1) сукупнасць працягла існуючых прыродных ільдоў на зямной паверхні і ў прыпаверхневым слоі. Асноўныя тыпы З.: наземнае (ледавікі горныя і покрыўныя), марское (скопішча льдоў на паверхні акіянаў і мораў у выглядзе аднагадовых і шматгадовых мас) і падземнае (вечная мерзлата).
Агульная пл.ледавікоў Зямлі каля 16,1 млн.км² (11% пл. сушы), агульны аб’ём — каля 30 млн.км³. Працяг ледавіковых покрываў — плывучыя шэльфавыя льды ў Антарктыдзе. Ад іх адколваюцца плывучыя глыбы (айсбергі). Агульная пл. сучасных ледавіковых покрываў 14,4 млн.км², з іх 85,3% складаюць наземныя покрывы Антарктыды, 12,1% — Грэнландыі, 2,1% — астатнія. Падземнае З. (шматгадовая мерзлата) — тоўшча горных парод з адмоўнай т-рай, якая захоўваецца працяглы (да тысячагоддзяў) час. У выніку дзейнасці ледавікоў і водных патокаў, што ўзнікаюць пры раставанні льдоў, на сушы ўтвараецца характэрны комплекс ледавіковых адкладаў. Утварэнні, перанесеныя айсбергамі і адкладзеныя ў моры, з’яўляюцца ледавікова-марскімі (марынагляцыяльнымі). Па паходжанні ў ледавіковым рэльефе адрозніваюць формы: экзарацыйныя («барановыя лбы», лагчыны ледавіковага выворвання і інш. — на раўнінах; трогі, кары, рыгелі — у гарах), ледавікова-акумулятыўныя (марэнныя раўніны, узгоркі і грады) і водна-ледавіковыя (зандравыя раўніны, тэрасы і інш.).
2) Значнае пашырэнне масы і плошчы ледавікоў, якое звязана са зменай клімату і паўтаралася ў гісторыі Зямлі неаднаразова. Вылучаюцца ледавіковыя перыяды, эпохі, стадыялы.
З. выяўлены ў раннім пратэразоі (Паўн. Амерыка), познім рыфеі (Афрыка і Аўстралія), вендзе (Еўропа, Азія і Паўн. Амерыка), ардовіку (Афрыка), у канцы карбону — пачатку пярмі на гіпатэтычным мацерыку Гандвана ў Паўд. паўшар’і (сляды знойдзены ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі, Індастане). У плейстацэне (ранні антрапаген) вялізныя ледавіковыя покрывы пашыраліся на значнай частцы Еўропы, Паўн. Азіі, Паўн. Амерыкі. Ад іх захаваліся адклады і ледавіковыя формы рэльефу, якія сведчаць пра шматлікасць зледзяненняў чацвярцічнага ледавіковага перыяду. У кожнай краіне вылучаецца неаднолькавая колькасць З. пад рознымі назвамі.
На Беларусі пашыраны адклады вендскага З. (тыліты вільчанскай серыі) і 5 антрапагенавых З. Гл.Антрапагенавая сістэма (перыяд). Гіпотэзы З.: ваганні сонечнай актыўнасці, змена нахілу зямной восі да плоскасці экліптыкі, змена размяшчэння сушы і мора, гораўтваральныя працэсы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНА́КІ МАТЭМАТЫ́ЧНЫЯ,
умоўныя абазначэнні (сімвалы), якімі карыстаюцца для запісу матэм. паняццяў, суадносін, выкладак і ніш. Напр., выраз «лік тры большы за лік два» з дапамогай З.м. запісваецца як 3 > 2.
Развіццё матэм. сімволікі цесна звязана з агульным развіццём паняццяў і метадаў матэматыкі. Першымі З.м. былі лічбы — знакі для абазначэння лікаў; мяркуюць, што яны папярэднічалі ўзнікненню пісьменнасці. З.м. для абазначэння адвольных велічынь з’явіліся 5—4 ст. да н.э. ў Грэцыі. Напр., плошчы, аб’ёмы, вуглы адлюстроўваліся адрэзкамі, а здабыткі велічынь — прамавугольнікамі, пабудаванымі на такіх адрэзках. У «Асновах» Эўкліда (3 ст. да н.э.) велічыні абазначаюцца дзвюма літарамі — пачатковай і канцавой літарамі адпаведнага адрэзка, а часам і адной. Пачаткі літарнага абазначэння і злічэння ўзніклі ў познаэліністычную эпоху (Дыяфант; верагодна 3 ст.) пры вызваленні алгебры ад геам. формы. Сучасная алг. сімволіка створана ў 14—17 ст.; яе развіццё і ўдасканаленне спрыяла ўзнікненню новых раздзелаў матэматыкі (гл.напр., Аперацыйнае злічэнне, Варыяцыйнае злічэнне, Тэнзарнае злічэнне) і матэм. логікі (Алгебра логікі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫЯ АНСА́МБЛІ,
устойлівыя групы народных музыкантаў, аб’яднаных сумесным выкананнем. Вядомы многім народам свету. Нар. вызначэнні на Беларусі — музы́кі, музы́ка, капэла, кампанія, гурт, скамарохі, вясёлыя людзі (вясельныя музыканты). Ансамблевая ігра, якая суправаджала многія каляндарныя і сямейныя абрады, нар. святкаванні (бяседы, вечарынкі), — адна з даўніх форм бел.нар. выканальніцтва. Традыцыйныя ансамблі звычайна невял. складу (2—4 інструменты). Некаторыя з папулярных у мінулым інстр. складаў (дуда і скрыпка, скрыпка і вугольнік, скрыпка і басэтля, 3 скрыпкі і інш.) зніклі. У наш час існуюць ансамблі з інструментаў адной групы (т. зв. «струнная музыка» — 2 скрыпкі, скрыпка і балалайка, скрыпка і цымбалы) і розных (скрыпка і бубен, гармонік і скрыпка, скрыпка і кларнет, гармонік і цымбалы; цымбалы, гармонік, скрыпка і турэцкі барабан і інш.). У цэнтр. і зах. раёнах Беларусі пашыраны ансамблі большага складу — «аркестры» (скрыпкі, гармонік, балалайка, кларнет, барабан і бразготка; скрыпкі, цымбалы, баян, кларнет, бубен і інш.). Існуюць нар. духавыя аркестры, якія часцей трапляюцца ў невял. гарадах. пасёлках, вял. вёсках і абслугоўваюць значную тэрыторыю. Іх рэпертуар уключае вясельныя маршы, традыц. і сучасныя танцы і песні. У ансамблі дакладна вызначаны функцыі кожнага выканаўцы: напр., у ансамблі з 2 скрыпак і бубна 1-ы скрыпач «трымае вярхі», другі «туруе» (суправаджае), бубніст «паддае тахціку» (адбівае такт), «выбівае рытм»; у ансамблі са скрыпкі і цымбалаў скрыпач «вядзе матыў», цымбаліст спалучае меладычна-падгалосачную, рытмічную і гарманічную функцыі. У Н.і.а. рэалізуюцца розныя прынцыпы спалучэння ансамблевых галасоў — поліфанічны (падгалосачнага, кантрастнага відаў) і гамафонна-гарманічны з элементамі скрытай поліфаніі, што фарміраваліся ў залежнасці ад мясц. традыцый песенна-хар. шматгалосся, тыпу ансамбля і жанру музыкі. У апошні час назіраецца тэндэнцыя да значнай рухомасці ансамблевых складаў, абумоўленая знікненнем многіх традыц. інструментаў, актыўным асваеннем нар. музыкантамі новых (баяна, акардэона, саксафона, электрагітары), спалучэннем у адным ансамблі традыц. інструментаў з прафесійнымі (напр., гармонік, труба, бубен), увядзеннем у склад нар. духавога аркестра скрыпкі і гармоніка, пашырэннем мяшаных вак.-інстр. ансамбляў.
Літ.:
Назіна І.Дз. Беларускія народныя музычныя інструменты. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРА́ЛЬНЫЯ ЛАДЫ́,
група дыятанічных ладоў (гл.Дыятоніка). Уключае поўныя і няпоўныя лідыйскі, іанійскі (натуральны мажор), міксалідыйскі, дарыйскі, эалійскі (натуральны мінор), фрыгійскі, лакрыйскі (зрэдку), а таксама ўсе віды пентатонікі. Ступені ў Н.л. знаходзяцца ў суадносінах, уласцівых гукам асн.гукараду, у адрозненне ад ладоў са змененымі асн. ступенямі (гл.Альтэрацыя, Храматыка). Назвы Н.л. запазычаны ў сярэднявеччы са стараж.-грэч. тэорыі музыкі, але структура Н.л. і стараж.-грэч. не супадае. Н.л. адрозніваюцца адзін ад аднаго індывідуальна спецыфічным гучаннем, аднак для лідыйскага, іанійскага, міксалідыйскага характэрна мажорнае нахіленне, для дарыйскага, эалійскага, фрыгійскага — мінорнае (гл. нотны прыклад; схема І.Спасобіна). Уласцівы муз. фальклору многіх народаў (бел.нар. музыцы характэрны іанійскі, эалійскі, міксалідыйскі, пентатонавыя лады, трапляюцца дарыйскі, фрыгійскі, значна радзей — лідыйскі, лакрыйскі), пад яго ўплывам увайшлі ў сярэдневяковыя манодыі, стараж.-рус. і бел. культавую музыку, з 17 ст. — у зах.-еўрап. і рус. кампазітарскую творчасць. Н.л. шырока прадстаўлены ў рус. і зарубежнай музыцы 19—20 ст. (М.Мусаргскі, М.Рымскі-Корсакаў, І.Стравінскі, Б.Бартак, Э.Грыг, К.Дэбюсі), сав. кампазітараў (М.Мяскоўскі, С.Пракоф’еў, Г.Свірыдаў, Ю.Шапорын, Дз.Шастаковіч). Сярод бел. кампазітараў Н.л. выкарыстоўвалі Л.Абеліёвіч, М.Аладаў, А.Багатыроў, С.Бельцюкоў, Я.Глебаў, В.Залатароў, П.Падкавыраў, В.Помазаў, Ф.Пыталеў, Дз.Смольскі, Р.Сурус, Я.Цікоцкі, Л.Шлег і інш.
Ва ўсх.нар. музыцы ў процілегласць еўрапейскай Н.л. не дыятанічныя, што дае падставу для больш шырокага сучаснага разумення іх у музыцы з уключэннем у сэнс тэрміна і недыятанічных сістэм (напр., сучаснай 12-ступеннай сістэмы).
Літ.:
Способин И.В. Лекции по курсу гармонии М., 1969;
Тюлин Ю.Н. Натуральные и альтерационные лады. М., 1971;
Холопов Ю.Н. Проблемы диатоники и хроматики // Сов. музыка. 1972. № 10;
Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;
Дубкова Т.А. Натуральналадавыя сродкі ў творчасці беларускіх кампазітараў // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1964. №4;
Юденич Н Народная ладовая гармония в творчестве белорусских композиторов // Музыка и жизнь. Л.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ ВЫЗВАЛЕ́ННЕ,
сацыяльна-паліт. працэс і вынік барацьбы супраць нац., эканам., паліт. і інш. прыгнёту за дасягненне незалежнасці (суверэнітэту) і стварэння самаст.нац. дзяржаўнасці. Праяўленні барацьбы за Н.в. вядомы здаўна (напр., барацьба паўд. славян супраць тур. панавання), аднак яе пашырэнне звязана з развіццём капіталізму, фарміраваннем нацый і нац. культур, стварэннем нац. дзяржаў у Зах. Еўропе і Паўн. Амерыцы (Нідэрландская буржуазная рэвалюцыя, вайна за незалежнасць у ЗША). Найбольшыя маштабы Н.в. мела ў 20 ст., калі яно набыло глабальны характар і прывяло да краху шматнацыянальных калан. імперый. Нац. незалежнасць заваявалі Кітай. Індыя, Інданезія, Пакістан, інш. краіны Азіі, Афрыкі, Лац. Амерыкі. Н.в. ажыццяўляецца ў форме нац.-вызв. рэвалюцыі, якая часта набывае характар шматгадовай узбр. барацьбы супраць замежных прыгнятальнікаў (напр., у Кітаі), ці ў форме мірнага эвалюцыйнага руху ў кірунку незалежнасці, калі ў канчатковым выніку ўлада перадаецца нац. ўраду мірным шляхам, як гэта адбылося ў Індыі. Н.в. з’яўляецца вынікам барацьбы, складанага ўзаемаперапляцення этнанац., паліт., сац., рэліг., сацыякультурных і інш. грамадскіх сіл. што складаюць масавую базу гэтага працэсу. Узначальваць рух за Н.в. могуць розныя супольнасці і арг-цыі: нац.-бурж., рэв.-дэмакр., сацыяліст., феад.-манархічныя і інш. Значны ўклад у фарміраванне бел.нац. ідэі і асэнсавання неабходнасці барацьбы за Н.в. зрабілі сваёй творчасцю Т.Нарбут, Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч і інш. Важнай вяхой у барацьбе бел. народа за Н.в. з’явілася паўстанне пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага і выданне ім нелегальнай рэв.-дэмакр.газ. «Мужыцкая праўда», у якой выяўлены асн. арыенціры нац.-вызв. барацьбы бел. народа. Істотны ўклад у Н.в. беларусаў зрабіла ў 1906—15 газ. «Наша ніва», актыўная дзейнасць плеяды класікаў бел. л-ры, грамадска-паліт. дзеячаў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Пашкевіч, А.Гаруна, Ц.Гартнага, М.Гарэцкага і інш.Нац.-вызв. барацьба бел. народа прывяла да абвяшчэння ў 1918 Бел.Нар. Рэспублікі, у 1919 — БССР, у 1991 — Рэспублікі Беларусь як незалежнай, суверэннай і самаст. дзяржавы. Гл. таксама Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, Нацыянал-дэмакратызм, Нацыянальнае самавызначэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРАЛІНГВІ́СТЫКА,
навука, што склалася на стыку псіхалогіі, неўралогіі і лінгвістыкі (гл.Мовазнаўства); вывучае мазгавыя механізмы моўнай дзейнасці і змены ў моўных працэсах пры лакальных паражэннях мозга. Эпізадычныя назіранні афазіі (парушэнні маўленчых паводзін) вяліся ўжо ў сярэднявеччы. Сістэм. вывучэнне пачалося ў 1861 (праца франц. анатама П.Брака па маторнай афазіі). У слав. лінгвістыцы адным з першых цікавасць да фактаў маўленчай паталогіі праявіў І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ («З паталогіі і эмбрыялогіі мовы», 1885). Ідэі Н. развіваліся ў працах Л.Блумфілда, В.Дарашэўскага, А.Р.Лурыі, Р.В.Якабсона і інш., дзе яе аб’ектам сталі не толькі афазіі, а моўныя паводзіны чалавека ў цэлым. Пры гэтым мова разглядаецца як сістэмная функцыя, а афазія — як сістэмнае парушэнне, звязанае з дэфектамі і функцыян. пабудовай работы мозга па кампенсацыі парушанай функцыі. Клінічныя назіранні дазволілі выявіць пашкоджанні асн. тыпаў нерв. структур, звязаных з моўным механізмам: маторная, сенсорная, семантычная і дынамічная афазіі, агнозіі, апраксіі і дызартрыі. Асн. метад даследаванняў у Н. — назіранні над маўленчымі паводзінамі хворага ў розных умовах: пераказы тэкстаў, расказы, чытанне, пісьмо, выкарыстанне розных тэстаў і інш. Па меры паглыблення навукі і ўдасканалення тэхн. сродкаў, інструментаў і рэактываў для назірання за мозгам узніклі новыя метады. З 2-й пал. 20 ст. Н. — адзін з аспектаў комплекснага вывучэння знакавых паводзін чалавека, структуры свядомасці, ступеней яе свабоды, суадносін фундаментальных прынцыпаў і ўласцівасцей самога чалавека і яго свядомасці і інш. Сучасная Н. аб’ядноўвае ў адной навук. парадыгме фундаментальныя прынцыпы і катэгорыі розных навук — мовазнаўства, нейрапсіхалогіі, нейрафізіялогіі, біялогіі, фізікі, псіхалогіі, псіхалінгвістыкі, філасофіі, матэматыкі, касмалогіі і інш. Даследаваная ў Н. структура слова і мовы ўключае ўсе вядомыя фундаментальныя іх элементы і структурныя ўласцівасці, дакладна адлюстроўвае будову мозга і асаблівасці ажыццяўлення мыслення ў ім, дае ўяўленне пра структуру свядомасці, тлумачыць структурнае падабенства генет. кода і прыроднай мовы, знаходзіць сваё пацвярджэнне ў асаблівасцях структуры планет, галактык, электрамагнітных і гравітацыйных узаемадзеянняў і інш.
Літ.:
Лурия А.Р. Основные проблемы нейролингвистики. М., 1975;
Гируцкий А.А., Гируцкий И.А. Основы нейролингвистики Мн., 1998;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОРФ ((Orff) Карл) (10.7.1895, г. Мюнхен, Германія — 29.3.1982),
нямецкі кампазітар, педагог. Чл. Баварскай АМ (1950), Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме (1957). Скончыў Акадэмію муз. мастацтва ў Мюнхене (1914). З 1915 капельмайстар драм. т-раў. У 1924 заснаваў у Мюнхене (разам з Д.Гюнтэр) Школу гімнастыкі, танцаў і музыкі, на вопыце якой стварыў сусветна прызнаную сістэму муз. выхавання дзяцей, распрацаваў новы тып муз. інструментарыя. У 1950—60 праф. Вышэйшай муз. школы ў Мюнхене. У 1930-я г. разам з муз. этнографам К.Губерам збіраў і апрацоўваў баварскія нар. песні і танцы, што адбілася на стылістыцы яго музыкі. Асн. галіна творчасці — муз.-сцэн. творы (каля 15, большасць на ўласныя тэксты), для якіх характэрны прастата муз. мовы, сувязь з сучаснай тэатр. драматургіяй і дэмакр. традыцыямі зах.-еўрап.тэатр. мастацтва. Распрацоўваў новы тып муз. спектакля, якому ўласцівы цесная сувязь музыкі, тэксту і сцэн. руху. Сярод твораў: «Карміна Бурана» (сцэн. кантата, паст. 1937; у 1983 паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі), «Месяц» (паст. 1939) і «Разумніца» (паст. 1943; абедзве «муз. п’есы»), «Катулі карміна» (сцэн. кантата, паст. 1943), «Бернаўэрын» (муз.-драм. п’еса, паст. 1947), «Антыгона» (паст. 1949), «Цар Эдып» (паст. 1959; абедзве трагедыі Сафокла), «Трыумф Афрадыты» (сцэн. канцэрт, паст. 1953), «Камедыя пра ўваскрэсенне Хрыста» (паст. 1957), «Гульня пра нараджэнне дзіцяці» (паст. 1960, абедзве містэрыі), «Сон у летнюю ноч» (п’еса У.Шэкспіра, паст. 1964), «Праметэй» (трагедыя Эсхіла, паст. 1968), «Камедыя пра канец часу» (містэрыя, паст. 1973); сцэн. трыпціх «Плачы» (паводле твораў К.Мантэвердзі, 1940, паст. 1958), кантаты (каля 10), гімны для хору з суправаджэннем, інстр. п’есы і інш. Аўтар працы «Музыка для дзяцей» (т. 1—5, 1950—54). У 1961 адкрыты Ін-т Орфа (Ін-тмуз. выхавання пры Вышэйшай школе музыкі і сцэн. мастацтва «Моцартэум»; Зальцбург, Аўстрыя). Нац. прэмія ГДР 1949.
Літ.:
Леонтьева О. К.Орф. М., 1984;
Яе ж. Орф // Музыка XX в.: Очерки. М., 1984. Ч. 2, кн. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРЫТАНАСЕ́ННЫЯ, кветкавыя расліны (Magnoliophyta, або Angiospermae),
аддзел вышэйшых раслін, якія маюць кветку. 2 класы (аднадольныя і двухдольныя), больш за 450 сям., каля 12,5 тыс. родаў і каля 250 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 112 сям., 560 родаў, каля 1500 відаў; таксама інтрадукавана больш за 6 тыс. відаў, форм і сартоў раслін. Прадстаўлены дрэвамі, кустамі, травамі, наземнымі, воднымі, эпіфітамі, сапратрофамі, паразітамі, насякомаеднымі раслінамі. У параўнанні з інш. вышэйшымі раслінамі П. маюць больш дасканалую анат. будову: у ксілеме — сапраўдныя сасуды-трахеі, у флаэме (лубе) — клеткі-спадарожніцы. Семязародкі (семязавязі) размешчаны ў поласці завязі. Гаметафіты спрошчаныя і развіваюцца хутчэй за голанасенныя. Характэрная асаблівасць П. — двайное апладненне (адзін з 2 сперміяў зліваецца з яйцаклеткай, а другі — з 2 палярнымі ядрамі зародкавага мяшка). Пасля апладнення развіваецца зародак, заключаны ў семя, якое знаходзіцца ў плодзе (адсюль назва). З-за адсутнасці пераканаўчых выкапнёвых продкавых форм П. няма агульнапрынятай гіпотэзы аб іх паходжанні і эвалюцыі. Першаснымі П. былі, верагодна, дрэвавыя расліны з вечназялёным лісцем і двухполымі кветкамі. Эвалюцыя ішла шляхам шырокай адаптыўнай радыяцыі вельмі хуткімі тэмпамі. Самыя стараж. выкапнёвыя рэшткі адносяць да раннемелавога перыяду, але дзякуючы высокай эвалюц. пластычнасці ў сярэдзіне мелавога перыяду П. займаюць дамінуючае становішча. Вял. ролю ў іх эвалюцыі і рассяленні адыгралі насякомыя-апыляльнікі. П. — адзінкавая група раслін, якая ўтварае складаныя шмат’ярусныя згуртаванні, што спрыяе больш інтэнсіўнаму выкарыстанню навакольнага асяроддзя і асваенню новых мясцін існавання. Самая важная для чалавека група раслін. Харч., лек., карм., тэхн., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКАЯ МАСТА́ЦКАЯ САМАДЗЕ́ЙНАСЦЬ,
творчасць аматараў мастацтва, што разгарнулася на акупіраванай тэр. Беларусі ў гады Вял.Айч. вайны ў партыз. атрадах, брыгадах, злучэннях на тэр.партызанскіх зон. Садзейнічала выхаванню патрыятызму і мабілізоўвала на барацьбу з ворагам. Калектывы маст. самадзейнасці партызан існавалі ў форме агітбрыгад, агітатрадаў, маст. ансамбляў, ансамбляў песні і танца, партыз. джаз-аркестраў і інш. У праграмах іх выступленняў былі песні, прыпеўкі, танцы, байкі, вершы, сатыр. сцэнкі, урыўкі з драм. п’ес, акрабатыка. Першы вядомы канцэрт адбыўся ў Гомельскім партыз. атрадзе ў вер. 1941. У многіх партыз. калектывах узнікалі песні, створаныя мясц. аўтарамі — паэтамі і музыкантамі (вядома больш за 20 аўтараў напеваў і каля 60 аўтараў паэт. тэкстаў).
Найб. значныя калектывы: Агітатрад імя А.М.Горкага, Лідскі партыз.т-р [агітбрыгада маст. самадзейнасці Лідскага падп. гаркома і райкома КП(б)Б пад кіраўніцтвам Я.Д.Гапеева (маст. кіраўнікі М.Шчансновіч, Г.Ананьева)], агіткалектывы 1-й Мінскай партыз. брыгады, 12-й кавалерыйскай партыз. брыгады імя Сталіна, 277-га партыз. атрада, 300-й партыз. брыгады імя К.Я.Варашылава, 537-га партыз. палка, 760-га партыз. атрада імя М.Беразоўскага, атрада імя Г.К.Жукава, камсамольска-маладзёжнага дыверсійнага атрада імя М.Ф.Гастэлы, партыз. брыгад «Аляксея», «Дзядзькі Колі», імя газ. «Правда», імя Г.К.Жукава, імя С.М.Кароткіна, імя С.М.Кірава, «Полымя», штаба Мінскага партыз. злучэння. Дзейнічалі шматлікія агіткалектывы партыз. брыгад і атрадаў Мінскай, Палескай, Пінскай абл.
У 1943 амаль усе буйныя партыз. брыгады і асобныя атрады мелі самадз. агіткалектывы. Вядомы таксама калектывы маст. самадзейнасці цывільнага насельніцтва ў партыз. зонах (гурток у в. Карпілаўка Лагойскага р-на Мінскай вобл., маст. кіраўнік — настаўніца М.Васілевіч з брыгады «Штурмавая» і інш.). Буйнейшы партыз. агіткалектыў — агітатрад імя А.М.Горкага пасля вайны працаваў пад наз.Партыз. ансамбль Вілейскай вобл., у 1945 рэарганізаваны ў прафес.Маладзечанскі абласны ансамбль песні і танца.
Літ.:
Петрович С. Лесные артисты // Клуб и художествен. самодеятельность. 1967. № 11;
Титов А. Дорога дружбы. Мн., 1958;
Николаев А.С., Ягодинский Ф.Г. Лесные артисты // Люди нарочанского края. Мн., 1975;
Сченснович Н.И. Записки актера и партизана. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́ДЫ АЛЬГЕ́РДА НА МАСКВУ́ 1368—72,
шэраг войнаў ВКЛ супраць Маскоўскага вял. княства, выкліканых саперніцтвам паміж гэтымі дзяржавамі за паліт. гегемонію ў рэгіёне, у т. л. за ўплыў на Цвярское княства. У жн. 1368 вял.кн. маскоўскі Дзмітрый не прызнаў пераход велікакняжацкай улады да цвярскога кн.Міхаіла Аляксандравіча (брата жонкі Альгерда Ульяны), прыхільніка ўмацавання дзярж. самастойнасці Цверы і збліжэння яго з ВКЛ, што вымусіла яго ўцячы ў ВКЛ. Увосень 1368 войскі Альгерда пры падтрымцы Смаленска разбілі маск. войскі ў Тросненскай бітве 1368 і падступілі да Масквы. Аблога была беспаспяховай, але ўлада Міхаіла над Цвярскім княствам была адноўлена, а ў склад ВКЛ уключаны г. Ржэў. У жн. 1370 маск. войскі зноў напалі на Цвер, і Міхаіл Аляксандравіч у чарговы раз уцёк у ВКЛ, потым у Арду. Каб захаваць Цвер як процівагу Маскве, Альгерд у ліст. 1370 пачаў 2-і паход. I на гэты раз аблога Масквы (8—16 снежня) была няўдалай. У выніку заключана перамір’е да 29.6.1371. Для заключэння трывалага міру ў чэрв. 1371 Альгерд накіраваў у Маскву пасольства, якое дамовілася падоўжыць перамір’е да 26.10.1371. Аднак вясной 1372 Масква пачала падрыхтоўку да паходу на Цвер. Каб прадухіліць яго, 7.4.1372 войскі ВКЛ на чале з Кейстутам і Андрэем Альгердавічам напалі на г. Пераяслаўль-Залескі, разам з цвярскім войскам учынілі паход на спрэчныя паміж Цвер’ю і Масквой г. Кашын і Таржок. Войскі ВКЛ на чале з Альгердам 12.7.1372 злучыліся каля г. Любуцка з цвярскім войскам для 3-га паходу на Маскву. Туды ж падышлі асн. сілы маск. войска. Не маючы дастаткова сіл, каб схіліць ваенны поспех на свой бок, у сярэдзіне ліпеня ВКЛ, Цвер і Масква падпісалі Любуцкі дагавор 1372. У выніку паходаў Альгерда было праведзена размежаванне сфер уплыву паміж ВКЛ і Масквой; ваенныя дзеянні паміж якімі не вяліся да 1406.
Літ.:
Белы А. «Краіна вытокаў» // Спадчына. 1993. № 3;
Клюг Э. Княжество Тверское (1247—1485 гг.): Пер. с нем. Тверь, 1994.