БАХРУ́ШЫН (Сяргей Уладзіміравіч) (8.10.1882, Масква — 8.3.1950),

расійскі гісторык. Чл.-кар. АН СССР (1939). Скончыў Маскоўскі ун-т (1904), прыват-дацэнт (з 1909), праф. (з 1927) гэтага ун-та. Вучань В.В.Ключэўскага. Супрацоўнік (з 1937), заг. сектара ў Ін-це гісторыі АН СССР (1940—50). Працы па гісторыі Расіі (пераважна 16—17 ст.), рус. каланізацыі і гіст. геаграфіі Сібіры, крыніцазнаўстве, гістарыяграфіі і інш.

Тв.:

Научные труды. Т. 1—4. М., 1952—59.

т. 2, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ ТАТА́РАЎ-МУСУЛЬМА́Н «АЛЬ-КІТА́Б»,

добраахвотная грамадская арг-цыя. Створана ў 1991 на ўстаноўчым з’ездзе ў г.п. Іўе Гродзенскай вобласці. Дзейнічае ў адпаведнасці з існуючым заканадаўствам і прынятым Статутам. Асн. кірункі дзейнасці: абуджэнне гіст. і патрыят. свядомасці бел. татараў, вывучэнне грамадз. гісторыі і гісторыі ісламу, адраджэнне тат. традыцый, культуры, пісьменнасці на аснове араб. графікі. Выдае квартальнік «Байрам» («Свята») на бел. мове і час. «Аль-Ислам» на рус. мове.

І.Б.Канапацкі.

т. 2, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКИЙ КОМИССИОНЕ́Р»,

штотыднёвая прыватная газета даведачна-інфарм. характару. Выдавалася з 1(13).5.1899 да 28.10(10.11). 1900 у Мсціславе на рус. мове баронам П. фон Пільхаў. Друкавала шматлікія аб’явы аб пошуках працы, продажы земляробчых прылад, насеннага матэрыялу, паведамляла пра рыначныя цэны і інш. Узнімала эканам. пытанні, праблемы класавай няроўнасці, прыводзіла асобныя факты барацьбы сялян за зямлю, асвятляла культ. жыццё Мсціслава. Выйшла 78 нумароў. Спыніла выданне з-за матэрыяльных цяжкасцяў.

Г.Ф.Юрчанка.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛЬБА́САЎ (Васіль Аляксеевіч) (19.6.1837, Палтава, Украіна — 6.8.1904),

рускі гісторык і публіцыст. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1861). У 1869—71 праф. Кіеўскага ун-та, у 1871—83 рэд. газ. «Голос» у Пецярбургу. Памяркоўны ліберал, прыхільнік бурж. рэформаў. Займаўся гісторыяй сярэдневяковай Германіі і Францыі і рус. гісторыяй 18 ст. Вызначыўся ў жанры гіст. біяграфіі. Няскончанае даследаванне «Гісторыя Кацярыны II» (т. 1—2, 1890—96) і інш. працы насычаны багатым фактычным матэрыялам.

т. 3, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУХАРЭ́СЦКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1812.

Падпісаны паміж Расіяй і Турцыяй 28.5.1812 у г. Бухарэст (Румынія). Завяршыў рус.-тур. вайну 1806—12. Паводле яго да Расіі адыходзілі Бесарабія і шэраг абласцей Закаўказзя. Турцыі былі вернуты ўсе заваяваныя Расіяй на Каўказе населеныя пункты (Анапа, Поці, Ахалкалакі). Дагавор забяспечыў прывілеі Дунайскім княствам, аўтаномію Сербіі. Умацаваў міжнар. становішча Расіі напярэдадні вайны 1812 і бяспеку яе паўд. межаў. Асн. палажэнні дагавора пацверджаны Акерманскай канвенцыяй 1826.

т. 3, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРДЗЯ́ЕЎ ((Bierdiajew) Валерыян) (7.3.1885, г. Гродна — 28.11.1956),

польскі дырыжор, педагог. Вучыўся ў Лейпцыгскай кансерваторыі ў М.Рэгера (кампазіцыя), К.Нікіша (дырыжыраванне), Х.Зіта (скрыпка). Інтэрпрэтатар рус. музыкі, твораў Л.Бетховена. З 1908 дырыжор Марыінскага т-ра ў Пецярбургу. У 1921—30 працаваў у Польшчы, Расіі, на Украіне. З 1930 выкладаў у Варшаўскай кансерваторыі (з 1945 праф.), Вышэйшых муз. школах у Кракаве, Познані. З 1947 дырэктар і дырыжор Кракаўскай філармоніі. Дзярж. прэмія Польшчы 1951.

т. 3, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРА́ЖСКАЕ МО́РА,

адна з былых назваў Балтыйскага мора. Паходжанне назвы звязана з дзейнасцю стараж. скандынаваў, гал. чынам продкаў шведаў, якія жылі на берагах Балтыкі і ў 9—11 ст. рабілі марскія паходы ва Усх. Еўропу (гл. Варагі). Згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў», як «Бахр-Варанк» у працах араб. аўтараў Біруні (пач. 11 ст.), Шыразі (пач. 14 ст.), Хаджы-Хальфы (17 ст.). У рус. мове выкарыстоўвалася да 18 ст.

т. 3, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬ II (Васілевіч Цёмны) (10.3.1415—27.3.1462),

вялікі князь маскоўскі [1425—62]. Сын Васіля І Дзмітрыевіча і Соф’і, дачкі вял. князя літ. Вітаўта. Амаль 30 гадоў ваяваў з кааліцыяй удзельных князёў, якою кіраваў галіцкі кн. Юрый Дзмітрыевіч і яго сыны. У 1446 аслеплены адным з іх, Шамякам (адсюль прозвішча Цёмны). Ліквідаваў большасць удзелаў у Маскоўскім княстве, умацаваў велікакняжацкую ўладу. Пры ім выбраны мітрапаліт (1448), рус. царква стала незалежная ад канстанцінопальскага патрыярха.

т. 4, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́ДАМАСЦІ ВЯРХО́ЎНАГА САВЕ́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ»,

афіцыйнае выданне Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. Выходзяць са снежня 1990 у Мінску на бел. і рус. мовах 3 разы на месяц. Друкуюць нарматыўныя і інш. акты Вярх. Савета, а таксама міжнар. дагаворы, дапаўненні, папраўкі, пратаколы і дадаткі да іх, заключаныя ад імя Рэспублікі Беларусь і ратыфікаваныя Вярх. Саветам.

Да 1990 выдаваўся «Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР».

т. 4, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВИ́ТЕБСКИЙ КУРЬЕ́Р М»,

грамадска-палітычная газета. Выходзіць з 1990 у Віцебску на бел. і рус. мовах (да 1995 наз. «Витебский курьер»). Асвятляе грамадска-паліт., эканам. і культ. жыццё Віцебска і вобласці. Шмат увагі аддае асвятленню міжнар. і бел. фестываляў «Славянскі кірмаш», гітарнай музыкі «Менестрэль», сучаснай харэаграфіі, а таксама мерапрыемстваў, прысвечаных М.Шагалу, выставак, канцэртаў. Друкуе матэрыялы па гісторыі Віцебшчыны, нататкі пра славутых ураджэнцаў краю. Змяшчае рэсп. і замежную інфармацыю.

т. 4, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)