княжацкі род герба «Рох» зменены ў ВКЛ. Магчыма, паходзяць з мясц. князёў, нашчадкаў полацкага кн.Усяслава Брачыславіча, але паходжанне дакладна не высветлена. Упершыню згадваюцца ў 2-й пал. 15 ст. князі Васіль (упамінаецца ў 1463) і Іван (у 1473 з’ехаў у Маскву, дзе ў 1493 пакараны смерцю за змову супраць вял.кн. Івана III). У пач. 16 ст. вядома некалькі князёў Л., якія сумесна валодалі замкам і мяст.Лукомль і інш. маёнткамі ў Лукомскім княстве. 3 іх Фёдар Іванавіч у 1508 удзельнічаў у мяцяжы князёў Глінскіх. Верагодна, яго братамі былі Іван Іванавіч (каля 1460 — пасля 1520), уладальнік Шчыдутаў і Гарадца, заснавальнік шчыдуцкай галіны Л., Андрэй Іванавіч (каля 1470 — пасля 1528), уладальнік Меляшковічаў і Бельнякоў, заснавальнік згаслай у 1-й пал. 17 ст. меляшковіцкай галіны, Раман (? — пасля 1500), уладальнік Пачаевічаў у Лукомскім княстве, Дабрыгораў у Полацкай зямлі і Лічкава ў Лідскім пав. Іх нашчадкі раздрабілі свае ўладанні. З 2-й пал. 16 ст. яны неаднаразова займалі павятовыя пасады пераважна ў Аршанскім і Віцебскім пав. Сенатарскай годнасці дасягнуў Фрыдэрык (каля 1565—1611), падкаморы аршанскі з 1600, адначасова староста крычаўскі з 1602, кашталян мсціслаўскі з 1610. Род Л. захаваўся да 20 ст., многія змізарнелыя яго прадстаўнікі не карысталіся княжацкім тытулам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ КАСЦЁЛ КАРМЕЛІ́ТАЎ, Магілёўскі Станіславаўскі касцёл,
помнік архітэктуры стылю барока ў Магілёве. Пабудаваны ў 1738—52 (да 1783 наз. Ушэсця) на месцы драўлянага касцёла 17 ст. У 1783 касцёл перададзены Магілёўскай архікафедры і стаў вядомы як Станіславаўскі. Спачатку гал.фасад быў 2-вежавы, з фігурным франтонам. У 1788 па ініцыятыве архібіскупа С.Богуш-Сестранцэвіча гал. фасад рэканструяваны. У выніку перабудовы разабраны завяршэнне барочных вежаў і частка франтона, першапачатковы фасад быў закрыты класіцыстычным 4-калонным іанічным порцікам з трохвугольным франтонам. Да першапачатковага аб’ёму прыбудаваны 3-ярусныя бакавыя крылы, завершаныя 8-граннымі ратондападобнымі вежачкамі. У 19—20 ст. касцёл неаднаразова рамантаваўся, але арх. аблічча ў цэлым заставалася нязменным. Пасля 1860 касцёл становіцца прыходскім. У інтэр’еры захаваўся адзін з найб. разгорнутых фрэскавых цыклаў на тэр. Беларусі. Фрэскавая размалёўка выканана ў 1765—67, 1780-я г. (мастакі Б.Піятроўскі, А.Главацкі, вучні-манахі Спаскай царквы Пётр, Лук’ян, Рыгор). У 1860-я г. мастак Фёрст размаляваў сцены касцёла. Кампазіцыі выкананы з выкарыстаннем прынцыпу перспектыўнай прасторы, якія ілюзорна паднімаюць у вышыню арх. формы. Стыль размалёвак разнастайны, выконвалі і паднаўлялі іх розныя майстры. Асн. тэмы — гіст. і біблейскія.
В.В.Гліннік, В.В.Церашчатава.
Магілёўскі касцёл кармелітаў. Фрагмент.Да арт.Магілёўскі касцёл кармелітаў. фрагмент размалёўкі скляпення галоўнага нефа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІ́ЛЬНА,
вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл., на левым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдЗ ад г.п. Узда, 90 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Коласава. 515 ж., 218 двароў (1999).
Упершыню згадваецца пад 1284 як месца бітвы вял.кн.ВКЛ Рынгольда з кааліцыяй кіеўскіх, уладзімірскіх, друцкіх князёў і татар (гл.Магільнянская бітва 1284): Пазней велікакняжацкае ўладанне. З 1-й чвэрці 15 ст. ўласнасць Альгердавічаў, з 1512 — Пацаў (М.Пац пабудаваў касцёл), з 1602 — М.К.Радзівіла Сіроткі, з 1830-х г. — Вітгенштэйнаў. Перад 1480 у крыніцах названа мястэчкам. У 16 ст. ў М. дзейнічала прыстань, у 16—17 ст. існаваў Магільнянскі замак. У час войнаў сярэдзіны 17 ст. М. разбурана. З 1793 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Ігуменскага пав. У канцы 18 ст. 374 ж., 92 двары, уніяцкая царква, млын, карчма, верф. У 1863 М. наведаў мастак Н.Орда і зрабіў яе замалёўкі. З 1924 цэнтр сельсавета Уздзенскага р-на. З 1937 працавала электрастанцыя. У 1972—497 ж., 172 двары. У 1979—91 наз. Нёман.
Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі рэшткі Магільнянскага замка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУКАМО́ЛЬНЫ МЛЫН,
машына (прыстасаванне, устаноўка, прадпрыемства) для перапрацоўкі зерня на муку.
Найб. старажытнымі прыладамі для размолу зерня былі зерняцёркі (вядомы з ранняга неаліту — каля 5-га тыс. да н.э.) і ступы. Пазней з’явіліся жорны, якія прыводзіліся ў рух уручную (жорны, што працуюць парна, пашырыліся ў 4—3 ст. да н.э.). Са старажытных часоў (у краінах Усходу, Грэцыі і Рыме) пачалі выкарыстоўвацца млыны вадзяныя, у якіх жорны прыводзіліся ў рух вадзянымі коламі. На Беларусі вадзяныя млыны з 1—2 (часам да 4) коламі функцыянавалі амаль ва ўсіх буйных дварах і гаспадарках. Былі і сезонныя млыны, што працавалі ў час паводак (млыны-вешнякі), а таксама М.м. з валовай ці конскай цягай. У 12—13 ст. у многіх краінах Еўропы пашырыліся ветраныя млыны — ветракі; на Беларусі іх будавалі з 15 ст. У пач. 19 ст. з’явіліся М.м. з паравым рухавіком, у 1880-я г. — з электрапрыводам.
Сучасны М.м. — прадпрыемства (з-дмукамольна-крупяной прамысловасці), якое складаецца з аддзяленняў: зернеачышчальнага (уключае сепаратары, трыеры, магн. апараты, абоечныя і мыйныя машыны), размольнага (мае вальцовыя станкі, прасейвальныя і сітавеяльныя машыны), выбойнага (прыстасаванні для аўтам. ўзважвання і засыпкі мукі ў мяхі). Абсталявана пнеўматычным транспартам для перамяшчэння зерня і прамежкавых прадуктаў, метал. і жалезабетоннымі ёмістасцямі для захоўвання мукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ВІНСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ (ад назвы в. Мурава Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),
мікулінскае міжледавікоўе (Расія), эмскае міжледавікоўе (Зах. і Цэнтр. Еўропа), познаплейстацэнавае міжледавікоўе, якое адбылося паміж сожскім зледзяненнем (па інш. меркаваннях — сожскай стадыяй дняпроўскага зледзянення) і паазерскім зледзяненнем 110—95 тыс. гадоў назад, паводле інш. меркаванняў — 120—90 тыс. гадоў назад. Адклады М.м. трапляюцца невял. ўчасткамі на ўсёй тэр. Беларусі. Пераважна яны пахаваны пад паазёрскімі і галацэнавымі акумуляцыямі, аголены на стромкіх абрывах берагоў рэк, яроў; з’яўляюцца маркіроўным гарызонтам антрапагенавай тоўшчы. Найб. вядомы разрэзы Мурава (рэгіянальны стрататып, які адкрыты і апісаны Г.Ф.Мірчынкам і Т.М.Мікулінай), Дарашэвічы, Борхаў, Пышкі і інш. Пераважаюць азёрныя (супесак, суглінак, гліна, прэснаводны мергель, гітыя), радзей трапляюцца рачныя і балотныя тыпы адкладаў. У час М.м. былі ўмерана цёплыя кліматычныя ўмовы, якія спрыялі пашырэнню шыракалістых дрэвавых парод (дуб, ліпа, граб, арэшнік). У пач. і канцы М.м. былі пашыраны бярозавыя і бярозава-хвойныя лясы. Лясная расліннасць нагадвала сучасную, толькі ў травяністым покрыве трапляліся пазаеўрапейскія віды. Акрамя сучасных відаў жывёл, на тэр. Беларусі ў канцы М.м. вадзіліся мамант і шарсцісты насарог. Рэльеф і рачная сетка падобныя да сучасных, за выключэннем паўн.ч. Беларусі, дзе асн. рысы рэльефу сфарміраваны пасля паазерскага зледзянення.
Літ.:
Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ЦАРКВА́.
Існавала ў 14—19 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 14—16 ст. на тэр. дзядзінца (гл. ў арт.Навагрудскія замкі). У час даследавання ў 1924 выяўлены падмурак, рэшткі сцен і падкупальных слупоў. Першапачатковы храм быў бясстоўпны, у плане амаль квадратны; з усх. боку меў невял. закругленую апсіду, з зах. — прытвор. Падмуркі выш. 2 м узведзены з валуноў на вапнава-пясчаным растворы. Сцены таўшчынёй да 1,2 м з цэглы. Рэшткі сцен усх. часткі храма пабудаваны ў вендскай, зах. сцяна і прытвор — у гатычнай тэхніках муроўкі. Па перыметры храма закладзены драўляныя брусы. У сярэдзіне — 2-й пал. 14 ст. храм рэканструяваны: узведзены 4 цагляныя крыжападобныя ў плане стаўпы, на якія, верагодна, апіраўся барабан з купалам; зроблены паўн.-ўсх. прытвор і набрана новая цагляная падлога, пад якой выяўлены 2 скляпы. У такім выглядзе помнік уяўляў сабой сінтэз усх.слав. дойлідства з раманскім і гатычным стылямі. У 2-й пал. 17 ст. царква перабудавана пад касцёл у стылі барока. Аб’ём падоўжаны на З, павялічана апсіда (новая даўж. будынка 34 м), над паўд. сцяной пабудавана вежа складанай канфігурацыі; фасады дэкарыраваны фігурнымі атынкаванымі карнізамі, цягамі, нішамі і інш. Да 1775 у будынку касцёла адбываліся сесіі Трыбунала — вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ. Храм існаваў да 1850.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́Р’ІНА ГО́РКА,
горад, цэнтр Пухавіцкага р-на Мінскай вобл., на р. Цітаўка. За 63 км ад Мінска. Чыг. ст. Пухавічы на лініі Мінск—Асіповічы, аўтадарогамі злучана з Мінскам, Бабруйскам, Чэрвенем, Уздой. 23,1 тыс.ж. (1998).
Вядома з 16 ст. Належала Радзівілам, Бужынскім, Ратынскім, Крупскім, пасля 1863 — міністру ўнутр. спраў Расіі Л.С.Макаву. Паводле падання назва паходзіць ад горкі, на якой стаяў язычніцкі храм, дзе ў Мар’ін дзень адбываліся святкаванні; пазней там пабудавана царква. З 1793 у Рас. імперыі, вёска Ігуменскага пав. Мінскай губ. Развіццю М.Г. паспрыяла пабудова ў 1873 Лібава-Роменскай чыгункі. У 1876 заснавана с.-г. школа (у 1921 ператворана ў с.-г. тэхнікум). У 1897 у вёсцы 2 тыс.ж., 2 царквы, паштовая станцыя. З 29.7.1925 цэнтр Пухавіцкага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 28.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М.Г. і раёне загубілі 3145 жыхароў; дзейнічала Мар’інагорскае маладзёжнае падполле. Вызвалена 3.7.1944 у ходзе Мінскай аперацыі 1944. З 22.7.1955 горад. У 1970—11,3 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы металургічнай, пачатковай апрацоўкі лёну, прам-сці. Абутковая ф-ка. Брацкая магіла сав. воінаў; помнікі: воінам-вызваліцелям; сав. воінам, партызанам і падпольшчыкам, удзельніцы Мінскага падполля Л.Г.Гайдучонак. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (1876).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ СГАТЫ́СТЫКА,
навука пра матэм. метады сістэматызацыі і выкарыстання статыстычных даных для навук. і практычных вывадаў. Стат. метады шырока выкарыстоўваюцца амаль ва ўсіх галінах ведаў. У сацыялогііасн. паняццямі М.с. з’яўляюцца ген. і выбарачная сукупнасці. Генеральная сукупнасць — поўнае мноства аб’ектаў, якія маюць адносіны да праблемы, што вывучаецца; выбарачная сукупнасць — частка ген. сукупнасці, якая дазваляе меркаваць пра яе ў цэлым і належыць непасрэднаму абследаванню. Выбарачны метад выкарыстоўваецца ў выпадках, калі поўнае абследаванне ген. сукупнасці немагчыма або эканамічна немэтазгодна. Асн. раздзеламі М.с. з’яўляюцца апісальная статыстыка, стат. вывад, аналіз стат. сувязей і залежнасцей. Метады апісальнай статыстыкі прызначаны для абагульнення інфармацыі, атрыманай пры поўным абследаванні сукупнасці, і ўключаюць атрыманне частотных размеркаванняў, пабудову графікаў, разлік паказчыкаў цэнтра размеркавання і ступені раскіду звестак. Статыстычны вывад абагульняе вынікі выбарачнага абследавання на ген. сукупнасць і ўключае ацэньванне яе параметраў і стат. праверку гіпотэз. Асновай стат. вываду з’яўляюцца законы тэорыі верагоднасцей, асн. паняццем — паняцце выпадковай выбаркі, якая мяркуе, што для ўсіх аб’ектаў з ген. сукупнасці верагоднасць уключэння ў выбарку павінна быць аднолькавая. Метадамі пабудовы рэпрэзентатыўных (прадстаўнічых) выбарак займаецца тэорыя выбаркі. Метады аналізу статыстычных сувязей і залежнасцей: карэляцыйны і рэгрэсіўны аналіз, аналіз табліц спалучэння, дысперсійны аналіз і інш. Выбар метаду залежыць ад мэт і задач даследавання, а таксама ад асаблівасцей звестак, што выкарыстоўваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭРЫЯ́ЛЬНАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,
абавязак аднаго з бакоў працоўнага дагавору кампенсаваць матэрыяльную шкоду, нанесеную ім другому боку гэтага дагавору ў выніку неналежнага выканання сваіх абавязкаў у сферы прац. адносін. Існуюць 2 віды М.а.: работніка перад наймальнікам і наймальніка перад работнікам. Для прыцягнення работніка да М.а. паводле норм прац. заканадаўства неабходна, каб на момант нанясення шкоды работнік быў у прац. адносінах з прадпрыемствам, установай, арг-цыяй, якім ён нанёс шкоду. Парадак прыцягнення да М.а., умовы, яе памер вызначаюцца КЗаП Рэспублікі Беларусь, пастановай Дзярж.к-та Рэспублікі Беларусь па працы і сац. абароне насельніцтва ад 8.10.1993 «Аб зацвярджэнні Узорнага пераліку пасад і работ, якія замяшчаюцца або выконваюцца работнікамі, з якімі наймальнікі могуць заключаць пісьмовыя дагаворы аб поўнай матэрыяльнай адказнасці», Узорным дагаворам або поўнай індывідуальнай М.а. і Палажэннем аб калектыўнай (брыгаднай) М.а. Пытанні М.а. работніка перад наймальнікам рэгламентуюцца і інш. актамі заканадаўства. М.а. настае толькі за прамую сапраўдную шкоду, калі яна ўзнікла ад проціпраўных дзеянняў па віне работніка. У адпаведнасці з заканадаўствам наймальнікі нясуць М.а. за шкоду, нанесеную работніку пакалечаннем або інш. пашкоджаннем здароўя, звязанымі з выкананнем ім сваіх прац. абавязкаў. Абавязковай умовай прыцягнення наймальніка да М.а. з’яўляецца проціпраўнае нанясенне шкоды. Прыкмета проціпраўнасці выяўляецца ў парушэнні наймальнікам абавязкаў, ускладзеных на яго як аднаго з бакоў прац. дагавору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАРЫ́ТА,
горад, цэнтр Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл., на р. Маларыта. Чыг. станцыя на лініі Брэст—Ковель. За 52 км ад Брэста. 11,6 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаецца ў 1566 як дзярж. вёска Рыта Малая ў Брэсцкім пав. Брэсцкага ваяв. У 1768—90 дзейнічала Маларыцкая металургічная мануфактура. З 1795 у Рас. імперыі, сяло ў Брэсцкім пав. Слонімскай, з 1797 — Літоўскай, з 1801 — Гродзенскай губ. У 1897—1275 ж., 203 двары, сельскае нар. вучылішча, 2 лесапільні (у 1914—41 рабочы), шпалапрапітны з-д (20 рабочых), цагельня (4 рабочыя), вятрак. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Брэсцкага пав. Палескага ваяв. Дзейнічаў падп. райком КПЗБ. 4.3.1935 адбылася забастоўка рабочых лесапільняў. З 1939 у БССР. З 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. 22.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 3349 чал. Дзейнічала падп. антыфаш. група. 20.7.1944 вызвалена войскамі 1-га Бел. фронту і партызанамі брыгады імя Леніна ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. У 1959—3,4 тыс.ж. У 1962—65 у Брэсцкім р-не. З 23.12.1970 горад.
Прадпрыемствы харч. (Маларыцкі агароднінасушыльны завод) прам-сці. Брацкія магілы: сав. воінаў і партызан, сав. воінаў, танкістаў, магіла ахвяр фашызму, курган Славы. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.).