ГЕАГРА́ФІЯ ПАСЕ́ЛІШЧАЎ,

геаграфія населеных пунктаў, раздзел геаграфіі насельніцтва, які вывучае рассяленне насельніцтва па першасных адзінках (населеных пунктах) і па асобных тэр. сукупнасцях паселішчаў. Вывучае тыпалогію паселішчаў, геагр. асаблівасці іх развіцця, групавыя формы рассялення, разглядае сістэмна-структурныя сукупнасці паселішчаў асобных краін і раёнаў. У складзе геаграфіі паселішчаў вылучаюць геаграфію гарадоў і геаграфію сельскіх населеных пунктаў.

т. 5, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАТО́ПНАЯ ХРАНАЛО́ГІЯ,

сукупнасць метадаў вызначэння абс. ўзросту горных парод, мінералаў, слядоў стараж. культур чалавека ці цалкам Зямлі па назапашванні ў іх прадуктаў распаду радыенуклідаў (гл. Радыеактыўнасць). Ідэя І.х. належыць П.Кюры і Э.Рэзерфарду. Распад кожнага радыенукліда адбываецца з пастаяннай скорасцю і прыводзіць да назапашвання канечных стабільных нуклідаў, па колькасці якіх і вызначаецца ўзрост даследаванага ўзору.

т. 7, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫГО́ІДНЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

група кубавых фарбавальнікаў, блізкіх па будове да індыга. У асобны падклас — тыяіндыгоідныя фарбавальнікі — вылучаны І.ф., малекулы якіх маюць атамы серы. Вызначаюцца шырокай гамай колеру — ад аранжавага да чорнага, добрай трываласцю, аднак па трываласці да святла саступаюць поліцыклічным кубавым фарбавальнікам. Атрымліваюць сінт. метадамі. Выкарыстоўваюць у асн. для стварэння адбіткаў на тканінах з цэлюлозных валокнаў.

т. 7, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАДРУПО́ЛЬ (ад лац. quadrum чатырохвугольнік + полюс),

сістэма з 4 эл. зарадаў, якая складаецца з 2 блізка размешчаных дыполяў, эл. моманты якіх роўныя па модулі і процілеглыя па арыентацыі. Патэнцыял К. на вял. адлегласцях r змяняецца як 1/r3. Пры змене значэння зарадаў ці адлегласці паміж імі К. выпрамяняе эл.-магн. хвалі.

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРУ́МЫ, карумы,

значныя па плошчы скопішчы вял. глыб горных парод, што залягаюць у выглядзе плашча на горных схілах і плоскіх вяршынях. Узнікаюць у выніку інтэнсіўнага фіз. выветрывання. Паступова спаўзаючы ўніз па схілах, утвараюць каменныя рэкі. Тэрмін пашыраны пераважна ў раёнах Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Уваходзіць у склад шэрагу геагр. назваў (напр., горы Каракарум).

т. 9, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОТ (англ. lot),

партыя тавару, частка яго агульнай колькасці, што прадаецца ці пастаўляецца па дагаворы. Тэрмін пашыраны ў аўкцыённым гандлі (гл. Аўкцыён), дзе Л. можа складацца са стандартнага пакета каштоўных папер (100, 1000 адзінак і інш.), адной рэчы (напр., карціна, прадмет антыкварыяту), набору аднародных па якасці прадметаў (напр., калекцыя стараж. марак, манет).

т. 9, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУНЦ (Восіп Лазаравіч) (29.12.1842—1930),

бел. вучоны ў галіне тэрапіі, заснавальнік процітуберкулёзнай дапамогі ў Мінску. Д-р медыцыны (1869). Скончыў Маскоўскі ун-т (1866). З 1867 працаваў у Мінску: ардынатар ваеннага шпіталя, урач рэальнага вучылішча, чл. камісіі па арганізацыі БДУ. Заснаваў першы на Беларусі дзіцячы процітуберкулёзны санаторый (1898). Навук. працы па пытаннях туберкулёзу, эндакрыналогіі, педыятрыі.

т. 9, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЬКО́ (Вацлаў Юльянавіч) (н. 14.11. 1933, в. Ніўкі Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне геадэзіі. Д-р тэхн. н. (1993). Скончыў Маскоўскі ун-т геадэзіі і картаграфіі (1956). З 1998 гал. навук. супрацоўнік Навук.-ўкараняльнага цэнтра па землеўпарадкаванні. Навук. працы па геадэзіі і фотатапаграфіі.

Тв.:

Технологическое проектирование аэрофотосъемки. М., 1991.

т. 10, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПААПО́ (Poopó),

салёнае возера ў Балівіі, у Цэнтральных Андах, на выш. 3690 м. Пл. 2,5—3 тыс. км² (мяняецца па сезонах). Глыб. (у сухі перыяд) да 3 м. П. — частка стараж. больш буйнога вадаёма. У возера ўпадае р. Дэсагуадэра; у дажджлівы сезон частка вады з П. па р. Лакаауіра паступае ў воз. Кайпаса.

т. 11, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГРАНІ́ЧНЫ КАНТРО́ЛЬ,

узгодненыя па мэце, месцы і часе рэжымна-прапускныя і аператыўныя мерапрыемствы па праверцы і пропуску цераз дзярж. граніцу фіз. асоб, транспарту і інш. У Рэспубліцы Беларусь П.к. уключае праверку дакументаў на права ўезду на тэр. краіны і выезду з яе, дагляд трансп. сродкаў (пры неабходнасці іх суправаджэнне), грузаў, маёмасці і інш.

т. 11, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)