АРЭАПА́Г (грэчаскае Areios pagos літаральна ўзгорак Арэса),

1) орган улады ў Старажытных Афінах (назва ад месца яго пасяджэнняў на ўзгорку Арэса каля Акропаля). Узнік у эпоху родаплемяннога ладу як савет старэйшын. Складаўся з пажыццёвых членаў, з 8 стагоддзя да нашай эры папаўняўся з ліку былых архонтаў. Валодаў шырокай палітычнай, судовай і рэлігійнай уладай. Рэформа Эфіяльта (462 да нашай эры) ліквідавала палітычную ўладу і ўплыў арэапага.

2) У пераносным сэнсе — сход аўтарытэтных асоб.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНО́ЎНЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

сінтэтычныя арганічныя фарбавальнікі, якія маюць у сабе асн. групы (амінагрупы). З кіслотамі ўтвараюць водарастваральныя солі, з гетэраполікіслотамі — святлоўстойлівыя нерастваральныя лакі. Выпускаюцца ў выглядзе соляў пераважна салянай, сернай, шчаўевай кіслот. Афарбоўваюць валокны з кіслотнымі групамі (шэрсць, натуральны шоўк, поліамідныя валокны), трымаюцца на іх дзякуючы іонным сувязям; цэлюлозныя валокны афарбоўваюцца толькі пасля пратраўлення. Асноўныя фарбавальнікі надаюць матэрыялам яркі колер, малаўстойлівы да дзеяння святла і шчолачных раствораў. Выкарыстоўваюцца ў паліграф., тэкст. і гарбарнай прам-сці.

т. 2, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БЦК) у Аўстраліі, арганізацыя бел. эміграцыі. Засн. ў 1963 у г. Мельбурн прыхільнікамі Бел. Нар. Рэспублікі і Бел. цэнтр. рады. Займаецца культ.-асв. дзейнасцю. З 1972 член Федэральнай рады бел. арг-цый у Аўстраліі. Супрацоўнічае з міжнар. арг-цыямі і ўваходзіць у Аўстрал. нац. этнічную раду, штогод ладзіць святкаванні нац. угодкаў, традыцыйныя сяброўскія вечарыны, сустрэчы беларусаў Аўстраліі (з 1976) і інш. Пры БЦК дзейнічае бел. хор.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛГІ (лац. Belgae),

кельцкія плямёны (амбіяны, атрэбаты, белавакі, менапіі, марыны, рэмы, суесіёны і інш.) ў Паўн. Галіі (паміж рэкамі Сена і Рэйн) і на ўзбярэжжы Брытаніі. Белгі з Галіі падпарадкаваны Ю.​Цэзарам у 58—51 да н.э. З 16 да н.э. тэрыторыя іх рассялення склала рымскую правінцыю Белгіка. Белгі на тэр. Брытаніі заваяваны рымлянамі ў сярэдзіне 1 ст. н.э. У 5 ст. пасля заваявання Белгікі франкамі белгі былі часткова знішчаны захопнікамі, часткова зліліся з імі.

т. 3, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНДЖЭДЗІ́Д (Шадлі) (н. 14.4.1929, Себаа, каля г. Алжыр),

дзяржаўны, палітычны і ваенны дзеяч Алжыра. Удзельнік нац.-вызв. руху ў 1954—62. Займаў камандныя пасты ў Алж. нац.-вызв. арміі. З 1961 у генштабе арміі. Пасля абвяшчэння ў 1962 незалежнасці Алжыра камандуючы (1962, 1964—79) ваен. акругамі. З 1965 чл. Рэв. савета Алж. Нар. Дэмакр. Рэспублікі. У 1979—92 прэзідэнт краіны. У 1979—88 ген. сакратар, з 1988 старшыня партыі Фронт нац. вызвалення.

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕТ-ШЭ́МЕШ,

старажытны горад у Паўд. Палесціне, на З ад Іерусаліма (сучасны Аін-Шэмш, Ізраіль). Узнік у 3-м тыс. да н.э. Упамінаецца ў егіпецкіх крыніцах з 18 ст. да н.э. (т.зв. тэксты праклёну). У выніку войнаў неаднаразова разбураны. Быў заняты ханаанеямі, філісцімлянамі, ізраільцянамі. Пасля захопу Вавілонам у 6 ст. да н.э. прыйшоў у заняпад. Археал. раскопкамі выяўлена абсталяванне для ліцця бронзы, шмат жал. вырабаў, пасудзін, прывезеных з Егіпта і раёна Эгейскага мора.

т. 3, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁРНЕТ ((Burnet) Фрэнк Макфарлейн) (3.9.1899, г. Траралган, Аўстралія — 31.8.1985),

аўстралійскі вірусолаг і імунолаг. Чл. Аўстралійскай АН. Скончыў Мельбурнскі ун-т (1923). З 1924 у Ін-це мед. даследаванняў у Мельбурне (у 1944—65 дырэктар), адначасова ў 1944—65 праф. Мельбурнскага ун-та. Прэзідэнт Аўстралійскай АН (1965). Апісаў узбуджальніка ку-ліхаманкі. Навук. працы па экалогіі вірусаў, механізмах аўтаімунных хвароб. Адзін з аўтараў т.зв. кланальна-селекцыйнай тэорыі імунітэту. Нобелеўская прэмія 1960 (разам з П.Б.Медаварам).

Ф.Бёрнет.

т. 3, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІМЕТА́Л [ад бі... + метал(ы)],

матэрыял з двух трывала злучаных слаёў розных металаў ці сплаваў. Найб. пашыраны біметал са сталі з меддзю, нікелем, іх сплавамі і алюмініем. Вырабляюць адначасовай пракаткай ці прасаваннем двух металаў, заліўкай легкаплаўкага металу па тугаплаўкім ці апусканнем вырабу з тугаплаўкага металу ў расплаў лёгкага, гальванічным спосабам, наплаўкай метадам эл. ці плазмавага нагрэву, зваркай выбухам. Выкарыстоўваюць для павелічэння трываласці, гарачаўстойлівасці канструкцый, зніжэння іх масы, як спец. матэрыялы ў машынабудаванні, электра-, радыё- і цеплатэхніцы.

т. 3, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ПРЫ,

бальнеагразевы курорт на Украіне, на ўскраіне г. Голая Прыстань, за 18 км ад г. Херсон. Вядомы з канца 19 ст. (пабудавана першая гразелячэбніца). Асн. лек. фактар — сульфідная мулавая гразь з вял. колькасцю вуглякіслых солей кальцыю і магнію і хларыдна-натрыевая рапа мясц. салёнага возера. Лячэнне імі ў спалучэнні з бальнеа- (штучныя мінер. ванны) і клімататэрапіяй (вельмі цёплае, сухое і сонечнае лета) эфектыўнае пры хваробах органаў руху і апоры, гінекалагічных, перыферычнай нерв. сістэмы.

т. 5, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РДАН ((Gordon) Рычард) (н. 5.10.1929, г. Сіэтл, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Вашынгтонскі ун-т (1951). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 12—15.9.1966 з Ч.​Конрадам здзейсніў палёт на касм. караблі «Джэміні-11» (двойчы выходзіў у адкрыты космас; агульны час 2 гадз 44 мін); 14—24.11.1969 з Конрадам і А.Бінам здзейсніў палёт да Месяца як пілот асн. блока касм. карабля «Апалон-12», на якім зрабіў 44 абароты вакол Месяца. Агульная працягласць палётаў 13,16 сут.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)