ГІПЕ́РБАЛА (ад грэч. hyperbolē перабольшанне),

мастацкі прыём, заснаваны на рэзкім перабольшанні асобных рыс чалавечага характару, уласцівасцей прадмета ці з’явы з мэтай завастрыць на іх увагу чытача. Пашырана ў фальклоры, асабліва ў казках і легендах. Гіпербалу часта выкарыстоўваюць у творах рамантычнай л-ры з мэтай стварэння незвычайных характараў і падзей, узмацнення іх маст. выразнасці. Процілеглы гіпербале стылістычны прыём — літота.

т. 5, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРМАРФО́З (ад гіпер... + марф... + ...оз),

гіпертэлія, звышспецыялізацыя, залішняе павелічэнне арганізма або яго асобных органаў у сувязі з парушэннем у эвалюцыйным развіцці балансу з асяроддзем у выніку хуткай яго змены (напр., гіганцкія мезазойскія рэптыліі, буйныя іклы ў выкапнёвых шаблязубых тыграў і інш.). Гіпермарфоз — следства надзвычайнай спецыялізацыі да вузкіх умоў існавання, пры нязначнай змене асяроддзя вядзе да вымірання гэтай групы арганізмаў.

т. 5, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРПЛАЗІ́Я (ад гіпер... + грэч. plasis утварэнне),

павелічэнне колькасці структурных элементаў тканак з прычыны павышанай функцыі органа ці ў выніку паталагічнага новаўтварэння тканкі. Гіперплазія складае аснову гіпертрафіі. Часта мае кампенсатарны характар. Адрозніваюць гіперплазію залозістую, залозіста-ацынозную, адэнаматозную і інш.

У раслін — мясцовае разрастанне тканак у выніку мітатычнага ці амітатычнага дзялення клетак. Вынік гіперплазіі — утварэнне галаў і інш.

т. 5, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАЎКАФА́Н (ад грэч. glaukos блакітнавата-зялёны),

пародаўтваральны мінерал класа сілікатаў, групы амфіболаў, водны алюмасілікат натрыю і магнію, Na2Mg3Al2[Si4O11]2(OH)2. Прымесі жалеза, кальцыю, калію. Крышталізуецца ў манатоннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, агрэгаты слупкаватыя, прамянёвыя, валакністыя. Колер цёмна-сіні, бясколерны. Бляск шкляны. Цв. 5,5—6,5. Шчыльн. 3,1—3,3 г/см³. Трапляецца пераважна ў метамарфізаваных сланцах, алеўралітах, пясчаніках.

Глаўкафан.

т. 5, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІЁМА (ад грэч. glia клей + ...ома),

пухліна ц. н. с. (галаўнога і спіннога мозга), што паходзіць з клетак нейрагліі. Да гліёмы адносяцца: астрацытома, алігадэндрагліёма, палярная спангіябластома (разнавіднасць астрацытомы з марудным ростам), эпендымома. Разнавіднасцю злаякасных гліём з’яўляюцца гліябластома і медулабластома (гліёма саркаматозная), якая найчасцей бывае ў дзяцей, лакалізуецца ў вобласці мазжачка з інфільтратыўным ростам і хуткімі неўралагічнымі расстройствамі. Лячэнне хірургічнае.

т. 5, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НКА,

радовішча тугаплаўкіх глін у Столінскім р-не Брэсцкай вобл., за 1,8 км на ПдУ ад в. Глінка. Пластавы паклад утвораны азёрнымі адкладамі неагенавага ўзросту. Гліны шэрыя і цёмна-шэрыя, дысперсныя, пластычныя, тугаплаўкія, з лінзамі вогнетрывалых глін. Разведаныя запасы 4,8 млн. т, перспектыўныя 443 тыс. т. Карысная тоўшча магутнасцю 0,8—9,8, ускрыша 0,2—4,2 м.

А.​Шчураў.

т. 5, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛО́РЫЯ (ад лац. gloria упрыгажэнне, арэол),

аптычная з’ява ў атмасферы ў выглядзе каляровых кольцаў вакол ценю назіральніка (ці прадмета, што знаходзіцца каля яго), калі цень падае на воблака або слой туману. Часта назіраецца ў гарах (калі воблака знаходзіцца ніжэй назіральніка) ці ў час палётаў над воблакамі. Абумоўлена дыфракцыяй святла на кроплях вады. Колеры ў глорыі: унутры блакітны, звонку чырвоны.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШЭ́Ц,

возера ў Гомельскім р-не, у пойме р. Сож, за 20 км на Пд ад Гомеля. Пл. 0,48 км², даўж. 4,77 км, найб. шыр. 150 м, даўж. берагавой лініі 9,7 км. Старычнае. Схілы катлавіны выш. 5 — 6 м, параслі лесам і хмызняком, на Пн участкамі разараныя. Упадае р. Случ-Мільча, выцякае ручай у р. Сож.

т. 5, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫ́БАЧКА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нежлеўка, за 18 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,29 км², даўж. 880 м, найб. шыр. 450 м, даўж. берагавой лініі 2,1 км. Пл. вадазбору 7,5 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м, пад лесам і хмызняком, на З участкамі разараныя. Выцякае ручай у р. Нежлеўка.

т. 5, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́КАЕ ВО́ЗЕРА,

у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Храпаўлянка, за 6 км на ПдЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,21 км², даўж. 980 м, найб. шыр. 250 м, даўж. берагавой лініі каля 2,2 км. Пл. вадазбору 10,5 км². Схілы катлавіны выш. 7 м, пад хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі. Злучана ручаём з Пярвішчанскім возерам.

т. 5, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)