КАРМАВА́Я АДЗІ́НКА,

адзінка вымярэння і параўнання агульнай (энергет.) пажыўнасці кармоў. На Беларусі за К.а. прынята пажыўнасць 1 кг зерня аўса сярэдняй якасці. Агульную пажыўнасць кармоў разлічваюць па колькасці ў іх сырога пратэіну, тлушчу і клятчаткі, безазоцістых экстрактыўных рэчываў, страўнасці гэтых рэчываў, велічыні зніжэння пажыўнасці кармоў у залежнасці ад колькасці ў іх сырой клятчаткі. Паказчыкам энергет. пажыўнасці кармоў можа служыць таксама велічыня насычанасці іх абменнай энергіяй. На аснове К.а. разлічваюць нормы кармлення для с.г. жывёл (гл. Кармавая норма).

т. 8, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРСЕ́КА (Раман Міхайлавіч) (н. 1.5.1936, в. Ахрэмавічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1967), праф. (1992). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1957; цяпер Бел. дзярж. эканам. ун-т), працуе ў ім з 1965 (з 1979 прарэктар, з 1991 рэктар). Даследуе праблемы эканомікі і арганізацыі гандлю, развіцця вышэйшай эканам. адукацыі. Аўтар навук. дапаможнікаў для ВНУ «Арганізацыя гандлю» (1985), «Кіраванне працэсамі працы на прадпрыемствах гандлю» (1993, з М.​І.​Кабушкіным) і інш.

т. 8, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРУСЕ́ЛЬ (франц. carrousel),

1) збудаванне для язды па крузе на сядзеннях (у выглядзе конікаў, лодак і інш.), якія верцяцца вакол нерухомай восі. Звычайна ярка расфарбавана і ўпрыгожана. У Расіі вядома з пач. 18 ст. 2) Від коннага спаборніцтва, які замяніў рыцарскія турніры. Найчасцей суправаджаўся алегарычнымі танцамі і тэатр. прадстаўленнямі на гіст. сюжэты. Найб. пашырыўся ў Італіі і Францыі ў 17 ст., у Расіі вядомы ў 18 ст. К. у цырку — рух па арэне груп коней насустрач адна адной.

т. 8, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ТНІКАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (28.6.1930, Масква — 9.10.1994),

расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1993). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1953, клас В.Шабаліна). Сярод твораў: оперы «Тыль Уленшпігель» (1984), «Містэрыя апостала Паўла» (1986), балеты «Геолагі» (паст. 1963), «Ваніна Ваніні» паводле Стэндаля (паст. 1961), «Малы Цахес, празваны Цыноберам» паводле Э.Т.​А.​Гофмана (паст. 1970); «Пяць духоўных песнапенняў» (1970); 5 сімфоній (1950—69); камерна-інстр. ансамблі; канцэрт для духавых інструментаў (1968); фп. п’есы; апрацоўкі нар. песень; музыка да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў.

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЭФІЦЫЕ́НТ [ад лац. со (cum) з, разам + efficiens які ўтварае],

множнік, які звычайна выражаецца лічбамі. Калі здабытак складаецца з адной або некалькіх пераменных (ці невядомых) велічынь, тады К. пры іх наз. таксама здабытак усіх пастаянных, у т. л. і выражаных літарамі. Напр., для аднаскладаў ​1/2ab і 2ax К. з’яўляюцца ​1/2 і 2a адпаведна. Многія К. ў фіз. і матэм. законах маюць асобную назву, напр., вуглавы К., К. гаматэтыі, К. расшырэння, К. трэння і інш.

т. 8, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЙН ((Kane) Ілайша Кент) (3.2.1820, г. Філадэльфія, ЗША — 16.2.1857),

амерыканскі даследчык Арктыкі, урач. Удзельнічаў у 2 марскіх экспедыцыях, арганізаваных для пошукаў Дж.Франкліна. Прапанаваў гіпотэзу свабоднага ад лёду Палярнага м. на Пн ад прал. Сміта, куды, па яго меркаванні, маглі трапіць караблі экспедыцыі Франкліна. 1-я экспедыцыя (1850—51, кіраўнік — Э. Дэ Хавен) адкрыла п-аў Грынел, 2-я экспедыцыя (1853—55, кіраўнік К.) — бас. Кейна і прал. Кенэдзі, ледавік Гумбальта, Зямлю Вашынгтона (на ПнЗ Грэнландыі) і інш.

т. 8, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРУЛЕ́Н,

рака ў Манголіі і Кітаі. Даўж. 1264 км (з іх 1090 км у Манголіі), пл. бас. 116,4 тыс. км². Пачынаецца на ПдУ нагор’я Хэнтэй, у вярхоўях цячэ ў вузкай горнай даліне, у сярэднім і ніжнім цячэнні — у шырокай тэрасаванай даліне, рэчышчы са шматлікімі астравамі, старычнымі азёрамі і забалочанымі ўчасткамі. Упадае ў воз. Далайнор, якое ў мнагаводныя гады злучаецца пратокай з р. Аргунь (бас. р. Амур). Летнія паводкі. Выкарыстоўваецца для арашэння. На К. — г. Чайбалсан (Манголія).

т. 8, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛЯВЫ́Я ПТУ́ШКІ,

кілягрудыя (Carinatae), або лятаючыя (Volantes), надатрад птушак. Уключае большасць сучасных птушак. Каля 35 атр., больш за 8550 відаў. Пашыраны ва ўсім свеце.

Маюць кіль (грэбень уздоўж грудной косці для прымацавання грудных мышцаў, якія прыводзяць у рух крылы) і косці, напоўненыя паветрам. Ёсць копчыкавая косць (пігастыль). У адрозненне ад бескілявых птушак добра лятаюць (акрамя некат. пастушковых). Характэрны нармальна развітыя контурныя пёры з самкнутымі махаламі, добра развітыя махавыя і рулявыя. Апярэнне размешчана пераважна на пэўных участках скуры — птэрыліях.

т. 8, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІШЭ́ЧНАЯ ПА́ЛАЧКА, колібактэрыя (Escherichia coli),

грамадмоўная бактэрыя сям. энтэрабактэрый; адна з найб. звычайных прадстаўнікоў кішэчнай флоры млекакормячых. Мае форму палачкі з закругленымі канцамі (0,4—0,8 χ 1—3 мкм). Рухомая, факультатыўны анаэроб, споры не ўтварае. Зброджвае глюкозу, лактозу і інш. вугляводы. Выдзяляецца з фекаліямі. Прысутнасць К.п. ў пробах (напр., вады) сведчыць аб іх фекальным забруджванні. Патагенныя штамы К.п. — узбуджальнікі кішэчных хвароб — колібактэрыёзаў. Аб’ект мікрабіял. і малекулярна-генет. даследаванняў. Выкарыстоўваюць у, генет. інжынерыі для атрымання інтэрферону, інсуліну і інш.

т. 8, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАПЕЙРО́НА—КЛА́ЎЗІУСА ЎРАЎНЕ́ННЕ,

дыферэнцыяльнае ўраўненне, якое ўстанаўлівае сувязь паміж ціскам і т-рай чыстага рэчыва ў станах, што адпавядаюць фазавым пераходам I роду (выпарэнню, плаўленню, сублімацыі і інш.). Мае выгляд: dp / dT = r TΔV , дзе p — ціск, T — абс. т-ра, r — удзельная цеплата фазавага пераходу і ΔV — рознасць удзельных аб’ёмаў фаз рэчыва. Прапанавана ў 1834 Б.П.Э.Клапейронам і ўдасканалена ў 1850 Р.Ю.Э.Клаўзіусам. Можа выкарыстоўвацца для вызначэння кожнай з велічынь, што ў яго ўваходзяць.

т. 8, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)