж міфалагічнымі героямі і персанажамі Дж.). Раман стаў бясспрэчным узорам л-ры постмадэрнізму. Яшчэ ў большай ступені стылявы поліфанізм характэрны для рамана «Памінкі па Фінегану», у якім адсутнічае канкрэтны час, а падзеі адбываюцца ў сне. На бел. мову раман «Уліс» пераклаў Я.Максімюк (1-я частка — 13 «эпізодаў» з 18 — выдадзена ў 1993 у Беластоку, Польшча); асобныя апавяданні пераклаў І.Бабкоў.
Тв.:
Рус.пер. — Дублинцы. Портрет художника в юности. Улисс. Т. 1—3. М., 1993—94;
англійскі геолаг і геафізік. Скончыў Трыніты-каледж у г. Дублін. З 1897 праф. у Дублінскім ун-це. Першым звярнуў увагу на значэнне радыеактыўных элементаў для цеплавога рэжыму Зямлі. Па колькасных вызначэннях наяўнасці радыеактыўных элементаў у розных горных пародах падлічыў колькасць энергіі, якая вылучаецца ў працэсе радыеактыўнага распаду. Атрыманыя звесткі выкарыстаў для пабудовы геатэктанічнай гіпотэзы, якой спрабаваў растлумачыць перыядычнасць тэктанічных працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖОН (John) Агастэс Эдвін
(4.1.1878, г. Тэнбі, Вялікабрытанія — 31.10.1961),
англійскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў Слэйда ў Лондане (1894—98). З 1903 член «Новага англійскага мастацкага клуба». Прэзідэнт Каралеўскага т-ва жывапісцаў-партрэтыстаў (1948—53). Буйны майстар рэаліст. партрэта (Б.Шоу, каля 1913—14; Т.Гардзі, 1923, і інш.), аўтар жанравых карцін («Жанчына, якая ўсміхаецца», 1910; «Жабракі», каля 1912—14, і інш.), а таксама дэкар. кампазіцый, афортаў і літагравюр. Творам Дж. ўласцівы глыбокая характарнасць і псіхал. насычанасць вобразаў, упэўненая тэмпераментная манера пісьма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́НКА
(малайскае djong, скажонае кіт. чуань судна),
грузавое драўлянае ветразевае судна з шырокімі і высока прыўзнятымі кармой і носам. Мае 2—4 мачты. Ветразі чатырохвугольнай формы з цыновак і бамбукавых рэек. Асадка невялікая, грузападымальнасць да 600 т. На Дж. перавозяць грузы, выкарыстоўваюць як жыллё. Распаўсюджаны ў Паўд.-Усх. Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖОНС (Jones) Джон Пол
(6.7.1747, Кіркбін, каля г. Дамфрыс, Вялікабрытанія — 18.7.1792),
ваенна-марскі дзеяч, нац. герой ЗША. Каля 1773 перасяліўся ў амер. калоніі Вялікабрытаніі. У вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 адзін з арганізатараў і кіраўнік флоту каланістаў, на чале невял. флатыліі здзейсніў нападзенне на англ. порт Уітхавен і спаліў яго (1778), на чале пашкоджанага фрэгата ўзяў на абардаж 44-пушачны брыт. фрэгат (22.9.1779). Па запрашэнні Кацярыны II у 1788—89 служыў у рас.ВМФ, контр-адмірал. У рус.-тур. вайну 1787—91 на чале паруснай эскадры Дняпроўскага лімана ва ўзаемадзеянні з вёславай флатыліяй К.Насаў-Зігена і войскамі А.В.Суворава ў чэрв. 1788 разбіў тур. флот каля Ачакава. Памёр у Парыжы. Прах Дж. ў 1905 перавезены ў ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖОНС (Jones) Джэймс
(6.11.1921, г. Робінсан, штат Ілінойс, ЗША — 9 5.1977),
амерыканскі пісьменнік. Удзельнічаў у 2-й сусв. вайне, быў цяжка паранены. Вядомасць прынёс антымілітарысцкі раман «3 гэтага часу і навек» (1951). Аўтар раманаў «Тонкая чырвоная рыса» (1962), «Вясёлы месяц май» (1971), «Толькі пакліч» (1978) і інш., а таксама кніг нарысаў «В’етнамскі дзённік» (1974), мемуараў «Другая сусветная вайна» (1975), аповесцей, рэпартажаў, кінасцэнарыяў. Распрацоўваючы канкрэтна-гіст. тэмы 2-й сусв. вайны, «вял. дэпрэсіі» ў Амерыцы 1930-х г., разважаў над вечнымі праблемамі: чалавек і вайна, жыццё і смерць, любоў і нянавісць, свабода і абавязак. Значнае месца ў рэаліст. прозе займае элемент натуралізму, абумоўлены маст. задачамі.
Тв.:
Рус.пер. — Отныне и вовек. М., 1986.
Літ.:
Олдридж Дж. Джеймс Джонс: простодушный в Париже // Оддридж Дж. После потерянного поколения: Сб. ст.: Пер. с англ.М., 1981.
Е.А.Лявонава.
І.Джонс. Банкетная зала палаца Уайтхал у Лондане. 1619—22.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖОНС (Jones) Ініга
(15.7.1573, Лондан — 21.6.1652),
англійскі архітэктар. Неаднаразова наведваў Італію, дзе вывучаў работы А.Паладыо (да яго трактата «Чатыры кнігі пра архітэктуру» выдаў каментарыі ў 1715) і Дж.Віньёлы. У 1615—43 гал. дазорац каралеўскіх будынкаў. Як адзін з буйнейшых прадстаўнікоў англ.паладыянства сцвярджаў у айч. архітэктуры прынцыпы класічнага дойлідства. Яго праект палаца Уайтхал у Лондане (1619—22; пабудавана Банкетная зала), віла каралевы («Куінсхаўс») у Грынвічы (1616—35) адметныя выразнасцю кампазіцыі і высакароднай прастатой формаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́НСАН (Jonson) Бенджамін
(Бен; 11.6.1573, Лондан —6.8.1637),
англійскі драматург, паэт, тэарэтык драмы. Вучыўся ў Вестмінстэрскай школе. Першая камедыя «Абставіны змяніліся» (1597). У пралогах п’ес аспрэчваў творчыя прынцыпы сучаснікаў, у т.л. свайго сябра У.Шэкспіра, адстойваў адналінейнае адлюстраванне характараў. Паводле сваёй «тэорыі гумараў», у камедыях «Усякі ў сваім нораве» (1598) і «Усякі не ў сваім нораве» (1599) тлумачыў «гумар» як індывідуальнае дзівацтва, а ў камедыях нораваў «Вальпоне, або Ліса» (1605), «Эпісін, або Маўклівая жанчына» (1609), «Алхімік» (1610) і «Варфаламееўскі кірмаш» (1614) — як сацыяльна-тыповыя заганы арыстакратыі і буржуазіі. Аўтар трагедый «Падзенне Сеяна» (1603) і «Змова Катыліны» (1611), 30 «масак» — п’ес-алегорый на міфалагічныя сюжэты, зб-каў вершаў «Эпіграмы» і «Лес» (абодва 1616).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́НСАН (Johnson) Ліндан Бейнс
(27.8.1908, каля г. Стонуал, штат Тэхас, ЗША — 22.1.1973),
палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Чл.Дэмакр. партыі. Дэп. палаты прадстаўнікоў (1937—48), сенатар ад штата Тэхас (1949—60) і лідэр дэмакратаў (1953—60) у сенаце кангрэса ЗША. Віцэ-прэзідэнт (1961—63), пасля забойства Дж.Ф.Кенэдзі прэзідэнт ЗША (1963—69). Прэзідэнцтва Дж. адзначана ўцягваннем ЗША ў вайну ў В’етнаме (з 1964—65), інтэрвенцыяй у Дамініканскую Рэспубліку (1965), абвастрэннем адносін з Францыяй, падтрымкай Ізраіля ў араба-ізраільскую (Шасцідзённую) вайну 1967, унутр. расавымі і сац. хваляваннямі, спробамі сац. рэформаў. Напярэдадні адстаўкі пачаў працэс мірнага ўрэгулявання в’етн. праблемы, садзейнічаў паляпшэнню адносін з СССР (Дагавор аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі).