МЕТРАПАЛІТЭ́Н (франц. métropolilain ад грэч. metropolis галоўны горад, сталіца),
метро, від рэйкавага электрычнага пасаж. транспарту. У вял. гарадах з насычаным вулічным рухам пракладваецца пад зямлёй (у тунэлях), часам на паверхні і на эстакадах. Вызначаецца вял. правознай здольнасцю (да 60 тыс. пасажыраў за гадзіну ў адным напрамку), высокай эксплуатацыйнай скорасцю (да 100 км/гадз, з улікам прыпынкаў да 45—48 км/гадз), рэгулярнасцю руху.
Асн. збудаванні і абсталяванне М.: станцыі (калоннага або пілоннага тыпаў, а таксама аднаскляпеністыя), якія ўключаюць пасаж. платформы, падземныя або надземныя вестыбюлі, пераходы, перасадачныя вузлы, эскалатары (часам пад’ёмнікі ліфтавага тыпу ўмяшчальнасцю да 130 чал.); перагонныя тунэлі неглыбокага (да 15 м ад паверхні зямлі) і глыбокага (да 30—35 м) залажэння з рэйкавымі пуцямі (у М. краін СНД шырынёй 1520 мм); рухомы састаў (поезд з 3—8 вагонаў умяшчальнасцю да 270 пасажыраў кожны); кабельная і кантактная сетка з цягавымі і паніжальнымі трансфарматарнымі падстанцыямі; вентыляцыйныя, дрэнажныя і асвятляльныя прыстасаванні; дэпо і інш. Паязды прыводзяцца ў рух электрарухавікамі пастаяннага току, якія сілкуюцца праз слізгальныя токапрыёмнікі з кантактных рэек (напружанне ў кантактнай сетцы ад 600 да 1500 В, у М. краін СНД — 825 В). Будуюць М. закрытым і адкрытым спосабамі. Пры закрытым спосабе праходка тунэляў робіцца горным або шчытавым метадам; пры адкрытым распрацоўваецца катлаван, у якім робяць тунэль са зборных жалезабетонных або метал. элементаў (цюбінгаў), маналітнага бетону і жалезабетону. Выкарыстоўваюць спец. спосабы вядзення работ: штучнае замарожванне грунтоў, водапаніжэнне, метад «сцяна ў грунце» і інш. Каб у М. не трапляла вада, робяцца неабходная гідраізаляцыя і водаадвод.
У замежнай практыцы буд-ваМ., за рэдкім выключэннем (напр., афармленне ўваходаў у парыжскі М. у стылі мадэрн, арх. Э.Гімар), пераважае утылітарны падыход да арх. вырашэння. З 2-й пал. 20 ст. пачалі выкарыстоўваць новыя канструкцыі, буд. і аддзелачныя матэрыялы, сродкі рэкламы і візуальнай інфармацыі, станцыі набылі маст. афармленне. У б.сав. гарадах М. ствараўся як прасторава працяглы арх. комплекс манум. збудаванняў вял. грамадскай значнасці. Архітэктары імкнуліся стварыць камфартабельныя ўмовы для пасажыраў, надаць кожнай станцыі індывід. аблічча. У афармленні станцый і наземных вестыбюляў М. (часта тэматычным) выкарыстоўвалі мазаіку, жывапіс, скульптуру, дэкар.-прыкладное мастацтва. У 1950—60-я г. ў буд-ве М. ўкаранялася уніфікацыя аб’ёмна-прасторавых вырашэнняў і канструкцый; індывідуалізацыя дасягалася разнастайнасцю матэрыялаў, іх колеру і фактуры, розных сістэм асвятлення. У 1970—90-я г. на новай канструктыўнай аснове працягваюцца лепшыя традыцыі тэматычнага і маст. афармлення станцый М., пашыраны сінтэз мастацтваў.
Першы М. (3,6 км) пабудаваны ў Лондане (1863), потым у Нью-Йорку (1868), Будапешце (1896), Вене (1898), Парыжы (1900), Берліне (1902), Буэнас-Айрэсе (1913), Мадрыдзе (1919), Токіо (1927) і інш. Першая лінія Маскоўскага М. пачала дзейнічаць у 1935. Пабудаваны і дзейнічаюць М. у Санкт-Пецярбургу (з 1955), Кіеве (з 1960), Тбілісі (з 1966), Баку (з 1967), Харкаве (з 1972), Ташкенце (з 1977), Ерэване (з 1981), Мінску (з 1984; гл.Мінскі метрапалітэн), Ніжнім Ноўгарадзе (з 1985), Новасібірску (з 1985), Самары (з 1987) і інш.Найб. працяглы (больш за 400 км) М. у Нью-Йорку (40 ліній; 490 станцый), самы заглыблены (больш за 100 м) — у Пхеньяне. М. маюць каля 50 гарадоў у больш чым 30 краінах.
Літ.:
Лиманов Ю.А. Метрополитены. 2 изд. М., 1971;
Тоннели и метрополитены. М., 1989.
С.Л.Сергачоў (архітэктура), В.А.Ярмоленка.
Метрапалітэн: а — станцыя пілоннага тыпу з абліцоўкай жалезабетоннымі цюбінгамі; б — станцыя калоннага тыпу з павялічаным пралётам сярэдняй залы; в — схема электрасілкавання кантактавай рэйкі (1 — кабелі сілкавання трэцяй рэйкі, 2 — цягавая падстанцыя, 3 — зваротны кабель ад хадавых рэек, 4 — сілавыя кабелі, 5 — трэцяя рэйка, 6 — хадавая рэйка).Да арт.Метрапалітэн. Станцыя «Камсамольская-кальцавая» ў Маскве. 1952. Арх. А.Шчусеў і інш.Да арт.Метрапалітэн. Станцыя «Плошча Якуба Коласа» ў Мінску. 1984. Арх. М.Пірагоў, А.Зензін, маст. В.Чурыла, С.Сакалоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРЫ́НЫ ПРАСПЕ́КТу Мінску,
гал. дыяметр і асноўная магістраль горада; перасякае яго зПдЗ на ПнУ. З 1951 наз. Сталінскі, з 1961 Ленінскі праспект, з 1990 сучасная назва. Даўж. больш за 11 км, шыр. 48—70 м. Як гал. кампазіцыйны дыяметр арганізацыйна ўплывае на планіроўку і забудову ўсяго горада. Яго перасякаюць Мінскі водна-зялёны дыяметр р. Свіслач і важныя трансп. магістралі, якія звязваюць праспект з усімі раёнамі горада. Уздоўж праспекта размяшчаюцца асн.гар. плошчы — Перамогі плошча, Кастрычніцкая, Я.Коласа. Чаргаванне адм. будынкаў, культ.-асв., навучальных, гандл., вытв. і інш. устаноў з жылымі дамамі і комплексамі зрабіла магчымым пазбегнуць аднастайнасці і стварыць яго своеасаблівае арх.-маст. аблічча. Як гал.гар. магістраль пачаў фарміравацца ў 19 ст. Забудоўваўся праспект у 3 чаргі: 1-ы ўчастак (цэнтральны) ад Незалежнасці плошчы да пл. Перамогі (2,9 км, з 1945 пад кіраўніцтвам М.Баршча і М.Паруснікава) створаны на месцы вул. Савецкай ( з 1830 вул. Захар’еўская, у 1918—19 — Адама Міцкевіча), Пушкінскай (назва ў 1920—44 участка ад вул. Даўгабродскай да будынка абсерваторыі); 2-і — ад пл. Перамогі да пл. Калініна (2,7 км) і 3-і — ад пл. Калініна да ўезда ў горад з боку Маскоўскай шашы (больш за 6 км, 1950—70-я г.). Пасля Вял.Айч. вайны гал. магістраль створана на шырокай і выпрастанай трасе. На цэнтр. участку створаны ансамблі высокай арх.-маст. вартасці, характар арх. афармлення якіх засн. на творчым асваенні класічнай спадчыны: адм. будынкі паміж вул. Гарадскі Вал і Камсамольскай (КДБ; 1945—47, арх. Г.Гай, Паруснікаў), Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, Мінскага гарадскога універмага, Мінскага галоўнага паштамта, Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў, Мінскага цырка, будынак б.Мінскага царкоўна-археалагічнага музея, гасцініца «Мінск» (1-я чарга ў 1957, арх. Г.Баданаў, 2-я — у 1967, арх. Г.Сысоеў, С.Мусінскі, Дз.Кудраўцаў, з 2001 на рэканструкцыі). Ад вул. Я.Купалы праспект спускаецца да азялененай поймы Свіслачы, узвышаецца над масівамі паркаў імя Янкі Купалы і Цэнтр. дзіцячага парку імя М.Горкага. З гранітнай набярэжнай (1958, арх. К.Іваноў) адкрываецца панарама ў бок пл. Парыжскай камуны зманум. будынкам т-ра оперы і балета. За мостам (1951, арх. Паруснікаў, Баданаў) знаходзяцца 5-павярховыя жылыя дамы (1939, дабудаваны ў 1947, арх. Р.Столер, у 1950—56, арх. Баршч, Л. і Г.Аранаўскасы). Завяршае цэнтр. ўчастак праспекта пл. Перамогі зМанументам Перамогі. На 2-м участку праспекта побач з даваен. дамамі (1937—41, арх. А.Брэгман, Г.Якушка) узведзены новыя жылыя будынкі (1952—58, арх. Баршч, Л.Арнаўскас, А.Духан, С.Баткоўскі, Н.Макляцова, Н.Шпігельман). Вял. роля на гэтым участку і ў структуры горада належыць пл. Якуба Коласа з помнікам Я.Коласу ў цэнтры (1972, скульпт.З.Азгур, арх. Ю.Градаў, Г.Заборскі, Л.Левін). Другі важны вузел участка ўтвараюць рэканструяваныя і расшыраныя комплексы 1-й клінічнай бальніцы, Нацыянальнай акадэміі навук будынкі, будынак Беларускай політэхнічнай акадэміі, кінатэатр «Кастрычнік», жылыя дамы з магазінам «1000 дробязей» (1962, арх. Сысоеў, Кудраўцаў), дом гандлю «Першамайскі» (б. «Сінтэтыка»; 1964—65, арх. Мусінскі, Сысоеў); завяршае ўчастак пл. Калініна з помнікам М.І.Кілініну (1978, арх. Ю.Грыгор’еў, А.Няўзораў, скульпт. В.Палійчук, І.Глебаў). 3-і ўчастак адрозніваецца ад папярэдніх аднабаковай забудовай на значнай адлегласці. Тут знаходзяцца будынкі гадзіннікавага з-да «Прамень» (1956—61, арх. Баткоўскі, І.Боўт, Шпігельман), кварталы жылых дамоў, Бел.агр.тэхн.ун-т (1956, арх. Бакланаў). Да праспекта прылягае парк імя Чэлюскінцаў, тэр. дзіцячай чыгункі (вакзал пабудаваны ў 1956) і зялёны масіў. Далей размешчаны кінастудыя «Беларусьфільм», жылыя дамы канца 1950-х г., Мінскай гідраметэаралагічнай абсерваторыі будынак, комплекс НДІ сродкаў аўтаматызацыі (1972, арх. Мусінскі, Кудраўцаў). Важная роля ў фарміраванні арх.-маст. аблічча праспекта належыць жылому раёну Усход (забудоўваецца з 1966). Уздоўж праспекта пабудавана 1-я чарга лініі Мінскага метрапалітэна. Архітэктарам Баданаву, Баршчу, Баткоўскаму, А.П.Воінаву, У.Каралю, Мусінскаму, Паруснікаву, Сысоеву, Н.Трахтэнбергу, Шпігельману прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1968.
А.А.Воінаў, В.М.Чарнатаў.
Скарыны праспект у Мінску. Фрагмент.Скарыны праспект у Мінску. Фрагмент.Панарама Скарыны праспекта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗЕ́ННЕ,
штучнае покрыва цела чалавека; у шырокім сэнсе ўключае галаўныя ўборы, абутак і інш. Яго агульны выгляд залежыць ад прыродна-кліматычных умоў, відаў і спосабу гасп. дзейнасці, нац. традыцый, узроўню развіцця вытв. сіл, маёмасна-прававых адносін, этычных поглядаў і патрабаванняў. У гісторыі грамадства выконвала і выконвае функцыі магічную, абрадавую, адрознення паводле полу, узросту, сямейнага становішча, саслоўнай, этн. і рэліг. прыналежнасці, паводле роду заняткаў і службовага становішча, найперш утылітарную і эстэтычную. Нясе ў сабе і маст. вобраз, таму выступае як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і залежыць ад маст. стылю эпохі.
Адзенне ўзнікла ў сярэднім старажытнакаменным веку і прайшло складаны шлях эвалюцыі. Як сац. з’ява і як прадмет мастацтва ўвасабляла ўяўленні розных гіст. эпох аб ідэальным чалавеку, яго ўнутр. сутнасці і фіз. абліччы. Так, адзенне стараж. грэкаў з іх ідэалам доблеснага і прыгожага воіна-атлета толькі злёгку падкрэслівала гарманічнасць фігуры; адзенне сярэднявечча згодна з хрысціянскімі догмамі пра грахоўнасць цела хавала яго пад цяжкімі бясформеннымі тканінамі; у эпоху Адраджэння, калі нормай прыгажосці стаў прызнавацца чалавек, адзенне стала больш зручным, як бы выяўляла гармонію ўнутр. і знешняга ў чалавеку; у перыяд Асветніцтва, калі эталонам прыгожага была прырода, а ўзорам для пераймання антычнасць, адзенне набыло натуральныя спакойныя формы. Спалучэнне ў адзіным маст. стылі кампанентаў адзення і прадметаў, што яго дапаўняюць, стварае ансамбль, які наз. касцюмам. Касцюмы падзяляюцца на 3 асн. тыпы: драпіраваны (з абгорнутага вакол цела кавалка тканіны, замацаванага непасрэдна на фігуры), накладны (надзяваецца праз галаву і як бы накладаецца на плечы), раслінны (мае спераду разрэз зверху данізу).
Вытокі бел. адзення ў культуры ўсх.-слав. плямёнаў. Умерана кантынентальны клімат вымагаў закрытага, цёплага адзення. Тканіны выраблялі з лёну (радзей канапель) і воўны, упрыгожвалі нашываннем, натыканнем, вышываннем ці набіўным узорам. Баярства шыла адзенне пераважна з прывазных тканін (парча, аксаміт, тафта, камка); аздобаю служыла вышыўка шоўкам і жэмчугам. Амаль усе віды адзення былі накладныя. Аснову мужчынскага гарнітура складалі кашуляз поясам і нагавіцы, жаночага — кашуля (даўжэйшая за мужчынскую) і паясное адзенне тыпу панёвы; верхняя вопратка — світа (зімой падшытая футрам). Мужчыны насілі шапкі з футра, сукна ці лямцу, дзяўчаты — вянец, замужнія жанчыны — чапец, а паверх — убрус. Абуваліся ў пасталы, поршні ці боты (жаночыя часта вышывалі). Гэтыя асаблівасці перайшлі ў адзенне насельніцтва ВКЛ, дзе ў 13—16 ст. сфарміравалася бел. народнасць. У касцюме беларусаў адчуваецца блізкасць да касцюма літоўцаў і палякаў, а таксама рускіх і інш.еўрап. народаў. Выпрацоўка ў Зах. Еўропе асн. спосабаў і прыёмаў крою, удасканаленне кравецкага рамяства прывяло адзенне да істотных змен. Адзенне магнатаў, шляхты і гар. знаці развівалася ў рэчышчы зах.-еўрап. моды. Важнымі часткамі іх мужчынскага гарнітура былі атласны жупан, зверху кунтуш, падпяразаны доўгім поясам, воўчае (вільчура) і бабровае футра, жаночае — ферэзія, чамара, аблямаваныя карункамі або футрам собаля, куніцы, лісы, кабат з рукавамі. Спрашчэнне адзення арыстакратаў пачалося з канца 18 ст. Народнае адзенне больш яскрава, чым адзенне інш. слаёў грамадства, выяўляла маральныя нормы і эстэт. густы. Нар. касцюм уздзейнічаў на касцюм вышэйшых класаў і сам зазнаваў яго ўплыў. У ім найлепш захаваліся традыцыі нац. адзення. У 14—16 ст.бел. касцюм узбагаціўся новымі відамі (андарак, гарсэт) і прынцыпамі афармлення (спосабы завязвання наміткі). Ён меў характэрныя прыкметы касцюма готыкі і рэнесансу, а знайб. спецыфічных — тэндэнцыі да агульнай строгасці ансамбля, перавагі белага колеру, спалучэння белага з чырвоным у каларыстыцы, геам. узораў у арнаментыцы. Бел. касцюм у гэты час набыў сваю завершанасць, утылітарны і маст. вобраз. Яго развіццё ў 17 — сярэдзіне 19 ст. ішло па шляху мадыфікацыі асобных элементаў адзення, насычэння колеравай гамы, пераасэнсавання арнаментальных матываў, замацавання рэгіянальных адметнасцяў. У перыяд фарміравання бел. нацыі захоўвалася выразнае этнагр. аблічча бел.нар. адзення. Касцюм сялян той пары — класічны ўзор бел.нар. мастацтва. Даўнімі традыцыямі было вызначана, якое адзенне насіць у будні ці святы, надзяваць на вяселле ці на радзіны, падчас радасці ці жалобы. У традыц. комплекс мужчынскага адзення ўваходзілі кашуля, нагавіцы і камізэлька. Кашулю насілі навыпуск, падпяразвалі поясам, калошы абгортвалі анучамі і запраўлялі ў скураныя пасталы, лапці, боты, зімой — у валёнкі. Галаўнымі ўборамі былі саламяны капялюш (брыль) ці валеная магерка, зімой заечая ці аўчынная аблавуха. Мужчынскае адзенне мела сціплае аздабленне, у ім пераважаў белы колер. Найб. ўзлёту фантазіі і майстэрства бел. адзенне дасягнула ў жаночым касцюме, своеасаблівасць якога вызначае адметнасць нац. касцюма беларусаў увогуле. Жаночая кашуля кроілася з прамавугольных кавалкаў ільняной тканіны. Найб. ўвага аддавалася ўпрыгожанню рукавоў, што звязана змаст. тэктонікай і пластыкай касцюма, а таксама з верай у магічную сілу чырвонага рамбічнага арнаменту. Разнастайнае паясное адзенне жанчыны: многія віды спадніц (андарак, саян, палатнянік, летнік), а таксама панёвы, фартухі. Малюнак спадніцы і панёвы — клетка, падоўжныя або папярочныя палосы ў чырвоным, сіне-зялёным ці серабрыста-белым каларыце. Фартух гарманіраваў з кашуляй. У жаночае, асабліва святочнае, убранне ўваходзіў і гарсэт у выглядзе безрукаўкі. Шылі яго звычайна з крамных тканін (аксаміт, парча, шоўк), аздаблялі вышыўкай, аплікацыяй, нашыўкамі тасёмак, стужак, гузікаў. Касцюм мог дапаўняцца разнаколерным поясам з кутасамі. Галаўныя ўборы залежалі ад узросту і сямейнага становішча жанчыны. У дзяўчат гэта былі перавязкі накшталт вузкіх ручнікоў (скіндачка, шлячок), вянкі. Замужняй жанчыне не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Жаночыя галаўныя ўборы падзяляюцца на ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка), рагацістыя (галовачка), каптуровыя (каптур, чапец, падвічка). Самы пашыраны і адмысловы — намітка. Будзённым абуткам жанчыны былі лапці, святочным — пасталы і чорныя хромавыя чаравікі. Верхняя мужчынская і жаночая вопратка мала адрознівалася. Яе шылі з валенага нефарбаванага сукна (світа, сярмяга, бурка, бурнос), аўчыны (кажух, кажушок). Насілі таксама бравэрку, каптан, кабат. Пранікненне ў вёску прамысловых вырабаў «размывала» жанравыя межы традыц.нар. касцюма. У 20 ст. многія віды і састаўныя часткі традыц. адзення выйшлі з ужытку. Нар. адзенне аднатыпнае на ўсёй тэр. Беларусі, але ў ім вылучаюць 4 асн. комплексы (залежна ад таго, з чым насілі кашулю ў жаночым касцюме): са спадніцай і фартухом; са спадніцай, фартухом і гарсэтам; са спадніцай, да якой прышыты ліф-гарсэт, і фартухом; з панёвай, фартухом, гарсэтам. Першыя 2 вядомыя ўсюды, 2 другія — ва ўсх. і паўд.-ўсх. раёнах. Комплексы маюць шэраг лакальных разнавіднасцяў, якія вылучаюцца як нар. строі. Найб. вывучаны строі Зах. і Усх. Палесся, Падняпроўя, Цэнтр. Беларусі, Панямоння, Паазер’я (пра кожны строй гл. адпаведны артыкул). Паасобныя матывы традыц. адзення выкарыстоўваюць мадэльеры пры распрацоўцы сучаснага касцюма.
Літ.:
Маслова Г.С. Народная одежда русских, украинцев и белорусов в XIX — начале XX в. // Восточнославянский этнографический сборник. М., 1956;
Беларускае народнае адзенне. Мн., 1975;
Каминская Н.М. История костюма. М., 1977;
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;
Яго ж. Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;
Раманюк М., Ліцвінка В., Раговіч У. Песні і строі Піншчыны. Слонім, 1994.
М.Ф.Раманюк.
Адзенне: 1 — княжацкае 11-12 ст.; 2 — баярскае 12-13 ст.; 3 — гараджан 12-13 ст.; 4-5 — магнатаў 16—17 ст.; 6 — сялян 15 ст.Да арт.Адзенне. 1—2 — селянін і сялянка. Паводле Норбліна (канец 18 — пач. 19 ст.); 3—4 — дзяўчына і жанчына з Піншчыны. Паводле Рабцэвіча (канец 18 — пач. 19 ст.).Да арт.Адзенне. 1 — селянін. Паводле А.Рыгельмана (канец 18 ст.); 2 — сялянка з цэнтральнай Беларусі. Паводле К.Вуйціцкага (пач. 19 ст.); 3—4 — селянін з Палесся і жанчына з-пад Кобрына. Паводле Ю.Крашэўскага (1-я чвэрць 19 ст.).Да арт.Адзенне. К.Русецкі. Жняя. 1845.Да арт.Адзенне. І.Рэпін. Беларус. 1892.
Да арт.Адзенне. Партрэт Лізаветы Соф’і Радзівіл. Невядомы мастак. 1-я пал. 17 ст.
Беларускае народнае адзенне. Строі Цэнтральнай Беларусі і Панямоння: пухавіцкі (1), ляхавіцкі (2), капыльска-клецкі (3), слуцкі (4), вілейскі (5), мастоўскі (6), навагрудскі (7), ваўкавыска-камянецкі (8—9).Беларускае народнае адзенне. Строі заходняга і ўсходняга Палесся: дамачоўскі (10), маларыцкі (11), кобрынскі (12), пінска-івацэвіцкі (13), мотальскі (14), давыд-гарадоцка-тураўскі (15), турава-мазырскі (16), калінкавіцкі (17), брагінскі (18).Беларускае народнае адзенне. Строі Прыдняпроўя і Наддзвіння: магілёўскі (19—20), краснапольскі (21), буда-кашалёўскі (22), неглюбскі (23), лепельскі (24), дубровенскі (25), астравецка-дзісенскага рэгіёна (26—27).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Рэлігія і царква
Гісторыя рэлігіі і рэлігійных устаноў на Беларусі. Канфесіянальная гісторыя і структура Беларусі абумоўлена яе геапалітычным становішчам на стыку зах. і ўсх. цывілізацый, існаваннем і пачарговым дамінаваннем усх. ці зах. хрысціянскіх традыцый. Для бел. грамадства характэрна поліканфесіянальнасць. Тут пашыраны розныя хрысціянскія канфесіі: праваслаўная, рымска-каталіцкая, грэка-каталіцкая, пратэстантызм; а таксама рэліг. аб’яднанні іудзеяў, мусульман, стараабраднікаў і інш.
Стараж. рэлігіяй беларусаў, якая ахоплівала ўсю сферу духоўнай і матэрыяльнай культуры, было язычніцтва. Яно існавала не адасоблена ад вераванняў суседніх слав. народаў, у ім старыя вераванні пастаянна дапаўняліся новымі. Звесткі аб поўным пантэоне стараж.-слав. багоў вельмі абмежаваныя. Вядомы вышэйшыя праслав. божаствы: Сварог (бог неба), Пярун (бог грому і маланкі), Вялес (бог жывёлагадоўлі), Дажбог (бог сонца і агню, земляробства), Хорс (бог сонца), Ярыла (бог плоднасці, прыбытку); больш ніжэйшыя божаствы (Род, Чур), божаствы, звязаныя згасп. цыкламі і сезоннымі абрадамі (Зюзя, Цаца, Ляля, Цёця, Жыжаль, Жыцень), жаночыя божаствы (Макош і інш.). Існавалі божаствы, якія мелі абстрагаваныя функцыі: Доля, Ліха, Праўда, Крыўда, Трасца, Смерць і інш.; а таксама персанажы, якія знайшлі ўвасабленне ў казках і фальклоры (баба Яга, Кашчэй, Цмок, Цуда-Юда, лясны цар, вадзяны цар), розныя міфалагічныя істоты — персанажы нячыстай сілы, духаў, жывёл, звязаныя з міфалагічнай прасторай ад дома да лесу, балота, поля і г.д. (дамавікі, злыдні, лесуны, вадзянікі, палевікі, русалкі, ліхаманкі, мары і інш.).
Пасля прыходу на ўсходнеслав. землі хрысціянства ў 10 ст. шэраг язычніцкіх свят і абрадаў нар. календара зліліся з пэўнымі хрысц. святамі (суадноснымі па часе), атрымалі новыя назвы, да іх зместу дадалі хрысц. дагматыку. Так, стараж.-бел. калядны цыкл быў зліты з Раством Хрыста; веснавыя язычніцкія святы ўвайшлі ў склад Вялікадня; летнія — у склад Тройцы, нараджэння Іаана Хрысціцеля, Пятрова і Ільіна дня; восеньскія, у т. л. Дзяды, зліліся са Спасам, Пакровам Багародзіцы. Культы язычніцкіх слав. багоў былі выцеснены святамі ў гонар розных хрысціянскіх святых. Вышэйшыя персанажы слав. міфалогіі сталі разглядацца як адмоўныя ці атаясамлівацца зхрысц. святымі (Пярун са святым Ільёй, Вялес са святым Уласам, Ярыла са святым Юрыем і г.д.). Ніжэйшыя ўзроўні язычніцкай міфалогіі, як больш устойлівыя, стварылі складаныя спалучэнні з хрысціянствам. У нар. вераваннях і магічна-абрадавай практыцы захаваліся дэманалогія (вера ў лесуна, дамавіка, шматлікіх злых духаў — нячысцікаў); культ продкаў (дзядоў). Рэшткі язычніцтва дайшлі да нашага часу ва ўяўленнях, вераваннях, абрадах, звычаях, вуснай нар. творчасці беларусаў. Многія язычніцкія элементы трывала ўвайшлі ў хрысціянства, ствараючы вельмі складаныя спалучэнні. Стараж. традыцыі знайшлі ўвасабленне ў духоўных вершах (кантычкі, песні з «Богагласніка»), якія выконваліся на Беларусі старцамі-жабракамі і па форме і музычным выкананні працягвалі агульнаслав. традыцыю выканання эпічных песень на славянскія міфалагічныя сюжэты. Стараж. ўсходнеслав. абрады ўвайшлі ў праваслаўныя і уніяцкія святочныя і агульныя чынапаследаванні, якія ўжываліся бел. святарамі ў 16—18 ст. (напр., «чин врачевания болезнующих», малітвы «аб трасавіцах»). Даты нар. календара сталі залежнымі ад хрысціянскага, але ў значнай ступені захавалі язычніцкае паходжанне. Змест гэтых трансфармаваных хрысц. свят у нар. свядомасці заставаўся пераважна ранейшым — язычніцкім, бо іх дастасаванне да хрысціянскіх адбывалася па форме, а не па сутнасці і структуры. Народ па-свойму асэнсоўваў значную частку царк. свят, што адбілася на існаванні і захаванні язычніцкіх абрадавых элементаў і нават назваў свят у хрысц. календары, аж да нашага часу. Так, у большасці рэгіёнаў Беларусі ў праваслаўнага насельніцтва дванадзесятыя і вял. святы маюць наступныя назвы: Стрэчанне — Грамніцы, Пяцідзесятніца — Клечанне, Фаміны тыдзень — Провады, Прапалавінне Пяцідзесятніцы — Сёмушная серада, Узнясенне Гасподняе — Ушэсце, Усекнавенне галавы Іаана Прадцечы — Галавасек, Раство Багародзіцы — Прачыстая ці Малая Прачыстая, Вялікі Чацвер — Жальнік, пярэдадзень Раства — Каляды ці Куцця, пярэдадзень Богаяўлення — Водная Каляда, а пярэдадзень Новага года — Шчадруха, Пераўтварэнне — Спас, Успенне — Зельная, ці Вялікая Прачыстая, ці Спажа і г.д. Ва ўсіх вялікіх святах хрысц. календара захавалася сувязь з сезонамі года (як, напр., упрыгожанне інтэр’ераў храмаў у час суадносных свят зелянінай: галінкамі дрэў і лісцем — на Тройцу; асвячэнне першых квітнеючых дрэў (вярбы) — на Вербную Нядзелю; асвячэнне садавіны, гародніны, мёду і збожжа — на тры Спасы; асвячэнне і ўдзячнасць Богу за сабраны ураджай на каталіцкія і праваслаўныя восеньскія святы, пратэстанцкія Дні Жніва і інш.). Абавязковае памінанне памерлых, што паходзіць ад усходнеславянскага культу продкаў, прымеркавана да большасці вялікіх свят хрысц. календара, такіх, як Вялікдзень (Радаўніца), Тройца (Траецкая-Сёмушная бацькоўская субота), восеньскіх свят (Дзяды, Асяніны, ці Змітраўская бацькоўская субота, і каталіцкі Дзень Задушны). Большасць язычніцкіх па паходжанні абрадаў маюць на мэце забеспячэнне дабрабыту сям’і і добрага ўраджаю, прыплоду жывёлы і пазбаўленне ад хвароб, сурокаў, нячыстай сілы і варажбы. Тая ж іх сутнасць захавалася і ў хрысц. па форме і язычніцкіх па сутнасці абрадах.
Працэс хрысціянізацыі ўсх. славян быў даволі складаны і доўгі. У выніку адаптацыі хрысціянства да славянска-язычніцкіх духоўных традыцый і культурных каштоўнасцей склаўся рэліг. сінкрэтызм (зліццё царк. і нар. язычніцкай традыцыі), які захоўваецца на працягу многіх стагоддзяў ва ўсх.-слав. народаў, у т. л. ў беларусаў. Увядзенне хрысціянства ва ўсходнеслав. землях палажыла канец афіц. існаванню язычніцтва. Хрысц. місіянерская праграма прадугледжвала барацьбу з язычніцтвам — знішчэнне язычніцкіх капішчаў і ідалаў і будаўніцтва на іх месцы хрысц. храмаў.
Гісторыя праваслаўнай царквы на бел. землях пачалася з запазычання царк. традыцыі Усх. (Візантыйскай) царквы, разам з догматамі, клірам, святамі і абрадамі. Ужо ў канцы 10—11 ст. на бел. землях стварыліся епіскапскія кафедры, сфарміраваліся пэўныя элементы богаслужэння, якія ў агульных рысах дайшлі да нашых часоў (пераняты ад Візантыі каляндар асноўных і дванадзесятых свят з іх канонам, літургіяй, царк. паданнем і спевамі на царк.-славянскай і грэчаскай мовах).
Калыскай хрысціянства на Беларусі лічыцца стараж. Полацк. Полацкая епархія ўзнікла ў 992 і знаходзілася ў юрысдыкцыі Кіеўскіх мітрапалітаў. Першы вядомы полацкі епіскап Міна (згадваецца ў летапісах пад 1105) доўгі час быў манахам Кіева-Пячэрскага манастыра. У 10—11 ст. у Полацку пабудаваны храмы. У ліку найб. старажытных храмаў на бел. землях лічыцца царква Багародзіцы, пабудаваная ў 1001 у Друцку (горад Полацкага княства). У Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1007 згадваецца царква Багародзіцы ў Полацку. У сярэдзіне 11 ст. пры Усяславе Брачыславічу ў Полацку пабудаваны Сафійскі сабор, які на працягу некалькіх стагоддзяў заставаўся кафедральным храмам полацкіх епіскапаў і духоўным сімвалам горада. На бел. землях аформілася манастырская арг-цыя. Паводле сведчання летапісных крыніц, першы манастыр заснаваны ў час праўлення кіеўскага вял. князя Уладзіміра яго жонкай полацкай княжной Рагнедай (у манастве Анастасія) у стараж. Ізяслаўлі (сучасны г. Заслаўе). Самы стараж.з манастыроў Міншчыны — Спаса-Вазнясенскі заснаваны ў канцы 10 — пач. 11 ст. У Полацкім княстве перыядам росквіту манаскага жыцця лічыцца 12 ст., якое звязана з дзейнасцю Ефрасінні Полацкай. У 11—13 ст. фарміраваліся новыя айч. святы, звязаныя з ушанаваннем гіст. асоб (напр., прападобнай Ефрасінні Полацкай і епіскапа Кірылы Тураўскага), складаліся замест грэчаскіх свае царк. песнапенні, каноны і стыхіры, з суайчыннікаў фарміраваўся і праваслаўны клір, які ў паўсядзённым жыцці і ў час богаслужэння карыстаўся зразумелай для народа мовай. Разам з хрысціянствам на бел. землях пачала распаўсюджвацца богаслужэбная літаратура. Хрысціянізацыя паводле праваслаўнага абраду мела тую перавагу, што ўсх. царква не звязвала богаслужэнне моўным канонам. Візантыйская царква дапускала выкананне ў богаслужэнні любой некананічнай мовы. Богаслужэбная літаратура, якая прыйшла з Візантыі, перакладалася на слав. мову. Яна была даволі разнастайнай і складалася зцарк. песнапенняў (канонаў, стыхіраў, кандакоў, ікасаў патрыярха Сафронія, Іаана Дамаскіна, Грыгорыя Назіянзіна), твораў Афанасія Александрыйскага, Васіля Вялікага, Іаана Златавуста, Яфрэма Сірына, «Златаструя», складзенага ў Балгарыі пры цару Сімяоне ў 10 ст.; розных мінеяў, пралогаў, палеяў, апокрыфаў і інш. Неабходныя для богаслужэння кнігі (Евангелле, Апостал, Служэбнік, Часаслоў, Псалтыр, Актоіх), перакладзеныя на царкоўнаславянскую мову яшчэ Кірылам і Мяфодзіем, перайшлі ад паўд. славян.
Праваслаўе было дамінуючай рэлігіяй у Вялікім княстве Літоўскім (ВКЛ) на працягу 13—16 ст. Першапачаткова праваслаўная царква ў ВКЛ падпарадкоўвалася Кіеўскай, потым Маскоўскай мітраполіі. У 1415 пры вялікім князю Вітаўце створана самастойная Літоўская (Кіеўская) мітраполія на чале з мітрапалітам Грыгорыем Цамблакам. Да 1686 яна падпарадкоўвалася канстанцінопальскаму патрыярху. У яе ўваходзілі 8 епархій ВКЛ. У 16—17 ст.бел. праваслаўная царква імкнулася да незалежнасці ад Маскоўскай мітраполіі. Сфарміраваліся некаторыя спецыфічныя рысы бел. праваслаўных свят і святочныя дні, прысвечаныя новым славянскім святым, існавалі братчыны, ушаноўваліся пятніцы. У гэты перыяд складзены вельмі пашыраныя пазней на Беларусі песні да свят Гасподніх і Багародзічных, якія сабраны ў зб-кі «Багагласнік» і «Песні благагавейныя». Яны выконваліся ў час царк. службаў (пры хрэсных шэсцях, літургіі) і маглі нават замяняць сабой богаслужэнні (напр., песні на Раство Хрыстова). Значнае месца займалі выданні кніг Свяшчэннага Пісання і катэхізацыйных тэкстаў на старабел. мове. Гэта найперш выданні Францыска Скарыны: «Апостал» (Вільня, 1525), «Малая падарожная кніжка» (Вільня, каля 1525), «Біблія» (Прага, 1517—19). Сярод інш. беларускамоўных выданняў «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568); пераклад Евангелля (1556—61), выкананы па даручэнні княгіні Анастасіі Гальшанскай; «Катэхізіс», падрыхтаваны Лаўрэнціем Зізаніем (Масква, 1627); «Праваслаўнае спавяданне веры» Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы (Кіеў, 1640); «Псалтыр рыфматворная», выдадзеная Сімяонам Полацкім (Масква, 1680); «Катэхізіс» Феафана Пракаповіча, перакладзены ў 1757 свяціцелем Георгіем (Каніскім); «Катэхізіс», падрыхтаваны святаром Міхалам Баброўскім; шматлікія багаслоўскія працы накшталт «Веры праваслаўнай» (Вільня), «Кантычка» (Полацк) і інш. Аформіўся культ цудатворных абразоў Божай Маці (Жыровіцкі, Бялыніцкі, Віленскі, Пачаеўскі і інш.), якія напачатку ўшаноўваліся праваслаўнымі вернікамі, потым таксама уніятамі і католікамі. Да гэтых святынь адбываліся паломніцтвы, з імі праводзіліся ўрачыстыя шэсці, яны пакінулі значны след у бел. праваслаўным календары.
У 13—14 ст. на тэр. Беларусі пачала пашырацца і рымска-каталіцкая царква. Паводле сведчанняў летапісцаў, пачатак фарміравання бел. каталіцкай традыцыі — час княжання ў ВКЛ Міндоўга (сярэдзіна 13 ст.). Трывала рымска-каталіцкая царква замацавалася ў ВКЛ пры вял.кн. Ягайле, калі ён сам прыняў каталіцтва і заснаваў Віленскае біскупства. Да 1500 на Беларусі (паводле падлікаў гісторыкаў) існавала 90 каталіцкіх парафій. Каталіцтва атрымала большае пашырэнне сярод літоўцаў, палякаў, латышоў, яцвягаў і прусаў, якія ў сярэдневякоўі аселі ў паўн.-зах. раёнах Беларусі; меншае — сярод беларусаў, дзе каталіцтва распаўсюджвалася ў гэты перыяд (за выключэннем вышэйшага саслоўя) шляхам змешаных шлюбаў. У 1-й пал. 16 ст. пабудавана шмат касцёлаў, у 1550 дзейнічалі 152 парафіі. Адначасова складваўся культ каталіцкіх бел. святых, шануемых абразоў, падзей нац. гісторыі, сваіх свят, асаблівасцей календара. Атрымала распаўсюджанне богаслужэбная літаратура на лацінскай мове, на якой у каталіцкіх храмах таксама праводзілася літургія. У паўсядзённым жыцці каталіцкі клір на тэр.ВКЛ, які складаўся з палякаў, беларусаў і літоўцаў, карыстаўся дзярж. мовай ВКЛ — старабеларускай. Пасля Крэўскай уніі 1385 праваслаўная царква ў ВКЛ была пазбаўлена ранейшых правоў і прывілеяў (вернуты вял. князем Казімірам). У 16 ст. большасць насельніцтва ВКЛ спавядала праваслаўную веру, у т. л. сярод эліты праваслаўнымі лічылася каля 70%. Пасля Люблінскай уніі 1569 пачалося актыўнае і масавае распаўсюджанне каталіцкай царквы на бел. землях. Барацьба паміж зах. і ўсх. хрысціянскімі традыцыямі ў 1-й пал. 17 ст. скончылася перамогай заходняй. Каталіцкая царква здолела вярнуць сабе парафіі і храмы, страчаныя ў выніку рэфармацыйнага руху. Паводле даных Віленскага сінода, у 1669 у 13 дэканатах паўн.-зах. Беларусі і ў зах. частцы Полацкага дэканата існавала 165 парафій. Акаталічванне насельніцтва суправаджалася паланізацыяй, якая ў большай ступені закранула магнацка-шляхецкае саслоўе ВКЛ. У 1696 прынята пастанова, якая канчаткова выцесніла бел. мову са справаводства, замяніўшы яе на польскую. Паланізацыя закранула і каталіцкую богаслужэбную літаратуру, і клір. На тэр.ВКЛ акрамя кананічнай асновы і прыкладнай аднастайнасці абраднасць набыла мясц. рысы, звязаныя са з’яўленнем культу асабістых святых (напрыклад, св. Казіміра, св. Станіслава Косткі, св. Андрэя Баболі і інш.), сваіх парафіяльных свят і іх рэгіянальных асаблівасцей; асабістага культу і гісторыі цудатворных абразоў Божай Маці. У ВКЛ большасць цудатворных абразоў аднолькава шанавалася католікамі, праваслаўнымі і уніятамі.
У 1-й пал. 16 ст.зЗах. Еўропы на бел. землі пашырылася буйное адгалінаванне хрысціянства — пратэстантызм, яго кірункі — кальвінізм, лютэранства, арыянства — атрымалі даволі шырокае распаўсюджанне сярод усіх слаёў насельніцтва. Найб. пашырэнне атрымала рэфармацтва (кальвінізм), прапагандыстам і патронам якога быў першы саноўнік дзяржавы, рэгент каралеўства, князь Мікалай Радзівіл Чорны. Яго намаганнямі ў 1553 у Вільні заснавана 1-я пратэстанцкая абшчына, а ў канцы 1550-х г. такія абшчыны ўзніклі ў Нясвіжы, Брэсце, Клецку, Койданаве, Мордах і інш. Крыніцы сведчаць, што рэфармацкі рух меў вялікі размах. На тэр. Рэчы Паспалітай ён спынены толькі ў 17 ст. ў выніку моцнага процідзеяння каталіцкай царквы, асабліва ордэна езуітаў. Да пач. 17 ст.з 180 рэфармацкіх збораў 6 акруг Беларусі і Літвы засталіся 93 цэрквы, да пач. 18 ст. — 48, а з 32 цэркваў Беларускай акругі — толькі 2, таму бел. дыстрыкцыя была скасавана. Рэфармацыя на Беларусі мела нац. рысы і зрабіла значны ўклад у яе гісторыю і культуру. Сведчанне таму і богаслужэнні на бел. мове, і пратэстанцкія пераклады Свяшчэннага Пісання («Евангелле» Васіля Цяпінскага, «Катэхізіс» Сымона Буднага і інш.).
У 16—17 ст. на Беларусі пачала распаўсюджвацца уніяцкая (грэка-каталіцкая) царква. На Брэсцкім саборы 1596 заключана царкоўная унія, і большая частка праваслаўнага епіскапату ВКЛ была падпарадкавана вярх. ўладзе папскага прастола. У час станаўлення уніі і яе пацвярджэння ў Рыме папам замацаваны за уніятамі ўсе ранейшыя богаслужэбныя кнігі, з усімі таінствамі, службай, абрадамі і цырымоніямі ўсх. царквы ў тым выглядзе, у якім яны былі да уніі, а таксама царкоўнаслав. і бел. мовы набажэнства і казанняў. Пачаліся прыцясненні і праследаванні праваслаўнага насельніцтва, звязаныя з прымусовым распаўсюджаннем уніяцкай царквы на тэр.ВКЛ. Нягледзячы на процістаянне праваслаўных вернікаў, уніяцтва даволі хутка пашырылася ў ВКЛ. У 17—18 ст. унія стала найбольш распаўсюджанай сярод насельніцтва ВКЛ. На 1790 на бел. землях Рэчы Паспалітай католікі складалі 15% ад усяго насельніцтва, уніяты — 70%, праваслаўныя — 6%. На бел. мове выдавалася уніяцкая рэлігійная літаратура, развіваліся бел. іканаграфія, музыка, архітэктура. Пасля Замойскага сабора 1720 пачаўся працэс паланізацыі і пранікнення каталіцкіх элементаў ва уніяцкую абраднасць і богаслужэнне. Адбыліся змены і ва уніяцкім календары: з’явіліся каталіцкія святы, пад уплывам базыльян у богаслужэнне стала ўводзіцца польская мова.
У сувязі з пераходам большасці насельніцтва ва уніяцтва, а большасці магнатаў і шляхты ў каталіцтва ў праваслаўнай царкве таксама адбыліся значныя змены. У 1686 са згоды канстанцінопальскага патрыярха Кіеўская мітраполія падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. Кіеўскія мітрапаліты сталі прызначацца маскоўскімі патрыярхамі (з 1723 Свяцейшым Сінодам). 17—18 ст. адметныя з’яўленнем вялікай колькасці славутых асоб, прадстаўнікоў праваслаўнай царквы ВКЛ — братоў Зізаніяў, архімандрыта Лявонція Карповіча, Мялеція Сматрыцкага, ігумена Афанасія Філіповіча, Сімяона Полацкага і інш., многія з якіх пазней кананізаваны і ўвайшлі ў Сабор бел. святых.
З 14 ст. на Беларусі існавалі і інш. этнаканфесіянальныя групы: яўрэі-іудзеі, татары-мусульмане. Першыя групы яўрэяў эмігрыравалі на бел. землі з Германіі, Польшчы і Украіны. У канцы 18 ст. на землях ВКЛ было больш за 300 тыс. яўрэяў-іудзеяў. У асобных гарадах і мястэчках Беларусі іх колькасць дасягала 40 і нават 80%. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі для яўрэяў была вызначана т. зв. «мяжа аселасці», якая ахоплівала і бел. землі. Да 1897 колькасць яўрэйскага насельніцтва ў бел. губернях павялічылася да 1202 тыс.чал. У асноўным гэта былі прадстаўнікі артадаксальнага іудаізму, частка спавядала хасідызм. У канцы 19 — пач. 20 ст. каля 60% яўрэяў пражывала ў гарадах, што паўплывала на гарадскую культуру на Беларусі.
У канцы 14 ст. на тэр.ВКЛ з’явілася этнаканфесіянальная група татараў-мусульман. Асн. цэнтрамі іх рассялення былі раёны Клецка, Мінска, Слуцка, Койданава, Гродна, Іўя, Давыд-Гарадка, Навагрудка, Ашмян і інш. Колькасць бел. татараў па розных звестках складала ад 30 да 60 тыс. чалавек. Яны спавядалі іслам суніцкага кірунку Абу Ханіфа (ханіфіты).
З сярэдзіны 17 ст. на тэр. Беларусі перасяліліся прадстаўнікі этнаканфесіянальнай групы рус. стараабраднікаў (папоўцы і беспапоўцы), якія знайшлі тут прытулак ад ганенняў пасля царк. рэформы ў Расіі патрыярха Нікана.
Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі канфесіянальная структура стала мяняцца. Напярэдадні 3 падзелаў Рэчы Паспалітай на Беларусі заставалася толькі 1 праваслаўная епархія з епіскапскай кафедрай у Магілёве. У 1793 створана Мінская праваслаўная епархія. Пазней адноўлена дзейнасць старых епіскапскіх кафедраў і створаны новыя. У адпаведнасці з указам 1795 Кацярыны II пачаўся працэс пераходу уніятаў у праваслаўе. Да праваслаўнай царквы быў далучаны 721 прыход з 463 святарамі і прыхаджанамі. Паводле афіц. даных у пач. 19 ст. да праваслаўнай царквы далучылася больш за 2 мільёны былых уніятаў. У 1839 Полацкі царк. сабор абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з праваслаўнай царквой. Уніяцтва фактычна было забаронена. У выніку да праваслаўнай царквы далучана каля 1607 прыходаў і 1600 тыс. вернікаў. Былым уніятам пакінуты толькі абрады і звычаі, якія «не супярэчылі сутнасці праваслаўя». Каб дасягнуць аднастайнасці ў царк. абраднасці бел. і рус. праваслаўных вернікаў, распаўсюджваліся рас. богаслужэбныя выданні, якія павінны былі замяніць старыя, часоў ВКЛ. Пачалося распаўсюджванне святынь, звязаных з імёнамі рас. святых і дзеячаў царквы. У іх гонар будаваліся цэрквы, асвячаліся прастолы, многія рас. абразы пачалі шанавацца як цудатворныя. Адначасова праводзілася афіц. палітыка русіфікацыі, для чаго павінна была прычыніцца і царква. Паводле сведчанняў рас. святароў, якія служылі ў бел. прыходах, праваслаўная абраднасць мела тут яўныя сляды ўплыву каталіцкай і уніяцкай абраднасці, старыя богаслужэбныя кнігі нярэдка былі таксама уніяцкага паходжання, па якіх да 1880-х г. служылі «тысячы праваслаўных святароў Заходняга Краю Расіі». На далучанай да Рас. імперыі ў 1772 тэр. Беларусі ў 1773 створана Беларуская рымска-каталіцкая епархія (з 1782/83 — Магілёўская архіепархія), якой былі падпарадкаваны кляштары і касцёлы. У Расіі апынуліся каля 100 тыс. католікаў лацінскага і 800 тыс. грэка-каталіцкага абрадаў: першыя падлягалі юрысдыкцыі архібіскупа магілёўскага, другія — свайго мітрапаліта кіеўскага. Каталіцкае насельніцтва лацінскага абраду ў тагачаснай канфесіянальнай структуры Беларусі складала 14—15% (ад агульнай колькасці насельніцтва ў 1795 каля 3 млн.). У 2-й пал. 19 ст. ў прылеглых да літоўскай мяжы Браслаўскім, Лідскім, Ашмянскім, Радунскім і Свірскім дэканатах католікі складалі пераважную большасць насельніцтва, іх колькасць ва ўсх. і паўд. напрамку паступова змяншалася да некалькіх працэнтаў. Паводле статыст. звестак у 1781 на Беларусі католікаў было 428,9 тыс.чал. У 1801 для кіравання лацінскай царквой у Рас. імперыі ўтворана Рымска-каталіцкая духоўная калегія. У 19 ст. сярод насельніцтва Беларусі было каля 4/5 праваслаўных вернікаў (з далучанымі уніятамі) і 1/5 католікаў; каталіцтва, як і раней, было найб. распаўсюджана сярод магнатаў і шляхты. На абмежаванне дзейнасці каталіцкай царквы ў Рас. імперыі паўплывала паўстанне 1830—31, у якім актыўны ўдзел прынялі каталіцкае духавенства і манаства. Указам ад 19.7.1832 у зах. губернях скасавана 199 кляштараў, уведзена цэнзура на царкоўныя казанні.
З прычыны пераходу уніятаў у каталіцтва 31.12.1839 выдадзена распараджэнне дэпартамента духоўных спраў замежных веравызнанняў віцебскаму, смаленскаму і магілёўскаму ген.-губернатару князю Далгарукаму «аб мерах па спыненні пераходу з праваслаўя ў каталіцтва». У 1864 пры Мін-ве ўнутр. спраў Рас. імперыі былі распрацаваны статыстычныя матэрыялы аб канфесіянальнай структуры Беларусі: у 5 губернях (Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай) было 2502,1 тыс. праваслаўных, 1333,7 тыс. католікаў, 19 951 пратэстант, 37 121 старавер і 463 217 іудзеяў. Найб. падрабязныя звесткі па веравызнанні былі атрыманы ў выніку ўсеагульнага перапісу насельніцтва Рас. імперыі ў 1897. У 40 паветах з большасцю бел. насельніцтва 66,6% адносілі сябе да праваслаўнага веравызнання (у т. л. 62,3% беларусаў), 18,1 % — да каталіцтва (12,4% беларусаў), 13,5% — да іудаізму, 1,8% — да астатніх рэлігій. Найбольш праваслаўных было сярод жыхароў Магілёўскай губ. (83,1%, у т. л. 80,6% беларусы); католікаў — у Віленскай губ. (58,8%; 32,8% беларусы). У 5 бел. губернях пражывала 5114,7 тыс. праваслаўных, 1947,6 тыс. католікаў, 83 022 стараверы (у Віцебскай губ.), 1209, 8 тыс. іудзеяў, 13 877 мусульман (разам з Валынскай і Ковенскай губ.). Спробы царскіх улад прымусіць ксяндзоў весці набажэнствы на рус. мове не мелі поспеху. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачаўся працэс нац. абуджэння, фарміравання нац. самасвядомасці, з’явіліся пераклады Свяшчэннага Пісання і каталіцкай рэліг. літаратуры на бел. мову (катэхізісы, малітоўнікі, кантычкі і г.д.). У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі з’явіліся новыя пратэстанцкія кірункі: баптызм (з 1880-х г.), евангельскае хрысціянства, ці пашкоўшчына, містычнае вучэнне Кандрація Маляванага, адвентызм сёмага дня (з 1910). Іх пашырэнне на Беларусі было вынікам дзейнасці нямецкіх і англійскіх прапаведнікаў, міграцыі сялян і гараджан. У пач. 20 ст. на тэр. Беларусі налічвалася каля 1 тыс. паслядоўнікаў баптызму і евангельскага хрысціянства (часткова сярод ням. каланістаў, у асн. сярод беларусаў), а таксама некалькі дзесяткаў адвентыстаў (у асн. сярод немцаў, якія перайшлі ў адвентызм з лютэранства). У 1920—30-я г. канфесіянальная гісторыя ўсх. і зах. Беларусі набыла адрозненні, звязаныя з іх рознымі гіст. лёсамі.
Аддзяленне царквы ад дзяржавы і школы ад царквы. Пасля ўстанаўлення сав. улады СНК РСФСР выдаў дэкрэт «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы», у якім былі абвешчаны дэмакратычныя рэліг. свабоды і правы ўсіх рэліг. аб’яднанняў перад законам, а таксама гарантаваны правы кожнага грамадзяніна спавядаць любую рэлігію ці не спавядаць ніякай. Аднак паступова ўмовы для рэліг. дзейнасці на тэр.БССР рэзка пагоршыліся.
8.4.1929 ВЦВК РСФСР выдаў пастанову «Аб рэлігійных аб’яднаннях», якая замацавала абавязковую рэгістрацыю рэліг. т-ваў; дзейнасць рэліг. арг-цый абмежавана задавальненнем рэліг. запатрабаванняў вернікаў у межах малітоўных дамоў; забараняліся місіянерская дзейнасць, рэліг. прапаганда, матэрыяльная падтрымка цэркваў і інш. Адзначаюць 3 хвалі ганенняў на ўсе канфесіі: 1929—30, 1932—34, 1936—38. У гэтыя гады ў сав. Беларусі вялася жорсткая барацьба з рэлігіяй: зачыняліся цэрквы і манастыры (пазней іх перабудавалі ў сховішчы, клубы, школы і інш. ўстановы); падвергнуты ганенням духавенства, манахі, вернікі (незалежна ад веравызнання). Канфесіі страцілі значную частку сваіх малітоўных будынкаў, цэркваў, касцёлаў; храмы былі разрабаваны, знікла шмат культавых рэчаў, сярод якіх былі і свяшчэнныя (у 1921 у вернікаў адабрана сярэбраная рака і крыж прападобнай Ефрасінні — аб’екты пакланення і паломніцтваў). Паводле звестак камісіі па аддзяленні царквы ад дзяржавы на 1.1.1930 на тэр. Беларусі яшчэ дзейнічала 1766 рэліг. аб’яднанняў: 1022 праваслаўныя, 111 рымска-каталіцкіх, 547 іудзейскіх, 86 пратэстанцкіх; у 1930—31 пад культурныя і гасп. ўстановы былі перададзены 573 праваслаўныя цэрквы, 29 касцёлаў, 366 сінагог, 2 капліцы, 52 малітоўныя дамы. Да канца 1936 на тэр.БССР засталося толькі 11% культавых будынкаў. 23.7.1922 абвешчана Бел. праваслаўная мітраполія на чале з епіскапам мінскім Мелхіседэкам (Паеўскім). Аднак яе дзейнасць хутка заняпала (у 1925 мітрапаліт быў выкліканы ў Маскву, зняволены ў турму, а потым высланы ў Краснаярск). Пры сав. уладзе ў праваслаўнай царкве было справакавана ўзнікненне т. зв. абнаўленства, якое павінна было аслабіць царк. арг-цыю — разбурыць яе знутры, знізіць аўтарытэт царквы і яе ўплыў на вернікаў. Да 1923 большасць праваслаўных іерархаў вымушана была прыняць абнаўленскае кіраўніцтва, абнаўленцам перададзена большасць дзеючых цэркваў (да 1924—500 храмаў). У ліст. 1917 адрадзіла дзейнасць Мінская рымска-каталіцкая дыяцэзія. Аднак пасля ад’езду з Расіі біскупа Дэрбіньі, які ў 1925 афіцыйна прыязджаў з Рыма ў Маскву для ўрэгулявання духоўных спраў каталіцкага касцёла, пачалася хваля арыштаў і рэпрэсій каталіцкага духавенства. Мінскі каталіцкі епіскап Зыгмунд Лазінскі ў 1925 пад пагрозай арышту выехаў у Польшчу і заснаваў сваю кафедру ў Пінску. Услед за епіскапам зБССР у Польшчу выехалі многія каталіцкія святары. Царк.-рэлігійнае жыццё епархіі хутка сціхла, касцёлы перададзены падкульт.-гасп. ўстановы. Культавыя рэчы вернікі хавалі ў дамах, у лепшым выпадку перадавалі ў музеі. Дэклараваныя гарантыі рэліг. свабод і магчымасць законным шляхам рэгістраваць абшчыны і малітоўныя дамы ў 1 -я гады існавання сав. улады выклікалі ажыўленне рэліг. дзейнасці пратэстантаў: былі заснаваны новыя абшчыны, пабудаваны малітоўныя дамы, пачалі дзейнічаць заснаваныя евангельскімі хрысціянамі і баптыстамі калектыўныя гаспадаркі і камуны, выдавалася шмат рэліг. літаратуры. Актыўнасць пратэстанцкіх арг-цый у краіне сустрэла процідзеянне з боку антырэліг. арганізацый, асабліва створанага ў 1925 Саюза ваяўнічых бязбожнікаў СССР (у 1926 створаны яго бел. філіял). У крас. 1929 на II Усесаюзным з’ездзе Саюза ваяўнічых бязбожнікаў прынята рэзалюцыя, у якой абвяшчалася праграма барацьбы з сектанцтвам і канстатавалася, што «рэлігійныя арганізацыі ў асобе іх вярхоў, прапаведнікаў, актывістаў з’яўляюцца палітычнай агентурай і ваенна-шпіёнскімі арганізацыямі міжнароднай буржуазіі». З 1937 усе абшчыны перайшлі на нелегальнае становішча, шмат вернікаў і прэсвітэраў рэпрэсіравана. У гэты перыяд абраднасць вымушана набыла сямейны, хатні характар і перамясцілася з храмаў ці малітоўных дамоў у дамы вернікаў. Сама сям’я павінна была як бы ператварыцца ў царк. абшчыну, дзе ролю святара з прычыны яго адсутнасці выконваў галава сям’і. Веравызнанне захавалася на ўзроўні ўшанавання найб. вялікіх рэліг. свят і выканання самых неабходных рытуальных дзействаў — малітваў, спеваў, пастоў, рытуальных страў, выканання гал. таінстваў — хрышчэння, вянчання, адпявання.
У Польшчы, у складзе якой з 1921 знаходзілася Зах. Беларусь, у 1922 абвешчана (у 1924 кананічна прызнана канстанцінопальскім патрыярхам) Польская аўтакефальная праваслаўная царква на чале з варшаўскім мітрапалітам Дыянісіем. У 1939 у ёй існавала 5 епархій, у т. л. Віленская, Гродзенска-Навагрудская і Палеская. Дзярж. ўлады Польшчы праводзілі актыўную палітыку акаталічвання і паланізацыі праваслаўнага насельніцтва. Шмат цэркваў было зачынена або перададзена католікам (больш як 1300 былых праваслаўных храмаў ператворана ў касцёлы). З 1921 да 1931 доля праваслаўнага насельніцтва зменшылася з 57,3 да 56,6%.
Каталіцкі касцёл у Зах. Беларусі меў прывілеяванае становішча. Канкардат польскай дзяржавы з Папскай курыяй гарантаваў ёй правы і прывілеі. З 1921 тут існавалі 2 рымска-каталіцкія епархіі: Віленскае архібіскупства-мітраполія і Пінскае біскупства, кожная з іх мела сваю духоўную семінарыю, у Вільні пры ун-це дзейнічаў багаслоўскі факультэт. Паводле перапісу насельніцтва 1931 у Віленскім, Навагрудскім, Палескім ваяводствах з 3465 тыс. жыхароў 1202 тыс. чалавек (34,6%) аднеслі сябе да каталіцкага веравызнання і прызналі польскую мову роднай. Гэта было вынікам таго, што духавенства было польскае і праводзіла актыўную паланізацыю сваіх прыхаджан. Дзярж. ўлады Польшчы актыўна процідзейнічалі аднаўленчаму руху сярод бел. ксяндзоў, пашырэнню беларускамоўнай рэліг. літаратуры і ўжыванню бел. мовы ў набажэнстве. Спроба ксяндзоў Казіміра Сваяка, Язэпа Германовіча, Вінцэнта Гадлеўскага, Адама Станкевіча і інш. ўвесці бел. мову ў набажэнства сустрэла актыўнае процідзеянне іерархаў царквы і нават мясц. шляхты. Была таксама спроба адрадзіць бел. грэка-каталіцкую царкву. У 1920-я г. езуіты заснавалі місіянерскія базы ў Альбярціне, Вільні, Любліне, Дубне і Пінску. Пасля дзесяцігадовай місіянерскай працы ў 1935 уніяты мелі: у Віленскім архібіскупстве 4 прыходы, 7 святароў і каля 3 тыс. прыхаджан; у Пінскім біскупстве 12 святароў і каля 6 тыс. прыхаджан; у Падляшшы 9 святароў і каля 3200 прыхаджан; у Альбярціне (каля Слоніма) 50 місіянераў і каля 300 прыхаджан. Але спробы аднаўлення уніяцтва на Беларусі не спраўдзіліся ў поўнай меры (да 1941 засталіся толькі 3 грэка-каталіцкія абшчыны); ва ўмовах канспірацыі дзейнічаў створаны ў маі 1940 экзархат Беларусі на чале з А.Неманцэвічам. У 1920—30-я г. на тэр.Зах. Беларусі (пераважна на Палессі) у выніку дзейнасці рээмігрантаў і місіянераў з Амерыкі, замежных (нямецкіх, амерыканскіх, англійскіх) місій пашыраліся пратэстанцкія веравучэнні (пяцідзесятніцтва, евангельскае хрысціянства, баптызм, іегавізм, адвентызм). Заснаваныя на Палессі абшчыны існуюць і ў наш час.
Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі зБССР кіраўніцтва СССР вымушана было лічыцца звял. колькасцю вернікаў на далучаных землях. Праваслаўнае і каталіцкае духавенства Зах. Беларусі стала асновай для аднаўлення і развіцця духоўнага і царк. жыцця насельніцтва Беларусі. Быў прадоўжаны працэс фарміравання бел. хрысціянскай традыцыі са сваімі рэгіянальнымі асаблівасцямі. Архіепіскап Панцеляймон (Ражноўскі) прызначаны экзархам Зах. Беларусі і Зах. Украіны і архіепіскапам пінскім і навагрудскім, зліп. 1940 — правячым архірэем Гродзенска-Вілейскай епархіі.
У 2-ю сусв. вайну са згоды ням. акупацыйных улад на тэр. Беларусі адчынены праваслаўныя і каталіцкія храмы, дзейнічалі пратэстанцкія абшчыны (у асн. ва ўсх. абласцях Беларусі, бо ў заходніх рэлігійныя арг-цыі не спынялі свайго існавання з даваенных часоў). Ням. ўлады, нягледзячы на сваё неадназначнае стаўленне да хрысціянства, разглядалі рэлігію як адзін з ідэалагічных сродкаў барацьбы з бальшавікамі і таму спрыялі дзейнасці рэліг. арг-цый. Усе абшчыны знаходзіліся пад пільным кантролем акупац. улад, якія рэгламентавалі іх дзейнасць, парадак правядзення набажэнстваў і колькасць удзельнікаў. На тэр. акупіраванай Беларусі было ўтворана 6 праваслаўных епархій. У аснову яе дзейнасці былі пакладзены ідэі богаслужэнняў на бел. мове, звароту да старых традыцый (напр., да старога календара), аднаўлення аўтакефаліі Бел. праваслаўнай царквы. У сак. 1942 сабор бел. епіскапаў выбраў мітрапалітам Беларусі епіскапа Панцеляймона, які насуперак жаданню ням. улад і часткі бел. духавенства, не абвясціў Бел. царкву аўтакефальнай. Пад прымусам акупац. улад Панцеляймон быў адлучаны ад кіраўніцтва царквой і зняволены ў манастыр, а кіраванне перададзена яго памочніку архіепіскапу Філафею (Нарко), які 30.8.1942 склікаў Бел.царк. сабор, дзе была прынята заява аб аўтакефаліі Бел. царквы (у маі 1944 сабор бел. епіскапаў абвясціў пастановы сабора 1942 несапраўднымі па той прычыне, што на ім адсутнічалі 2 старэйшыя бел. епіскапы, якіх акупац. ўлады не дапусцілі на сабор; аўтакефалія не атрымала кананічнаяга прызнання і канстанцінопальскім патрыярхам). У гады вайны адноўлена дзейнасць і каталіцкай царквы ва ўсх. абласцях Беларусі, дзе ў перадваенны час не засталося ніводнага дзеючага касцёла. 15 ксяндзоў аднавілі касцельную дзейнасць у Мінску, Слуцку, Бабруйску, Магілёве і інш. гарадах. Пры актыўным садзейнічанні ксяндзоў В.Казлоўскага, А.Адамовіча, Н.Кушаля пачаты працэс беларусізацыі касцёла. Разам з тым акупанты жорстка распраўляліся з прадстаўнікамі духавенства — праваслаўнага і каталіцкага (бел. і польскага) — па абвінавачанні ў дапамозе сав. партызанам ці польскаму падполлю. Спробы аднавіць уніяцкую царкву ням. ўлады спынілі (экзарх грэка-уніяцкай царквы на Беларусі Неманцэвіч быў арыштаваны, Альбярцінскі манастыр разагнаны, парафія ліквідавана). У час акупацыі значна актывізавалася царк. жыццё пратэстантаў. Пачалі дзейнасць абшчыны, якія існавалі раней, адкрыліся малітоўныя дамы і баптысцкія школы.
У гады 2-й сусв. вайны адносіны сав. улады да рэліг. арг-цый значна змяніліся. Гэта выявілася ў легалізацыі дзярж.-царк. адносін, падтрымцы праваслаўнай царквы, якая садзейнічала агульнанар. патрыятычнаму ўздыму. У 1943—44 створаны Савет па справах Рус. праваслаўнай царквы і Савет па справах рэліг. культаў, адноўлена дзейнасць Маскоўскага патрыярхата Рус. праваслаўнай царквы (у 1943 пасля доўгага перапынку абраны патрыярх), пачалі выпускаць на волю рэпрэсіраваных раней архірэяў, стаў выдавацца «Журнал Московской патриархии». Пасля вайны рост амаль усіх канфесій на Беларусі працягваўся. Духавенства і царк. саветы імкнуліся ўтрымаць тое, што было да гэтага часу набыта. Гэты перыяд адметны павышэннем рэлігійнасці, што звычайна тлумачылася ваен. і пасляваен. цяжкасцямі жыцця, аслабленнем антырэліг. палітыкі сав. улады ў першыя пасляваенныя гады. З узмацненнем рэлігійнасці павялічвалася колькасць абрадаў хрышчэння, шлюбу, пахаванняў, актывізавалася дзейнасць святарства; расла колькасць вернікаў. Найб. пашырэнне мела праваслаўная царква, якая была падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. У 2-й пал. 1940-х г. на вышэйшых іерархічных святарскіх пасадах у Беларусі знаходзіліся прадстаўнікі Маскоўскага патрыярхата: у Мінску архіепіскап мінскі і беларускі Піцірым, у Пінску архіепіскап пінскі і лунінецкі Данііл, у Брэсце і Гродне епіскап брэсцкі (потым гродзенскі) Паісій. У 1949 на Беларусі зарэгістравана 1060 праваслаўных абшчын, найбольш іх было ў Брэсцкай (188) і Баранавіцкай (180), найменш у Віцебскай (26) і Палескай (24) абласцях; дзейнічала 757 праваслаўных святароў, 56 дыяканаў і 564 псаломшчыкі. Рыхтавалі святароў у Мінскай духоўнай семінарыі (у 1949 было 112 навучэнцаў). Праваслаўнае духавенства зах. і ўсх. Беларусі адрознівалася па ўзроўні адукацыі, прафесійнай падрыхтоўцы і ўплыве на вернікаў. Ва ўсх. толькі адзінкі мелі адпаведную падрыхтоўку, адукацыю і маглі чытаць пропаведзі (большасць з іх была рукапакладзена ў час ням. акупацыі), у зах. Беларусі большасць святароў мела не толькі семінарскую адукацыю, але і універсітэцкую. З 1948 аблвыканкомы пачалі вяртаць малітоўныя будынкі грамадскім арг-цыям, якія іх займалі ў даваенны час. У 1950-я г. пасляваенная хваля развіцця праваслаўных арг-цый на Беларусі часткова спала, хоць рэлігійнасць сярод праваслаўнага насельніцтва заставалася ранейшай.
Другой па колькасці абшчын, вернікаў і распаўсюджванні была рымска-каталіцкая царква (РКЦ). Найбольш вернікаў яна мела ў зах. Беларусі. У 1945 тут дзейнічала 325 касцёлаў і налічвалася 692 120 вернікаў, у 1946—309 касцёлаў, якія наведвалі 300—350 тыс. католікаў. Паводле дагавора паміж сав. і польскім урадамі ад 9.9.1944 у Польшчу перасялілася (1944—48) 274 тыс. жыхароў Беларусі, у т. л. 154 ксяндзы. Пасля гэтага на Беларусі засталося каля 264 тыс. палякаў-католікаў і каля 287 тыс. беларусаў-католікаў. Адносіны сав. улады да касцёла былі адмоўныя. Сав. ўлады абвінавачвалі РКЦ у сувязі з польскай падп. арг-цыяй Арміі Краёвай. Ксяндзоў абвінавачвалі ў антысав. дзейнасці, уплыве на вернікаў з мэтай сабатажу такіх акцый дзяржавы, як калектывізацыя, дзяржпазыка, дзяржпастаўкі, падпіска на дзяржвыданні і інш. Адразу пасля вайны пачалася новая хваля скасавання парафій і абмежавання дзейнасці каталіцкага духавенства і самой царквы. Хваля рэпрэсій ахапіла да 70% каталіцкага кліру. З 1946 па 1949 колькасць касцёлаў скарацілася на 185, на пач. 1950 засталося 248 каталіцкіх абшчын.
Рост пратэстантызму працягваўся. У кастр. 1944 створаны Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ), да якога ў жн. 1945 далучыліся хрысціяне веры евангельскай (пяцідзесятнікі). Усесаюзны Савет ЕХБ выконваў свае функцыі праз абласных упаўнаважаных (пазней старшых прэсвітэраў). У 1949 на Беларусі зарэгістравана 200 пратэстанцкіх абшчын і 16 095 вернікаў, большасць якіх знаходзілася ў зах. абласцях (70%). У 1946 зарэгістравана 9 абшчын (357 чал.) адвентыстаў сёмага дня (АСД), у 1949 зарэгістраваны 4 іх абшчыны (амаль столькі ж было незарэгістраваных).
У 1946 дзейнічалі 79 стараабрадніцкіх абшчын: 4 белакрыніцкага кірунку, 1 беспапоўскага, 2 беспапоўцаў-федасееўцаў, астатнія — беспапоўцы паморскага сагласу. Бел. стараабраднікі ў даваенны перыяд страцілі вял. колькасць цэркваў і малітоўных дамоў. І хоць у час акупацыі стараверы вярнулі сабе свае цэрквы, аднак у 1946—50 колькасць стараверскіх абшчын скарацілася да 32.
Пасля вайны на Беларусь пачалі вяртацца яўрэйскія сем’і, якія былі эвакуіраваны на ўсход СССР. Яўрэі-вернікі адразу пачалі хадайнічаць аб стварэнні рэліг. аб’яднанняў і аднаўленні дзейнасці сінагог, таму што ў перадваенны час большасць з іх перададзена падкульт.-асв. ўстановы, а астатнія разбураны і спалены ў гады вайны. Дазвол на рэгістрацыю атрымалі толькі 2 абшчыны — у Мінску і Бабруйску (дзе пазней мясц. ўлады адабралі памяшканне). Яўрэі Беларусі мелі сувязь з Маскоўскай сінагогай, адкуль атрымлівалі рытуальна-культавыя рэчы (напрыклад, «эсрыг» — пальмавую галінку з плодам для свята «Кушчы», мацу для пасхальных святкаванняў і інш.).
У 1946 на Беларусі існавала некалькі мусульманскіх абшчын (падпарадкаваных Духоўнаму ўпраўленню мусульман еўрапейскай часткі СССР і Сібіры, якое знаходзілася ў Уфе), 9 мячэцяў (напалову менш за перадваенную колькасць), якія наведвалі каля 600 вернікаў. У 1953 засталіся толькі 2 мячэці і 370 вернікаў.
Гісторыя дзяржаўна-царк. адносін з сярэдзіны 1950-х г. да сярэдзіны 1980-х г. была вельмі складанай і хутка мянялася. Дэклараваны М.С.Хрушчовым кірунак на будаўніцтва камунізму ў 20-гадовы тэрмін патрабаваў і фарсіраваных дзеянняў у дачыненні да рэлігіі. Асаблівая ўвага засяроджвалася на поўнай забароне рэліг. адукацыі і выхавання непаўналетніх. Выпадкі знаходжання непаўналетніх на рэліг. службах, малітоўных сходах разглядаліся як парушэнне заканадаўства аб культах. Адбыліся змены ў статусе і арганізацыі прыходаў: духавенства праваслаўнай, рымска-каталіцкай царквы і духоўныя настаўнікі старавераў пераведзены на цвёрдыя аклады; кіраванне ў прыходах перададзена выканкомам, якія павінны былі вырашаць усе фінансавыя і гасп. пытанні; святароў фактычна ператварылі ў наёмных асоб, якія маглі быць звольнены і адхілены ад службы ў прыходзе. Пад любымі прычынамі і без іх пачалося масавае закрыццё малітоўных будынкаў. У 1950—64 у СССР штогод зачынялася ў сярэднім па 420 цэркваў. З 1959 па 1962 колькасць праваслаўных цэркваў на Беларусі скарацілася з 944 да 732. Некаторыя рэліг. цэнтры пададм. націскам спынілі сваю дзейнасць (у 1960 Усесаюзны савет адвентыстаў сёмага дня). Пастаяннае ўмяшанне ўлад ва ўнутр. справы царквы выклікала ўнутраныя разлады, нават расколы. Праваслаўная царква спрабавала прыстасавацца да новых складаных умоў існавання. Святары пачалі спраўляць замест адной абедні дзве (раннюю і познюю), практыкаваць завочнае адпяванне памерлых. За 20 гадоў (1966—86) праваслаўная царква прайшла шлях ад зніжэння яе вагі ў грамадстве (змяншэнне колькасці яе будынкаў і абшчын, ганенняў і ідэалаг. ўціску) да адноснай стабілізацыі і адаптацыі ў новых умовах існавання. У 1970 на Беларусі засталося 380, а ў 1975—373 праваслаўныя абшчыны. Гэтыя лічбы заставаліся амаль што нязменнымі да 1988.
З 1959 узмацніліся меры па абмежаванні дзейнасці каталіцкага духавенства. За 1959—66 колькасць абшчын рымска-каталіцкай царквы рэзка зменшылася, зняты з рэгістрацыі 80 касцёлаў, на пач. 1967 дзейнічалі 104 касцёлы і 65 ксяндзоў. Каталіцкая царква на Беларусі знаходзілася пад моцным уплывам Ватыкана, які дзейнічаў праз польскі і літоўскі епіскапаты. Пасля рашэнняў II Ватыканскага Сабора аб перакладзе літургіі з латыні на нац. мовы набажэнствы ў бел. касцёлах сталі праводзіць на польскай мове, пацяплелі адносіны паміж каталіцкім і праваслаўным духавенствам. Ад кіраўніцтва ЕХБ улады патрабавалі актыўнага ўключэння вернікаў у грамадскае жыццё (чытання вернікамі прэсы, наведвання імі лекцый, кіно, тэатраў, клубаў). Сталі больш жорсткімі адносіны да абшчын ЕХБ, змешаных з пяцідзесятнікамі: у 1960—64 «за іншамоўе, прароцтвы, адмаўленне ад службы ў арміі» была знята з рэгістрацыі 31 абшчына. У 1966 дзейнічала 149 зарэгістраваных і 22 незарэгістраваныя абшчыны ЕХБ. Існавалі і стараабрадніцкія абшчыны. У Гомельскай вобл. на пач. 1961 дзейнічала 31 абшчына беспапоўскага сагласу і адна — белакрыніцкага. У 1975 колькасць стараабрадніцкіх абшчын знізілася да 24, у 1989 — да 22. Працягвалі сваю дзейнасць групы іудзеяў і мусульман (існавала адзінае мусульманскае аб’яднанне; 250 чал.). Да 1960 існавалі 2 зарэгістраваныя іудзейскія аб’яднанні ў Мінску і Калінкавічах (апошняе знята з рэгістрацыі «за парушэнне заканадаўства аб культах», а сінагога перададзена пад клуб пенсіянераў). Мінская абшчына доўгі час існавала без рабіна і ў 1960—70-я г. сінагогу наведвала каля 150 чал. У 1975—77 у саюзных рэспубліках СССР прыняты акты «Аб рэлігійных аб’яднаннях», якія пашырылі магчымасці рэліг. арг-цый і пазбавілі іх ад дробнай апекі з боку ўлад; прыняты меры па пашырэнні правоў Савета па справах рэлігій пры СМСССР. У 1986—87 у краіне створаны спрыяльныя ўмовы для дзейнасці рэліг. арг-цый, што прывяло да значнага павышэння іх колькасці: дзейнічалі 370 праваслаўных цэркваў, адзін манастыр (у Жыровіцах), 103 касцёлы (66 з іх у Гродзенскай вобл.), больш за 200 пратэстанцкіх, 23 стараабрадніцкія, 1 іудзейская абшчына ў Мінску і мячэць у Іўі. У крас. 1988 напярэдадні ўрачыстага святкавання 1000-годдзя хрышчэння Русі, адбылася сустрэча патрыярха РПЦ Пімена і членаў Сінода з Генеральным сакратаром ЦККПСС М.С.Гарбачовым, пасля якой царква атрымала права свабоднай богаслужэбнай, місіянерскай, духоўна-асветніцкай, дабрачыннай і выдавецкай дзейнасці. Святарам быў адкрыты доступ да сродкаў масавай інфармацыі, у навуч. ўстановы. На працягу 1988 на Беларусі зарэгістравана 29 праваслаўных, 7 каталіцкіх, 3 пратэстанцкія новыя абшчыны. У 1989 у Беларусі дзейнічала 399 праваслаўных прыходаў. Адноўлены Магілёўская, Пінская і Полацкая епархіі, пачалося стварэнне Брэсцкай і Гомельскай. На Архірэйскім саборы РПЦ (кастр. 1989) у Маскве прынята рашэнне аб утварэнні Бел. экзархата Маскоўскага патрыярхата, у які ўвайшлі ўсе епархіі з прыходамі і манастырамі на тэр. Беларусі. Рашэннем Свяшчэннага сінода Рус. праваслаўная царква на Беларусі атрымала статус Бел. экзархата, а мітрапаліт мінскі і беларускі Філарэт — патрыяршага экзарха Беларусі. У 1989 на базе Жыровіцкага манастыра пачала дзейнічаць праваслаўная духоўная семінарыя. Пры Мінскім епархіяльным упраўленні адкрыліся курсы па падрыхтоўцы рэгентаў, пачаў выходзіць бюлетэнь «Минские епархиальные ведомости» (тыраж 700 экз.). Пачалося ажыўленне рэліг. дзейнасці і рымска-каталіцкай царквы. Адчыняліся старыя і будаваліся новыя касцёлы, аднаўлялася дзейнасць манаскіх ордэнаў, місіянерская дзейнасць, выданне рэліг. л-ры. Усталяванню спрыяльных адносін паміж кіраўніцтвам сав. дзяржавы і рымска-каталіцкай царквой садзейнічала сустрэча М.С.Гарбачова з папам рымскім Іаанам Паўлам П. У 1989 створана Мінская епархія, у якую апостальскім адміністратарам прызначаны ксёндз Тадэвуш Кандрусевіч. У 1989 з Саюза ЕХБ (на Беларусі аб’ядноўваў 187 абшчын) выйшлі пяцідзесятніцкія абшчыны і, па ўзгадненні з Саветам па справах рэлігій, стварылі сваю рэсп. арг-цыю, якая аб’яднала 114 абшчын. У пратэстанцкіх арг-цыях было 21 805 вернікаў, у т. л. 9201 евангельскіх хрысціян-баптыстаў, 11 973 пяцідзесятнікаў і 1631 адвентыст. Паводле даных Інстытута сацыялогіі Нац.АН Беларусі ў 1990 доля вернікаў сярод насельніцтва вырасла да 30%; павялічылася колькасць абрадаў: хрышчэння дзяцей у 1,5 раза, вянчання ў 3 разы. Праваслаўная царква на Беларусі налічвала 6 епархій, 603 абшчыны, у т. л. 126 новых; ёй вярнулі будынак жаночага манастыра ў Полацку, дзе пасялілася 20 манашак, а пазней сюды пераехалі яшчэ 35 манашак з Жыровіч. Праваслаўныя святары сталі выконваць абрады, якія раней забараняліся ўладамі: асвячэнне жылля, гасп. пабудоў, калодзежаў, аўтамабіляў; адпраўлялі трэбы ў дамах і кватэрах вернікаў.
Каталіцкая царква адкрывала новыя прыходы, запрашала святароў з-за мяжы (на 222 зарэгістраваныя абшчыны заставалася толькі 59 мясц. ксяндзоў, 109 запрошаны пераважна з Польшчы); заснавана Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя. У 1991 утвораны новыя царк.-адм. адзінкі — Гродзенская рымска-каталіцкая епархія (у межах Гродзенскай вобл.) і Мінска-Магілёўская архіепархія-мітраполія (архідыяцэзія, у межах Мінскай і Магілёўскай абл.) з падпарадкаваннем апошняй Пінскай рымска-каталіцкай епархіі (у межах Брэсцкай і Гомельскай абл.), у 1999 — Віцебская дыяцэзія (у межах Віцебскай вобл.). Генеральным вікарыем на Пінскі дэканат, які ўключаў 40 касцёлаў, прызначаны К.Свёнтак.
Зпач. 1990-х г. на Беларусі адноўлена дзейнасць грэка-каталіцкай царквы, што звязана з духоўнымі пошукамі часткі інтэлігенцыі і ідэяй пра царкву, у якой набажэнства і культ былі б звязаны збел.нац. традыцыямі, мовай, сімволікай. Рэліг. абшчыны грэка-католікаў былі нешматлікія; толькі ў Мінску і Полацку вернікі-уніяты звярнуліся ў гарвыканком з просьбай аб рэгістрацыі. Актывізавалі сваю дзейнасць і этнаканфесіянальныя групы стараабраднікаў (зарэгістраваны 2 новыя абшчыны), мусульмане (зарэгістравана абшчына ў Мінску, да 70 чал.), пачалі дзейнічаць 3 іудзейскія абшчыны (акрамя Мінска, зарэгістраваны арг-цыі ў Віцебску і Бабруйску). Працэс канфесіяналізацыі грамадства працягваецца. З 1988 да 2003 колькасць рэліг. арг-цый павялічылася ў 2,5, а рэліг. кірункаў — у 3 разы. Паводле даных Інстытута сацыялогіі Нац.АН Беларусі доля вернікаў у краіне вырасла да 47—49 %.
Сучасны стан рэлігійных устаноў і рэлігійнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Талерантнае прыняцце Беларускай дзяржавай поліканфесіянальнай мадэлі забяспечвае роўныя правы зах. і ўсх. традыцыям, дае магчымасць захавання міру і стабільнасці на бел. зямлі. Статус рэлігіі ў грамадстве павышаецца, фарміруецца новы сацыяльны светапогляд на аснове агульначалавечых каштоўнасцей. На афіц. рэспубліканскіх мерапрыемствах заўсёды прысутнічаюць лідэры і праваслаўнай, і каталіцкай цэркваў. Дзейнасць рэліг. абшчын і цэркваў рэгулюецца адпаведнымі статутамі і дзярж. заканадаўчымі актамі. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі 1996) забяспечвае роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. У 1992 Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях» (прайшоў міжнар. экспертызу і прызнаны адпаведным міжнар. стандартам; у 2002 у яго ўнесены змены і дапаўненні) абвясціў свабоду рэліг. аб’яднанняў, гарантаваў усім грамадзянам аднолькавыя правы незалежна ад рэліг. прыналежнасці. У Законе акрэслена магчымасць супрацоўніцтва дзяржавы з шэрагам канфесій (у т. л. праваслаўнай, каталіцкай, лютэранскай, іудзейскай і мусульманскай), якія зрабілі істотны ўклад у гіст. развіццё і станаўленне духоўных, культ. і дзярж. традыцый бел. народа. Міжканфесіянальнай згодзе садзейнічае створаны ў студз. 1997 на базе Савета па справах рэлігій пры Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Дзяржкамітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей, які выконвае функцыі не толькі органа кантролю, але і даследчага і каардынацыйнага цэнтра. У Рэспубліцы Беларусь існуе 27 канфесій, на 1.1.2004 зарэгістравана 2863 рэліг. абшчыны. Паводле даследаванняў бел. сацыёлагаў 1994 і 1997 абсалютная большасць рэспандэнтаў-вернікаў лічаць сябе: праваслаўнымі (каля 80 % у 1994 і каля 77,4% у 1997), католікамі (адпаведна 9,9 і 10,4; паводле інш. звестак 14,8%), пратэстантамі (0,7 і 0,4%), іудзеямі (0,3% і 0,4%). У выкананні рэлігійных абрадаў і таінстваў рэгулярна прымаюць удзел 5,5%, зрэдку 37%. Асноўная перадача рэліг. традыцый у бел. грамадстве адбываецца праз удзел у святочных набажэнствах. Носьбітамі традыцый з’яўляецца не толькі святарства, але і старэйшае пакаленне, якое ў сям’і выконвае ролю ахоўніка сакральных ведаў. Пашырэнне рэліг. абшчын на Беларусі мае выразна акрэсленую ўнутраную мяжу, якая падзяляе Беларусь на 2 часткі: усх. і заходнюю. Гэтая мяжа супадае здзярж. граніцай СССР да 1939. Пры гэтым у зах. Беларусі захоўваецца традыцыйны для перад- і пасляваеннага перыяду больш высокі ўзровень рэлігійнасці (каля 70—80% насельніцтва — веруючыя) і значна большая колькасць абшчын, чым ва ўсходніх абласцях. Праваслаўная царква з’яўляецца самай вял. канфесіяй на тэр. Беларусі. Па колькасці абшчын і вернікаў сярод інш.рэліг. аб’яднанняў яна займае першае месца. На 1.1.2004 Беларуская праваслаўная царква (БПЦ) аб’ядноўвае 1290 абшчын, 10 епархій, 21 манастыр, 17 брацтваў, 9 сястрынстваў (у 2003 дзейнічала 1040 і будаваліся 144 праваслаўныя храмы). Найб. колькасць праваслаўных абшчын у Брэсцкай (322) і Мінскай (292), найменшая ў Магілёўскай вобл. (91). У рэліг. арг-цыях працуе больш за 1250 праваслаўных святароў. У Жыровічах дзейнічае духоўная семінарыя га падрыхтоўцы святароў, духоўная акадэмія, школа рэгентаў і званароў, вучылішча па падрыхтоўцы псаломшчыкаў. Бел. праваслаўная царква мае 8 перыяд. выданняў і штотыднёвую праваслаўную радыёпраграму «Дабравест». БПЦ арганізацыйна падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. Узначальвае яе мітрапаліт Філарэт (К.В.Вахрамееў), мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі. БПЦ актыўна падтрымала і ўключылася ў працэс нац. адраджэння. У 1999 Біблейскай камісіяй на бел. мове выдадзены богаслужэбныя тэксты Божай літургіі. У «Беларускім праваслаўным календары», які выдаецца штогод Мінскім Святапетрапаўлаўскім саборам і Брацтвам святых віленскіх пакутнікаў змяшчаюцца трапары і кандакі дванадзесятым святам і святым зямлі беларускай, перакладзеныя на бел. мову. У праваслаўныя святцы месяцаслова і ў «Звод імёнаў святых» унесены 23 бел. новапакутнікі; кананізаваныя у 1999, і 1000 новапакутнікаў зямлі рускай, кананізаваных у 2000. Бел. святым прысвячаюцца новыя святы, песнапенні, абразы. Спіс бел. святых з кожным годам папаўняецца. Так, 31.1.2001 святы Сінод БПЦ прылічыў да мясцовашанаваных святых архідыякана, экзарха Усяленскага патрыярхата Нікіфара Кантакузена, кіеўскага мітрапаліта свяшчэннапакутніка Макарыя, архіепіскапа астраханскага свяшчэннапакутніка Мітрафана, архіепіскапа рыжскага свяшчэннапакутніка Гаўрыіла, князёў Барыса Тураўскага і Фёдара Астрожскага і інш. У Гродне і Мінску створаны прыходы ў гонар Усіх Святых зямлі Беларускай. У сучаснай бел. праваслаўнай традыцыі ў богаслужэнне паступова ўводзіцца бел. мова (напр., у Святапетрапаўлаўскім саборы Мінска літургія ў першую суботу кожнага месяца і малебен за бел. народ з акафістам святым пакутнікам Антонію, Іаану і Яўстафію віленскім кожную сераду ў 17 гадзін перад абразом з часткамі мошчаў святых віленскіх пакутнікаў). Абсалютная большасць праваслаўных святароў — этнічныя беларусы. З улікам спецыфікі Беларусі, патрабаванняў і патрэб прыхаджан, царк. выданні ў краіне друкуюцца на дзвюх мовах — беларускай і рускай. На дзвюх мовах рыхтуюцца кадры святароў у царк. навучальных установах. Пасланні мітрапаліта Філарэта, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі з нагоды свят і ўрачыстых дат, як правіла, агучваюцца ў Святадухаўскім кафедральным саборы на бел. мове, друкуюцца паралельна на рус. і бел. мовах.
Рымска-каталіцкая царква на Беларусі таксама адносіцца да традыцыйных і з’яўляецца адной з буйнейшых па колькасці вернікаў і абшчын. У 1999 на Беларусі створана Канферэнцыя каталіцкіх епіскапаў (епіскапат), у якую ўвайшлі 4 епіскапы на чале з кардыналам К.Свёнтакам. На 1.1.2004 у Рэспубліцы Беларусь былі 4 епархіі, 432 прыходы, 9 місій, 8 манаскіх абшчын (кляштараў), 3 добраахвотныя т-вы «Карытас» і 2 вышэйшыя духоўныя семінарыі. Самай вялікай этнаканфесіянальнай групай з’яўляецца група католікаў-палякаў, якая ў асноўным пражывае на тэр.зах. Беларусі. З усіх каталіцкіх абшчын (432) значная частка (170) знаходзіцца на тэр. Гродзенскай вобл. Каталіцкая царква знаходзіцца пад уплывам Ватыкана (якому яна падпарадкавана), польскага епіскапату (з якім цесна звязана) і культурна-асв. устаноў. Гістарычна склалася, што каталіцкі клір на Беларусі меў пераважна прапольскую арыентацыю, што адыграла пэўную ролю ў фарміраванні пашыранай канцэпцыі атаясамлення этнічнай і рэліг. прыналежнасці: католік — значыць паляк. Уплыў польскага касцёла на беларускі захоўваецца і ў сучасных умовах. З 332 святароў, якія абслугоўваюць прыходы, 192 з’яўляюцца замежнымі грамадзянамі, пераважна Рэспублікі Польшча. У большасці выпадкаў у касцёле справаводства вядзецца на польскай мове, літаратура паступае з Польшчы. Каталіцкая царква пачала працэс беларусізацыі царк. жыцця: вядзенне набажэнства, выпуск л-ры на бел. мове. Беларусізацыя касцёла адбываецца паступова, нярэдка праз дзейнасць новых рэліг. груп і аб’яднанняў пры касцёлах. Ідзе падрыхтоўка бел. каталіцкіх святароў: у 1996 4 першыя выпускнікі Гродзенскай духоўнай семінарыі (адчынена ў 1990 намаганнямі тагачаснага біскупа Т.Кандрусевіча) атрымалі свой святарскі сан; у 2002 пачала дзейнічаць Пінская вышэйшая каталіцкая духоўная семінарыя імя св. Фамы (Тамаша) Аквінскага. На Беларусі зарэгістраваны і 2 традыцыяналісцкія абшчыны католікаў, якія прытрымліваюцца старога, дасаборавага (II Ватыканскага сабора, 1962—65) вучэння і адмаўляюць правядзенне імшы на нац. мовах (лічаць латынь адзінай сапраўднай літургічнай мовай), празмерны экуменізм, некаторыя новаўвядзенні ў дачыненні да паводзін асобных афіц. святароў і г.д. Традыцыяналісты ў набажэнстве ўжываюць старую касцельную музыку, грыгарыянскі харал і г.д.
Зпач. 1990-х г. адноўлена дзейнасць грэка-каталіцкай царквы, зарэгістраваны 13 грэка-каталіцкіх абшчын. Найбольшая з іх у Мінску, астатнія даволі малалікія — у іх па 10—30 чалавек, у асноўным ва ўзросце 25—50 гадоў, паводле сацыяльнага складу пераважна інтэлігенцыя. Святароў-прафесіяналаў маюць толькі абшчыны Мінска і Гродна. Уніяцкія абшчыны накіравалі некалькі чалавек у духоўныя навуч. ўстановы Ватыкана і ў г. Люблін (Польшча). У 1996 з нагоды 400-годдзя Брэсцкай царк. уніі адбыліся канферэнцыі, семінары і ўрачыстыя набажэнствы уніятаў.
У апошнія гады павялічылася колькасць пратэстанцкіх аб’яднанняў як традыцыйных для Беларусі, так і новых (у большасці заснаваных місіянерамі з ЗША і зах. краін). Аднак большасць з іх налічваюць ад 10 да 50 вернікаў. На 1.1.2004 зарэгістравана 1005 пратэстанцкіх абшчын, з якіх 494 хрысціян веры евангельскай (ХВЕ), каля 270 евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ). Найбольш абшчын ЕХБ і ХВЕ у Брэсцкай і Мінскай абласцях. Існуюць таксама 29 аўтаномных абшчын ЕХБ і абшчын, якія ўваходзяць у Савет цэркваў ЕХБ; 9 аўтаномных абшчын пяцідзесятнікаў, а таксама пяцідзесятніцкіх па накіраванасці абшчын евангельскіх хрысціян у духу апостальскім. Зарэгістраваны Беларуская канферэнцыя адвентыстаў сёмага дня (63 абшчыны), рэліг. аб’яднанне абшчын поўнага Евангелля (62 абшчыны), кальвінская хрысціянская рэлігійная кангрэгацыя «Беларускі евангелічны рэфарматарскі збор» (2 абшчыны), 19 лютэранскіх абшчын. Існуюць неапратэстанцкія аб’яднанні: Новаапостальскай царквы (20 абшчын), Царква Хрыстова (6), абшчыны месіянскага служэння (3), Царква Ісуса Хрыста святых апошніх дзён (мармоны; 3 абшчыны). Большасць неапратэстанцкіх абшчын знаходзіцца ў Мінску і абл. гарадах. Налічваецца 26 місій пратэстанцкага веравучэння і каля 70 тыс. вернікаў. Кадры прэсвітэраў, прапаведнікаў і рэгентаў рыхтуюць 2 вышэйшыя і 2 сярэднія навуч. установы ЕХБ і ХВЕ. Выдаецца некалькі часопісаў і газет, дзейнічае 561 малітоўны дом, столькі ж будуецца. У 2003 пратэстанцкія арг-цыі з нагоды 450-годдзя Рэфармацыі на Беларусі правялі юбілейныя канферэнцыі, сумесныя малітвы, тэатралізаваныя прадстаўленні, тэалагічныя дыспуты, канцэрты.
На 1.1.2004 на Беларусі былі 34 стараабрадніцкія абшчыны, з якіх 18 знаходзяцца ў Віцебскай вобл. Існуе 29 іудзейскіх абшчын, якія ўваходзяць у 2 іудзейскія рэліг. аб’яднанні Рэспублікі Беларусь, па 6 з іх у Брэсцкай і Гомельскай абл. Самыя вял. абшчыны ў Мінску, Магілёве і Бабруйску. У Мінску дзейнічаюць 2 вышэйшыя духоўныя вучылішчы (ешыботы). З-за адсутнасці мясцовых рабінаў святары запрашаюцца з ЗША і Ізраіля. У бел. іудаізме сучасныя кірункі прадстаўлены 14 прагрэсісцкімі абшчынамі. Існуюць 3 месіянскія абшчыны, у якія ўваходзяць у асн. маладыя іудзеі.
На тэр. Беларусі пражывае каля 12,5 тыс. татараў і дзейнічаюць 27 мусульманскіх абшчын (10 з іх у Гродзенскай вобл.), якія ўтварылі 2 незалежныя рэліг. аб’яднанні. У 1994 у Мінску на 1-м Усебел. з’ездзе мусульман абвешчана ўтварэнне Мусульманскага рэліг. аб’яднання (муфтыяту) Рэспублікі Беларусь.
У канцы 20 ст. ў свеце актывізаваўся працэс фарміравання новых рэлігій, якія можна разглядаць як інстытут адаптацыі грамадства да хуткіх змен. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя, урбанізацыя, пашырэнне інфарм. прасторы, фарміраванне тэхналогій уздзеяння на масавую свядомасць і г.д. паўплывалі і ўплываюць на ўзнікненне і пашырэнне новых рэлігій. Іх масавае з’яўленне на Беларусі звязана зпаліт. працэсамі канца 1980 — пач. 1990-х г. Атэістычная сістэма выхавання ў часы існавання СССР істотна дыскрэдытавала ў вачах насельніцтва класічныя рэлігіі, місіянерскія магчымасці якіх былі абмежаванымі. Таму новыя рэлігіі пашыраліся амаль без канкурэнцыі. У канцы 1980-х г. атрымалі распаўсюджанне агні-ёга, тэасофія і крышнаізм, зпач. 1990-х г. — Вера Бахаі, Цэнтр Свету Шры Чын Моя, «Брахма Кумарыс» і інш. У сярэдзіне 1990-х г. класічныя рэлігіі значна аднавілі свае структуры на Беларусі і знайшлі падтрымку ўлады. Гэта заклапочанасць грамадства, звязаная з дэструктыўнымі праявамі ў свеце з боку шэрагу новых рэлігій — АУМ Сінрыкё, Белага брацтва, Храма Сонца і інш., значна абмежавалі магчымасці далейшага распаўсюджвання новых рэлігій. На 1.1.2004 у Беларусі афіцыйна зарэгістраваны 6 абшчын бахаеў, 6 абшчын Міжнароднага т-ва Свядомасці Крышны, 1 абшчына Аамота. Частка рэліг. груп дзейнічае без рэгістрацыі.
Літ.:
Куроедов В.А. Религия и церковь в советском государстве. М., 1981;
Мараш Я.Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569—1795). М., 1971;
Яго ж. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII. Мн., 1974;
Яго ж. Политика Ватикана и католической церкви в Западной Белоруссии (1918—1939). Мн., 1983;
История евангельских христиан-баптистов в СССР. М., 1989;
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Мн., 1990;
Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX ст.). Мн., 1998;
Пучков П.И., Казьмина О.Е. Религии современного мира. М., 1998;
Верашчагіна А.У., Гурко А.В. Гісторыя канфесій на Беларусі ў другой палове XX ст.Мн., 1999;
Гарбацкі А.А. Стараабрадніцтва на Беларусі ў канцы XVII — пачатку XX ст. Брэст, 1999;
Черепица В.Н. Очерки истории православной церкви на Гродненщине. Гродно, 2000;
Гурко А.В. Новые религии в Республике Беларусь: Этнологич. исслед. Мн., 2003.
А.У.Верашчагіна, А.В.Гурко.
Мінскае капішча. Рэканструкцыя В.Сташчанюка па матэрыялах Э.Ляўкова.Ефрасіння, князёўна Полацкая. Гравюра 19 ст. са старажытнага абраза ў Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры.Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква 12 ст.Тытульны ліст «Бібліі» Ф.Скарыны. 1519.Жыровіцкі абраз Маці Божай.Праваслаўны царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай Пётр Магіла.Хрышчэнне Міндоўга. Гравюра 19 ст.Выява св. Казіміра на абразе Тракельскай Маці Божай. 17 ст.Зв. Тракелі Гродзенскай вобл.Кальвінісцкі дзеяч ВКЛ М.Радзівіл (Чорны).Кальвінскі збор (рэфармацкая царква) у в Асташын Карэліцкага раёна Фота пач. 20 ст.Сінагога ў Слоніме. 17 ст.Мячэць у Іўі.Рымска-каталіцкі царкоўны дзеяч З.Лазінскі.Мітрапаліт мінскі і слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.Архібіскуп мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архіепархіі-мітраполіі, апостальскі адміністратар Пінскай рымска-каталіцкай епархіі Казімір Свёнтак.Вялікдзень у Пакроўскім саборы. Гродна. 1990-я г.Памятны знак у гонар тысячагоддзя праваслаўнай царквы на Беларусі. Заслаўе. 1992.Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. 2000.Царква Раства Багародзіцы ў Салігорску. 2000.Абрад хлебапраламлення на малітоўным сходзе ў царкве ЕХБ. Кобрын. 2001.
першая ў гісторыі Беларусі вышэйшая шматгаліновая н.-д. ўстанова. Існаваў у 1922—28, ператвораны ў Акадэмію навук Беларусі. Засн. 30.1.1922 у Мінску на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР. У распрацоўцы першага статута ІБК удзельнічалі У.І.Пічэта, Я.Ф.Карскі, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), Я.Л.Дыла. Старшыні ІБК: С.М.Некрашэвіч (1922—24), У.М.Ігнатоўскі (1924—26, з 1927 прэзідэнт). Першыя супрацоўнікі: У.В.Чаржынскі (сакратар ІБК, гл.Дзяржынскі У., М.В.Азбукін, М.Я.Байкоў, Л.Більдзюкевіч, М.А.Грамыка, М.М.Гуткоўскі, К.М.Міцкевіч (Я.Колас), І.Д.Луцэвіч (Я.Купала), Ч.І.Родзевіч і інш. Напачатку меў 2 секцыі: гуманітарную (з слоўнікавай, тэрміналагічнай і літ.-даследчай камісіямі) і прыроды (з геолага-глебазнаўчай камісіяй). З-за недахопу матэрыяльных сродкаў вёў даследаванні выключна ў галіне гуманітарных навук: распрацоўка практычных праблем бел. мовазнаўства, вывучэнне бел. л-ры, мастацтва, гісторыі, этнаграфіі, фальклору. У 1923—24 створаны агранамічная, прыродазнаўчая і мед. секцыі. У канцы 1923 на правах пастаяннай камісіі створана Цэнтральнае бюро краязнаўства. У сак. 1924 арганізаваны секцыі этнаграфіі і геаграфіі, мастацтва, права, педагогікі, медыка-ветэрынарная, сац.-эканамічная. У ліп. 1924 ЦВК і СНКБССР зацвердзілі «Палажэнне аб Інстытуце беларускай культуры», паводле якога ІБК прызнаваўся вышэйшай дзярж.навук. установай Беларусі. У 1925 у склад ІБК увайшла камісія па вывучэнні прыродных прадукц. сіл Беларусі (створана ў 1923 Дзяржпланам БССР), арганізаваны яўр. і польскі аддзелы. У 1926 ІБК вылучаны са складу Наркамасветы БССР і ператвораны ў самаст.навук. ўстанову пры СНКБССР. На 1.7.1926 у ін-це працавала 77 правадз. членаў, 69 чл.-супрацоўнікаў і 60 чл.-карэспандэнтаў. У яго дзейнасці ўдзельнічалі каля 200 супрацоўнікаў ВНУ. У чэрв. 1927 зацверджаны новы статут ІБК. Структура ін-та была набліжана да акадэмічнай. Уключала 2 аддзелы: гуманітарных навук (кіраўнік Некрашэвіч), прыроды і гаспадаркі (кіраўнік А.А.Смоліч). Створана аспірантура. У ліст. 1927 СНКБССР зацвердзіў склад прэзідыума ІБК: Ігнатоўскі (прэзідэнт), М.І.Бялуга (віцэ-прэзідэнт), В.Ю.Ластоўскі (сакратар), Некрашэвіч, С.Л.Гельтман (заг. польск. сектара), В.М.Аршанскі (заг.яўр. сектара) і 14 правадз. членаў ІБК: Ігнатоўскі (кафедра гісторыі Беларусі), Ластоўскі (кафедра этнаграфіі), Пічэта (кафедра гісторыі права і гаспадаркі Беларусі), А.М.Ясінскі (кафедра ўсеагульнай гісторыі), С.Ю.Матулайціс (кафедра гісторыі Літвы), Некрашэвіч (кафедра жывой бел. мовы), Я.Ю.Лёсік (кафедра бел.навук. мовы), І.І.Замоцін (кафедра бел. л-ры), Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны (Жылуновіч, кафедра маст. л-ры), М.Ф.Бліадуха (кафедра геалогіі), Смоліч (кафедра геаграфіі), Я.М.Афанасьеў (кафедра глебазнаўства). Працавалі кафедры: гісторыі бел. мовы (з камісіяй па складанні гіст. слоўніка бел. мовы), жывой бел. мовы (з камісіямі па складанні слоўніка жывой бел. мовы), дыялекталагічная (па вывучэнні бел. дыялектаў, у складзе кафедры Ін-тнавук. мовы), гісторыі бел. л-ры (з камісіяй па выданні твораў бел. пісьменнікаў), агульнай гісторыі, гісторыі Беларусі (з камісіямі па вывучэнні грамадскага руху на Беларусі, гісторыі гарадоў і краін Беларусі, гісторыі асветы на Беларусі), гісторыі бел. права (з археаграфічнай камісіяй), гісторыі нар. гаспадаркі Беларусі, археалогіі Беларусі, этнаграфіі Беларусі (з фальклорнай камісіяй), гісторыі Літвы, глебазнаўства, батанікі (збат. камісіяй і Бат. садам каля Віцебска), заалогіі (ззаал. музеем), геаграфіі (з камісіямі геаграфіі і картаграфіі, па складанні геагр. слоўніка Беларусі), хіміі (зЦэнтр.хім. лабараторыяй), антрапалогіі (з лабараторыяй вышэйшай нерв. дзейнасці і антрапалагічным кабінетам), біялогіі (з лабараторыяй эксперым. біялогіі), Ін-тбел. мастацтва (з камісіямі па вывучэнні гісторыі бел. мастацтва, бел. тэатра, бел. песні і музыкі, музеем бел. мастацтва), геал.ін-т (з секцыяй рэгіянальнай геалогіі). Дзейнічалі камісіі: бібліяграфічная, вайскова-тэрміналагічная, па вывучэнні Зах. Беларусі, па вывучэнні культуры латышоў, па вывучэнні прам-сці, па вывучэнні хатніх рамёстваў, па вывучэнні кааперацыі. У сістэму ІБК уваходзілі таксама навук.т-ва па вывучэнні Беларусі (пры Бел.с.-г. акадэміі), б-ка, друкарня.
Інстытут разгарнуў значную работу ў галіне геалогіі, глебазнаўства, геабатанікі, геаграфіі, геафізікі, хіміі, вывучэння прыродных рэсурсаў Беларусі. Прыродазнаўчая секцыя даследавала прыроду рэспублікі. Яе экспедыцыі адкрылі паклады фасфарытаў, керамічнай і вогнетрывалай гліны, бурага вугалю, кварцавага пяску, наблізіліся да адкрыцця нафты. У 1924 секцыя правяла 1-ю Усебел. глебазнаўчую канферэнцыю, на якой быў вызначаны план наступных даследаванняў глеб Беларусі. Даследаваліся геаграфія і генезіс глеб, іх урадлівасць. Да 1931 былі абследаваны глебы ўсёй рэспублікі і складзена яе зводная глебавая карта. Даследавалася флора і фауна. У 1923—28 ІБК арганізаваў шматлікія геабатанічныя экспедыцыі (удзельнічалі В.П.Аўрамчык, Н.А.Збітнеўскі, В.А.Міхайлоўская, В.С.Палянская і інш.). У выніку з’явіліся работы з апісаннем расліннасці па раёнах рэспублікі. Падрэд. Н.П.Кузняцова была складзена геабатанічная карта, Палянская апублікавала спіс 150 найб. важных відаў раслін і карту іх распаўсюджання ў Беларусі. А.У.Фядзюшын (кіраваў секцыяй заалогіі) даследаваў фауну рэспублікі. Матэрыялы флоры, фауны і геалогіі Беларусі былі прадстаўлены ў музеі прыроды (меў заалагічны, батанічны і глебавы аддзелы). З 1927 кафедра геаграфіі вывучала эканам. раянаванне рэспублікі і рыхтавала поўнае геагр. апісанне Беларусі. Метэаралаг. бюро (у складзе прыродазнаўчай секцыі) мела сетку метэастанцый і вяло вывучэнне клімату Беларусі. У 1927 пад кіраўніцтвам А.І.Кайгародава была завершана работа над «Кліматычным атласам Беларусі», які падрыхтавала кафедра метэаралогіі Бел.с.-г. акадэміі. Мед. секцыя вывучала спецыфічныя хваробы Беларусі, санітарны стан вёскі і лекавыя крыніцы рэспублікі. С.-г. секцыя вывучала с.-г. гаспадарку і распрацоўвала шляхі яе рацыяналізацыі і ўдасканалення. Цэнтральнае бюро краязнаўства пры прэзідыуме ІБК кіравала шырока разгорнутай краязнаўчай работай. Да канца 1929 у Беларусі было 8 акруговых, 100 раённых, 96 мясцовых, 97 школьных і краязнаўчых таварыстваў ВНУз 10,5 тыс. членаў. Краязнаўцы сабралі велізарны матэрыял, выдалі каля 20 папулярных прац.З 1925 выходзіў час.«Наш край», які адыграў важную ролю ў вывучэнні роднага краю.
ІБК правёў Першую Усебеларускую краязнаўчую канферэнцыю, Першы з’езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі, Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926). Падтрымліваў сувязі зАНСССР, АН УССР, замежнымі даследчымі навук. ўстановамі. 13.10.1928 пастановай ЦВК і СНКБССР рэарганізаваны ў АН Беларусі.
ІБК выдаў працы: «Беларуска-расійскі слоўнік» Байкова і Некрашэвіча (1925), «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (1926), «Сацыялістычны рух на Беларусі ў пракламацыях 1905 г.» (1927), «Беларуская этнаграфія ў доследах і матэрыялах» (кн. 1—5, 1926—28), «Працы і матэрыялы да гісторыі і археалогіі Беларусі» (кн. 1—3, 1926—27), «Беларускі архіў» (т. 1—2, 1927—28), «Матэрыялы да вывучэння флоры і фауны Беларусі» (т. 1—2, 1927—28), «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры» М.М.Піятуховіча (ч. 1, 1928), «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва» М.М.Шчакаціхіна (т. 1, 1928), «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» П.А.Бузука (ч. 1, вып. 1, 1928), «Дынаміка і геаграфічнае распаўсюджванне паляўнічай фауны БССР» А.У.Фядзюшына (1929), «Матэрыялы да геаграфіі і статыстыкі Беларусі» (т. 1—2, 1928—29), «Творы» М.Багдановіча (т. 1—2, 1927—28), «Матчын дар: Думы і песні, 1907—1914» А.Гаруна (1929) і інш. Выдаваў «Запіскі аддзела гуманітарных навук», «Запіскі аддзела прыроды і народнай гаспадаркі»; выйшлі 24 выпускі «Беларускай навуковай тэрміналогіі» (1922—30), «Працы Першай Усебеларускай глебазнаўчай канферэнцыі, 16—17 крас. 1924 г.» (1926), «Працы першага з’езду даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі, 17—18 студз. 1926 г.» (кн. 1, 1926), «Працы Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі» (1927).
Літ.:
Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;
Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1979;
Палуян В.А. Інстытут беларускай культуры і станаўленне беларускай савецкай навукі // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук, 1972. № 6;
Гарэцкі Г.І. Каля вытокаў беларускай савецкай навукі// Тамсама. 1979. № 1;
Міхнюк У.М. Інстытут беларускай культуры// Тамсама;
Токараў М.У. Ад Інстыгуга беларускай культуры да Акадэміі навук рэспублікі (Да 60-годдзя Інбелкульта) // Тамсама. 1982. № 1;
Петрыкаў П.Ц. Інстытуту беларускай культуры — 70 гадоў // Тамсама. 1992. № 5—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКІСТА́Н, Ісламская Рэспубліка Пакістан (урду Джамхурыят Ісламі Пакістан, англ. Islamic Republic of Pakistan),
дзяржава ў Паўд. Азіі. Мяжуе на Зз Іранам, на Пнз Афганістанам і Кітаем, на Уз Індыяй; на Пд абмываецца Аравійскім м.Пл. 803,9 тыс.км². Нас. 138,1 млн.чал. (1999). Дзярж. мовы — урду і англійская, шырока ўжываюцца мовы пенджабі, сіндхі, пушту. Сталіца — г.Ісламабад, найб. гарады, гал.эканам. цэнтры — Карачы і Лахор. Падзяляецца на 4 правінцыі і Федэральную сталічную тэрыторыю. На Пн уключае частку Кашміра, спрэчную з Індыяй. Нац. святы — Дзень незалежнасці (14 жн.), Дзень Пакістана (23 сак.).
Дзяржаўны лад. П. — парламенцкая федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1973 (з папраўкамі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (мусульманін), які выбіраецца калегіяй выбаршчыкаў з дэпутатаў парламента і прадстаўнікоў заканад. сходаў 4 правінцый тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту — Нац. асамблеі [237 дэпутатаў, з якіх 217 выбіраюцца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў, а 20 (жанчыны) — новым складам Нац. асамблеі] і сенату (87 членаў выбіраюцца заканад. сходамі правінцый на 6 гадоў). Кожныя 3 гады абнаўляецца палавіна складу сената. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, які выбіраецца большасцю галасоў Нац. асамблеі.
Прырода. На Пн адгор’і Гімалаяў і Гіндукуша выш. да 5—7 тыс.м (г. Тырычмір, 7690 м). На З — Сулейманавы горы, хрыбты Макрана, нагор’е Белуджыстана. На У ад горных раёнаў раўніна р. Інд — частка Інда-Гангскай раўніны. На граніцы з Індыяй пустыня Тар.
У гарах на Пн і З бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: прыродны газ, храміты, буры вугаль, нафта, каменная соль, буд. матэрыялы. Клімат сухі, трапічны на Пд, субтрапічны на Пн. Т-ра паветра на раўніне ад 10 да 20 °C у студз., ад 30 да 40 °C у ліп.—жніўні. Ападкаў 250—750 мм за год, у гарах да 1500 мм за год. Асн. рака Інд знайб. прытокам Сатледж. Расліннасць паўпустынная і пустынная: вярблюджая калючка, салянкі, палыны і інш.; на схілах гор — ядловец, астрагал, чый. Лясы на невял. плошчы ў гарах. Жывёльны свет разнастайны: персідская газель, дзікія казлы, бараны і аслы; шакалы, гіены і інш. Шмат птушак і насякомых. Нац. парк — Кіртхар і Лал-Суханра; шматлікія запаведнікі і заказнікі.
Насельніцтва. П. — шматнацыянальная краіна. Найб. народы належаць да інд. групы індаеўрапейскай моўнай сям’і: панджабцы (каля 85 млн.чал., пераважна прав. Пенджаб), пуштуны (каля 22 млн.чал., раёны на ПнЗ), сіндхі (каля 17 млн.чал., паўд.ч. даліны Інда), белуджы (каля 4,5 млн.чал., Белуджыстан). Жывуць таксама брагуі, кхо, кахістанцы, выхадцы з Індыі і Ірана. Амаль усе вернікі мусульмане (сунітаў 77%, шыітаў 20%). Сярэднегадавы прырост 1,7% (1999). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 171,8 чал. на 1 км², найб. на арашальных землях у даліне Інда і яго прытокаў — да 500 чал. на 1 км², у гарах і пустынных раёнах — каля 10—20 чал. на 1 км²Гар. насельніцтва 35%. Буйнейшыя гарады (млн.ж., з прыгарадамі, 1999): Карачы — 9,7, Лахор — 5, Фейсалабад — 1,8. Больш за 1 млн. жыхароў у гарадах Хайдарабад, Равалпіндзі, Мултан, амаль па 1 млн. жыхароў у гарадах Пешавар і Гуджранвала. У сельскай гаспадарцы занята 47% працаздольных, у прам-сці — 17%, астатнія ў абслуговых галінах. Шмат пакістанцаў працуюць у нафтаздабыўных краінах Б. Усходу.
Гісторыя. Тэр. П. заселена чалавекам з глыбокай старажытнасці. У 4-м тыс. да н.э. ў даліне р. Інд узніклі ачагі земляробства, у 3—2-м тыс. да н.э. — высокаразвітая Інда даліны цывілізацыя. У 2-м тыс. да н.э. гэтую тэр. заваявалі плямёны індаарыяў; у 6—5 ст. да н.э. ўваходзіла ў склад Ахеменідаў дзяржавы, у 327—326 да н.э. заваявана войскамі Аляксандра Македонскага, а пасля яго смерці ўваходзіла ў Маур’яў дзяржаву. У 2—1 ст. да н.э. — ч.Грэка-Бактрыйскага царства, у 1—3 ст.н.э. — Кушанскай дзяржавы. У час арабскіх заваяванняў 7—9 ст.паўд. раёны П. ўвайшлі ў Амеядаў халіфат (1-я пал. 8 ст.). З гэтага часу пашырыўся іслам. У канцы 10—11 ст. даліна Інда ў складзе дзяржавы Газневідаў, у 1186—1206 — Гурыдаў, у 1206—1525 — Дэлійскага султаната, у 16 — пач. 18 ст. — Магольскай імперыі. У сярэдзіне 18 ст. даліну Інда заваяваў афганскі шах Ахмад-шах Дурані [1747—73]. Пасля распаду яго дзяржавы ў Пенджабе ўзнікла некалькі сікхскіх княстваў, якія былі аб’яднаны ў адзіную дзяржаву махараджам Ранджыт Сінгхам [1799—1839]. Тэр. Белуджыстана аб’яднаў пад сваёй уладай хан Калата — Насір-хан Белудж, у Сіндзе існавалі асобныя эміраты. У 1843 англічане заваявалі Сінд, у 1845—49 анексіравалі Пенджаб, да канца 19 ст. падпарадкавалі Белуджыстан і раёны ўсх.-пуштунскіх плямён. Да 1947 П. быў ч.Брыт. Індыі. У 1906 створана Мусульманская ліга (МЛ), якая выражала інтарэсы мусульм. меншасці Індыі. З канца 1930-х г. МЛ адстойвала патрабаванне падзелу Брыт. Індыі з мэтай стварэння асобнай дзяржавы інд. мусульман. Паводле Маўнтбетэна планазБрыт. Індыі вылучана асобная дзяржава — П. з пераважна мусульм. насельніцтвам. Пры падзеле загінулі і сталі бежанцамі мільёны людзей.
15.8.1947 абвешчана незалежнасць П. ў складзе Брыт. Садружнасці, яго першы ген.-губернатар М.А.Джына, прэм’ер-міністр Ліякат Алі Хан. Да 1971 складаўся зЗах. і Усх. П., аддзеленых адзін ад аднаго тэр. Індыі. У маі 1956 прынята першая канстытуцыя П., якая абвясціла яго федэратыўнай рэспублікай. Няўстойлівасць грамадз. урадаў П. прывяла да ваен. перавароту 8.10.1958. Кіраўніком П. стаў ген. М.Аюб Хан, які кіраваў краінай амаль як неабмежаваны правіцель. Яго ўрад узяў курс на развіццё прам-сці і сельскай гаспадаркі, правёў агр. рэформу, у выніку якой абмежавана буйное феад. землеўладанне. Новая канстытуцыя, прынятая 1.3.1962, усталявала сістэму ўскосных выбараў у заканад. органы ўлады, легалізавала паліт. партыі. У 1965 Аюб Хан абраны прэзідэнтам. У сак. 1969 ён перадаў уладу ген. А.М.Ях’я Хану, пры якім у снеж. 1970 адбыліся першыя ў гісторыі П. ўсеаг. выбары. У выніку выбараў большасць месцаў у парламенце атрымала ўсх.-пакістанская Нар. ліга (НЛ); Пакістанская нар. партыя (ПНП), якая дамінавала ў Зах. П., заняла 2-е месца. Сітуацыя ва Усх. П., насельніцтва якога было незадаволена перавагай выхадцаў зЗах. П. ва ўрадзе краіны, абвастрылася. Адмова ваенных перадаць уладу НЛ прывяла да абвяшчэння ў сак. 1971 ва Усх. П. Нар. Рэспублікі Бангладэш. Пасля ўзбр. ўмяшання Індыі пакістанскія войскі ва Усх. П. ў снеж. 1971 капітулявалі. 20.12.1971 Ях’я Хан перадаў уладу лідэру ПНП З.А.Бхута, пад кіраўніцтвам якога ажыццёўлена праграма сац.-эканам. пераўтварэнняў: новая агр. рэформа, нацыяналізацыя вядучых галін прам-сці і банкаў. П. выйшаў зСЕАТО (1972) і Брыт. Садружнасці, прызнаў незалежнасць Бангладэш (1974) і пашырыў супрацоўніцтва зСССР; ідэалогіяй ПНП абвешчана канцэпцыя «ісламскага сацыялізму». У жн. 1973 прынята 3-я канстытуцыя П., якая абвясціла іслам дзярж. рэлігіяй, а краіну — Ісламскай Рэспублікай П. Б.ч. паўнамоцтваў прэзідэнта былі перададзены прэм’ер-міністру. На фоне абвастрэння ўнутрыпаліт. становішча 5.7.1977 адбыўся дзярж. пераварот. Ваен. рэжым на чале зген. М.Зія-уль-Хакам (прэзідэнт П. звер. 1977) змяніў унутр. і знешні курс П. Некаторыя нацыяналізаваныя прадпрыемствы вернуты б. уладальнікам, уведзена надзвычайнае становішча. У 1985 ухвалены папраўкі да канстытуцыі, якія давалі прэзідэнту надзвычайныя паўнамоцтвы. У жн. 1988 Зія-уль-Хак загінуў у авіяц. катастрофе. На парламенцкіх выбарах перамагла ПНП на чале з Б.Бхута. Але прэзідэнт Г.Ісхак Хан абвінаваціў урад Бхута ў недзеяздольнасці і карупцыі і ў жн. 1990 распусціў парламент. На выбарах 1993 зноў перамагла ПНП. Новыя выбары ў лют. 1997 скончыліся перамогай Пакістанскай мусульм. лігі на чале з М.М.Н.Шарыфам, які ў 1990—93 быў прэм’ер-міністрам П. Даўні канфлікт П. і Індыі з-за Кашміра абвастрыўся. Пасля інд. выпрабаванняў ядз. зброі ў маі 1998 П. правёў уласныя ядз. выпрабаванні. Намаганні Шарыфа сканцэнтраваць усю ўладу ў сваіх руках абвастрылі яго адносіны з арміяй. 12.10.1999 ваенныя скінулі Наваз Шарыфа і распусцілі парламент. Новым кіраўніком П. стаў ген. П.Мушараф. П. — чл.ААНз 1947. Дыпламат. адносіны паміж П. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1994.
У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Пакістанская нар. партыя, Пакістанская мусульм. ліга.
Гаспадарка П. — аграрна-індустр. дзяржава з шматукладнай эканомікай. Валавы нац. прадукт — 270 млрд.дол., каля 2000 дол. на душу насельніцтва (1998). У прам-сці важную ролю адыгрывае дзярж. сектар. Эканоміка перажывае перыяд пераходу ад дзярж. рэгулявання да свабоднага рынку. Праводзяцца дэнацыяналізацыя і прыватызацыя дзярж. сектара. Расце роля прыватных манапал. аб’яднанняў. У сельскай гаспадарцы ствараецца 24% валавога нац. прадукту, у прам-сці — 26%. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 60 млн.га зямель, у т. л.пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 21,7 млн.га, пад пашай — каля 40 млн.га. Арашаецца 17,1 млн.га, што дазваляе збіраць 2—3 ураджаі за год. Зямля ў асн. належыць памешчыкам і буйным фермерам, сяляне — пераважна арандатары. Харч. культуры займаюць каля 80% пасяўной плошчы. Валавы збор (млн.т, 1997): пшаніцы — 16,7, рысу — 4,3, кукурузы — 1,3, цукр. трыснягу — 41,9. Вырошчваюць таксама бавоўнік (займае больш за 10% пасяўной пл.), прасяныя культуры (баджра, джавар), ячмень, алейныя (рапс, гарчыца), тытунь. Пшаніцу вырошчваюць пераважна ў Пенджабе на арашальных землях, рыс — у нізоўях Інда і на забалочаных тэр. Пенджаба, бавоўнік — у Сіндзе і міжрэччы Джэлама і Сатледжа, цукр. трыснёг — у раёне г. Пешавар, алейныя — у даліне р. Інд, прасяныя і ячмень — на неарашальных землях. Усюды сеюць зернебабовую культуру нут (асн. крыніца бялку ў рацыёне пакістанцаў). Садоўніцтва: фінікі ў далінах Белуджыстана, абрыкосы і плады тутавага дрэва ў горных раёнах, манга, цытрусавыя, фігавае дрэва на раўнінах. Вінаградарства. Агародніцтва. Жывёлагадоўля нізкапрадукцыйная, мае другараднае значэнне, выкарыстоўвае натуральныя пашы ў гарах, пустынях і паўпустынях, у значнай ступені качавая і паўкачавая. У земляробчых раёнах гадуюць пераважна цяглавую буйн. раг. жывёлу і буйвалаў, часткова авечак, развіта птушкагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйвалаў — 21,2, буйн. раг. жывёлы — 18, коз —48,6, авечак — 32,3, птушкі — 200. Меншае значэнне мае гадоўля коней, вярблюдаў, аслоў, мулаў. Развіта рачное і марское рыбалоўства, лоў крэветак. У 1997 вылаўлена 575,1 тыс.т рыбы. Рыбаводства ў сажалках і на рысавых палях. Прамысловасць развіваецца параўнальна хуткімі тэмпамі, у апошнія гады павялічвае выпуск прадукцыі прыкладна на 10% за год. У горназдабыўной прам-сці вядзецца здабыча прыроднага газу (Белуджыстан, 15,8 млрд.т, 1997), храмітаў, каменнай солі, буд. матэрыялаў; невялікая здабыча нафты і бурага вугалю. Энергетыка заснавана пераважна на імпартнай нафце. Некалькі буйных ГЭС на горных і перадгорных рэках, найб. Тарбела на р. Інд (на ПнЗ ад Ісламабада); АЭС каля Карачы. Выпрацавана эл.-энергіі 57,6 млрд.кВтгадз (1997).
Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: тэкст., харч., хім., цэм., сталеплавільная, газавая, нафтаперапрацоўчая. Тэкст.прам-сцьнайб. развіта ў Карачы і гарадах Пенджаба, пераважае перапрацоўка бавоўны, вытв-сць пражы і тканін. Пешавар — цэнтр шаўкаткацтва. Прамысл. дыванаткацтва. Меншае значэнне мае выраб тканін шарсцяных і са штучнага валакна. Прадпрыемствы швейнай і трыкат. прам-сці ў Карачы, Хайдарабадзе, Фейсалабадзе, Лахоры, Акары. Шмат прадпрыемстваў гарбарна-абутковай прам-сці (Карачы, Лахор, Равалпіндзі, Хайдарабад). На базе лясных масіваў развіты дрэваапр. і мэблевая прам-сць (Карачы, Пешавар). Харч.прам-сць прадстаўлена вял. колькасцю мукамольных, рысаачышчальных, цукр., маслабойных і алейных, малочных і інш. прадпрыемстваў. Карачы — цэнтр рыбаперапрацоўкі. Горад Акара — цэнтр здабычы і апрацоўкі солі. Тытунёвыя і цыгарэтныя ф-кі ў Карачы, Хайдарабадзе, Джэламе. Развіваецца металаапрацоўка і машынабудаванне. Асн. цэнтры металаапрацоўкі — Карачы (металургічны з-д), Лахор, Равалпіндзі, Хайдарабад, машынабудавання — Карачы (судны, эл.-тэхн., зборка трактароў, мотаролераў), Равалпіндзі (вагонабудаванне), Хайдарабад (с.-г. і эл.-тэхн. машынабудаванне), Мултан (с.-г. інвентар), Гуджранвала і Сіялкот (эл.-тэхн., мед. абсталяванне), Джэлам (паліграф. абсталяванне). Буйны цэнтр нафтаперапрацоўкі, нафтахіміі, разнастайнай хім. прам-сці — г. Карачы. Цэнтры вытв-сці мінер. угнаенняў — Лахор і Мултан. Ёсць прадпрыемствы цэм., буд. матэрыялаў, шкляной, гумава-тэхн., папяровай, паліграф. і інш. галін прам-сці. Шырока развіты саматужныя промыслы і рамёствы. Найб. пашыраны хатняе ткацтва, пашыў нац. адзення, выраб дываноў, кашмірскіх шаляў, ювелірных упрыгожанняў, вышыўка па шоўку, апрацоўка паўкаштоўных камянёў, разьбярства па дрэве, серабру, медзі, бронзе, ганчарны промысел. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. (тыс.км): аўтадарог — 224,7 (у т. л.з цвёрдым пакрыццём 128,1 тыс.км, 60% пасаж. і грузавых перавозак), чыгунак — 8,8. У краіне 800 тыс. легкавых, 300 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Даўж. газаправодаў 4 тыс.км. Значная роля гужавога транспарту. Гал. марскі порт — Карачы. У краіне 116 аэрапортаў. Міжнар. аэрапорты ў Карачы, Ісламабадзе, Лахоры. У 1998 экспарт склаў 8,5 млрд.дол., імпарт — 10,1 млрд.дол. Экспартуюцца бавоўна, рыс, рыба і рыбапрадукты, баваўняныя тканіны, дываны, скуры і скургалантарэя, адзенне. У імпарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты, прамысл. сыравіна і абсталяванне, трансп. сродкі, алей, жывёльны тлушч, чай, хімікаты, угнаенні. Гал.гандл. партнёры: ЗША, Японія, Саудаўская Аравія, Іран, Кітай, Германія, Вялікабрытанія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Знешні доўг больш за 30 млрд.дол. Развіваецца турызм. У 1997 расходы замежных турыстаў перавысілі 111 млн.дол. Грашовая адзінка — пакістанская рупія.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (587 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (247 тыс.чал., у т. л. 185 тыс.чал. у нац. гвардыі, 3,5 тыс.чал. у пагран. войсках і 25 тыс. рэйнджэраў; 1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца зсухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 520 тыс.чал., 2120 танкаў, 850 бронетранспарцёраў, больш за 3,5 тыс. гармат, у т. л. 2 тыс. зенітных, 725 мінамётаў і інш. У ВПС 45 тыс.чал., 429 баявых самалётаў, 134 верталёты, у т. л. 20 ударных, якія арганізацыйна ўваходзяць у склад сухап. войск. У ВМС 22 тыс.чал., у т. л. 1,2 тыс.чал. у марской пяхоце, 9 падводных лодак, 16 баявых караблёў, у т. л. 3 эсмінцы, 8 фрэгатаў, 5 тральшчыкаў; у марской авіяцыі 7 баявых самалётаў, 12 баявых верталётаў.
Ахова здароўя. Мед. дапамога малазабяспечанай ч. насельніцтва бясплатная ў дзярж. бальніцах, паслугі прыватных урачоў платныя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 58,2, жанчын 60 гадоў (1999). Смяротнасць — 11 на 1 тыс.чал. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 1517 чал., урачамі — 1 на 1863 чал. Узровень нараджальнасці — 34 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 2,4%. Дзіцячая смяротнасць — 93 на 1 тыс.чал. (1999). Ажыццяўляецца дзярж. кантроль за ўзроўнем нараджальнасці (планавая стэрылізацыя).
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у П. больш за 1200 перыяд. выданняў. Найб. уплывовыя газеты на урду — «Джанг» («Барацьба», з 1937), «Імроз» («Сёння», з 1948), «Машрык» («Усход», з 1963), на англ. — «The Pakistan Times» («Пакістанскі час», з 1947), «Muslim» («Мусульманін», з 1979), на англ. і гуджараці — «Dawn» («Світанне», з 1942), на англ. і урду мовах — «Nawa-i-Waqt» («Новы час», з 1940). Інфарм. агенцтвы — урадавае Асашыэйтэд Прэс оф Пакістан (АПП, з 1947), прыватныя — Пакістан Прэс Інтэрнэшанал (ППІ, з 1956), Юнайтэд Прэс оф Пакістан (ЮПП, з 1949), Індэпэндэнт Ньюс оф Пакістан (з 1991). Радыёвяшчанне з 1947. Тэлебачанне з 1964. Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуюць урадавыя службы — Пакістанская радыёвяшчальная карпарацыя (з 1947 як Радыё Пакістана, з 1972 сучасная назва) і Пакістанская тэлевізійная карпарацыя (з 1967). Перадачы вядуцца на 24 мовах.
Літаратура. Развіваецца з 1947 на аснове нац. л-р урду, сіндхі, пенджабскай, пушту, гуджарацкай, белуджскай, бенгальскай (да 1971) і агульнай фальклорна-літ. і культ. спадчыны народаў Паўн. Індыі. У 1950—60-я г. зарадзілася пісьмовая л-ра на мовах і дыялектах малых этн. груп (драгуі і інш.). Асн. кірункі ў л-ры П. — рэалістычны і часткова рамантычны, з 1950-х г. пашырыліся разнастайныя мадэрнісцкія кірункі. Значнае месца занялі пераклады зах.-еўрап., рус. класікі і сав. л-ры. Найб. паспяхова развіваецца л-ра урду: вядомыя паэты — Джош Маліхабадзі (рэв. рамантык), А.Ф.Фаіз, А.Н.Касмі (выступае і як празаік), Э.Даніш, Ш.Катыль, мадэрністы Міраджы, Н.М.Рашыд, празаікі-рэалісты С.Х.Манта, Гулам Абас, Мірза Адыб, Х.Інтызар, С.Шаўкат. Пашыраны дэтэктыўны і мусульм. раманы, развіваецца драма. Патрыят. ідэямі прасякнута творчасць пісьменнікаў сіндхі (паэзія Шэйха Аяза, проза Г.Х.Балуча, Дж.Абру), публікуецца багаты сіндхскі фальклор. Значных поспехаў дасягнула паэзія пушту (С.Р.Захейлі, С.Самандар, А.Х.Шынвары). Рэаліст. кірунак у прозе прадстаўлены творчасцю М.Абдулкарыма, К.Маманда, В.М.Туфана, рамант. — Махдзі. Для пенджабскай л-ры характэрны зварот да класічных традыцый і фалькл. спадчыны (Фаіз). Развіваецца пераважна паэзія (М.Ніязі, А.Рахі). Белуджская л-ра ў стадыі станаўлення. Зпатрыят. вершамі выступаюць Азад Джамалдзіні, Г.Насір, у жанры апавядання — Б.Рыкі, Г.М.Шахвані. Невял. група паэтаў піша на гуджараці, араб. і перс. мовах, на серайкі, брагуі і мультані, якія маюць вузкарэгіянальнае значэнне. У 1959 засн. «Гільдыя пісьменнікаў Пакістана».
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва маюць агульныя гіст. карані змаст. культурай Індыі, але вызначаюцца мясц. асаблівасцямі. На тэр. П. пры раскопках выяўлены рэшткі паселішчаў 4—3-га тыс. да н.э.з дамамі з каменю і цэглы-сырцу (Амры, Рана-Гхундаі), рэгулярна спланаванага гар. паселішча 3-га тыс. да н.э. (Кот-Дыджы), ганчарныя вырабы з размалёўкай, метал. ўпрыгожанні, гліняныя статуэткі жанчын і жывёл. У даліне р. Інд адкрыты руіны цэнтраў харапскай цывілізацыі — Махенджа-Дара і Харапа (каля сярэдзіны 3—2-га тыс. да н.э.). У 3 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. ў вобласці Гандхара склалася самабытнае мастацтва, якое дасягнула высокага развіцця ў перыяд Кушанскай дзяржавы (рэшткі каменных культавых збудаванняў, у т. л. 60 скальных ступ у Мінгоры, упрыгожаных скульпт. рэльефамі, ляпнінай, статуямі Буды, бадхісатваў і геніяў, размалёўкамі, чайцья, будыйскіх комплексаў Дхармараджыка і Джаўліян у Таксіле і інш.). З 8 ст. развівалася араб. культура (рэшткі горада-порта Банбхора з масіўнымі каменнымі ўмацаваннямі і мячэццю). З 11 ст. пашырылася буд-ва мячэцей, мінарэтаў, маўзалеяў, рэзідэнцый і абарончых збудаванняў у гарадах Лахор, Мултан, Пешавар і інш. Масавая жылая забудова — глінабітная або з цэглы-сырцу, з драўляным каркасам. Манум. будынкі ўзводзілі пераважна з абпаленай цэглы, у іх аздабленні выкарыстоўвалі панэлі, запоўненыя мазаічнымі ўзорамі і разьбой па дрэве. На культавую архітэктуру 13—15 ст. паўплывалі традыцыі крапаснога дойлідства (маўзалей Рукні-Алам у Мултане, 14 ст.). У 16—17 ст. гарады абносілі масіўнымі сценамі і абкружалі садамі, па-за сценамі ствараліся магутныя фарты з палацамі, урадавымі і культавымі будынкамі. Сярод найб. значных пабудоў мячэць Шах-Джахана, маўзалеі могілак на ўзгорку Маклі—Мірза Іса Хана ў Таце і інш. У выяўл. мастацтве найб. росквіту дасягнула мініяцюра магольскай школы. У сярэдзіне 19—20 ст.пад уплывам англ. каланізатараў цэнтры традыц. культуры заняпалі. Развіваліся новыя гарады, у якіх будавалі парты, вакзалы, муніцыпалітэты (Карачы і інш.). У стылістыцы пераважалі формы нац. архітэктуры 17 ст. (купалы, аркады, арнаментальная разьба па каменю або каляровых глазураваных плітках), англ. неакласіцызму і неаготыкі. Пасля ўтварэння П. (1947) інтэнсіўна развіваюцца новыя гарады з рэгулярнай планіроўкай і забудовай малапавярховымі дамамі зунутр. дворыкамі (Ісламабад, Даўдхейль, Новы Кхаўр і інш.), будуюцца мячэці і маўзалеі ў традыц.арх. стылях з выкарыстаннем сучасных канструкцый. У выяўл. мастацтве захоўваюцца традыцыі магольскай школы мініяцюры і стараж.інд. размалёўкі (А.Бакш, А.Р.Чугтаі, Ф.Рахаміні і інш.), пашыраецца мастацтва зах.-еўрап. тыпу (З.Агха, Ш.Алі, Гулгі, А.Іслам і інш.). Са стараж. відаў дэкар.-прыкладнога мастацтва развіваюцца апрацоўка металу, ганчарства, дыванаткацтва, вышыўка, разьба па косці і дрэве.
Музыка П. на працягу многіх стагоддзяў была непарыўна звязана змуз. культурай паўн. часткі Індастана, т.зв. традыцыя хіндустані. Стараж. цывілізацыі, што існавалі на тэр. П., склалі падмурак самабытнай музыкі, якая ўвабрала ў сябе традыцыі муз. культур араб. свету і Індыі. З 8 ст. развіваюцца разнастайныя формы музіцыравання, звязаныя змусульм. традыцыямі: рэліг. (рэчытацыя тэкстаў Карана і інш.) і свецкія, прадстаўленыя традыц. вакальна-інстр. музыкай і танц. фальклорам розных рэгіёнаў. Муз. інструментарый роднасны інструментам Паўн. Індыі, Непала і Бангладэш. Найб. пашыраны струнныя — сітар, сарод, сарангі, танпура, рабаб, духавыя — шэнаі (габой), бансоры (флейта), алгоза (падвойная флейта), ударныя — табла, пакхавадж і інш. Класічная музыка П. развівалася пераважна пры дварах мусульм. правіцеляў. У 16—17 ст. яна дасягнула высокага ўзроўню, шырока вядомымі сталі класічныя і паўкласічныя жанры дхрупад, кхаял, у 18—19 ст. — газал, тхумры, дадра, тапа і інш. Пасля 1947 развіццё муз. культуры П. набыло новыя, самаст. кірункі. Стваральнік сучаснай музыкі П. — спявак і выканаўца на сарангі Умрао Бунду Хан. Сярод сучасных музыкантаў П.: вакалісты Назакат Алі Хан і Саламат Алі Хан (браты), Фатэх Алі Хан, інструменталісты Абдул Вахід Хан (сарангі), Кабір Хан (сітар), Ала Дыта (табла) і інш.З 1971 развіццё муз. культуры П. каардынуе і накіроўвае Нац. савет па справах мастацтва.
Герб і сцяг Пакістана.У гарах на ПнПакістана.Сталіца Пакістанаг. Ісламабад.Да арт.Пакістан. На рынку рамесніцкіх вырабаў.Да арт.Пакістан. Хайберскі перавал, праз які праходзіць асноўная аўтадарога ў Афганістан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І МУ́ЗЫКІ.
Створаны 1.10.1944 з выпускнікоў Маскоўскага гар.тэатр. вучылішча (курс У.Гатоўцава). Зкастр. 1945 у Брэсце як абл.драм.т-р імя Ленінскага камсамола Беларусі, у 1992—94 т-р драмы. Сучасная назва з 1995.
Творчае аблічча т-ра ў 1940—50-я г. вызначалі спектаклі героіка-рамантычнага кірунку, сярод якіх «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча (1953, прэмія Ленінскага камсамола 1967), «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Юнацтва бацькоў» Б.Гарбатава, «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева, «Як гартавалася сталь» паводле М.Астроўскага, «Авадзень» паводле Э.Л.Войніч, «Любоў Яравая» К.Транёва, «Сапраўдны чалавек» паводле Б.Палявога, «Людзі, якіх я бачыў» Б.Смірнова. Гал. тэма творчасці т-ра на працягу ўсяго існавання — станаўленне і фарміраванне асобы сучасніка. Вызначальныя ў розныя перыяды творчасці былі спектаклі маральна-этычнай праблематыкі: «Машачка» А.Афінагенава, «Старонка жыцця», «У добры час» і «У пошуках радасці» В.Розава, «Фабрычнае дзяўчо» А.Валодзіна, «Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава, «Ленінградскі праспект» І.Штока, «Арганаўты» Ю.Эдліса, «Варшаўская мелодыя» Л.Зорына, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева, «Характары» паводле В.Шукшына і інш.
Значнае месца ў рэпертуары займае бел. драматургія: «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Ірынка» К.Чорнага, «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Хамуціус» паводле А.Куляшова, «Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна і яго п’еса «І змоўклі птушкі», «Апраўданне крыві» паводле І.Чыгрынава, «Салаўі спяваюць на волі» Я.Рамановіча паводле аповесці З.Бядулі «Салавей», «Калі зацвітаюць сады» В.Палескага, «Папараць-кветка» І.Козела, «Людзі і камяні» і «Брэсцкі мір» Губарэвіча, «Выбачайце, калі ласка», «Зацюканы апостал», «Трыбунал», «Верачка», «Таблетку пад язык» і «Патоп» («Дыхайце эканомна») А.Макаёнка, «Разумная дачка» У.Караткевіча паводле бел.нар. казак, «Апошняя інстанцыя», «Нашчадак», «Махляр паняволі» М.Матукоўскага, «Укралі кодэкс» А.Петрашкевіча, «Парог» і «Вечар» А.Дударава, «Чатыры крыжы на сонцы» («Выклік багам»), «Грэшнае каханне», «Аукцыён» («Прадаецца муж») А.Дзялендзіка, «Ціхі прыстанак» А.Паповай, «Лейтэнанты» і «Самы шчаслівы чалавек» А.Пінчука, «Добрая памяць па сходнай цане» («Добрая памяць — за наяўныя») В.Іпатавай, «Машэка» М.Арахоўскага і інш. Прыкметнае месца ў творчасці калектыву займаюць пастаноўкі класічных рус. і замежных твораў: «Не ўсё кату масленіца», «Беспасажніца» і «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага, «Дваранскае гняздо» паводле І.Тургенева, «Жывы труп» Л.Талстога, «Чайка» і «Тры сястры» А.Чэхава, «Звычайная гісторыя» паводле І.Ганчарова, «Ветрык, вей!» Я.Райніса, «Дон Сезар дэ Базан» Ф.Дзюмануара і А.Дэнеры, «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі, «Пігмаліён» Б.Шоу, «Атэла» У.Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі — «Дрэвы паміраюць стоячы» А.Касоны, «Від з моста» А.Мілера, «Лаліта» Э.Олбі (паводле У.Набокава), «Гісторыя кахання» Э.Сігла, «Маркіза дэ Сад» Ю.Місіма, «Калі конь траціць прытомнасць» Ф.Саган. Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў Ю.Арынянскага, А.Міронскага, І.Папова.
У розны час у т-ры працавалі: акцёры — нар.арт.СССР Я.Палосін; нар. артысты Беларусі Т.Заранок, А.Логінаў, Г.Маркіна; засл. артысты Беларусі М.Абрамаў, Т.Аляксеева, А.Асторына, Н.Ганчарэнка, Л.Весніна, У.Говар-Бандарэнка, В.Захарава, Т.Канавалава, Г.Качаткова, З.Курдзянок, П.Маркін, А.Самараў, Л.Сторажава, Б.Уксусаў, Б.Уладамірскі, Ю.Уласаў, С.Юркевіч; засл. дз. культуры Беларусі Л.Валчэцкі (дырэктар т-ра). У трупе т-ра (1996): засл. артысты Беларусі С.Яўдошанка, К.Перапяліца, Г.Токараў. Гал. рэжысёр Я.Натапаў (з 1996), гал. мастак В.Лесін (з 1980). У 1963—67 пры т-ры дзейнічала лялечная група, на базе якой створаны Брэсцкі абласны тэатр лялек. У 1995 у склад т-ра ўключаны сімфанічны аркестр.
Літ.:
Волчецкий Л.П. Годы, спектакли, роли... Мн., 1974.
Р.М.Бакіевіч.
Да арт.Брэсцкі тэатр драмы і музыкі. Сцэна са спектакля «Хамуціус» паводле А.Куляшова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
У цэнтры еўрап. часткі Расійскай Федэрацыі. Утворана 14.1.1929. Пл. 47 тыс.км². Нас. 6517 тыс.чал. (1998, з Масквой 14 816 тыс.чал.), гарадскога 80% (з улікам нас. Масквы 91%). Цэнтр — г.Масква. Найб. гарады: Падольск, Люберцы, Мыцішчы, Каломна, Электрасталь, Серпухаў, Хімкі, Каралёў, Балашыха. Разам з Масквой М.в. утварае Маскоўскі сталічны рэгіён.
Прырода. Размешчана ў цэнтры Усх.-Еўрап. раўніны, у міжрэччы Волгі і Акі. Рэльеф пераважна раўнінны. На З і Пн Смаленска-Маскоўскае ўзв. (выш. да 310 м) з узгорыстай часткай — Клінска-Дзмітраўскай градой (выш. да 285 м). Паўд.ч. займае Маскварэцка-Окская раўніна, паўд.-ўсх. — забалочаная Мяшчорская нізіна. Карысныя выкапні: торф, фасфарыты, шкловыя пяскі, вогнетрывалая гліна, жвір, вапнякі. Ёсць крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -10 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 450—650 мм за год. Густая рачная сетка. Гал. рэкі — Ака (з прытокамі Пратва, Нара, Лапасня, Цна, Асётр) і Масква (з прытокамі Руза, Істра, Яўза, Пахра), Клязьма. На Пн прытокі Волгі — Дубна, Лама. Больш за 350 азёр, у т. л. Сянежскае, Трасценскае, Святое. На канале імя Масквы і р. Масква шэраг вадасховішчаў (Істрынскае, Мажайскае, Клязьмінскае і інш.). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на Пн і ў Мяшчорскай нізіне балотныя, на Пд светла-шэрыя і чарназёмныя ападзоленыя, па далінах рэк алювіяльныя. Каля 40% тэрыторыі М.в. занята мяшанымі лясамі, асн. масівы на З і У вобласці. Лесапаркавы ахоўны пояс, рэкрэацыйная зона. Прыокска-тэрасны запаведнік, нац. парк Ласіны Востраў.
Гаспадарка. М.в. эканамічна цесна звязана з Масквой. Па ўзроўні развіцця прам-сці яна саступае толькі Маскве і С.-Пецярбургу. Асн. галіна прам-сці — машынабудаванне (энергетычнае, цяжкае, транспартнае, станкабудаванне, эл.-тэхн., прыладабудаванне і інш.), прадстаўлена вытв-сцю катлоў для цеплавых электрастанцый, пракатнага абсталявання, металарэзных станкоў, вагонаў метрапалітэна, грузавых і пасаж. вагонаў, цеплавозаў, аўтобусаў, легкавых аўтамабіляў, сіласаўборачнай тэхнікі, швейных машын, фотаапаратаў, аптычнай і быт. тэхнікі, кабельнай прадукцыі і інш. Развіты ваенна-прамысл. комплекс (аэракасмічная, радыёэлектронная прам-сць, вытв-сць зброі, боепрыпасаў). Вял. значэнне для машынабудавання мае пераробная металургія (вытв-сць высакаякаснай сталі і пракату). Энергетыка працуе пераважна на прывазным паліве (Кашырская, Шатурская ДРЭС, Люберацкая, Маскоўская ЦЭЦ, Загорская ДАЭС і інш.). Вытв-сць электраэнергіі 22 млрд.кВт∙гадз (1996). Самая старая галіна лёгкай прам-сці — тэкстыльная; выраб баваўняных, шарсцяных, шаўковых тканін (каля 10% агульнарас. вытв-сці). Развіты трыкат., швейная, гарбарна-абутковая, дывановая галіны. Хім.прам-сць (вытв-сць азотных і фосфарных угнаенняў, сернай к-ты, сінт. смол, пластмасы, хім. валакна і нітак, гумавых вырабаў, лакаў і фарбаў). Прам-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, шыфер, жалезабетонныя канструкцыі, азбестацэментныя трубы). Вытв-сць фарфора-фаянсавых і шкляных вырабаў, мэблі, буд. дэталей, паперы, паліграф. прадукцыі. Шэраг прадпрыемстваў харч. прам-сці. Маст. промыслы (кераміка, размалёўка драўляных шкатулак, метал. падносаў і інш.) у Фядоскіне, Гжэлі, Жоставе і інш. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Пл.с.-г. угоддзяў 1880 тыс.га, у т. л.пад ворывам 1504 тыс.га. Вядучая галіна — жывёлагадоўля (малочнага і малочна-мяснога кірунку), свіна-, птушка-, авечка- і козагадоўля. У раслінаводстве гал. месца займае вытв-сць кармоў (каля 3/5 пасяўных плошчаў). Пасевы пшаніцы, жыта, ячменю, аўса, бульбы, агародніны, у т. л. у закрытым грунце. Кветкаводства і вырошчванне грыбоў. М.в. мае густую сетку ўсіх відаў транспарту; 11 радыяльных чыг. магістралей у напрамку ад Масквы, 13 аўтадарог, Маскоўская кальцавая аўтадарога. Суднаходства па рэках Ака, Масква і па канале імя Масквы. Рачныя парты: Дубна, Серпухаў, Каломна, Васкрасенск. 4 аэрапорты: Шарамецева (міжнар.), Дамадзедава, Унукава, Быкова. Развіты трубаправодны транспарт. Нафтаправоды да Масквы ад Разані і Яраслаўля, газаправоднае кальцо Серпухаў—Васкрасенск—Нагінск—Дзмітраў—Валакаламск—Серпухаў. Курорты Дорахава, Цішкава, Міхайлаўскае. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХА́ТА,
1) жылая пабудова ў беларусаў, палякаў, рускіх, славакаў, украінцаў і інш.слав. народаў. Як тып жылля гістарычна развівалася з шалаша, будана, кураня, зямлянкі, паўзямлянкі. Асаблівасці планаў, аб’ёмна-прасторавых і канстр. вырашэнняў, дэкар. аздобы сфарміраваліся пад уплывам прыродна-кліматычных, сац., эканам. умоў пэўных рэгіёнаў. Пры буд-ве Х. выпрацоўваліся творчыя прыёмы народнага дойлідства, яна стала асновай для стварэння больш складанага жылля (сядзібны дом, палац), а таксама многіх тыпаў грамадз. будынкаў (карчма, ратуша, шпіталь і інш.).
На Беларусі Х. вызначаецца дасканаласцю функцыян. вырашэнняў, рацыянальнасцю канструкцый, лаканізмам і выразнасцю форм і дэкар. прыёмаў. Асн. яе элементы (сцены, дах, франтоны, ганак, веранда і інш.) характарызуюцца прапарцыянальнасцю форм, дакладнасцю выкарыстання буд. матэрыялаў і дэкар. аздаблення. Разьба архітэктурная (вільчакоў, карнізаў, ліштваў, падзораў і інш.) разам зшалёўкай узбагачаюць маст. выразнасць Х. Будавалі Х. асобна ад гасп. пабудоў ці ў складзе жыллёва-гасп. комплексу (сядзібы пагоннага, вянковага тыпу і інш.). З 1—2 ст. вядома 1-камернае жыллё, часцей паўзямлянка з печчу-каменкай; у 10—14 ст. — звычайна наземная пабудова з вузкімі акенцамі з засаўкамі, невысокімі дзвярыма і курнай печчу (без коміна). З 16 ст. пашырана буд-ва 2- (Х. + сенцы) і 3-камернага (Х. + сенцы + Х.; Х. + Х. + сенцы; Х. + сенцы + гасп. пабудова — клець, камора, варыўня) жылля. З 19 ст. пераважала т. зв. белая Х., якая мела печ з комінам. Найчасцей Х. — зрубная пабудова вянковай канструкцыі, з хвоі ці елкі. Сцены клалі з акораных або ачэсаных бярвён, часам з дыляў — бярвён, распушчаных на 2 ці 4 плахі. Вядомы Х., зробленыя ў закідной тэхніцы. Сцены імшылі. Ніжні вянок напачатку клалі непасрэдна на зямлю. потым сталі рабіць драўляныя (стаякі, штандары) і каменныя падмуркі. Дах рабілі закотам або на стаяках, козлах, кроквах. Столь скляпеністая з бярвён ці плоская — з дошак. Да 19 ст. пашырана земляная ці глінабітная падлога (ток), якую змяніла падлога з дошак па лагах. Крылі Х. саломай, чаротам, дранкай, гонтай, дахоўкай, зпач. 20 ст. — бляхай. Для ацяплення ніжнія вянкі абносілі прызбай. сцены шалявалі. на столь насыпалі кастрыцу, мох, лісце, пясок. Уваход у Х. праз сенцы. Інш. часткі Х. (камора, клець, варыўня) мелі выключна гасп. прызначэнне.
Сац. змены ў грамадстве істотна паўплывалі на характар традыц. жылля, у т. л. на асаблівасці сучаснай сял. Х. Ёй уласціва функцыян. дыферэнцыяцыя памяшканняў, выкарыстанне трывалых буд. (цэгла, газасілікатныя блокі, шыфер, бляха і інш.) і разнастайных аддзелачных матэрыялаў (тынк, фанера, шпалеры, фарбы), інж. абсталявання (электра-, газа-, водазабеспячэнне і інш.). Знадворку перад уваходам прыбудоўваюць веранду і ганак. Выкарыстанне традыцый нар. дойлідства ўзбагачае архітэктуру і маст. выразнасць Х.
2) Асн. памяшканне жылога, часцей вясковага, дома. Прызначалася для жылля, выканання сям’ёй разнастайных гасп. работ і вытв. функцый, звязаных з промысламі і рамёствамі, а таксама для розных абрадавых і святочных дзеяў, магла дзейнічаць як своеасаблівы клуб (вячоркі, гульні, песні і інш.). Інтэр’ер традыц. Х. строга рэгламентаваны. Кут каля дзвярэй займала печ, па другі бок дзвярэй на сцяне мацавалі паліцу для посуду і інш. начыння. Па дыяганалі ад печы знаходзілася покуць («чырвоны кут») — пачэснае месца ў Х. Там знаходзіліся абразы, стаялі стол і нерухомыя лавы ўздоўж сцен. Вокны рабілі ў сценах, што стваралі чырвоны кут. Ад печы ўздоўж глухой сцяны размяшчалі палаці, на якіх спалі. З 2-й пал. 19 ст. пачалі вылучаць функцыян. зоны Х. перагародкамі, мэбляй, фіранкамі. Павялічыліся памеры вокнаў, з’явілася дадатковая печ (стаяк, галанка), часам абліцаваная кафляй. Дэкар. аздабленне Х. стваралася колерам і арнаментыкай абрусаў, посцілак, святочнага адзення, посуду, куфраў, канструкцыяй і формамі мэблі, афармлення покуці і інш.
Літ.:
Харузин А. Славянское жилище в Северо-Западном крае. Вильна, 1907;
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;
Соколовский В.Э., Алимов Р.Н. Архитектура нового белорусского села. Мн., 1979;
Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАКЛАСІЦЫ́ЗМ (ад неа... + класіцызм),
у шырокім сэнсе — прадаўжэнне эстэт. прынцыпаў класіцызму ў новых умовах развіцця маст. культуры; у больш вузкім сэнсе — стылістычны прыём, заснаваны на выкарыстанні ў л-ры, музыцы, архітэктуры, тэатр. і выяўл. мастацтве міфалагічных вобразаў і матываў, ант. тэм і сюжэтаў.
У літаратуры тэндэнцыі і плыні Н. ўзніклі ў Расіі і Зах. Еўропе ў 1-й пал. 19 ст. (ант. міфалагічная вобразнасць у паэзіі І.В.Гётэ, А.Пушкіна, А.Майкава, К.Бацюшкава, франц. «парнасцаў» Т.Гацье, Ш.М.Леконта дэ Ліля), а ў больш апасродкаваных і пераўтвораных формах — у канцы 19 — пач. 20 ст. (творчасць І.Аненскага, К.Бальмонта, В.Брусава, В.Іванава, М.Цвятаевай і інш.). Паэзія Н. шырока выкарыстоўвае маст. традыцыі антычнасці, Адраджэння і класіцызму, прасякнута жыццялюбствам, культам розуму і прыгажосці, у ідэйна-эстэт. плане звычайна проціпастаўлена натуралізму, сац.-паліт. ці быт. утылітарызму, маст. прымітывізму. У сваіх крайніх формах гэтыя тэндэнцыі пад уплывам літ. канцэпцый перамяжоўваюцца з тэорыямі «чыстай красы», «мастацтва дзеля мастацтва» (франц. і рус.сімвалізм, маст. акадэмізм, асобныя тэндэнцыі ў імпрэсіянізме і інш.). Н. звычайна засяроджвае ўвагу на т.зв. «вечных» праблемах жыцця, сцвярджае абсалютнасць маральных і эстэт. крытэрыяў, у процілегласць дэкадэнцтву і мадэрнізму арыентуецца на стылявую і сюжэтна-кампазіцыйную выразнасць, моўную пластычнасць. У бел. л-ры стылістычныя прыёмы Н. творча выкарыстоўваў М.Багдановіч, які распрацаваў класічныя формы верша, чым узбагаціў нац. л-ру здабыткамі сусв. паэтыкі. У 1930 — пач. 1950-х г.пад уплывам вульгарнага сацыялагізму тэндэнцыі Н. набылі форму одапісальніцтва і параднасці ў л-ры. У сучаснай бел. паэзіі асобныя элементы Н. выкарыстоўваюцца як стылістычны прыём.
У музыцы Н. узнік як супрацьпастаўленне рамант. суб’ектыўнасці імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і верызму, спроба вярнуць муз. мастацтву дысцыпліну думкі і яснасць мовы, уласцівыя старым стылям. Для Н. ўласцівы зварот пераважна да маст. прынцыпаў і стылістыкі барока і Венскай класічнай школы (поліфанія кампазітараў Нідэрландскай школы, Дж.Палестрыны, І.С.Баха, клавірнае мастацтва Ф.Куперэна, Д.Скарлаці, італьян. опера 17—18 ст., інстр. канцэрты А.Вівальдзі, санаты М.Равеля, Ф.Пуленка, Д.Міё, А.Анегера, Ж.Франсэ, опера Ж.Б.Люлі, сімфанізм І.Гайдна, В.А.Моцарта). Падобныя да Н. тэндэнцыі характэрны творчасці асобных кампазітараў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (І.Брамс, М.Рэгер, С.Франк, К.Сен-Санс, М.Метнер, С.Танееў і інш.). У рознай ступені Н. адбіўся ў музыцы многіх кампазітараў 20 ст., найб. акрэслены ў І.Стравінскага, які аб’яднаў у сваёй творчасці амаль усе яго разнавіднасці, П.Хіндэміта, А.Казелы, Э.Тамберга і інш. У неакласіцысцкіх муз. творах раздзелы, стылістычна звязаныя з сучасным увасабленнем муз. мовы і форм мінулых эпох, часта супастаўляюцца змуз. фрагментамі, якія маюць мала агульнага са старадаўнімі прататыпамі. Сутнасць эстэтыкі Н. — супастаўленне маст. стыляў, пры якім зварот да мінулага — хоць і важнейшая, але толькі адна са стылявых фарбаў твора (напр., Э.Віла-Лобас сумясціў у адным творы браз. мадынню і фугу, Хіндэміт — ваен. марш і пасакаллю, Стравінскі стварыў асаблівы стыль Н., дзе разнастайныя старыя прататыпы супастаўляюцца змуз. жанрамі 20 ст. ці іх асобнымі элементамі). Уласцівае Н. свабоднае выкарыстанне старадаўніх стыляў і жанраў — адна з істотных прыкмет музыкі 2-й пал. 20 ст. У бел. музыцы рысы Н. сустракаюцца ў творчасці Л.Абеліёвіча, П.Альхімовіча, С.Бельцюкова, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, У.Дамарацкага, У.Дарохіна, Дз.Камінскага, В.Капыцько, В.Кузняцова, А.Літвіноўскага, А.Мдывані, Дз.Смольскага, Р.Суруса, Л.Шлег і інш.
У архітэктуры 1910—20-х г. класічныя формы і лаканізм проціпастаўляліся багатаму фармальнаму дэкору ў пабудовах эклектыкі і мадэрна. У некат. краінах Зах. Еўропы Н. выкарыстоўваў канстр. прыёмы стылю мадэрн і адначасова вызначаўся рацыяналістычнымі тэндэнцыямі (А.Перэ ў Францыі, П.Берэнс у Германіі, О.Вагнер у Аўстрыі і інш.). У ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі Н. развіваўся пераважна ў афіц. архітэктуры і вылучаўся параднай прадстаўнічасцю і падкрэсленай манументальнасцю. У рас. архітэктуры 1910-х г. Н. сцвярджаў асн. прынцыпы арх. класікі (І.Жалтоўскі, І.Машкоў, І.Фамін, У.Шчуко і інш.); у той жа час прадстаўнікі рас. мадэрна звярталіся да стылізацыі класічных матываў (Ф.Лідваль, Ф.Шэхтэль і інш.).
У бел. архітэктуры Н. вядомы з 1910-х г. Будынкі вызначаліся імпазантнасцю аблічча, высокім прафес. майстэрствам буд. работ. Значны ўплыў на развіццё Н. зрабіла творчасць мінскіх архітэктараў С.Гейдукевіча і Г.Гая, паводле іх праектаў пастаўлены найб. значныя будынкі ў Мінску і г. Бабруйск Магілёўскай вобл. Прынцыпы Н., у якіх творча выкарыстаны кампазіцыйныя прыёмы архітэктуры класіцызму, выявіліся ў культавых (Моладаўская капліца) і мемар. (Мілавідская мемарыяльная капліца, Салтанаўская мемарыяльная капліца) збудаваннях. У канцы 1920-х г. Н. ўласцівы строгія класічныя формы ў спалучэнні са сродкамі кампазіцыі арх. спадчыны (будынкі банкаў у Брэсце, Баранавічах, арх. С.Філасевіч).
У 1930-я г. сродкі Н. ў іх гіпертрафіраваных манум. формах пашыраны ў архітэктуры Італіі (М.П’ячэнціні і інш.) і Германіі (П.Л.Трост і інш.). Прынцыпы Н. паўплывалі і на развіццё сав. архітэктуры 2-й пал. 1930-х г. Заснавальнікам т.зв. пралетарскага класіцызму быў Фамін. На Беларусі Н. выявіўся ў творчасці І.Лангбарда (гал. корпус Нац.АН Беларусі, Дом афіцэраў), А.П.Воінава (гасцініца «Свіслач»), Г.Якушкі (сярэдняя школа № 4 на рагу вуліц Кірава і Чырвонаармейскай; усе ў Мінску). У канцы 1940-х—50-я г. Н. набыў новую рэдакцыю — т.зв. сталінскі класіцызм: арх. Жалтоўскі (дом па вул. Махавой у Маскве), М.Паруснікаў (забудова 1-й чаргі праспекта Скарыны ў Мінску), Г.Заборскі (будынак б. аблвыканкома ў г. Полацк Віцебскай вобл., карпусы пед. ун-та), У.Кароль і А.Духан (будынак паштамта), В.Гусеў (штаб Бел.ваен. акругі; усе ў Мінску) і інш.
Літ.:
Смирнов В. Возникновение неоклассицизма и неоклассицизм И.Стравинского // Кризис буржуазной культуры и музыка. М., 1973. Вып. 2;
Варунц В. Музыкальный неоклассицизм: Ист. очерки. М., 1988.
Да арт.Неакласіцызм. Будынак ламбарда ў Маскве. Арх. І.Машкоў. 1912.Да арт.Неакласіцызм. Мемарыяльная капліца каля вёскі Салтанаўка Магілёўскага раёна. Арх. К.Міхайлаў, скульпт. П.Яцына. 1912.