помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1881 у в. Велямічы (Столінскі р-н Брэсцкай вобл.) на месцы царквы 1724. У яе архітэктуры адлюстраваны традыцыі мясцовай школы дойлідства. Квадратны ў плане асн. аб’ём, бабінец і 5-гранная апсіда з 2 невял. рызніцамі абапал алтара ўтвараюць 3-зрубную глыбінна-прасторавую кампазіцыю. Асн. аб’ём пры дапамозе ветразяў пераходзіць у 2-ярусны верх (васьмярык на чацверыку), апсіда і бабінец увянчаны 8-граннымі вярхамі з гранёнымі барочнымі купалкамі складанай формы. У 1888 да асн. аб’ёму далучаны бакавыя прыбудовы з васьмерыковымі вярхамі, царква набыла 5-купальную крыжова-цэнтрычную кампазіцыю. Сцены вертыкальна ашаляваны, умацаваны лапаткамі, прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі (у апсідзе — у форме крыжа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́РНЫ»,
рачная кананерская лодка Пінскай ваеннай флатыліі, якая вызначылася ў пач.Вял.Айч. вайны. Пабудавана ў 1897—98. З 1919 у складзе Дняпроўскай, з 1940 — Пінскай ваен. флатыліі. Мела 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж 51 чал. 11.8.1941 на Дняпры каля с. Тарасаўка Чаркаскай вобл. (Украіна) прыкрыла пашкоджаную кананерскую лодку «Перадавы», пры прарыве да Чаркасаў знішчыла 15 ням. танкаў і некалькі артыл. батарэй. 17—19.8.1941 прарвалася ў Кіеў, 25.8.1941 адбіла налёт 9 ням. бамбардзіроўшчыкаў, але ў час наступнага бою з 18 самалётамі ворага ўзарвана і патанула на Дняпры; экіпаж загінуў.
Літ.:
Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958. С. 50—52, 67—69.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРШ (лац. versus),
1) тое, што і вершаваная мова.
2) Невялікі лірычны або ліра-эпічны твор, напісаны вершаванай мовай. У вершы звычайна выяўляюцца адносіны аўтара да розных падзей і з’яў жыцця. Паэзія выпрацавала цэлую сістэму вершаваных жанраў (балада, ода, эпіграма, элегія і інш.). Багаты і разнастайны верш і па форме. У ім выкарыстоўваюцца розныя віды рытмікі, гукавой арганізацыі (гл.Фоніка, Рыфма), архітэктонікі (гл.Строфіка), паэтычнага сінтаксісу, тропаў, ён мае своеасаблівую інтанацыю, кампазіцыйныя сродкі (гл.Кампазіцыя). У бел. літаратуры вершаваныя творы з’явіліся на пач. 16 ст. ў Ф.Скарыны. Спачатку вершам называлі 2-радкоўі, змацаваныя рыфмамі, пасля — любы твор, напісаны вершаванай мовай. Існуе і верш у прозе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТЭРЫНА́РНЫ СТАТУ́Т РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
дзяржаўны нарматыўны акт, які вызначае задачы вет. службы, асновы арганізацыі вет. мерапрыемстваў. З’яўляецца часткай Закону Рэспублікі Беларусь «Аб ветэрынарнай справе». Зацверджаны ў 1995.
Змяшчае асн. палажэнні па кіраванні вет. справай і арганізацыі вет. абслугоўвання жывёлагадоўлі, рэгламентуе правы і абавязкі службаў і спецыялістаў. У статуце выкладзены вет.-сан. правілы для жывёлагадоўчых фермаў, каранцінныя і інш. абавязковыя меры па ліквідацыі заразных хвароб жывёлы і птушкі, спец. патрабаванні, якія дзейнічаюць пры нарыхтоўках, перагоне, перавозках і забоі жывёлы, і правілы вет.-сан. нагляду за прадуктамі і сыравінай жывёльнага паходжання, меры аховы тэрыторыі рэспублікі ад заносу заразных хвароб жывёлы з замежных краін, парадак імпарту і экспарту жывёлы і прадуктаў жывёлагадоўлі. Гл. таксама Ветэрынарна-санітарны нагляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ АРХЕАЛАГІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ,
навукова-асветная ўстанова ў 1855—65, якая займалася зборам і даследаваннем помнікаў старажытнасці на тэр. Беларусі і Літвы. Створана па ініцыятыве Я.П.ТышкевічапрыВіленскім музеі старажытнасцей. У склад камісіі ўваходзілі Я.П.Тышкевіч (старшыня), М.І.Балінскі (віцэ-старшыня), А.К.Кіркор, І.Крашэўскі, Т.Нарбут, А.С.Плятар, У.Сыракомля, К.П.Тышкевіч і інш. Збірала матэрыялы па гісторыі краю, вывучала матэр. і духоўную культуру паводле «Праграмы дзеянняў», складзенай Я.П.Тышкевічам. Камісія выпускала «Записки Виленской археологической комиссии», краязн. працы, праводзіла абмен навук. інфармацыяй, кнігамі, наладжвала сустрэчы з навук. арг-цыямі Англіі, Даніі, Расіі, Францыі, Швейцарыі, Швецыі і інш. краін. Пасля паўстання 1863—64 паводле загаду ген.-губернатара М.М.Мураўёва яна закрыта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,
ступень насычанасці глебы вадой. Вызначаецца ў працэнтах ад масы сухой глебы (вагавая, або ўласна вільготнасць глебы), аб’ёму глебы (аб’ёмная вільготнасць глебы), вільгацяёмістасці глебы, часцей палявой (адносная вільготнасць глебы). Вільготнасць глебы — асн. характарыстыка забяспечанасці раслін вільгаццю. Адрозніваюць вільготнасць завядання (пры якой расліны вянуць) і розныя формы даступнасці вільгаці для раслін, у т. л. даступную, недаступную, прадукцыйную, непрадукцыйную і інш. Вільготнасць глебы залежыць ад грануламетрычнага саставу, асаблівасцей увільгатнення і сезона года. Ва ўмовах Беларусі яна мяняецца ад 10—13% для пясчаных глеб да 100% і больш у тарфяна-балотных; найбольшая ранняй вясной. Лясныя глебы ў параўнанні з палявымі маюць крыху павышаную вільготнасць у верхніх гарызонтах (да глыб. 0,5—1 м) і паніжаную ў глыбінных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІ́ННАЯ НЕДАСТАТКО́ВАСЦЬ, гіпавітамінозы,
хвароба ад нястачы вітамінаў у арганізме чалавека і жывёлы. Бывае ад недастатковага паступлення ў арганізм аднаго ці некалькіх вітамінаў з ежай (кормам) — экзагенная вітамінная недастатковасць і ад паніжанай здольнасці арганізма да засваення вітамінаў (напр., тлушчарастваральных вітамінаў пры парушэннях усмоктвання тлушчаў у кішэчніку) — эндагенная вітамінная недастатковасць. Эндагенная недастатковасць водарастваральных вітамінаў звязана з парушэннямі ператварэння іх у адпаведныя каферменты. Адсутнасць вітамінаў выклікае авітамінозы. Вітамінную недастатковасць цяжка распазнаць: яна доўга можа выяўляцца неспецыфічна (затрымка росту, фіз. слабасць, паніжаная ўстойлівасць да інфекц. хвароб і інш.). У с.-г. жывёлы асн. прычына вітаміннай недастатковасці — нястача вітамінаў у корме. Найчасцей бывае ў стойлавы перыяд у цяжарных самак і ў маладняку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ГУБЕ́РНСКІ ПАКАЗА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у Віцебску з мая 1922 да вер. 1924. Да лета 1922 наз. Першы віцебскі юнацкі губ. паказальны т-р. Створаны на аснове Юнацкай драм. студыі (дзейнічала пры Віцебскім к-це дапамогі чырвонаармейцам, у 1919—22). Абслугоўваў шпіталі і вайск. часці горада, наладжваў спектаклі для дзяцей, вучнёўскай і рабочай моладзі. Узначальвалі калектыў рэж. Б.Шадурскі; рэжысёры Р.Брын і М.Кусільман; з лета 1922 маст. кіраўнік Б.Бертэльс. Аснову рэпертуару складала рус. і зарубежная класіка, у т. л. «Рэвізор» і «Жаніцьба» М.Гогаля, «Беднасць не загана», «Васіліса Мяленцьева» і «Цяжкія дні» А.Астроўскага, «Лекар паняволі» Мальера, ставіліся першыя сав. п’есы.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1985. Т. 2. С. 114—115.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЖЫК ЗВЫЧА́ЙНЫ (Erinaceus europaeus),
млекакормячая жывёла сям. вожыкавых атр. насякомаедных. Пашыраны ў Еўропе, Азіі. Жыве ў лясах, лесастэпах, стэпах, на высечках, у пасевах с.-г. культур, на агародах, у садах, поймах рэк. На Беларусі трапляецца ўсюды.
Даўж. цела 20—31 см, маса 700—800 г. Спіна і бакі цела ўкрыты калючкамі, знізу — шорсткай поўсцю. Канечнасці пяціпальцыя, кіпцюры моцныя і доўгія. У прыплодзе да 10 дзіцянят, якія кормяцца малаком маці. Дарослыя кормяцца насякомымі (пераважна жукамі), чарвямі, жабамі, птушанятамі і яйцамі птушак, яшчаркамі, дробнымі грызунамі, радзей ягадамі. Малаадчувальны да ядаў, у т. л. да змяінага. Упадае ў спячку. Пры небяспецы згортваецца ў клубок. Пераносчык узбуджальнікаў небяспечных хвароб. Добра пераносіць няволю. Увесну шмат гіне на аўтадарогах.
руская актрыса, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1989). Скончыла Школу-студыю імя У.І.Неміровіча-Данчанкі пры МХАТ (1955). З 1956 у Маскоўскім т-ры «Сучаснік» (з 1972 гал. рэжысёр). Характарная актрыса. Сярод роляў: Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.Гогаля), Нюрка-Хлебарэзка («Вечна жывыя» В.Рогава), Марта («Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Э.Олбі). Як рэжысёр асн. ўвагу аддае працы з акцёрамі, дамагаючыся сац. і псіхал. дакладнасці, яе спектаклі адметныя завостраным сцэн. малюнкам, сакавітымі камедыйнымі і драм. фарбамі: «Тры сястры» А.Чэхава (1982), «Зоркі на ранішнім небе» А.Галіна (1988), «Круты маршрут» паводле Я.Гінзбург (1989), «Анфіса» Л.Андрэева (1991), «Пігмаліён» Б.Шоу (1995). Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1967.