БАРЭ́ЙША (Антон Сцяпанавіч) (1858, б. хутар Любопаль Пінскага р-на Брэсцкай вобласці — 1924),
рэвалюцыянер-народнік. У час вучобы ў Беластоцкім рэальным вучылішчы ўваходзіў у нелегальны вучнёўскі гурток, арганізаваны І.Я.Грынявіцкім. У 1877—79 студэнт Пецярбургскага тэхнал. ін-та. У студз.—жн. 1880 жыў у Пецярбургу на адной кватэры з Грынявіцкім. Уваходзіў у цэнтр. гурток рабочай арг-цыі «Народнай волі», кіраваў яе раённымі аддзяленнямі за Нарвенскай заставай; вёў рэв. прапаганду на фабрыках і заводах горада. Са снежня 1880 працаваў у нарадавольскай друкарні, якая выпускала «Рабочую газету», з сак. 1881 у друкарні газ. «Народная воля». Улетку 1881 у Маскве ўдзельнічаў у стварэнні рабочай нарадавольскай арг-цыі. 18.12.1881 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць; прыцягнуты да суд. «працэсу 17-ці» (сак.—крас. 1883). Засуджаны да ссылкі ў Сібір. Памёр у г. Кірэнск (Іркуцкая вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЕ́Я,
гістарычная воласць, у верхнім цячэнні р. Басі, на стыку сучасных Горацкага і Шклоўскага р-наў Магілёўскай вобласці. Упершыню згадваецца каля 1136 у грамаце смаленскага кн.Расціслава Мсціславіча, які атрымліваў з Басеі даніну ў памеры 15 грыўняў і вызначаў з яе дзесяціну на карысць смаленскага епіскапа. Цэнтр воласці ў 12—13 ст. знаходзіўся, верагодна, у сучасным урочышчы Пагост каля в. Новае Вільянава Шклоўскага р-на. У складзе ВКЛ разам з суседняй Горскай воласцю належала кн. Друцкім. У 1-й пал. 16 ст. адна частка Басеі належала кн. В.Ю.Друцкаму-Талачынскаму, другая — кн. С.Ямантовічу-Падбярэзскаму. Пазней у выніку падзелаў частка Басеі ўвайшла ў Шклоўскае і Капыскае графствы, паўд. ўскраіна — у Магілёўскую эканомію. Астатняя частка ператварылася ў самаст. маёнткі Сялец і Якаўлевічы Аршанскага пав.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАКА́ДА НАВАКАІ́НАВАЯ,
метад абязбольвання, які грунтуецца на часовым выключэнні праводнасці болевых імпульсаў па перыферычнай нерв. сістэме і на ўздзеянні навакаіну на рэгулятарныя функцыі ц. н. с. Праводзяць блакаду навакаінавую 0,25—0,5%-ным растворам навакаіну. Слабыя растворы навакаіну здымаюць боль і лечаць. Блакаду навакаінавую выкарыстоўваюць адпаведна характару захворвання. Напр., кароткую блакаду навакаінавую робяць на першай стадыі вострых запаленчых працэсаў (абсцэсы і флегмоны), пры лячэнні ран. Цыркулярная блакада навакаінавая выкарыстоўваецца пры лячэнні ран, гнойных і асептычных запаленняў, адмаражэнняў, укусаў змей у вобласці канечнасцяў. Надплеўральную блакаду навакаінавую робяць пры хваробах органаў брушной і тазавай поласцяў (перытаніты, гастраэнтэрыты, колікі, халецыстыты, выпадзенне маткі), пры хваробах тазавых канечнасцяў і ў пасляаперацыйны перыяд пры хірург. умяшаннях на органах брушной поласці. Паранефральная блакада навакаінавая ўжываецца ў тых жа выпадках, што і надплеўральная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭЗІЯ́НСКІЯ ВО́ДЫ,
напорныя пластавыя падземныя воды, якія залягаюць паміж водатрывалымі слаямі. Прымеркаваны да адмоўных геаструктур — сінкліналяў, мульдаў, прагінаў, упадзін. Напор узнікае пры гідраўлічнай ізаляванасці ваданосных гарызонтаў ад перавышэння вобласці жыўлення над вобласцю разгрузкі. Пры залішнім гідрастатычным ціску выліваюцца на паверхню зямлі або фантануюць пры ўскрыцці. Ва ўмовах актыўнага водаабмену артэзіянскія воды прэсныя, застойных — салёныя ці расолы (гл.Мінеральныя воды). Артэзіянскія воды звычайна звязаны з артэзіянскімі басейнамі. На Беларусі ўскрыты амаль на ўсёй тэр. на глыб. ад некалькіх дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў, належаць да Аршанскага гідрагеалагічнага басейна, Брэсцкага гідрагеалагічнага басейна, Прыпяцкага гідрагеалагічнага басейна і Беларускага гідрагеалагічнага масіву. Артэзіянскія воды з’яўляюцца асн. крыніцай пітнога водазабеспячэння.
А.В.Кудзельскі.
Фарміраванне артэзіянскіх водаў у артэзіянскім басейне: 1 — гліністыя пароды; 2 — ваданосныя пяскі; 3 — вапнякі; ф — месца (крыніца, свідравіна) выхаду вады на паверхню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў 1801—1921. Утворана 21.9.1801 у выніку падзелу Літоўскай губерні на Віленскую і Слонімскую, якая 9.9.1802 перайменавана ў Гродзенскую губерню. Цэнтр — г. Гродна. Падзялялася на 8 паветаў: Брэсцкі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Кобрынскі, Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі, Слонімскі. У 1843 да губерні далучаны Беластоцкі, Бельскі, Саколкаўскі пав. са скасаванай Беластоцкай вобласці, Навагрудскі пав. перададзены Мінскай, Лідскі — Віленскай губ. Знаходзілася ў складзе Віленскага генерал-губернатарства. Пл. губерні 33 979 кв. вёрст (1891), нас. 1617,8 тыс.чал. (1897). Паводле веравызнання: правасл. 827 724, католікаў 384 496, іудзеяў 282 303, пратэстантаў 13 067, магаметан 3238. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у складзе Польшчы. Гродзенская губерня скасавана, яе тэр. ўвайшла ў Беластоцкае (Беластоцкі, Бельскі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Саколкаўскі пав.), Палескае (Брэсцкі, Кобрынскі, Пружанскі пав.) і Навагрудскае (Слонімскі пав.) ваяводствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВО́РЦЫЯ (Howorthia),
род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Больш за 100 відаў, шмат разнавіднасцей і гібрыдных формаў. У дзікарослым стане пашыраны ў Паўд. Афрыцы, пераважна ў Капскай вобласці. Растуць у кустовых саваннах на сухіх камяністых глебах. На Беларусі ў аранжарэях, цяпліцах і пакоях вырошчваюцца гаворцыя гладкая (Howorthia glabrata), жамчужная (Howorthia margaritifera), паласатая (Howorthia fasciata), Рэйнварта (Howorthia reinwardtii), шахматная (Howorthia tesselata) і інш.
Шматгадовыя сукулентныя травяністыя расліны з пакарочаным сцяблом выш. да 20 см і разеткай невял. светла- або цёмна-зялёных з бародаўкамі сядзячых мясістых лістоў, што размешчаны шчыльнымі радамі і налягаюць адзін на адзін. Кветанос выходзіць з сярэдзіны разеткі. Кветкі дробныя, белавата-зялёныя, у рэдкай мяцёлцы. Плод — каробачка. Каштоўныя дэкар. расліны. Цвітуць некалькі разоў за год. Пладаносяць у пакаёвай культуры рэдка, толькі пры штучным апыленні. Размнажаюцца парасткамі, зрэдку насеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМІНІ́ДЫ (Hominidae),
сям’я атрада вышэйшых прыматаў, якая ўключае ўсіх прадстаўнікоў чалавецтва ад яго ўзнікнення да сучаснасці. Вылучаюць 2 падсям’і гамінідаў: аўстралапітэкавыя (раннія) і гамінныя (архантрапы, палеантрапы і сучасны чалавек). Аўстралапітэкавыя з’явіліся каля 5 млн. гадоў назад на тэр. Афрыкі. Паводле вынікаў даследаванняў, на тэр.Усх. і Паўд. Афрыкі жыло не менш як 7 іх відаў, у некат. выпадках прасочаны паступовыя эвалюц. пераходы да больш прагрэсіўных формаў. Для гамінідаў характэрны прамахаджэнне, высокаразвіты мозг, узнікненне высокаманіпуляцыйнай рукі, выразнай мовы. Рассяленне гамінідаў пачалося каля 2 млн. гадоў назад у Паўд.-Усх. Азію, праз 1 млн. гадоў — ва ўсе інш.вобласці зямнога шара, акрамя зон арктычнага клімату.
Літ.:
Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии Мн.. 1989;
Фоули Р. Еще один неповторимый вид: Экол. аспекты эволюции человека: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДВА́НА (ад назвы гіст.вобласці ў Цэнтр. Індыі),
гіганцкі суперкантынент, які існаваў у Паўд. паўшар’і Зямлі на працягу б.ч. палеазою (верагодна, і ў дакембрыі) і ў пач. мезазою. Мяркуюць, што Гандвана — мацярык яйцападобнай формы, антыподам якой у Паўн. паўшар’і была Лаўразія. У тэктанічных адносінах Гандвана — дакембрыйская платформа, адна з найб. структур Зямлі. Уключала шэраг стараж. платформаў Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Азіі (Аравійская і Індастанская), Аўстраліі і Антарктыды. Пра тое, што гэтыя часткі кантынентаў былі адзіным цэлым, сведчаць вялікае падабенства або ідэнтычнасць познапалеазойскіх і раннемезазойскіх кантынентальных адкладаў, наяўнасць слядоў палеазойскага мацерыковага зледзянення, пашырэнне гласаптэрыевай флоры і інш. агульныя рысы. У сярэдзіне юрскага перыяду пачаўся раскол Гандваны, які завяршыўся да канца ранняга мелу. Часткі яе пачалі разыходзіцца і ў выніку дрэйфу кантынентаў занялі сучаснае становішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РНЫЯ АСАЦЫЯЦЫІ,
самыя маладыя і вял. рассеяныя зорныя скопішчы. З-за вял. памераў З.а. маюць малое ўзаемнае прыцягненне, якое не можа ўтрымаць зоркі разам, таму ўзрост зорак меншы за час распаду асацыяцыі. Вывучэнне З.а. спрыяла ўзнікненню зорнай касмагоніі.
З.а. адкрыты ў 1947 В.А.Амбарцумянам як актыўныя вобласці ўтварэння зорак. Выяўляюцца спектральнымі метадамі. Складаюцца з надзвычай яркіх маладых зорак спектральнага класа O ці ранніх падкласаў B (O-асацыяцыі). Сукупнасць некалькіх З.а. наз. агрэгатам. Такі агрэгат ёсць у туманнасці Арыёна, мае цёмныя і светлыя туманнасці, зоркі класаў O і B. З.а., якія складаюцца з маладых няправільных пераменных зорак, наз. T-асацыяцыямі; сустракаюцца ў абласцях, дзе многа касм. пылу. Пераменнасць зорак выклікана іх унутранымі ўзбурэннямі, што пацвярджаецца наяўнасцю ў спектрах большасці з іх інтэнсіўнага ультрафіялетавага выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХТЫЯФА́УНА (ад іхтыя... + ... фауна),
сукупнасць відаў рыб пэўнага вадаёма, басейна, зоагеагр. вобласці і інш. або пэўнага адрэзка часу ў гісторыі Зямлі. І. большасці басейнаў складаецца з відаў, якія адрозніваюцца па геагр. паходжанні і групуюцца ў асобныя фауністычныя комплексы. Па колькасці відаў самая багатая І. экватарыяльных вод зах.ч. Ціхага ак., найбольш бедная І. высокаарктычных вод. На працягу развіцця рыб сфарміравалася больш за 25 тыс. відаў, з якіх засталося каля 20,9 тыс. На Беларусі ў вадаёмах 58 відаў рыб з 18 сям. (46 абарыгенных і 12 завезеных з інш.геагр. абласцей для акліматызацыі і гадоўлі); знікла 12 відаў каштоўных прахадных рыб з прычыны абмялення асн. рэк і зарэгулявання іх сцёку плацінамі электрастанцый. У Чырв. кнігу Беларусі занесены вусач, рыбец, стронга ручаёвая (гл.Стронгі), сцерлядзь, харыус звычайны. І. вывучае іхтыялогія.