МАГНІТАСТРЫ́КЦЫЯ (ад магніт + лац. strictio сцісканне, нацягванне),

змена памераў і формы цела пры намагнічванні. Выяўлена для жалеза Дж.П.Джоўлем у 1842. Адлюстроўвае ўзаемасувязь падсістэм атамных магнітных момантаў і крышталічнай рашоткі; уласціва ўсім рэчывам.

Тлумачыцца тым, што ўзаемадзеянні, якія вызначаюць магн. стан крышталя, залежаць ад адлегласці паміж атамамі (ці іонамі). Змены магн. стану пры зменах магн. поля, т-ры, пругкіх напружанняў і інш. вядуць да зрушэння атамаў і іонаў ад стану раўнавагі і тым самым да дэфармацыі цела. Характарызуецца адноснай зменай лінейных памераў цела λ = Δl/l (лінейная М.) або аб’ёму (аб’ёмная М.) і залежыць ад напрамку вымярэння адносна знешняга магн. поля. Пры вымярэннях уздоўж поля М. наз. падоўжнай, перпендыкулярна полю — папярочнай, напр., у фера- і ферымагнетыках λ дасягае 10​−2, у антыфера-, пара- і дыямагнетыках — да 10​−6. Гл. таксама Магнітастрыкцыйныя матэрыялы.

Літ.:

Белов К.П. Магнитострикционные явления и их технические приложения. М., 1987.

Г.​І.​Макавецкі.

т. 9, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́МАНТ (Mammuthus primigenius),

вымерлае млекакормячае сям. сланоў атр. хобатных. Жыў у сярэднім і познім плейстацэне, быў пашыраны ў тундры і стэпах Еўропы, Паўн. Азіі і Паўн. Амерыкі. Нагадваў сучаснага інд. слана. На Беларусі рэшткі знойдзены больш чым у 200 месцах (найб. — у бас. рэк Дняпро і Сож, таксама на тэр. Мінска). Вымер каля 10 тыс. г. назад. У мёрзлым грунце Аляскі і Сібіры знаходзяць М., у якіх захаваліся мяккія тканкі, скура, поўсць, рэшткі корму ў страўніку. Выкапнёвыя рэшткі выкарыстоўваюць пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.

Даўж. да 4 м, выш. каля 3,5 м, маса да 7 т. Поўсць доўгая, густая, бурая або рыжаватая. Відазмененыя разцы (біўні) выгнутыя, даўж. да 4,5 м, маса кожнага да 120 кг. Зубы (у дарослых было 4) складаліся з тонкіх дэнцінава-эмалевых пласцінак і на працягу жыцця (70—80 гадоў) мяняліся 6 разоў. Расліннаедныя. Былі аб’ектам палявання чалавека каменнага веку.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЬКО́ЎСКІ (Ігнат Антонавіч) (каля 1765, Віцебшчына — 11.1.1832),

бел. публіцыст. З 1783 на дзярж. службе — саветнік Бел. губернскага праўлення, віцебскі губернскі пракурор, віцэ-губернатар. З 1817 у адстаўцы, жыў у сваім маёнтку Мілае каля Віцебска Супрацоўнічаў у рус. часопісах. У «Пісьме з Віцебска» («Сын Отечества», 1813) асуджаў агрэсію Напалеона, услаўляў гіст. подзвіг народаў Расіі ў вайне 1812. У 1831 узнаг. залатым медалём Вольнага эканам. т-ва ў Пецярбургу за конкурсны твор «Адказ на задачу, прапанаваную імператарскім Вольным эканамічным таварыствам: «Якім чынам лёгка і танна выправіць сялянскія пабудовы або зрабіць у іх карысныя ўдасканаленні?» (выд. 1833), у якім патрабаваў паляпшэння быт. умоў сялян, выказваў каштоўныя думкі па пытаннях сельскай гаспадаркі, аховы прыроды. Публіцыстыка М. вылучаецца эмацыянальнасцю, спавядальнасцю, шырынёй кругагляду. Мяркуюць, што пісаў і па-беларуску, некат. даследчыкі лічаць яго аўтарам «Энеіды навыварат».

Літ.:

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАС-СПЕКТРО́МЕТР,

прылада для раздзялення з дапамогай эл. і магн. палёў пучкоў іанізаваных атамаў, малекул ці інш. часціц з рознымі адносінамі масы m часціцы да яе эл. зараду e. Распрацаваны амер. фізікам А.​Дэмпстэрам (1918) і ўдасканалены Ф.У.Астанам (1925).

Бывае статычны, дзе форма траекторыі часціцы ў пастаянных (у часе) палях залежыць ад m/e, і дынамічны, дзе велічыня m/e вызначаецца па перыядзе ваганняў часціцы ў пераменным эл. або магн. полі, па рэзанансных частотах ці інш. спосабам. Рэгістрацыя часціц ажыццяўляецца эл. метадамі, напр., лічыльнікам іонных токаў, а таксама з дапамогай прыстаўкі з фотапласцінкамі (мас-спектрограф; распрацаваны Ф.​У.​Астанам у 1919). Па атрыманым мас-спектры вызначаюцца маса і канцэнтрацыя кампанентаў у даследуемым рэчыве. Выкарыстоўваецца ў эксперым. фізіцы, касм. даследаваннях, хіміі, біялогіі, геалогіі, ядз. тэхніцы і інш.

Схема мас-спектрометра Дэмпстэра: 1, 4 — дыяфрагмы; 2 — цыліндр Фарадэя; 3 — вакуумная камера; 5 — крыніца іонаў; R — радыус цэнтральнай арбіты іонаў.

т. 10, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАУ́Р’Я,

дынастыя цароў стараж.-інд. дзяржавы Магадха ў 4—2 ст. да н.э. Засн. Чандрагуптам, які пасля адыходу грэч. войск захапіў да 317 да н.э. ўладу ў Пенджабе. Паводле мірнага дагавора з Селеўкам I Нікатарам да дзяржавы М. адышлі раёны сучасных Белуджыстана і Усх. Афганістана. Пры сыне Чандрагупты — Біндусары [каля 293—268 да н.э.] заваяваны некат. вобласці Паўд. Індыі. М. імкнуліся да стварэння сістэмы моцнага цэнтралізаванага кіравання. Пры Ашоку [каля 265—232 да н.э.] дзяржава М. ўключала амаль усю Паўн. і Паўд. Індыю, Белуджыстан і Афганістан. У канцы праўлення Ашокі пачаўся заняпад дзяржавы, якая пасля яго смерці падзялілася на 2 часткі. У пач. 2 ст. паўн.-зах. ўладанні М. заваяваны Грэка-Бактрыйскім царствам. Апошні з М. скінуты ў 187 або 185 да н.э. сваім военачальнікам Пуш’ямітрам, які заснаваў дынастыю Шунгаў.

Літ.:

Антонова К.А., Бонгард-Левин Г.М., Котовский Г.Г. История Индии. 2 изд. М., 1979.

т. 10, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЫ́НА (араб. Медынат-Расул-Алах або Медынат-ан-Набі — горад прарока),

горад на З Саудаўскай Аравіі, у аазісе. Больш за 500 тыс. ж. (1997). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Другі (пасля Меккі) свяшчэнны горад і месца паломніцтва мусульман (штогод каля 2 млн. чал.): грабніцы заснавальніка ісламу Мухамеда, яго дачкі Фатымы, першых арабскіх халіфаў у мячэці Харам (7—8 ст., перабудавана ў 19 ст.). Абслугоўванне паломнікаў, вытв-сць прадметаў рэліг. культу. Мусульм. ун-т.

У дамусульманскі перыяд вядома пад назвай Ясрыб (Ятрыб). У 622 сюды пераехаў Мухамед, пакінуўшы Мекку (гл. Хіджра), з гэтага часу наз. М. Стала другім пасля Меккі свяшчэнным горадам ісламу. У 632—656 сталіца араб. халіфата. Пры Амеядах і Абасідах адм. ц. Хіджаза. З 10 ст. пад уладай егіп. дынастый. З 1517 у складзе Асманскай імперыі. З 1804 пад уладай вахабітаў, у 1916—24 — караля Хіджаза, пазней далучаны да Саудаўскай Аравіі.

т. 10, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕМБРА́НА (лац. membrana скурка, перапонка),

1) у тэхніцы — тонкая гнуткая пласцінка (плёнка), звычайна замацаваная па перыметры. Прызначана раздзяляць 2 поласці з рознымі ціскамі або аддзяляць замкнёную поласць ад агульнага аб’ёму.

Бываюць плоскія, гафрыраваныя, інш. складанага профілю; метал. (з сталі, фольгі, элінвару, бронзы) і неметал. (з гумы, скуры, пластмасы і інш.) Выкарыстоўваюцца ў мех. гуказапісвальных і гукаўзнаўляльных апаратах (мікрафонах, тэлефонах), як адчувальныя элементы (у мембранных цягамерах, дыфманометрах), для ўшчыльнення (у мембранных помпах, вакуумных клапанах і інш.).

2) У тэорыі пругкасці — замацаваная па контуры бясконца тонкая плёнка, модуль пругкасці якой у перпендыкулярным да паверхні напрамку роўны нулю. Такая М. з’яўляецца пругкай сістэмай, выкарыстоўваецца як нясучы элемент у мембранных вісячых сістэмах. У прыблізных разліках прымаецца нерасцяжнай.

3) М. біялагічныя — структуры, што забяспечваюць цэласнасць клетак і арганел. Гл. Біялагічныя мембраны.

4) Крыніца гуку ў некаторых муз. інструментах: нацягнутая на рэзанатар скура, сінт. плёнка і інш. Гл. таксама Мембранныя метады раздзялення.

т. 10, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРКАПТА́НЫ [ад лац. nierc(urius) ртуць + captans які захоплівае],

тыолы, арганічныя злучэнні, у малекуле якіх сульфгідрыльная група (—S—H) непасрэдна злучана з вуглевадародным радыкалам. З’яўляюцца сярністымі аналагамі спіртоў агульная ф-ла R—SH, дзе R — аліфатычны або араматычны (Ar) радыкал. М. з Ar-радыкаламі наз. тыяфеноламі (гл. Тыяфенол).

Аліфатычныя М., за выключэннем метантыолу CH3SH (tкіп 6,02 °C), — вадкасці; ніжэйшыя вызначаюцца моцным і непрыемным пахам, які адчуваецца ў паветры пры вельмі нізкіх канцэнтрацыях (~2∙10​−9 мг/л). М. — слабыя к-ты: са шчолачамі і цяжкімі металамі ўтвараюць солі — меркаптыды, у прыватнасці, нерастваральныя меркаптыды ртуці (RS)2Hg (адсюль назва М.). Выкарыстоўваюць у сінтэзе пестыцыдаў, лек. сродкаў, стабілізатараў палімераў, для адарызацыі паліва, у т. л. бытавога газу (пераважна этантыол і прапантыол), як рэгулятары полімерызацыі ў вытв-сці каўчуку (аліфатычныя М. з 8—16 атамамі вугляроду). ГДК для ніжэйшых М. 0,8—1 мг/м³.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 10, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАСТРАНГІЛІ́ДЫ (Metastrongylidae),

сямейства круглых чарвей. 13 відаў. На Беларусі адзначаны метастронгілюсы падоўжаны (Metastrongylus elongatus), пакрыты, або сціплы (M. pudendotectus), і салёны (M. salmi). Паразітуюць у бронхах і лёгкіх дзікоў, свойскіх свіней (асн. гаспадары), зрэдку жвачных, сабак, чалавека. Узбуджальнікі метастрангілёзу.

Цела ніткападобнае, белае, у самцоў даўж. да 26 мм, у самак да 50 мм. Развіццё з прамежкавым гаспадаром (дажджавыя чэрві). Яйцы з лічынкамі адкладваюцца ў бронхах, выводзяцца праз стрававальны тракт у вонкавае асяроддзе. Заглынутыя дажджавым чарвяком лічынкі пранікаюць у яго крывяносную сістэму, дзе праз 10—20 сут становяцца інвазійнымі. Пасля паядання жывёлай інвазаваных чарвей лічынкі М. пранікаюць праз сценку кішэчніка ў лімфатычныя вузлы, адтуль з лімфай і крывёю — у лёгкія і бронхі, дзе праз 25—35 сут пасля інвазіі дасягаюць палавой спеласці.

Да арт. Метастрангіліды. Метастронгілюс падоўжаны: 1 — агульны выгляд; 2—3 — заднія канцы цела самца і самкі (адпаведна); 4 — пярэдні канец цела; 5 — яйцо з лічынкай.

т. 10, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРАЛІЗА́ТАРЫ,

1) жывыя арганізмы (пераважна гетэратрофныя бактэрыі), якія раскладаюць мёртвыя арган. злучэнні да асобных хім. рэчываў і элементаў (азот, калій, кальцый, фосфар, вуглякіслы газ і інш.). Адыгрываюць важную ролю (разам з прадуцэнтамі і кансументамі) у біяцэнозе.

2) Газа- і парападобныя рэчывы — вадарод, бор, фтор, вуглярод, фосфар, сера, хлор, вада і інш., раствораныя ў магме. М. зніжаюць вязкасць магмы і т-ру яе крышталізацыі, змяняюць парадак вылучэння мінералаў, уплываюць на дыферэнцыяцыю магмы. Зрэдку дзейнічаюць як каталізатары, могуць уваходзіць у састаў пародаўтваральных мінералаў або заставацца ў іх як газападобныя ці вадкія ўключэнні. Асабліва багатыя М. пнеўматалітавыя (лятучыя) вылучэнні і гідратэрмальныя растворы, якія ўзнікаюць пры метамарфізме горных парод. Пры ўзгонцы М. нясуць многія металы і ўтвараюць з імі лятучыя злучэнні, якія ўдзельнічаюць у крышталізацыі астаткавага расплаву магмы (гл. Пегматыт) ці пранікаюць у шчыліны ўмяшчальных парод і садзейнічаюць утварэнню новых мінералаў з карыснымі кампанентамі.

т. 10, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)