БО́НЫ (франц. bons),

папяровыя ці метал. знакі ў форме кароткатэрміновых даўгавых абавязацельстваў, якія выпускаюцца казначэйствамі, муніцыпальнымі органамі, фірмамі ці асобамі для часовай замены дзярж. грашовых знакаў пры іх недахопе ў абарачэнні. Бываюць боны абавязковага (дзярж. казначэйстваў, муніцыпальных органаў улады, акупацыйнай улады на занятай тэрыторыі; маюць законную сілу ў пэўным рэгіёне) і неабавязковага (прыватныя боны, выпушчаныя асобнымі прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі, т-вамі, прыватнымі асобамі; маюць сілу ў падпарадкаваных эмітэнту межах) абарачэння. Першыя боны ў Расіі з’явіліся ў 1840, на Беларусі — напярэдадні паўстання 1863—64. У б. СССР боны былі ў абарачэнні да грашовай рэформы 1922—24. Б. называюць таксама папяровыя грошы, якія выйшлі з абарачэння і сталі прадметам калекцыяніравання (гл. ў арт. Баністыка).

т. 3, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАЛІ́ЧНАСЦЬ,

даданы член сказа, які паясняе словы са значэннем дзеяння або прыкметы, паказваючы на час, месца, прычыну, умову, мэту, спосаб дзеяння, характар выяўлення, інтэнсіўнасць прыкметы. У бел. мове акалічнасці сінтаксічна звязваюцца з гал. словамі пры дапамозе прымыкання і кіравання. Ролю акалічнасці выконваюць прыслоўе («вельмі здольны»), дзеепрыслоўе («разглядаць не спяшаючыся»), інфінітыў («зайсці развітацца»), назоўнік з прыназоўнікам ці без яго («ехаць лесам», «зрабіць насуперак жаданню»), лічэбнік («уваходзіць па аднаму»), а таксама свабодныя словазлучэнні розных тыпаў («важыць тры тоны», «чытаць з ранку да вечара», «апрацаваны з дапамогай новага прыстасавання») і фразеалагізмы («жыць абы дзень да вечара»). У залежнасці ад сінтаксічнага значэння падзяляюцца на разрады — акалічнасці часу, прычыны, умовы, мэты, спосабу дзеяння і інш.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 1, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКБА́Р (Джэлаль-ад-дзін) (1542—1605),

правіцель Магольскай імперыі ў Індыі [1556—1605]. Пры ім дзяржава Вялікіх Маголаў дасягнула найб. магутнасці. Значна пашырыў яе межы, заваяваўшы тэр. ад Балха на Пн да р. Гадавары на Пд (у т. л. Кашмір і тэр. сучаснага Афганістана) і ад мора на З да мора на У. Вёў барацьбу з сепаратызмам феадалаў, у 1574 імкнуўся ліквідаваць сістэму джагіраў, што выклікала супраціўленне мусульм. джагірдараў. Упершыню стаў прызначаць індусаў на важныя дзярж. пасты, дынастычнымі шлюбамі ўмацаваў сувязі з раджпуцкімі княствамі, конніца раджпутаў стала асновай арміі. Увёў новую рэлігію «дзін-і ілахі» («божая вера») з элементамі ісламу, індуізму, парсізму і джайнізму.

Акбар са сваім сынам Джахангірам і ўнукам Шахам-Джаханам. Мініяцюра. Каля 1630.

т. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЛІМА́ЦЫЯ,

сукупнасць карысных гамеастатычных змен у арганізме, якія даюць яму магчымасць існаваць пры змене ўмоў асяроддзя. Грунтуецца на т.зв. аклімацыйных рэакцыях — абарачальных зменах фізіял. механізмаў і марфал. структуры ў адказ на павольныя і працяглыя змены ў асяроддзі, у прыватнасці сезонныя. Напр., аклімацыйныя змены покрыва птушак і звяроў забяспечваюць ім захаванне цяпла зімой і рассейванне яго летам, што дае магчымасць падтрымліваць адносна пастаяннай т-ру цела з мінім. затратамі энергіі. Халаднакроўныя жывёлы, а таксама расліны прыстасоўваюцца да сезонных змен пераключэннем ферментных і інш. біяхім. сістэм з рознымі тэмпературнымі оптымумамі і т.ч. як бы падганяюць свае дыяпазоны ўстойлівасці да пераважных умоў асяроддзя. Часам аклімацыю памылкова атаясамліваюць з акліматызацыяй і эксперым. адаптацыяй.

т. 1, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСА́КАЎ (Сяргей Сяргеевіч) (7.1.1891, г. Самара — 4.9.1968),

бел. кампазітар. Скончыў Аляксандраўскі ліцэй у С.​Пецярбургу (1914). Музыцы вучыўся ў К.​Ігумнава, А.​Грачанінава, Ю.​Энгеля. Працаваў у Полацку, Пскове, Самары, Харбіне, Шанхаі. З 1955 у Мінску, выкладаў у Сярэдняй спец. муз. школе пры Бел. кансерваторыі. У праграмных інстр. творах увасобіў карціны бел. прыроды і побыту, сюжэты і вобразы нац. л-ры: сімф. паэмы «У Тураўскай пушчы» паводле верша У.​Дубоўкі і «Лясная казка» па матывах твораў Я.​Коласа, канцэртная уверцюра «Сельскае свята» і балада для сімф. аркестра; фантазія для фп. з арк. «Над Нёманам», рамансы і хары на словы бел. паэтаў. З інш. тв.: кантата «Памяці Пушкіна»; сімфонія, канцэрт для фп. з арк., інстр. п’есы.

т. 1, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́ЎНЫ ВУ́ГАЛЬ, актываваны вугаль,

вугляродны адсарбент, з развітой сітаватай структурай. Добра адсарбіруе арган. рэчывы, дрэнна аміяк, ваду, спірт. Адсорбцыя ў мікрасітавінах (памер 3 нм, аб’ём да 0,6 см³/г) адбываецца па механізме аб’ёмнага запаўнення, у мезасітавінах (3—200 нм, аб’ём да 0,5 см³/г) — капілярнай кандэнсацыі; макрасітавіны (200 нм, аб’ём да 1,2 см³/г) выконваюць трансп. функцыю. Атрымліваюць з выкапнёвага ці драўнянага вугалю парафазавай ці хім. карбанізацыяй і актывацыяй, а таксама тэрмічным раскладаннем сінт. палімераў. Выкарыстоўваецца для рэкуперацыі арган. растваральнікаў, пры рафінаванні цукру, ачыстцы пітной вады, спіртных напіткаў, сцёкавых водаў, як адсарбент і носьбіт каталітычных дабавак, у медыцыне для ачысткі крыві і паглынання шкодных рэчываў у страўнікава-кішачным тракце.

т. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́Г (?—912, паводле інш. крыніц 922),

старажытнарускі князь. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», як сваяк Рурыка (паводле інш. крыніц, Алег — ваявода Рурыка) стаў пасля яго смерці (879) рэгентам пры малалетнім кн. Ігару, княжыў у Ноўгарадзе. Рэгенцтва Алега — гіст. міф, бо да пач. самаст. княжання Ігару было не менш як 33 гады. У 882 Алег рушыў з дружынай на Пд. Заняў Смаленск. Забіўшы кіеўскіх князёў Аскольда і Дзіра, авалодаў Кіевам і зрабіў яго сталіцай. Пашырыў уладанні Русі на У, падпарадкаваўшы севяран і радзімічаў, здзейсніў 2 паспяховыя паходы на Канстанцінопаль (907 і 911). Адзін з найб. яркіх маст. вобразаў Алега створаны А.​С.​Пушкіным у паэме «Песня пра вешчага Алега» (1822).

т. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛКІ́ДНЫЯ СМО́ЛЫ,

тэрмарэактыўныя і тэрмапластычныя смолы, якія атрымліваюцца пры кандэнсацыі полікарбонавых кіслот, поліспіртоў і вышэйшых монакарбонавых кіслот (пераважна аліфатычных кіслот алеяў). Найб. пашыраныя гліфталевыя (на аснове фталевага ангідрыду і гліцэрыны) і пентафталевыя (на аснове фталевага ангідрыду і пентаэрытрыту). Ліпкія, высакавязкія рэчывы з мал. масай 1500—5000 растваральныя ў талуоле, уайт-спірыце, сальвент-нафце; нізкамалекулярныя разбаўляюцца вадой. Тэрмарэактыўныя (высыхальныя) змяшчаюць дэгідратаваныя вытворныя рыцыны, ільняны і тунгавы алеі; тэрмапластычныя (невысыхальныя) — какосавы алей ці сырую рыцыну. Адрозніваюцца па тлустасці, маюць да 34—70% алею.

Алкідныя смолы — аснова алкідных лакаў (канцэнтрацыя 40—60%, змяшчаюць таксама сікатывы, ацвярджальнікі, растваральнікі і інш. плёнкаўтваральнікі). Выкарыстоўваюцца як кампаненты фарбаў для аўтамабіляў, розных прылад і прамысл. абсталявання, скуры; у вытв-сці клеяў, друкарскіх фарбаў.

т. 1, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНАЯ ЮРЫСДЫ́КЦЫЯ,

дзейнасць органаў дзярж. кіравання і іх службовых асоб па вырашэнні індывідуальных адм. спраў і прымяненні адпаведных юрыд. санкцый у адм. парадку. У некаторых краінах адміністрацыйную юрысдыкцыю ажыццяўляюць спец. органы т.зв. адм. юстыцыі (напр., адм. ведамасныя суды ў ЗША, Вялікабрытаніі, адм. трыбуналы акруг у Францыі і ў інш.). У б. СССР не было адасобленай сістэмы спец. органаў адм. юстыцыі. У Рэспубліцы Беларусь да органаў, што ажыццяўляюць адміністрацыйную юрысдыкцыю, адносяцца адміністрацыйныя камісіі пры выканкомах мясц. Саветаў дэпутатаў, выканкомы пасялковых і сельскіх Саветаў, раённыя камісіі па справах непаўналетніх, раённыя суддзі, службовыя асобы органаў унутр. спраў, дзярж. інспекцыі і інш. Парадак вядзення спраў органамі, якія ажыццяўляюць адміністрацыйную юрысдыкцыю, рэгламентаваны заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Гл. таксама Адміністрацыйнае правапарушэнне.

т. 1, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗБЕСТАЦЭМЕ́НТ,

будаўнічы матэрыял з сумесі цэменту, азбесту і вады. Састаў: 100 ч. (па масе) партландцэменту, 12—20 ч. азбесту, у асн. нізкіх гатункаў. Да застывання цэменту азбестацэмент пластычны і трывалы на расцягванне, што дае магчымасць фармаваць з лістоў таўшчынёй 5—10 мм розныя вырабы; у застылым стане мае высокія фіз.-мех. ўласцівасці: трываласць на выгін да 30 МПа, на сцісканне да 90 МПа, ударная вязкасць 1,8—2,5 кДж/м², даўгавечны, маразастойкі, вогнетрывалы, з павышанай хім. устойлівасцю. Крохкасць і дэфармаванне азбестацэменту пры высокай вільготнасці змяншаюць гідрафабізацыяй (гл. Гідрафобныя пакрыцці) і дадатковым арміраваннем. З азбестацэменту вырабляюць лісты, трубы, пліты, дахавыя прафіляваныя і плоскія лісты (шыфер). Гл. таксама Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі.

т. 1, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)