ДЗЯЛЕ́ННЕ ў біялогіі,

працэс размнажэння клетак, у выніку якога з зыходнай мацярынскай утвараюцца новыя, даччыныя клеткі. Ляжыць у аснове росту тканак і працэсаў палавога размнажэння ў шматклетачных арганізмаў, у аднаклетачных арганізмаў забяспечвае рост іх колькасці. Працэс Дз. звычайна суправаджаецца глыбокімі зменамі ў клетачным ядры. Дзякуючы Дз. забяспечваецца няспыннасць існавання паслядоўных пакаленняў клетак і цэлых арганізмаў. У пракарыётаў (напр., бактэрый), клеткі якіх не маюць марфалагічна адасобленага ядра, Дз. ажыццяўляецца шляхам утварэння папярочнай перагародкі, пачкаваннем або множным Дз. з папярэднім падваеннем (рэплікацыя) генетычнага матэрыялу. У эўкарыётаў, клеткі якіх маюць ядро, адрозніваюць 2 тыпы Дз.: мітоз, уласцівы ўсім саматычным клеткам жывёльных і раслінных арганізмаў, і меёз, характэрны для палавых клетак чалавека і жывёл, а таксама раслін, што размнажаюцца палавым шляхам. У выніку меёзу ўзнікаюць палавыя клеткі з гаплоідным (адзінарным) наборам храмасом. У некаторых выпадках адбываецца прамое Дз. (амітоз) без утварэння храмасом і перабудовы ядра (рэакцыя тканкі на змененыя ўмовы асяроддзя).

т. 6, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРНО́ВЫЯ ЗАБАЛО́ЧАНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

залішне ўвільготненыя глебы, якія ўтварыліся пад травяным покрывам. Паўгідраморфныя глебы. На пясчаных і супясчаных пародах фарміруюцца пад уплывам грунтавога ўвільгатнення, на гліністых, сугліністых і двухчленных — пад уплывам паверхневых (схілавых) вод. У залежнасці ад працягласці залішняга ўвільгатнення падзяляюцца на слабаглеяватыя (часова залішне ўвільготненыя), глеяватыя і глеевыя. На Беларусі трапляюцца ў паніжэннях невял. масівамі і ў месцах з блізкім ад паверхні заляганнем грунтавых вод (на Бел. Палессі). Займаюць каля 11% сельгасугоддзяў, пераважна выкарыстоўваюцца пад сенажаці. Лішак вільгаці ў гэтых глебах трымаецца 90—200 дзён у годзе, на працягу 10—90 дзён можа адзначацца яе недахоп. Перагнойны гарызонт глеб не перавышае 20—30 см, пад ім знаходзіцца аглеены гарызонт блакітнага колеру (у дзярнова-глеевых глебах) або такі ж з рудымі плямамі (у дзярнова-глеяватых), які паступова пераходзіць у глебаўтваральную (мацярынскую) пароду. Сугліністыя і звязнасупясчаныя Дз.з.г. пасля гідратэхн. меліярацыі выкарыстоўваюцца пад пасевы.

Т.​А.​Раманава.

т. 6, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОМАБУДАЎНІ́ЧЫ КАМБІНА́Т (ДБК),

будаўніча-мантажная арг-цыя, якая вырабляе зборныя жалезабетонныя канструкцыі жылых дамоў, транспартуе іх на буд. пляцоўкі, манціруе з іх будынкі і здае заказчыку цалкам гатовымі да эксплуатацыі. Структура кіравання ДБК залежыць ад яго магутнасці, умоў дзейнасці і да т.п. У арг-цыі такога тыпу рэалізуецца гал. перавага — магчымасць увязвання ў адзіны тэхнал. працэс дзейнасці ўсіх спецыялізаваных падраздзяленняў, таму ў шэрагу ДБК няма буд.-мантажных упраўленняў. Асн. вытв. падраздзяленні — пастаянна дзеючыя ўчасткі, якія выконваюць буд., сан.-тэхн., электрамантажныя і інш. віды работ.

Аснову базы індустр. домабудаўніцтва Рэспублікі Беларусь складаюць 28 з-даў буйнапанэльнага домабудаўніцтва з агульнай магутнасцю 3198; 3 тыс. м² агульнай плошчы жылля за год, або 2430,6 тыс. м³ зборнага жалезабетону (1996). Першы ДБК у краіне створаны ў Мінску ў 1960. Камбінаты падпарадкоўваюцца Мін-ву архітэктуры і буд-ва Рэспублікі Беларусь. Гл. таксама Аб’ёмнаблочнае домабудаванне.

М.​В.​Дэвіер.

т. 6, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́МЕННЫ ПРАЦЭ́С,

выплаўка ў доменнай печы чыгуну з жалезарудных матэрыялаў.

У працэсе плаўкі зыходная сумесь — шыхта (жал. руда, агламерат або акатышы, флюсы і паліва — кокс) рухаецца зверху ўніз насустрач гарачым газам, што ўтвараюцца ў горне печы. Пры ўзаемадзеянні гэтых патокаў аксіды жалеза, якія ёсць у рудзе, узнаўляюцца вугляродам і аксідам вугляроду, што ўтвараюцца пры гарэнні коксу. Атрыманае жалеза пры ўзаемадзеянні з коксам насычаецца вугляродам, у выніку атрымліваецца чыгун (сцякае ў горан печы). Расплаўленая пустая парода руды, попел коксу і флюсы ўтвараюць шлак, што ўсплывае над вадкім чыгуном. Праз асобныя ляткі чыгун і шлак перыядычна выпускаюцца. Атрыманы доменны чыгун бывае ліцейны (адрозніваецца высокай цякучасцю, выкарыстоўваецца ў вытв-сці коўкага, высокатрывалага і шэрага чыгуну, для вырабу фасонных дэталей), пераробны (перарабляецца ў сталь, бывае мартэнаўскі, тамасаўскі, бесемераўскі) і спецыяльны. Доменны газ, які ўтвараецца ў Д.п., — пераважна прадукт няпоўнага згарання вугляроду; служыць палівам у паветранагравальніках, коксавых і мартэнаўскіх печах і інш.

т. 6, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЎЛЯ́НЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

будаўнічыя канструкцыі (фермы, аркі, рамы, скляпенні, бэлькі і інш.), зробленыя поўнасцю ці пераважна з драўніны. Д.к. — адны з найб. старажытных (гл. Драўлянае дойлідства). Выкарыстоўваюць у жыллёвых і грамадскіх будынках, мастах, эстакадах, с.-г. збудаваннях і інш.

Адрозніваюць Д.к. з бярвён, брусоў і дошак, якія злучаюцца ўрубкамі, шпонкамі, нагелямі, балтамі, цвікамі, метал. мацаваннямі, а таксама склейваннем (гл. Клееныя канструкцыі). Яны лёгкія і дастаткова трывалыя. Іх устойлівасць супраць загнівання, вільгаці і агню павышаюць антысептычнымі сродкамі, антыпірэнамі, спец. вогнеахоўнымі пакрыццямі, гідраізаляцыяй. У Д.к. выкарыстоўваюць таксама драўнянастружкавыя пліты, драўнянавалакністыя пліты, іншыя драўняныя матэрыялы.

Драўляная канструкцыя: а — фермы, бэлькі і панэлі (1 — трохвугольная брусчатая, 2 — трапецаідальная металадраўляная, 3 — дашчана-цвіковая трохшарнірная арачная ферма, 4 — клееная трохшарнірная рама, 5 — клееная двухшарнірная арка, 6 — клееная бэлька двухтаўровага або прамавугольнага сячэння, 7 — клееная трохслойная панэль перакрыцця); б — каркасная (фахверкавая) канструкцыя (1 — гарызантальныя прагоны, 2 — вертыкальныя стойкі для мацавання абшыўкі).

т. 6, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУКАВА́ЛЬНАЯ ПРЫЛА́ДА ў вылічальнай тэхніцы,

перыферыйная прылада для пераўтварэння выхадных даных ЭВМ, лічбавых вымяральных або інш. прылад і іх аўтам. друку на носьбіце інфармацыі (пераважна на паперы) у выглядзе літар, лічбаў і інш. сімвалаў. Забяспечвае атрыманне дакументаў з вынікамі апрацоўкі даных у форме, зручнай для ўспрымання чалавекам: тэкст, табліцы, графікі і інш.

Работа Д.п. заснавана на мех. (ударны запіс на носьбіце з дапамогай фарбавальнага элемента) і немех. (з дапамогай светлавога промня, імпульсаў эл. току, струменяў фарбавальнага рэчыва і інш.) спосабах рэгістрацыі інфармацыі. Д.п. бываюць знакадрукавальныя (напр., алфавітна-лічбавыя) і знакасінтэзавальныя (прынтэры, знакі фарміруюцца з асобных элементаў — кропак, рысак і інш.; даюць магчымасць выводзіць любыя сімвалы і графічную інфармацыю); пасімвальныя (знакі выводзяцца паасобку, як у пішучай машынцы), парадковыя (знакі аднаго радка друкуюцца адначасова) і пастаронкавыя (друкуецца цалкам старонка); аркушавыя (інфармацыя запісваецца на асобныя аркушы паперы) і рулонныя (на рулон паперы, які потым разразаецца на аркушы).

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУША́,

паняцце, якое адлюстроўвае гістарычна зменлівыя погляды на псіхіку чалавека і жывёл; у рэлігіі, ідэаліст. філасофіі і псіхалогіі — паняцце пра асаблівую нематэрыяльную субстанцыю, незалежную ад цела. Узыходзіць да стараж. уяўленняў пра асаблівую сілу, што знаходзіцца ў целе чалавека і жывёлы (часам раслін) і пакідае яго ў час сну або смерці (вучэнне пра перасяленне душ — метэмпсіхоз). Ідэі ўсеагульнай адушаўлёнасці космасу (гілазаізм, панпсіхізм) сталі асновай вучэння пра сусв. душу (Платон, неаплатанізм). У Арыстоцеля Д. — актыўны мэтазгодны пачатак («форма») жывога цела, неаддзельны ад яго. У тэістычных рэлігіях Д. чалавека — створаны Богам, непаўторны бессмяротны духоўны пачатак. У пантэістычным авераізме Д. — толькі індывід. праяўленне адзінай духоўнай субстанцыі (монапсіхізм). У дуалістычных вучэннях Д. разумеецца як нешта спрадвечнае і існуючае поруч з целам (Р.​Дэкарт, Г.​Спенсер, В.​Вунт, У.​Джэмс). У новаеўрап. л-ры тэрмін «Д.» выкарыстоўваецца пераважна для абазначэння ўнутр. свету чалавека.

В.​В.​Краснова.

т. 6, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАДО́КІ (Diplodocus),

род вымерлых паўзуноў падатр. заўрапод атр. яшчаратазавых дыназаўраў. 3—4 віды. Вядомы з юры Паўн. Амерыкі і Пд Англіі. Упершыню рэшткі Д. выяўлены ў штаце Каларада (1887).

Даўж. да 27 м, маса каля 10 т. Зграбныя жывёлы з невял. галавой, тонкай доўгай шыяй і доўгім прутападобным хвастом. Магутная спінная мускулатура дазваляла адрываць пярэднія ногі ад зямлі і падымацца на задніх, каб дацягвацца да крон дрэў. Маса ног складала амаль палову масы цела. Мускулатура мацавалася пры дапамозе высокіх асцістых адросткаў крыжавых і злучаных з імі спінных і хваставых пазванкоў. На ніжняй паверхні хваставых пазванкоў былі двайныя (парныя) адросткі для засцярогі хваста, калі ён цягнуўся па зямлі (адсюль назва роду, якая азначае «двайны адростак», або «двухадросткавая істота». Насавыя адтуліны і вочы размяшчаліся на вяршыні чэрапа. Зубы нешматлікія, слабыя, былі толькі ў пярэдняй частцы сківіц. Расліннаедныя, карміліся мяккай воднай і наземнай расліннасцю.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 6, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯЛО́Г (ад грэч. dialogos размова, гутарка),

размова паміж дзвюма або некалькімі асобамі; функцыянальная разнавіднасць вуснай мовы. Структура Д. не нарматыўная: памеры яго могуць быць самыя розныя, рэплікі ў ім — таксама (ад маналагічна разгорнутых да ўсечаных). Ужываецца ва ўсіх відах літ. творчасці. У прозе побач з аўтарскай мовай Д. выступае адным са сродкаў слоўнага жывапісу, выконвае характаралагічную ролю. У драме Д. — найважнейшы выяўл. сродак, пры дапамозе якога фарміруецца і развіваецца дзея, выяўляюцца характары. Драматургічны Д. удасканальваўся на працягу многіх стагоддзяў, набыў выключнае багацце «інструментоўкі»: разарванасць, дэфармаванасць знешнелагічных сувязей паміж рэплікамі, іх амбівалентнасць, шматгалоссе (перапляценне рэплік многіх персанажаў), падтэкст і інш. Д. вядомы і як самаст. публіцыст. і філас. жанр («Федр» Платона, «Размова гетэр» Лукіяна, «Размова вольных муляраў» Г.​Э.​Лесінга, «Пляменнік Рамо» Д.​Дзідро, «Сын і маці» Я.​Купалы і інш.). У пераносным сэнсе Д. — перагаворы, свабодны абмен думкамі, напр., паліт. Д.

т. 6, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭ́КТАР (ад лац. detector адкрывальнік) у радыётэхніцы, прылада для дэтэктыравання высокачастотных эл. ваганняў. Адрозніваюць амплітудныя, частотныя і фазавыя Д. Выкарыстоўваюцца ў вяшчальных, сувязных і тэлевізійных радыёпрыёмніках, вымяральных прыладах і інш. для вылучэння мадулюючых частот, якія нясуць інфармацыю.

Амплітудны Д. мае актыўны элемент (лямпавы або паўправадніковы дыёд) і фільтр ніжніх частот. Нізкачастотнае напружанне, што вылучаецца на выхадзе фільтра, адпавядае закону мадуляцыі. Амплітуднае дэтэктыраванне магчыма таксама ажыццявіць лінейным змяненнем (у часе) праводнасці электроннай прылады ў такі з нясучай частатой ваганняў (сінхронны Д.). У частотных і фазавых Д. частотна- і фазава-мадуляваныя ваганні спачатку пераўтвараюцца ў амплітудна-мадуляваныя, якія потым дэтэктыруюцца амплітудным дэтэктарам. Гл. таксама Дыскрымінатар.

А.​П.​Ткачэнка.

Схемы дэтэктара: а — паралельнага амплітуднага; б — балансавага фазавага; LKCK — вагальны контур; R, C — нагрузка дэтэктара; D, D1, D2 — дыёды; RфCф — фільтр ніжніх частот; Uувх, Uвых — уваходнае і выхадное напружанне; Tp — трансфарматар; E — крыніца апорных ваганняў.

т. 6, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)