БРАЎН ((Braun) Аляксандр) (10.5.1805, г. Рэгенсбург, Германія — 29.3.1877),
нямецкі батанік. Чл. Германскай акадэміі «Леапальдзіна», Парыжскай АН. Вучыўся ў Гайдэльбергу (1824—31) і Парыжы (1831—32). Праф.Політэхн. школы ў Карлсруэ (1833—46), праф. і дырэктар Бат. саду ў Фрэйбургскім ун-це (1846—51), з 1851 — у Берліне. Навук. працы па вывучэнні будовы і развіцця прэснаводных зялёных водарасцяў, папарацепадобных; даследаваў партэнагенез і поліэмбрыянію ў раслін. Прыхільнік параўнальнага і антагенетычнага кірункаў у марфалогіі. На падставе марфал. прыкмет прапанаваў сваю філагенетычную сістэму, якая легла ў аснову сістэм ням. вучоных А.Эйхлера і А.Энглера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОЎН, Браўн (Brown) Роберт (21.12.1773, г. Мантроз, Шатландыя — 10.6.1858), англійскі батанік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1810). Замежны чл.-кар. (1826) і ганаровы чл. (1827) Пецярбургскай АН. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1795). У 1801—05 удзельнічаў у экспедыцыі ў Аўстралію, з 1810 заг. бібліятэкі і калекцый прэзідэнта Лонданскага каралеўскага т-ва, з 1820 хавальнік бат.аддз. Брытанскага музея. Навук. працы па марфалогіі, эмбрыялогіі і сістэматыцы раслін. Апісаў ядро расліннай клеткі і будову семязавязі. Выявіў асн. адрозненне паміж голанасеннымі і пакрытанасеннымі раслінамі (1825), вызначыў броўнаўскі рух.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ЎНІК (Herminium),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. На Беларусі вельмі рэдка на сырых лугах, лясных палянах і каля крыніц трапляецца броўнік аднаклубневы (H. monorchis); занесены ў Чырв. кнігу.
Шматгадовыя травяністыя расліны з амаль бязлістым сцяблом і шара- або яйцападобным клубнем. Лісце ланцэтнае ці прадаўгавата-ланцэтнае, голае, бліскучае, па 2—3 каля асновы сцябла. Кветкі дробныя, паніклыя, зеленавата-жоўтыя, з моцным мядовым лахам, сабраны ў канцавое падоўжанае шматкветкавае коласападобнае суквецце. Плод — каробачка з вельмі дробным насеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУХАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Hypotrichida, або Hypotricha),
атрад прасцейшых падкл. спіральнараснічных інфузорый. Больш за 400 відаў. Пашыраны брухараснічныя інфузорыі з сям. Aspidiscidae, Euplotidae, Oxytrichidae. У вадаёмах Беларусі — прадстаўнікі родаў Aspidisca, Euplotes, Oxytricha, Stylonychia. Большасць жыве ў тоўшчы марскіх і прэсных водаў, сярод зараснікаў водных раслін, у глеі, глебе.
Цела сплошчанае. Раснічны апарат дыферэнцыраваны: на спінным баку раснічкі ператвораны ў кароткія адчувальныя шчацінкі, на брушку зліваюцца і ўтвараюць пальцападобныя т.зв. цыры, з дапамогай якіх брухараснічныя інфузорыі хутка перамяшчаюцца па субстраце. Размнажэнне бясполае (дзяленне папалам) і палавое (кан’югацыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ГМАН (Авель Пінхусавіч) (12.4.1906, в. Людзяневічы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 30.5.1958),
бел. архітэктар. Скончыў Маскоўскі арх.ін-т (1936). Працаваў у Мінску. У 1945—58 кіраўнік майстэрні ін-та «Белдзяржпраект», выкладчык Мінскага арх.-буд. тэхнікума. Сярод работ: гасцініца «Дняпро», жылыя дамы (1931—41, у сааўт.) у Магілёве; ін-т фізкультуры (1938, у сааўт.), жылыя дамы па праспекце Ф.Скарыны (1948—51), будынкі інтэрната Мінскай вышэйшай парт. школы, «Белпрамсавета», «Прамэнергапраекта» (1953—55), тэхнал. ін-та (1956, у сааўт.) у Мінску. У 1937—41 старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ДЗІКІС ((Brėdikis) Вітаўтас) (н. 20.11.1930, г. Біржай, Літва),
літоўскі архітэктар. Нар. архітэктар Літвы (1984). Праф. (1984). Скончыў Мастацкі ін-т Літвы (1955), дзе і выкладае з 1965. Распрацаваў праект дэталёвай планіроўкі і забудовы грамадскага цэнтра на правым беразе р. Нярыс у Вільні (у сааўт., 1964). Па яго праектах пабудаваны ў Вільнюсе: жылы раён Лаздзінай (у сааўт., пачаты ў 1967; Ленінская прэмія 1974), аўтавакзал (1974), навуч. корпус Маст. ін-та (у сааўт., 1981; Дзярж. прэмія Літвы 1984); плошча ў г. Біржай (1976) з помнікам Ю.Янонісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДНІКІ,
катэгорыя работнікаў на Беларусі ў 15 — сярэдзіне 19 ст., якія працавалі гал. чынам на будах. Набіраліся пераважна са збяднелых сялян. Некваліфікаваныя буднікі звычайна выпальвалі попел з драўніны пэўных парод і нарыхтоўвалі дровы, клёпку для будных печаў. Кваліфікаваныя буднікі выварвалі з попелу паташ (палівачы і карытнікі), выпальвалі вугаль для кузняў, рабілі бочкі пад паташ, выконвалі дапаможныя работы (кавалі, бондары, цагельнікі і інш.). За сваю працу буднікі атрымлівалі ардынарый (харчы), адзенне і грашовую плату. Большасць буднікаў мела свае хаты, бяздомныя жылі па месцы працы ў спец. памяшканнях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІГДО́РЧЫК (Мікалай) (Натан) Абрамавіч (16.11.1874, Мінск — 24.5.1954),
рэвалюцыянер, удзельнік I з’езда РСДРП. Засл. дз. нав. РСФСР (1947). Праф. (1935). Скончыў Кіеўскі ун-т (1898). У 1894—98 удзельнік с.-д. руху ў Кіеве, адзін з кіраўнікоў групы «Рабочая справа» і кіеўскага «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа». Рэдактар першых нумароў нелегальнай с.-д. «Рабочей газеты». У 1899 арыштаваны, у 1902 сасланы на 3 гады ў Сібір. У 1924 арганізаваў Ін-тпрафес. хвароб (Петраград). Аўтар прац папрафес. гігіене і сац. страхаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЗЕЛ, Вісель (Wisel) Торстэн Нільс (н. 3.6.1924, г. Упсала, Швецыя), амерыканскі нейрафізіёлаг. Чл.Амер. акадэміі навук і мастацтваў, Нац.АН ЗША, Лонданскага каралеўскага т-ва. Праф. фізіялогіі (1964), нейрабіялогіі. Вучыўся ў Каралінскім ін-це ў Стакгольме. З 1954 працаваў у гэтым ін-це. З 1955 у ЗША. З 1959 у Гарвардзе, з 1983 праф. у Ракфелераўскім ун-це. Навук. працы па нейрафізіялогіі органаў зроку. Разам з Д.Х.Х’юбелам вызначыў прынцыпы перапрацоўкі інфармацыі ў нейронных структурах мозга, якія ўспрымаюць вонкавыя сігналы. Нобелеўская прэмія 1981 (разам з Х’юбелам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКІ БОЙ 1943,
баявая аперацыя партызан 1-й Антыфаш. брыгады па разгроме ням.-фаш. гарнізона 31 кастр. — 1 ліст. ў г. Вілейка ў Вял.Айч. вайну. Гарнізон меў 3 тыс. салдат і афіцэраў, некалькі артыл. і мінамётных узводаў, школу паліцэйскіх, больш за 10 складоў з прадуктамі і боепрыпасамі, ахову з сістэмы дзотаў, прымаў удзел у карных аперацыях, рабаванні і знішчэнні сав. грамадзян. У выніку раптоўнага начнога нападу партызаны нанеслі значныя страты праціўніку ў жывой сіле і тэхніцы, знішчылі станцыйныя збудаванні, узарвалі 4 чыг. і 4 шашэйныя масты.