нацыянальны прафсаюзны цэнтр; рэспубліканскае добраахвотнае незалежнае аб’яднанне прафесійных саюзаў, іх галіновых і рэгіянальных аб’яднанняў і асацыіраваных членаў. Створана 5—6.10.1990 на XVII з’ездзе прафсаюзаў Беларусі, які абвясціў сябе I з’ездам ФПБ, прыняў статут. З’яўляецца правапераемніцай Бел.рэсп. савета прафсаюзаў. Вышэйшы орган ФПБ — з’езд, вышэйшы кіруючы орган паміж з’ездамі — савет ФПБ, у перыяд паміж пленумамі савета ФПБ — яго прэзідыум, у які ўваходзяць кіраўнікі буйных галіновых прафсаюзаў, абл. аб’яднанняў прафсаюзаў, прадстаўнікі нізавых прафс. структур. Асн. прынцып фарміравання кіруючых органаў ФПБ — прамое абранне на з’ездзе. На 1.1.2002 ФПБ аб’ядноўвала 32 рэсп. галіновыя прафес. саюзы, 6 абл. і Мінскае гар. аб’яднанні прафсаюзаў і 2 прафсаюзы буйных прадпрыемстваў; агульная колькасць — больш за 4 млн. членаў. Гал. задачы ФПБ — удасканаленне і развіццё сістэмы сац. партнёрства, абарона працоўных і сац.-эканам. правоў і інтарэсаў членаў прафсаюзаў, распрацоўка стратэгіі і тактыкі, праграмных дакументаў прафс. руху рэспублікі. Для выканання статутных мэт ФПБ выпрацоўвае ўзгодненую пазіцыю членскіх арг-цый па прац. і сац.-эканам. пытаннях, якія закранаюць правы членаў прафсаюзаў; зыходзячы з прынцыпаў сац. партнёрства ўдзельнічае ў распрацоўцы і рэалізацыі Ген. пагаднення з урадам Рэспублікі Беларусь, аб’яднаннямі наймальнікаў па пытаннях працы, занятасці, мед. абслугоўвання і сац. страхавання, інш. пытаннях узроўню і якасці жыцця працоўных, навучэнцаў і пенсіянераў; ажыццяўляе грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы, ахове працы; прадстаўляе інтарэсы прафсаюзных арг-цый у прымірэнча-арбітражных, суд. органах пры вырашэнні калект.прац. спрэчак (канфліктаў); ажыццяўляе інфарм., арганізац. і прававое забеспячэнне дзейнасці членскіх арг-цый, міжнар. супрацоўніцтва з прафсаюзамі і іх аб’яднаннямі. Адзін згал. кірункаў дзейнасці ФПБ — абарона канстытуцыйных і прац. правоў членаў прафсаюзаў. Па ініцыятыве і з удзелам ФПБ распрацаваны многія законы, кодэксы законаў, нарматыўныя акты, якія з’яўляюцца прававой асновай абароны працоўных і дзейнасці прафсаюзаў. ФПБ удзельнічала ў распрацоўцы і рэалізацыі рэсп. і рэгіянальных праграм занятасці, аздараўлення працоўных і членаў іх сем’яў, інш.сац. праграм; ініцыіравала станаўленне і развіццё сістэмы сац. партнёрства.
У 2001 — пач. 2002 у прафс. руху абвастрыліся крызісныя працэсы: з-за памылак кіраўніцтва ФПБ і галіновых прафсаюзаў значна знізіўся аўтарытэт і ўплыў прафсаюзаў у грамадстве, па сутнасці спыніўся сац. дыялог, пачаліся дэзінтэграцыйныя працэсы, кіраўніцтва ФПБ не здолела ажыццяўляць эфектыўнае ўзаемадзеянне з членскімі арг-цыямі, урадам, аб’яднаннямі наймальнікаў. Прафсаюзы паступова страцілі частку функцый, якія раней выконвалі, знік шэраг пярвічных прафс. арг-цый, частка арг-цый выйшла з галіновых прафсаюзаў, некат. з апошніх — з ФПБ і г.д. Пазачарговы IV з’езд прафсаюзаў (18—19.9.2002) спыніў гэтыя працэсы, абвясціў пра аднаўленне сац. дыялогу паміж прафсаюзамі, наймальнікамі і ўрадам, даў пачатак абнаўленню і ўмацаванню прафсаюзнага руху ў Рэспубліцы Беларусь пад кіраўніцтвам і вакол ФПБ. На з’ездзе абраны новы склад ФПБ, яго прэзідыума. ФПБ садзейнічае стабілізацыі паліт. і сац.-эканам. жыцця краіны. ФПБ з’яўляецца членам Усеагульнай канфедэрацыі прафсаюзаў, прадстаўляе працоўных Беларусі ў Міжнароднай арганізацыі працы, супрацоўнічае з многімі прафс. цэнтрамі СНД, Еўропы, Азіі, Амерыкі. Па яе ініцыятыве неаднаразова праводзіліся міжнар. акцыі салідарнасці з працоўнымі краін блізкага і далёкага замежжа, у абарону эканам. і сац. правоў працоўных Беларусі. Пры ФПБ утвораны унітарныя прадпрыемствы «Белпрафбуд», «Белпрафсаюзкурорт» і «Беларустурыст», Бел.спарт. клуб прафсаюзаў, вышэйшая навуч. ўстанова — Міжнар.ін-т працоўных і сац. адносін. ФПБ выдае газ. «Беларускі час». Старшыні нац. прафцэнтра У.І.Ганчарык (1986—2001), Ф.П.Вітко (2001-02), Л.П.Козік (з 2002).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯМА́ЙКА (Jamaica),
дзяржава ў Вест-Індыі, на аднайм. востраве і прылеглых дробных астравах у Карыбскім моры. Пл. 10,99 тыс.км². Нас. 2680 тыс.чал. (2002). Афіц. мова — англійская, выкарыстоўваецца крэольская (ямайскі дыялект на аснове англ. мовы). Сталіца — г.Кінгстан. Краіна падзяляецца на 14 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1-ы панядзелак жніўня).
Дзяржаўны лад. Я. — дзяржава ў складзе брытанскай Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1962 кіраўніком дзяржавы з’яўляецца каралева Вялікабрытаніі, прадстаўленая ген.-губернатарам. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту, які складаецца з сената (21 член, якія назначаюцца) і палаты прадстаўнікоў (60 дэпутатаў, якіх выбіраюць усеагульным галасаваннем на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Большую ч. вострава (2/3) займае вапняковае нагор’е з карставымі формамі рэльефу, ва ўсх. частцы — горы Блу-Маўнтын (выш. да 2256 м). Уздоўж берагоў цягнуцца вузкія перарывістыя раўніны. Частыя землетрасенні (катастрафічныя ў 1692 і 1907). Карысныя выкапні: баксіты (запасы каля 2 млрд.т, адно з першых месцаў у свеце), медзь, свінец, кобальт, жал. руды, гіпс, мармур. Клімат трапічны пасатны. Сярэдняя т-растудз. 24,3 °C, ліп. 27,6 °C. Паўн.-ўсх. пасаты прыносяць спорныя дажджы. На большай ч. вострава за год выпадае 1800—2000 мм ападкаў, на паўн. наветраных схілах гор Блу-Маўнтын — да 5000 мм. Рачная сетка густая. Найб. рака — Рыо-Грандэ (100 км), суднаходная — Блэк-Рывер (на 40 км). Пад лесам каля 16% тэрыторыі. Вечназялёныя трапічныя лясы пашыраны ў цэнтр.ч. вострава і на паўн.-ўсх. схілах гор, саванны — на З і Пд. Жывёльны свет збеднены. Дзікіх млекакормячых на востраве амаль няма. Шмат птушак і кажаноў. Трапляюцца чарапахі, некалькі відаў неядавітых змей, кракадзілы, яшчаркі ігуаны. Фауністычны рэзерват Хелтшыр-Хілс, ландшафтныя і лясныя заказнікі; 2 марскія паркі.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — ямайцы (76% негры і 15% мулаты — нашчадкі рабоў, завезеных на востраў у 17—18 ст., і еўрапейцаў, пераважна англічан). Жывуць таксама індыйцы, кітайцы, еўрапейцы і інш. Вернікі ў асн. хрысціяне (пратэстанты 56%, католікі 5%); ёсць мусульмане, індуісты, прыхільнікі афр. культаў. Сярэднегадавы натуральны прырост 1,23% (2002). Сярэдняя шчыльнасць 244 чал. на 1 км². Каля 1/3 усіх ямайцаў жыве за мяжой, пераважна ў Вялікабрытаніі, ЗША, Нікарагуа. Коста-Рыцы. Гар. насельніцтва 56%. У г. Кінгстан 672 тыс.ж. (2002), у гарадах Спаніш-Таўн, Мантэга-Бей, Порт-Марыя каля 100 тыс.ж. У прам-сці занята 23,2% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 24,8%, у абслуговых галінах — 52% (2000).
Гісторыя. Стараж. насельніцтва Я. — плямёны індзейцаў-аравакаў. В-аў Ямайка адкрыты Х.Калумбам у 1494. У выніку ісп. каланізацыі (з 1509) амаль усе індзейцы знішчаны (да 1611 заставалася 74 чал.). Для работы на плантацыях з 1513 пачаўся ўвоз неграў-нявольнікаў з Афрыкі. У 1655 Я. захапіла Англія (у 1670 замацавана за ёй афіцыйна). Да 1692, калі землетрасенне разбурыла на Я. пірацкую сталіцу Порт-Роял, востраў быў цэнтрам пірацтва ў Карыбскім бас.З канца 17 ст. павялічылася вытв-сць цукровага трыснягу (Я. стала адным засн. яго вытворцаў), што стымулявала ўзмоцнены ўвоз нявольнікаў (да 1830-х г. на Я. прададзена каля 1 млн. нявольнікаў з Афрыкі). У 1833 рабства скасавана, б.ч. былых нявольнікаў занялася дробнай сял. гаспадаркай. Абураныя ўціскам з боку калан. улад яны ў 1865 узнялі паўстанне, задушанае брыт. войскамі. У 1866 на Я. створаны Заканад. савет, з 1884 ч. яго членаў выбіралася насельніцтвам. У 1938 створана Нар.нац. партыя (ННП), у 1943 — Лейбарысцкая партыя Я. (ЛПЯ). У 1943 уведзена ўсеагульнае выбарчае права, у 1944 створаны 1-ы ўрад Я. У 1958—61 Я. — чл. Вест-Індскай Федэрацыі, у 1959 атрымала ўнутр. самакіраванне. 6.8.1962 абвешчана незалежнасць Я. Паліт. жыццё краіны характарызуецца саперніцтвам ННП і ЛПЯ (у 1962—72 і 1980—89 улада належала ЛПЯ, у 1972—80 і з 1989 — ННП). У 1970-я г. ўрад ННП на чале з М.Мэнлі здзейсніў шэраг сац. рэформ. У 1992 урад Я. ўзначаліў П.Патэрсан. Я. — чл.ААН (з 1962), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1969), Лац.-амер.эканам. сістэмы (з 1975), інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 6.6.1994.
Гаспадарка. Я. — аграрна-індустр. краіна з гаспадаркай, для якой характэрна многаўкладнасць, вузкая спецыялізацыя і залежнасць ад замежнага капіталу. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2000 склаў 9,7 млрд.дол. (3,7 тыс.дол. на душу насельніцтва). Аснова эканомікі — баксітна-гліназёмная прам-сць, турызм і сельская гаспадарка, якія даюць 95% валютных паступленняў. Штогадовая здабыча баксітаў каля 12 млн.т (3-е месца ў свеце пасля Аўстраліі і Гвінеі), вытв-сць гліназёму каля 3,5 млн.т (3-е месца ў свеце пасля Аўстраліі і ЗША). Асн. цэнтры: Маготы, Порт-Кайзер, Юартан. Пануе замежны (амерыканскі і канадскі) капітал. Здабыча гіпсу (каля пас. Баф-Бей) пераважна на экспарт у ЗША, часткова на вытв-сць цэменту на з-дзе каля Кінгстана. Вытв-сць электраэнергіі 6,74 млрд.кВт∙гадз (1999) у асноўным на ЦЭС, што працуюць на прывазным мазуце, і невял. ГЭС на рэках Рыо-Кобрэ, Блэк-Рывер і Раарынг. Адна са старэйшых галін апрацоўчай прам-сці — цукровая, найб. прадпрыемствы якой належаць англ. капіталу. Зцукр. трыснягу вырабляюць таксама патаку-мелес і ром. Большая ч. прадукцыі экспартуецца ў Вялікабрытанію, ЗША, Канаду. Прадпрыемствы харч., тытунёвай, дрэваапр., хім., фармацэўтычнай прам-сці, вытв-сць баваўняных тканін, нафтаперапрацоўка імпартуемай нафты, зборка апаратуры, у т. л. электронікі. Асн.ч. прадпрыемстваў размешчана ў Кінгстане і яго прыгарадах. У сельскай гаспадарцы пераважае раслінаводства. Ворныя землі займаюць 19% тэр., пад лугамі і пашай 18%. Разам з буйнымі плантацыйнымі гаспадаркамі існуюць і дробныя сялянскія ўладанні (65% усіх гаспадарак). Асн. экспартная культура — цукр. трыснёг — вырошчваюць на буйных плантацыях зцукр.з-дамі (сентралямі). На экспарт вырошчваюць таксама бананы, цытрусавыя, каву, какава, ямайскі перац, імбір, ананасы, тытунь; для мясц. спажывання — ямс, батат, маніёк, кукурузу, рыс, памідоры, боб. Жывёлагадоўля развіта слаба. Пагалоўе (тыс. галоў, 2001): буйн. раг. жывёлы — 400, свіней — 180, коз — 440, авечак — 1,4, птушак — 1100. Рыбалоўства (11,5 тыс.т, 1999). Вял. роля ў эканоміцы краіны належыць замежнаму турызму. У 2000 Я. наведалі 1,2 млн. турыстаў, штогадовы даход склаў 1,5 млрд.Даўж. чыгунак 330 км, аўтадарог 18,2 тыс.км. Аўтапарк (1999) 225 тыс. машын. Гал. марскія парты: Кінгстан і Мантэга-Бей. 2 міжнар. аэрапорты. Экспарт (1,7 млрд.дол., 2000) баксітаў і гліназёму (40% кошту экспарту), с.-г. прадукцыі. Імпарт (3 млрд.дол., 2000) паліва і сыравіны (50%), прамысл. абсталявання, трансп. сродкаў, харч. і спажывецкіх тавараў. Асн.гандл. партнёры: ЗША (32% экспарту і 48% імпарту), Канада, Вялікабрытанія, Трынідад і Табага, Японія. Грашовая адзінка — ямайскі долар.
Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Ямайкі.Да арт.Ямайка. Курорт Оча-Рыяс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
М’Я́НМА, Саюз М’янма (П’ідаўнзу м’янманайнган),
дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на ПнЗ п-ва Індакітай. Мяжуе на Зз Бангладэш і Індыяй, на Уз Кітаем, Лаосам, Тайландам. На Пд абмываецца Бенгальскім зал. і Алдаманскім м.Пл. 676,6 тыс.км². Нас. 48,1 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — м’янма (бірманская). Сталіца — г.Янгон (Рангун). Падзяляецца на 14 адм. адзінак (7 нац. аўтаномных і 7 адм. абласцей). Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 студз.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Да правядзення парламенцкіх выбараў уладу ў краіне ажыццяўляе Дзярж. савет міру і парадку, старшыня якога займае пасады кіраўніка дзяржавы, прэм’ер-міністра і міністра абароны.
Прырода. Пераважае горны рэльеф. У цэнтр.ч. — падоўжнае паніжэнне зр. Іравадзі, якое ў восевай ч. занята раўнінай, на Пд — нізіннай дэльтай. На З сістэма сярэдневысокіх, глыбока парэзаных складкавых гор; гал. хрыбты Пакхайн (на Пн) і Ракхайн (на Пд). На крайняй Пн горы да 5881 м (г. Кхакабаразі). На У Шанскае нагор’е з чаргаваннем горных хрыбтоў (выш. каля 1,5 тыс.м) і катлавін. Бываюць землетрасенні. На тэр. М. адкрыты і разведаны радовішчы нафты, прыроднага газу, каменнага вугалю, руд нікелю, вальфраму, волава, медзі, свінцу, жалеза, сурмы, золата, каштоўных і вырабных камянёў (рубін, жадэіт, сапфір, ювелірная шпінель) і інш. Клімат субэкватарыяльнага пояса. на Пдз мусонным рэжымам ападкаў, на Пн пераходны да субтрапічнага. У раўнінных раёнах сярэдняя т-растудз. на Пд каля 20—25 °C, на Пн 13—15 °C, найб. горача ў сак.—крас. (30—32 °C). Ападкаў у гарах да 2000—3000 мм, месцамі да 5000 мм, ва ўнутр. катлавінах 500—1000 мм за год. Чэрв.—кастр. — перыяд дажджоў. Рэкі мнагаводныя, выкарыстоўваюцца на арашэнне. Галоўныя: Іравадзі (найб. прыток Чындуін), Салуін, Каладан, Сітаўн. Больш як палавіна тэр.пад лесам. На нізінах і ў перадгор’ях пальмы, фікусы, бамбук. вышэй — каштоўныя пароды (цік, сал), у цэнтр. раёнах — лістападныя лясы, саванны. Жывёльны свет багаты і разнастайны: сланы, тыгры, насарогі, леапарды, шакалы, гімалайскі і малайскі мядзведзі, малпы, куніцы. Шмат птушак, насякомых. На тэр. М. — рэзерваты Підаўн, Шуэдаўн і інш.
Насельніцтва. Каля 75% складаюць м’янма (бірманцы), народ тыбета-бірманскай моўнай групы, да якой у М. належаць карэны (больш за 3,5 млн.чал.), чыны (каля 0,9 млн.), качыны (каля 0,7 млн.), кая (каля 150 тыс.); да тайскай моўнай групы адносяцца шаны (больш за 3 млн.чал.), да аўстраазіяцкай сям’і — моны (каля 0,7 млн.). На Пд і ў буйных гарадах — каля 0,5 млн. выхадцаў з Індыі і Бангладэш, 0,4 млн. кітайцаў. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (каля 90%); мусульман 4%, хрысціян і індуістаў — па 1,5%. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,65%. Сярэдняя шчыльн. каля 71 чал. на 1 км². Большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне і дэльце Іравадзі, дзе шчыльн. дасягае 1000 чал. на 1 км². Павышаная шчыльн. на марскім узбярэжжы, рэдкая — у горных і лясных раёнах (1—5 чал. на 1 км²). У гарадах 26% насельніцтва. Найб. горад Янгон — 3873 тыс.ж. (1998). Каля 400—500 тыс.ж. у гарадах Мандалай, Басейн, Малам’яйн, М’ей. У сельскай гаспадарцы занята 67% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 10%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Чалавек на тэр. М. вядомы з ніжняга палеаліту. З 9 ст. тут пасяліліся плямёны бірманцаў (м’янма). Яны стварылі дзяржаву Паган, якая дасягнула росквіту ў 11—13 ст. У канцы 13 ст. Паган разгромлены манголамі (гл.Мангольскія заваяванні) і распаўся. У сярэдзіне 18 ст. адбылося аб’яднанне краіны пад уладай дынастыі Канбаўн. У выніку англа-бірманскіх войнаў (1824—26, 1852—53, 1885) М. заваявана Вялікабрытаніяй. У 1886—1937 — у складзе Брыт. Індыі, з 1937 — асобная калонія (англ. — Бірма). У 1942—45 акупіравана яп. войскамі, барацьбу супраць якіх узначаліла створаная ў 1944 Антыфашысцкая ліга народнай свабоды (АЛНС) на чале зАун Санам. У маі 1945 вызвалена ў выніку ўзбр. паўстання на чале з АЛНС пры падтрымцы брыт. войск. На парламенцкіх выбарах 1947 перамагла АЛНС, яе лідэр У Ну стаў прэм’ер-міністрам краіны.
4.1.1948 абвешчаны незалежны Бірманскі саюз. Унутрыпаліт. становішча краіны было няўстойлівым з-за вострай барацьбы паміж паліт. партыямі, грамадз. вайны супраць камуністаў і нац. меншасцей на ўскраінах М. 2.3.1962 вайскоўцы скінулі ўрад У Ну. Новы ўрад на чале зНе Вінам прыняў праграму «Бірманскі шлях да сацыялізму» і абвясціў сацыяліст. арыентацыю краіны. Была створана адзіная легальная партыя — Бірманская партыя сацыяліст. праграмы. У 1974 прынята новая канстытуцыя, краіна атрымала назву Бірманскі Сацыяліст. Саюз. Курс на сацыяліст. арыентацыю ў 1960—80-я г. скончыўся правалам. У выніку масавых нар. выступленняў у сак.—жніўні 1988 Не Він падаў у адстаўку. 18.9.1988 адбыўся ваен. пераварот і ўлада перайшла да Дзярж. савета па аднаўленні законнасці і парадку (ДСАЗП; зліст. 1997 — Дзярж. савет міру і развіцця) на чале зген. Тан Шве. З 1989 краіна наз. Саюз М. На выбарах 1990 80% месцаў у парламенце заваявала гал. апазіцыйная арг-цыя — Нац. ліга за дэмакратыю (НЛД) на чале зАун Сан Су Чжы. ДСАЗП адмовіўся перадаць уладу парламенту і арыштаваў лідэраў апазіцыі. У студз. 1993 ён стварыў Нац. канстытуцыйную канферэнцыю (НКК) для распрацоўкі новай канстытуцыі. У 1995 прадстаўнікі НЛД выйшлі з НКК і стварылі Парламенцкі прадстаўнічы к-т дэпутатаў, выбраных у 1990. Частка дэпутатаў на чале з Сейн Лвінам стварыла за мяжой «Нацыянальны кааліцыйны ўрад».
М. — чл.ААН (з 1948), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН, з 1997). Дыпламат. адносіны паміж Саюзам М. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены 22.9.1999. Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нац. ліга за дэмакратыю, Партыя нац. адзінства.
Гаспадарка. М. — агр. краіна з цэнтралізаваным планаваннем эканомікі. Даход на 1 чал. адзін з самых нізкіх у свеце, не перавышае 250—300 дол. ЗША за год. Праведзена агр. рэформа, створаны дзярж. сектар (буйныя прамысл. прадпрыемствы, чыг., унутр. водны і паветр. транспарт, цэнтр. банк і інш.); дзяржава кантралюе знешні гандаль і крэдытна-фін. сістэму. У дзярж. і каап. сектарах ствараецца больш за 50% валавога ўнутр. прадукту. Сельская гаспадарка разам з лясной і рыбалоўствам дае каля 60% нац. даходу. Падс.-г. ўгоддзямі 15% тэр. (больш за 10 млн.га). Арашаецца каля 2 млн.га, з некаторых участкаў збіраюць 2 і больш ураджаяў за год. Асн. частку прадукцыі даюць дробныя гаспадаркі (да 3—4 га). Гал.с.-г. раёны — даліна і дэльта р. Іравадзі, марское ўзбярэжжа. Збор (тыс.т, 1995): рысу — 20 100 (гал.с.-г. культура, займае больш за палавіну с.-г. зямель), кукурузы — 275, пшаніцы — 147, проса — 150, арахісу — 501, кунжуту — 966. Цукр. трыснягу сабрана 2,2 млн.т, агародніны — 2,2 млн.т, фруктаў (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга) — 1 млн.т. Вырошчваюць таксама батат, маніёк, бавоўнік, джут, тытунь, сланечнік, перац, каву, чай, каўчуканосы. М. — буйнейшы ў свеце вытворца опіуму-сырцу (больш за 2,5 тыс.т штогод). Больш за 80% усіх пасеваў рысу — у ніжняй ч. даліны Іравадзі і яе дэльце. У больш засушлівай ч. даліны вырошчваюць проса, кукурузу, бабовыя, кунжут, арахіс, бавоўнік, сланечнік, на Шанскім нагор’і — пшаніцу, цытрусавыя, чай, батат, маніёк, на ўзбярэжжы — каўчуканосы і какосавую пальму. Жывёлагадоўля развіта слаба, буйн. раг. жывёлу і буйвалаў выкарыстоўваюць як цяглавую сілу. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 10,5, буйвалаў 2,3, свіней 3,5, коз 1,3, авечак 0,37. У сельскай і лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць прыручаных сланоў (каля 1 тыс.). Пашавая жывёла гадоўля найб. развіта на Шанскім нагор’і. Вытв-сць (1995, тыс.т): малака кароў і буйваліц 548, свініны 102, ялавічыны і цяляціны 92. Развіта птушкагадоўля, у 1997 было 33 млн. курэй. Пашырана марское і рачное рыбалоўства, у 1997 вылаўлена 830,3 тыс.т рыбы. Здабыча жэмчугу. Лясная гаспадарка займае самаст. месца ў эканоміцы краіны. Нарыхтоўваецца драўніна ціку (каля 70% сусв. прадукцыі), а таксама інш. цвёрдых лісцевых парод. Развіты гарнарудная і апрацоўчая прам-сць. Здабываюць (1995) нафту — каля 1 млн.т, прыродны газ — 1,9 млрд.м³, каменны вугаль — 48 тыс.т, руды цынку, свінцу, вальфраму, волава, медзі і інш., каштоўныя і вырабныя камяні. У 1996 атрымана 3,8 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Электрастанцыі працуюць пераважна на прыродным газе ў найб. гарадах, ёсць ГЭС на горных рэках. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці — харч. (рысаачышчальная, рыбаперапр., алейная, цукр., тытунёвая) і тэкст. (вытв-сць шаўковых і баваўняных тканін, джутавых вырабаў). Ёсць свінцова-цынкавы камбінат, 2 нафтаперапр.з-ды (агульная магутнасць 1 млн.т), металургічны з-д (выпускае штогод 50—100 тыс.т сталі), прадпрыемствы суднабудаўнічыя і суднарамонтныя, трактара-, аўта- і велазборачныя, па вытв-сці азотных угнаенняў і фармацэўтычных тавараў, цэм. і цагельныя з-ды. Працуюць лесапільні, прадпрыемствы па вырабе абутку, запалак, цэлюлозы і паперы. Развіта саматужная вытв-сцьс.-г. прылад, мэблі, посуду, тканін, лакіраваных і плеценых вырабаў, прадметаў будыйскага культу, разьбярства па дрэве, слановай косці і серабру. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі вырабляецца ў г. Янгон. Транспарт унутр. водны, чыг., аўтамаб., марскі. Працягласць унутр. водных шляхоў больш за 8 тыс.км. Гал.трансп. артэрыя — р. Іравадзі і яе прыток Чындуін, суднаходныя таксама ніжнія цячэнні рэк Салуін і Каладан. Даўж. чыгункі 5060 км. Асн. лініі ў даліне р. Іравадзі, злучаюць унутр. раёны з марскімі партамі. Аўтадарог 27 тыс.км. У краіне 35 тыс. легкавых аўтамабіляў, 34 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Марскі транспарт абслугоўвае знешнія сувязі, пашыраны кабатажныя перавозкі. Гал. парты: Янгон, Басейн, Малам’яйн, Сітуэ. Гал.ўнутр. порт і трансп. вузел Мандалай. 19 аэрапортаў, міжнар. аэрапорты каля Янгона і Мандалая. У 1996 экспарт склаў 1,1 млрд.дол., імпарт — 2 млрд.дол. М. экспартуе драўніну і піламатэрыялы, рыс, каўчук, каштоўныя і вырабныя камяні, канцэнтраты і руды каляровых металаў, імпартуе машыны і абсталяванне, хімікаты, спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: Кітай, Японія, Сінгапур, Інданезія. Грашовая адзінка — к’ят (чжа або джа).
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС і ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (нар. паліцыя і нар. міліцыя). Агульная колькасць (1999) больш за 0,5 млн.чал., у т. л. 429 тыс.чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — старшыня Дзярж. савета міру і парадку. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках больш за 400 тыс.чал., 235 танкаў, 270 бронетранспарцёраў, 250 гармат і інш. У ВПС 9 тыс.чал., 91 баявы самалёт, 18 баявых верталётаў. У ВМС каля 20 тыс.чал., у т. л. 800 чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў (5 дэсантных), 63 катэры, у т. л. 3 ракетныя.
Літ.:
Можейко И.В., Узянов А.Н. История Бирмы (Краткий очерк). М., 1973.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.М.Пісараў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы).
Герб і сцяг М’янмы.Да арт.М’янма: 1 — ландшафт у цэнтральнай частцы М’янмы; 2 — ірыгацыйная сістэма Чэмоўтау.Да арт.М’янма. Пагада Шуэдагоўн (Шведагон) у Рангуне. 14 ст., неаднаразова перабудаваная да 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-АФРЫКА́НСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА (афрыкаанс Republiek van Suid-Afrika, англ. Republic of South Africa),
ПАР, дзяржава на Пд Афрыкі. Мяжуе на Пнз Намібіяй, Батсванай, Зімбабве, на ПнУз Мазамбікам і Свазілендам. Унутры краіны знаходзіцца дзяржава Лесота (анклаў на тэр. ПАР). На З абмываецца Атлантычным ак., на Пд і У — Індыйскім ак.Пл. 1219,9 тыс.км². Нас. 43426,4 тыс.чал. (1999). Дзярж. мовы — афрыкаанс, англійская, ндэбеле, педзі, сута, свазі, тсонга, тсвана, венда, коса, зулу. Сталіца — г.Прэторыя, рэзідэнцыя парламента — г.Кейптаўн. Краіна падзяляецца на 9 правінцый. Нац. свята — Дзень Свабоды (27 крас.).
Дзяржаўны лад. ПАР — рэспубліка. Член Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1966. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца Нац. асамблеяй з яе членаў тэрмінам на 5 гадоў, з’яўляецца кіраўніком урада і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Заканад. ўлада належыць парламенту — Нац. савету правінцый (верхняя палата, 90 чал., выбіраюцца па 10 чал. ад кожнага правінцыяльнага заканад. органа) і Нац. асамблеі (ніжняя палата, 400 чал., выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў на аснове прапарцыянальнага і прадстаўніцтва).
Прырода. Большая ч. краіны знаходзіцца ў межах Паўд.-Афрыканскага пласкагор’я. У рэльефе пераважаюць плато і пласкагор’і на выш. 800—1500 м, абмежаваныя на У і ПдУ стромкімі схіламі Вял. Уступу (выш. да 3482 м). На ПнЗ частка пустыні Калахары. На Пд сярэдневышынныя Капскія горы. Уздоўж берагоў вузкая паласа нізін. Нетры надзвычай багатыя разнастайнымі карыснымі выкапнямі: залатыя (1-е месца ў свеце), уранавыя (2-е месца), жал., хромавыя, ванадыевыя, сурмяныя, плацінавыя, тытанавыя, цырконавыя, медныя, свінцовыя і інш. руды, алмазы, каменны вугаль, апатыты, азбест; радовішчы каменнай солі, рэдкіх і рэдказямельных металаў, буд. матэрыялаў і інш. Клімат унутр. раёнаў трапічны кантынентальны, на ПдУ — субтрапічны мусонны, на ПдЗ — субтрапічны міжземнаморскі. Сярэднія т-ры зімовых месяцаў (чэрв.—жн.) на пласкагор’і 7—17 °C, летніх 18—24 °C; ападкаў 150—750 мм за год. На Пд сярэднія т-ры летніх месяцаў каля 21 °C, зімовых каля 13 °C; ападкаў 650—750 мм за год. Найб. ападкаў на ўсх. узбярэжжы і на ўсх. схілах Драконавых гор (1000—2000 мм за год), найменш — на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. (менш за 100 мм). Найб. рэкі Аранжавая, Лімпопа, Грэйт-Фіш. Пераважае саванная і стэпавая (на У), паўпустынная і пустынная (на 3) расліннасць. Пад лесам і хмызнякамі 7% тэрыторыі. Адзначаюцца фларыстычная і фауністычная своеасаблівасці (гл.Капская біягеаграфічная вобласць). Характэрныя жывёлы — сланы, насарогі, зебры, антылопы, гіены, віверы, жырафы, ільвы, леапарды. Шмат насякомых. Нац. паркі: Кругера, Калахары-Гемсбак і інш., каля 300 запаведнікаў і фауністычных рэзерватаў. Ахоўваемыя тэр. займаюць 60 тыс.км.
Насельніцтва. ПАР — шматнацыянальная краіна. Афр. народы складаюць 75,2% насельніцтва. Пераважаюць народы групы банту — ндэбеле, педзі, сута, свазі, тсонга, тсвана, венда, коса, зулу. Жывуць таксама гатэнтоты і бушмены. Выхадцаў з Еўропы і іх нашчадкаў 13,6%. Гэта ў асноўным афрыканеры (каля 3,5 млн.чал., 1999) і англа-паўднёваафрыканцы (каля 2 млн.чал.), невял. групы англічан, яўрэяў, немцаў і інш. Больш за 3,5 млн. метысаў, больш за 1 млн. выхадцаў з Індыі і Пакістана. Сярод вернікаў хрысціян 68%, прыхільнікаў мясц.традыц. вераванняў 28,5%, мусульман 2%, індуістаў 1,5%. Сярэднегадавы прырост 1,3% (1999). Сярэдняя шчыльн. 35,6 чал. на 1 км. Больш шчыльна населена ўсх.ч. краіны, асабліва горна-прамысл. раёны і ўзбярэжжа. Гар. насельніцтва 50%. Буйнейшыя гарады (млн.ж., 1999): Кейптаўн — 2,4, Іаганесбург — 1,9, Прэторыя — 1,1. У прам-сці занята 29% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 30%, у абслуговых галінах і кіраванні — 41%. Працуюць значныя групы рабочых з суседніх краін.
Гісторыя. Стараж. насельніцтва ПАР — плямёны бушменаў і гатэнтотаў. Да пач. 17 ст.б.ч.тэр. ПАР засялілі плямёны банту: зулу, коса, матабеле і інш. Першы еўрапеец, які наведаў у 1487—88 Паўд. Афрыку, — партуг. мараплавец Б.Дыяш. У 1652 прадстаўнік галандскай Ост-Індскай кампаніі Я.Рыбек заснаваў каля мыса Добрай Надзеі пасяленне Капстад (англ. Кейптаўн — горад каля мыса). У 1680-я г. да галандскіх пасяленцаў далучылася група франц.гугенотаў, якія выратаваліся ад рэліг. праследаванняў на радзіме. У выніку ўзнікла новая этн. супольнасць — буры (афрыканеры), якія размаўлялі на блізкай да галандскай, але асобнай мове — афрыкаанс. Ад шлюбаў бураў з гатэнтотамі ўзнікла супольнасць «метысаў» — т.зв. каляровых. Рух бураў ва ўнутр. раёны Афрыкі прывёў да сутыкнення з народам коса. У выніку т.зв. кафрскіх войнаў (1770—1860-я г.) землі коса далучаны да Капскай калоніі. У пач. 19 ст. адзін з правадыроў зулу — Чака стварыў зулускую дзяржаву з моцнай арміяй. У 1806 Капскую калонію захапіла Вялікабрытанія. Незадаволенасць бураў брыт. панаваннем прывяла ў 1836—37 да «Вял. трэка» — перасялення ч. бураў на чале з П.Рэтыфам на свабодныя землі. У снеж. 1838 буры на чале з А.Прэторыусам разбілі зулускае войска і стварылі ў 1839 на захопленых у зулусаў землях рэспубліку Наталь, якую Вялікабрытанія анексіравала ў 1843 (з 1856 калонія). Пазней створаны інш. бурскія рэспублікі: Аранжавая свабодная дзяржава (АСД, 1848) і Паўд.-Афр. Рэспубліка (Трансвааль, 1852). У 1879 англічане канчаткова падпарадкавалі зулу і да 1880-х г. наблізіліся да бурскіх рэспублік. Спроба англічан захапіць іх скончылася паражэннем брыт. войск пры Маджубе (1881), што прымусіла Вялікабрытанію прызнаць незалежнасць АСД і Трансвааля. У 1880-я т. ў Капскай калоніі выяўлены буйныя паклады золата, у Трансваалі — алмазаў, што спрыяла хуткаму іх развіццю і прытоку імігрантаў з Еўропы. У выніку англа-бурскай вайны 1899—1902 Вялікабрытанія захапіла АСД і Трансвааль і ператварыла іх у свае пратэктараты. Паводле прынятага ў 1909 брыт. парламентам закона 31.5.1910 Капская калонія, Наталь і бурскія рэспублікі аб’яднаны ў Паўд.-Афр. Саюз (ПАС) з правамі дамініёна — самакіравальнай краіны ў складзе Брыт. Садружнасці. Першыя ўрады ПАС узначальвалі лідэры Паўд.-афр. партыі (ПАП) Л.Бота (1910—19) і Я.Х.Смэтс (1919—24). Кіраўніцтва ПАС ажыццяўляла палітыку дыскрымінацыі нябелага насельніцтва (78,5% насельніцтва краіны ў 1910), асабліва жорсткую ў дачыненні да карэнных афрыканцаў (67% насельніцтва). У 1913 прыняты закон, які замацоўваў за афрыканцамі толькі 13% тэр. краіны ў 264 рэзерватах. Дыскрымінацыя павялічылася пасля прыходу ў 1924 да ўлады Нацыяналіст. партыі (НП), урад якой на чале з Дж.Герцагам (1924—33) прыняў у 1924—26 законы, што пазбавілі афрыканцаў права займацца кваліфікаванай працай. У 1931 ПАС атрымала пэўную самастойнасць у знешняй палітыцы. У 1933 створаны аб’яднаны ўрад НП і ПАП на чале з Герцагам і Смэтсам, а ў 1934 абедзве партыі злучыліся ў Аб’яднаную партыю. У 1935 найб. кансерватыўныя члены б. НП аднавілі «ачышчаную» НП на чале з Д.Ф.Маланам. У 2-ю сусв. вайну ўрад Смэтса (1939—48) накіраваў на фронт больш за 300 тыс.чал., якія змагаліся ў складзе брыт. войск супраць Германіі і Італіі. На выбарах у маі 1948 перамагла НП. Яе ўрады Малана (1948—54), І.Г.Стрэйдама (1954—58) і Х.Ф.Фервурда (1958—66) ажыццяўлялі дактрыну апартэіду — жорсткую дыскрымінацыю ўсіх нябелых. Афрыканцаў прымусова высялялі з гарадоў у спец. пасяленні (лакацыі), у 1957 ім канчаткова забаранілі займацца кваліфікаванай працай; у 1959 ліквідавана сістэма місіянерскіх школ, што пазбавіла афрыканцаў магчымасці атрымаць добрую адукацыю, забаронены і міжрасавыя шлюбы. Усё гэта выклікала масавыя пратэсты. 21.3.1960 паліцыя расстраляла дэманстрацыю афрыканцаў у Шарпевілі. Неўзабаве забаронена буйнейшая афр.паліт.арг-цыя — Афрыканскі нацыянальны кангрэс (АНК), яго лідэры на чале зН.Мандэлам арыштаваны.
31.5.1961 абвешчана Паўд.-Афр. Рэспубліка, краіна выйшла з Садружнасці. З-за палітыкі апартэіду ў 1962 Ген. Асамблея ААН заклікала ўсіх сваіх членаў да ўвядзення эканам. санкцый і разрыву дыпламат. адносін з ПАР. У час прэм’ерства Б.І.Форстэра (1966—78) афр. рэзерваты аб’яднаны паводле этн. прыкмет у 10 хаўмлендаў («айчын», гл.Бантустаны), некаторыя з якіх (Транскей, Сіскей, Венда і Бапутатсван) абвешчаны «незалежнымі» дзяржавамі, што яшчэ больш пагоршыла становішча афрыканцаў. У чэрв. 1976 расстрэл паліцыяй дэманстрацыі афр. школьнікаў прывёў да паўстання ў лакацыі Соўэта. Пашыралася партыз. барацьба ваен. крыла АНК — «Умконтаве сізве» («Кап’ё нацыі»). Пад націскам выступленняў афрыканцаў і сусв. супольнасці ўрад П.Боты (1978—84) вымушаны быў абвясціць некаторыя рэформы, якія, аднак, не закраналі асноў апартэіду. Новая канстытуцыя 1983 пашырыла паўнамоцтвы прэзідэнта (з 1984 — Бота), каляровыя і азіяты атрымалі права голасу, але карэнныя афрыканцы па-ранейшаму былі пазбаўлены ўсіх грамадз. правоў. Новы прэзідэнт ПАР Ф.В. дэ Клерк (1989—94) быў вымушаны абвясціць праграму ліквідацыі апартэіду. У 1990 вызвалены Мандэла, легалізаваны АНК і інш.афр. партыі. У 1991 апартэід скасаваны. У выніку перагавораў паміж кіраўніцтвам НП, АНК, зулускай Партыі свабоды Інката і інш. арг-цыямі ў 1993 створаны Пераходны выканаўчы савет, які арганізаваў у крас. 1994 першыя шматрасавыя выбары, на якіх перамог АНК, а яго лідэр Мандэла стаў прэзідэнтам ПАР. Урад Мандэлы (1994—99) намеціў асн. кірункі развіцця краіны, якія разам з паляпшэннем жыццёвых умоў карэннага насельніцтва ПАР прадугледжваюць захаванне прыватнай маёмасці ўсіх расавых груп, шматукладнасць у эканоміцы, прыцягненне замежных інвестыцый. Гэты курс прадоўжыў пераемнік Мандэлы на пасадзе кіраўніка АНК і краіны Т.Мбекі (зчэрв. 1999). ПАР — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі афр. адзінства (з 1994). Дыпламат. адносіны паміж ПАР і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў сак. 1993. Дзейнічаюць паліт. партыі: Афр.нац. кангрэс. Нацыяналіст. партыя, Партыя свабоды Інката, Панафр. кангрэс і інш.
Гаспадарка. ПАР — індустр.-агр. краіна з высокім узроўнем развіцця, найб. развітая ў эканам. адносінах дзяржава Афрыкі. Складаючы 5% тэр. і 9% насельніцтва кантынента, яна выпускае каля 40% прамысл. і каля 30% с.-г. прадукцыі Афрыкі, па эканам. узроўні займае 25-е месца ў свеце. Валавы ўнутр. прадукт складае 290,6 млрд.дол. — па 6,8 тыс.дол. у год на душу насельніцтва (1998). Удзельная вага прам-сці ў агульнай прадукцыі складае 39%, сельскай гаспадаркі — 5%, абслуговых галін — 56%. Важныя пазіцыі ў эканоміцы належаць мясц. і замежнаму капіталу.
Значнае месца займаюць дзярж. прадпрыемствы (асабліва ў чорнай металургіі, электраэнергетыцы, цяжкім машынабудаванні, хім. прам-сці). У прамысловасцінайб. развіта горназдабыўная галіна, засяроджаная гал. чынам у паўн. і цэнтр. раёнах. ПАР займае адно з вядучых месцаў у свеце па здабычы золата (каля 700 т штогод, больш за 50% здабычы ў свеце), плаціны (каля 100 т, больш за 60% здабычы ў свеце), алмазаў (пераважна ювелірныя, штогод больш за 10 млн. каратаў), храмітаў (больш за 3 млн.т), марганцавай руды (больш за 3 млн.т), ванадыю, сурмы, азбесту, уранавых канцэнтратаў. Здабываецца жал. руда (каля 15 млн.т штогод), медзь, волава, нікель, тытан, свінец і цынк, рэдкія і рэдказямельныя металы. Значная здабыча горнахім. сыравіны (флюарыту, фасфатаў, барыту, пірыту і каменнай солі), буд. матэрыялаў, прыроднага каменю і інш. Аснова паліўна-энергет. рэсурсаў — каменны вугаль (каля 170 млн.т штогод). У 1996 атрымана 186,9 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 93% на ЦЭС, 6,3% на АЭС, 0,7% на ГЭС. Развіта чорная (Прэторыя, Фандэрбейлпарк, Ферыніхінг, Ньюкасл) і каляровая (Спрынгс, Джэрмістан, Прэторыя, Акіп) металургія. У апрацоўчай прам-сці найб. развіты машынабудаванне і металаапрацоўка: вытв-сць горнага, эл. і чыг. абсталявання, рэек, пад’ёмных кранаў, катлоў, с.-г. машын, рухавікоў, буд-ва і рамонт суднаў, зборка аўтамабіляў і інш.; асн. іх цэнтры — гарады Іаганесбург, Кейптаўн, Джэрмістан, Спрынгс, Ферыніхінг. Хім.прам-сць цесна звязана з горназдабыўной. Найб. значэнне маюць нафтаперапрацоўка (Кейптаўн, Дурбан), вытв-сць выбуховых рэчываў, штучных угнаенняў, сернай кіслаты, лакаў і фарбаў (раёны Іаганесбурга, Кейптаўна, Дурбана). Развіты харч. (мукамольная, мясная, вытв-сць цукру, агароднінных, фруктовых, рыбных кансерваў), тэкст. і швейная, радыётэхн. і радыёэлектронная, дрэваапр., гарбарна-абутковая, тытунёвая, шкляная, цэм., буд. матэрыялаў, папяровая, паліграф.прам-сць. Спецыфічная галіна — агранка алмазаў (Кейптаўн і Іаганесбург). Лясная прам-сць. Сельская гаспадарка — асн. крыніца існавання для большасці карэннага насельніцтва. Ёсць буйныя таварныя гаспадаркі белых фермераў (сярэдні памер 1 тыс.га) і нізкапрадукц. дробныя гаспадаркі афрыканцаў. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 13,4 млн.га, арашаецца 1,3 млн.га; большая ч. краіны (каля 81,7 млн.га, пераважна на 3), выкарыстоўваецца пад пашу. Найб. значэнне мае жывёлагадоўля — развядзенне мясной буйн. раг. жывёлы, воўнавых авечак, пуховых ангорскіх коз. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 13,8, авечак — 30, коз — 7, свіней — 1,6. Каля гарадоў буйныя птушкагадоўчыя комплексы (59 млн. курэй, 1997). У раслінаводстве найб. развіта збожжавая гаспадарка. Асн. культуры (сярэдні штогадовы збор у канцы 1990-х г.): кукуруза — каля 7 млн.т, пшаніца — 2 млн.т, цукр. трыснёг — 2,2 млн.т цукру-сырцу. Сеюць таксама сорга, жыта, авёс, бабовыя. Садоўніцтва (персікі, абрыкосы, яблыкі) і вінаградарства найб. развіты ў раёне Кейптаўна, цытрусавыя і бананы — на Пн. У паўн. раёнах на арашальных землях значныя пасевы бавоўны і тытуню. Кветкаводства, пчалярства. Марское рыбалоўства (509,4 тыс.т рыбы, 1997), асн. база рыбалоўнага флоту — г. Іст-Лондан. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (тыс.км, 1995): чыгунак — 21,4, аўтадарог — 331,3, у т. л.з цвёрдым пакрыццём 137,5, магістральных трубаправодаў (для перапампоўвання нафты, нафтапрадуктаў, газу) — 3. У краіне 4,4 млн. легкавых і 1,6 млн. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Дзейнічае 749 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Кейптаўна і Іаганесбурга. Знешнегандл. сувязі пераважна марскім шляхам. Асн. парты: Кейптаўн, Дурбан, Іст-Лондан, Порт-Элізабет, значная роля мазамбікскага порта Мапуту. У 1998 экспарт склаў 28,7 млрд.дол., імпарт — 27,2 млрд.дол. У экспарце пераважаюць золата (20%), інш. металы і алмазы (разам з брыльянтамі, 20—25%), каменны вугаль, харч. прадукты, хімікаты, шэрсць, віны, кансервы, горнае абсталяванне; у імпарце — машыны, трансп. сродкі, хімікаты, нафта, нафтапрадукты, тэкстыль, навук. абсталяванне. Гал.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Германія, Японія, Італія. ПАР — краіна развітога турызму. У 1997 замежны турызм прынёс даход у 2,4 млрд.дол. Грашовая адзінка — рэнд.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (каля 80 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (паліцыя і інш.), усяго 138 тыс.чал. (1998). Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца зсухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 54,3 тыс.чал., 224 танкі, больш за 3 тыс. бронетранспарцёраў і баявых разведвальных машын, каля 500 гармат, 600 зенітных установак і інш. У ВПС 11,4 тыс.чал., 114 баявых самалётаў, 14 баявых верталётаў. У ВМС 8 тыс.чал., 3 падводныя лодкі, 6 тральшчыкаў, 9 катэраў, у т. л. 6 ракетных.
Ахова здароўя. Медыцына пераважна платная. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 52,7, жанчын 56,9 года (1999). Смяротнасць — 12,8 на 1 тыс.чал., забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 239 чал., урачамі — 1 на 1529 чал. Узровень нараджальнасці — 25,9 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,3%. Дзіцячая смяротнасць — 52 на 1 тыс. нованароджаных (1999).
Друк, радыё. тэлебачанне. У 1999 у ПАР больш за 900 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты на мове афрыкаанс — «Die Burger» («Грамадзянін», з 1915), «Rapport» («Рапарт», з 1970), на англ. мове — «The Star» («Зорка», з 1887), «Sunday Times» («Нядзельны час», з 1906), «The Citizen» («Грамадзянін», з 1976), «Sowetan» («Жыхар Соўэта», з 1981). Нац.акц.інфарм. агенцтва — Паўд.-Афрыканская асацыяцыя прэсы (САПА, з 1938). Паўд.-Афрыканская тэлерадыёвяшчальная карпарацыя (САБК, з 1936) трансліруе б.ч. тэлевізійных і некаторыя радыёпраграмы; паралельна працуюць 2 камерцыйныя тэлерадыёкампаніі: М-НЕТ і Боп ТВ. Перадачы вядуцца на 20 мовах. Тэлебачанне з 1976.
Літаратура народаў ПАР развіваецца пераважна на мовах афрыкаанс і англ., а таксама на мовах групы банту (зулу, коса, сута, чуана). Фальклор прадстаўлены гераічным эпасам, гіст. легендамі, стараж. бушменскімі і гатэнтоцкімі казкамі пра жывёл, чарадзейнымі зулускімі казкамі, прыказкамі і прымаўкамі. Першыя пісьмовыя творы адносяцца да сярэдзіны 19 ст., калі з’явілася пісьменнасць на афр. мовах на аснове лац. алфавіта. Заснавальнік л-ры на мове сута — Т.Мофала, аўтар гіст. рамана «Чака» (1925). У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся антыкалан. публіцыстыка, апавяданні і раманы А.Шрэйнер, рэв.-рамант. вершы Я.Селірса, Б.У.Вілаказі, раманы Дж.Дубе, Р.Злома. Трылогія «Ампі» I. ван Бругена (1924—42) — узор крытычнага рэалізму ў л-ры на мове афрыкаанс. Вядомасць набыла паэзія т.зв. трыццатнікаў (Н. ван Вейк Лаўв, М.Крыхе). Узмацненне расісцкай палітыкі пасля 2-й сусв. вайны выклікала моцную хвалю л-ры пратэсту, якая развівалася пераважна ў рэчышчы крытычнага рэалізму (творы А.Пейтана, Н.Гордымер, Дж.Коўпа, Дж.Гордана, Э.Мпахлеле, П.Г.Абрахамса). Антырасісцкая тэма вядучая і ў л-ры 1960—70-х г. (А.Ла Гума). Вастрыня сац. праблематыкі застаецца характэрнай для твораў сучаснай л-ры ПАР (раман «Непажаданыя элементы» К.Барнарда і З.Стэндэра, проза Д.Брутуса, вершы І.Іонкер). На бел. мове выдадзены раман Абрахамса «Вянок для Удома» (1959, пер. С.Дорскі), аповесці і апавяданні Абрахамса і Ла Гумы ў зб. «Закон вольных пашаў» (1987).
Архітэктура. Са старажытнасці на тэр. ПАР пашыраны 2 тыпы нар. жытла: паўсферычныя круглыя ў плане хаціны са звязаных рамянямі жэрдак, прымацаваных да цэнтр. слупа, накрытыя травой ці шкурамі жывёл (у народаў герэра і гатэнтотаў) і круглыя або квадратныя ў плане пабудовы, накрытыя саломай, каркас якіх складаецца з укапаных па перыметры слупоў, а прамежкі паміж імі запоўнены глінай ці гноем (у народаў авамба). Асн. тып сельскага паселішча карэнных народаў — крааль. Развіццё архітэктуры еўрап. тыпу пачалося з сярэдзіны 17 ст. (форт на мысе Добрай Надзеі). Асн.буд-ва вялося ў г. Кейптаўн у духу галандскай архітэктуры 17—18 ст. (пяцівугольны ў плане каменны замак, 1662—72, арх. П.Дамбаер). У канцы 18 ст. дойлід Л.М.Цібо і скульпт. А.Анрэйт прыўнеслі ў архітэктуру элементы франц. рэнесансу (ордэр у апрацоўцы фасадаў, пышны скульпт. дэкор франтонаў). У 19 ст. інтэнсіўна развіваліся гарады (Дурбан, Прэторыя і інш.), у іх забудове да пач. 20 ст. панаваў эклектызм. У Кейптаўне пераважала неаготыка, у Іаганесбургу — неакласіцызм (арх. Х.Бейкер), у Прэторыі захоўваліся традыцыі «капскай архітэктуры». У 1920-я г. паявіліся пабудовы ў духу функцыяналізму (арх. Р.Мартынсен, У.Г.Макінташ). З сярэдзіны 20 ст.пад уплывам архітэктараў Еўропы, ЗША і Лац. Амерыкі ствараюцца добраўпарадкаваныя раёны (будынкі адм. цэнтраў, гандл. фірм, кантор, банкаў, асабнякоў).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Са старажытнасці на тэр. ПАР развівалася мастацтва плямён бушменаў і банту. Высокай тэхнікай выканання вызначаюцца шматлікія наскальныя пятрогліфы і размалёўкі (выявы жывёл, сцэны палявання, бітваў і інш.), якія датуюцца ад 7-га тыс. да н.э. да апошніх ст. да н.э. Узнікненне прафес. мастацтва звязана з культурай еўрап. перасяленцаў. У 18—19 ст. працавалі скульпт. Анрэйт, жывапісцы Д.У.Ангас, Т.У.Баулер, П.Венінг, Я.Х.Пірнеф, Ч.Пірс; у 20 ст. — жывапісцы І.Масіке, Э.Нгкоба, Ю.Нод, А.Нібе, Ж.Секота, скульпт. Дж.Кубхека, С.Кумала, С.К.Седыбане, графікі А.Дламіні, П.Кларк, Дж.Мітчэл, разьбяр па дрэве Дж.Кекана і інш. Развіваюцца традыц.маст. рамёствы: кераміка, апрацоўка металаў, выраб разьбянага начыння, апрацоўка шкур, пляценне і інш.
Музыка. Муз. культура ПАР убірае ў сябе музыку карэнных жыхароў, белага насельніцтва і выхадцаў з краін Азіі — пераважна індыйцаў. Найб.стараж. пласт — музыка бушменаў і гатэнтотаў (магічныя абрады, бытаванне муз. інструмента гора — лук). Пераважае вак. музыка; спевы звычайна шматгалосыя. Тыповыя троххордавыя, тэтрахордавыя, пентатанічныя ладавыя ўтварэнні. У муз. традыцыях народаў банту вылучаюцца традыцыі сота (танец, імітацыя працоўных рухаў у суправаджэнні спеваў і спевы без рухаў), венда са складанай сістэмай муз. жанраў (дзіцячыя і юнацкія спевы-танцы, песенна-танцавальныя жанры складанай метрарытмічнай структуры), шона (хары, інструментальныя ансамблі, характэрны дыятанічныя лады, разнастайная рытміка песень). Муз. інструменты пераважна ўдарныя (найб. ксілафоны). У аснове муз. традыцый белага насельніцтва вак. жанры (сельскія песні, балады і інш.). Вял. значэнне меў узаемаўплыў еўрап. і афр. музыкі, на харавыя спевы паўплывала хрысц. музыка, на вакальную манеру і характар акампанементу — лац.амер. вак.-танцавальныя жанры. У традыц. ансамблі ўключаюцца еўрап.муз. інструменты. Развіццю муз. жыцця ў гарадах у 1-й пал. 20 ст. спрыяла дзейнасць англ. музыканта У.Г.Бела, кампазітараў і дырыжораў А.Коўтса, Э.Чызолма. Пад уплывам зах.-еўрап. музыкі мадэрнізаваліся традыц. песенныя жанры. У 1930—50-я г. ўзніклі стылі квела, мбубе, джайв (кампазітары Р.Калуза, Э.Сангонгі і інш.). На гар.муз. культуру зулу паўплывалі паўн.-амер. джаз і блюз, музыка «кантры», спевы ў стылі «госпел» (спевакі Дж.Нгобені, Сьюзі). У 1940—50-я г. пачала фарміравацца кампазітарская школа (Г.Фаган, Б.Герстман, П.Рэйнір, А. ван Вейк). Развіццю муз. тэатра садзейнічалі Тэатр. кампанія банту (засн. ў 1953, Кейптаўн), Школа музыкі і драмы пры Саюзе артыстаў Паўд. Афрыкі (Іаганесбург), Нац.тэатр.арг-цыя (Прэторыя). Пастаўлены джазавая опера «Кінг-Конг» Т.Матчыкізы (1959), муз. спектаклі А.Трэйсі, Дж.Тэйлара, Б.Лешоая, Г.Скосана. Сярод спевакоў Дж.Магатоі, Н.Мдледле, П.Фанга, М.Макеба, Б.Самхлахла, Т.Кумала, сярод выканаўцаў джазавай музыкі піяніст Д.Брэнд. Развіваюцца формы т.зв. культываванай музыкі белага насельніцтва. Оперныя тэатры і трупы ў г. Кейптаўне (з 1893), Іаганесбургу, Прэторыі, сімфанічныя аркестры ў Іаганесбургу, Кейптаўне, Дурбане і інш. Дзейнічаюць Паўд.-Афр. кансерваторыя (з 1905, Кейптаўн), муз. ф-ты ва ун-тах у г. Кейптаўн, Прэторыя, Натал, Порт-Элізабет, Іаганесбург. Т-ваафр. музыкі ў Іаганесбургу.
Літ.:
Вяткина Р.Р. Создание Южно-Африканского Союза (1902—1910). М., 1976;
Егоров В.В., Тищенко Т.Ф. История Юга Африки (60—70-е гг.). М., 1982;
Вышинский М.П. Юг Африки: апартеид, геноцид, агрессия. М., 1988;
Асоян Б.Р. Сквозь 300 лет — от Кейпа до Трансвааля: Штрихи к портрету Южной Африки. М., 1991;
Современные литературы Африки: Вост. и Юж. Африка. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЙЗА́Ж (франц. paysage ад pays мясцовасць, краіна),
від, адлюстраванне якой-небудзь мясцовасці; адзін засн. жанраў (і асобны твор) выяўл. мастацтва. Адлюстроўвае рэальную або ўяўную мясцовасць, эмац. адносіны чалавека да прыроды, светапогляд мастака. Часта з’яўляецца фонам у творах інш. жанраў (партрэт, нацюрморт, бытавы, батальны і інш.). У працэсе развіцця П. вылучыліся яго асобныя віды: ландшафтны, гарадскі, вясковы, марына, арх., індустрыяльны, гіст. і інш.
Адлюстраванне прыроды вядома з эпохі неаліту. Матывы П. вядомы ў насценных размалёўках і рэльефах Стараж. Усходу (Егіпет, Вавілонія), мастацтве Стараж. Грэцыі і Рыма, краін Д. Усходу. У 7—8 ст.самаст. значэнне набыў у мастацтве Кітая, у 12—13 ст. стаў адным з вядучых жанраў. У еўрап. мастацтве сярэднявечча элементы П. пераважна пазначалі месца дзеяння, выконвалі сімвалічную ці дэкар. ролю ў адлюстраванні рэліг.-міфалагічнай прасторы. У эпоху Адраджэння цэнтр. вобразам у П. стала адлюстраванне зямнога свету як адухоўленай з’явы, у якой касмічнае пераважае над тапаграфічна-канкрэтным. Мастакі вывучалі натуру, распрацоўвалі прынцыпы перспектыўнай пабудовы прасторы (Джарджоне, Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Тыцыян у Італіі, М.Груневальд, А.Дзюрэр, Л.Кранах у Германіі, А.Альтдорфер, П.Брэйгель, Х. ван дэр Гус у Нідэрландах, Эль Грэка ў Іспаніі і інш.). У канцы 16 — пач. 17 ст.пад уплывам маньерызму ўзмацніліся эмацыянальнасць і падкрэсленая ідэалізацыя прыроды (А.Карачы ў Італіі); у мастацтве барока пераважала адлюстраванне стыхійнага буяння прыроды, падкрэсленая надуманасцю і наяўнасцю фантаст. элементаў (П.П.Рубенс у Фландрыі, А.Маньяска ў Італіі). Як самаст. жанр П. вылучыўся ў 2-й пал. 17 ст. ў творчасці Я. ван Гоена, Я. ван Ройсдала, С. ван Ройсдала, Рэмбранта ў Нідэрландах, К.Ларэна, Н.Пусэна ў Францыі і інш. і стаў носьбітам высокага этычнага зместу. У 18 ст. пашырыўся тонкалірычны (Ф.Гвардзі) і відавы гарадскі (Каналета, Б.Белота) П. У П. 1-й пал. 19 ст. пераважалі тэндэнцыі рамантызму (К.Д.Фрыдрых, Л.Рыхтэр у Германіі, У.І.Кох у Аўстрыі, У.Цёрнер у Вялікабрытаніі). Зацвердзілася розніца паміж накідам, эцюдам і завершаным П.-карцінай, з’явіліся элементы пленэру, сістэма валёраў і інш. Станаўленне і росквіт рэаліст. П. адбыўся ў 19—20 ст. ў творчасці К.Каро, Г.Курбэ, Ж.Ф.Міле (Францыя), Дж.Констэбла (Вялікабрытанія), А.Менцэля (Германія), І.Айвазоўскага, А.Бенуа, Л.Бродскай, І.Грабара, А.Дайнекі, А.Куінджы, І.Левітана, Г.Ніскага, В.Паленава, М.Рэрыха, А.Саўрасава, В.Сярова, І.Шышкіна (Расія), М.Сар’яна (Арменія), А.Жмуйдзінавічуса (Літва) і інш. Плённа развіваўся ў творчасці мастакоў інш. стыляў і кірункаў. непасрэднасць пленэрных П. імпрэсіяністаў (П.Банар, К.Манэ, Э.Манэ, К.Пісаро, А.Сіслей у Францыі), драматычна выразныя, эмацыянальна завостраныя П. экспрэсіяністаў (О.Какошка ў Аўстрыі), эмац., дэкар.-плоскасныя П. постімпрэсіяністаў (П.Гаген, П.Сезан у Францыі, В. ван Гог у Нідэрландах) і інш.
У бел. мастацтве элементы П. вядомы з 15 ст. (мініяцюры Радзівілаўскага летапісу). Значнае месца адведзена П. ў гравюрах выданняў Ф.Скарыны («Навухаданосар цар вавілонскі здабывае Іерусалім», 1518; «Руф, прабаба цара Давідава падбірае каласы за жняцы», 1519), жывапісным творы «Бітва пад Оршай» (каля 1515). У графіцы 2-й пал. 16—17 ст. П. набыў самаст. гучанне: гравюры з адлюстраваннем гар. панарам Гродна, Полацка, Вільні, Бабруйска, Брэста, Рэчыцы, Нясвіжа, Трокаў, Коўна, Клецка (у т. л. Т.Макоўскага), замкаў і палацаў (гравюры М.Цюнта), акварэль «Аблога Полацка 29.8.1579» С.Пахалавіцкага і інш. У жанры П. шмат працаваў А.Тарасевіч (12 аркушаў «Поры года», 1672). У 17—18 ст. элементы П. трапляюцца ў іканапісе («Праабражэнне», 1648; «Пакроў», 1649; «Успенне, 1650; клеймы абраза «Параскева з жыціем», 1659; «Пакланенне вешчуноў» басценавіцкага майстра, 1723—28; «Мікола», 1751), манум. жывапісе (размалёўкі Аршанскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра, 17 ст.; фрэскі касцёлаў кармелітаў у Бельчыцах, Мсціславе і Магілёве, 18 ст.) і дэкар.-прыкладным мастацтве (у шпалерах Нясвіжскай, Карэліцкай і Слонімскай мануфактур). Як самаст. жанр П. пачаў складвацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. і да сярэдзіны 19 ст. эвалюцыяніраваў ад класіцызму праз рамантызм да праяў рэалізму. У 19 — пач. 20 ст. да П. звярталіся К.Альхімовіч, В.Бялыніцкі-Біруля, А. і І. Гараўскія. С.Жукоўскі, В.Ваньковіч, Я.Дамель, Н.Орда, Ю.Пэн, К.Русецкі, Ф.Рушчыц, Я.Сухадольскі, І.Трутнеў і інш. У 20 ст. ў П. развіваўся пераважна рэаліст. кірунак. Сярод найб. значных прадстаўнікоў І.Ахрэмчык, Бялыніцкі-Біруля, В.Волкаў, І.Гембіцкі, Я.Драздовіч, Я.Зайцаў, У.Кудрэвіч, Л.Лейтман, С.Лі, М.Сеўрук, М.Станюта, А.Тычына (1920—50-я г.), А.Бархаткоў, У.Басалыга, Я.Батальёнак, Г.Вашчанка, В.І.Вярсоцкі, В.Грамыка, М.Данцыг, М.Ісаёнак, К.Качан, А.Кроль, У.Лагун, З.Літвінава, А.Малішэўскі, А.Марачкін, Л.Марчанка, У.Маскоўскіх, П.Масленікаў, Г.Паплаўскі. У.Пасюкевіч, М.Селяшчук, Г.Скрыпнічэнка, В.Сумараў, І.Рэй, В.Цвірка, Л.Шчамялёў (1950—90-я г.) і інш.
Літ.:
Федоров-Давыдов А. Русский пейзаж XVIII — начала XIX в. М., 1953;
Яго ж. Советский пейзаж. М., 1958;
Яго ж. Русский пейзаж конца XIX — начала XX в. М., 1974;
Мальцева Ф. Мастера русского реалистического пейзажа. Вып. 1—2. М., 1953—59;
Виноградова Н.А. Китайская пейзажная живопись. М., 1972;
Калитина Н. Французская пейзажная живопись, 1870—1970. Л., 1972;
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Беларускі пейзажны жывапіс: [Альбом]. Мн., 1982;
Никулина О.Р. Природа глазами художника. М., 1982.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Пейзаж. С. ван Ройсдал. Рачны пейзаж. 1646.Да арт.Пейзаж. І.Левітан. Вясна — вялікая вада. 1897.Да арт.Пейзаж. В.Цвірка. Прыпяць. Вясна. 1966.Да арт.Пейзаж. В.Грамыка. Раніца туманная. 1974.Да арт.Пейзаж. В.Вярсоцкі. Ліпеньскія навальніцы. 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́ВІ (чычэва Malaŵi, англ. Malawi), Рэспубліка Малаві (чычэва Mfuko la Malaŵi, англ. Republic of Malawi),
дзяржава ва ўнутр. частцы Усх. Афрыкі. Мяжуе на Пнз Танзаніяй, на 3 з Замбіяй, на Пдз Мазамбікам; на У мяжа з Танзаніяй і Мазамбікам праходзіць па воз. Ньяса (Малаві). Пл. 118,5 тыс.км², у т. л. водная паверхня азёр 24,4 тыс.км². Нас. 9,8 млн.чал. (1998). Дзярж. мовы — чычэва (малаві) і англійская. Сталіца — г.Лілонгве. Падзяляецца на 3 правінцыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 ліп.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1994. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Народнаму сходу, дэпутаты якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які прызначаецца прэзідэнтам.
Прырода. У рэльефе пераважае пласкагор’е, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод. Характэрны вышыні 1000—1500 м, найб. вышыня — г. Сапітва (3002 м). На У грабен (ч. Усходне-Афр. рыфавай сістэмы) звоз. Ньяса (на выш. 472 м над узр. м.) і р. Шырэ, якая выцякае з возера і ўпадае ў р. Замбезі. У М. ёсць невял. радовішчы баксітаў, каменнага вугалю, уранавых руд, буд. матэрыялаў і інш. Клімат субэкватарыяльны з летнім дажджлівым (ліст.—май) і сухім (май—лістапад) сезонамі. Сярэднямесячныя т-ры ад 14—19 °C (ліп.) да 23—27 °C (лістапад). Ападкаў 1500—3000 мм за год. У расліннасці пераважаюць акацыевыя саванны з баабабамі, паркавая саванна з пальмамі; у гарах — лістападныя трапічныя лясы, участкі стэпаў, па далінах рэк — галерэйныя лясы. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэр. краіны. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету: бегемоты, кракадзілы, львы, леапарды, павіяны, зебры, антылопы. Ёсць малярыйныя камары і муха цэцэ. Воз. Ньяса багатае рыбай (асн. від тылапія). Нац. паркі: Касунгу, Ленгве, Лівондэ, Ньіка; некалькі паляўнічых рэзерватаў. Нац. парк воз. Малаві (Ньяса) уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Каля 99% складаюць блізкія паміж сабой народы, што адносяцца да ўсх. групы банту. Найб. — малаві (каля 55% насельніцтва), асн. этнічная група чэва (гавораць на мове чычэва). На Пд жывуць макуа, ломве, ваяа, суахілі, нгоні. Выхадцы з краін Азіі і Еўропы (больш за 30 тыс.чал.) жывуць пераважна ў гарадах. Сярод вернікаў 55% пратэстантаў, па 20% католікаў і мусульман, астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост 1,5% (1997), у асобныя гады перавышае 3%. Сярэдняя шчыльн. 104 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены паўд. раёны. У гарадах жыве 14% насельніцтва. Найб. гарады: Блантайр-Лімбе — каля 500 тыс.ж., Лілонгве — каля 400 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы занята 86% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — каля 5%, у абслуговых галінах — каля 9%. Некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў М. сезонна працуюць у Паўд.-Афр. Рэспубліцы (ПАР).
Гісторыя. Стараж. насельніцтва М. — бантумоўныя плямёны н’янджа (на Пд), чэва (у цэнтры) і тумбука (на Пн). У канцы 15 ст. каля воз. Ньяса склалася племянное аб’яднанне Малаві на чале з правадыром Каронгі. Пазней сюды перасяліліся народы нгоні і яо. У сярэдзіне 19 ст. тэр. М. наведваў Д.Лівінгстан, у 1876 брыт. місіянеры заснавалі пасяленне Блантайр. З 1891 М. — брыт. пратэктарат Ньясаленд. У 1915 тут адбылося антыбрыт. паўстанне на чале з Дж.Чылембве, задушанае ўладамі. У 1920—30-я г. ўзніклі туземныя асацыяцыі, у 1944 створана першая афр.паліт.арг-цыя — Афр. Кангрэс Ньясаленда (АКН). У 1953—63 М. ўваходзіла ў Федэрацыю Радэзіі і Ньясаленда. Пасля забароны АКН на яго базе ў вер. 1959 створана партыя Кангрэс М. (КМ) на чале з Х.Бандам. У 1961 уведзена ў дзеянне канстытуцыя Ньясаленда. На першых усеагульных выбарах у Заканад. сход у 1961 перамог КМ. У лют. 1963 Ньясаленд атрымаў унутр. самакіраванне, а Банда стаў прэм’ер-міністрам краіны.
6.7.1964 абвешчана незалежная дзяржава М. ў складзе Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1966 М. — рэспубліка, прэзідэнт — Банда, адзіная легальная партыя — КМ. У краіне ўсталяваўся рэжым асабістай улады Банды, які ў ліп. 1971 абвешчаны яе пажыццёвым прэзідэнтам. Жорстка душылася ўсялякая апазіцыя. Праводзілася палітыка спрыяння прыватнаму сектару, асабліва ў галіне забеспячэння харчаваннем. У знешняй палітыцы кіраўніцтва М. падтрымлівала цесныя сувязі з краінамі Зах. Еўропы, ЗША і ПАР. Зпач. 1990-х г. краіну ахапілі масавыя дэманстрацыі з патрабаваннем адраджэння дэмакратыі, якія ўзначальвала каталіцкае духавенства. Восенню 1992 створаны альянс за дэмакратыю і Аб’яднаны дэмакр. фронт (АДФ). У студз. 1993 урад быў вымушаны дазволіць шматпартыйнасць. У 1994 на першых свабодных выбарах прэзідэнтам М. выбраны лідэр АДФ Б.Мулузі. З мая 1995 набыла сілу новая канстытуцыя краіны. М. — чл.ААН і арг-цыі афр. адзінства (з 1964). Дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднаны Дэмакр. фронт, Кангрэс М.
Гаспадарка. М. — аграрная краіна са слаба развітой эканомікай. Па ўзроўні эканам. развіцця адносіцца да найменш развітых краін. Штогадовы даход на 1 чал. каля 180 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае 45% валавога нац. прадукту, прам-сць — 30%, абслуговыя галіны — 25%. Гал. сродак існавання для большасці насельніцтва — земляробства. Апрацоўваецца каля 1,7 млн. га. Пад пашу выкарыстоўваюцца саванны і рэдкастойныя лясы агульнай пл. каля 2 млн. га. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, але асн. экспартную прадукцыю даюць плантацыі, якія належаць замежным кампаніям і еўрап. каланістам (каля 10% апрацаваных зямель). Штогод збіраюць асн. экспартныя культуры (тыс. т): чай (займае 6% с.-г. зямель) — каля 50, тытунь — каля 130. Меншае экспартнае значэнне маюць бавоўнік, тунг, цукр. трыснёг, арахіс, каўчуканосы. Харч. культуры (у сял. гаспадарках): кукуруза (займае 80% с.-г. зямель, штогадовы збор 1,5—2 млн. т), афр. сорга, проса, рыс, пшаніца, бабовыя, маніёк, батат. Агародніцтва, трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля абмежавана з-за распаўсюджання мухі цэцэ і нізкай якасці пашы. Пагалоўе (тыс.гал.): буйн. раг. жывёлы — каля 1000, авечак і коз — каля 800. Птушкагадоўля. Азёрнае і рачное рыбалоўства — 65 тыс. т (1993). Лясная гаспадарка, нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Прам-сць развіта слаба, арыентавана на перапрацоўку с.-г. прадукцыі, вытв-сць спажывецкіх тавараў. Вытв-сць электраэнергіі 782 млн. кВт гадз (1993), пераважна на невялікіх ЦЭС і ГЭС. Найб.ГЭС на р. Шырэ. Асн. прадпрыемствы звязаны з апрацоўкай тытуню і чаю (Блантайр-Лімбе, Лілонгве, Зомба). Ёсць бавоўнаачышчальныя, тэкст., швейныя, кансервавыя, цукр., па вытв-сці тунгавага алею, мукамольныя, цагельныя, лесапільныя, цэм. прадпрыемствы. Невял. здабыча мармуру, жал. руды, кіяніту, баксітаў, буд. матэрыялаў. Развіты разнастайныя саматужныя промыслы. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, унутр. водны. У М. 49,8 тыс. км аўтадарог, у т. л. 5,7 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, 15 тыс. легкавых, 19 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Даўж. чыгункі 789 км. Знешнегандл. сувязі пераважна па чыг. Блантайр-Лімбе—Бейра (Мазамбік). Унутр. водныя шляхі па воз. Ньяса і асобных участках р. Шырэ. У краіне 41 аэрапорт, у т. л. 2 міжнар. каля Блантайр-Лімбе і Лілонгве. У 1995 экспарт склаў 431 млн.дол., імпарт — 348 млн. долараў. М. экспартуе тытунь (40% па кошце), чай (35%), цукар, каву, арахіс, драўніну, імпартуе харч. прадукты, нафту і нафтапрадукты, тавары шырокага ўжытку, трансп. сродкі. Асн.гандл. партнёры: ПАР, ЗША, Японія, Германія. Дадатковыя крыніцы даходаў насельніцтва — сезонная работа ў ПАР і замежны турызм. Эканоміка М. залежыць ад эканам. дапамогі МВФ, Сусв. банка і асобных краін-донараў (найб. — Вялікабрытаніі і ПАР). Грашовая адзінка — квача.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Малаві.Да арт.Малаві. Узбярэжжа возера Ньяса.Да арт.Малаві. Краявід на Пд краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РБІЯ І ЧАРНАГО́РЫЯ (Србија и Црна Гора),
дзяржава на Пд Еўропы, на Балканскім п-ве. На З мяжуе з Босніяй і Герцагавінай, Харватыяй, на Пнз Венгрыяй, на Уз Румыніяй і Балгарыяй, на Пдз Македоніяй і Албаніяй; на ПдЗ абмываецца Адрыятычным морам. Пл. 102,35 тыс.км². Нас. 10 656 тыс.чал. (2002). Афіц. мова — сербская, выкарыстоўваецца албанская. Сталіца — г.Бялград. С. і Ч. — свабодная федэрацыя 2 рэспублік — Сербіі і Чарнагорыі. Захоўвае дзярж. сімволіку б.Югаславіі. У складзе Сербіі 2 аўт. краі — Ваяводзіна, Косава і Метохія.
Гісторыя стварэння і дзяржаўнае ўладкаванне. Супольніцтва пад назвай Сербія і Чарнагорыя (СіЧ) заканадаўча аформілася ў лют. 2003 на тэр. скасаванай Саюзнай Рэспублікі Югаславія. Прынцыповае рашэнне аб гэтым прынята ў сак. 2002 на перагаворах у Бялградзе паміж прэзідэнтамі Югаславіі (В.Каштуніца) і Чарнагорыі (М.Джуканавіч), якія падпісалі «Зыходныя асновы перабудовы адносін Сербіі і Чарнагорыі» і Дагавор ад 14.3.2002 аб прынцыпах перабудовы адносін паміж Сербіяй і Чарнагорыяй. Дагавор ратыфікаваны парламентамі Сербіі і Чарнагорыі 9.4.2002. Чарнагорыя атрымала права праз 3 гады правесці рэферэндум аб поўнай дзярж. незалежнасці. 20.10.2002 у Чарнагорыі адбыліся датэрміновыя парламенцкія выбары, на якіх перамогу атрымала кааліцыя «Дэмакратычны спіс за еўрапейскую Чарнагорыю — М.Джуканавіч». 4.2.2003 Саюзная Скупшчына (парламент) Югаславіі прыняла Канстытуцыйную хартыю дзярж. супольніцтва СіЧ і закон аб яе прымяненні. Раней гэтыя дакументы прыняты ў скупшчынах Сербіі і Чарнагорыі. Усе органы ўлады Югаславіі скасаваны і замест іх створаны новыя. Сербія і Чарнагорыя — цалкам раўнапраўныя рэспублікі, сумесна выпрацоўваюць знешнюю і абаронную палітыку. Кожная з іх мае ўласныя валюты (дынар і еўра), унутр. рынкі і мытныя сістэмы. Паводле Канстытуцыйнай хартыі СіЧ мае наступныя сумесныя інстытуты ўлады: прэзідэнта, Скупшчыну, Савет Міністраў і суд. Ва ўрадзе 5 міністраў: замежных спраў, абароны, міжнар.эканам. адносін, унутр.эканам. адносін, па абароне правоў чалавека і нац. меншасцей. СіЧ не мае дзярж. бюджэту, валютных рэзерваў, міністэрства фінансаў, Цэнтрабанка. Саветам Міністраў кіруе прэзідэнт СіЧ (зсак. 2003 чарнагорац С.Маравіч), якога выбірае аднапалатная Скупшчына (старшыня — серб Д.Мічунавіч). 28.12.2003 у Сербіі адбыліся пазачарговыя парламенцкія выбары. Па іх выніках галоўны к-тДэмакр. партыі Сербіі, якую ўзначальвае В.Каштуніца, даручыў яму сфарміраваць новы сербскі ўрад. У студз. 2004 другі прадстаўнік гэтай партыі Д.Маршычанін выбраны старшынёй новай Скупшчыны (парламента) Сербіі з адначасовым выкананнем абавязкаў прэзідэнта рэспублікі. Яго кандыдатуру пры пэўных умовах падтрымала Сацыяліст. партыя Сербіі, што дазволіла пераадолець крызіс, які мог прывесці да новых парламенцкіх выбараў. СіЧ прызнана міжнар. супольнасцю. Яна — чл.ААН (заняла месца б. Югаславіі), Савета Еўропы (зкрас. 2003), інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў сак. 2003.
Прырода. Паўн.ч. Сербіі размешчана на паўд. ускраіне Сярэднедунайскай раўніны. Па правым беразе р. Сава і шыротным адрэзку ўздоўж р. Дунай распасціраюцца хрыбты і масівы Сербскага нагор’я і Усх.-Сербскіх гор, на Пд — Македонскае нагор’е з катлавінамі Косава Поле і Метохія. Паўд.-зах. частка ў межах Дынарскага нагор’я (выш. да 2522 м, г. Бобатаў-Кук). Найвыш. пункт краіны (2764 м) у хр. Карабі, на мяжы з Албаніяй. Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, нафта і газ, медныя, свінцова-цынкавыя і жал. руды, баксіты і інш. Клімат умерана кантынентальны, на ўзбярэжжы Адрыятычнага м. міжземнаморскі. Сярэдняя т-растудз. ад -1 да -9 °C, ліп. 19—25 °C. За год выпадае 500—1500 мм ападкаў, у гарах, каля марскога ўзбярэжжа, да 3000 мм. У Чарнагорыі, каля бухты Котар, — самае вільготнае месца Еўропы (больш за 5000 мм ападкаў за год). Гал. рэкі — Дунай, Ціса, Сава, Марава, Дрына. Найб. возера Скадарскае (Шкодэр). Пераважаюць падзолістыя, бурыя лясныя і горна-лясныя глебы; тыповыя чарназёмы займаюць невял. плошчы ў Ваяводзіне, чырваназёмы прымеркаваны да вузкай прыморскай паласы, у далінах рэк — алювіяльна-лугавыя глебы. На Дынарскім нагор’і пашыраны карст і голыя скалы. Схілы гор укрыты хвойнымі, мяшанымі і шыракалістымі (пераважна букавымі) лясамі, на ўзбярэжжы — хмызняковая расліннасць. Пад лесам 17% тэр.Нац. паркі: Біёградска-Гора, Дурмітар (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Лоўчан.
Насельніцтва. Сербы складаюць 62,6% насельніцтва, албанцы — 15,5% (пераважна ў Косаве), чарнагорцы — 5%, венгры — 2,3% (пераважна ў Ваяводзіне). Жывуць таксама балгары, румыны, баснійцы, цыганы і інш. Вернікі правасл. хрысціяне (65%; у асн. сербы, чарнагорцы), мусульмане (19%; албанцы, баснійцы), католікі (4%; венгры, часткова чарнагорцы), пратэстанты (1%), іншыя (11%). Сярэдняя шчыльн. 104 чал. на 1 км². Найб. шчыльна населены паўн. раўнінныя раёны. Гар. насельніцтва 52%. Найб. гарады (тыс.чал., 2002): Бялград — 1500, Прышціна — 194, Ніш — 185, Крагуевац — 178, Нові-Сад — 176, Падгорыца — 137. У прам-сці і буд-ве занята 41% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 25%, сферы паслуг — 34%.
Гаспадарка. С. і Ч. — індустр.-аграрная краіна. Распад Югаславіі ў 1991, які суправаджаўся грамадз. вайной, разрывам традыц.эканам. сувязей і спадам вытв-сці, адмоўна паўплываў на эканоміку краіны. У 1992—93 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) скараціўся напалавіну. Сучасная эканоміка С. і Ч. ў значнай ступені залежыць ад міжнар.фін. і эканам. дапамогі. У 2000—03 краіна атрымала больш за 1,3 млрд. еўра донарскай дапамогі і крэдытаў. У 2002 ВУП склаў 25,3 млрд.дол. (2370 дол. на душу насельніцтва). 36% ВУП ствараецца ў прам-сці, 26% — у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве, 38% — у сферы паслуг. Развіты чорная і каляровая металургія, машынабудаванне, тэкст. і фармацэўтычная прам-сць. Аснова прамысл. вытв-сці — горназдабыўная галіна. Краіна ў асноўным забяспечана мінер. рэсурсамі, за выключэннем энерганосьбітаў. Здабыча бурага вугалю і лігніту (Косава і на Пд ад Бялграда), нафты і прыроднага газу (Ваяводзіна), меднай (руднікі Бор, Майданпек, Бучым у Сербіі) і свінцова-цынкавых (раёны г. Трэпча ў Косаве, гарадоў Плеўля і Іванград у Чарнагорыі) руд, баксітаў (каля г. Нікшыч у Чарнагорыі) і інш. Электраэнергетыка базіруецца на мясц. і імпартуемым паліве, выкарыстанні гідраэнергет. рэсурсаў. Вытв-сць электраэнергіі 31,7 млрд.кВт∙гадз (2001), у т. л. 62,9% на ЦЭС і 37,1% на ГЭС (на рэках Дунай, Дрына, Уласіна, Лім, Зета і інш.). Прадпрыемствы чорнай металургіі ў гарадах Смедарава і Нікшыч, каляровай — у гарадах Бор (выплаўка і пракат медзі), Звечан, Шабац, Прышціна (свінец, цынк), Падгорыца (алюміній) і інш. Шматгаліновае машынабудаванне, у т. л.вытв-сць аўтамабіляў (Крагуевац), трактароў, рачных суднаў, станкоў (Бялград, Нові-Сад), электратэхнікі і электронікі (Бялград, Ніш, Субаціца, Цэтыне). Асн. цэнтры хім. прам-сці (вытв-сцьмінер. угнаенняў, сернай к-ты, гумава-тэхн. вырабаў, штучных валокнаў) — Бялград, Ніш, Субаціца, Шабац; нафтаперапр. — Нові-Сад; фармацэўтычнай — Бялград. У лёгкай прам-сці развіты тэкст. (баваўняная, шарсцяная), трыкат. і гарбарна-абутковая галіны. Дрэваапр., у т. л. мэблевая прам-сць (Бялград, Субаціца); вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Харчасмакавая (мукамольная, алейная, цукр., вінаробная, агароднінакансервавая, тытунёвая) прам-сць. Маст. рамёствы (дываны, вырабы з каляровых металаў). Аснова сельскай гаспадаркі — раслінаводства. Гал. раён таварнага земляробства — Ваяводзіна і сумежныя раёны на Пд ад рэк Сава і Дунай, даліна ніжняга цячэння р. Марава. Вырошчваюць пераважна збожжавыя культуры — кукурузу (1/3 ворных зямель), пшаніцу, авёс, жыта; зтэхн. — цукр. буракі, сланечнік, каноплі, тытунь. Бульбаводства і агародніцтва. Садоўніцтва (найб. сліва, на ўзбярэжжы — інжыр, гранат, міндаль) і вінаградарства. Штогод збіраюць да 7 млн.т кукурузы, да 3 млн.т пшаніцы, да 2,5 млн.тцукр. буракоў. Жывёлагадоўля развіта ў цэнтр. і паўд. горных раёнах Сербіі і ў Чарнагорыі. Пагалоўе (млн. галоў, 2000) буйн. раг. жывёлы — 1,45, свіней — 4,09, авечак — 1,92, коз — 0,24. Птушкагадоўля (21,12 млн. галоў). Рыбалоўства. Аснова трансп. сеткі — аўтадарогі; агульная даўж. 48,6 тыс.км (2002), у т. л. 28,8 тыс.кмз цвёрдым пакрыццём (з іх 560 км скарасных аўтамагістралей). Даўж. чыгунак 4059 км, у т. л. 1364 км электрыфікаваных. Суднаходства па рэках Дунай і Сава. Даўж.ўнутр. водных шляхоў 587 км. Буйныя рачныя парты — Бялград, Нові-Сад, марскія — Бар, Котар. Паромная лінія Бар — Бары (Італія). Даўж. нафтаправодаў 415 км, прадуктаправодаў 130 км, газаправодаў 2110 км. 45 аэрапортаў, у т. л. 19 маюць узлётна-пасадачныя палосы з цвёрдым пакрыццём. Гал. турыстычны рэгіён — Адрыятычнае ўзбярэжжа Чарнагорыі. Даход ад турызму ў 2000 склаў 17 млн. долараў. Экспарт (2,3 млрд.дол., 2002) каляровых металаў, адзення, агародніны і садавіны, прадукцыі чорнай металургіі, гумаватэхн. вырабаў. Імпарт (6,3 млрд.дол., 2002) нафты і нафтапрадуктаў, пражы і тканін, грузавых аўтамабіляў, прыроднага газу, станочнага абсталявання. Асн.гандл. партнёры: Германія, Расія, Італія, Венгрыя, Славенія, Боснія і Герцагавіна і інш. Грашовая адзінка: у Сербіі — новы югаслаўскі дынар, у Чарнагорыі карыстаюцца еўра, у Косаве — новым югаслаўскім дынарам і еўра.
Узброеныя сілы. Рэгулярныя ўзбр. сілы (на 2002) 74,5 тыс.чал., рэзерв 400 тыс.чал., ваенізаваныя фарміраванні (падраздзяленні Мін-ваўнутр. спраў) 40 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючым з’яўляецца Вярх. савет абароны, у які ўваходзяць прэзідэнт супольніцтва СіЧ і прэзідэнты дзяржаў-членаў СіЧ (прымаюць рашэнні кансэнсусам). Стратэгію абароны вызначае Скупшчына СіЧ. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца зсухап. войск, ВПС, ВМС. У сухап. войсках 60 тыс.чал., 1016 танкаў, 557 баявых машын пяхоты, 204 бронетранспарцёры, 672 буксірныя гарматы, 87 рэактыўных сістэм залпавага агню, 1250 гармат процітанк. артылерыі, 2085 мінамётаў, 142 пускавыя ўстаноўкі процітанк. кіроўных ракет, 2000 гармат зенітнай артылерыі, 60 зенітных ракетных комплексаў. У ВПС 11 тыс.чал., 103 баявыя самалёты, 44 баявыя верталёты, 40 пераносных зенітных комплексаў. У ВМС 3,5 тыс.чал., падводная лодка, 5 звышмалых падводных лодак, 3 фрэгаты, 9 ракетных катэраў, 18 рачных патрульных катэраў, 4 мінна-тральныя караблі, 7 рачных тральшчыкаў, 4 малыя дэсантныя караблі, 21 дэсантны катэр, 2 танкеры, 5 буксіраў і інш.; 8 верталётаў. У марской пяхоце 900 чал., 3 брыгады, у т. л. брыгада берагавой артылерыі, батальён ваен. паліцыі.
Ахова здароўя. Існуе сістэма дзярж. і прыватнай медыцыны. Пашырана мед. страхаванне. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 71, жанчын 76,7 гадоў. Узровень нараджальнасці 12,7, смяротнасць 10,6 на 1 тыс. чалавек. Натуральны прырост 0,19%. Дзіцячая смяротнасць 17,9 на 1 тыс. нованароджаных (2003). Сярэдні ўзрост насельніцтва 36,2 гадоў. На 1 тыс. жанчын прыпадае 947 мужчын.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 2002 у СіЧ выдавалася больш за 2,4 тыс.перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Блêс» («Успышка», з 1996), «Борба» («Барацьба», з 1922), «Вечерашње новине» («Вячэрнія навіны», з 1954), «Глâс» («Голас», з 1991), «Данас» («Сёння», з 1997), «Днêвни телеграф» («Дзённы тэлеграф», з 1996), «Политика» («Палітыка», з 1904), «Победа» («Перамога», з 1943) і інш.Інфарм. агенцтвы: у Сербіі — дзярж.Тэлегр. агенцтва «Новая Югаславія» (ТАНЮГ, з 1943), прыватныя «Бэта» (з 1992), «ФаНэт» (з 1994); у Чарнагорыі — інфарм. агенцтва «МІНА» (з 1999). Радыёвяшчанне з 1924. Тэлебачанне з 1958. У Сербіі каля 300 тэлевізійных і 600 радыёстанцый, у Чарнагорыі адпаведна 12 і 40. Дзейнічаюць дзярж. «Радыё і тэлебачанне Сербіі» (мае 5 радыё- і 3 тэлепраграмы, канал спадарожнікавага тэлебачання) і «Радыё і тэлебачанне Чарнагорыі» (мае 1 радыё- і 2 тэлепраграмы, канал спадарожнікавага тэлебачання). Прыватныя электронныя сродкі масавай інфармацыі: Б 92, БК, Інфа 24, студыя Б, ТВ Пінк. Міжнар. радыё СіЧ (з 1977) вядзе праграмы на замежныя краіны на 13 мовах свету. У СіЧ ствараецца новая заканад. база рэгулявання сродкамі масавай інфармацыі. Пры падтрымцы замежных краін і міжнар. арг-цый сродкі масавай інфармацыі Косава дзейнічаюць па-за кантролем цэнтр. улады ў Бялградзе. Выходзяць 7 газет, дзейнічаюць 20 тэле- і 80 радыёстанцый. Інфарм. агенцтва — «Косавапрэс». Грамадская тэлерадыёкампанія «Радыё і тэлебачанне Косава» вядзе праграмы па 1 тэле-, 2 радыёканалах і праз спадарожнік на сербскай, тур., басанскай мовах. Прыватная тэлерадыёкампанія — «Радыё і тэлебачанне 21».
Літаратура. Развіваецца на сербскай мове. Узнікненне звязана з дзейнасцю слав. асветнікаў і рэліг. дзеячаў Кірылы і Мяфодзія і іх вучняў Клімента і Навума, заснавальнікаў Охрыдскай школы, якая ўплывала на духоўную асвету і развіццё пісьменнасці ў паўд. славян. Сярод помнікаў стараж. сербскага пісьменства «Міраславава евангелле» (12 ст.), творы агіяграфічныя Савы, Стэфана Первавянчанага, Даменціяна, Тэадосія (13 ст.), Данііла (1-я пал. 14 ст.), Канстанціна Філосафа (15 ст.) і гімнаграфічныя Яфіміі (канец 14 ст.), Стэфана Лазаравіча (пач. 15 ст.), а таксама пераклады і перапрацоўкі тэкстаў візант. л-ры. Вылучыўся сербскі паэт. эпас: негіст., апавядальны, гераічны (цыклы дакосаўскі, косаўскі, паслякосаўскі, пра гайдукоў, пра набегі, пра вызваленне і інш.). Для гісторыі маст. слова сербаў істотнае значэнне мела т.зв. Дуброўніцка-Далмацінскае адраджэнне, прадстаўнікі якога (М.Маруліч, Х.Луціч, П.Хектаравіч, М.Држыч, П.Зораніч, І.Зундуліч) запазычвалі вопыт ант. і зах.-еўрап. мастацтва, пераважна італьян., прыстасоўваючы яго да ант. традыцый. Да 2-й пал. 18 ст.л-ра захоўвала пераважна рэліг. характар і царк.-слав. мову, якая часткова замянялася рус. Мовай, што асабліва праявілася ў т.зв. рус.-слав. эпоху (творы З.Арфеліна, Ё.Раіча), прадвызначаную рус. педагогамі (Э.Казачынскі, пачынальнік сербскай драматургіі). У канцы 18 ст. сербская л-ра развівалася пад уплывам ідэй еўрап. Асветніцтва (Д.Абрадавіч). Адыход ад царк.-слав. мовы і царк. традыцыі замацоўваўся творчасцю Ё.Мушкаціравіча, Э.Янкавіча, А.Стойкавіча, М.Відакавіча, якія ўвялі разнастайныя свецкія жанры і абумовілі пэўную залежнасць развіцця сербскай л-ры ад зах.-еўрап. плыней. Пад уздзеяннем класіцызму развівалася творчасць А.Везіліча, Л.Мушыцкага, сентыменталізму — Г.Трлаіча. Прыкметны ўплыў паэтаў Зах. Еўропы вызначыўся ў творчасці прадстаўнікоў ранняга сербскага рамантызму Ё.Пашыча, С.Мілуцінавіча. Рамантызм найб. ярка выявіўся ў 1840—70-я г. ў паэзіі Ё.Змая Ёванавіча, Б.Радзічавіча, Дж.Якшыча, Л.Косціча. Асобнае месца належала П.Негашу, які ў сваіх паэмах сінтэзаваў нар.-паэт. традыцыю і вопыт сусв. л-ры. Сатыр. камедыі Ё.Попавіча заклалі асновы нац. рэпертуару сербскага т-ра. Вызначальную ролю ў фарміраванні новай сербскай славеснасці мела рэформа літ. мовы на нар. аснове, здзейсненая В.Караджычам. Дзейнасць Караджыча і яго паслядоўнікаў непасрэдна звязана з актывізацыяй нац.-вызв. руху. аднаўленнем сербскай дзяржаўнасці і адраджэннем культуры. У 2-й пал. 19 ст. на першы план выйшла рэаліст. проза (Р.Даманавіч, Б.Нушыч, М.Глішыч, Л.Лазаравіч, С.Матавуль, С.Срэмац, С.Ранкавіч, Б.Станкавіч, П.Кочыч і інш.). У паэзіі вылучылася грамадз. лірыка і паліт. сатыра В.Іліча. Пач. 20 ст. характарызаваўся новым зваротам да еўрап. узораў (Ё.Скерліч). Традыцыі працягвалі А.Шанціч, В.Петравіч. Перыяд да 1-й сусв. вайны атрымаў назву «сербскі мадэрн» (паэты У.Петкавіч-Дзіс, С.Пандуравіч, С.Вінавер і інш.). Сімвалісцкую паэтыку і класічныя формы распрацоўвалі сербскія «парнасаўцы» М.Ракіч, Ё.Дучыч. Пасля ўтварэння Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (Версальскай Югаславіі) рэцэпцыя вопыту еўрап. л-р набыла яшчэ большыя маштабы: культываваліся экспрэсіянізм (Р.Петравіч), сюррэалізм (Д.Маціч, М.Рысціч), неарамантызм (Р.Раткавіч), дадаізм (Д.Алексіч), ствараліся ўласна сербскія мадэрнісцкія школы — «суматраізм» (М.Црнянскі), зенітызм (Л.Міціч). Развівалася т.зв. сац.л-ра (паэты Р.Зогавіч, С.Куленавіч, Ч.Міндэравіч, Д.Косціч, празаікі Б.Чопіч, Д.Чалакавіч, крытык Дж.Ёванавіч). У пасляваен. л-ры цэнтр. месца заняла тэма нар.-вызв. вайны, гераізму народа, новага жыцця (творы О.Давіча, М.Лаліча, М.Олячы, М.Сялімавіча, Чопіча). Грамадз. і патрыят. матывамі ўзбагацілася паэзія Дз.Максімавіч. Панарамнасць і гіст.-філас. змест уласцівы эпічным палотнам Д.Чосіча. Новыя формы і жанры распрацоўваў М.Булатавіч. Асуджэнне таталітарызму — асн. пафас раманаў Д.Міхаілавіча, А.Ісакавіча. Сінтэз традыц. і мадэрнага ўвасоблены ў творчасці Х.Андрыча. Вылучыліся філас.маст. творы духоўных пісьменнікаў Н.Веліміравіча, Ю.Попавіча. У 1990-я г. ў л-ры плённа працавалі празаік М.Павіч, паэты С.Раічкавіч, М.Бечкавіч, В.Попа, драматург Д.Кавачавіч і інш. На бел. мове выдадзены сербскія казкі ў зб. «Ці страшны страх?» (1970), «Югаславянскія казкі» (1999), апавяданні ў зб. «Югаслаўскія апавяданні» (1975), вершы ў зб. «Па камянях, як па зорах» (1981), анталогія «Сербская паэзія» (1989), творы М.Маркавіча («Бродарка», 1931; «Версальская Югаславія», 1933), Р.Стыенскага («Не забудзем», 1935), Д.Каліча («Бераг без сонца», 1978, пер. М.Паслядовіч), Андрыча («Трывожны год», 1978, пер. Б.Сачанка; «Мост на Дрыне», 1993, пер. Сачанка і І.Чарота), Нушыча («Аўтабіяграфія», 1985, пер. Чарота). Сярод перакладчыкаў на бел. мову: Р.Барадулін, М.Гамолка, А.Зарыцкі, В.Зуёнак, П.Кавалёў, П.Макаль, А.Марціновіч, Я.Міклашэўскі, М.Мятліцкі, У.Паўлаў, А.Разанаў, М.Ракітны, К.Севярынец, Я.Сіпакоў, У.Шахавец, Р.Яўсееў і інш.
Архітэктура. Захаваліся рэшткі стараж.-рым. паселішчаў (Сінгідунум, цяпер Бялград). Унікальны помнік візант. горадабудаўніцтва — рэшткі г. Юсцініяна-Прыма (Царычын-Град). У архітэктуры 12—14 ст. сфарміравалася т.зв. школа Рашкі. Манастыры і храмы будавалі з каменю (часам з мармуровай абліцоўкай) паводле візант. кампазіцыйнай схемы ў спалучэнні з раманскімі аркатурнымі паясамі, перспектыўнымі парталамі (цэрквы Успення Багародзіцы ў манастыры Студзеніца, пантакратара ў манастыры Дзечані, Святой Тройцы ў манастыры Сопачані). У 14 ст. склалася т.зв. косава-метахійская школа, для якой характэрны крыжова-купальныя храмы з каменю і цэглы (царква Дабравешчання ў манастыру Грачаніца). У 2-й пал. 14 ст.падтур. уплывам у даліне р. Марава сфарміравалася т.зв. мараўская школа, у якой традыцыі серб. дойлідства набылі арыгінальную перапрацоўку, пашырыліся бясстоўпныя (царква св. Стэфана, ці т.зв. Лазарыца ў Крушавацы) і 4-стоўпныя крыжова-купальныя храмы з апсідамі па трох баках крыжа (царква ў манастыры Раваніца). У 14—15 ст. будавалі крэпасці з масіўнымі зубчастымі сценамі і велічнымі вежамі. У раўнінных раёнах яны мелі рэгулярны (Смедарава), у горных — ірэгулярны (Звечан і Магліч у даліне р. Ібар) планы. Гарады з радыяльнай планіроўкай забудоўвалі драўлянымі, саманнымі і каменнымі дамамі. З 2-й пал. 15 ст. ў час тур. панавання пашыраны мячэці, мінарэты, лазні, караван-сараі, дамы т.зв. балканскага тыпу з выступаючымі верхнімі паверхамі, эркерамі, галерэямі. Зпач. 18 ст. ў культ. цэнтры С. — вобласці Ваяводзіна буд-ва вялося ў стылях барока і класіцызму (Нові-Сад, Срэмскі-Карлаўцы і інш.). З 1850-х г. будавалі ў духу еўрап. эклектыкі (Нар.т-р і Стары палац у Бялградзе), у пач. 20 ст. — у стылях мадэрн і неавізантыйскім (арх. А.Стэфанавіч, Н.Нестаравіч). У канцы 1930-х г. сцвердзіўся функцыяналізм (арх. Н.Добравіч, Д.Брашаван). Архітэктура краіны моцна пашкоджана ў 2-ю сусв. вайну. У пасляваен. час распрацаваны планы буд-ва і рэканструкцыі гарадоў (генплан развіцця Бялграда, 1947—50, арх. Добравіч інш.). Сучасная архітэктура адметная свабоднай і выразнай планіроўкай жылых комплексаў, імкненнем да пластычнай выразнасці, выкарыстання фактурных кантрастаў — неапрацаваных бетону і каменю, цэглы з дэталямі з металу і шкла, паліхромных мазаік (новыя раёны Бялграда, Цітава-Ужыцы, Чачака). Пашыраецца выкарыстанне традыцый нар. архітэктуры, дасягненні ў галіне сінтэзу мастацтваў (мемар. ансамблі Б.Багданавіча). Комплексы манастыроў Сопачані і Студзеніца ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. У 1960 засн. Саюз архітэктараў С. Пра архітэктуру Чарнагорыі гл. ў арт.Чарнагорыя.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. С. знойдзены: кераміка і скульптура эпох неаліту і бронзы, блізкія да помнікаў Усх. Міжземнамор’я, Грэцыі, Балгарыі; творы мастацтва ілірыйцаў, фракійцаў, скіфаў, кельтаў; ювелірныя вырабы авараў і славян.
Багаццем скульпт. ўбрання вылучаюцца цэрквы т.зв. школы Рашкі (12—14 ст., у Студзеніцы, Дзечані). У 13—15 ст. развіваўся манум. жывапіс (фрэскі ў цэрквах Узнясення ў манастыры Мілешава, Святой Тройцы ў манастыры Сопачані; размалёўкі цэркваў Багародзіцы Левішскай у Прызране, манастырах Грачаніца, Раваніца, Манасія). У мініяцюры спалучаліся раманскія і візант. традыцыі (Міраславава евангелле 12 ст., Хіландарскае евангелле 14 ст.). У 18 ст. ў выяўл. мастацтве Ваяводзіны праявіліся свецкія тэндэнцыі (серыі гравюр Х.Жафаравіча). Вылучаліся алтарныя абразы Т.Крачуна, партрэты Т.Чэшляра. У дэкар.-прыкладным мастацтве сярэдневяковай Сербіі развіты керамічная вытв-сць, злотніцтва, разьба па дрэве, шыццё і ткацтва ў візант. традыцыях зтур. уплывам. Рысы класіцызму ўласцівы жывапісу А.Тэадоравіча, партрэтам П.Джуркавіча, Катарыны Іванавіч, У.Кнежавіча. Вылучаюцца партрэты К.Даніла. Пасля 1848 узніклі тэндэнцыі рамантызму (Дж.Якшыч, Дз.Аўрамавіч, Н.Раданіч), развіваўся рэаліст. пейзаж (М.Ценкавіч, У.Прэдзіч, П.Ёванавіч). Адзін з вядучых рэалістаў жывапісец Дж.Крсціч. Імпрэсіяністычныя тэндэнцыі ў пейзажах і партрэтах К.Мілічавіча, М.Мілаванавіча. У 1910—20-я г. мастацтва пад уздзеяннем сезанізму, кубізму, канструктывізму, экспрэсіянізму (пейзажы і партрэты П.Добравіча, М.Конёвіча, Ё.Біеліча). У 1937 створана Бялградская АМ. Набыў развіццё кірунак рэалізму з рысамі сімвалізму (І.Табакавіч, Н.Гваздзенавіч). Сюррэалістычнымі пошукамі займаліся Р.Жыванавіч-Ное, М.Паўлавіч-Барылі. Сацыяльны рэалізм адбіўся ў графіцы Дж. Андраевіча-Куна. Сярод першых скульптараў Дж.Ёванавіч, Т.Расандзіч, С.Стаянавіч. Мастацтву 2-й пал. 20 ст. характэрны разнастайныя фармальныя пошукі ў кірунках абстракцыянізму, экспрэсіянізму, поп-арту і інш. У 1948 створана Бялградская акадэмія прыкладнога мастацтва. У нар. мастацтве захоўваюцца старадаўнія традыцыі. Сярод жывапісцаў-эксперыментатараў 2-й пал. 20 ст. Н.С.Чэліч, М.Проціч, Л.Вазаравіч, Л.Шэйка, А.Тамашавіч і інш.З канца 20 ст. развіваецца інсітнае мастацтва (І.Генераліч і інш.). У 1945 засн. Саюз мастакоў С. Пра мастацтва Чарнагорыі гл. ў арт.Чарнагорыя.
Літ.:
Лещиловская И.И. Сербская культура XVIII в. М., 1994;
Чарота І.А., Трус М.В. Югаслаўскія літаратуры і культуры. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́КАНАПІС, пісанне абразоў (ікон),
від жывапісу (пераважна сярэдневяковага), рэліг. па тэматыцы і сюжэтах, культавага па прызначэнні. Найб. характэрны для ўсх. хрысціянства. Узнік і развіваўся як важны элемент візант. культуры і рэгіёнаў, мастацтва якіх зведала яе ўплыў. Тэхніка І. блізкая да станковага жывапісу, аднак яго творы — абразы, што звычайна ўваходзяць у адзіны ідэйна-маст. комплекс з архітэктурай, дэкар.-прыкладным мастацтвам і ў ансамбль іканастаса, не разглядаюцца як цалкам станковыя творы.
Найбольш стараж. творы І. (6 ст.) паходзяць з Пярэдняй Азіі і захаваліся ў сінайскіх манастырах. Узнік на аснове познаэліністычнай традыцыі пахавальных партрэтаў (гл.Фаюмскі партрэт). Паводле царк. паданняў, сімвалічнае аблічча Хрыста цудоўным чынам захавалася на ўбрусе (хусце), а прататыпы абразоў Маці Божай намаляваны евангелістам Лукой. Іканаграфія святых і евангельскіх падзей склалася пераважна ў Візантыі і пазней паўтаралася праз іканапісныя дапаможнікі У маст. практыцы выпрацавалася сістэма ўмоўных прыёмаў адлюстравання рэчаіснасці: адсутнасць перадачы аб’ёмаў і трохвымернай прасторы, адасоблены, часта «залаты» фон, падпарадкаванне адлюстравання мэтам сімвалічнага ці апавядальнага сэнсу кампазіцыі. Гал. ролю ў фарміраванні вобразнага ладу твораў І. меў кампазіцыйна-рытмічны пачатак, выразнасць лініі і колеру, часцей лакальнага. Ідэйнага і маст. росквіту І. Візантыі дасягнуў у 11—12 ст., творы таго часу сталі кананічнымі. У 14—15 ст. склаўся рус. І. (Феафан Грэк, А.Рублёў, Дыянісій), які ў 17 ст. перажыў карэнныя змены пад уплывам еўрап. мастацтва праз пасрэдніцтва бел., укр., польскіх мастакоў (майстры Аружэйнай палаты). Самабытныя школы І. існавалі ў копцкім Егіпце, Эфіопіі, Грузіі, у балканскім і карпацкім рэгіёнах. Цэласнасць эстэт. прынцыпаў І. была падарвана крызісам сярэдневяковага светаўяўлення і развіццём культуры Адраджэння. Напачатку І. перайшоў да кампрамісных форм, што было выклікана рэаліст. пошукамі ў асобных краінах, пазней заняпаў і наблізіўся да рамяства.
На Беларусі І. узнік з прыняццем хрысціянства. Да 16 ст. развіваўся на аснове візант. традыцый, паступова засвойваў рэаліст. рысы зах.-еўрап. сакральнага мастацтва. У 16—1-й пал. 17 ст. склалася самабытная беларуская іканапісная школа, якой характэрна візант. духоўная і іканаграфічная аснова ў спалучэнні з рэальнасцю вобразаў, уключэннем у біблейскія сюжэты этнагр. элементаў, простанароднасць тыпажу, пэўная маст. свабода выканаўцаў. Праіснавала яна да сярэдзіны 19 ст., калі страціла сваю самабытнасць і прыйшла ў заняпад. Іл.гл. таксама да арт.Абраз, Беларуская іканапісная школа.
Літ.:
Жывапіс Беларусі XII—XVIII ст.: [Альбом]. Мн., 1980;
Алпатов М.В. Древнерусская иконопись. М., 1984;
Іканапіс Беларусі XV—XVIII стст. 3 выд.Мн., 1995.
А.А.Ярашэвіч.
Да арт.Іканапіс. Спас Нерукатворны. З Успенскага сабора ў Маскве. 12 ст.Да арт.Іканапіс. Багародзіца Адзігітрыя. Абраз іканастаса Ражэнскага манастыра. 17 ст. Балгарыя.Да арт.Іканапіс. Святая Агнеса з Марыяй і маленькім Ісусам. Апошняя чвэрць 15 ст. Кёльнскі жывапісец (Германія).Да арт.Іканапіс. Параскева. Сярэдзіна — 2-я пал. 16 ст. беларуская іканапісная школа.Да арт.Іканапіс. Выбраныя святыя: Васіль Вялікі, Грыгорый Багаслоў, Іаан Златавуст. 2-я пал. 18 ст. Беларуская іканапісная школа. Шарашоўскі майстар.Да арт.Іканапіс. Мадонна з маленькім Ісусам. Канстанцінопаль. 1200.Да арт.Іканапіс. Тадэа ды Бартала. Мадонна з дзіцем. 15 ст. Італія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛІЦА,
адна з дзвюх (разам зглаголіцай) стараж. славянскіх азбук. Створана ў сярэдзіне 9 ст. на аснове грэка-візант. ўстаўнага пісьма. Назва ад імя слав. асветніка Кірылы Філосафа (гл. ў арт.Кірыла і Мяфодзій). Паходжанне К. канчаткова не высветлена. На думку адных вучоных, К. створана Кірылам раней за глаголіцу, ад якой адрознівалася інш. тыпам і больш простай і выразнай формай літар. Паводле другіх вучоных, Кірыла з’яўляўся стваральнікам глаголіцы, што папярэднічала К. Алфавітна-літарны склад К. адпавядаў гукавой сістэме стараславянскай мовы. У 11 ст. мела 43 літары: 24 візант. паходжання, 19 створаны самастойна. 27 літар абазначалі лічбы (літара зцітлай). З 10 ст. К. абслугоўвала ўсе тыпы стараж.-рус.літ. мовы. Паслядоўна існавалі графічныя відазмяненні К.: устаў, паўустаў, скорапіс (у быт. і дзелавой перапісцы), арнаментальная вязь (у кніжных загалоўках). Ад стараж.-рус. пісьменства К. перайшла ў спадчыну старабел., старарус. і стараўкр. пісьменствам. У ранні перыяд старабел. графіка мела ўсе літары К. Аднак у працэсе развіцця бел. мовы літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дублетных літарах, якія без шкоды для пісьмовых зносін маглі замяняць адна адну, але працягвалі ўжывацца па традыцыі (о–ѡ, е–є–ѣ, і–и–ѵ, у–ꙋ–ѫ, ѩ–ѧ, з–ѕ, ф–ѳ, ѯ–ксі, ѱ–псі), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для зычнага j, афрыкаты «дж», гукаў [о] пасля мяккіх і [е] пасля цвёрдых зычных. На бел. глебе выйшлі з ужытку літары ѫ, ѥ, узніклі новыя графемы э (канец 15 ст.) і й (канец 16 ст.), у дзелавым пісьменстве перасталі выкарыстоўвацца ў гукавым значэнні знакі і, ѵ, ѯ, ѱ, ѕ, ф, у помніках інш. жанраў сталі трапляцца радзей літары ѵ, ѯ, ѱ, ѕ. Спрашчэнне і ўдасканаленне графічнай сістэмы абумоўлівалася агульным развіццём пісьменства. Выдатным дасягненнем старабел. графікі было стварэнне бел. першадрукаром і асветнікам Ф.Скарынай на аснове паўустава друкарскага варыянта К., што стаў узорам для інш.усх.-слав. друкароў. Цікавай з’явай у гісторыі бел. кнігадрукавання было вынаходства спец. курсіўнага шрыфту (прапанаваў Грынь Івановіч), які сваёй канфігурацыяй імітаваў скорапіс 2-й пал. 16 ст. Працэс удасканалення К. на Беларусі спыніўся ў 18 ст.з прычыны заняпаду старабел. пісьменства. У Расіі ў выніку рэформы Пятра I у 1708 быў створаны грамадзянскі шрыфт, што пазней стаў асновай сістэм пісьма ўсх.-слав. і некат. інш. народаў, у т. л. і новага бел. пісьменства. Сучасны беларускі алфавіт выпрацаваны ў выніку кантамінацыі рус. грамадзянскага шрыфту са старабел. варыянтам К., вызначаецца большай дакладнасцю. У ім няма дублетных літар, ёсць знакі для спалучэння гукаў «йо» (ё) і спецыфічнага бел. гуку кароткага «ў», афрыкаты «дж», «дз» перадаюцца дыграфамі, раздзяляльную функцыю выконвае апостраф.
Найб. стараж. кірыліцкія помнікі — надпісы на сценах і плітах у Праславе (9—10 ст., Балгарыя), на глінянай пасудзіне з раскопак курганоў пад Смаленскам (10 ст.) і інш. Першая датаваная кніга, напісаная К., — Астрамірава евангелле (1056—57).
Літ.:
Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979;
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;
Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНСЛАВІ́ЗМ,
ідэйна-палітычная плынь у 19 — пач. 20 ст., якой прытрымлівалася частка рас. і замежнага славянскага грамадства. Тэрмінам «П.» у розны час абазначалі розныя па змесце з’явы: ідэі слав. еднасці і культ. супольнасці, праекты слав. федэрацыі і канфедэрацыі і інш. Ідэі слав. узаемнасці распрацоўвалі чэх І.Добраўскі, славак П.Шафарык, харват Л.Гай, серб В.Караджыч, чарнагорац П.Негаш. Ва ўмовах чужаземнай няволі (аўстр. і тур.) аб’яднаўчая ідэя славян мела на мэце здабыць незалежнасць з апорай на аб’яднаныя намаганні прыгнечаных слав. народаў або шляхам звароту па дапамогу да адзінай тады незалежнай і моцнай слав. дзяржавы — Расіі. У паліт. жыццё тэрмін «П.» увялі ў пач. 1840-х г.аўстр. і герм. шавіністы, якія ў ажыўленні слав. руху бачылі пагрозу сваім гегеманісцкім імкненням. У 2-й пал. 19 ст. гэты тэрмін пашырыўся як сродак абвінавачання слав.нац.-вызв. рухаў у імкненні да стварэння «Усеслав. манархіі» ці «Сусв.Рас. імперыі». Як ідэалогія П. склаўся ў Расіі як рэакцыя на паражэнне ў Крымскай вайне 1853—56 і паўстанне 1863—64. Яго ідэолагамі былі М.Я.Данілеўскі, А.І.Кошалеў, М.М.Страхаў і інш. У аснове іх канцэпцыі ляжала ідэя захавання славянамі сваёй самабытнасці праз утварэнне імі саюзу слав. народаў, каб супрацьстаяць націску пангерманізму. Гісторык М.П.Пагодзін прапанаваў тэзіс аб перавазе славян над інш. народамі і выступаў за аб’яднанне славян у адну дзяржаву на чале з Расіяй; славяназнавец А.Ф.Гільфердынг лічыў, што ў аснове слав. еднасці павінна ляжаць усё лепшае, што выпрацавана культурай гэтых народаў. Найб. поўна і ўсебакова ідэалогію П. распрацаваў Данілеўскі ў кн. «Расія і Еўропа» (1871). Яго праект усеслав. федэрацыі на чале з Расіяй і сталіцай у Канстанцінопалі аб’ядноўваў 125 млн.чал., «роднасных па духу і крыві». На яго думку, толькі так можна было дасягнуць сусв. раўнавагі паміж трыма асн. сіламі: Зах. Еўропай, славянствам і Амерыкай, а свет пазбегнуў бы самай вял. небяспекі — усталявання гегемоніі зах. культуры. Як паліт. і грамадскі рух П. ахопліваў ч.дзярж. (граф М.П.Ігнацьеў, кн. У.А.Чаркаскі і інш.) і ваен. (генералы М.Р.Чарняеў, М.Дз.Скобелеў, Р.А.Фадзееў) дзеячаў, а таксама інтэлігенцыю (пісьменнікі І.С.Аксакаў, У.У.Крастоўскі, Ф.І.Цютчаў, вучоныя У.І.Ламанскі, А.Ф.Мілер і інш.). На Беларусі думку пра неабходнасць слав. саюзу на чале з Расіяй пашыралі гісторык М.В.Каяловіч, яго сын публіцыст М.М.Каяловіч і іх прыхільнікі І.А.Катовіч, П.М.Жуковіч, В.В.Шчарбіцкі і інш. Грамадскі рух П. падазрона ўспрымаўся ва ўрадавых колах Расіі, быў аб’ектам крытыкі з боку ліберальных і рэв.-дэмакр. плыней як рэакцыйная тэорыя. Рэв. падзеі пач. 20 ст. прывялі да знеслаўлення П. Некаторае яго ажыўленне адбылося напярэдадні і ў час 1-й сусв. вайны. Пад уплывам Пражскага слав. з’езда 1908 у Расіі ўзнікла Т-васлав. узаемнасці на чале з М.А.Хамяковым, У.Л.Маклаковым, Б.А.Бобрынскім. Яго аддзяленні з 1909 існавалі ў Вільні, Мінску і інш. гарадах. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 П. сышоў з грамадска-паліт. сцэны. Ідэі слав. узаемнасці атрымалі новае ажыўленне ў 1990-я г.
Літ.:
Данилевский Н.Я. Россия и Европа. 6 изд. СПб., 1995;