ВЫКАНА́ЎЧАЕ ВЯДЗЕ́ННЕ,

заключная стадыя цывільнага працэсу, у якой прымусова ажыццяўляюцца правы, пацверджаныя рашэннем суда. У Рэспубліцы Беларусь у парадку для выканання суд. рашэнняў выконваюцца таксама пастановы і рашэнні гасп. і трацейскіх судоў, выканаўчыя надпісы натарыяльных органаў і інш. Выканаўчае вядзенне ажыццяўляе судовы выканаўца.

т. 4, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАЛО́ГІЯ (ад гема + ...логія),

сукупнасць звестак аб каштоўных і вырабных камянях. Вывучае фіз. ўласцівасці, асаблівасці хім. саставу, дэкаратыўна-маст. вартасці, мінерагеніі радовішчаў, а таксама тэхналогіі апрацоўкі. Устанаўлівае адрозненні прыродных каштоўных камянёў (рубін, сапфір, ізумруд, жэмчуг і інш.) ад іх сінт. аналагаў і імітацый.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАТАШЫЗАТРО́ПНЫЯ СРО́ДКІ,

прэпараты для лячэння малярыі. Уплываюць на эрытрацытарныя формы развіцця малярыйнага плазмодыю — шызонтаў. Да гематашызатропных сродкаў адносяцца: хінгамін, хларыдзін, хінін, акрыхін, а таксама сульфаніламідныя прэпараты і антыбіётыкі тэтрацыклінавага раду. Для лячэння 3- і 4-дзённай малярыі гематашызатропныя сродкі камбінуюць з гісташызатропнымі сродкамі.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

...ГРАФІЯ (ад грэч. graphō пішу), другая састаўная ч. складаных слоў, якая азначае: апісанне, запіс, чарцёж, малюнак і да т.п. Выкарыстоўваецца як састаўная ч. тэрмінаў — назваў навук, спосабаў узнаўлення, відарысаўтварэння, выяўлення чаго-н., а таксама прадпрыемстваў, дзе выкарыстоўваюцца гэтыя спосабы. Напр., галаграфія, гістарыяграфія, літаграфія.

т. 5, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНГРЭСІ́ЙНЫЯ БЕРАГІ́,

марскія і азёрныя берагі са зрэзанай берагавой лініяй, якія ўтварыліся ў выніку інгрэсіі. Паводле паходжання паніжэнняў рэльефу прыбярэжнай сушы бываюць ледавіковага (фіёрдавага, шхернага), эразійнага (рыясавага, ліманнага), эолавага (аральскага), структурна-дэнудацыйнага (далмацінскага) тыпаў расчлянення. Гл. таксама Бераг, Фіёрд, Шхеры, Ліман, Ваты.

т. 7, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРКАЛУ́МНІЙ (ад лац. inter паміж + columna калона, слуп),

пралёт паміж калонамі, што стаяць побач. Пашыраны ў ордэрнай архітэктуры. Велічыня І. (пастаянная для кожнай дадзенай каланады) залежыць ад маштабаў пабудовы, характару і ордэра каланады, а таксама ад памеру і матэрыялу калон і архітрава.

Інтэркалумній.

т. 7, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗНА́ (цюрк.),

1) фінансавыя рэсурсы дзяржавы, цэнтралізаваныя дзярж. крыніцы фінансаў; грашовыя сродкі якой-н. установы.

2) Дзяржава як суб’ект пэўных маёмасных правоў і інтарэсаў.

3) У гіст. мінулым сховішча грошай і каштоўнасцей цароў, князёў, манастыроў і інш., а таксама самі гэтыя каштоўнасці (маёмасць).

т. 7, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛАМ (араб., ад грэч. kalamos трыснёг),

трысняговае пяро. Са старажытнасці служыла для пісьма. У народаў сярэдневяковага Усходу, якія карысталіся арабскім алфавітам, для розных відаў пісьма існавалі розныя спосабы рэзкі і расшчаплення трыснягу. У сярэдневяковых усх. трактатах К. называлі таксама пэндзаль для жывапісу.

т. 7, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КХМЕ́РЫ (саманазва кхмер, кхмаэ),

камбаджыйцы, нацыя, асн. насельніцтва Камбоджы (8,6 млн. чал.). Агульная колькасць 10,35 млн. чал. (1992). Жывуць таксама ў В’етнаме (950 тыс.), Тайландзе (700 тыс.), ЗША (15 тыс.), Канадзе (15 тыс.), Аўстраліі (9 тыс.). Гавораць на кхмерскай мове. Вернікі — будысты (хінаяна).

т. 9, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ПНІК,

у беларусаў рэдкая страва з ячных або прасяных круп (крупеня). Забельваюць малаком або вараць з мясам, бульбай. Часам вараць на сыроватцы, са свіной крыві і круп. К. таксама называлі хмельны мядовы напітак або гарэлку, перавараную з мёдам, журавінамі і духмянымі прыправамі.

т. 8, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)