КАМУ́НА СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ,

форма с.-г. вытворчага кааператыва ў першыя гады сав. ўлады. Ствараліся з канца 1917 вясковымі беднякамі, батракамі і рабочымі пераважна на аснове былых панскіх маёнткаў; сав. ўлада аддавала ім гасп. пабудовы, інвентар, жывёлу. У К.с. абагульваліся ўсе сродкі вытв-сці; землекарыстанне, размеркаванне было ўраўняльным — па едаках; практыкавалася таксама калект. бытавое абслугоўванне (агульная сталовая, яслі і інш.). У членаў К.с. поўнасцю адсутнічала асабістая гаспадарка, што дазваляла пазбегнуць прыватнаўласніцкіх памкненняў. Нягледзячы на падтрымку дзяржавы і больш эфектыўнае развіццё ў параўнанні з інш. формамі калект. гаспадарак, камуны не сталі асн. формай калектывізацыі. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. ператвораны ў калгасы.

т. 7, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДЫЛО́МЫ (ад грэч. kondyloma разрастанне, нарасць, пухліна),

абмежаванае сасочкавае разрастанне скуры і слізістых абалонак чалавека запаленчага характару. Адрозніваюць К. востраканцовыя і шырокія. Востраканцовыя К. выклікаюцца вірусам, перадаюцца палавым шляхам, маюць дольчатую будову, сядзяць на тонкай ножцы. Інкубацыйны перыяд 1—9 (у сярэднім 3) мес. Развіваюцца ў неахайных людзей на раздражнёнай, увільготненай выдзяленнямі скуры вонкавых палавых органаў у між’ягадзічных і пахвінных складках, радзей — у падпахавых ямках, вуглах рота. Шырокія К. — грыбападобныя разрастанні на шырокай аснове; найчасцей бываюць праяўленнямі другаснага перыяду сіфілісу, ганарэі, фрамбезіі. Паверхня К. можа пакрывацца язвамі. Лячэнне: ліквідацыя асн. паталаг. працэсу (лячэнне сіфілісу, ганарэі і інш.), электракаагуляцыя, хірургічнае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 7, с. 581

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́МА (Lima) Жоржы ды (23.4.1895, г. Уніян-дус-Пальмарыс, Бразілія — 15.11. 1953),

бразільскі пісьменнік. Скончыў ун-т Баія (1912). Д-р медыцыны (1916). Дэбютаваў зб. вершаў «Александрыны» (1914). Лепшыя паэт. зб-кі «Негрыцянка Фула» (1928), «Новыя вершы» (1929) напісаны на аснове браз. фальклору. У 1930-я г. звярнуўся да рэлігіі (зб. «Час і вечнасць», з М.​Мендэсам, 1935). У рамане «Анёл» (1934) адчувальны ўплыў сюррэалізму, у рамане «Калунга» (1935) — рэаліст. тэндэнцыі. Асн. тэмы твораў — жыццё вёскі, нар. побыт. Аўтар паэт. зб-каў «Кніга санетаў» (1949), «Паэтычныя творы» (1950), паэм «Абвяшчэнне і сустрэча Міра-Селі» (1950), «Адкрыццё Арфея» (ч. 1, 1952).

т. 9, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЬКО́ Анатоль Антонавіч (н. 27.6. 1949, г. Омск, Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1990), праф. (1993). Засл. дз. нав. Беларусі 1999. Скончыў БДУ (1971). З 1971 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ (з 1979 нам. дырэктара). Навук. працы па малекулярнай спектраскапіі, фізіцы і хіміі вадкакрышт. асяроддзяў. Распрацаваў метады і сродкі аналізу складаных шматкампанентных вадкакрышт. асяроддзяў, а таксама новыя перспектыўныя вадкакрышт. матэрыялы і сістэмы адлюстравання інфармацыі на іх аснове.

Тв.:

Текстурообразование и структурная упорядоченность в жидких кристаллах. Мн., 1987 (у сааўт.);

Разработка ЖК устройств, основанных на различных жидкокристаллических материалах (у сааўт.) // Современные вопросы оптики, радиационного материаловедения, информатики, радиофизики и электроники. Мн., 1996. Ч. 1.

т. 10, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСІ́ДСКАЯ МО́ВА, фарсі,

адна з іранскіх моў (паўд.-зах. група). Афіц. мова Ірана. Пашырана таксама ў Афганістане, Пакістане, Індыі, Іраку, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і інш. Са шматлікіх дыялектаў найб. вывучаны тэгеранскі, які стаў адной з асн. крыніц фарміравання размоўнай формы сучаснай П.м. У фанетыцы 6 галосных, 22 зычныя фанемы, 2 дыфтонгі. Граматыка аналітычная, няма скланення, ужываюцца складаныя дзеяслоўныя формы, фіксаваны парадак слоў. У лексіцы шмат араб. запазычанняў. Пісьменства з 1-й пал. 9 ст. на аснове араб. алфавіта (гл. Арабскае пісьмо), дапоўненага некалькімі знакамі для гукаў, якія адсутнічаюць у араб. мове.

Літ.:

Рубинчик Ю.А. Современный персидский язык. М., 1960;

Пейсиков Л.С. Лексикология современного персидского языка. М., 1975.

т. 12, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЎКІН Валянцін Георгіевіч (н. 20.11.1932, г. Гомель),

бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-р тэхн. н. (1984), праф. (1990). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1959). З 1963 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац. АН Беларусі. Навук. працы па структуры і фіз.-мех. уласцівасцях палімераў і кампазіцыйных матэрыялаў на іх аснове, вывучэнні трэння і зносу палімерных матэрыялаў. Распрацаваў новы навук. кірунак — структурную трыбамеханіку палімераў. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

Трение полимеров. М., 1972 (у сааўт.);

Трение и износ материалов на основе полимеров. Мн., 1976 (у сааўт.);

Структурная трибомеханика материалов на основе полимеров (разам з А.​І.​Свірыдзёнкам) // Трение и износ. 1980. Т. 1, №1.

т. 14, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ТАЛАКА́»,

бел. ансамбль танца, музыкі і песні Віцебскай абл. філармоніі. Створаны ў 1993. Арганізатар, маст. кіраўнік і гал. балетмайстар М.​Падаляк, хормайстар А.​Падаляк, муз. кіраўнік В.​Сіўцова. У складзе ансамбля харэаграфічная (12 чал.), вак. (6 чал.) і інстр. (7 чал.) групы. У аснове рэпертуару бел. нар. танцы, танцы народаў свету, бел. нар. песні ў апрацоўцы У.​Зіневіча, А.​Кашпура, А.​Рашчынскага, М.​Сіраты. Сярод пастановак: бел. нар.-сцэнічныя танцы «Ойра», «Закаблукі», «Вясковы вальс», «Брылі», «Баравенічкі», «Крупчанская кадрыль», «Прыдзвінскія забавы»; харэаграфічныя замалёўкі «Бабылі», «Межанская прабегліца»; бел. нар. песні, інстр. найгрышы «Стрыкач», «Драбавец», «Полька дзедава», «З рога ўсяго многа» і інш.

Ансамбль «Талака».

т. 15, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЛЮ́ШЫН Пётр Лявонцьевіч (н. 17.6.1933, в. Мунач Разанскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне хіміі торфу. Д-р тэхн. н. (1992). Скончыў Маскоўскі тарфяны ін-т (1956). З 1956 у Ін-це торфу Нац.,АН Беларусі. Навук. працы па хіміі торфу, бурых вуглёў, гаручых сланцаў і расліннай біямасы. Распрацаваў спосабы тэрмічнай перапрацоўкі торфу і гаручых сланцаў, атрымання вадкіх і газападобных энерганосьбітаў на аснове цвёрдых гаручых выкапняў і расліннай біямасы.

Тв.:

Превращения торфа и его компонентов в процессе саморазогревания при хранении. Мн., 1972 (у сааўт.);

Возможности использования газификации местных твердых топлив в энергетике Беларуси (разам з І.​С.​Куліковым, А.​У.​Лапшовым) // Энергоэффективность. 2000. №7.

М.​П.​Савік.

т. 16, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРЭ́РСКАЯ МО́ВА,

адна з астраўных скандынаўскіх моў. Разам з найб. блізкай ісландскай мовай уваходзіць у паўн. групу герм. моў. Адна з афіц. моў жыхароў Фарэрскіх астравоў. Мае значную дыялектную дыферэнцыяцыю (6 дыялектных зон). Фанетычна блізкая да зах.-нарв. дыялектаў, лексічна — да дацкай мовы. Ф.м. ўласціва пэўная архаічнасць грамат. ладу (багатая сістэма формаўтварэння імя і дзеяслова). Да пач. 19 ст. была беспісьмовай (функцыі пісьмовай выконвала дацкая мова). Да канца 18 ст. адносяцца першыя запісы фарэрскіх нар. балад, якія ствараліся ў 14—17 ст. У 1846 В.​У.​Хамершаймб распрацаваў пісьменнасць для Ф.м. на лац. аснове. З 1906 выкладаецца ў школах.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШВАН (Schwann) Тэадор (7.12.1810, г. Нойс, Германія — 14.1.1882),

нямецкі біёлаг, гістолаг і фізіёлаг, стваральнік клетачнай тэорыі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1879), Парыжскай АН (1879), Бельгійскай АН (1841). Вучань І.П.Мюлера. Скончыў Бонскі ун-т (1833). З 1834 у Анат. музеі Берлінскага ун-та. Праф. Лувенскага (з 1839) і Льежскага (1848—80) ун-таў (Бельгія). Навук. працы па фізіялогіі стрававання (адкрыў у 1836 фермент пепсін), гісталогіі, анатоміі нерв. сістэмы. На аснове ўласных даследаванняў, прац М.Я.Шлейдэна і інш. вучоных у творы «Мікраскапічныя даследаванні аб адпаведнасці ў структуры і росце жывёл і раслін» (1839) сфармуляваў палажэнні аб утварэнні клетак і клетачнай будове арганізмаў.

А.​С.​Леанцюк.

Т.Шван.

т. 17, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)